Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 
Брама сайта arrow АДВЕЧНАЕ arrow Культура arrow Жыццё і прыгоды Алеся Белакоза

Жыццё і прыгоды Алеся Белакоза Друк E-mail
09.08.2011 | 16:59 |
Змест
Жыццё і прыгоды Алеся Белакоза
Частка 1
Частка 2
Частка 3
Частка 4
Частка 5
Частка 6
Частка 7

НАСТАЎНІЦКАЯ ПРАЦА і СЛУЖБА Ў СА. Частка 2

Красавік 30, 2011  

АА: І, такім чынам, вы вырашылі сканцэнтравацца на настаўніцкай працы?

Я пачаў працаваць настаўнікам у 1948 годзе, але ўжо ў 1949 годзе мяне вызвалілі з працы за тое, што хадзіў на ўсяночную, у царкву (гл. фота гудзевіцкай царквы).

Image

Вызвалілі, загад прывезьлі.

Я паехаў да Паўла Сямёнавіча Кісялёва - загадчыка РАНА:

- Вы казалі на канферэнцыі, каб настаўнік ішоў на сьвята ў царкву і запісваў, хто з вучняў ходзіць. І потым вёў зь імі работу. Я пайшоў.

- А вы говорили директору, што пойдёте с такой целью?

Пярэчу:

- Вы ж не казалі, што трэба дырэктару паведамляць, я паслухаў вас, а вы мяне выганяеце з працы.

- Ладно, едьте, работайте. В церковь больше не ходите.

Так што дырэктар школы добра дакладаў...

Нават такое было. Я стараўся на кожным уроку весьці досьледы. І вось у нас досьлед - перагонка вады. Сканструяваў самагонны апарат невялічкі, такую зрабіў сьпіртовачку. Ваду падмаляваў чарнілам. Кажу:

- Дзеткі, вось з трубкі будзе ісьці ўжо чыстая вада.

Вада закапала чыстая. Кажу:

- Паколькі мы ўжо закіпяцілі яе, давайце яшчэ другі зробім досьлед. - Зрабіў, каб пара круціла папяровую турбіну.

- Калі гэтай па́ры многа, то можа вялікая турбіна круціцца і даваць электрычнасьць. І яшчэ адзін цікавы досьлед зробім: калі бутэлечку з вадой коркам заткнуць і нагрэць, то корак вырве.

Заткнуў корак, стаў грэць бутэлечку, корак вырвала і зь сілай вада паляцела ўверх. А там вісеў партрэт Сталіна (вядома, без шкла, бо нават вокны дыктай былі застаўлены). І трапілі кроплі гэтай замаляванай чарнілам вады на партрэт.

Дырэктар, які прысутнічаў на ўроку, адразу ўстаў і... пайшоў. Урок скончыўся, тэхнічка адразу кажа, што мяне выклікае дырэктар. Я пайшоў, ён страшыць:

- Я вынужден доложить об этом деле. Вы специально это сделали, чтобы опорочить товарища Сталина".

Адказваю:

- Дакладвайце. Толькі невядома, каму горш будзе. Я малады настаўнік і я ня ведаў, што так будзе. А вы настаўнік з досьведам, ведалі, што так будзе, і дазволілі спаганіць партрэт таварыша Сталіна. Хто ж з нас больш вінаваты?

Маўчаў, як рыба. Тут жа зьнялі гэты партрэт, павесілі зь іншага класа сюды. Так што ўсялякія былі прыгоды.

Езьдзіў ён дакладваць увесь час на мяне, але інспектар добра да мяне ставіўся, яму вельмі падабаліся мае ўрокі. Цыманаў быў, відаць, з прыстойнай сям'і, вельмі інтэлігентны чалавек. І вось гэта мяне, напэўна, ратавала.

- - -

У 1950-м зноў вызвалілі з працы, але, дзякуй Богу, у 1950-м годзе мяне ўзялі ў армію (я з арміі прыйшоў - зноў стаў працаваць, прыйшоў у 1952-м, у самым канцы).

Там сілай прымусілі мяне стаць афіцэрам. Калі здавалі экзамены, я не хацеў здаваць, сказаў, што ў мяне няма атэстата сталасьці. Мяне не ўзялі спачатку, а потым усё ж такі выклікалі ў штаб дывізіі. Палкоўнік, начальнік штаба:

- Вы хотите быть офицером?

- Не хачу.

- Вы хотите быть инженером?

- Не хачу.

- Ах, так, твою мать! - кулаком па стале, - я тоже не хочу, а двадцать пять лет бухаю. І ты будешь бухать. Отсылайте...

А потым нам аб'явілі, што каго не дапусьцяць да экзаменаў, то тры гады служыць яшчэ, бо гэта будзе лічыцца як афіцэрскае вучылішча. Каму хочацца яшчэ тры гады служыць. Дык я хутчэй напісаў маме, каб прысылала копію атэстата. Прыслала. Я здаваў экзамены, і так добра пайшло, што ў мяне найлепшыя адзнакі. Але я адзіны некамсамолец ва ўзводзе, і настаўнікам быў некамсамолец, і ў партыю не ўступаў. І за гэта мяне вельмі цягалі.

