Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 
Брама сайта arrow АДВЕЧНАЕ arrow Даследаванні arrow Купала праўдзівы й Купала схвальшаваны: З нагоды 125-гадовага юбілею

Купала праўдзівы й Купала схвальшаваны: З нагоды 125-гадовага юбілею Друк E-mail
08.01.2008 | 18:00 |

Янка Купала ў Заходняй Нямеччыне пасляваеннага часу

Выданне твораў Янкі Купалы ў Заходняй НямеччынеБеларуская інтэлігенцыя, закінутая па волі лёсу ў Заходнюю Нямеччыну, засноўвае там у 50-я гады свае духоў­ныя асяродкі. Гэта былі нацыянальныя службы, камі­тэты і аб'яднанні, адукацыйныя ўстановы. Жыццё эміграцыі ў Ня­меччыне было цесна звязана з абаронай бела­рускасці ад на­мераў польскай і ра­сій­скай эмі­грацыі далучыць яе да сябе. У гэтай барацьбе за на­цы­янальную ідэнтычнасць важную ро­лю адыгры­вала куль­турнае жыццё. Неаб­ходна было пака­заць розна­сць моваў, звычаяў, абрадаў, таму з першых дзён засноўваліся куль­турныя асяродкі: шко­лы, гімназіі, тэатральныя і харавыя гурткі, ор­га­ны друку і цар­­­коўныя парафіі.

Па гэтай прычыне становяцца вельмі акту­альнымі беларус­кая літа­ратура і асабліва тво­р­­­часць яе найбольш выда­тных прадстаўнікоў: Я. Купалы, Я. Коласа, М. Ба­гда­новіча. Аднак у сувязі з тым, што у 30-40-­­я гады творчасць Купалы была прылічана ў БССР да савец­кай культуры – распачынаецца барацьба за праў­дзівага, нацыя­нальнага Янку Ку­па­лу.

Выданне твораў Янкі Купалы ў Заходняй НямеччынеПершыя звесткі пра далучэнне Янкі Купалы да беларускага эміграцыйнага асяродку у Нямеччыне пада­юцца ў кнізе Алеся Вініцкага[1]. Ужо 21 чэрвеня 1946 года беларускае гра­мад­ства Мюнхена і ваколіцаў урачыста адзначы­ла 4-я ўгодкі смерці «Прарока беларускага Ад­раджэння» Янкі Купалы. 3 гэтае нагоды Беларускі Камітэт у Мюнхене пры дапамозе Саюза Беларускіх Палітычных Вязняў і Беларускага (Кры­віцкага) Студэнцкага Згуртавання ладзіў прысвечаную памяці паэта ўрачыстую акадэмію. Нягледзячы на неспры­яльнае надвор'е, на акадэмію прыбылі, апрача шматлікіх беларусаў з Мюнхена і блізкіх лагераў, таксама і прад­стаўнікі іншых нацыянальнасцяў. І калі адчынілася заслона, пры­сутныя ўбачылі прыгожа прыбраную сцэну: сярод зеляні беларускі сцяг, а пад ім вялікі партрэт Янкі Купалы. Акадэмія была пры­свечана творчасці і ролі Я. Ку­палы ў бела­рускім нацыянальным адраджэнні. Закон­чылася яна маста­ц­кай самадзейнасцю студэнтаў і спяваннем прысутнымі нацыянальнага гімну[2].

А ўжо 28 красавіка 1947 г. была прынятая наступная пастанова:

Выданне твораў Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне«З мэтаю ўвекавечаньня памяці генія беларускага народу, класіка беларускай і сусветнай літара­туры Янкі Купалы Педагагічная Рада Першае Беларускае Гімназіі ў Баварыі ў дзень 5-х угодкаў гібелі паэта ўрачыста пастанаўляе:

1. Прысвоіць гімназіі імя Янкі Купалы і менаваць яе адгэтуль Першая Беларуская Гімназія імя Янкі Купалы ў Баварыі.

2. Стварыць пры Гімназіі фонд імя Янкі Купалы для прэміяваньня найлепшых вучняў.

3. Выдаць Гімназіяй кніжку аб жыцці й творчасці Я. Купалы»[3].

У гэты час у Міхельсдорфе была арганізавана выдавецкая суполка «Крыніца», і пры дапа­мозе яе былі выдадзены паэмы Я. Купалы «На куцьцю» і «Магіла льва».

Выданне твораў Янкі Купалы ў Заходняй НямеччынеНа пачатку навучальнага 1949/50 года беларускія гімназіі пераехалі ў Розэнгейм, злучыліся і ўтварылі адну Беларускую гімназію імя Янкі Купалы.

У 1945-м у Ватэнштэце распачала сваю працу Беларуская гімназія Максіма Багдановіча. Тут 13 лістапада 1947 года адбыўся Купалаўскі вечар, які быў наладжаны пры актыўным удзеле вуч­няў гімназіі. Быў прачытаны рэферат аб жыцці і творчасці Я. Купалы, дэкламаваліся вершы і выконваліся песні на яго тво­ры, пастаўлены сцэнічны абразок «На папасе» і перароблена для сцэны паэма М. Сяднёва «Цень Янкі Купалы»[4]

У праграме «Гісторыя беларускай літаратуры для беларускіх гімназіяў» у раздзеле «Перыяд навейшай літаратуры» шмат увагі аддавалася творчасці Я. Купалы:

«Ягоная лірыка: Мужык, Спадчына, Забраны край, Як цені, Свайму народу, Годзе, Паў­стань, Перад вісельняй, Я ад вас далёка, Цару неба і зямлі, Смейся, Над Нёманам, А хто там ідзе?, Не пагаснуць зоркі ў небе, Час, На сход, Моладзі, Матцы, Ворагам беларушчыны, Блізкім і далёкім, Апекуном, Наша гаспадарка, Мой цень, Прарок, Казка аб песні; эпас: На куцьцю, Курган, Адвечная песня; байка: Два мужыкі і глушэц, Сваякі, Кажух і вата і драма: Раскіданае гняздо»[5]. Як бачна, бальшыня нацыянальных, патрыятычных твораў Купалы.

***

Пасля другой сусветнай вайны Нямеччына, падзеленая на дзве часткі – Заходнюю і Ўсходнюю аку­пацыйныя зоны, – а з 1949 года на ФРГ і ГДР, становіцца арэнай жорсткага су­пра­ць­стаяння дзвюх сістэм: дэмакратычнай (Захад) і тата­літарнай (СССР і краіны сацыя­ліс­тыч­нага лагера). Супрацьстаянне ахапіла шматлікія сферы еўрапейскага жыцця: эканоміку, палі­тыку, дзяр­жаўнае будаўніцтва, ваенную і асабліва ідэала­гічную, у тым ліку сродкі масавай інфармацыі, філасофію, рэлігію, гісторыю, літаратуру і г. д.

З абодвух бакоў былі створаны разнастайныя прапагандысцкія і навуковыя цэн­тры, зас­наваны шма­тлікія даследчыя і выдавецкія ўстановы, выдаваліся часопісы, право­дзіліся кангрэсы, канферэнцыі, сімпозіумы.

