Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 
Брама сайта arrow Брама сайта arrow БелСаЭС «Чарнобыль» arrow Запатрабаваныя і… адрынутыя : Да 25-годдзя Чарнобыльскай катастрофы

Запатрабаваныя і… адрынутыя : Да 25-годдзя Чарнобыльскай катастрофы Друк E-mail
26.04.2011 | 00:59 |
ImageВасіль ЯКАВЕНКА 

Не помню цяпер, што паклікала мяне са сталіцы туды і якая сіла ганяла па ўзварушаных трывогаю вёсках. Што мяне прымушала больш за месяц бадзяцца, валэндацца па накрытых радыяцыйным пылам селішчах, начаваць у выпадковых інтэрнатах, апусцелых школах, як, напрыклад, у Краснапольскім раёне - каля саду ў квецені з дозавым фонам 145 Кu/км2.

Я стала жыў сабе разам з сям'ёю ў Мінску, і ніхто не пасылаў мяне ў «зону». Ні асобна, ні ў складзе нейкіх там пісьменніцкіх дэсантаў. Не шукаў для сябе камандзіровачных лістоў, хоць атрымаць іх было і не цяжка. Цяпер здзіўляюся нават сваёй «непрактычнасці», чаму гэтак рабіў... Нешта проста падказвала, што я павінен быць там, адкуль прывозіў на пробу ў Мінск мяса, не абы якое, а гарантавана «чыстае». Ад яго прыборы, што стаялі для кантролю на Камароўскім рынку, «зашкальвала». А я ж ездзіў. І шукаў па каліву праявы ўплыву, уздзеяння радыяцыі на чалавека і жывёлу, каб паказаць тое, што спрадвеку называлася і называецца ісцінай, праўдай. Дзеля той жа праўды скажу, што ў ліку падобных шукальнікаў "удачы" на чарнобыльскім грунце быў і мой калега пісьменнік-мінчук Алесь Крыга; ён наогул уладкаваўся працаваць у Брагіне, у раённай газеце...

Гэта аповед, праўда, не пра ўсё, што бачылі вочы. Ён аб Беларускім сацыяльна-экалагічным саюзе «Чарнобыль» і не толькі аб ім, бо наша дзейнасць нярэдка перасякалася ды ішла поруч з дзейнасцю іншых грамадскіх аб'яднанняў.

Споўнілася больш чым 20 гадоў, як Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь зарэгістравала грамадскае аб'яднанне «Беларускі сацыяльна-экалагічны саюз «Чарнобыль», хоць, праўду казаць, наша экалагічная ініцыятыва заявіла аб сабе задоўга да рэгістрацыі.

Правядзенне Устаноўчага з'езду новай арганізацыі падтрымалі ў друку дырэктар Інстытута радыебіялогіі акадэмік Яўген Канапля, доктар філасофскіх навук, эколаг Павел Вадап'янаў і іншыя навукоўцы, грамадскія дзеячы. З'езд адбыўся ў Гомелі 7 красавіка 1990 года, у памяшканні Грамадска-палітычнага цэнтра абкама партыі, з дазволу яго дырэктара Мікалая Емяльянавіча Хобатава. І, як гэта ў нас павялося здаўна, не абышлося без прыкрага казусу.

Перад самым пасяджэннем хтосьці з тузоў ці то абкама, ці то гаркама (верагодна, нават па ўказанні аддзела прапаганды ЦК КПБ, дзе заўзята вывучалі і з перасцярогаю ставіліся да ўсялякага роду ініцыятыў знізу) выдаў кіраўніку ГП-цэнтра дырэктыву: адмовіць ініцыятарам з'езду ў памяшканні! Для нашай грамады гэта магло б стаць вялікім і непрыемным узрушэннем. Але ж нечакана на дапамогу нам прыйшоў усё той жа дырэктар Хобатаў: «Няхай мяне выключаюць з партыі, толькі я не памяняю сваё рашэнне і дазволю вам правесці ўстаноўчы з'езд чарнобыльскай арганізацыі». Кемлівы, чынны, моцны духам мужык!

І мы правялі з'езд. На ім прысутнічала каля сотні чалавек, прадстаўнікоў ад розных калектываў. І вось у гарачых дэбатах, каго абраць прэзідэнтам новага аб'яднання - менавіта мяне, ініцыятара акурат гэтага мерапрыемства, або кагосьці з порсткіх гамяльчан, - перамогу пры галасаванні атрымаў я.

Сем месяцаў доўжылася справа з прызнаннем аб'яднання ў Міністэрстве юстыцыі, і, каб наш апазіцыйны (як лічылі ўлады) саюз зарэгістраваць, партыйным органам спадобілася арганізаваць у процівагу яму чарнобыльскае дабрачыннае аб'яднанне «Зніч», яно было больш лаяльнай арыентацыі, яго ўзначаліла Наталля Машэрава. І ўжо потым, калі заснавалі і зарэгістравалі аб'яднанне «Зніч», надышла і наша чарга.

У склад кіраўніцтва БелСаЭС «Чарнобыль» на працягу ўсіх трывожных гадоў уваходзілі дый так ці інакш удзельнічалі ў працы: Юры Варонежцаў, Анатоль Волкаў, Віктар Іпаццеў, Яўген Канапля, Васіль Несцярэнка, Эдуард Збароўскі, Міхась Малько, Ягор Фядзюшын, Валянціна Вераб'ёва, Уладзімір Сацэвіч, Валеры Шумілаў, Павел Вадап'янаў, Віктар Каранеўскі, Аляксей Мікуліч, Віктар Шматаў, Лідзія Ралько, Ірына Станкевіч, Анатоль Банкевіч, Ігар Куталоўскі, Юры Пазняк, Алена Карповіч, Раман Карповіч, Васіль Касінец, Валеры Пазнякоў, Леанід Цітоў. Апорай у працы кіраўніцтва аб'яднання на доўгі час сталі супрацоўнікі Ганна Фурман, Лілія Беразанская, Ала Ткачова, валанцёры Валянцін Дзянісаў, Міхаіл Дзмітрэнка і іншыя.

Пачынальнікі культурна- і сацыяльна-экалагічнага руху на возеры Нарач. На першым плане: Леў Караічаў, Аляксандр Капусцін, Васіль Якавенка, Іван Новікаў. 1987 г.
Пачынальнікі культурна- і сацыяльна-экалагічнага руху на возеры Нарач. На першым плане: Леў Караічаў, Аляксандр Капусцін, Васіль Якавенка, Іван Новікаў. 1987 г.
 

Мы бачылі сваю задачу ў тым, каб спрыяць рашэнню найважных сацыяльна-экалагічных і чарнобыльскіх праблем, і грамадскае аб'яднанне БелСаЭС «Чарнобыль» дамаглося-такі ў гэтым поспехаў.

Так у 1988 годзе, яшчэ да рэгістрацыі, нам удалася акцыя супраціву ўрадаваму праекту выпрамлення і абвалавання палескай ракі Прыпяці, што ў павольнай плыні з веку ў век сцягвала ваду з балот. Асушэнне яе шырокай поймы, несумненна, прывяло б да ператварэння Палескай нізіны ў пустыню. Работы па гэтым надзвычай небяспечным праекце тады ўжо вяліся поўным ходам. Аднак нам (разам з украінскімі пісьменнікамі і навукоўцамі - спецыялістамі па гідрарэсурсах) удалося правесці ў Доме літаратара ў Мінску прадстаўнічую навукова-практычную канферэнцыю на тэму «Праблемы Прыпяці - праблемы Палесся», у якой мусілі прыняць непасрэдны ўдзел і некалькі беларускіх акадэмікаў, а таксама міністраў; прыехалі поўныя важнасці адмыслоўцы меліярацыі з рэгіёнаў. Толькі сваю экалагічную і прыродаахоўную падрыхтоўку з поспехам выявілі і пісьменнікі: Ігнат Дуброўскі, Анатоль Казловіч, Яраслаў Пархута, Леў Караічаў, Алесь Петрашкевіч і іншыя. Мой даклад тут насіў назву «Ці ёсць у нас канцэпцыя гаспадарання?», пастаноўка пытання застаецца актуальнай дагэтуль. У ходзе працяглых гарачых дэбатаў нам удалося даказаць шкоднасць праекта, у які улаштоўваліся мільярды і мільярды савецкіх рублёў. Акадэмікі ды міністры мусілі капітуляваць. У выніку - Бог у сведкі! - мы спынілі ў пойме Прыпяці армію меліяратараў!