Image

Асабіст кажа:

- Почему вы не хотите?

Я адказваю:

- Я вельмі хачу быць камсамольцам, але не прымуць!

- А почему вас не примут?

- Я веру ў Бога. Каб мяне пераканалі, што Бога няма - дык я б зь мілай душой. А так у мяне запытаюцца - я вымушаны буду сказаць...

- Мы будем работать с вами.

- Калі ласка.

Першы экзамен, я іду першы і такое пытаньне: «Международная обстановка 1935-39 годов». Гэта ж пры маёй памяці і Аўстрыю захапіў немец, і Чэхаславаччыну, і Польшчу - усё ж гэта я вельмі добра ведаў. І акрамя таго, я чытаў кніжку «Поджигатели» Шпанова, дзе гэты перыяд апісваецца.

Старшына бегае, вырывае з рук:

- Экзамен, а ты книжку читаешь.

Кажу:

- Дурань ты, пайдзі да камандзіра роты і запытайся, ці нам трэба чытаць толькі падручнікі, ці і дадатковую літаратуру.

І на экзамене давай я гэту кніжку расказваць (два тамы). Генерал разьвесіў вушы, сядзіць, слухае. Даслухаў да канца, а я кажу:

- Перехожу ко второму вопросу.

А ён:

- Не надо. Я вас поздравляю с отличным ответом.

Павіншаваў генерал, павіншаваў камандзір батальёну, камандзір роты, камандзір узвода - і пасьля гэтага мне аўтаматам пачалі ставіць пяцёркі. У мяне ўсе пяцёркі, а камсамольцаў адчытваюць, што адзіны некамсамолец здаў усе экзамены на пяцёркі, а вы на троечкі. І калі ўжо стану афіцэрам, тут генерал загадаў, каб мяне абавязкова паслалі ў округ - ён каля сябе пакіне.

Тут яшчэ адзін факт, можа, спрацаваў, чаму генерал так палюбіў мяне. Ведаеце, гарачыня вялікая, а мы насілі ўжо валасы доўгія: малодшыя сяржанты ўсе, яшчэ не прысвоілі афіцэрскага званьня. Дык я думаю: "Нашто мне парыцца?" Валасы заўсёды спацеюць, дрэнны пах... Дык я пастрыгся, толькі пакінуў чубок. Усе кажуць: "Зьдзіцянеў Белакоз - дзіцячую грыўку зрабіў." Прыязджае генерал-лейтэнант Пятроў, камандуючы інжынерных войск округа (ён экзамены прымаў) - і з такой самай прычоскай. Яму, напэўна, тое спадабалася, што ніхто ня носіць такой прычоскі - ні афіцэры, ніхто - а толькі ён, генерал, і гэты вось сяржант. Ва ўсялякім выпадку, я там быў на асаблівым рахунку.

Пачынаў я служыць у Тэрмезе, потым Джамбул, Ленінабад - Сярэдняя Азія, Таджыкістан і Казахстан. І, ведаеце, трэба ж пакінуць мяне ў кадрах (маецца на ўвазе, працягваць вайскрвую службу. - Рэд.), а я не хачу ў кадрах. І так, і сяк.

Выклікаў асабіст:

- Вы не хотите защищать Родину. Тут у вас такая биография, мы будзем изучать...

Адказваю яму:

- Вывучайце, як хочаце. А я павінен дахаты ехаць. У мяне мама старэнькая, хворая. Грошы паслаць - гэта адно, а ёй патрэбны догляд. Пакідайце мяне яшчэ на год, на два, на дзесяць - я гатоў бараніць Радзіму, але я не буду пісаць, што хачу быць афіцэрам, бо не хачу.

Адным словам, пераканаў яго, што ніякай антысаветчыны, што проста маці хворая. І вось мы хадзілі дзяжурнымі па часці (гэта афіцэрскае ўжо дзяжурства). І вось я дзяжурны па часці. І яшчэ ня строіўся батальён на развод, прыязджаюць начальнік штаба і камандзір батальёна, палкоўнік. Палкоўнік кажа:

- Товарищ майор, проводите развод, а я побеседую с товарищем Белокозом.

Бярэ мяне пад руку і ў алею - пайшлі:

- Кем работалі на гражданке?

- Учителем.

- Сколько получалі?

- Чатырыста рублёў у месяц.

- Здесь вы получите 400 рублей за звёздочку, 700 - за должность, 150 -пайковых, 150 - квартирных. Пайковые вы получите, а питаться будете в части. Вы получите шинель, обмундирование рабочее, обмундирование парадное, получите сапоги яловые, сапоги хромовые, две пары портянок летних, две пары портянок зимних, фуражку, шапку. Вы же понимаете: это шальные деньги - в четыре раза больше, чем у вас на гражданке - только на пропой. Да ведь это не жизнь, а рай. Да с вашей головой вы скоро станете командиром роты, командиром батальона.

