Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 

Крывіцкі лексыкон: Слоўнік-дэтэктыў Друк E-mail
27.12.2007 | 12:52 |
Змест
Крывіцкі лексыкон: Слоўнік-дэтэктыў
Лексыка Вацлава Ластоўскага: Арэальныя маркеры Паазер’я і сумежных рэгіёнаў
Землякі Вацлава Ластоўскага: Арэальная атрыбуцыя тэкстаў ураджэнцаў Паазер’я
Землякі Вацлава Ластоўскага:
Арэальная атрыбуцыя тэкстаў ураджэнцаў Паазер’я

ТАРНАВАНЬНЕ МАРКЕРАЎ

Каб паставіць дыялектнае слова на службу атрыбуцыі, трэба зразумець: сама атрыбуцыя больш працэс, чым вынік. У працэсе я магу браць удзел, але чытачу, на жаль, магу прапанаваць адно вынік. Вынік не дае разуменьня. Яго можна хіба толькі прымаць (або не прымаць) у гатовым выглядзе. Затое чытач мой вынік можа зрабіць пачаткам новага працэсу. Ці, прасьцей кажучы, атрыбуцыі нельга навучыцца, але яе можна працягнуць. І тут мы ўступаем у абладу індукцыйнае лёгікі. Праўда, ні клясычная тэорыя імавернасьці, ні статыстычная пры атрыбуцыі не працуюць. Нельга, абапіраючыся на колькасьць дыялектных адзінак, давесьці прыналежнасьць тэксту да таго ці іншага рэгіёну, аргумэнтаваць аўтарства. Але часамі досыць аднаго слова, суфікса, каб рабіць імаверныя высновы. Вось дзе сама тое, каб успомніць значаньне слова індукцыя і даць ёй беларускае імя: наводзіны. Дыялектныя адзінкі не даводзяць, а наводзяць на аўтарства, і менавіта ў гэтай сваёй функцыі яны выступаюць арэальнымі маркерамі. Кожны маркер ня роўны другому, кожны мае свае парамэтры: тэрытарыяльныя, частотныя і г. д.

Рэгіянальныя асаблівасьці праяўляюцца на ўсіх роўнях мовы. А таму, з грунту, маркеры становяць сабою досыць неаднародную масу. Здавалася б, найбольш стабільнымі можна ўважаць фанэтычныя паказьнікі. Насамрэч далёка ня ўсё так проста. Пад ціскам правапісу ды пры тэксталягічнай апрацоўцы твораў такія маркеры часьцей за ўсё страчваюцца. У паасобных рэдакцыях твораў запраўды можна зацеміць рысы гаворак, для якіх характэрнае дысыміляцыйнае аканьне, прыкладам: я-тыкі (Ц.), біз падмогі (В.), хлібаць (Міг.), ціліпацца (Міг.), скачым (Міг.), быццым (В.; Мрц.), цірабнуць (Мрц.). Як зазначае М. Крыўко, дысыміляцыйнае аканьне ў некаторых пазыцыях не пад націскам замест [ъ] дае [у], што ўласьціва для Мёршчыны і, пэўна што, іншых сумежных рэгіёнаў. Гэтую зьяву таксама можна спаткаць у тэкстах: абшурпаны (В.), духнуць (З.-С.), цугара (Міг.), буклажка (Мрц.). Мажліва, адсюль жа разьвілося [у] пад націскам: блутаць, пагурак. Праціўнаю, гіпэркарэктнаю, праяваю гэтага працэсу можна ўважаць [о] на месцы [у]: апохнуць ‘апухнуць’ (В.).

