Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 
Брама сайта arrow АДВЕЧНАЕ arrow Мова arrow Каму замінае беларуская мова (паноўлена)

Каму замінае беларуская мова (паноўлена) Друк E-mail
24.05.2010 | 19:31 |
Дзень матчынай мовы праводзіцца штогод пад эгідай UNESCO
Дзень матчынай мовы праводзіцца штогод пад эгідай UNESCO
Нататкі пісьменніка Васіля ЯКАВЕНКІ, падказаныя акцыяй 2009 года ў абарону беларускай мовы

Аўтар шукае фінансавай падтрымкі для выдання папулярнай брашуры "Каму замінае Беларуская мова", куды ўвойдуць сам "Зварот у абарону беларускай мовы", артыкулы, што друкаваліся з нагоды Звароту ў "Народнай волі", у тым ліку і гэты, заключны, лісты чытачоў...

Кантактныя тэлефоны:
+375(29)3044064 Velcom
+375(29)7767713 МТС
E-mail: Гэты e-mail абаронены ад спам-ботаў. Для яго прагляду ў вашым браўзэры павінна быць уключаная падтрымка Java-script

Недзе ў набліжэнні вясны 2009 года ў сеціве, якое ў нас большасць называе інтэрнетам, кінулася ў вока трывожнае паведамленне пра беларускую мову. Не ведаю, як на каго, а на мяне яно падзейнічала, быццам выбух перуна з нябеснае высі — калі ўсё неба запнутае шэрымі хмарамі і яго не відно з-за суцэльнага заімглёнага покрыва.

З інфармацыйнага паведамлення ў свядомасць грукнула: родная для цябе і таго асяродку, скуль ты родам, мова трапіла на грань, за якою адно — скат у прорву знябытага!

«Моўную палітыку вызначае практыка»

Тая небяспека, што казаць, прадчувалася не адным мною, а кожным адданым беларусам, шчырым, свядомым, асабліва ў апошнія дзесяцігоддзі — толькі цяпер яна, няўклюдная, непамысная, была прызнана ЮНЕСКА, аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыяй. Спецыялісты ЮНЕСКА занеслі беларускую мову ў своеасаблівую Чырвоную кнігу, а дакладней — Атлас моў, якім пагражае небяспека знікнення.

ЮНЕСКА нас папярэджвала, і мы, беларусы, павінны былі азвацца, адрэагаваць, грымнуць у звон, які б усе пачулі. Але праходзілі тыдні і месяцы — а нідзе ні гуку, ані ў друку шырокім, ані па тэлебачанні альбо ў радыёперадачах, — поўны штыль.

Наша абыякавасць, наша глухата і немата тады проста не давалі мне спакою. Што мы за людзі, Божухна?! Хто адсек наш розум і волю? Ці мы самі адмаўляемся ад сваёй роднай мовы, ад скарбу, які вынеслі з векавечных глыбінь? Не!.. То што ж і хто нас гвалтуе?

Мне прыгадваліся сустрэчы і размовы з моваведамі ранейшых часоў і асабіста з акадэмікам Аляксандрам Падлужным. Знайшлася і публікацыя гутаркі з ім пісьменніка Эрнеста Ялугіна, якая была надрукавана дзесяць гадоў таму ў штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”. Ці прадбачылі моваведы, што ЮНЕСКА аднойчы занясе нашу мову ў Атлас моў, якія знікаюць? Бадай, не. Моваведы не верылі ў хуткі канец роднай мовы, бо былі нармальнымі людзьмі і не маглі ўявіць сабе народ, што адмаўляецца ад сваёй мовы. Якраз на мове трымаецца нацыя, адзінае і непаўторнае — святая святых для чалавека!..

Пісьменнік Ялугін у гутарцы з А.Падлужным, дырэктарам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук, звярнуў увагу вучонага на пачварны эпізод — дзеяч Дзяржаўнай думы Расіі на нейкіх там міжнародных дэбатах у Бруселі выказаўся наконт беларускай мовы так, што такой мовы ўвогуле няма. Ялугін паставіў перад Падлужным прынцыповае пытанне: жыве яна, наша мова, ці падзяляе ўжо лёс лаціны? Аляксандр Падлужны шчыра адказаў, што яна жыве:

“У беларускай мовы магільшчыкаў хапала даўно і хапае. А наконт выступлення аднаго з расійскіх дзяржаўных мужоў, пра што вы згадалі, то першая рэакцыя — здзіўленне. Здзіўляе, калі такое сыходзіць не ад выпадковага люду, не ад чалавека з вуліцы, які можа карыстацца ўласнымі эмоцыямі, чуткамі. Ды хай бы зазірнуў у любую нашу бібліятэку. І не толькі нашу, а, дапусцім, у тым жа Бруселі. Ці ў Парыжы, Стакгольме, Вашынгтоне. Там ёсць і мастацкая літаратура, і навуковая, і даведачная, і граматыкі, і слоўнікі менавіта на беларускай мове. Гэта што: нехта штучна прыдумаў, ці як? Прычым па выданнях можна прасачыць і за гістарычным развіццём беларускай мовы. Але, калі гаварыць пра сітуацыю, якая склалася на пачатку новага года, яна сапраўды вельмі няпростая і нялёгкая. Яно ж як атрымалася? Хоць рускую мову і зацвердзілі дзяржаўнай, але пры роўным статусе з беларускай. Фармальна, як цяпер высвятляецца. У параўнанні з рускай, якая, дзякуючы шматгадовай актыўнай дзяржаўнай падтрымцы паспела моцна ўкараніцца ў асяродку чыноўніцтва і шмат каго з дэнацыяналізаваных гараджан, беларуская вымушана здаваць шмат якія важныя пазіцыі. Не сама мова, а людзі. Цяпер яна фактычна амаль не ўжываецца ў органах дзяржаўнага кіравання. А за гэтым жа стаіць прэстыж роднай мовы ў вачах простых грамадзян. Моўную палітыку вызначае практыка. І практыка ў першую чаргу эліты, у якую ўваходзяць як дзеячы навукі, культуры, так і дзяржаўныя кіраўнікі”. Так, практыка вызначае лёс мовы і культуры.

Шлях да нацыянальнай катастрофы вядомы, думалася мне, але што рабіць? І прыгадалася, як у 2002 годзе мы з Вольгай Іпатавай (яна тады ўзначальвала Саюз беларускіх пісьменнікаў) правялі ў Доме літаратара трохдзённы міжнародны сімпозіум “Разнастайнасць моў і культур у кантэксце глабалізацыі” . У важным тым сімпозіуме ўдзельнічаў нават сам Генеральны дырэктар ЮНЕСКА Каіціра Мацууры, выступіў з прамовай пра важнасць захавання духоўнага скарбу народаў. Таму і мэтай таго шырокага форуму, у нашым разуменні, была прапаганда ідэі разнастайнасці, што ляжала ў аснове гарманічнага развіцця цывілізацыі, а ўжо потым — абарона беларускай мовы ад занядбання ўладамі і няспелым грамадствам. Сімпозіум удаўся, але толькі размова на ім, на жаль, не закранула тутэйшых уладных галоў. Заганная моўная практыка ў Беларусі не мянялася, і нашы з Іпатавай спадзяванні пасеяць у грамадстве разумнае, добрае, вечнае ў цэлым не спраўдзіліся. Што тады цешыла: мы выдалі два тамы матэрыялаў сімпозіума, раздалі іх па бібліятэках, і людзі мелі магчымасць хоць зрэдзь заглядваць у фаліянты аўтарытэтнага форуму.

Мабілізацыя эліты

У час майго ранейшага грамадскага чыну надарыўся быў яшчэ адзін проста выключны выпадак, калі я пачуваў сябе пераможцам — па сёння тым ганаруся.

Людзі старэйшага веку памятаюць, як у васьмідзесятыя гады востра і балюча стаяла пытанне абароны прыродных абшараў, асабліва рэк і рачулак ад заўзятай дзейнасці меліяратараў. Урэшце дабраліся меліяратары да Прыпяці, пачалі выпрамляць рэчышча, абвалоўваць, адсякаючы імклівую плынь ад поймы, а пойму — асушаць пад раллю. Праз 15—20 гадоў — не болей — там разыгралася б чарговая нацыянальная катастрофа: утварылася б сапраўдная пустыня. Пачыналіся ўжо пыльныя буры.