- І рад быў бы. Вельмі хацеў бы застацца ў кадрах, але вось мама...

- Вот вы домой поедете, так вы же не будете с таким образованием сидеть в деревне - в город поедете.

- Не, за 400 метраў ад маёй хаты - школа, дык буду ў хаце жыць і маму даглядаць.

- А-а, тогда мы вас больше тревожить не будем.

І адчапіліся такім чынам...

- - - 

У 1952 годзе я вяртаюся ў Беларусь.

Тут ужо на маім месцы працавала дзяўчына. Крышку зь ёй мы сустракаліся часам. Няёмка настойваць, каб яе кудысьці пераводзілі, а мяне сюды. Я працаваў у Струзе - гэта пяць кіламетраў ад Гудзевіч, у пачатковай школе. Працаваў у першую зьмену, у другую і яшчэ вячэрнюю школу вёў. Працы было вельмі шмат, амаль ня спаў... А гаспадыня такая - яе муж любіў вельмі аладкі бульбяныя, бабку. Відаць, своеасаблівае харчаваньне і праца - і мне стала вельмі балець у грудзях, я лічыў, што ў мяне сухоты...

Нікуды не зьвяртаўся - тады не вылечвалі сухотаў. Але настала вясна, я стаў ездзіць на ровары дахаты, вячэрнюю школу разагнаў, бо яны нічога не вучылі. Засталіся толькі дзьве зьмены. А аказваецца, у мяне была язва страўніка. Потым, калі японскім зондам глядзелі, то сказалі, што была язва страўніка, але яна зарубцавалася, і больш мне страўнік ніколі не далягаў.

Тады мяне паслалі на месяцаў шэсьць-сем у Тупічаны - там папрацаваў матэматыкам. З умовай, што потым пайду працаваць, куды захачу. У Гудзевічы я не хацеў, бо тут сваркі былі, дырэктар быў нядобры. Таму пасьля Тупічанаў пайшоў у Радзявічы. Гэта чатыры кіламетры ад Гудзевіч. Там быў дырэктар Рогаў (сібірак) - вельмі добры чалавек, ён так да мяне добра ставіўся! А я стараўся. Усюды стараўся. Бо як жа ж дзяцей вучыць - і не старацца.

Памятаю, аднойчы ўстаў рана: у матацыкла ланцуг парваны, іскры няма. Рамонту - сама мала на нейкую гадзіну або дзьве. Я сумачку за плечы і пайшоў у Радзявічы - і... спазьніўся на ўрок. Мне кажа адзін настаўнік: "Мая жонка спазьнілася на тры хвіліны - то тут страшна што рабілася. Будзе і вам". Я пайшоў на астатак урока, правеў.

Пасьля ўрока ўсе прыйшлі ў настаўніцкую. Кажу дырэктару: "Ведаеце, я спазьніўся на ўрок". А ён: "Хо! Я вам благодарность объявлю. Вы понимаете (да гэтай настаўніцы, што спазьнілася), четыре года он на мотоцикле ездит - ни разу не опоздал. Я вам благодарность объявлю, а вам - строгий выговор: каждый день, каждый день опаздываете".

Прыходжу з другога ўрока - вісіць: «Белакозу за добрасумленную працу, падрыхтоўку шахматыстаў, якія перамаглі сярэднюю школу - падзяка, а ёй - суровая вымова».

А ў яго быў таксама такі матацыкл, як у мяне. Ён інвалід вайны - дзьвюх ног не было. І куды б ні паехаў - ён назад матацыкл цягае. То дырэктар усё дзівіўся, што я ніколі не спазьняўся. А ў мяне матацыкл як загавораны быў - у той бок ніколі не сапсуецца, назад рамантаваў, бывала.  Але яго, калі быў мароз трыццаць градусаў, то заводзіў на кухню,  на кухні завяду - і выязджаю з кухні. І заязджаў своечасова.

Дырэктар меў намер ад'ехаць у Сібір ды прапанаваў: "Алесь Мікалаевіч, давайце яшчэ годзік папрацуем". Але мая жонка была цяжарная, тады толькі два месяцы давалі пасьля родаў. Трэба будзе на працу хадзіць чатыры кіламетры (яна таксама там працавала). То я вымушаны быў пераязджаць бліжэй да школы.