Значэнне гэтай акцыі было цяжка пераацаніць, паколькі вучонымі прызнана: наша Палессе ў значнай меры ўдзельнічае ў фарміраванні клімату ўсёй Еўропы, і, несумненна, ператварэнне ракі Прыпяць у канаву адбілася б згубна і на Дняпры, прытокам якога яна з'яўляецца. Тады ж у адпаведных навуковых колах сталі пагаворваць ужо аб неабходнасці новай нацыянальнай палітыкі ў меліярацыі, і быў прыкметным да яе паварот.

У свой час, калі сярмяжная праўда аб Чарнобылі цвёрда дазіравалася і новая доля праўды заўсёды была чымсьці накшталт узнагароды нам, Беларускі сацыяльна-экалагічны саюз «Чарнобыль» выступіў ініцыятарам і арганізатарам шэрагу міжнародных канферэнцый па чарнобыльскіх праблемах. Яны патрэбныя былі па дзвюх прычынах: па-першае, зрабіць нашу растрыбушаную на кантыненты бяду здабыткам галоснасці ў сусветным маштабе, па-другое, дапамагчы беларускім службоўцам аб'ектыўна паглядзець на рэчы і самакрытычна - на сябе, на свае дзеянні, учынкі.

Проста ў Гомелі (якраз за дзень да ўстаноўчага з'езду) мы правялі даволі масавую канферэнцыю «Чарнобыль: сацыяльна-эканамічныя і маральна-этычныя аспекты» (1990). На гэтай канферэнцыі пры пастаноўцы найвострых пытанняў, якія былі падтрыманыя больш-менш адкрытымі навукоўцамі і практыкамі, нам усё ж выпала у нейкай меры паглыбіць уяўленне аб характары чарнобыльскага ліхалецця і яго маштабах (стэнаграма выступаў захавалася).

Далей болей праклёўвалася ганебная і горкая, як палын, праўда аб вялікай бядзе, якая надарылася.

Але ж абсеўкі праўды нас не задавальнялі. Дзесьці ўжо бліжэй да канца 1988 года мы прапанавалі Савету Міністраў разам правесці «круглы стол» па тэме Чарнобыльскай катастрофы і яе наступстваў.

Меркавалася, што ў гэтым хвалюючым увесь народ дыялогу (на што паказвалі мітынгі, якія штораз стыхійна ўзнікалі і праводзіліся ў забруджаных раёнах) прымуць удзел кампетэнтныя галовы вышэйшага эшалона ўлады, навукоўцы, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Ліст, у якім прапаноўвалася правесці цывілізаваныя дэбаты з чынавенскім корпусам, быў пададзены ў Савет Міністраў ад Саюза пісьменнікаў БССР і секцыі публіцыстаў, якую я тады ўзначальваў.

У адказ на сваю прапанову мы атрымалі па тэлефоне адтуль папярэднюю згоду на правядзенне прадстаўнічай сустрэчы і, зусім задаволеныя, падумвалі ўжо аб змесце і форме запрашальнай паперчыны на гэтае мерапрыемства. Аднак у студзені ўрадавыя службоўцы разважылі інакш. Яны прынялі нашу ініцыятыву як выклік ім і адмовіліся вадзіцца з намі, заўзятымі чыннікамі, якіх, мяркую, ставілі на адну дошку з «нефармаламі» і актывістамі Народнага фронту «Адраджэнне». Нас, відавочна, пабойваліся, аднак ўсё-ткі змушаныя былі «паважаць»; бо мы і сапраўды імкнуліся выстарацца і, выстараўшыся, неслі праўду людзям пра тое, якая небяспека тоіцца ў ядзернай паразе насельніцтва і наогул родных абсягаў.

Алесь Адамовіч
Алесь Адамовіч
Дарэчы, да людзей зрэдзь ужо прасочвалася праўда, якую даводзілі бяспечнаму люду акадэмічны вучоны Васіль Несцярэнка і пісьменнік Алесь Адамовіч. Адно ў Беларусі публічна выступіць, а тым больш надрукаваць што-якое сваё, адметнае пра Чарнобыль у той час было немагчыма. А. Адамовіч, часова жывучы і працуючы ў Маскве, падтрымліваў кантакты з незалежнымі вучонымі, і ў яго заўсёды было што сказаць там, дзе было каму слухаць.

І ў той жа Маскве нарабіла пярэпалаху, асабліва сярод «ідэолагаў радыяцыйнага абпраменьвання», уедлівая публікацыя А. Адамовіча «Честное слово, больше не взорвется, или Мнение неспециалиста» у часопісе «Новый мир», 1988, № 9. А неўзабаве і маё слова зайграла - то было аргументаванае и вострае выступленне на пленуме Саюза пісьменнікаў СССР, які праходзіў у ЦДЛ 17 студзеня 1989 года. На ім разглядаліся пытанні экалогіі ў краіне. Пленум асвятляла «Литературная газета» за 19 студзеня 1989 года. Фрагмент з майго выступлення:

«Вот если бы сельскохозяйственная химия имела синий цвет, мы ходили бы сегодня в ярких отблесках синевы и сами были бы похожи на привидения. Если бы радионуклиды засверкали вдруг яркими лучами электросварки - по всей Беларуси в мгновение ока разлилось бы море огня, оно затопило бы нас не только в Хойникском, Брагинском или Краснопольском районах, не только в тех семнадцати, что официально признаны потерпевшими. К сожалению, осязать зрением эту беду не дано; тем не менее, химические и радиационные стрелы поражают людей, все чаще вызывая астматические, аллергические, раковые и другие заболевания, подавляя, как правило, иммунную систему, меняя и извращая коды генов...».

Выступаючы з высокай трыбуны і раскрываючы перад слухачамі аб'ектыўную, як мне гэта бачылася, карціну бедства ў чарнобыльскіх зонах Беларусі, Украіны, Рассіі, я падводзіў рысу: «Общественность республики остро заинтересована в предании гласности всех материалов, раскрывающих радиационную обстановку в Беларуси. Общественность заинтересована в расследовании и привлечении к строгой ответственности лиц, повинных в утаивании правды, в сокрытии истинного положения дел с радиационным загрязнением, а это Ильин, это Слюньков, это Кондрусев и другие. Все это не должно оставаться делом правящего двора, попирающего мораль, нравственность, право».

 

Аднак вернемся ў Мінск. На наш паўторны запыт у Савет Міністраў адносна «круглага стала» хітруны-мудрагельцы паведамілі, маўляў, «правительство без  в а ш е й  помощи проведет запланированное мероприятие, и это будет не «Круглый стол», а пресс-конференция товарища Евтуха». Еўтух працаваў у той час намеснікам старшыні Савета Міністраў па пытаннях чарнобыльскай аварыі... Няхай.

Прэс-канферэнцыю ладзілі ў вялікай зале Палаца прафсаюзаў 2 лютага 1989 года. Пры поўным аншлагу. У зале не хапала месцаў, і некаторыя зацікаўленыя асобы знайшлі яго для сябе на галёрцы. Я стаў узірацца ў публіку, і мяне ўразіла, які на тварах прысутнах адбітак напружанага спакою і абыякавасці да ўсяго, а на некаторых дык праслізгвала яшчэ і чаканне страху. Нехта іх напалохаў. І я ўмомант зразумеў: уся зала была запоўнена арганізаванай масай службоўцаў, сабраных, сагнаных па знаку вопытнага партыйнага масавіка.

Для Ўладзіміра Гаўрылавіча Еўтуха гэта было падставай зрабіць кароткую справаздачу ўрада аб трывожнай, поўнай клопатаў гаспадарча-экалагічнай дзейнасці на неасяжных чарнобыльскіх абшарах. У дакладзе, аднак, усё было ўпарадкавана і гладка. Але ж мала што, неўзабаве да спадара Еўтуха пасыпаліся зусім не бяздумныя пытанні, якімі выкрывалася нешта супярэчлівае і падступнае. Дарэчы, шматлікія пытанні да гэтага моманту былі старанна падрыхтаваныя супрацоўнікамі НДІ радыяцыйнай медыцыны і асабіста Тамарай Белаокай - лекарам клінікі; акурат тады ж фарміравалася яе аб'яднанне Беларускі камітэт «Дзеці Чарнобыля». Яна параздавала пытанні таму-сяму з удзельнікаў гэтай сустрэчы, каб яны іх агучылі перад Еўтухам. У мяне было ў запасе таксама прынятае ад яе пытанне, але толькі ж мне яно падалося не для Еўтуха, ці што, занадта медыцынскае, спецыфічнае. І тады я спытаўся ў спадара, дакладней, таварыша Еўтуха пра іншае: чаму з пакінутай жыхарамі забруджанай і звыш забруджанай 30-кіламетровай зоны, да якой прыстаўлена ахова, вывозіцца на грузавых машынах усё, што аматарам і рызыкантам не лянота вывезці? Разам з радыяцыяй!.. Сам жа я быў сведкам таму...