Зрэдку ў тэкстах трапляецца цікавая рыса паўночных (і ня толькі беларускіх) гаворак — г. зв. «ненапружанае вымаўленьне зычных», якое скасоўвае іх зьбегі: ёсь ‘ёсьць’ (В.), есь ‘ёсьць’ (В.), есь ‘есьці’ (К.), зяіць ‘зьзяе’ (Міг.), жоскі ‘жорсткі’ (187), жось ‘жосьць’, дось ‘досыць’ і да т. п. Дарэчы, даная фанэтычная рыса, відаць, паспрыяла ўзьнікненьню прыметніка *ёсьны (ёсьцьны) (173; Дуб.). Можна таксама зацеміць як маркер прыстаўны [у] замест [і]: ускрузьдонная (Ц.), устужка ‘істужка’ (В.; Мрц.), узнова ‘ізноў’ (Б.; Д.; К.), што, няйначай, мае дачыненьне да пашыранасьці на Дзісеншчыне прыстаўкі уз-. Урэшце, зьвяртаюць на сябе ўвагу ў тэкстах ураджэнцаў Падзьвіньня формы: каўчан ‘калчан’ (В.), аўтар ‘алтар’ (410), баўбатаць ‘балбатаць’ (37), стоў ‘стол’ (Брш.), якія сьведчаць, што пераход [л] у [ў] застаецца актуальным для гэтага рэгіёну.

Больш стабільна фанэтычныя рысы захоўваюцца там, дзе яны зьліваюцца з марфалягічнымі: будзіць ‘будзе’ (В.; Міг.), дыхаець (А.), прыдзіць (М.), пякець (Міг.), уцячэць (Мрц.), напацеіць (Мрц.) або: водзюць (В.), робюць (М.), топюць (В.), шко­дзюць (В.). Вышэй, у слоўніку, амаль усе дэталі фанэтычнага і марфалягічнага роўняў, як спарадычныя, пакідаліся без увагі, фіксаваліся адно тыя фанэтычныя адменьнікі, якія праяўляюцца на лексычным роўні: блутаць, пагурак, робіць, узноў, устужка. Але іх лёс таксама залежыць ад волі і густу тэкстоляга, таму як маркеры яны дакладныя, але няпэўныя. Скажам, мне падаецца, што адмена робіць магла б часьцей спатыкацца ў тэкстах дзісенцаў, каб тэкстолягі не ўважалі яе за абмылу. А не фіксаваць яе тэкстолягі ня маюць права, бо [о] ў гэтым слове стаіць у моцнай пазыцыі. (Цешуся, што ў свой час у часопісе «Сьвіцязь», калі рыхтаваліся да друку п’есы П. Простага, мне ўдалося захаваць гэтую мясцовую адметнасьць аўтарскае мовы.)

Што да словаўтварэньня, дык яно разгледжана вышэй. Адно, каб нагадаць яго праявы, возьмем некалькі прататыпаў — як апісаных ужо мадэляў: валва, крадзежа, шпэць, касавіла, суседзька, брацітка, дарагенькі, так і неапісаных: павіт, пачын, сьцяга, мытуха, сапуха. Асобнае месца пры арэальнай атрыбуцыі тэкстаў займаюць маркеры сэмантычныя: гукаць ‘гаварыць’, гудзіць ‘ганіць’, драць ‘араць’, ківаць ‘жэстыкуляваць’, сюды ж можна аднесьці пахаць ‘урабляць зямлю’, прыткі ‘стромы’ і г. д. Шкада, што сэмантыка не заўжды кідаецца ў вочы аналітыкам, хоць яе паказьнікі наколькі пэўныя, настолькі ж дакладныя. Першае месца сярод сэмантычных маркераў (кажу, не рызыкуючы абмыліцца!) належыць дзеяслову гукаць. Аднаго яго досыць, каб рабіць высновы зь вялікай доляю імавернасьці.

З эўрыстычнага гледзішча ўсе арэальныя паказьнікі можна падзяліць на «маркеры ядра» і «маркеры абсягаў». Але панятак ядро, сваім парадкам, можна разглядаць статычна, як ядро прыватнае (у нашым кантэксьце гэта перш-наперш Дзісеншчына), або дынамічна, як ядро абстрактнае. У гэтым разе панятак ядра ня мае канкрэтнага тэрытарыяльнага зьместу, але набывае яго з гледзішча канкрэтнае, тае ці іншае, лексэмы, якая займае абмежаваны арэал. І калі вышэй пад «ядром» даўнімалася беспасярэдне Дзісеншчына, дык ніжэй будзе мецца на ўвазе й сама ідэя рэгіяналізму. Гэта патрэбна яшчэ таму, што, упэўніўшыся ў рэгіянальным характары лексэмы, мы далёка не заўсёды можам дакладна акрэсьліць яе арэал.