А там, у Радзявічах, разьвёў трусаферму - 186 трусікаў. Са ўсёй вобласьці ехалі вучыцца. У нас куплялі іх па дарагой цане, бо надта добрыя пароды. А, калі белы трусік, то пішу: "белы велікан", шэры - "шэры велікан", рыжы - "шыншыла". Ніхто ж ня ведаў... А дырэктар цешыцца - жывыя грошы ідуць. Але я праляцеў. Была тут настаўніца, і яна іх не даглядала. За чатыры тыдні яны ўсе паздыхалі... Дарэчы, нейкі Гаўрылкін напісаў кнігу пра трусаферму. І ў ёй, што яна гэтую ферму стварыла. А яна замарыла, зьнішчыла трусікаў.

А дырэктар вельмі ганарыўся, што ўся вобласьць едзе вучыцца.

Вёў таксама шахматны гурток. Выклікалі нашу Гудзевіцкую школу на шахматныя спаборніцтвы. Выйгралі 23,5 : 1,5 на нашу карысьць - сямігадовая школа выйграла ў сярэдняй школы.

Потым мы ў Ваўкавыскім раёне займалі першае месца.

А як я навучыўся гуляць у шахматы?

Цікавіўся, але ня ведаў хадоў. Калі ў арміі стаў гуляць - няправільна хаджу. Усе: га-га-га - і не хочуць гуляць.  Аднойчы накіравалі мяне ў школу-інтэрнат выкладчыкам маставой справы ад ваенкамата. Там у бібліятэцы ўзяў кніжку "Для начинающего шахматиста", дзе вельмі сур'ёзныя партыі былі. Я папрасіў у памкамузвода, каб мяне назначаў дзяжурным па роце. Днём чытаў гэтую кніжку, а ноччу спаць нельга, дык я зь днявальным гуляю. І стаў усіх абыгрываць. Мяне запісалі на турнір - заняў... першае месца.

Так што вёў шахматны гурток. У нас у школе было 82 гурткоўцы. У малодшых класах вялі мацнейшыя шахматысты са старэйшых класаў. Заехалі мы першы раз у Ваўкавыск. Хлопчыкі з вёскі, Толік Улановіч - разумны хлопчык. Дзяцей у хаце многа, а ў калгасе амаль нічога не даюць. І вось гэтае дзіцятка ў парваным кажушку аблезлым, і стаіць такі непрыгляднае. Тут яшчэ маленькія такія: Геня - яна была маленькая ростам. Ідуць сын сакратара райкама партыі, старшыні райвыканкама - дзесяцікласнікі, пры гальштуках, у адпрасаваных касьцюмах, і...: "Га-а-а, они в шахматы приехали играть!"

Тым часам нам папала з першай Ваўкавыскай школаю гуляць: і ўсё на карысьць Гудзевічаў - 1 : 0; 1 : 0. А ў нас чатыры шахматысты, чатыры шашысты. І ўсе 1 : 0 з Першай раённай школай - самай моцнай, якая езьдзіла на абласныя спаборніцтвы. Тут галоўны суддзя: "Переиграть! Переиграть!" Я кажу: "Скажыце, калі ласка, якія з нашага боку былі парушэньні?" "Нарушений не было". "Чаму тады "переиграть"?" "Нет, нет, переигрывать не будем, извините пожалуйста". А ўжо калі мы прыехалі другі раз, то гэтыя хлопцы пад гальштукамі: "Гудзевічы прыехалі! Гудзевічы прыехалі!" Каб гэты хлопчык (Толік Улановіч - Рэд.) пабыў у нас і скончыў дзесяць класаў (ён скончыў толькі сем), то дайшоў бы да Масквы. Ён паступіў у тэхнікум. У Гродне даваў грасмайстар сеанс адначасовай гульні на дванаццаці дошках. І Толік яму мат паставіў, а ўсе астатнія прайгралі. Гэты просіць застацца, каб адзін на адзін згуляць - унічыю. Пазьней гэты хлопец рана памёр...

Перавялі мяне зноў працаваць у Гудзевічы. Я стаў весьці беларускую мову (і ў Радзявічах таксама беларускую мову вёў).

(Дарэчы, трохі пазьней я завочна скончыў педагагічны. Паступіў вучыцца ў 1949-м годзе. У 1950-м - як мяне забралі ў армію - пайшоў забіраць дакументы. Але сакратар сказала, каб не забіраў, што яны дадуць даведку, якія я здаў экзамены, а потым прыеду - буду вучыцца. Я гэтак і зрабіў.)

Выкладаў, як і ўсе выкладалі. Мяне не задавальняла, што на апытваньне траціцца шмат часу - усе настаўнікі грэшныя гэтым. Дырэктару ж давай, каб адзнакі былі, а дзе іх узяць? Я рабіў вельмі шчыльнае апытаньне, але ніяк не выходзіла, каб яго скараціць. Нарэшце прыйшоў да высновы, што трэба даваць на картках пытаньні так, каб вучні маглі на пытаньне адказаць некалькімі літарамі, скарочана.

Вучань пераасэнсоўваў матэрыял, які мы вывучалі на ўроку, на асобныя малюсенькія адказы: чатыры-пяць адказаў па параграфу. І ён павінен даць адказ некалькімі літарамі. Гэта ж трэба думаць...