Еўтух, адказваючы перад тэлекамерай на нашыя пытанні, ад напругі ўзмакрэў, небарака, і яму ў той момант ніхто не прыходзіў на помач. Нішчымныя, амаль адсутныя твары - шыхты чынавенскія захоўвалі маўчанне, жывыя душы як бы вымерлі.

Гэтая прэс-канферэнцыя з блытанымі тлумачэннямі Еўтуха неўзабаве была паказана па тэлебачанні. Яна яшчэ больш усхвалявала народ. Пачалося фармаванне дэлегацый у Маскву - да Гарбачова! І ўсё гэта, уключаючы пісьменніцкія захады, паслужыла перадумовай да таго, што ў Беларусі, нарэшце, быў зроблены першы крок да цяжка даступнай галоснасці: сталі друкавацца карты земляў і ўгоддзяў, на якіх нельга збіраць грыбы.

Разам з камітэтам «Дзеці Чарнобыля» наш саюз прымаў удзел у падрыхтоўцы і правядзенні «Чарнобыльскага шляху» у Мінску. Ідэя ж гэтага цяпер шырока вядомага мерапрыемства з'явілася ў гутарцы драматурга Алеся Петрашкевіча з Тамарай Белаокай пра падрыхтоўку да чарговай гадавіны Чарнобыля. Ён сказаў: «А чаму б вам не арганізаваць масавае шэсце? Можна назваць яго Чарнобыльскім шляхам...».

Першы «Чарнобыльскі шлях» быў асабліва ўражлівым; натоўп, сабраўшыся на вуліцы Талбухіна, рушыў па цэнтральным праспекце, ішоў павольна, пасоўваўся з транспарантамі і харугвамі, скандыраваў лозунгі аж пакуль галава калоны не ўпёрлася ў будынак педінстытута на плошчы Леніна (цяпер Незалежнасці), з партала якога тады і пачаліся прамовы; адзін з першых занепакоеных і палымяных прамоўцаў акурат быў Алесь Адамовіч...

Прайшло паўгода, адцвіло лета, і аўтар гэтых нататак, пад уражаннем сваіх паездак у розныя раёны чарнобыльскай зоны, звярнуўся на імя Генеральнага пракурора Саюза ССР А. Я. Сухарава і пракурора Беларускай ССР Г. С. Тарнаўскага з адкрытам лістом: Аб «зоне асобай увагі», у якой народ знемагае ад няпэўнасці, хлусні, самаўпраўства, пастаяннага апрамянення радыеактыўнымі ізатопамі, насядаючых хвароб, адчування сваёй бездапаможнасці і трагічнага зыходу. (Ліст друкаваўся пад загалоўкам «Земля атомного сполоха» у «Литературной России» № 43 ад 27 кастрычніка 1989 г.).

Рыхтаваўся ж гэты зварот у канцы верасня. У Маскве тады праходзіла сесія Вярхоўнага Савета СССР, і ў мяне была магчымасць сустрэцца з народнымі дэпутатамі, пісьменнікамі, грамадскімі дзеячамі. Разам са мной зварот падпісалі больш за паўсотні яркіх асоб, у тым ліку А. Адамовіч, Ч. Айтматаў, В. Бялоў, В. Быкаў, І. Друцэ, Я. Петэрс, В. Распуцін, Ю. Чарнічэнка, Ю. Щарбак, У. Яварыўскі, А. Ярашынская, М. Ігнатовіч, А. Дабравольскі, Ю. Варонежцаў...

Неўзабаве ў Слаўгарадзе на масавай дэманстрацыі, прысвечанай кастрычніцкім угодкам, ужо неслі транстарант з лозунгам: «Патрабуем ад пракурора СССР адказу на ліст пісьменніка Васіля Якавенкі». Захаваўся здымак.

У пракуратурах, маскоўскай і мінскай, неўзабаве маім чарнобыльскім лістом заняліся следчыя, але вось непярэліўкі: распаўся сярпасты і малаткасты вялікі Саюз. Хто мог бы падумаць!.. У беларускай пракуратуры гады з два яшчэ камусьці рупіла мусоліць зварот, перш чым небарака аўтар атрымаў «кампетэнтны» і закончаны па форме адказ, маўляў, усё, што рабілася беларускімі ўладамі ў сувязі з чарнобыльскай катастрофай, рабілася правільна. Малайцы! І дадзеныя ж людзям такія здольнасці...

Наступным мерапрыемствам, праведзеным намі ў Мінску, быў актыўны і нязмушаны па сваім характары «круглы стол» - «Псіхалагічныя аспекты Чарнобыльскай катастрофы» (1992). У абмеркаванні гуманітарных пытанняў удзельнічалі амерыканскія эксперты і нашы адмыслоўцы ды і проста ахвотнікі папрактыкавацца ў раскрыцці такой незашмальцаванай на той момант тэмы.

Image

 

Аказалася нядрэнна арганізаванай і, зазначу, прынцыповай у арыентацыі на альтэрнатыўныя крыніцы энергіі, што нямала бянтэжыла беларускіх інжынераў і прафесараў, канферэнцыя «Магчымасці экалагічна чыстай энергетыкі і энергазберажэння» (1993). Яна праходзіла тры дні. У ёй прынялі ўдзел і выступілі ў якасці экспертаў ды кампетэнтных суразмоўцаў шматлікія замежныя вучоныя, у тым ліку Аморы Ловінс, вядомы ў свеце энергетык, доктар навук, кансультант буйных амерыканскіх кампаній у галіне энергазберажэння, Фрэнсіс Мэйсі, старшы дарадца праграмы аховы навакольнага асяроддзя Цэнтра грамадзянскіх ініцыятыў ЗША і сустаршыня нашага аргкамітэта канферэнцыі з амерыканскага боку. Удзельнічалі ў форуме і Хэл Фокс, прэзідэнт савета дырэктараў фірмы «Інфармацыйны цэнтр халоднага ядзернага сінтэзу» Петэр Глюк, доктар тэхнічных навук з Румыніі, а з нашага боку - нямала навукоўцаў, у тым ліку акадэмік Алег Мартыненка, адказныя спецыялісты глаўка і Савета Міністраў...

Было заслухана 90 дакладаў і паведамленняў. Пры гэтым, аднак, увесь час адчувалася, што беларускі бок псіхалагічна не ўспрымае сур'ёзную гутарку па асноўнай заяўленай тэме дыскусіі, што ён не прывучаны думаць катэгорыямі эканоміі і экалогіі, пра што я тады вельмі шкадаваў. Мы абмеркавалі і прынялі рэзалюцыю, але ж і сам гэты дакумент ужо мала каго з нашых адмыслоўцаў цікавіў.

Тое, як яго ўспрымалі, ад нас не залежала, адно калі форум ужо абвясцілі закрытым, па маім недагляддзе быў дапушчаны пралік у прыёме гасцей, і мы сапсавалі ім добры настрой, за што мне сорамна дагэтуль.

 

Само сабой, хацелася працерабіць, прабіць дарогу да вырашэння шмат якіх сацыяльна-экалагічных праблем, і мы пастаянна шукалі да іх подступы. Ад пачатку 90-х, калі на Захадзе ўжо ведалі пра чарнобыльскую навалу на Беларусі, там з'явілася багата валанцёраў, ахвотнікаў сабраць гуманітарную дапамогу і прывезці яе да нас - пацярпелым... Усе чарнобыльскія ініцыятывы працавалі ўраздроб і не мелі інфармацыі, дзе, хто і чым займаецца, дый слаба арыентаваліся ў патрэбах краіны, накрытай Чарнобылем.

Будучы старшынёй Каардынацыйнага савета дабрачынных грамадскіх арганізацый (іх было нешта з тузін) і ўсё гэта нутром сваім адчуваючы, я сабраў у Доме літаратара пасяджэнне, на якім мы абмеркавалі становішча ў руху гуманітарных грузаў. І прынялі рашэнне: знайсці кантакт і ўзаемапаразуменне з Дзяржкамітэтам па ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС ды разам правесці ў Мінску міжнародную канферэнцыю з чарнобыльскімі ініцыятывамі Германіі і іншых краін. У Дзяржаўным камітэце нас адразу ж падтрымаў намеснік старшыні камітэта Бур'як, і ў добрым настроі мы абмяркоўвалі ўжо прапановы па рэалізацыі будучага мерапрыемства. З тым жа прыўзнятым настроем мы сабраліся і ў канферэнц-зале Савета Міністраў, куды для далейшай размовы па нашым пытанні прыйшоў старшыня Дзяржкамчарнобылю Іван Кенік.