Адной з найбольш значных такіх установаў у ФРГ стаў «Інстытут па вывучэння гісторыі і куль­туры СССР. Доследы і матэрыялы», заснаваны 8 ліпеня 1950 года ў Мюнхене. Там выпускалі кнігі, манаграфіі, часопісы, розныя серыйныя выданні. У беларускім асяродку найбольш вядомымі з іх былі «Беларускі зборнік», часопісы «Belorussian Review», «Sowjetstudien»,і ў іх на беларускай, англійскай і нямецкай мовах друкаваліся шматлікія артыкулы беларускай эміграцыі, якія былі разлічаны на шыро­кае кола еўрапейскіх чытачоў.

На старонках гэтых выданняў і разгарнулася вострая ў ўпартая крытыка савецкай рэча­існасці і яе культуры. Асабліва заўзятая барацьба вялася за літара­турную спадчыну беларусаў і непасрэдна спадчыну Янкі Купалы і Якуба Коласа. Менавіта, твор­часць Я. Купалы давала шматлікія падставы, каб паказаць тыя заган­ныя метады, пры дапамозе якіх ішла бальшавізацыя постацей Я. Купалы, Я. Коласа і ўсёй беларускай культуры, саветызацыя творчасці бела­рускіх пісьменнікаў: падцэнзурныя выдан­ні, выдаленне асобных мясцін з тэкстаў, выклю­чэнне твораў з нацыянальнай тэматыкай з выдавецкіх планаў, замоўчванне адметных падзей з жыцця і творчасці нацыянальных літаратараў, шматлікія нацяжкі і фальсіфікацыя фактаў са­вец­кай прапагандысцкай машынай, у тым ліку даслед­чы­камі і крытыкамі беларускага савецкага літаратуразнаў­ства, – усё гэта давала падставы для адваротнай рэакцыі і вы­кры­­­­­цця сфальшываванай савецкай рэчаіснасці на эмігранцыі.

 

Барацьба за сапраўднага Купалу на старонках беларускай эмігранцкай газеты «Бацькаўшчына»

Газета «Бацькаўшчына»Яшчэ больш значнаю адчувалася прысутнасць Купалы на старонках эмігранцкай усебеларускай газеты «Бацькаў­шчына», заснаванай у каст­рычніку 1947 года ў лагеры Остэргофен. У ёй надрукавана шмат арты­кулаў, прысве­чаных Янку Купале, у якіх аўтары даво­дзяць да чытача думку, што Купала быў не савецкім, а беларускім нацыя­нальным паэтам, а тое, што ён пакончыў жыццё самагубствам, сведчыць: Купала знай­шоў у сабе сілы, каб не здрадзіць сваім былым поглядам, не перакрэсліць сваю былую твор­часць, каб застацца самым сабою.

Акрамя паасобных артыкулаў друкаваліся агляды яго творчасці, прадмовы да тво­раў. У газеце найперш былі змешчаны яго лепшыя творы: «Раскіданае гняздо», «Ту­тэй­­­шыя», якія пазней былі выпушчаны ў выдавецтве «Бацькаўшчына» паасоб­нымі кніжкаміі, ды, акрамя таго, найлепшы зборнік выбраных вершаў паэта «Спадчына».

Адзін з першых апублікаваных там артыкулаў, «Янка Купала – наш»"[6] меў падзагаловак «Суд гісторыі». Ён прысвечаны 6-ым угодкам з дня смерці Купалы. Да яго далучалася нека­лькі вядомых вершаў паэта: «У вырай», «Песня сонцу», «Акоў паломаных…». У ар­ты­куле вырашалася пытанне пра прысуд гісторыі і рабілася адназначная выснова – Янка Купала наш. Аўтар артыкула паказвае, што нягледзячы на тое, што паэт пад уціскам пры­мусу ў 30-я гады адышоў ад сваіх нацы­янальна-дэмакратычных пазіцый, але ён не здрадзіў ім.

«Не ўсім аднак ведамы факт сьмерці Янкі Купалы, а яшчэ менш ведаюць аб характары гэтае сьмерці аб тым, што Янка Купала скончыў сваё жыццё самагубствам… Факт Купа­лавага самагубства мае першараднае значэньне. Ён перачорквае ўвесь той апошні вымушаны савец­ка-вернападданьніцкі перыяд ягоны і варочае нам назад Купалу нацыя­нальнага волата і прарока». І аўтар артыкула прыводзіць адзін з паэтычных твораў яго апошніх гадоў «І прыдзе новых пакаленьняў…», у якім ён бачыць споведзь паэта:

«І прыдзе новых пакаленьняў / На наша месца грамада / Судзіці суд, ці мы сумленна / Жыццё прайшлі… // Ці аб свой гонар дбайна дбалі / І дабравольна, без прынук, / Самі сабой не гандлявалі, / Ня неслі ў петлі дум і рук. // І ці пакінуці на памяць / Мы песні гэткія змаглі, / З якіх-бы можна было ўцяміць, / Што мы свабоднымі былі?».

«Наша вярнуцца нам павінна»,– як казаў сам Купала. І наш Купала Купала нацыянальны трыбун і прарок, Купала волат духу і мастацтва ужо вярнуўся да нас, сапраўды «сьмерцю сьмерць перамогшы. І з намі будзе заўсёды».

На пачатку 1949 года «Бацькаўшчына» адзначыла допісам «Юбілей Беларускай гімназіі імя Я. Купалы»[7] трэція ўгодкі дзейнасці поспехаў на педагагічнай ніве гэтай гімназіі. Аўтар паказвае, што, нягледзячы на ўсе цяжкія перашкоды, гімназія з гонарам спра­вілася з пастаўленымі перад ёю за­­да­чамі: узгадавала ў нацыянальным духу беларускую моладзь і дала ёй дас­татковыя пра­к­­ты­ч­ныя веды. Пра гэта сведчаць тры выпускі навучэнцаў, баль­шыня якіх далей вывучае на­ву­­кі ў розных нямецкіх вышэйшых школах ды курсах замежных моваў з выдатнымі адзна­ка­мі[8].

З 1952 года газета значна часцей стала змяшчаць публікацыі пра Купалу. Так у адным з яе нума­роў пры на­бліжэн­ні 70-ай гадавіны яго нараджэння, з'яўляецца вялікі артыкул Я. Ка­ра­неўскага «Найвя­лікшы нацыя­нальны паэта Янка Купала» з партрэтам і вершамі «На сход», «Маладая Бела­русь», «Песня мая», «Я ад вас далё­ка»[9].

Увесь пафас артыкула скіраваны на тое, каб як мага глыбей раскрыць веліч і значэнне творчасці Я. Купалы для беларускай літаратуры, веліч яго постаці для нацыянальнага адрад­жэння. Аўтар крок за крокам прасочвае ідэйны рост Купалы ад паэта сузіральніка да паэта трыбуна; паказвае, як у працэсе свайго імклівага духоўнага развіцця Купала са сціплага сялянскага паэта перарастае ў агульна­народнага беларускага песняра. ЁН звяртае ўвагу на тое, як Купала, паставіўшы перад сабой мэту будзіць народ да актыўнага жыцця, кідае заклікі прачнуцца, скінуць лямку, кліча яго «да сон­­ца» «да зор». Аўтар паказвае, што дзяк­уючы энергіі заклікаў, Купала пакідае ўжо ролю пасіўнага сузі­ральніка і ўзносіцца на вышыню агуль­на­на­роднага трыбуна, становіцца паэтам, які сваю на­цыя­нальную сілу чэрпае з магутнасці і славы Беларусі ў мінулым і будуе на гэтым сваю нязломную ве­ру ў яе светлую будучыню. Ён ста­новіцца змагаром за нацыянальныя правы беларускага народа, магутным тры­бунам і тым самым пра­рокам беларускага нацыя­наль­нага адраджэння, ду­хоў­ным правадыром беларусаў, ідэолагам іхняга нацыянальна-вызвольнага руху.