1. Маркеры ядра. У нашым кантэксьце гэта адзінкі, якія бытуюць толькі на Дзісеншчыне, крыху шырэй — на Віцебшчыне. Іх прыраўнальна мала, прыкладам, такія словы, як гукаць ‘гаварыць’, лунець ‘чмурэць’, маладзік ‘юнак’, яць ‘узяць’, робіць ‘рабіць’, пасачыць ‘пераняць’. Для больш усходніх рэгіёнаў — памжа ‘зданьнё’, сьлецьце ‘гародніна’. Роля падобных адзінак вызначальная — гэта «жалезны» аргумэнт наконт паходжаньня тэксту. Не магу быць пэўным аб арэале кожнай, але ў той ці іншай меры да маркераў ядра можна аднесьці лексэмы барузьдзіць, вечавацца, грыжына, драгаць, запавядаць, калатаць, крыхотны, лахмат, лыкаць, пагурак, пільніца, пляніца, пошыр, скрозьдонная, скумат, старэнны, стоць, уручына, часаваць.

Аднак жа, нават маючы дакладныя мапы й слоўнікі, трэба пільнавацца абмылаў. Прыкладам, раней словы дуронік, дыля, жумрыць, магільнік, пушчэй (папушч) падаваліся мне маркерамі ядра, а потым я пераканаўся, што гэта не зусім так ці, дакладней, далёка ня так. Праўда, як дадатковы матар’ял, як маркеры абсягаў, яны цалком прыдатныя.

2. Маркеры абсягаў. Сюды лучае рэшта лексычных адзінак, якія спатыкаюцца на Паазер’і ды ў суседніх рэгіёнах. Яны не абымаюць усяе Беларусі і таму могуць служыць атрыбуцыі ў комплексе зь іншымі адзінкамі ці наводзіць увагу дасьледніка на рэгіён на сама пачатным этапе працы. Да маркераў абсягаў я б аднёс словы з арэалам a) больш ці менш ведамым: балакаць, барыць, зьнячывілі, клычыць, нісянеціца, покаць, прыткі, пуш, разбазырваць, ушчукнуць — і b) менш ведамым: друзгатаць, дрыпаць, дыбаць, наскі, (наські, нашына), нетра (нятро), павесма, скаба, спаверху, старана, строп, трысьціць, у прочкі, худак. Зацемім: маркеры ні ў якім разе нельга блытаць з аднакаранёвымі ім словамі.

Найчасьцей выходная адзінка адносіцца да абсягаў (ці наагул ня ёсьць маркерам), а адзінка ўтвораная ад яе выступае як маркер ядра. На падобныя пары трэба мець асаблівую ўвагу, прыкладам: брытаць — аброжа, гадзіць — няўзгодны, доля — няўздольны, імжыць — памжа, ківаць — ківы, лупіць — лупежа, павітаць — павіт, полць — палтаць, пужаць — упуд, рызы — рызына, сачыць — пасачыць, турыць — туравіць, шпэціць — шпэць, шчыры — зашчырыць (зашчырэць, шчыр); мажліва: ласы — абласаваць, чапурыць — чапорны. Адваротных выпадкаў, дзе маркер ядра — выходныя адзінка (узрастаць — узрост; яць — абоймы), або нэўтральных параў (ледаяк — лядашчы) амаль не бывае. Часамі маркер ядра — маладзік — і маркер абсягаў — малец — могуць мець сэмантычнае падабенства, суіснуючы на адной тэрыторыі. Мушу яшчэ прызнацца, што дасюль ня маю пэўнасьці наконт слоў: панарад, параваць, плён. Асьцярожным трэба быць і з словамі пяяць, спагадаць, якія больш ці менш стала ўліліся ў літаратурную мову.

Вялікая колькасьць рознахарактарных маркераў дазваляе ўжыць мэтодыку перакрыжаваньня арэалаў, пры якой арэалы накладваюцца да тае пары, пакуль топас не звужаецца да мінімуму. Ня варта таксама забывацца, што й нястача таго ці іншага маркера можа даць немалую карысьць. І ўрэшце, пры арэальнай атрыбуцыі вельмі часта ўзьнікае сытуацыя, падобная да лягічнага «кола», калі «няведамае» тлумачыцца празь «няведамае». У такім разе ня варта лішне палохацца, бо так ці йнакш на нейкую выточную наменку тэкст усё роўна выходзіць. Затое ў «сытуацыі кола» вынік падаецца асабліва нечаканым.