У касмічнай прасторы разгортваўся тады, здаецца, 1994 год... Кенік, добра складзены, мажны, са шчоткай сіваватых валасоў «вожыкам», выслухаў нас і, зусім-зусім не крануты ў душы міжнародным праектам сустрэчы ў Мінску тых зварушлівых чарнобыльскіх ініцыятыў, адказаў нешматслоўна: «Няма грошай на гэта». Пры жаданні - я перакананы ў тым - невялікія грошы знайшліся б... Па голасу, аднак, адчувалася: няма жадання займацца гэтым; у кола ягоных чыноўніцкіх абавязкаў самадзейная прыдумка не ўваходзіла. Тыпічны выпадак, калі дзяржаўны службовец з савецкіх часоў, бадай, не ведаў і не хоча ведаць, што ёсць (пры яго чыноўніцкай вотчыне) грамадзянская ініцыятыва. Выключэнні бываюць, але рэдкія.

 

Мы самі рабілі тое, на што хапала сіл. Зразумела, было нам аб чым памеркавацца і на такой старанна падрыхтаванай канферэнцыі: «Навакольнае асяроддзе і правы чалавека» (1998), правялі яе пры падтрымцы прадстаўніцтва ААН/ПРААН у Рэспубліцы Беларусь.

Чалавек роўна залежны і ад прыроды, і ад грамадства, з якім мае стасункі і ў якім паўнапраўна жыве. Але толькі ж грамадства не можа далей развівацца, як і наогул існаваць, не стварыўшы для кожнага паважанага грамадзяніна біялагічна і сацыяльна прымальныя жыццёвыя ўмовы. Адгэтуль і нормы, і юрыдычныя акты, законы, якімі акрэсліваюцца і абараняюцца правы чалавека на чыстае паветра, чыстую ваду і прадукты харчавання... Пра ўсё гэта і яшчэ шмат пра што казалі эколагі, адмыслоўцы, філосафы, юрысты, прадстаўнікі дзяржаўных устаноў і няўрадавых арганізацый Беларусі, госці з Расіі, Украіны, Германіі, ЗША, Швецыі і - да майго задавальнення - мой калега з горада Кіева Ўладзімір Шаўкашытны, былы супрацоўнік ЧАЭС, ліквідатар, бацька чацвярых дзяцей, паэт-песеннік, старшыня Міжнароднага Саюза «Чарнобыль»; у дадатак да ўсяго ён жа будаваў у родным кутку яшчэ і царкву, на свае ўласныя сродкі і дабрачынныя ўнёскі.

Усе ўдзельнікі канферэнцыі выкладалі свае думкі ў разліку на тое, што сказанае імі камусьці спатрэбіцца, што яно будзе неяк улічана. Матэрыялы апублікаваныя ў аднайменнай складанцы - зборніку на рускай і англійскай мовах.

 

Яшчэ больш напоўненай паведамленнямі і дыскусіямі атрымалася ў нас двухдзённая міжнародная канферэнцыя «Станаўленне грамадзянскай супольнасці ў Беларусі ў кантэксце ўстойлівага развіцця» (1999). Канферэнцыя ладзілася пры ўдзеле і фінансавай падтрымцы прадстаўніцтва ААН і Кансультатыўна-наглядальнай групы АБСЕ у Рэспубліцы Беларусь.

Мабыць, своеасаблівая інтрыга для ўдзельнікаў форума і нават парадаксальнасць сітуацыі палягалі ў тым, што на пракаветнай нашай зямлі не сфармавалася грамадзянская супольнасць, і калі яна, супольнасць, перш неяк і складвалася, то потым яе напаткалі стагнацыя і разбурэнне, што ні для кога тут ужо не з'яўлялася сакрэтам. Нам, тутэйшым, здавалася проста непаразуменнем, пралікам, памылкай тое, што адбывалася ў грамадзе і асабліва ў палітыцы нашай няўцямнай кіруючай эліты. Камусьці, можа, і на руку былі невыразнасць структуры, асерадненне грамадства, бясколернасць і фарсіраванае зліццё розных пластоў, недапушчэнне пры гэтым умацавання трэцяга сектара ў эканоміцы і г. д. Адсюль патаемнай задачай нашай канферэнцыі бачылася прыцягненне ўвагі не толькі грамадскіх арганізацый, якіх было не так і багата, але разам з імі і дзяржаўных інстытутаў краіны да праблемы «грамады», а разам з тым і да развіцця грамадзянскай супольнасці.

Уяўляецца цікавым меркаванне Гегеля, - дакладваў на форуме член-корэспандэнт НАН Беларусі гісторык У. А. Бабкоў. - Гегель лічыў, што «па праўдзе грамадзянская супольнасць ёсць спеласць сацыяльных сувязяў, якія выключаюць анархію і дэспатыю ў прынцыпе. Аднак жа неразвітасць грамадства, - доўжыў ён, - з'яўляецца падмацоўваючым асяроддзем для таталітарных і аўтарытарных рэжымаў».

На форуме з усіх бакоў, шырока і прадметна разгледзелі і, як кажуць, абсмакталі праблему. Але ў свеце ў цэлым, каб абапірацца на грамадзянскую супольнасць (для ўстойлівага развіцця краін і кантынентаў), час яшчэ не прыспеў, што паказала траекторыя развіцця, якая прывяла да жорсткага вайсковага канфлікту і крызісу на Балканах. Аб гэтым з трывогай выказваўся наш маскоўскі калега і сябар Святаслаў Забелін. З'яўляючыся навукоўцам-біёлагам, ён доўгі час узначальваў Міжнародны сацыяльна-экалагічны саюз. Па яго словах, будучыня - за будаўніцтвам іншай цывілізацыі, на больш чалавечых і экалагічных прынцыпах, на базе іншай сістэмы каштоўнасцяў. Не аднойчы гаворана, што для рашэння ўсіх праблем досыць было б прытрымлівацца Нагорнай пропаведзі Ісуса Хрыста. Аднак жа не вызнаем яе...

Вынікам канферэнцыі і ў гэтым выпадку з'явілася выданне на рускай і англійскай мовах кнігі дыскусійных матэрыялаў, і, як мне ўяўляецца, досыць красамоўных.

 

Беларускі сацыяльна-экалагічны саюз «Чарнобыль» пры падтрымцы шэрагу міжнародных і мясцовых структур, Інстытута заалогіі і Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі правёў у снежні 2000 года ў Доме літаратара канферэнцыю «Экалагічныя і маральна-этычныя праблемы асоба ахоўных тэрыторый», тэзісы дакладаў удзельнікаў былі выдадзеныя намі папярэдне.

Сапраўдную трывогу выклікала тое, што, насуперак законам аб ахове запаведных месцаў, тэхнагенныя шчупальцы і драпежныя інтарэсы некаторых нашых грамадзян, надзеленых часам уладай, пранікаюць і на гэтыя тэрыторыі. Красамоўным прыкладам чаму стала Белавежская пушча з разгорнутай у ёй вытворчасцю па перапрацоўцы драўніны і паляўнічым заняткам.

Шмат сіл і энергіі запатрабавала ад нас падрыхтоўка разам з Саюзам беларускіх пісьменнікаў (старшыня Вольга Іпатава) і правядзенне ў Доме літаратара ў ліпені 2002 года трохдзённага міжнароднага сімпозіума на тэму: «Разнастайнасць моў і культур ў кантэксце глабалізацыі». У яго працы прынялі непасрэдны ўдзел і выступілі з дакладамі і паведамленнямі прадстаўнікі больш чым 20 краін Еўропы і Азіі. І сутнасць усіх выступаў: жывая і развітая мова - найвелізарнае тварэнне і скарб кожнага народа, яна ж - аснова самабытнай культуры, на ёй трымаецца ментальнасць і прыгажосць душы прадстаўнікоў пэўнай нацыі; мова, урэшце, кансалідуе і духоўна гуртуе народ і нацыю, адкрывае ім шлях да росквіту. Сколькі мовы - столькі і нацыі, якая мова - такая і нацыя!

Міжнародны сімпозіум «Разнастайнасць моў і культур ў кантэксце глабалізацыі». Адам Мальдзіс, Васіль Якавенка, Вольга Іпатава
Міжнародны сімпозіум «Разнастайнасць моў і культур ў кантэксце глабалізацыі». Адам Мальдзіс, Васіль Якавенка, Вольга Іпатава
 

Сімпозіум праходзіў пад эгідай міжнароднай арганізацыі ЮНЭСКА, і не выпадкова яго ўганараваў сваёй прысутнасцю і кароткай прамовай Генеральны дырэктар ЮНЭСКА Каіціра Мацууры.