А часовы адыход паэта ад нацыянальнай тэматыкі аўтар артыкула імкнецца вытлумачыць жудасным паліты­чным становішчам краю ў канцы 20-х на пачатку 30-х гадоў: «І сапраўды, Купала «не даў стаптаць душу сваю «нават у той жахлівы для нас час, калі абнаглелы баль­шавіцкі тэрор, што распачаўся ў 1929–30 гг. і нішчыў усе духовыя вартасці беларускага народу, пачаў пася­гаць і на душу паэты». У той час, даводзіць сваю думку аўтар, калі многія беларускія паэты і пісьменнікі, стаўшыся трагіч­нымі ахвярамі тэро­ру, пачынаюць апаганьваць усё тое, у што дагэтуль верылі, і пяяць па­хвальныя гімны тым, якіх найболей ненавідзелі, Купала выбраў сабе шлях іншы: не менш трагічны, але за тое ганаровы. Ён ары­штаваны бальшавіцкім ГПУ і ў знак пратэсту намагаецца скончыць жыццё самагубствам. Потым, у гады штораз большага фізіч­нага і духовага тэрору на Беларусі, Ку­пала быў змушаны напісаць «пару дзесяткаў вершаў, праўда, нізкай мастацкай вартасці, у якіх захвальваў ненавісную яму баль­шавіцкую сістэму».І толькі гэты дзесяцігадовы перы­яд сваёй вымушанай творчасці Купала акупіў сваёй трагічнай смерцю.

Прадаўжаючы размову пра трагічныя гады жыцця Янкі Купалы ў 30-я гады, «Бацькаўшчына» друкуе артыкул Ст. Крушыніча «Зьдзек над Янкам Купалам»[10]. У гэтым артыкуле, яркі паказ таго, як адзначаліся гадавіны творчасці Купалы ў «падсавецкай» Беларусі. Замест глыбокага аналізу творчасці паэта гучаў набор штучных, напышлівых фра­з, танная і прымітыўная рыторыка, набор партыйна-наменклатурнай фразеалогіі, цалкам фальшывай, якую можна прышпіліць любому савецкаму адданаму партыі паэту. І смешна гучаць дыфірам­бныя, наскрозь пустазвонныя выказванні Івашына і Барысенкі.

У кастрычніцкіх нумарах 1952 года «Бацькаўшчыны» распачынаецца друкаванне аднаго з лепшых сцэнічных твораў Купалы – драмы «Раскіданае гняздо»[11], а ў калядным нумары газеты публікуецца яго выдатная паэма «На куцьцю»[12]. І тут кідаецца ў вочы, што беларуская эмі­­грацыйная прэса робіць акцэнт менавіта на творах паэта, якія па партыйна-ідэйных мер­ка­ваннях у Беларусі не публікаваліся. Гэта дае падставы ўздымаць пытанне пра ўтой­ванне, пра замоўчваннешэрагу твораў Купалы.

Яшчэ больш поўнае і шырокае асвятленне атрымала ў газеце творчасць Купалы ў 1953 годзе. Так, у сакавіцкіх нумарах газеты з’яўляюцца ўспаміны Тэрня Майсіенкі, украінскага паэта і перакладчыка твораў Купалы, пад назваю «Сустрэчы з Янкам Купалам», напісаныя з пачуццём цяплыні і спагады, дзе падаецца шмат цікавых і невядомых да гэтага часу фактаў з апошняга перыяду жыцця нашага песняра.

Пазней на старонках «Бацькаўшчыны» з нагоды святкавання 35-ых угодкаў утварэння Бела­рускай неза­лежнай рэспублікі распачынаецца друкаванне цяпер шырока вядомага твора Купалы «Тутэйшыя»[13], а неўзабаве ў Літара­турным дадатку – артыкул Р. Склюта «Тутэй­шыя» Янкі Купалы» (з агляднай працы «Апазіцыйныя плыні ў беларускай савецкай літарату­ры»)[14]. Аўтар прапануе ў артыкуле сваё бачанне праблемы, якая ўзнікла і замацавалася на беларускай зямлі пад цяжарам гістарычных абставін тагачаснага жыцця беларускага народа.

Даследчык найперш спрабуе адказаць на пытанне, чаму для раскрыцця гэтай з'явы Купала прыбягае да трагі­камедыі як жанру, які даўно замацаваўся ў яго творчасці для вырашэння трагічных і камі­чных калізій. Над прабле­май тутэйшых, якая выразна выявілася менавіта ў час першай сус­вет­най вайны і шматлікіх акупа­цый Беларусі, Купала і раней працаваў, пра што сведчыць камедыя «Паўлінка» і яго вершы «Тутэйшы», «Мой погляд і мэта» і інш. Як паказвае аўтар, гэтая з'ява цесна звязана з адраджэнскім рухам на Бела­русі, з імкненнем краіны да самастойнасці, і тут яна з бытавой пера­тварылася ў вострапалітычную. Праблематыка цесна нітуецца з поглядамі Я. Купалы на бе­ла­рускі нацыя­нальны рух, на неабходнасць сама­стойнага існавання беларускай дзяржавы, вызвалення яе з-пад апекі су­седзяў, ці як яны названы ў п'есе – акупантаў. З гэткімі поглядамі Купалы непасрэдна звязаны і напісаны раней верш «Перад будучыняй», які быў надру­ка­ваны ў першым нумары часопіса «Адраджэнне» і які быў адтуль адразу ж выразаны.

«Гэта быў першы выпадак падобнае канфіскацыйнае апе­рацыі бальшавіцкай цэнзуры ў Беларусі. Прычынаю стаўся тут зыркі антыбальшавіцкі характар дадзенага верша і аса­бліва адкрыта выка­заны ў ім заклік да нацыяна­льнае рэва­люцыі, да вызвольнага змагання супроць усіх і найперш баль­шавіцкіх прыгня­тальнікаў Беларусі. Бальшавіцкая крытыка заўсёды раз­­­глядала гэты Купалаў твор, як найбольшы паэтаў «грэх», ды пры гэтым ніколі не адва­жвалася зацытаваць хоць-бы радок з яго. Яго змест гэта радкі поўныя нацыя­нальнага са­ма­­бі­чавання, што мела мэтай выклік нацыянальна-рэвалюцыйнае свядомасьці і дзеі, скіраванай су­проць пагібельнае «чужое апекі». Голас Купалы, як нацы­янальнага трыбуна і прарока, даўно ўжо не гучаў з такою сілаю, з якой прагрымеў ён тут у гэтым вы­крыцьці і асуджэньні нацыя­нальнае і ідэйнае безхрыбетнасьці, «нявольніцтва і жабрацтва», у «клічы бураломным» да ду­ховага рас­пры­гнечаньня і «вызваленьня з пут». Ня дзіва, што бальшавікі пачулі сабе пагрозу ў гэтым творы… Купалаў голас з небывалай яшчэ сілаю біў па струнах нацы­янальнага сум­леньня і небяспека магчымасьці абуджэньня адпаведнага рэ­занансу гэтых струнаў не магла не жа­хаць»[15]

Разам з тым Р. Склют дае даволі шырокую і трапную характарыстыку вобразам «Тутэй­шых», праз якія і выяўлялася галоўная ідэя п'есы, характарызуе яе мастацкія асаблівасці ў кантэксце даволі заганнай беларускай савецкай крытыкі, паказвае ўздзеянне на твор драма­тычнае тэхнікі ка­медыі французскага класіцызму, на ўплывы вядомай камедыі Мальера «Мешчанін у шля­хецтве», якую Купала ў гэты час пераклаў для беларускага тэатра. Ад таго, што водгукаў на «Тутэйшых» – мізэрная колькасць, лі­чым, што гэты артыкул з'яўляецца значным унёскам ў высвятленне ідэйных пазіцый Купалы на старонках «Бацькаўшчыны».