Напрыклад, правапіс прыставак. Пытаюся, калі ў прыстаўках "з" пераходзіць у "с"? Вучань піша: "перад: п, т, ш, с, ф, х, к, ч, ц, або перад гл. з.".

Разумны ж разумнага разумее...

Аднойчы я праводжу апытаньне па картках, задаю ўжо другое пытаньне - прыходзіць дырэктар. Я б мог  праводзіць далей звычайнае апытаньне, бо ўсё, што Белакоз рабіў, дрэнна... Але перад вучнямі сорамна, што скажуць: прыйшоў дырэктар - Белакоз спужаўся. Я правёў гэта апытаньне. Вучні з апошніх партаў сабралі карткі. Тлумачу новую тэму.  Дырэктар выступае на педсавеце, кажа: "Алесь Мікалаевіч апытваньне праводзіў тры хвіліны, паставіў 52 адзнакі..."

Як паставіў адзнакі? Я растлумачыў новую тэму, тады стаўлю пытаньне і папярэджваю, што гэта пытаньне будзе на наступным уроку, на яго трэба ўмець даць скарочаны адказ. Хто сёньня можа адказаць на гэтае пытаньне? Паўкласа падымае руку. Нехта адказаў. Ізноў стаўлю гэтае самае пытаньне - ужо ўсе падымаюць руку, толькі Сяргейка не падымае. Трэці раз стаўлю гэтае пытаньне - ужо і Сяргейка падняў. "Ну, Сяргейка, скажы". Сяргейка адказаў. Запісваем гэта ў сшытак: "Давайце, дзеткі, прыдумаем, як гэта коратка адказаць."  Прыдумалі як, і пішуць сабе ў сшытку адказ. Другое пытаньне. Прапрацавалі ўсе пытаньні, а цяпер самастойная работа для замацаваньня. Гляджу карткі і адразу аб'яўляю: "Клімуць - пяць. Ягнешка - чатыры". Ён кажа:

- Я пераздам гэтую тэму.

- Калі ласка.

А першая адзнака за хатняе заданьне - яна вельмі важная, кожны вучань можа выканаць на пяцёрку. Аб'яўляю ўсе адзнакі. Далей нясуць мне дзёньнікі, і пакуль я двум вучням стаўлю, другія два падходзяць, а астатнія працуюць. Праверылі самастойную працу. Запісалі хатняе заданьне на дошцы. Усё, празьвінеў званок.

Кажа дырэктар на педсавеце:

- Чаму я пайшоў на ўрок? Я заходжу ў школу - стаіць вучань пры дзьвярах з чырвонай павязкай і вучыць беларускую мову. Іду па калідоры - каля кожнага акна стаяць вучні і вучаць беларускую мову. Заходжу ў кабінет беларускай мовы і літаратуры - усе вучаць беларускую мову. Я заходжу ў іншы кабінет - ніхто нічога не вучыць. Пытаюся ў дзетак, падыходжу да акна: "Дзеткі, а чаму вы вучыце беларускую мову, а ў іншых кабінетах не вучаць?" Яны кажуць: "А Алесь Мікалаевіч нам кажа, якія пытаньні будуць. Дык мы хочам пяцёркі мець".

Вучні мяне сустракаюць каля мосьціка (метраў дзьвесьце ад школы) і забіраюць партфель. Я вельмі не люблю падхалімажу і кажу:

- Дзеткі, а чаму вы так робіце?

А яны:

- Пакуль вы дойдзеце да школы, мы занясем партфель у клас (вы ж пойдзеце на другі паверх па класны журнал), а мы раздамо сшыткі і зьбярэм тыя, што былі ў хаце. І мы будзем бачыць, якія ў нас адзнакі і ці зможам мы на пяцёрку выканаць другі раз. І будзем ведаць - ці згаджацца нам на чацьвёрку, ці не згаджацца. Вось для чаго мы гэта робім.

Паўсталі ўсе настаўнікі-моваведы: было пяць выкладчыкаў рускай мовы і адзін - беларускай. Завуч кажа:

- Конечно, каждый может выучить и ответить на пятёрки, если он знает вопросы, а развитие речи?

Кажу:

- Калі ён ня хоча мець чацьвёркі, то ён будзе вусна адказваць. Акрамя гэтага, у нас бываюць і не такія ўрокі. Ну, а на літаратуры трэба гаварыць.

Але я такое праводзіў і на літаратуры. Напрыклад, мы праходзім "На ростанях".  Кажу: "Дзеткі, прачытайце "У палескай глушы" да такога-та часу, будуць пытаньні па тэксьце". Яны чытаюць. Праз два тыдні стаўлю пытаньні: "Напішыце некалькі прозьвішчаў прагрэсіўных настаўнікаў, якія вам спадабаліся. Напішыце некалькі прозьвішчаў рэакцыйных настаўнікаў. Напішыце апісаньне прыроды. Напішыце, як бабка Мар'я свянцоную ваду давала людзям, дзе яна брала яе. Гэта ўсё павінна некалькімі літарамі запісвацца, і прозьвішчы скарочана. І яны чытаюць.