Дык што мы, пісьменнікі, зрабілі?.. Падрыхтаваліся і прызначылі ў Доме літаратара навукова-практычную канферэнцыю, сабралі на яе ўсе зацікаўленыя бакі — і сваіх аднадумцаў, і апанентаў, — спецыялістаў розных узроўняў, акадэмікаў і міністраў, запрасілі калег-пісьменнікаў і вучоных з Украіны, і вось напрадвесні 1988 года наладзілі адмысловы дыспут, раз’ятраную “бойку” думак, сутыкненне розных настрояў, пачуццяў — зрэшты, усё, што было ў актавай зале ДЛ, нагадвала Запарожскую Сеч! Навукова-практычная, адчайная, палкая канферэнцыя, пры адкрыцці якой я зрабіў асноўны даклад — “Ці ёсць у нас канцэпцыя гаспадарання?” — прыняла сваю рэзалюцыю і той рэзалюцыяй паставіла крыж на бяздумным спрамленні рэчышча і асушэнні поймы палескай ракі; канферэнцыя прымусіла зачыншчыкаў расправы з Прыпяццю — акадэмікаў Ліштвана, Скарапанава, міністраў меліярацыі і лясной гаспадаркі — развярнуцца на 180 градусаў! І праз тры дні пасля гэтай канферэнцыі Савет Міністраў БССР спыніў фінансаванне няўклюднага і проста злачыннага меліярацыйнага праекта. Менавіта з тых дат, з таго часу і пачалася ў нас новая палітыка ў меліярацыі...

Цяпер вось трывожыў не меншы клопат — пра мову, і ён пераходзіў у подумкі пра тактыку дзеянняў...

Шаноўныя, звяртаўся я ў думках да землякоў, ці не маглі б мы запазычыць трохі вопыту ў той прыродаахоўнай акцыі? Ну, хоць што-кольвек... Дарэчы, тая пераможная акцыя не магла не натхняць яе ўдзельнікаў і, прынамсі, мяне, яе арганізатара. Добра... Толькі што рабіць цяпер? Як што?.. Узняць на абарону мовы гонар нацыі, падрыхтаваць ліст. Самае простае на першы погляд. Але паўставалі пытанні: ліст якога зместу і каму?..

Родная наша мова — агульны нацыянальны боль, і тыя асобы, якія падпішуць ліст, павінны выступаць не ад нейкіх апазіцыйных сіл, не ад адной, хоць і добрай, грамадскай арганізацыі як, напрыклад, ТБМ, а ад колаў шырокіх, якім ужо імя — НАЦЫЯ. Я ж другі год пачуваюся каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы “Інстытут нацыянальнай памяці”... Дык няхай гэта і будзе акцыя Інстытута нацыянальнай памяці. І тэкст звароту мусіць адпавядаць разгорнутай задуме, ён павінен быць не крыклівым, дзелавым, доказным, і — біць не столькі словам, колькі фактам. Таму, сябры мае любыя, хто любіць мову, адчыняйма дзверы насцеж калектыўнаму звароту Інстытута нацыянальнай памяці! Гэтак летуценна мне думалася... Хваляваўся і шукаў дарадцаў. Спыніўся на Леанідзе Яўменаве, яскравай постаці ў грамадскім і палітычным жыцці, — філосаф, дыпламат, праваабаронца, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў. Дапамог і Генадзь Бураўкін, паэт і дыпламат. Свае меркаванні па змесце выклаў акадэмік Аляксандр Вайтовіч. Тэкст узбагаціўся.

Найважнае, пра што мне горача даводзіў Яўменаў, было: “Мова — этнічная аснова самавызначэння народа і нацыі, яна — жыццястваральная аснова дзяржаўнага суверэнітэту, яна — і абаронца народа, дзяржавы. Толькі зусім не цямячы гэтага, афіцыйныя ўлады знішчаюць беларускамоўную школу. Насуперак канстытуцыйнай норме наша мова фактычна застаецца ў стане, пакінутым нам расійскім царызмам. Больш за тое, стан яе занядбання з кожным годам паглыбляецца”.

Клопату з лістом было шмат, і, калі пачаўся збор подпісаў — па тэксце выказваліся самыя розныя меркаванні і парады. Цудам, улічваючы ўсё, удалося неяк вытрымаць змест у адзіным плане.