Агулам усіх суб’ектаў атрыбуцыйнае практыкі можна падзяліць на донараў і рэцыпіентаў. Ніжэй, каб падсумаваць зробленую працу, дасьледуем некалькі рэцыпіентаў. Думаю, дамэтна пачаць разгляд з больш блізкіх часоў.

ХТО ТАКІ АЛЯХНОВІЧ-ЧЭРКАС?

Прозьвішча К. Аляхновіч-Чэркас гісторыкаў літаратуры час ад часу ўводзіць у зман — блытаюць з Франьцішкам Аляхновічам. А наконт асобы самога К. Аляхновіча-Чэркаса энцыкляпэдыі і даведнікі маўчаць. З публікацыяў у «Нашай Ніве» вынікае, што жыў гэты цікавы аўтар у Таліне (тагачасным Рэвелі). Спачатку, у 1911 г., ён зьвярнуўся ў газэту зь лістом: «Мне даўно думалася аб беларускім народзе, што ён ад усіх адкінуты і быццам горш[ы ад] усіх, што нічога роднага ня мае... І я часта бедаваў над гэтым толькі ў сваіх думках, а памагчы гэтаму ў мяне не было сілы...» НН адказала: «Кожная пара рук, а перадусім гарачыя сэрцы, могуць многа зрабіць для нашае бацькаўшчыны...» Так Чэркас стаў аўтарам допісаў у рубрыку «З усіх старон». Пісаў пра будаваньне эстонскага тэатру, пра абвал будоўлі і г. д. А ў 1914 г. Аляхновіч-Чэркас — адметны празаік. М. Багдановіч хваліў яго апавяданьні, адно наракаў на цяжкі стыль, на доўгія сказы, якія займаюць цэлыя пэрыяды. Вось, бадай, і ўсё, што мы можам сказаць праз гэтую постаць.

Відаць, сучасьнікі крыху больш ведалі пра асобу пісьменьніка, прынамсі, ён ня быў для іх таямніцаю. Бо ў расейскага бібліёграфа М. Рубакіна можна таксама даведацца, што Аляхновіч-Чэркас працаваў чыноўнікам. А з цытаванага ліста ў газэту можна ўрэшце прыпусьціць, што гэта не маладзён, што за плячыма ў яго — які-ніякі жыцьцёвы досьвед... І годзе! Але тут на дапамогу прыходзіць мова пісьменьніка і падкідвае нам яшчэ такія-сякія зьвесткі. Відаць, Аляхновіч-Чэркас паехаў у свой Рэвель зь Віцебшчыны. Паходжаньне можна вызначыць і больш дакладна. Разгалінаванае гняздо дзеяслова гукаць (загукаць, пагукаць, прагукаць, прагукацца) выдае ў ім дзісенца. А наяўнасьць яшчэ аднаго дзеяслова — алунець (палунець), арэал якога — далей на паўночным усходзе, ды спакменьніка ўпуд з асобным арэалам прымушаюць нас шукаць бацькаўшчыну пісьменьніка на іх скрыжаваньні. Можна меркаваць, што Аляхновіч-Чэркас нарадзіўся недзе пад самою Дзіснаю або паміж Дзіснаю і Шаркаўшчынай.

А каб гэтыя маркеры не падаваліся выпадковымі ўнёскамі ў тэкст пісьменьніка, прытачу яшчэ шэраг лексэмаў, замкнёных так ці йнакш на Віцебшчыну: абладзіць, абласаваны, абмылка, адблутаць, багавіца, буй, дзіцёнак, ейны, заўсягды, крыхотны, лайно, ліхата, лучаць, люстра, покнуць, прышчэць, пужала, пяяць, саўсім, старэц, стыдзіць, удача, удзержаць, чапорны. Кожнае з прыточаных слоў можа стаць асобным аб’ектам лінгва-геаграфічнага аналізу, таму мае высновы не канчальныя, іх можна і ўдакладняць і аспрэчваць, але, спадзяюся, кірунак аналізу абраны слушна. Для вэрыфікацыі даных высноў прылучым тапанімічны арыентыр, спатыканы ў тэксьце Аляхновіча-Чэркаса: Ажно раз бігуноўскі пан прывёз сабе прарабка, недзе вунь аж з-пад Загрудак. Тых Загрудак мне не ўдалося знайсьці. Затое ў Вайханскім с/с Гарадоцкага р-на ёсьць в. Бегуны. Выходзіць, я крыху схібіў? Што ж... У арэальнай атрыбуцыі важна ня толькі знайсьці пэўныя й дакладныя маркеры, але таксама вызначыць парамэты мажлівае хібнасьці.