У адным з красавіцкіх нумароў «Бацькаўшчыны» Р. Склют змяшчае другі свой вялікі аглядны артыкул «Раскіданае гняздо» Янкі Купалы»[16], дзе на шырокім фоне літаратурнага працэсу выяўляе, што драма Купалы найперш рэалізуе асноўную задачу нашаніўства, Ку­палам упершы­ню і пастаўленую – задачу абгрунтавання дамагання беларусаў, «мужы­коў» – «людзьмі звац­ца», у гэтым выпадку – шляхам паказу «іх не праз асобу адзіночку, узятую на працягу яе жыццёвага шляху «ад калыскі да магілы», а праз сям'ю, што рэпрэзентуе са­бою паасобку розныя стадыі жыцця на ягоным працягу ад тае «калыскі» да гэтае «ма­гілы»[17].

І 1954 год прайшоў пад знакам выдання выбраных твораў Янкі Купалы «Спад­чына». Вось што з гэтай нагоды паведамляла газета ў артыкуле «Пакажам сьвету сап­раў­днага Купа­лу. Да выданьня вялікага зборніка твораў Янкі Купалы»[18].

У публікацыі робіцца акцэнт на тое, што кожны народ мае свае вялікія нацыянальныя вартасці, сваіх найвялікшых людзей і іх творчасць, адкуль чэрпае неўміручыя жыццёвыя сілы і на якіх узгадоўваюцца цэлыя пака­ленні, якімі ён ганарыцца перад светам. Адным з такіх вя­лікіх беларусаў з'яўляецца Янка Купала, «нацыянальны прарок і волат беларускага мастац­кага слова». У сваіх натхнё­ных творах ён,– як ніхто перад ім і пасля яго – адчыніў вочы беларус­каму народу на ўвесь трагізм яго паднявольнага жыцця, заклікаў яго скінуць ланцугі няволі і, паказаўшы шлях да вызвалення, падняў яго на вялікае змаганне за сваю будучыню – вольную і неза­лежную Беларусь. А як ма­с­так беларускага слова, Купала першы стварыў асновы новае беларускае літаратуры, узняў яе на недасягальную вышыню і зраўняў яе з мастацкай літаратурай іншых народаў. «Дык пакажам свету нашага сапраўднага вялікага Купалу, пака­жам тое», што беларускі народ мае поўнае права ганарыцца ім. Таму выдавецтва «Баць­каў­шчына» ужо і прыступіла да вялікага і адказнага задання – выдання вялікага тому найле­п­шых і найбольш характэрных твораў Янкі Купалы.

У канцы студзеня выдавецтва «Бацькаўшчына» ў шырокай рэкламнай аб'яве «Эмігра­цыйнае выда­ньне твораў Янкі Купалы»[19] прапануе сваім чытачам і шырокай грамадскасці змест зборніка «Спадчы­на». Там адзначаецца, што зборнік адчыняе грунтоўны ўсту­пны арты­кул аб жыцці і творчасці Купалы, прадмова ад Камісіі, што склала зборнік, карот­кія даведкі аб Купале ў англійскай, французскай, нямецкай і іспанскай мовах і зачыняецца ён біяграфіяй друкаваных твораў Купалы і важнейшымі літаратурнымі пра­цамі аб Купале. Зборнік прывабна ілю­страваны, гэта добры падарунак для усіх, хто любіць твор­часць Купалы.

Неўзабаве ж з’яўляецца новы допіс, звязаны з выданнем «Спадчыны», – «Кожнаму бела­русу – зборнік Купалавых твораў»[20]. У ім адзначаецца, што як укладальнікі зборніка, так і яго рэдактары ды выдаўцы кіраваліся пры гэтым выключна патрыятычнымі матывамі: паказаць свету сапраўднага Купалу, паказаць такім, якім да гэтага часу ён не быў яму вядомым.

Наступнай значнай публікацыяй гэтага года стаў вялікі артыкул Язэпа Каранеўскага «На вернай службе вялікай ідэі. У дваццатую гадавіну з дня трагічнай сьмерці Янкі Купалы»[21]. Тэкст яе дапоўнены двума творамі Купалы: вершам «Паўстань з народу нашага, Прарок!»[22] і прамовай, сказанай паэтам 24 чэрвеня 1920 года з нагоды 15-гадовага юбілею яго творчасці[23], якая заканчвалася патрыятычным зак­лікам «Змагайся і стань вольным, Беларускі Народ!».

Артыкул распачынаецца вызначэннем велічы і ролі Купалы для беларускай літара­туры. Па­добна да папярэдняга свайго артыкула Каранеўскі і тут імкнецца пераканаць чытача ў тым, што Купала – наш, нацы­я­­нальны паэт беларускага народа, а не падсавецкі трубадур. Калі ў папярэднім артыкуле ён толькі кан­ста­туе гэты факт, то тут спрабуе яго раскрыць і яшчэ больш абгрунтаваць. Аўтар паказвае, што Купала, каб вычакаць пэўны час з надзеяй на змены ў будучым, амаль перастае пісаць ці змушана піша афіцыйныя пасланні да гадавінаў ці панегірычнае прас­ла­ў­ленне «правадыра ўсіх народаў». Ён адзначае, што паэт, які дасягнуў у канцы 20-х гадоў най­вы­шэй­шага майстэрства, зараз абыякава рыфмуе празаічныя радкі, піша бездухоўна, абыякава да мастацкіх асаблівасцяў верша: рытму, рыфмы, пераходіць на прымітыў­на-песенны народны лад, на частушачную інструментоўку сваіх твораў, адыходзячы ад высокіх узроўняў сусветнай паэзіі. Гэта была часовая здрада сабе. Аднак глумленне над уласнай душою, уласнай творчасцю, уласнымі погля­дамі не магло прадаўжацца бясконца і ён трагічна гіне. 

1955 год, аднак, не быў такім багатым на публікацыі пра Купалу.

У адзнаку чарговай гадавіны па смерці Купалы з'явіўся артыкул М. Б. «Вялікі змагар за нацы­янальную ідэю. Да трынаццатай гадавіны трагічнай сьмерці Янкі Купалы»[24], да якога ў якасці доказнай ілюстрацыі былі дададзены вершы «Паўстань з народу нашага…», «Цар­скія дары». Найбольшую ўвагу аўтар артыкула аддае самаму змрочнаму перыяду жыцця паэта, калі ён мусіў аддаваць даніну бальшавізму, але і ў такіх умовах Купала вядзе пасіўны супраціў: мала піша, стварае мізэрныя, нізка­пробныя рэчы, пера­ходзіць на пераклад. Гэта былі яго спробы ўцячы ад саве­ц­кай рэча­існасці. Яшчэ пры жыцці паэта распачалося дапасаванне яго творчасці, падгон пад ідэі баль­шавізму, распачалося ачы­шчэнне Купалы ад «нацы­яналістычнага буржуазнага эле­менту», выпраўленне яго ідэй­ных памылак. Аў­тар артыкула па­дае пералік найбольш значных за­ба­роненых твораў Купалы і адзначае, што нягледзячы на ўсе спробы фальша­вання, Купала для нас застаецца заснавальнікам новай беларускай літара­туры, ідэолагам беларускага нацы­я­на­льнага адраджэння, сімвалам духоўнае сілы і нацыянальнага вызвалення беларус­кага наро­да.