Форум удаўся, і яго поспех перш за ўсё быў поспехам Вольгі Міхайлаўны Іпатавай, якая выдатна валодала як палітычнай, так і сацыякультурнай сітуацыяй, не гаворачы ўжо пра веды ў глыбіннай гісторыі, была носьбітам і палымяным абаронцам патрыятычнай ідэі ў краіне; у аргкамітэце яна займалася найбольш вузлавымі пытаннямі і, зразумела, знешнімі кантактамі. Немалаважную ролю тут адыгрывалі таксама нашы паплечнікі Адам Мальдзіс, вядомы вучоны, філолаг, і Ягор Фядзюшын, фізік, эколаг; першы самастойна рыхтаваў у рамках сімпозіума і правёў круглы стол «Вытокі фізічнага і маральнага тэрарызму ў эпоху глабалізацыі», другі - разам са мной пыніўся над вырашэннем шматлікіх арганізацыйных пытанняў. Зрэшты, у нас не было выразнага размежавання абавязкаў. Працавалі дружна. Нярэдка выручала нас перакладчыца Ніна Квасавец. Было шмат дабраахвотных памочнікаў, у тым, відаць, і сакрэт поспеху.

Няма больш патрэбы спыняцца на гэтым форуме. Два тамы прадметных, надзеленых глыбінёй думкі матэрыялаў сімпозіума - добры след, які ён пакінуў.

Да недахопаў усіх міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцый, сімпозіумаў, «круглых сталоў», якія мы арганізоўвалі і праводзілі, трэба аднесці адсутнасць да іх увагі з боку кіруючай эліты, палітыкаў, палітолагаў, маючых вагу ва ўладзе; толькі зрэдзь тут можна было пачуць таго або іншага міністра, сенатара, дэпутата Палаты прадстаўнікоў, вядомага вучонага. Можна сказаць, нашы дабрачынныя сацыяльна-экалагічныя і духоўныя высілкі, намаганні ігнаравала таксама афіцыйная прэса. Усё гэта зноў жа сведчыць пра адсутнасць клопату ў краіне аб развіцці і ўмацаванні грамадзянскай супольнасці, што так ці інакш уплывае на здароўе нацыі. А чаму, уласна?

Дзяржава не ўмела і не схільная была карыстацца розумам грамадзянскай супольнасці - усё гэта ёй да аднаго месца было...

Image

 

Яшчэ ў 1997 годзе мы, белсаэсаўцы, упершыню на канферэнцыі ў Доме літаратара абмеркавалі хвалюючую многіх суайчыннікаў тэму «Беларуская атамная станцыя: рэальнасць і ілюзіі». Вёў пасяджэнне Міхаіл Д. Цяўлоўскі, заслужаны дзеяч навукі, доктар тэхнічных навук, прэзідэнт Фонду абароны жыцця каля яго вытокаў і генетычнага коду народа. Было шмат навукоўцаў, былі «атамшчыкі», у тым ліку і Аляксандр Міхалевіч, які ў сваіх артыкулах у шырокай прэсе прапагандаваў будаўніцтва беларускай атамнай станцыі, але, як тут прызналі эксперты нашай канферэнцыі, яго абгрунтаванне было складзена без ведання альбо без жадання ведаць сапраўдную цану АЭС, яе будаўніцтва і эксплуатацыі, урэшце - наступстваў ад усёй гэтай рахубы. Канферэнцыя асудзіла дылетантызм і нядобрасумленнасць ініцыятараў будаўніцтва АЭС у Беларусі.

І зноў жа ўсё паўтарылася праз 12-13 гадоў; на арэну выплылі тыя ж аматары гульняў з «мірным атамам», і да іх цяпер ужо, як ні дзіўна, прыслухалася ўлада. Прыслухалася і без усялякага аб'ектыўнага, а тым больш глыбокага абгрунтавання і ўліку рызыкі прыняла «палітычнае рашэнне» (заўважце, не эканамічнае і не экалагічнае, не! - прынамсі, Інстытут эканомікі НАН Беларусі выдаў станцыі адмоўную ацэнку), улада прыняла рашэнне і пачала рупіцца, закладваць муры пад Астраўцом, рабіць усё, каб асягнуць груды работ і агораць «сваю» чарнобыльскую штуку.

На гэты раз у грамадскіх аб'яднаннях клопат па незалежным аналізе праекта і яго ацэнцы возьме на сябе намеснік кіраўніка БелСаЭС «Чарнобыль» Ягор Фядзюшын, фізік-атамшчык, - ён узначаліць рух «Вучоныя за бяз'ядзерную Беларусь!»; рух правядзе некалькі грамадскіх слуханняў, зробіць звароты да ўлады і суайчыннікаў. Між іншым, актыўнейшую працу ў гэтым жа плане разгорне і грамадскае аб'яднанне «Экадом», якое даўно ўжо заснавала і ўзначальвае Ірына Сухій, энергічная маладая асоба, шырока арыентаваны эколаг.

 

Калектыў рэдакцыі газеты «Набат». 1991 г.
Калектыў рэдакцыі газеты «Набат». 1991 г.
 

Цалкам арыгінальным і, дарэчы, паспяховым праектам у БелСаЭС «Чарнобыль» стаў выпуск з самага пачатку 1991 года сацыяльна-экалагічнай газеты «Набат», якая ледзь не кожным сваім матэрыялам, адкрытым, сацыяльна-вострым, праніклівым, прабівала дарогу да галоснасці, рашуча і смела вяла дыскусіі па нявырашаных чарнобыльскіх і ў цэлым экалагічных праблемах, асвятляла ўздзеянне радыяцыі на здароўе чалавека, яе ўплыў на ўвесь жывёльны і раслінны свет. Да дзіўнага ўзрушлівым і ўрачыстым было з'яўленне першага нумара газеты ў кіёсках; не верылася, што ў атмасферы, калі працэжвалася на сіце цэнзуры любое свежае друкаванае слова, новая газета выйдзе. На радасць нашым чытачам, «Набат» убачыў свет і неўзабаве даволі далёка разышоўся па падпісцы.

Падрыхтоўка чарговага нумара газеты «Набат». 1993 г.
Падрыхтоўка чарговага нумара газеты «Набат». 1993 г.
 

Мой намеснік па грамадскім аб'яднанні гамяльчанін Юры Варонежцаў, на той час народны дэпутат Вярхоўнага Савета СССР, выступаючы на канферэнцыі «Навакольнае асяроддзе і правы чалавека» і характарызуючы вольны друк, казаў пра «Набат», па-мойму, не крывячы душой, шчыра:

«В этой газете, основанной Белорусским социально-экологическим союзом «Чернобыль», размещалась информация, значение которой для общественности трудно переоценить. Это была газета для всех, и сразу после выхода первых номеров она стала своеобразным центром притяжения известных ученых, общественных деятелей, публицистов, которым были небезразличны проблемы, связанные с экологией. Но не только природоохранная деятельность освещалась в газете. «Набат» расширил тематику, стали появляться материалы, в которых обсуждались актуальнейшие политические, экономические, нравственные проблемы. Зачастую эти материалы затрагивали интересы власть имущих. Следовали судебные иски, прямое давление на редакцию. Но газета оставалась верной выбранной линии.

«Набат» был интересен и простому человеку, не знающему специальных терминов и далекому от политики. В каждом номере публиковались конкретные советы, которые помогали снизить воздействие радиационных факторов на здоровье людей, живущих и работающих в загрязненной зоне».

 

Адзін з нашых актывістаў і аўтараў - фізік Міхась Малько, да якога як чалавека высокай эрудыцыі і шырокіх інтарэсаў мы часам звярталіся па дапамогу, неяк выказаўся: «Набат» зрабіў пралом у глухой сцяне дэзінфармацыі і ўтойвання чарнобыльскіх праблем!».

Прапаную да сказанага тут яшчэ колькі вытрымак з лістоў.

«Я почти уверен, что минская социально-экалогическая газета «Набат», очень серьезная и злободневная, делающаяся на хорошем профессиональном журналистском уровне, не только выживет, но и приобретет широкую известность».

Виктор Астафьев, писатель.
1992. Иркутск.

«Являюсь подписчиком газеты с первого ее номера. Мне импонирует ее социально-экологическая направленность, ее настойчивость в борьбе за выживание многострадального белорусского народа, всех пострадавших от Чернобыльской катастрофы. Такая газета нам, дальневосточникам, особенно «зеленому движению», во главе которого стоят народные депутаты В. Десятов и Е. Гаер, тоже очень и очень нужна».

Виталий Одынец, внештатный инспектор комитета экологии города.
1992. Комсомольск-на-Амуре.