Пачаліся сустрэчы з магчымымі падпісантамі, а з некаторымі нават і не па аднаму разу. Парадавалі тыя, хто сярод першых падтрымаў зварот да вышэйшых эшалонаў улады, — вядомыя філосафы Крукоўскі і Конан, акадэмікі Нікіценка, Гайшун, Касцюк, Бабосаў, Лыч, Гарэцкі, Вайтовіч, Гніламёдаў... Апошні нават падзякаваў мне за тое, што не абышоў яго ўвагай і што ў гэтым, падпісаным ім дакуменце, быў як бы паратунак і ягонаму грамадзянскаму піетэту. А далей, вобразна кажучы, неслі да ўладаў Зварот народныя мастакі Беларусі Вашчанка, Стальмашонак, Шчамялёў, Кашкурэвіч, Гумілеўскі, Шаранговіч, народныя артысты Бандарэнка, Гаявая, Дрынеўскі, Казінец, музыкі Скарабагатаў, Фралоў, Рашчынскі, сын Якуба Коласа — Міхась Міцкевіч, народны паэт Барадулін, святары Латушка, Гардун, славуты архітэктар Левін... Напачатку было сабрана 183 подпісы (ад акадэмікаў да рабочых і студэнтаў). Потым іх лік дасягнуў 900.

Паспяховы збор подпісаў стаў магчымы дзякуючы таварыскай падтрымцы акцыі Алега Трусава і асобных актывістаў ТБМ.

Свой унёсак у падрыхтоўку і ладаванне праекта зрабілі таксама вядомы праваабаронца Гары Паганяйла, старшыня ТБШ Алесь Лозка, Анатоль Белы са сваім культурна-асветніцкім клубам “Спадчына”, праваабаронца са Слуцка Зінаіда Цімошак ды проста неабыякавыя і слаўныя людзі — Алег Шагулін і Галіна Івуць, Міхась Малько і Валерый Патапенка, Лідзія Кулажанка і Алег Гаеўскі (Мінск), Васіль Кухто і Эдуард Мамчыц (Віцебск), Уладзімір Дарагуж (Чэрвень).

Пярэпалах у сценах Дома літаратара

Само сабой не засталіся ў баку сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў, не кажучы ўжо пра Яўменава і Бураўкіна, — Зуёнак, Дамашэвіч, Кудравец, Рыбак, Законнікаў, Вярцінскі, Рагойша, Масарэнка, Ялугін, Камароўскі, Травень, Сакалоўскі, Содаль... Але пры сустрэчы са мной акадэмік-літаратар Уладзімір Гніламёдаў настойліва раіў мне звярнуцца таксама і ў “правільны” пісьменніцкі саюз, які ўтварыўся ў 2006 годзе. Яго ўзначальвае Мікалай Чаргінец, генерал міліцыі і літаратар. Натуральна, прапанова акадэміка не разыходзілася з маімі прынцыпамі шматбаковага прадстаўніцтва абаронцаў роднай мовы.

Пачаў з рэдактараў, на якіх, як на тых сланах, трымаецца “правільны” саюз. Зварушліва паставіліся і падтрымалі сваімі подпісамі Зварот Раіса Баравікова (“Маладосць”) і Анатоль Казлоў (“Літаратура і мастацтва”), а вось Мікола Мятліцкі (“Полымя”) з пагардай адмовіўся: “Я не лічу, што беларускую мову трэба бараніць, на наш век яе хопіць!” Я не спрачаўся — у кожнага свая галава.

Толькі скурай адчуваў халадок, калі ўваходзіў у Дом літаратара, заняты новым саюзам. Калісьці ў сценах гэтага будынка мы правялі дзівосны меліярацыйны форум, з гэтым будынкам звязаны лепшыя старонкі майго творчага і грамадскага жыцця.

Унутры Дома пасля праведзенага рамонту кідаліся ў вока шчасная прастора, чысціня і бляск.

Мікалай Чаргінец сустрэў мяне даволі ветліва — знешне прыязна. У шырокім кабінеце, занятым цяпер ягонай персонай, калісьці працаваў Максім Танк. Толькі штосьці не ранейшае, не танкаўскае было ў пакоі, яно, быццам рогам, упіралася ў мае плечы. Я зразумеў, у чым справа: прыкладна чвэртку альбо нават трэць кабінета па левую руку займала адгародка пад самую столь, і той закутак ужо меў асобныя дзверы. Знутры. Светлая прастора кабінета ламалася, але ж яна, трэба меркаваць, адпавядала духу, душы гаспадара кабінета, былога сенатара; адсечаны куток спатрэбіўся Чаргінцу для ўласнага “будуара”, дзе ўпотай ад старонняга вока можна прымаць і частаваць шаноўных гасцей.