Па пазакласным чытаньні ставіў адзнакі кожную чвэрць. І вучні, бывала, потым мне кажуць:

- Алесь Мікалаевіч, а я Вас адзін раз ашукаў.

- Вывучыў на памяць "Пагоню" Багдановіча?!

- Адкуль Вы ведаеце?

А верш Багдановіча "Пагоня" не ўваходзіў у праграму. Я ня мог іх прымусіць, каб яны вучылі на памяць.

Што я рабіў. Прыносіць вучань сшытак (па пазакласным чытаньні) і там напісана: "Максім Багдановіч "Выбраныя творы"". Там павінны быць трапныя выразы. Я кажу:

- Ай-яй-яй, такі твор - "Пагоня"! Ты не знайшоў ні аднаго трапнага выраза? Ты хоць ведаеш гэты верш, пра што там?

Вядома - ня ведае.

- Я магу табе паставіць тройку, але нашто ж табе тройка, у цябе дзьве чацьвёркі, дзьве пяцёркі. Тут трэба, каб пяцёрка была. Я на тваім месцы вывучыў бы на памяць гэты верш, бо гэта ж гімн беларускага народу. Я у цябе больш нічога і не пытаўся б. То ты хоць прачытай.

А дзе ён меў магчымасьць прачытаць? Я кожны раз езьдзіў абавязкова купляць літаратуру сам. Ведаеце, даходзіла да бюро райкама, што не купляе дырэктар школы літаратуры. Адзін год адпусьціў трыццаць рублёў. Дык я падняў такі скандал - мне дазволіў дырэктар купляць самому: не чапай нас і мы цябе не будзем. Другое, скажам, выйшлі зборнікі Ларысы Геніюш "Невадам з Нёмана" - я іх адразу купляю дваццаць штук за свае грошы (Гэта ўжо ў 1980-я гады. А Багдановіч быў і ў 1960-я гады ў бібліятэцы, кніжка ж прадавалася. Праўда, бібліятэкар была руская - Шылкіна. Яна казала: "Нечево погонять Белакозовщину. Даю тебе русскую книгу, и ты уматывай отсюда". Аднойчы я ў макулатуры знайшоў навюсенькі зборнік Ларысы Геніюш, ні разу ня чытаны - яна выкінула ў макулатуру. А вучням кажа: "Нет - на руках". І праграмныя творы так. Ну, то я падымаў скандал). І, нарэшце, у нас яшчэ была калгасная бібліятэка, ад аддзела культуры. Там была нармальная бібліятэкарка, быў зь ёю кантакт. Яна таксама кніжкі купляла тыя, што я прасіў...

Дырэктар аднойчы пытаецца:

- Каго ведаеце з рускіх пісьменьнікаў?

Назвалі Пушкіна і Лермантава - і ўсё.

- А з беларускіх?

Лічаць і лічаць, лічаць і лічаць.

- А чаму вы беларускіх ведаеце, а рускіх ня ведаеце?

Вучні:

- Мы чытаем пазакласную літаратуру.

- А чаму вы чытаеце беларускую, а рускай не чытаеце?

- Алесь Мікалаевіч правярае.

А вучань прыходзіць, калі ён чытаў "Выбраныя творы" М. Багдановіча, і кажа:

- Алесь Мікалаевіч, я вывучыў верш "Пагоня" на памяць.

- Добра, пяцёрка. Сядай, больш глядзець ня буду.

Яны зразумелі, што калі вывучыць гэты верш, то гарантаваная пяцёрка. Бог з табою, што ты нешта не прачытаў, але ты верш "Пагоня" вывучыў на памяць - гэта варта некалькіх кніг. Дык вось кожны мне кажа: "Я Вас аднойчы ашукаў - я кніжку не прачытаў, а вывучыў на памяць верш "Пагоня"...

І калі такая методыка пайшла, то ішоў на ўрок і цешыўся. І з урока цешыўся, паставіўшы ў дзёньнікі, скажам, 42 пяцёркі і некалькі чацьвёрак.

Аднойчы заходжу ў прыбіральню (я хадзіў у вучнёўскую) - нехта шэпча. Я паглядзеў (дзьвярэй не было): утуліўся ў куток вучань-двоечнік, які не вылазіў з двоек, і  - вучыць беларускую мову. Я нічога не сказаў, сабраўся і пайшоў. На ўроку даю карткі. Ён адказаў - можна было і чацьвёрку паставіць, пяцёрка была вельмі нацягнутая, а я яму паставіў пяцёрку. Каб вы бачылі, як ён глядзеў на клас: "І я магу! Ня толькі вы...".