Але казус К. Аляхновіча-Чэркаса — гэта толькі прыватная праблема, якая датычыць ці ня большай паловы нашаніўцаў, а таму разгледзім яшчэ колькі асобаў. Пад імем Л. Гвозд у НН друкаваліся апрацоўкі народных апавяданьняў. Прытомнасьць у іх дыялектызмаў абмылка, балоцітка, круханьне, лёх, малец, пагурак, скрозь доньне, спужацца, туравіцца, уручына, шпэць выдае заходневіцебскае паходжаньне Гвазда. Пацьвярджаецца гэтая выснова тапонімам Стрэльбы ў аўтарскім тэксьце і цытатай: Да гэтых пор яшчэ ёсьць пагурак над Дзьвіной <...>; вялікае балота выгарала ў сухое і празываецца «Выгаркай», а малое, дзе жыў цмок, <...> толькі пазарасло мохам. Кажуць, што ад яго аж у Дысьвяцкае возера, на пяць вёрст, ёсьць лёха. Арыентыр, як бачым, дакладны — гэта Браслаўшчына, недзе паміж Дрысьвяцкім возерам і Друяй. Ня буду хваліцца, без арыентыру я б ня важыўся рабіць дакладнейшыя высновы, але ў якасьці прапэдэўтыкі гэта тым больш карысны выпадак.

З сельскагаспадарчымі тэмамі выступаў у НН загадкавы Лішні. У 1909 г. ён нават надрукаваў вельмі чульлівае апавяданьне «Кветка бэзу», а ўжо з 1910 г. недзе занік. Такія лексэмы, як брацітка, выбрэдны, вясёнка, ейны, запахаць, наць, нацьё, пільніца, скуматаць, старана даводзяць яго віцебскае паходжаньне — можа, родныя мясьціны аўтара ляжаць на Захад ад Полацку. Выракаваць дакладней не бяруся. Зазначу ў яго тэксьце, апрача іншага, вельмі рэдкае й цьмянае слова развапораны (голас). Лексыка Нікана Аўрэцовіча: відзець, дрыжэць, завінуць, заработак, зьлякнуцца, пералякацца, камок, лыкнуць, сустрэціць (сэмантыка лексэмы гукаць тут няясная) — таксама паказвае, калі не ўпаасобку, дык разам, на віцебскі топас. Мажліва, гэта Ўшачы... Полацак... аднак неабавязкова. На Віцеб­шчыну арыентуе лексыка Ват-кі: абкаціць (вала), заўсёды, паўзрастаць, паядаць, сыць узяла, успамога; Э. Патулякі: заўсягдашні, падзьмух; В. П.: зваць, спудзіцца; А. Язьмена: брацітка, заўсягды. А Ніна Іванова, якая слала допісы зь Вілейскага павету, лексэмай магільнік таксама ў нейкай ступені пацьвярджае сваё рэальнае бытнішча.

Здавалася б, невялікае адкрыцьцё — губэрня, павет... Аднак той момант, што ўсяго адно слова можа нас зарыентаваць, а два і болей — істотна звузіць абсягі шуканьняў, гаворыць пра пільную патрэбу працы ў абраным кірунку. Асабліва важна скарыстаць гэтую мэтодыку ў дычыненьні да аўтараў, зьвесткі пра якіх можна здабыць хіба толькі з дапамогаю машыны часу або ж... арэальных маркераў.

ДЗЕ НАРАДЗІЎСЯ ДАМІНІК РУДНІЦКІ?