А што да прыязнасці, то Чаргінец гэтак жа паважліва, прыхільна, ветліва, ставіўся і да іншых літаратараў з нашага Саюза беларускіх пісьменнікаў. Больш за тое, яго ўвага заўжды пераходзіла ва ўгаворы пакінуць свой нацыянальны, як лічылася, саюз і перайсці ў ягоны — Саюз пісьменнікаў Беларусі, які быў прыгрэты ўладай, але пакуль не надта вызначаўся глыбокімі каларытнымі талентамі.

Да калектыўнага Звароту ў абарону беларускай мовы Чаргінец паставіўся адназначна адмоўна: маўляў, навошта мітынгаваць, навошта збіраць подпісы — гэтак рабіць нягожа. Мы зрабілі інакш, казаў ён, склалі і паслалі ад свайго саюза ліст па мове “на самы верх” — пытанняў і прапаноў у ім шмат... Вось такі, маўляў, наш ход, і нічога больш не трэба!..

Калі шчыра, я парадаваўся ягонаму ўчынку, яго заступніцтву за мову, на якой ён, праўда, не пісаў і не размаўляў, парадаваўся паралельнаму лісту з “правільнага” боку — намаганні ж у любым разе складваліся і памнажаліся. Я папрасіў паказаць мне тэкст, толькі гэта аказалася немагчымым, бо ліст Чаргінцом быў падрыхтаваны і пасланы ў “закрытым фармаце”, ён даступны толькі высокім чыноўнікам. Няхай сабе і так, думалася. Толькі ці не быў той ліст легендай?..

Ні на чым не настойваючы і нічога не прапануючы далей, я слухаў пра планы і задумы Чаргінца: узняць новы саюз, пашырыць работу — выдатныя ж перспектывы! — вось, да прыкладу, ляжаць сабраныя ў папках матэрыялы на тысячу найвыдатнейшых беларусаў свету, з замежжа, сапраўдныя дзеячы, каларытныя асобы, і трэба, каб нехта з пісьменнікаў гэтымі матэрыяламі заняўся, падрыхтаваў на гэтым грунце кнігі... Я ацаніў веліч задумы калегі і выказаў меркаванне, што да вырашэння такой шырокасяжнай і высакароднай задачы можна было б прыступіць аб’яднанымі сіламі двух творчых саюзаў. Толькі і гэта гаспадару кабінета не спадабалася... Ён затаіўся.

Размова скакала з прадмета на прадмет. Урэшце, пісьменнік Чаргінец не ўтрымаўся, каб не пахваліцца сваімі творчымі поспехамі, ён кінуў вокам на камп’ютэр, маўляў, сеціва там літаральна завалена заляцаннямі, ласкавымі водгукамі на ягоныя творы. Я ахвотна паверыў, адно падумаў сабе: то ж ёсць каму заляцацца і арганізоўваць водгукі, а вось ты, галубок шызакрылы, калі б быў беларусам, а не толькі народжаным у Беларусі, то і тых заляцанняў ад тваіх твораў, бадай што, паменшала б.

Я не хацеў дрэнна думаць пра калегу, толькі ж падумалася: калі параўнаць гаспадара кабінета з Максімам Танкам на ўзровень аб’ёму, то Танк — гэта ўвесь вялікі кабінет, а Чаргінец — адно тое, што ён там сабе выгарадзіў для будуара.

Паглядзеўшы на гадзіннік, я зразумеў, што наша дыпламатычная размова зацягнулася і час імчаць дадому, бо ў гэты ж дзень да мяне павінен завітаць народны артыст, кіраўнік ансамбля “Сябры” Анатоль Ярмоленка. Ён меўся пад’ехаць, каб пазнаёміцца са Зваротам у абарону мовы, бо лічыў яго наспелым, патрэбным. Мне варта было спяшацца, і, развітаўшыся з Чаргінцом, я кумільгам выскачыў з Дома літаратара, а на вуліцы — дождж, проста залева! Пра тое, каб своечасова патрапіць дадому, не было як і думаць. Тады я нырнуў паўз будынак пад зялёны шацёр ліпы і з мабільніка патэлефанаваў Ярмоленку. Той пагадзіўся прыехаць к Дому літаратара. Толькі самога моманту, калі ён падкаціў на аўтамабілі, я не заўважыў, магчыма, спыніўся ён каля другога пад’езда. Я патэлефанаваў паўторна, калі ён ужо быў у кабінеце Чаргінца. Спяшаючыся, я ўзгробся па белай лесвіцы ўгору... Мы з ім сустрэліся ў вестыбюлі другога паверха, адно не паспелі прысесці да нізкага століка, які разам з крэсламі стаяў у куце, як са свайго кабінета выйшаў даўно не бачаны мной чалавек, мажны, з рудымі абвіслымі вусамі, — Віктар Праўдзін:

— Васіль Цімафеевіч, вы што тут робіце?!

