Аляксей РАГУЛЯ, кандыдат філалагічных навук, прафесар культуралогіі.
Трылогія "Пакутны век" - твор настолькі адметны і па многіх варунках знакавы для нашай беларускай літаратуры, што ігнараванне яго беларускім літаратуразнаўствам выклікае неспакой і дзіваванне. У 2003 годзе на свет з'явіўся аўтарскі "першынец" - раман "Надлом", пра які С.Явар зазначыла ў кароткім прадстаўленні ў штотыднёвіку "ЛіМ", працытуем: "Раман-эпапея В.Якавенкі, падобных якому даўно не было ў беларускай літаратуры, напісаны надзвычай грунтоўна... Вобразы дзейных асоб атрымаліся псіхалагічна дакладнымі, праўдзівымі. Раман мае рысы прыгодніцкага і гістарычнага адначасова. Чытаецца ён цікава. Твор глыбокі і, можна сказаць, нават эпахальны".
А ў 2006 годзе гэты твор выйшаў з друку ўжо ў выглядзе трылогіі "Пакутны век". У першым жа водгуку на яго ў газеце "Народная воля" П.Васілеўскі зазначыў", цытуем: "Гэта манументальны аповед пра Беларусь у ХХ стагоддзі, аб ператварэнні "тутэйшых" у нацыю. Назвы трох частак - "Кабала", "Надлом", "Гульня на згубу". Так, гэта драма, трагедыя. Але ўдакладню - гераічная драма, гераічная трагедыя".
Нарэшце, у 2009 годзе выйшла 2-е выданне "Пакутнага веку", яшчэ раз паглыбленае і дапоўненае аўтарам. Аднак у беларускіх літаратуразнаўцаў і пасля гэтага, як кажуць, ні адзін мускул не ўздрыгнуў.
У беларускай літаратуры ХХ стагоддзя склаўся своеасаблівы мастацка-канцэпталагічны стыль адлюстравання рэчаіснасці. Змястоўным ядром стала ідэя абнаўлення зямлі - ідэя новага соцыуму. На гэтым напрамку будаўніцтва жыцця літаратура і мастацтва ў цэлым выконваюць функцыі захавальніка духоўных скарбаў. Адначасова літаратура з'яўляецца своеасаблівым паказчыкам трывогі, яна як "знак бяды" (В.Быкаў) папярэджвае чалавецтва пра новыя пагрозы на дарозе ў будучыню. А недзе там, за выбуховым гарызонтам сацыяльнай рэальнасці, "ад казак недалёка", "стаіць на ўзлессі дом", цвіце "садок вішнёвы каля хаты" і "шуміць, красуе жыта", а "варожыя салдаты сном бясслаўным спяць". Энергія болю і паэзія "казкі жыцця" ў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя выяўляюцца пераважна праз экстрэмальныя сітуацыі і ёмкія на сэнс канструкты-тропы, семантыка якіх адлюстроўвае глыбінныя супярэчнасці часу і канкрэтнай асобы: "забраны край", "раскіданае гняздо", "адвечная песня", "новая зямля", "дрыгва", "на ростанях", "вязьмо", "людзі на балоце", "аблава", "вайна", "акупацыя", "ваўчыная яма", "чужая бацькаўшчына". У творчасці В.Якавенкі таксама назіраецца імкненне да насычэння слоўнага вобраза здабыткамі археалогіі ведання - сэнсам гісторыі: "крушэнне на ростанях", "надлом", "гульня на згубу".
У другой палове ХХ стагоддзя дух нацыі быў сканцэнтраваны ў формах рамана-хронікі і лакальнай аповесці. Прарыў да праўды пра калектывізацыю і вайну быў здзейснены ў творах Івана Мележа і Васіля Быкава. Гэтым самым быў ажыццёўлены пераход ад філасофскага рамана-алюзіі да лакальнай сацыяльна-псіхалагічнай аповесці, у якой акцэнт перанесены на сімволіку тупіковай сітуацыі.
Васіль Якавенка вельмі своечасова адчуў неабходнасць сцверджання ўласнай эстэтычнай праграмы. На пачатку ХХ стагоддзя літаратура звярталася да "душою чулых", да "душаў жывых". У эпічнай паэзіі Якуба Коласа граюць "струны прастору". "Музыка перад усім!" - такім быў дэвіз неарамантыкаў. У другой палове ХХ стагоддзя ўзнікла праблема пераадолення блізарукасці ў поглядах на сацыяльную рэальнасць. Васіль Якавенка ў літаратурнай казцы "Жыла-была Мудрасць" (1996) стварыў вобраз садоўніка Сцяпана, які з вялікага, бы аглобля, агурка і чыстай расы стварыў светласкоп-тамограф. Гэты своеасаблівы "прыбор начнога бачання" дазволіў садоўніку ўратаваць свет ад нашэсця пачвар.