Так сталася, што для мяне ніколі не стаяла гэткага пытаньня: дзе ж нарадзіўся Дамінік Рудніцкі? Думалася: на Віцебшчыне! Пра тое ясна сьведчылі словы: гукаць ‘гаварыць’, яць ‘узяць’, а таксама ў нейкай меры камарэц, жалязец. І раптам, перачытваючы энцыклапедычны даведнік, я дазнаюся: гэта пытаньне! Ды яшчэ й якое. А. Мальдзіс на падставе сваяцкай лучнасьці Д. Рудніцкага робіць выснову, што яго месцам нараджэньня могуць быць Магілеў, Ворша, Полацак. Высновы ж, зробленыя мною на падставе мэтаду арэальнае атрыбуцыі, істотна розьняцца ад прапанаваных А. Мальдзісам. Д. Рудніцкі наўрад ці мог паходзіць зь мясьцін, што ляжаць на ўсход ад Полацку, пагатоў ня мог нарадзіцца на Магілеўшчыне. На Віцебшчыну, апрача называных, так ці йнакш скіроўваюць словы: думны, ксьціны, палыкаць (палкнуць), полць, прахаць, усягды, мажліва: ракаваць (прр.: ракаць (С.-З.)), шчоб (прр.: счо (Ц.)). Але якая гэта Віцебшчына? Усходняя ці заходняя?

Знаёмыя нам словы гукаць ды яць як быццам бы арыентуюць на Дзісеншчыну. Але ж яшчэ ня факт, што тыя самыя маркеры, якія працуюць у ХХ ст., спрацуюць і на памежжы XVII — XVIII стст. Пагатоў у вершах Д. Рудніцкага ёсьць словы палупіць, худак — яны, асабліва апошняе, маглі існаваць на ўсходзе. Дэзарыентуе й балтызм схаба ‘рабрына’, што з рознымі сэнсамі тарнуецца досыць шырока. Тым часам назоў грыба казьляк ‘масьлюк’ скіроўвае нашу ўвагу ў адваротны бок: далей, за Нарач, аж да Гарадзеншчыны. І ўрэшце, вылучна на Валожыншчыну паказвае найменьне птушкі галіца ‘каўка’, якое, паводле Лексатл. больш нідзе не спатыкаецца. Цікава ўзнова нагадаць паралель з гэтай лексэмай, якая тарнуецца і ў «Слове пра паход Ігараў», і ў валожынскага паэта-селяніна Старога Ўласа: Варон і галіц лётаюць стады, і ў Д. Рудніцкага: І сарокі і галіцы селі разам на паліцы.

Парахаваўшы, нельга не пераканацца, што «ўсходнія» аргумэнты — вельмі слабыя. Куды ямчэй за іх працуюць «заходнія». Але няма сэнсу расьцягваць шуканьні да Гарадзеншчыны, бо менавіта Дзісеншчына апынаецца на перакрыжаваньні арэалаў. Значыць, Рудніцкі нарадзіўся на Дзісеншчыне. Цалком дапускаю, што месцам яго нараджэньня мог быць Полацак — і годзе. А калі я тут не змыліўся, дык арэальная атрыбуцыя тэкстаў паэта можа паспрыяць і ўдакладненьню арэалаў ужываных ім слоў, прыкладам, адзінкі хрусьцель ‘драч’, зафіксаванай І. Насовічам без пазначэньня месца збору. <(Прр.: скаба — схаба; і, відаць: *карасьцель — *крусьцель — хрусьцель. Помніцца, даўно ў дзяцінстве, польская фраза з малітвы któryś jest для мяне гучала як *хрусест. Прр. таксама назовы росьлі: вербельник (рас.) — верабейнік (С.У.).) Аднак, зь іншага боку, ня варта перапаўняцца надмерным аптымізмам, забываючыся, што яшчэ й само аўтарства Д. Рудніцкага не зусім атрыбутаванае. Тут узьнікае знаёмая «сытуацыя кола», якая вымагае сыстэмнага разьвязваньня.