— Бачыце, на хвіліну зайшлі...

— Вы правакатар! — выгукнуў ён, і гэта грукнула так, быццам пярун з неба. — Вы — правакатар!.. А вы, Анатоль Іванавіч, не слухайце яго, ён  права-катар!

Паколькі ўсё, што адбывалася, было зусім нечаканым, алагічным, абсурдным, я ўспрыняў гэту сцэну як вадэвіль, я спярша нават не прыняў яе блізка да сэрца.

— Віктар Аляксандравіч, прашу паводзіць сябе прыстойна! — спрабаваў я ўняць агрэсіўнасць вусатага дзядзькі, які важным і рашучым крокам дэфіляваў уздоўж сцяны вестыбюля. — Урэшце, якая вам справа да нас?!

— Я першы намеснік старшыні саюза, і без майго дазволу сюды не павінна нават муха заляцець!

Анатоль Ярмоленка тым часам пагартаў старонкі Звароту, глянуў на подпісы і, сумеўшыся, развёў рукамі:

— Прабачце, але ў такой сітуацыі... давайце адкладзём.

— Правільна, і я так думаю...

— Вы правакатар, Васіль Цімафеевіч! — зацята ўсё яшчэ выгукваў Праўдзін.

Я, быццам ашпараны, спусціўся па лесвіцы ўніз і выйшаў з Дома літаратара, а пад вечар са сваёй кватэры надумаў патэлефанаваць Чаргінцу па мабільным.

— Мікалай Іванавіч, што гэта за фарс са мной разыгралі? — спытаўся я, і вопытны чыноўнік адразу парыраваў.

— А что же это вы, ссылаясь на мой авторитет и подставляя меня, приглашаете людей в Дом литератора?.. Вы вынуждаете их подписывать неизвестно что, потом люди приходят ко мне и жалуются. Они собираются подавать на вас в суд!

Я зразумеў, што фарс працягваецца і пераходзіць ужо ў драму; толькі цікава, хто гэта мне пагражае судом? Калі шчыра сказаць, мяне ўскалынула.

— Прашу прабачэння, Мікалай Іванавіч, але я ніколькі вамі не прыкрываўся і аўтарытэту не маю патрэбы ў кагось пазычаць. Скажыце лепш: хто да вас прыходзіў са скаргай на мяне?

— Гаявая!

Вось табе і маеш! Асоба, якая шчыра размаўляла са мной і са слязьмі на вачах расказвала, як яе ансамбль “Харошкі” пачалі высяляць з памяшканняў, якія яны займалі. А здарылася гэта адразу пасля таго, як са сцэны, пасля паспяховага святочнага выступлення, Гаявая заявіла натхнёна, што чакае адкрыцця ў Мінску Беларускага нацыянальнага цэнтра, абапіраючыся на які яе ансамбль будзе яшчэ лепш выступаць. “Нацыянальнае — проста костка ў горле дзяржаўных чыноўнікаў і тых, хто наглядае за імі” — падумалася мне, але тады я не знаходзіў слоў, каб яе ўсцешыць. А цяпер... Званю народнай артыстцы Гаявой:

— Валянціна Іванаўна, вы сёння хадзілі да Чаргінца ў Дом літаратара?

— Не-е, і — навошта? Ён мне, калі я раней звярталася, нічым не дапамог.

— І не тэлефанавалі яму?

— Не, і не тэлефанавала.

— І нават не адмаўляецеся ад свайго подпісу пад Зваротам у абарону беларускай мовы?

— Не, што вы! Хоць я і руская, але нацыянальную мову, на якой беларуская культура ўзнялася і дасягнула свайго росквіту, трэба берагчы!