А 1956 год зноў быў спрыяльным на публікацыі пра Купалу і яго творчасць. Баль­шыня іх была скіравана на тое, каб замацаваць за Купалам назву вялікага нацыянальнага паэты, непа­хіснага змагара за адрад­жэнне краю, самастойнае і незалежнае развіццё яго, а таксама больш шырокае і пера­канаўчае выкрыццё фальшы савецкіх даследчыкаў, што імкнуліся паказаць Купалу як песняра сацыялізму. Першай з публікацый быў артыкул С. Ясеня «Адкры­ваючы «Нашаніўскі» год»[25], прысвечаны 50-ці годдзю з часу выхаду першага нумара га­зе­ты. І тут імя Купалы ўспамінаецца часта – творчасць якога цесна звязана з нашаніўскім перыядам. Рас­крыўшы ўсю супярэчлі­васць і фальш ацэнак «Нашай нівы» у пасляваеннай савецкай літаратуры, аўтар дае ёй самую высокую ацэнку, якую даў гэтаму перыяду развіцця беларускай літаратуры сам Купала.

У допісе «Спадчына» годна рэпрэзэнтуе Беларусь»[26] А. Вярбіцкі раскрывае важнасць выда­ння гэтага зборніка для кожнага беларуса. У ім адзначаецца, што яго выданне – гэта вялікая гіс­тарычная і культур­ная падзея ў жыцці беларускай эміграцыі. «Спадчына» мае яшчэ адзін ве­ль­мі важны аспект – прадстаў­ляе Беларусь на вонкі. Той факт, што ўступ да зборніка пада­дзены таксама ў англійскай, нямецкай і французскай ды іспанскай мовах, падымае яшчэ вы­шэй еўрапейскае значэнне «Спадчыны». Гэта асаблі­ва тычыцца беларус­кіх студэнтаў і інтэлі­ген­цыі, прадстаўнікі якой шмат час­цей сустракаюцца з чужынцамі. Набыццё зборніка паэзіі Купалы ёсць не то­лькі дэманстрацыя сваёй нацыянальнай свядомасці і салідарнасці, але і атры­манне ніколі ня­згаснае крыніцы духовых багаццяў ды самы годны паказ Беларусі сярод чужын­цаў.

14-ую гадавіну ад смерці Купалы «Бацькаўшчына» адзначыла таксама даволі шырока. Друкуюц­ца вершы паэта, артыкулы, успаміны. У адным з іх – «Купала непаўторны»[27] Ул. Немановіча – раскрываецца, як ішло выс­пя­­ванне паэта ад песняра сацыяльнага гаротнай беларускай вёскі да паэта, ў творчасці якога «дамінуе ўжо нацыянальны момант», паэта, які паступова пера­ра­­стае ў трыбуна, заклікаючы народ «за сябе сам пастаяці, і за Бацькаўшчыну-маці». Аўтар падкрэ­слівае, што гэтаму, безумоўна, спрыяла і такая ака­лі­чнасць, як незвычайна хуткае развіццё на­цы­я­­нальнае думкі. Пад уздзеяннем яе Купала прыходзіць да пераканання, што на­цы­яналь­ная свабода, палітычная незалежнасць з'яўляюцца адзінай перадумовай для справя­длівага развя­зання сацыяльнай пра­блемы на нашай бацькаўшчыне. Ён перакананы, што чужынцы і надалей будуць грабіць ягоны народ… Прыйдуць новыя пакаленні паэтаў, але Купала ў сваім жыцці, творчасці і лёсе зас­танецца непаўторным.

У артыкуле Ст. Станкевіча «Янка Купала і бальшавізм»[28] пераканаўча і доказна даецца аналіз таго, як адбывалася далучэнне Купалы да баль­шавізму, ператварэнне яго ў савецкага паэта. Пра гэта ён пісаў і раней, але цяпер гэтую тэзу пашырае і робіць больш пераканаўчай. Ён паказвае, што каб дайсці да такiх «рэвалюцый­ных» адкрыццяў, савецкая лiтаратурная пра­ктыка ў БССР мусiла на працягу доўгiх годоў пра­водзiць ведамую ёй адной апэрацыю грубага фаль­шавання ўсей лiтаратурнай спадчыны Купалы. Яно было дасягнута пры дапамозе нас­тупных мэтадаў, шырака практыкаваных у БССР не толькi ў да­чы­­неннi да Купа­лы: над ўсім, што напісаў Купала, была праве­дзеная ста­­ранная «чыстка», у вынiку якой выданні пасля­ вайны былі пазбаўлены вя­лi­кай колькасці яго твораў, i ў лiта­ра­турных пра­цах аб Купале яны паступова перасталi ўпа­мiнацца, а ў ша­сь­цi­томным «Зборы твораў» апу­шчана ажно каля 150 твораў паэта; творы перыяду вымуша­най саветы­зацыi паэта пасля 1930 года сталі тэндэнцыйна iнтэрпрэ­тавацца савецкай лiтара­ту­р­най крытыкай як творы пэрыяду найбуйнейшага росквiту паэтычнага та­­ленту Купалы. У спраўднасцi ж Купала на працягу ўсяго савецкага пэрыяду быў глыбокiм бела­­рускiм па­­­трыётам i антыбальшавiком. Да моманту ўзмоцне­нага бальша­вiцкага тэрору і ма­са­вага вынi­ш­чэння беларускiх нацыянальных каштоў­на­сцей ды прая­ваў бе­ла­­рускага нацыя­наль­нага жыцця, што пачалося ў 1929–1930 гадах, антыбальша­вiзм Купалы яшчэ мог праяўляцца ў ягонай творчасцi зусiм адкрыта і паслядоўна. Гэткую iдэйную нак­iра­­ва­насць тво­р­часцi паэта ў той час прад­стаўляла і бальшавiцкая лiтаратурная крытыка.

Затым даследчык паказвае як, ідэалагічнае «перараджэнне» Купалы пасля 1930 года савецкi лiта­ра­ту­разнаўца В. Iвашын характарызуе наступнымi акалiчнасцямi: «Пад узьдзеяньнем iдэяў камунiстычнай партыi i савецкай запраўднасьцi Купала перамог iдэйныя хiстаньнi i цьвёрда стаў на шлях натхнёнаго песьняра савецкай эпохi». І далей Ст. Станкевіч сцвярджае, што, кiм бы ні быў ў душы сваёй Купала пасля няўдалай спробы самагубства ў I9З0 годзе i якiя б ні былi яго сапраўдныя дачыненнi да камунiзму, адказаць цяпер не цяжка, бо аналiз напiсаных у гэтым часе твораў дае ўсе падставы зрабiць больш чым праўдападобныя дапушчэннi, што ўсё напi­санае ў гэты час з'яўляецца няшчырым, як адчэпная даніна баль­­­шавiц­каму рэжыму, выціснутая з Купалы мара­ль­ным тэрорам.