У трылогіі "Пакутны век" аўтар, узброены ўласным, нябачным для іншых светласкопам, паказаў маштабную панараму гістарычнага быцця мястэчка Моталь і прылеглых да яго ваколіц, пачынаючы з ХVI стагоддзя. Трылогію аднак нельга трактаваць як хроніку: логіка яе структуры вызначана задачай мабілізацыі духоўных рэсурсаў беларускай нацыі, яе самасцвярджэння ў чалавечым свеце сёння. Не зважаючы на модныя патрабаванні дэканструкцыі і разбурэння логацэнтрызму, аўтар выразна акрэсліў арганізуючы матыў трылогіі. Яго можна ахарактарызаваць словамі заснавальніка беларускай філасофскай прозы Кузьмы Чорнага, які таксама ставіў перад сабой задачу стварыць панарамную карціну гістарычнага быцця нацыі: пошукі будучыні.
Гэты матыў патрабаваў ад В.Якавенкі вялікіх высілкаў духу. У трылогіі ён разгортваецца найбольш поўна і паслядоўна і па-мастацку найбольш пераканаўча.
В.Якавенка ўпершыню ў беларускай прозе паказаў ролю культурных кланаў у гісторыі беларускага адраджэння. У стварэнні беларускай суверэннай дзяржавы былі зацікаўлены прадстаўнікі магнацкіх колаў. Храптовічы, Тышкевічы, Радзівілы, Манюшкі ўжо ў ХІХ стагоддзі зрабілі свой унёсак у развіццё навукі і культуры. У пачатку ХХ стагоддзя ў Беларусі да актуальнага творчага жыцця далучаецца сялянская інтэлігенцыя. Яе намаганнямі створана сучасная беларуская культура. Нацыя, такім чынам, заявіла пра сваё існаванне ў свеце сваім уласным голасам. Натуральнае права "людзьмі звацца" (Я.Купала) трэба было, аднак, адстаяць у змаганні, мабілізуючы на гэта ўвесь патэнцыял нацыянальнай культуры. Светласкоп В.Якавенкі выхоплівае з цемры вякоў падзеі і абліччы ўплывовых асобаў, высвечвае знутры іх сутнасць. Вяршэнне спраў уласнымі Статутамі з 1522 па 1841 гадоў, ліквідацыя халопства, дзеянне прынятай у 1557 годзе Уставы на валокі спрыялі фарміраванню гаспадарскіх адносін да рэчаіснасці ва ўсіх сацыяльных слаях беларускага грамадства. Моц беларускай шляхецкай рэспублікі была забяспечана ўласнай культурай, уласнай ідэалогіяй, якую можна азначыць як літвінізм. У аснову гэтай ідэалогіі закладзены культ гаспадарскай і рыцарскай годнасці чалавека. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай чатыры з паловай мільёны свабодных сялян Беларусі і Украіны былі пераведзены ў стан прыгонных рабоў. Адказам на падобныя захады царызму сталі нацыянальна-вызваленчыя рухі ў 1794, 1831 і 1863 гадах. Паўстанні былі задушаны, Віленскі універсітэт ліквідаваны ў 1832 годзе, але толькі літвінская ідэя свабоднага культурнага гаспадарства засталася неўміручай. У трылогіі "Пакутны век" паказана, як гаспадарскі клопат пра лёс радзіны і Бацькаўшчыны яднае жыццёвыя інтарэсы селяніна Пятра Рамановіча і грамадскага дзеяча з магнацкага роду Рамана Скірмунта.