Настаўніца кажа:

- Дык яны ведаць ня будуць, толькі пяцёркі атрымліваць.

- Не, будуць ведаць!

Вядома, здаралася, што мой выдатнік напіша сачыненьне на чацьвёрку ці здасьць вусна літаратуру на чацьвёрку. І нічога страшнага, ніхто мяне не чапаў за гэта. Але калі іх выдатнік (зь іншый школы) на адзінку напіша - вось там ужо яго калупаюць. Дык вось, гэтая методыка давала веды. Гэта, уласна кажучы, тэсты. І я ня згодзен з тымі, хто сёньня агулам супраць тэстаў выступае.

Ведаеце, вучні Бібіла Пеця і Каця Бібіла - двайняшкі, вучацца ў адным класе. Маці пытаецца часта: "Як мае дзеці?" Кажу: "Вашы дзеці - медалісты, і вы можаце не хвалявацца". І вось заканчваюць яны дзесяць класаў -  ім паставілі чацьвёркі за сачыненьні па рускай мове. Маці гэтых дзяцей прыбегла зь такою бядой:

- Вы ўсё казалі, што яны медалісты,  і вось табе маеш...

- Дык я і цяпер кажу, што яны медалісты.

- Дык вось, каб гэта вы зьездзілі ў АблАНА, абскардзіць.

- Як я паеду, то ім пяцёрак не дадуць, бо я ў няміласці. Каб хто іншы...

- Усе баяцца, ніхто ня хоча.

- Яшчэ мне вельмі непрыемна, таму што дырэктара школы здымаюць з працы, і ў гэтых умовах гэта будзе яшчэ адна кропля да незадаволенасьці РАНА.

- Не, вы пад'едзьце, прашу, калі ласка...

Пайшоў да дырэктара школы, кажу: так і так. Ён заскрыпеў зубамі, узяў ужо падшытыя гэтыя работы, вырваў іх, пакалечыў, кінуў мне: "Едьте". Я заехаў у АблАНА да загадчыка, а ён накіраваў мяне да інспектара па рускай мове. А мне ўжо падказалі, што гэта жонка начальніка КГБ. Думаю: "Не пашанцавала мне". Заходжу, кажу: так і так, бачыце.

- Очень хорошо, што есть такой учитель, который вступился за учеников. Спасибо вам. Давайте посмотрим...

Паглядзела: у Пеці ў слове "Комсомольск-на-Амуре" напісаны адзін злучок, а трэба і перад "на" і пасьля. Яна кажа:

- Давайте посмотрим в словарь, а может быть, одна чёрточка нужна.

Паглядзелі - дзьве.

- Вот видите, мы же работники со стажем - лезем в словарь, а хотим, чтобы ребёнок написал правильно. Да он никогда в жизни раньше этого слова не писал и больше писать никогда не будет. Это же не грубая ошибка, а за негрубую ошибку ставится пятёрка". Яна закрэсьлівае гэту чацьвёрку, ставіць пяцёрку, распісваецца: "Инспектор ОблОНО Орлова". Бярэ другое: там перад "как" дзяўчынка не паставіла коскі. А канструкцыя такая складаная. Інспектар кажа:

- В учебнике "Случаи трудной пунктуации" - тринадцать страниц о том, когда перед "как" ставится запятая. Я, например, не знаю - надо здесь запятую или не надо. Но если ваша инспектор Сосновская знает, что здесь надо, то я знаю, что не надо.

Закрэсьліла памылку: "Пятёрка. Инспектор Орлова". Трэцяя работа, яшчэ адной вучаніцы.

А зніжалі адзнаку за адну дробную памылку, бо Белаказ працуе ў гэтай школе, і тут ня можа быць медалістаў (вось яны як тлумачылі).

Трэцяя праца:

- Ну, здесь ничего, никаких поправок.

- Казала Сасноўская, што ёй зьмест не падабаецца.

- Скажите Сосновской, што она мне тоже не нравится. Но я ей за это выговор не влеплю, я ей влеплю выговор за её плохую работу. А мне сочинение... очень нравится.

Закрэсьлівае, ставіць "пяць" і падпісваецца. Я заходжу да загадчыка АблАНА, а ён кажа: "Прабачце, там яшчэ па матэматыцы былі работы. Вы ж іх не прывезлі, а можа, там былі двойкі. Мы ня можам даць медаль. Няхай іх камісія РАНА падпіша, бо настаўнікаў ужо не сабраць". Я дабраўся так-сяк на спадарожных машынах, узяў гэтыя работы па матэматыцы, завёз у РАНА. Рында, загадчык РАНА, які даў загад - не даваць гэтых медалёў, кажа:

- Не надо никакой комиссии, уже всё.

- Добра, я паеду ў міністэрства.

- Не едьте, мы соберём комиссию.

- Дык зьбірайце, бо ў дванаццаць гадзін аўтобус "Масты-Гродна».