Я падзякаваў ёй і з гэтага моманту выразна адчуў, што маё наведванне цяперашняга Дома літаратара з дзіўнага фарса і драмы ператвараецца ў трагікамедыю... З вядучым артыстам, майстрам па разыгрыванні ўсялякіх вострых сітуацый не толькі ў літаратурных творах.

Ці хутка развіднее?

“Ці хутка развіднее на векавечных абсягах нацыянальнай культуры?” — пад такім загалоўкам газета “Народная Воля” надрукавала мой артыкул пра адраджэнне і далейшае развіццё беларускай мовы. Газета і асабіста яе галоўны рэдактар Іосіф Сярэдзіч надавалі немалаважнае значэнне адлюстраванню распачатай намі дыскусіі і, у прыватнасці, маёй перапіскі з рознымі ўстановамі. Гэта спрыяла нам і дазваляла часам пераходзіць ад абароны мовы ў наступ за яе адраджэнне.

Дружна выступіў з заявай аб актуальнасці і абгрунтаванасці пазіцый нашага Звароту калектыў філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта, — ліст, падпісаны 50 выкладчыкамі, дацэнтамі, прафесарамі, лабарантамі, паслалі на імя кіраўніка краіны.

Пад нашым зваротам пачалі падпісвацца сем’ямі. Прывяду характэрны і яскравы прыклад:

“Далучаемся да тых людзей, якія любяць сваю краіну, якія не ўяўляюць свайго жыцця без роднай Беларусі, якія добра разумеюць, што не можа быць сапраўднай нацыі без Роднай Мовы! А беларусам ТАК пашанцавала: бо наша мова не проста прыгожая, яна СМАЧНАЯ!

Сям’я Палхоўскіх, Аляксандр Сяргеевіч, працаўнік МТЗ, Марыя Мар’янаўна, руплівіца будаўнічай арганізацыі, дачка Таццяна, студэнтка БДПУ імя Максіма Танка і іх сын Дзяніс, вучань пятага класа, Мінск”.

Цікавыя былі і афіцыйныя водгукі.

З Магілёва: “Для вывучэння пытання ў аблвыканкаме была створана рабочая група ў складзе спецыялістаў адукацыі і культуры, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый. Выпрацаваны адпаведныя прапановы і рэкамендацыі па паляпшэнні стану спраў з роднай мовай у рэгіёне. Па даручэнні старшыні аблвыканкама вядзецца таксама выпрацоўка комплексных мер па падтрымцы беларускай мовы.

Дзякуй за адданасць роднай мове і клопат аб ёй!

 Намеснік старшыні аблвыканкама В.А.МАЛАШКА”.

З Брэста — амаль такі ж тэкст з падтрымкай; паведамлялася аб практыцы ўжывання беларускай мовы аблвыканкамам і асабіста старшынёй К.А.Сумарам. “Што да шэрагу прапаноў, выказаных у Звароце, то яны не знаходзяцца ў кампетэнцыі Брэсцкага выканаўчага камітэта”, — інфармаваў намеснік К.А.Сумара Л.А.Цупрык і адначасова выказваў нам сваю шчырую ўдзячнасць “за актыўную грамадзянскую пазіцыю”.

Міністэрства замежных спраў выказала падзяку за занепакоенасць лёсам роднай мовы, якая як адна з дзяржаўных шырока ўжываецца ў справаводстве сістэмы МЗС. Намеснік міністра С.Ф.Алейнік адзначыў, што “МЗС займае актыўную пазіцыю па вяртанні на Радзіму нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны, што ў значнай ступені спрыяе павышэнню нацыянальнай свядомасці, выхаванню павагі да беларускай гісторыі, культуры і мовы”.

Міністэрствы адукацыі, культуры, інфармацыі па рэкамендацыі Савета міністраў напісалі абагульнены адказ на перасланы ім Зварот. З першых слоў яны віталі наш клопат пра функцыянаванне роднай мовы. Але ж, фіксуючы тое, што робіцца на ніве адукацыі, службоўцы нічога прынцыповага, каб змяніць пагібельную сітуацыю, не прапанавалі. Больш канструктыўна, праўда, падавалася сітуацыя з ужываннем нацыянальнай мовы ў Міністэрстве культуры, дый сам міністр Павел Латушка паказвае прыклад у карыстанні беларускай мовай.