Менавіта на шляху пераадолення рэшткаў саслоўных забабонаў адкрываліся перспектывы нацыянальнага самасцвярджэння. На мотальскім Палессі ў пачатку ХІХ стагоддзя абшарнік Аляксандр Скірмунт, падобна І.Храптовічу на Наваградчыне, безаглядна парваў з сарматызмам, які быў ідэалагічным апраўданнем мультытыраніі. Прадпрыймальніцкая і мецэнацкая дзейнасць Скірмунтаў адыграла вялікую ролю ў мабілізацыі творчага патэнцыялу сацыяльных нізоў. В.Якавенка пераадолеў інерцыю схематызму і ідэалізацыі ў паказе вяртання асвечаных абшарнікаў да агульнанацыянальных інтарэсаў. З трох братоў Скірмунтаў толькі Раман стаў свядомым дзеячам беларускага адраджэння. Канстанцін (Канстант) Скірмунт быў польскім дыпламатам у час варожага Беларусі рэжыму Пілсудсага, а таленавіты кампазітар і музыкант Генрык застаўся пакутаваць "на ростанях". Не маючы магчымасці паказаць духоўныя працэсы ва ўсёй іх паўнаце, В.Якавенка часам разгортвае асобныя эпізоды ў шматфігурную кампазіцыю, сэнс якой высвечвае далягляды мінуўшчыны і будучыні. Сустрэчы Скірмунтаў з Пятром Рамановічам і яго сынам Барысам здзіўляюць эканомнасцю выяўленчых сродкаў, дакладнасцю сацыяльна-псіхалагічнага малюнка і настраёвасці, якая звычайна з'яўляецца вынікам сацыяльна-філасофскага абагульнення катастрафічнай сутнасці эпохі:
"Светлы сум, непакой і горыч за нешта супольнае, блізкае, што было і не атрымала далейшага свайго развіцця або зусім страчана, напоўнілі сэрца Пятра.
Яны выйшлі ў сенцы, калі музычны матыў, што мякка сачыўся з кабінета Генрыка, змяніўся, ператвараючыся ў наплыў ціхай журбы і пяшчоты, стаў мілажальным ды загучаў адкрыта, моцна і чыста. Генрык выконваў паланез Агінскага".
Так падводзяцца ў маёнтку Скірмунтаў вынікі мастацка-філасофскага аналізу сітуацыі на самым пачатку Другой сусветнай вайны. Рыжская змова супраць Беларусі і Украіны, чалавеканенавісніцкія планы Троцкага, Гітлера, Сталіна, успамін пра трагічны лёс гнанага Напалеона Орды, які меў прытулак у моладаўскім маёнтку, народныя легенды і паданні пра змагароў за справядлівасць, паэзія Янкі Купалы на старонках "Нашай нівы" і журботна-сцвярджальны кліч апрацаванага М.Агінскім беларускага меласу - усё гэта стварае настраёвасць пабуджальную. "Не ўсё яшчэ скончана", - гэты лейтматыў прозы І.Мележа мае свой працяг не толькі ў творчасці В.Якавенкі, але і ў сучаснай гістарыяграфіі. Паняволеныя народы не хочуць і не могуць заставацца "на ростанях" гісторыі. Пазіцыя В.Якавенкі адносна Беларусі ў трылогіі выказана акрэслена і пераканаўча: запаволенасць гісторыка-культурнага працэсу тут ёсць вынік вынішчэння нацыянальнай інтэлігенцыі, беларускай мовы і культуры.
Пісьменнік паказаў цану страты для будучых пакаленняў. Забойства бандытамі Плюнгера Рамана Скірмунта, Пятра Рамановіча і яго сына Паўлюка, вымушаная эміграцыя рэшткаў радзіны за акіян з'яўляецца адным з фактаў у сістэме ліквідацыі лепшых людзей нацыі, яе архетыпнай субстанцыі. Аснову беларускай ментальнасці складае гаспадарская парадыгма: дбайнаму гаспадару, гаспадыні, іхнім дзецям, нібы багам ці святым, нясуць свой хваласпеў калядоўшчыкі і валачобнікі. Ва ўмовах аграрнай рэвалюцыі неаліту склалася крэатыўная эстэтыка ўзаемаадносін чалавека са стыхіямі, натурфіласофскі светапогляд, крытэрый людскасці ў маралі і этыцы грамады. У доме Пятра Рамановіча дзеці і ўнукі растуць дасціпнымі, ініцыятыўнымі і чулымі, а ўся сістэма народнай педагогікі застаецца нябачнай для пабочнага вока, дзейнічае бездакорна, нібы інстынкт у пчаліным вуллі.
Свет "людскасці ды мастацтва" у ХХ стагоддзі апынуўся пад пагрозай. Усё жыццё беларуса Пятра Рамановіча прасякнута прадчуваннем катастрофы. Бежанства падчас Першай сусветнай вайны, голад ужо ў савецкім Паволжы, вяртанне ў родны край, здадзены бальшавікамі паводле Рыжскай змовы панам з Варшавы, чаканне раскулачвання і высылкі пасля 17 верасня 1939 года і нарэшце - гібель ад рукі бандытаў у рэвалюцыйным законе.