Аўтар лічыць, што перш за ўсё тагачасная творчасць Купалы мiзэрная, колькасна ўбогая і бязвар­тасная з мастацкага боку; асаблiва вершы, прысвечаныя розным канкрэтным падзе­ям савецкага жыцця, пiсаныя паэтам нядбала, яны не толькi пазбаў­леныя харак­тэр­най для Купалы пачуццёвай насычанасцi, але і бязвобразныя і, наагул, прымiтыў­ныя, маюць i па­важныя тэхнiчныя заганы, яны чужыя Купале, яму ў ранейшай творчасцi. Аднак, няма нiякай пад­ставы меркаваць, што ў Купалы наступiў цяпер натуральны заняпад паэтычнага таленту, што нярэдка сустракаецца ў аўтараў старэйшагага веку. Гэтаму пярэ­чаць ягоныя творы, не звя­заныя з савецкай праблематыкай. Да тахiх твораў трэба аднесцi прыго­жую Купалаву пара­фразу народнае песнi «Лявонiха» i «Юрачка», вершы, «Лён», «Гэнацвале» i «Грузiя» ды «Та­ра­сава доля», прысвечаная любімаму ім ўкра­інскаму паэту Шаўчэнку. У гэтых не многіх тво­­­рах паэтычны талент Купалы праявiўся ў апошнi раз у поўнай сваёй сiле. Але, мы не зной­дзем у Купалы савецкага часу ні аднага твора, якi б даваў шырокае абагульненне новай савец­кай рэчаіснасці або адлюстроўваў непазбыўныя вартасцi камунiзму.

Дый пераклады Купалы з чужых лiтаратур добра характарызуюць яго творчасць гэтага пэрыяду. Тады Купала перакладаў шмат. З іх 21 твор Т. Шэўчэнкi. Сярод iх паэма «Сон» i «Каўказ» змяшчаюць у са­бе нацыянальна-вызвольныя iдэi, ярка суп­ярэчныя тагачаснаму бальшавiцкаму палiтычнаму курсу. Гатак паэт ўцякаў ад са­вецкай рэчаіснаснасцi i ў некаторых перакладных творах актуалiзаваў тыя нацыя­нальныя iдэi, якiх у творах арыгінальных выказаць не меў ужо магчымасці.

Спосабам бясцэрэмоннага прымянення грубой тэндэнцыйнасцi, усякага роду наця­гванняў, перакручванняў i галаслоўнасцi ў iнтэрпрэтацыi савецкай лiтаратурнай кры­тыкай творчага працэсу Купалы ды дбайнага пазбаўлення ад твораў, што такой iнтэрпрэтацыi маглi пярэчыць, бальшавiкi сёння прад­стаў­ляюць Купалу зусiм не тым, кiм ён быў у сапраўднасці. Але для бе­ла­рускага народа Купала застаўся най­вялiкшым беларускiм паэтам, засна­вальнiкам i найвы­датнейшым прадстаўнiком навачаснай беларускай лiтаратуры, «прарокам бела­рускага нацыянальнага адраджэньня й духовым пра­вадыром беларускага народу».

У гэтым нумары надрукавана яшчэ некалькі публікацый пра Купалу. А. Галубіцкі ва ўспа­міне «Як Купала прыйшоў у вёску[29]» з пачуццём цяплыні расказвае пра момант, калі паэт чытаў вяс­коўцам свае творы і як яны з замілаваннем яго слухалі ды якое вялікае ўражанне яны рабілі на слухачоў.

Пад назвай «Адказы на Купалаўскую анкету»[30] змешчаны два допісы: першы, С. В., які шчыра дзякуе рэдакцыю і выдавецтва за тое, што ў іх доме з’явіўся Купала ў такім змястоўным і прыгожа аформленым зборніку; другі – вядомага эміграцый­нага навукоўца Я. Станкевіча, які быў знаёмы з Купалам асабіста. Ён цэніць найвышэй тыя творы Купалы, у якіх паэт адчыняе або адчувае і перадае мінуласць беларускага народу ці звязвае яе з сённяшнім жыццём і асабліва з будучыняй. Адна­ча­сна ён звяртае ўвагу на тое, што паэту неабходна было б больш увагі аддаваць беларускай мове.

Новая публікацыя – У. Гіцкага «Курган» Янкі Купалы»[31] – пра месца, якое ў твор­часці Купалы займае паэма «Курган». Аўтар дае высокую ацэнку паэме «пра дні сівое даў­ніны, пра нязломную сілу духа беларускага народу».

Пазней В. Жук выступіць з артыкулам «Сама­бытнасьць творчасьці Янкі Купалы»[32], і паспрабуе ў ім акрэсліць самабытнасць паэта. Ён лічыць, што савецкая крытыка дэфармуе ўплывы рускай літа­ратуры на Купалу. Яна ста­раецца давесці, што Купала ўзгадаваўся на расейскай літаратуры, знаходзіцца пад выклю­чным уплывам расей­скіх пісьменнікаў і паэтаў. Гэта праўда, што Купала цікавіўся расейскай літа­ратурай, але не ў большай меры, чымся польскай ці ўкраінскай. Ён цікавіўся таксама заходне­еўра­пейскімі, адно «чужыя уплывы не змянілі беларускай індывідуальнасці Купалы, яны толь­кі ўзмацнілі, узбагацілі яе». Купала за­стаўся арыгінальным і самабытным. А самабытнасць яго грунтавалася на ягонай мове, на ягонай паэтычнай тэхніцы і тэматыцы. Таму там, дзе ён выяўляе змест сваёй душы, ён ужывае словы, паняцці, якія маюць сваю беларускую спецы­фічнасць, своеасаблівыя беларускія вобразы, якіх нельга пераказаць механічна іншай мовай. Ці не таму так цяжка, а часам і немагчыма перакладаць Купалу на іншыя мовы. Сама­бытнасць праяўляецца ў яго рытміцы, і ў эўфоніі, і ў стылі. Рытмічнасць і музычнасць вершаў Купалы напамінае беларускую народную песню. Паэт знаходзіць музыку і ў шуме лесу, і ў бурленні вады, і ў спеве жаўрука, і ў касавіцы, і жн­іве. Ва ўсім гэтым для яго існуе свая музыка, свой рытм. У творчасці Купалы выступае праўда аб жыццёвай сіле беларускай нацыі, аб яе лёсе ў мінулым і сучасным, бо гэтай праў­дзе Купала прысвячае ўсю сваю творчасць – таму тво­рчасць гэтая становіцца самабытнай беларускай з'явай між волі самога паэта.

Далей 1957 год, ён стаўся значна бяднейшым на публікацыі пра творчасць паэта, пра абставіны яго жыцця і смерці. З сакавіка «Бацькаўшчына» распачала перадрук на сваіх старонках вядо­май аповесці Зінаіды Бандарыны «Ой, рана на Йвана»[33]. І хаця рэдакцыя бачыць шмат згуш­чэння фарбаў у апісанні быту і адносін людзей у атачэнні сям'і Купалы, аднак лічыць па­трэбным змясціць гэты твор на сваіх старонках, каб даць ўяўленне пра дзі­цячыя і юнацкія га­ды любімага беларускага паэта і паз­наёміць з імі эмігранцкую грамадскасць.