«Газета «Набат» должна устоять. Она нужна всем!

Янина Макарова. 1992. Феодосия.

Міхаіл Дудзін
Міхаіл Дудзін
На газету «Набат» у розны час працавалі (у складзе рэдакцыі або не) літаратары Анатоль Казловіч, Васіль Рошчын, Віктар Дземянёў (Кіеў), Алена Мімрык, Марыя Філіповіч, Алег Фомчанка, Яўген Пушкін, Іван Пырх (Бранск), Уладзімір Кажэўнікаў, Герман Круглоў, Юры Дранжкевіч (Чарнобыль), Юры Такарэнка (Новасібірск), Міхась Стэльмах, Тадэвуш Скібінскі, Андрэй Вашкевіч, Ружа Налтанян, Людміла Багачэвіч (Кіеў), Валеры Дранчук, Валеры Татарцаў, Валеры Санько, Міхаіл Крыжаноўскі, Канстанцін Тычына, Алесь Шагулін, Мікалай Брыкс, Валеры Шумілаў, Анатоль Гурачэўскі, Уладзімір Цокаў, Ала Ткачова, фатограф Віктар Ігнатовіч, мастак Мікалай Гіргель, аператар вёрсткі і дызайну Саша Годзіна. Вядома ж, гэта не лічачы паэта Міхаіла Дудзіна, як і шматлікіх іншых аўтараў. Мне, яе рэдактару, цяжка знайсці адпаведныя словы ўдзячнасці тым, хто шанаваў, падтрымліваў і ўласнаручна рабіў нумар за нумарам гэтай газеты. «Набат» выканаў-такі сваю пачэсную місію.

Мінула ўжо паўтара дзясятка гадоў ад выхаду апошняга нумара, калі я ўзяў у рукі падшыўку і пагартаў год за годам. Быў сум. Але й нешта іншае. «Бацюхны! - хацелася ўсклікнуць: - Ды як жа гэта нам удавалася рабіць такую газету, дзе ледзь не кожны матэрыял зіхаціць сваімі гранямі і, на жаль, актуальны дагэтуль!»

У 1999 годзе па матэрыялах газеты «Набат» выдадзена тоўстая і вартая памяці аб чарнобыльскіх падзеях і героях кніга «Письма к живым. Дайджест газеты «Набат».

 

У пачатку 1990-х мы наладзілі супрацоўніцтва з японскімі партнёрамі - грамадскай ініцыятывай «Рух у дапамогу Чарнобылю». З імі разам распрацавалі канкрэтную праграму па аздараўленні дзяцей чарнобыльскай зоны. І вырашылі правіць іх здароўе не дзе-небудзь далёка, за мяжой, а на месцы - у Беларусі.

І вось у канцы 1992 года, поўныя найлепшых парыванняў і гордасці за сябе і адно за аднаго, мы адкрылі санаторый «Кюсю-на-Свіслачы» пад Мінскам, на арандаванай плошчы спорткомплекса «Стайкі». Там наша чарнобыльскае птаства разам з жылымі памяшканнямі і медыцынскімі кабінетамі карысталася яшчэ і спартыўнымі заламі.

За перыяд да 1996 года ўключна комплексам аздараўлення скарысталіся тры тысячы дзяцей чарнобыльскай зоны. З японскага боку найпершымі памагатымі ў гэтай немалаважнай і адказнай справе выступілі лідэры «Руху ў дапамогу Чарнобылю», энергічныя і слаўныя людзі: Мамору Фукае, паштовы службовец, і Руйшы Накамура, прадпрымальнік. А ў Японіі ў іх былі дзесяткі паплечнікаў, якія з-за клопатаў у гэтым праекце часам адмаўлялі сабе багата ў чым.

Чатыры гады японцы высакародна, аддана і натхнёна падтрымлівалі санаторый сродкамі, сваімі ўласнымі і сабранымі ў насельніцтва, - як што 50 адсоткаў санаторных выдаткаў пакрывалі яны, а 50 адсоткаў - наш бок; тут, на беларускай зямлі, разам з намі гэтым праектам ласкава апекаваліся ў апараце беларускіх прафсаюзаў - тагачасны лідэр Уладзімір Ганчарык, наша ўдзячнасць яму.

Нельга не адзначыць яшчэ і тое, што японцы пастаўлялі ў санаторый часткова медыцынскае абсталяванне, неаднаразова прывозілі вітаміны і іншыя аздараўленчыя сродкі, на месцы мы куплялі мёд і ў цэлым экалагічна чыстыя прадукты.

Каля будынку ў якім размяшчаўся Сацыяльна-экалагічны саюз «Чарнобыль». Другі злева — Мамору Фукае
Каля будынку ў якім размяшчаўся Сацыяльна-экалагічны саюз «Чарнобыль». Другі злева — Мамору Фукае

Арганізацыяй адпачынку, аздараўленнем дзяцей у санаторыі асабліва старанна і шчыра займалася намеснік галоўнага ўрача Ларыса Якавенка, як, зрэшты, і ўвесь медперсанал спартыўнага цэнтра ў Стайках. Дзякуючы іхняму клопату і ўсім пералічаным вышэй складальнікам поспеху, санаторый «Кюсю-на-Свіслачы» неўзабаве заняў у Беларусі лідыруючае становішча сярод падобных аздараўленчых устаноў для аслабленых і кволых дзяцей. Дадам хіба што: ён меў поспех менавіта па профілю дужасці, узняцця імунітэту дзяцей. Гэта было адзначана кампетэнтнай камісіяй Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, якую ўзначальвала галоўны педыятр Нона Р. Рысь.

Не дзіва, вядома ж, як гэты санаторый для японскіх партнёраў стаў справай гонару і высокай асабістай годнасці. Ён быў прадметам і нашых немалых агульных клопатаў і ўсе мы, хто меў непасрэднае дачыненне да санаторыя, рабілі свой грамадзянскі ўнёсак у пагашэнне чарнобыльскага пажару. Тым не менш неўзабаве нам прыйшлося гэты санаторый закрыць.

Вестка проста агаломшыла нашых японскіх сяброў. Яны ж аніяк не маглі ўзяць сабе ў толк, а тым больш растлумачыць сваім паплечнікам у Японіі, што здарылася, чаму гэта здарылася, бо і сапраўды на тое нішто раней не паказвала. У іх галовах, якія прывыклі да парадку і стабільнасці жыцця, ніяк не ўкладвалася, як гэта медыцынская служба беларускага Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, у якой, дарэчы, вяршылі справы Іван Коваль і Валеры Шаўчук, знайшла падставы, каб адмовіць грамадскаму аб'яднанню БелСаЭС «Чарнобыль» у ліцэнзіі на аздараўленне дзяцей у Стайках.

На самай справе, чаму гэта здарылася? Ці то абодва служкі міністэрства былі настолькі прынцыповымі, ці то былі фанабэрыстымі і недалёкімі людзьмі? Знайшлася падстава: у агульных прыбіральнях корпуса, дзе размяшчаліся дзеці, нібыта бракавала да нормы аднаго месца. Гэта была прыдумка Коваля, бо архітэктары, калі праектавалі жытло, ведалі нормы не горш, скажам, за медыка.

Але ж прычына таго канфузу ў іншым. Газета «Набат» у адным з нумароў (люты, 1996) апублікавала «ЗАЯВУ Беларускага сацыяльна-экалагічнага саюза «Чарнобыль» Аб неадпаведнасці дзейнасці Міністэрства па надзвычайных сітуацыях узроўню нацыянальных задач».

На пашыраным паседжанні кіраўніцтва БелСаЭС «Чарнобыль», дзе абмяркоўвалася гэта заява, са сваімі меркаваннямі і прапановамі выступілі дэпутат Вярхоўнага Савета Анатоль Волкаў; доктар медыцынскіх навук, дырэктар БелНДІ экспертызы працаздольнасці і арганізацыі працы Эдуард Збароўскі; член-карэспандэнт АН Беларусі Іван Нікітчанка; доктар філасофскіх навук, эколаг Павел Вадап'янаў. Заяву падтрымалі таксама ўрач, яна ж і старшыня Беларускага камітэта «Дзеці Чарнобыля» Тамара Белавокая, як і мае паплечнікі, на іх я нярэдка абапіраўся, - Юры Варонежцаў, Міхаіл Малько, Анатоль Банкевіч і іншыя. Грунтуючыся на фактах і крыніцах, якія нам былі знаёмыя і пэўным чынам характарызавалі дзейнасць Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, вышэй названую заяву падпісалі 15 чалавек - усё навукоўцы і грамадскія дзеячы.