В.Якавенка стварыў бязлітасна праўдзівую мадэль існавання беларускага культурнага гаспадара ў дваццатым стагоддзі. Талент публіцыста паставіў празаіка перад неабходнасцю пазнаёміць чытача з Барысам Кітам. Выхадзец з сялянскай сям'і ў вёсцы на Наваградчыне, Барыс Кіт з маладых год актыўна ўключыўся ў асветніцкую працу і зведаў смак жыцця ў польскіх і нямецкіх турмах. У час знаходжання ў ЗША стаў буйным вучоным-тэхнолагам. Ён з'яўляецца стваральнікам плыўкага вадароду - паліва для касмічных караблёў, з якім звязаны важнейшыя дасягненні амерыканскай астранаўтыкі. У свядомасці беларускага чытача вобраз Барыса Кіта стаіць поплеч з такімі вядомымі ў свеце беларусамі, як Язэп Тышкевіч, Мікалай Судзілоўскі, Андрэй Тадэвуш Касцюшка, Ігнат Дамейка.
Шмат увагі ў трылогіі В.Якавенкі аддаецца і лёсу беларускай палітычнай інтэлігенцыі. Паказваючы недарэчнасць расколу паміж прыхільнікамі БНР і БЦР, пісьменнік вылучае тых дзеячаў, якія ва ўмовах фашысцкай акупацыі клапаціліся пра развіццё беларускай культуры. Асаблівай увагі заслугоўваюць адмыслоўцы, якія адкрывалі і падтрымлівалі беларускія школы. Вінцэнт Гадлеўскі здолеў у Баранавічскай акрузе зрабіць усе школы беларускамоўнымі. Значэнне такой працы вырысоўваецца па-новаму, калі ўлічваецца варожая Беларусі дзейнасць Арміі Краёвай у час нямецкай акупацыі. Трэба было змагацца супраць апалячвання беларускіх дзяцей. У гэтым змаганні за поспехі даводзілася таксама расплачвацца галавой. Ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі быў расстраляны фашыстамі.
У трылогіі В.Якавенкі адлюстраваны працэс абуджэння народнай думкі. Пазітывісцкая філасофія ў Еўропе не змагла ацаніць пагрозу нігілізму. Арыентаваны на індывідуальнасць хайдэгераўскі экзістэнцыялізм не паспеў перарасці ў практыку сацыяльнага дзеяння. Масавае грамадства апынулася ў паласе часу, вызваленага ад чалавечага быцця. Таталітарныя рэжымы свядома навязвалі грамадзе культ "полага" чалавека, вызваленага ад усяго "празмерна чалавечага".
Трылогія "Пакутны век" прапануе чытачу абагульніць вынікі пошукаў філасофскага "кораня рэчаў". Дыялогі ў палацы Скірмунтаў, за шчодрым сталом у гаспадара Рамановіча, даклады на Усебеларускім кангрэсе палітычнай інтэлігенцыі, тэксты праграмных выказванняў Троцкага, Луначарскага, Гітлера, Сталіна ацэньваюцца ў творы з пункту гледжання іх адпаведнасці норме людскасці ў яе традыцыйным, крэатыўным разуменні. У трылогіі В.Якавенкі дзейнічае логіка мастацкай рэдукцыі, наогул характэрная беларускай прозе. У рамане Кузьмы Чорнага "Пошукі будучыні" сукупны вобраз Вялікага інквізітара ўсіх часоў рэдуцыраваны да ўзроўню вялікага злодзея, які жывіцца крадзяжом і разбоем. Сутнасць усіх чалавеканенавісніцкіх "тэорый" у трылогіі В.Якавенкі ўвасобленая ў вобразе маленькага чалавека, вызваленага жорсткім часам ад пачуцця якой бы то ні было зроднасці (Г.Скаварада).
Камуністычная ідэалогія класавай нянавісці вызваліла Даніка Плюнгера з маральнага падполля. Зброя ў руках забяспечыла пачуццё сваёй вышэйшасці. Пачуццё крыўды перарасло ў пачуццё помсты. Ён не меў патрэбы ў якой-небудзь сістэматызацыі каштоўнасцяў. Пазітывіст-экстраверт, адзначаў К.Г.Юнг, "змяншае ўсе каштоўнасці, зводзячы іх да элементаў, што стаяць ніжэй". Данік Плюнгер, гаротнае дзіця вясковага галетніка ў часы санацыі, малады камісар, а потым і камандзір атрада ў гады вайны, кіраўнічы функцыянер абласнога маштабу пасля вайны, абапіраючыся на ідэалогію класавай нянавісці, усю сістэму каштоўнасцяў звёў да тэхналогіі помсты і забойства. У спісе яго ахвяраў ёсць нават яго крэўныя. Так у трылогіі прасочваецца эвалюцыя тыпа, які ў прозе В.Быкава названы "сваім" чалавекам.