І яшчэ адзін артыкул Ст. Станкевіча «У 16 гадавіну сьмерці Янкі Купалы»[34]. Найперш аўтар выяўляе непераходнае значэнне для Беларусі творчасці Купалы. Ён дзеліць яе на тры перыяды: нацыянальна-адраджэнскі або нашаніўскі, нацыя­нальнай рэвалюцыі і актыўнага супраціву, вымушанай саветызацыі і пасіўнага супраціву. На аснове аналізу твор­часці аўтар прыходзіць да пераканаўчай высновы, што Купала быў не толькі вядучай фігурай на­ша­ніўскага перыяду, але і ўзбагаціў яго як ідэалагічна, так ў галіне мастацкай:

«Таму вельмi сумлеўна, цi беларускае нацыянальнае адраджэньне за кароткi нашанiўскi пэрыяд дасягнула-б у канцы сваiм такой высокай ступенi й iдэялягiчнай глыбiнi, калi-б ня было Купалы. Так­сама выдаецца сумлеўным, цi беларус­кая нашанiўская лiтаратура, як фор­ма мастацтва, i якасна, i колькасна, змагла-б узьняцца на такую, параўнальна высокую ступень свайго разьвiцьця, калi-б не вядучая ў ей роля Янкi Купалы».

На наш погляд, тут вядомы беларускі эмігранцкі літаратуразнаўца моц­на захоплены творчас­цю Купалы ўсю ва­жнасць фармавання і ўплыву на гэты перыяд аддае яму і воляй-няволяй перабольшвае ролю паэта, выпу­скаючы з-пад увагі як тагачас­ную дзейнасць В. Ластоўскага, І. і А. Луц­кевічаў, так і выдатных бела­рускіх паэтаў Я. Коласа, М. Багдановіча і інш.

Аўтар прасочвае далей ідэйны рост паэта, які з песняра беларускага сялянства паступова перарастае ў прарока беларускага адраджэння, бярэ на сябе ролю духоўнага правадыра беларускага народа і прызывае яго да нацыянальнай рэвалюцыі, якая падаецца най­­­перш у паэтычным вобразе Вялікага сходу, а пазней кліча народ да паўстання супроць чужа­земнага прыгнёту. Свае тэзы аўтар артыкула ўдала падмацоўвае лепшымі творамі паэта. І калі не ўда­лося беларускаму народу пераможна завяршыць сваёй нацыянальнай рэвалюцыі, Купала, з аднаго боку, папра­кае яго ў пасіўнасці, з другога, не прымае ў замену і баль­шавіцкай рэвалюцыі. Аўтар лічыць, што ў дачы­неннi да бальша­вiцкае дыктатуры паэт заняў пазіцыю актыўнага супра­цiву, як да з'явiшча чужога бела­рускаму народу, варожага i фiзычнай сiлаю на яго накiнутага. А гэта ў свае­асаблiвай форме ўжо было і падаўжэннем тых самых iдэяў нацыя­нальнае рэва­люцыi. Сваю негатыўную пазіцыю ў дачыненні да бальшавізму Купала ярка вызначыў ў сатырыч­най ка­ме­дыі «Тутэйшыя», дзе з трох акупацый бальшавіцкая паказана «ў найбольш адмоўным і кары­катур­ным святле».

У пазнейшыя гады, калi савецкая ўлада ў Беларусi канчаткова замацавалася, паэт ужо не мог гэтак адкрыта і стала выказваць сваiх антыбальшавiцкiх перакананьняў. Свае думкi і iдэi ён мусiў хаваць пад рознымi формамi паэтычных сімвалаў, алегорый i кры­птаграфii.

Такiм чынам перыяд творчасцi Купалы ў 1918 -1929 гадах прайшоў усё яшчэ пад знакам станоўча актыўнага супрацiву балышавiзму, хоць пад канец яго супрацiў ужо выступае ў умела завуаляванай форме. Даслед­чык сцвярджае, што актыўны антыбалышавiзм Купалы найбольш канкрэтна быў пацверджаны ягоным арыштам i ягонай спробай самагубства ў турме ў 1930 годзе.

У публікацыі вельмі падрабязна разглядаецца апошні перыяд творчасці паэта. Тут Ст. Станкевіч не імкнецца падобна Каранеўскаму апраўдаць паэта, а дае бескам­прамісны аналіз як яго палітычнага становішча, так і яго творчасці таго часу. Ён адзначае, што гэты трагiчны перыяд у творчасцi Купалы фар­мальна-вонкава пра­­­­ходзiць пад знакам вымушанае саветызацыi. Гэта былi «жахлiвыя гады абнаг­лелага ста­лiнскага тэрору», i пра нейкi выразны супрацiў гаварыць у гэты час не пры­ходзiцца. Але i ў гэтыя надзвычай цяжкiя гады Купала, як нiхто iншы з бела­рус­кiх паэтаў, знайшоў частковы выхад з гэтага становішча – пасіўны суп­рацiў бальшавiцкiм iдэям i партыйным дырэк­тывам, якi праяўляўся ў розных фор­мах. Перш за ўсё Купала па меры магч­ымасцi байкатуе лiта­ратурную дзейнасць, піша вельмi мала, хаця й знаходзiцца яшчэ ў поўным росквiце свайго таленту і сваiх фiзычных сiл. Прычым, напi­санае на савецкiя тэмы вызначаюцца нiзкай мастацкай якасцю. Аўтар артыкула адзначае, што шырокая публіцыстычнасць Купалавай творчасьцi гэтага пэрыяду пацвярджае думку, што была яна толькi партыйным «сацыяльным заказам», якi ён быў змушаны быў выконваць, а не пра­­дуктам духовых перажываньняў паэта. Будучы пад беспе­рапынным уздзеяннем маральнага ды пад пагрозай фiзічнага тэрору, паэт у гэты час пера­жываў глыбокiя духовыя мукi.

У 1957 годзе на старонках «Бацькаўшчыны» друкуецца артыкул Л. К.«Бальшавікі здалі Ку­па­­лу ў гістарычны архіў»[35], у ім даводзіцца, што велізарнай літаратурнай спад­чыны Купалы і ягонай ролі ў беларускім нацыянальным руху ніяк не схаваеш, асабліва ў сувязі з дзей­насцю ў вольным свеце беларускай эмі­грацыі, якая шы­рока друкуе яго забароненыя творы, а ў літаратурных працах Купала паказваецца такім, якім ён быў на самай справе. ягонай творчасці.

У 1959 годзе барацьба за спадчыну Купалы паміж навукоўцамі вольнай эміграцыі і пад­савекімі яго даследчыкамі доўжылася. Спрычыніўся да гэтага артыкул Івашына, надрукаваны ў «ЛіМ»е, дзе зроблены закіды супроць беларускіх эміграцыйныя колаў, якія вядуць «шалёныя атакі паклёпніцтва» на Янку Купалу і Якуба Коласа. Гэта і сталася прычынай допісу «Хто на каго паклёпнічае?[36]». Аўтар яго А. Залескі, вылучаючы наступныя аргументы, сцвярджае адваротнае: што ў беларускім эмігра­цыйным выдавецтве «Бацькаўшчына» выдадзе­ны выбранае Янкі Купалы «Спадчына», куды ўвай­шлі пера­важна забароненыя ў БССР творы паэта. Што асобнымі кніжкамі вышлі: драма «Раскіданае гняздо» і забаро­неная ў БССР Купалава п'еса «Тутэйшыя» і гэтыя творы супра­ваджаліся грунтоў­ным і аб'ектыўным кры­ты­­чным ана­­л­ізам, зробленым эміграцыйнымі даследчыкамі беларускай літаратуры. Акрамя та­го выдадзена шэраг манаграфій і апуб­лікавана шмат артыкулаў ў беларускай і заходне­еў­ра­­пейскіх мовах аб жыцці і літаратурнай дзейнасці Янкі Купалы. Гэтыя працы вызнача­юцца таксама глыбокім аб'ек­тыўным наву­ко­­вым разглядам і не маюць, зразумела, «нічога супо­ль­нага з тэндэн­цы­йным савецкім ме­та­дам гэтак званым «сацыялістычным рэалізмам» і «пар­тыйнасцю ў навуцы». 