Наша газета была папулярнай сярод чытачоў, і, калі выйшаў нумар з заявай, то ў міністэрстве сяго-таго, відавочна, пачало трэсці ад хвалявання і нянавісці да асоб-падпісантаў. Міністр Іван Кенік падаў у суд іск на газету, але пасля першага ж судовага паседжання па гэтай справе змушаны быў іск адклікаць, як што справядлівасць і правамоцнасць публікацыі вельмі нават добра маглі пацвердзіцца вынікамі розных дзяржаўных праверак скандальнай у тым часе ўстановы. А копіі дакументаў праверак мы ў ходзе пасяджэння суда запатрабавалі.

На сённяшні розум, лічу, аднак, не лішнім зазначыць, што ў неэфектыўным выкарыстанні і нястрыманым растранжырванні дзяржаўных сродкаў на «ліквідацыю наступстваў» вінаваты быў, бадай, не столькі міністр МЧС, колькі сістэма, у якой ён працаваў. Але ж куды дзенешся ад факта заявы «аб неадпаведнасці дзейнасці ўзроўню нацыянальных задач»? І, не прыдумаўшы нічога лепшага, як нам - шэльмам, што ўчынілі такую крыўду, - насаліць, міністэрства адыгралася на ліцэнзіі для аздараўлення дзяцей, не выдаўшы яе грамадскаму аб'яднанню.

Тым самым мы і нашы адданыя высакароднай справе партнёры былі пастаўлены ў нядобрую, адкрыта скажам, зняважлівую сітуацыю.

 

У 1997-1998 гадах група медыкаў, неўрапатолагаў і іншых спецыялістаў БелСаЭС «Чарнобыль» пад кіраўніцтвам усё той жа Ларысы Якавенка займалася абследаваннем дзяцей у розных забруджаных вёсках Бярэзінскага, Барысаўскага і некаторых іншых раёнаў Міншчыны, а таксама абследаваннем перасяленцаў у пасёлку Чысць Маладзечанскага раёна. Інфармацыю аб выяўленых захворваннях перадавалі ў афіцыйныя медыцынскія службы. На маёй памяці дагэтуль скрушлівыя жальбы ўдзельнікаў гэтай медыцынскай групы на педагагічную занядбанасць навучэнцаў школ у глухіх вёсках, на разумовую адсталасць і дэбільнасць, пераважна ў тых, якія на момант Чарнобыльскай катастрофы знаходзіліся ў чэраве маці.

Пачынаючы з 1995 года, БелСаЭС «Чарнобыль» час ад часу выпускаў асобныя кнігі, падрыхтаваў і выдаў у тым ліку зборнік конкурсных сачыненняў беларускіх школьнікаў на тэму Чарнобыля - «След чорнага ветру».

Правесці конкурс нам дапамагло Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, за што мы яму былі вельмі ўдзячныя. У зборнік ўвайшлі каля сотні сачыненняў у розных літаратурных жанрах. У якасці ілюстрацый друкаваліся малюнкі дзяцей. Адкрывалася складанка выдатным малюнкам Юліі Морозавай «Чарнобыльская мадона», разам з адмысловым тэкстам малітвы Таццяны Акулевіч «Ратуй нас, Божа!».

Гэта кніга шмат у чым дапаўняла ўжо вядомае і напісанае пра Чарнобыльскую катастрофу. У той жа час яна па-свойму, глыбока і ярка асвятляла падзеі, сямейныя драмы і трагедыі. Па словах аднаго з адмыслоўцаў, усяго толькі па сачыненнях зборніка «След чорнага ветру» можна вывучаць гісторыю Чарнобыльскай катастрофы. Дзеці шчырыя летапісцы і сведкі, дзеці не хлусяць. Яны на сабе спазналі бяду.

Зборнік сачыненняў «След чорнага ветру» лічыцца своеасаблівым шэдэўрам у чарнобыльскай літаратуры, ён перавыданы ў Японіі, Бразіліі і Германіі.

Праз сем-восем гадоў пасля гэтага ўнікальнага выдання мы падрыхтавалі і выпусцілі новы зборнік успамінаў, як працяг першага. І на гэты раз тыя ж аўтары - некаторыя з дэбютантаў зборніка «След чорнага ветру». Яны пасталелі і набылі ўжо пэўны жыццёвы досвед. Кніга новых сачыненняў называецца «Чарнобыльскія матылі» (2003), яна выдадзена на некалькіх мовах. Маладыя людзі распавядаюць пра пачатак свайго самастойнага шляху, выяўляюць па-новаму сваё светаўспрыманне, дзеляцца асабістымі поспехамі і задумамі.

Відавочна, заслугоўвае неардынарнай увагі чытачоў таксама выпушчаны намі ў выдавецтве «Беларускі кнігазбор» складнік «Крушэнне на ростані» (2002), куды ўвайшлі напісаныя мной найбольш значныя артыкулы, эсэ і іншыя матэрыялы, у якіх закранаюцца экалагічныя і духоўныя тэмы жыцця грамадства, у тым ліку клопаты пісьменнікаў у наш пераходны (ад Перабудовы ды Чарнобыльскай катастрофы і распаду Союза) час.

 

БелСаЭС «Чарнобыль» займаўся таксама атрыманнем і размеркаваннем гуманітарнай дапамогі, часткова аздараўленнем дзяцей за мяжой. І тут нашымі партнёрамі сталі чарнобыльскія ініцыятывы: у Германіі - кіраўнікі Ханналёра Хайнрых (Эрфурт, Цюрынгія), Пауль Кох (Ватцум, Ніжняя Саксонія), Франк Гофман (Хаслох, Райнфаль), а ў Даніі - Дан Дысінг - Мадсэн (Сківе).

Па праграме гуманітарнай дапамогі, захаваўшы кантакты, найбольш плённа працуюць нашы аддзяленні - Мазырскае рэгіянальнае пад кіраўніцтвам Ірыны Станкевіч і Мазырскі цэнтр сацыяльна-псіхалагічнай рэабілітацыі насельніцтва «Жыццё пасля Чарнобылю», які ўзначальвае Лідзія Ралько.

 

Вацлава Вярбоўская і Марыя Дзямковіч на прыёме ў прэзідэнта ЗША Джорджа Буша-старэйшага. Вашынгтон, Белы дом, 1992 г.
Вацлава Вярбоўская і Марыя Дзямковіч на прыёме ў прэзідэнта ЗША Джорджа Буша-старэйшага. Вашынгтон, Белы дом, 1992 г.
 

Томас Фолі
Томас Фолі
Зусім асобна ў чыннай гуманітарнай прасторы стаіць ініцыятыва Піцбуржскага медыцынскага універсітэта (ЗША), а калі больш канкрэтна - доктара Томаса Фоллі і Марыі Дзямковіч, апошняя - беларуска з мястэчка Моталь, па сканчэнні Варшаўскай вышэйшай медыцынскай школы працавала педыятрам у Польшчы, потым - у ЗША. Пасля Чарнобыльскай катастрофы і асабліва распаду Савецкага Саюза неаднойчы прыязджала на Бацькаўшчыну; у Мінску пазнаёмілася з дзейнасцю аб'яднання БелСаЭС «Чарнобыль», з дактарамі клінікі Інстытута радыяцыйнай медыцыны і 4-й дзіцячай бальніцы; вярнуўшыся ў Амерыку, пачала назапашваць разнастайныя лекі, медыцынскі рыштунак, прыборы, прывозіла іх у выглядзе гуманітарнай дапамогі ў 4-ю дзіцячую бальніцу і Мотальскую сельскую бальніцу.

Доктар Марыя разам з другой сваёй зямлячкай, рэжысёрам тэлебачання Вацлавай Вярбоўскай патрапілі на прыём да прэзідэнта ЗША Джорджа Буша і расказалі яму аб чарнобыльскай трагедыі, што напаткала маладую краіну Беларусь, створаную на постсавецкай прасторы. Вынікам таго візіту была гуманітарная дапамога ў выглядзе лекаў. Будучы выдзеленай, яна пайшла па прызначэнні праз прадстаўніцтва Беларусі ў Нью-Ёрку.

У Піцбургу Марыя здолела зацікавіць амерыканскіх медыкаў чарнобыльскімі праблемамі, і таму неўзабаве яны ўжо разам з прафесарам Томасам Фоллі (Thomas Foley), спецыялістам па эндакрыналогіі, прыязджаюць у Беларусь.

Паводле слоў Томаса Фоллі, у праграму партнёрства ў асноўным уваходзілі адукацыя і ўдасканаленне спецыялістаў.А марай партнёрскага супрацоўніцтва было адкрыццё ў Беларусі дзіцячага медыцынскага цэнтра, па сваёй аснашчанасці,як бачылася энтузіястам тады, найлепшага на гэтым кантыненце.