Ён не зьбірае, аўтобус адходзіць. Выходзіць у апошнюю хвіліну інспектар па матэматыцы. Кажу:

- Скажыце, як?

- Выдатныя работы, але ён хоча, каб паставіць чацьвёркі. І я буду галасаваць за чацьвёрку. Бо ў мяне зарплата восемдзесят рублей. А ён мне абяцае даць завуча ў другой школе - я буду мець дзьвесьце зь лішнім. А мне перад пенсіяй - будзе большая пенсія.

Кажу:

- Дзякуй вам, што вы хоць праўду сказалі.

Нарэшце прыходзіць нейкі чалавек:

- А хто Вы? - цікаўлюся

Кажа:

- Матэматык.

Ён зайшоў, яго залічылі на працу, выходзіць. Я да яго:

- Пачакайце хвілінку, я зайду да загадчыка.

- Ну, зайдзіце.

Я зь ім адразу так добра абышоўся, дык і ён да мяне прыхільна. Я зайшоў, кажу:

- Вось бярыце - ёсьць матэматык адзін, інспектар матэматык і вы матэматык. Тры будзе - і камісія гатова. Як не, то я еду ў Мінск.

Сабраў гэтых людзей, паставілі ім па чацьвёрцы: "Усё, еддзьце."

Я заехаў у АблАНА да загадчыка, той кажа:

- Ідзіце да інспектара па матэматыцы.

Заходжу. Яна кажа:

- Конечно, можно пятёрки ставить. Но, вы знаете, это же математика, можно придраться к любой запятой - можно и четвёрки ставить. Всё зависит от заведующего ОблОНО.

Я заходжу, кажу:

- Інспектар так і так кажа.

- Давайте её сюда!

Выклікалі, і ён звяртаецца да яе:

- Так что - четвёрка или пятёрка? - так гэта ўжо са злосьцю.

Яна гэта адчула, кажа:

- Вы знаете, конечно, можно и пятёрку ставить, но и четвёрка может быть.

А ён прачытаў ужо характарыстыку, пакуль хадзілі (напісана, што Пеця - сакратар камсамольскай арганізацыі школы), кажа:

- Пете мы паставим пяцёрку.

Кажу:

- Работа Пеці ня стала інакшай, як вы прачыталі пра гэта, аднак вы згодныя паставіць Пятру "пяць". І тыя дзяўчынкі былі б сакратарамі, калі б было тры сакратары. Але ў школе патрэбны толькі адзін сакратар... То ў чым іхняя віна?

Аднак напісалі загад толькі на Пецю. Я занёс дырэктару...

А ўжо выпускны вечар, настаўнікі ўсе абступілі, пытаюць, як там, што. Я ім расказваю. Ідзе адзін вучань-стукач:

- Што, Алесь Мікалаевіч, зноў антысаветчыну талкаеце?..

А надаўміў яго, напэўна, гісторык-стукач. У школе было поўна стукачоў. Ну, а самы вялікі стукач - выкладчык гісторыі, які не таіўся з гэтым, а ганарыўся, што ён... стукае. І вучань-выпускнік такое сказаў...

Гэта я заслужыў? Тры дні не спаў, не еў - а прывёз загад хоць на аднаго хлопца...

Тым часам, Рында ўсё ж паставіў чацьвёрку. Сказалі, што не дадуць Пеці атэстат асаблівага ўзору. Я кажу:

- Дык калі ўсе пяцёркі, то яго нідзе не прымуць. Скажуць, што фальшывы атэстат. Трэба выклікаць Пецю і спытаць у яго дазвол.

Выклікалі Пецю, ён кажа:

- Стаўце мне чацьвёрку па рускай мове, а па матэматыцы пяцёрку, бо я буду на матэматыку паступаць.

Ён ва ўніверсітэце быў Ленінскі стыпендыят, стаў доктарам матэматычных навук. Зараз выкладае ў БДУ...

А вось мой унук, калі паступаў, то ня трэба было ніводнага экзамена здаваць. Набраў балы па тэстах і... паступіў.

Мая дачка ў школе таксама ішла на пяцёркі ўвесь час. Калі яна школу канчала, выклікае мяне жанчына, якая замяшчала дырэктара школы (той паехаў адпачываць), і кажа:

- Дырэктар загадаў, каб я паставіла Марыначцы чацьвёрку па матэматыцы. Але ж яна на пяцёрку ведае - я ёй пастаўлю пяцёрку.

Паставіла пяцёрку. У РАНА, аднак пяцёрку выправілі на... чацьвёрку. Я павёз у АблАНА. Там - таксама чатыры: "Бо яна напісала, што "перасячэньне прамых АВ і СD зьяўляецца цэнтрам паралепіпеда", а трэба было напісаць "пункт перасячэньня". І яна не атрымала медаля. А пры тэстах - ніякіх праблем...



 
« Папяр.   Наст. »
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 1247
mod_vvisit_counter Учора 2422
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 10860
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 33291