Мастацкая рэдукцыя В.Якавенкі не пакідае бездапаможнага чытача на дне гістарычнай звалкі, як гэта робяць апалагеты дэканструктывізму. Пісьменнік прапануе вынікі свайго даследавання - выразна абазначаную лінію паранойі крызіснай эпохі: Ленін - Троцкі - Гітлер - Сталін - Вайцман - Плюнгер. Аднак гэтымі персаналіямі не вычэрпваюцца магчымасці сучаснага быцця. Акрамя клінічнай рэдукцыі, ёсць у арсенале празаіка і канструктыўная аналітыка, арыентаваная на скарынаўскае паспалітае добрае, на зроднасць. Трылогія невыпадкова заканчваецца карцінай сучаснага адраджэння. У Моталі, Наваградку і Мінску людзі беларускай эміграцыі ўбачылі жыццё новага пакалення беларусаў, працаўнікоў і кіраўнікоў, якія з пачуццём гаспадарскай адказнасці ствараюць заўтрашні дзень. Вобраз музея ў некалі напалову спаленым Моталі паўстае як сімвал вяртання праўды веку.
Было б памылкай бачыць у гэтым нейкую ідылію. Псіхалагізаваныя сцэны вяртання ў фінале сугучныя філасофскай настраёвасці "Пралогу": "хацелася жыць!". Як і ў трагічных фіналах драматычных аповесцяў М.Гарэцкага: "Жыцьмем!".
На працягу ўсёй трылогіі чытач адчувае асаблівасць аўтарскага стылю В.Якавенкі. Аўтар стварае псіхалагічную прастору, атмасферу, аўру, блізкую і роднасную чытачу. У творы пульсуе метасацыяльная рэальнасць. Душою чулыя Пятро Рамановіч і яго ўнучка Маня ў словах улоўліваюць "тое, што дае магчымасць разумець большае". Гэтае большае ёсць не што іншае, як псіхалагічна абумоўленая рэчаіснасць, наяўнасць якой сёння прызнае аналітычная, ці, больш дакладна, архетыпальная псіхалогія. Калі на кон пастаўлена праблема выжывання чалавецтва, заканамерна ўзнікае пытанне пра навуковы і мастацкі пошук архетыпа супольнасці, архетыпа народа. Такі пошук у "Пралогу" пачынае "святая тройца" - алюзія на трохаблічны "Аўтапартрэт" Я.Драздовіча і трымурці Брахмы. Галерэю разнавіднасцяў гіганцкага касмічнага першапачынальніка - Брахмы, Гайамарта, Адама - можна дапоўніць вобразам Сварога. Імя Парыпы, адшуканага В.Якавенкам у глыбі Палесся, сугучна з імем індаеўрапейскага першапродка Пурушы. Наказы Парыпы памятае і перадае ўнучцы гаспадар Пятро Рамановіч, дух якога Маня Раманавічанка адчувае заўсёды побач. Гэта і ёсць беларускі гаспадарскі архетып. Новае пакаленне Беларусі сёння мае ўзоры на выбар: Гаспадар у сапраўдным сэнсе слова ці, наадварот, Плюнгер, магільшчык "казкі жыцця". Ганебны канец Плюнгера-малодшага з'яўляецца заканамерным фіналам плюнгераўшчыны.
Трылогія В.Якавенкі "Пакутны век" з'яўляецца яркім прыкладам вырашэння актуальнай задачы вялікага грамадзянскага і творчага значэння. Характэрны для беларускай літаратуры канструктыўны метад мастацкай тыпізацыі - "у нязмерных глыбінях нязмерныя высі" (У.Дубоўка) - тут насычаны дакладным сацыялагічным і псіхалагічным аналізам. У творы паказаны працэс пераплаўкі беларускага духу на вялікім гістарычным перавале сучаснага чалавецтва. Аўтарскі вопыт інтэграцыі ў вялікай мастацкай структуры формаў аповесці, відзяжу, гістарычнага дакументу, філасофскага дыялогу адкрывае новыя магчымасці ў развіцці мастацкай прозы.
"Наша слова", №50 за 15 снежня 2010 г.
|