Сьледам за Рудніцкім паўстае «арэальная праблема» Каятана Марашэўскага й Міхала Цяцерскага, пісьменьнікаў XVIII ст., якія працавалі ў Забельскай гімназіі пад Полацкам — цяпер Верхнядзівінскі раён. Радавішчам абодвух чыста ўмоўна лічыцца месца іх працы. Насамрэч з гэтым можна было б пагадзіцца, каб не адрозьненьні ў іхнай мове. С. Лаўшук, прымяркоўваючы М. Цяцерскага да яго старэйшага паплечніка, К. Марашэўскага, піша: «Беларускую мову аўтар ведаў горш, чым К. Марашэўскі, у чым можна пераканацца, чытаючы п’есу.» А я б ня ўзяўся так катэгарычна выракаваць! Хіба што... з усіх іх траіх найгорай мову ведае Лаўшук. Прынамсі, ён нават не задумаўся, што пісьменьнікі маглі паходзіць з розных мясцовасьцяў. І калі мова К. Марашэўскага да сучаснае літаратурнае мовы стаіць бліжэй, а М. Цяцерскага — крыху далей, з гэта трэба рабіць зусім іншыя высновы.

У тым, што М. Цяцерскі — дзісенец, ня так цяжка пераканацца - складаней з К. Марашэўскім. Дык пачнем з прасьцейшага. Галоўны аргумэнт — адмена знаёмага нам дзеяслова: прагукнуць ‘прамовіць’, довады другога парадку — любосныя формы: суседзька, паўнютунька, трошутка, а таксама дзеясловы: уздолець, лечаць (улечаць). Ужо гэтага — паддастаткам, каб упэўніцца, што асноўны комплекс дзісенскага лексыкону тут трывае — і ўсяго на некалькіх старонках п’есы! А дзеля пэўнасьці прыточым шэраг прыкладаў a) фанэтычнага роўню: я-тыкі, гаворуць, b) марфалягічнага: біяся, глядзя, c) лексычнага: дадушы, калатоўка, някрэпкі, старана, счо, ускрузьдонная. Як бачым, беларускія гаворкі XVIII ст. мала чым розь­ніліся ад сучасных. Аднак жа... за гіпотэзу ў нас застаецца той самы Верхнядзьвінск? Выракаваць дакладней мы ня можам. На шчасьце, ёсьць і дадатковы арыентыр. Калі М. Цяцерскі дакладна паходзіць зь Дзісеншчыны, дык, можа, акурат зь сяла Цяцеркі Браслаўскага павету? Ці мо’ продкі яго адтуль? Праўда, ёсьць яшчэ Цяцеркі і ў Мікалаеўскім с/с Шумілінскага р-на, і ў Мазалаўскім с/с Віцебскага р-на... Апошні выпадак менш імаверны. Але пакінем гэтае пытаньне адкрытым...

Мову К. Марашэўскага ад мовы М. Цяцерскага адрозьнівае нястача дзеяслова гукаць, што таксама — пэўны аргумэнт. А зь іншага боку, у ёй адчуваецца віцебская аснова. Абодва моманты змушаюць нас перасунуць радавішча Марашэўскага ад радавішча Цяцерскага (зусім крыху!) на паўднёвы ўсход. Чыста абстрактна мне мроілася Лепельшчына, але перакрыжаваньне арэалаў дало крыху іншы вынік. Да віцебскае лексыкі без акрэсьленьня арэалаў можна аднесьці словы акрасьць, балакаць, дадушы, напаставаць, пераз, пужала, пукнуць, рызына, сам-адзін, сеўбаваны, ублутацца, уздумаць, усягды і формы ідзя, робюць, цалюхенькі. З поўначчу, з усходам ці й з тым і другім таксама лучаць пісьменьніка адзінкі: дадзержаць, зазваць, зеркала, коньча, лупы, нада, нябожа, сьмярдзюх, мажліва — ілгаць (ілгар), таварышыць — усе яны падаюцца ў Лексатл., слоўніках. Але практычна гэтага мала.