Марыя Дзямковіч
Марыя Дзямковіч
 Паскорыць вырашэнне пытання амерыканскага супрацоўніцтва з нашай краінай дапамаглі зноў жа беларуская дыяспара ў ЗША і асабіста доктар Марыя Дзямковіч. Яны пісалі лісты і накіроўвалі іх членам амерыканскага ўраду і парламента, непасрэдна вялі перамовы.

У ходзе супрацоўніцтва з амерыканскімі спецыялістамі пазнаёміліся і прайшлі курс удасканалення за мяжой, у Піцбургу, а таксама ў Польшчы, шмат якія беларускія спецыялісты ў галіне медыцынскай радыялогіі, у тым ліку Ларыса Астахава,Таццяна Варанцова, Таццяна Маслоўская, Таццяна Палякова, Ірына Мітрошанка, Сяргей Мяльноў. Тэмы стажыровак мяняліся - былі і па захворванні дзяцей і дарослых на рак шчытападобнай залозы, і па захворванні на рак малочнай залозы ў жанчын...

Праект Томаса Фолі набыў назву "Вучоныя дапамагаюць дзецям Чарнобыля". Ён, як вядома, залежыць ад фінансавання ў ЗША і доўжыцца ў абмене вопытам дагэтуль.

 

Першая лэдзі ЗША Хілары Клінтан і прафесар Томас Фолі ў 4-й дзіцячай бальніцы г. Мінска. 1994 г.
Першая лэдзі ЗША Хілары Клінтан і прафесар Томас Фолі ў 4-й дзіцячай бальніцы г. Мінска. 1994 г.
  

Сам доктар Фолі - чалавек даволі шырокіх інтарэсаў, складае песні, іграе на банджо і гітары; таму і не выпадкова ў газеце "Набат" быў надрукаваны ягоны верш "Чарнобыль", прысвечаны радыяцыйнай экалагічнай катастрофе, куплеты з якога падаюцца тут у перакладзе на беларускую мову Станіслава Судніка.

Страшней, чым у годы ваеннага жаху,
На хаты палескія легла бяда.
І людзі пазбаўлены роднага даху,
І страшнымі сталі зямля і вада.

Выбух рэактара грозна-атрутны
І плач шматмільённы без модлаў і слёз.
Узвіўся пад неба цэзій атрутны
І вецер атручаны попел панёс.

(© 1986 Thomas P. Foley, Jr.)

Было надзвычай цікавым тое, пра што наш госць распавёў чытачам газеты "Набат", якую мы выдавалі: "Апроч сваёй працы люблю займацца музыкай. Аддаю перавагу класічнай оперы, а яшчэ я далёка неабыякавы да "музыкі блакітнай травы", што, бадай, не ўсім зразумела.Наважваўся дырыжыраваць "Дон-Жуана ў Метраполі, але гэта пакуль не далося ў рукі. Сярод маіх сяброў віанчэліст і канцэртмайстар. Спадзяюся, яны мне дапамогуць. Відавочна, давядзецца ахвяраваць немалымі сродкамі дзеля Метраполь-оперы. Але нічога, мы пачакаем з выкананнем гэтай індывідуальнай праграмы, пакуль не вырашым усе медыцынскія праблемы ў Беларусі і ЗША".

У газеце "Набат", між іншым , нярэдкімі гасцямі былі беларускія паэты, да прыкладу, Я.Гучок, В.Жуковіч, С.Законнікаў, Б.Спрынчан... Адзін з іх - паэт Іосіф Васілеўскі, настолькі пранікся прыхільнасцю і чуласцю сяброў з-за акіяна, што прысвяціў гожай зямлячцы - заўзятаму доктару Марыі Дзямковіч верш "Признательность", складзены ў манеры, што была наогул ўласцівая яму, чалавеку артыстычнай і ўзнёслай натуры (перакдад з рускай мовы С.Судніка):

Нібы сыход ратункавы Хрыста...
Як з неба ў дні чарнобыльскія, злыя
Быў Ваш прыезд і Ваша дабрата,
І Ваша міласэрнасць як святыя.

Як сэрцам трэба ўсё было прыняць, 
Каб у краі, што атам злы парушыў,
Дзяцей, старых, нямоглых ратаваць
І ацаляць скалечаныя душы.

Наш дзякуй Вам! Мы дзякуем за ўсё
І доктару найслаўнейшаму Фолі,
Я можа кнігай адару сваёй,
Калі на тое стане Божай волі.

Майму паплечніку светлай памяці Іосіфу Васілеўскаму, на вялікі жаль, не суджана было адарыць Марыю, Томаса і ўсю грамаду чытачоў сваёй новай кніжкай. Прабач, шчыры чалавеча, але ж затое меў шчасце зрабіць гэта я, і Марыя Дзямковіч (Раманавічанка) стала адным з дасціпных персанажаў майго гістарычнага рамана «Надлом» і трылогіі «Пакутны век».

Дзелавая гутарка ў рэдакцыі газеты «Набат». Злева — Алена Мімрык, стыль-рэдактар. Чэрвень 1993 г.
Дзелавая гутарка ў рэдакцыі газеты «Набат». Злева — Алена Мімрык, стыль-рэдактар. Чэрвень 1993 г.
  

Далей, працягваючы аповед пра сацыяльна-экалагічны саюз, належыць сказаць, што чыста экалагічнымі праектамі ў нас паспяхова займаліся Баранавіцкае аддзяленне, кіраўнік Анатоль Банкевіч, Кобрынскае аддзяленне - экалогія, здаровы лад жыцця, мараль, - кіраўнік Уладзімір Сацэвіч, Мінская арганізацыя - тонкія матэрыі, экалогія чалавека, - кіраўнік Васіль Касінец, а таксама Бабруйская ініцыятыва, - ландшафты і людзі, іх звычкі, прапаганда ведаў аб супольным ўладкаванні ў тым ці іншым кутку, - каардынатар Ігар Куталоўскі.

Праекты ва ўсіх розныя. Баранавіцкае аддзяленне, напрыклад, заручыўшыся падтрымкай прадстаўніцтва ААН/ПРААН у Беларусі, прыступіла да адмысловага праекта рэкультывацыі зямель і пасадак лесу. Вось яго кароткая справаздача за 2008 год, калі пачынаўся праект:

«Праведзена 5 эколага-адукацыйных семінараў з навучэнцамі 1-й Баранавіцкай гімназіі і 2-й сярэдняй школы на тэму «Карысць лесу для чалавека». Пасля такой культурна-асветнай падрыхтоўкі вучняў мы прыступілі да акцыі (у вясновыя і восеньскія месяцы) па рэкультывацыі кар'ераў пад горадам і пасадцы дрэў. У гэтай нашай акцыі прынялі ўдзел 300 вучняў, з імі разам працавалі і спецыялісты Баранавіцкага лясгаса. Лес высаджаны на плошчы ў 25 гектараў».

А дзякуючы дзейнасці Бабруйскай ініцыятывы было ўтворана тры гэтак званыя Асоба ахоўваемыя прыродныя тэрыторыі, дзве - мясцовага значэння і адна - рэспубліканскага. Сябры ініцыятывы актыўна ўдзельнічаюць ва ўдасканаленні нарматыўнай прававой базы аховы прыроды і прапагандзе экалагічных ведаў.

Беларускім сацыяльна-экалагічным саюзам «Чарнобыль» атрыманы дзяржаўны патэнт № 3352 на «Спосаб вывядзення радыенуклідаў з арганізма», аўтар Валеры Шумілаў, урач. Пры гэтым спосабе вывядзення радыенуклідаў з арганізма (пераважна цэзію) прымяняюцца энтэрасарбенты, толькі іх увядзенне ў арганізм  а д р о з н і в а е ц ц а  тым, што папярэдне назначаюць курс разгрузачна-дыетычнай тэрапіі, а энтэрасорбцыя праводзіцца ў тэрапеўтычна эфектыўных дозах у перыяд поўнага галадання, на працягу 3-10 сутак.

Тут, у выкладзеным аповядзе, багата што названа альбо нават раскрыта, толькі ж яшчэ далёка не ўсё з таго, чым займаўся і займаецца Беларускі сацыяльна-экалагічны саюз «Чарнобыль».

Мае паплечнікі лічаць, што чарнобыльскія радыяцыйныя і іншыя экалагічныя хваробы трэба лячыць, займаючыся лекаваннем і маральна-псіхалагічным аздараўленнем усяго грамадства.

 
« Папяр.   Наст. »
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 1515
mod_vvisit_counter Учора 1602
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 8347
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 52020