Новы артыкул Ст. Станкевіча «У 17-ую гадавіну сьмерці Янкі Купалы»[37] ў большасці паў­тарае тэзы, высунутыя ім раней, узмацняючы, удакладняючы, ці пашыраючы іх. Да артыкула, як звычайна ў такіх выпадках, ілюстрацыяй з’яўляюцца вершы Купалы «Свайму наро­ду», «Акоў паломаных жандар».

У 60-я гады напал барацьбы за спадчыну Купалы на старонках «Бацькаўшчыны» спадае. Гэта, на наш погляд, было выклікана дзвюма прычынамі. Аргументы крытыкі з боку бела­рускіх эміграцыйных навукоўцаў у асноўным былі вычарпаны, а паўтарэнне не давала б эфекту. Па-другое, і гэта было самым галоўным, што эмігранцкі беларускі асяродак, як і заходняя грамадскасць, прынялі інтэрпрэтацыю творчасці Купалы, зробленую беларус­кімі эмігранцкімі навукоўцамі.

Наступная гадавіна па смерці Купалы была адзначана вялікім артыкулам В. Жука «Янка Купала. У 18-ю гадавіну сьмерці»[38]. Гэты вялікі па аб'ёму артыкул напісаны ў традыцыйнай форме, характэрнай для бальшыні эміграцыйных даследчыкаў, – канцэптуальна, паэтапна, згодна з жыццёввм шляхам паэта.

Пра творчасць Купалы пісалі цяпер радзей, але ж гэтая тэма ўсё яшчэ заста­валася акту­альнай. Так у 1962 г. эмігранцкі асяродак рыхтуецца да адзначэння 80-х угодкаў з дня нараджэння Купалы. У артыкуле Ст. Крушыніча «Годна адзначым вялікія гадавіны»[39], сцвя­рджаецца высокая ацэнка ролі і значэння творчасці Купалы і Коласа для беларускай літарату­ры і іх дзейнасць для беларускага адра­джэн­цкага руху, паведамляецца пра намер годна адзначыць гэтыя юбілеі, як асабліва важныя падзеі ў нацыя­нальным жыцці і «супраць­дзеіць бальша­віцкай пра­па­ган­дзе ў ейным намаганьні паказаць гэтыя падзеі ў вы­гадным для яе сфальша­ваным асьвятленьні».

Да юбілею рыхтаваліся як на Захадзе, так і ў БССР. Да гэтай даты «Бацькаў­шчынай» быў апублі­каваны рэдакцыйны артыкул «Да 80-гадовага юбілею Янкі Купа­лы»[40]. У ім галоўным чынам вялася гаворка пра веліч і значэнне Купалы для нацыя­нальнай культуры і нацыянальнага руху адраджэння. Купала тут падаецца як найвя­лік­шы паэт, як прарок, як той, хто абуджаў да незалежнасці беларускі народ. У ім таксама значная ўвага зве­рнута і на прыёмы фаль­шавання яго творчасці ў падсавецкай Беларусі і нават юбілейных святкаванняў; перанос праху Купалы, напрыклад, разглядаўся як паказная акцыя «дзеля найболь­шага бадай распачатага наступу на песнярову спадчыну» з мэтай «канчаткова пры­своіць яе сабе, а самога паэта прадставіць, як усцяжнага носьбіта іхніх ідэалаў».

17 ліпеня 2007 г.


Назва артыкула Станіслава Станкевіча, надрукаваны: «Беларускі зборнік». Кніга 4, 1956; Sowjetstudien No 1 1956.

[1] Алесь Вініцкі: Матэрыялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939-1951 гадох, Лёс Анжэлес, 1968 / Менск, 1994.

[2] Там жа С. 73

[3] Там жа С. 116-117

[4] Шляхам жыцця, № 11. 1947 (Ватэнштэт)

[5] Алесь Вініцкі: Матэрыялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939-1951 гадох, Лёс Анжэлес, 1968 / Менск, 1994, С. 229

[6] Бацькаўшчына, 1947, № 23, 4 ліп., С. 3

[7] Бацькаўшчына, 1949, № 2, 6 студз. С. 4

[8] Там жа, С. 4

[9] Бацькаўшчына, № 25-26, 1952. 29 чэрв., С. 1-2

[10] Бацькаўшчына, № 36-37, 1952, 7-14 вер., С. 6-7 (Літаратурны дадатак)

[11] Бацькаўшчына, № 40, 4 кастр. 1952, С. 2

[12] Бацькаўшчына, № 51-52, Каляды 25 снеж. 1952, С. 2

[13] Бацькаўшчына, № 3, 18 студз. 1953, С. 2-4

[14] Бацькаўшчына, № 12-13, 25 сак., № 14-15, Вялікдзень, 1953, С. 6-7; С. 5-6. Літаратурны дадатак

[15] Там жа, С. 6

[16] Бацькаўшчыны, 1953, № 17, 26 крас., С. 2-3; № 18, 3 трав., С. 2-3

[17] Там жа, № 17, С. 2

[18] Бацькаўшчына, 1954, № 3, 17 студз., С. 1

[19] Бацькаўшчына, 1954, № 4-5, 31 студз., С. 1

[20] Бацькаўшчына, 1954, № 6, 7 лют., С. 1

[21] Бацькаўшчына, 1954, № 24-25, 27 чэрв., С. 1-2

[22] Там жа, С. 1

[23] Адна Купалава прамова. Там жа, С. 2

[24] Бацькаўшчына, 1955 № 27, 3 ліп., С. 1-2

[25] Бацькаўшчына, 1956 № 1-2, 7 студз., С. 1-2

[26] Бацькаўшчына, 1956 № 6-7, 11 лют., С. 5-6

[27] Бацькаўшчына, 1956 № 25-26, 24 чэр., С. 1

[28] Там жа, С. 1-2

[29] Тамсама, С. 2

[30] Тамсама, С. 3

[31] Тамсама, С. 3

[32] Бацькаўшчына, 1956 № 30-31, 22 ліп., С. 4-5

[33] Бацькаўшчына, 1957 № 11-12, 25 сак., С. 6-7 да № 19, 12 трав., С. 2-3

[34] Бацькаўшчына, 1958, № 24-25, 29 чэрв., С. 1-2

[35] Бацькаўшчына, 1958, № 26, 13 ліп., С. 1

[36] Бацькаўшчына, 1959, № 11-12, 25 сак., С. 7

[37] Бацькаўшчына, 1959, № 25-26, 29 чэрв., С. 1

[38] Бацькаўшчына, 1960, № 24-25, 26 чэр., С 1-2

[39] Бацькаўшчына, 1962, № 6, 25 сак., С. 3

[40] Бацькаўшчына, 1962, № 11, 22 ліп., С. 1

 
« Папяр.   Наст. »
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 2641
mod_vvisit_counter Учора 1141
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 5345
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 40885