Балазе, ёсьць у Марашэўскага лексэма з арэалам больш вузкім — ледаяк, што з Магілеўшчыны паласою дацягваецца да Дзісны. Яе абмяжоўваюць арэалы ўжо называных слоў. Тое-сёе дадае й рэдкі прыметнік шупны, утвораны ад дзеяслова шупіць, які спарадычна то ўзьнікае, то занікае на ўсходнім беразе Беларусі. Дзісеншчыны ён не сягае, але чамусьці спатыкаецца і ў Цяцерскага (шупіць, ушупіць). Значыць, або ягоны арэал у XVIII ст. быў шырэйшы, або Цяцерскі пераняў дзеяслоў шупіць ад Марашэўскага. Пераважна на поўдні ад Полацку бытуе пара зязюля/кукуля. А форма сеч заміж сячы характэрная для паўднёва-ўсходняе Віцебшчыны. У суме ж усе памянёныя арэалы — найболей слова ледаяк разам зь нястачаю слова гукаць — купуюць нашу ўвагу на ваколіцах Талачына. Праўда, ня буду моцна пярэчыць супраць таго ж Лепеля, супраць Сенна й да т. п. І ўрэшце, яшчэ адзін ускосны арыентыр з тэксту К. Марашэўскага — рэпліка селяніна: Гэта ня гадзіна, гэта дуда руская! Варта ўдакладніць, якія мясьціны Беларусі тады называлі рускімі. Зрэшты, наўрад ці гэта істотна дапаможа.

Зацемім: кожны слушна атрыбутаваны тэкст стварае свайго роду «банк зьвестак». Асабліва важную функцыю выконваюць атрыбуцыі, аддаленыя ў часе — ведама ж, пры ўмове, што яны слушныя. Яны ж становяць «падваліны» для пазьнейшых тэкстаў, а таксама «пляцоўкі» для глыбейшага праточваньня ў напластаваньні часу. Гэтак постаць Ігната Мігановіча зь ХІХ ст. асаблівых сумневаў не выклікае. Яго лексыка — усходнедзісенская: задзержаць, зьнячывілі, насуліць, нямсьцюк, прывара, пякець, сачыць, ціцюнец, цугара і г. д. Дзісенцамі былі і некаторыя ўдзельнікі «Альбома» А. Вярыгі-Дарэўскага: Эдвард Г. (словы браточык, прагукаць), Якуб Т....кі (слова сусім). Мяркую, зь Віцебшчыны, хоць, можа быць, і з Магілеўшчыны, паходзілі загадкавыя аўтары вершаў «Ноччу ў сяле», «Могілкі» (у якіх, дарэчы, навідавоку высокая паэтычная культура). Н. Ф. — тарнуе словы камянок, ушчукнуць; Д. К-ко [Колышка?] - слова магільнік. І, бясспрэчна, зь Віцебшчыны аўтар ананімнай «Гутаркі Данілы з’ Сьцяпанам», пра што сьведчаць словы згудзіць, ілгаць (падылгаць), куса, ну ж, палыкаць, паспагадаць (спогадзь), перабыць, перастаць, счаўпсьціся, тарпа. Але… ня будзем сьпяшацца расстаўляць усе кропкі над і. Гістарычная лінгва-геаграфія яшчэ мусіць зьбіраць зьвесткі, а не даваць гатовыя адказы.

НА ПАЖАГНАНЬНЕ

Вось жа, на паўночным усходзе Беларусі закладваліся асновы нашага гаспадарства. Адсюль выходзілі і першыя помнікі пісьменства, і першыя беларускія пісьменьнікі. Ды яшчэ для кожнае эпохі ўзнова! Тут зьбіралі лексыку найславуцейшыя нашы мовазнаўцы. Нарэшце, акурат з поўначы паходзіць наша найрамантычнейшае найменьне — крывічы. Але чамусьці беларуская літаратурная мова сфармавалася не на паўночным грунце. Што ж, у гэтым ёсьць свая пасьлядоўнасьць: пэрыфэрыя заўжды мае паслаблены інтэграцыйны патэнцыял. Але ня будзем лішне засмучацца, бо менавіта крывіцкія «экзатызмы» дазволілі ўсутыч паставіць пытаньне арэальнае атрыбуцыі тэкстаў. Спадзяюся, крывіцкая мова па-ранейшаму будзе сілкаваць мову ўсяе Беларусі. І, перафразуючы паэта, зробяцца толькі ўгнаеньнем мае «іржавыя» практыкаваньні.



 
« Папяр.
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 1321
mod_vvisit_counter Учора 1157
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 6551
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 50224