Савет Рэспублікі і Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь паведамілі, што яны плануюць у 2010 годзе падрыхтаваць і вынесці на разгляд праект закона “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы па пытаннях ужывання і развіцця дзяржаўных моў у Рэспубліцы Беларусь”. Законапраектам прадугледжваецца адкарэкціраваць палажэнні раней прынятых законаў дзеля “дасягнення фактычнай роўнасці дзяржаўных моў на практыцы, як таго патрабаваў Канстытуцыйны суд сваім рашэннем № П-91/2003”.

Нарэшце, невялікая сенсацыя: губернатар Віцебскай вобласці на “Славянскім базары” загаварыў на сваёй роднай мове (палову — на беларускай, палову на рускай, улічваючы публіку).

Савет міністраў даручыў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі распрацаваць прапановы па адраджэнні і далейшым развіцці мовы тытульнай нацыі. Падаць падрыхтаваны дакумент належала, праўда, не ў Савет міністраў, а ў Адміністрацыю прэзідэнта. І ўжо з гэтай праявы ўскосна вынікала, што і там, у Адміністрацыі, наш Зварот не пакінулі без увагі.

Нацыянальная тэлерадыёкампанія доўга марудзіла, потым увосень прыняла рашэнне павялічыць колькасць беларускамоўных перадач радыё і тэлебачання, і — павялічылі на адну кропельку — дзякуй, панове, за ласку! — толькі ж яе, тую кропельку, мы будзем лічыць за першы крок.

Праяў увагі да Звароту было нямала, толькі варта зазначыць больш акрэслена, што Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь па сутнасці праігнаравала прынцыповую пастаноўку пытанняў у Звароце, яно асобна не ўпершыню пераслала нам разбухлую справаздачу пра тое, як шмат там рабілася і робіцца дзеля захавання ў школьных і іншых навучальных установах беларускай мовы. Насамрэч жа практыка дзейнасці гэтага міністэрства якраз і паставіла нашу мову на край гібелі, што, між іншым, было пераканаўча паказана ў маіх артыкулах у “Народнай Волі” — “Далучайцеся!” за 4.08.09 г., “Ці хутка развіднее?” за 15.10.2009 г. і “Баба Шура сказала, а што скажа прэзідэнт?” за 26.12.2009 г., як, зрэшты, і ў далучаных да артыкулаў водгуках чытачоў. Вось адзін з іх, найбольш паказальны.

Міністру муляе “хамут”

“Я выклаў усё гэта ў сваім лісце ў чатыры высокія інстанцыі. Па прасторах Беларусі шыбуе расійшчына, і першапрычынай таму стаў ганебны рэферэндум 1995 года. Ён нанёс такі ўдар па беларускай мове і культуры, якога яшчэ не наносілі ні Польшча, ні царская Расія, ні бальшавікі за час панавання на Беларусі. Вось да чаго можа прывесці адсутнасць клопату пра нацыю. Праграма “Культура” пачынаецца навінамі з Расіі, нібы ў культурным жыцці Беларусі нічога не адбываецца.

Адукацыя наогул натварыла такога, у чым ніхто не можа разабрацца. Усе павінны вучыцца па адной праграме! Маўляў, думаць, аналізаваць не трэба, дзеля гэтага ёсць ідэолагі, палітыкі. Будзем рыхтаваць галавасцікаў, якія маглі б забіваць гайкі кувалдай. Вось да чаго схіляеце вы, спадар Радзькоў, у адукацыі. Пры вашай “дбайнасці” дайшло, што беларускую мову і гісторыю выкладаюць вучням па-расійску. Па звужанай праграме... Дзікунства! Пра адсутнасць у вас культуры і павагі да школьнікаў, іх бацькоў, усяго грамадства засведчыла ваша выступленне на рускай мове пры тэсціраванні выпускнікоў школ па беларускай мове і літаратуры ў БДУ. Ганьба, спадар Радзькоў!

Каб міністр адукацыі ды займаўся палітыкай і прымушаў да гэтага настаўнікаў у школе — гэта абсурд! Выбачайце, але вам, відаць, адукацыя мыліць шыю, як каню выпадкова знойдзены хамут. Зніміце яго з сябе і займіцеся хоць бы той жа таемнай для насельніцтва “Белай Руссю”, яна вам будзе больш пасаваць.

Алег ЛАШУК, пенсіянер, былы інжынер-будаўнік.

Гомель”.

Мне асабіста хацелася думаць пра лепшае, і ўвага нашай ініцыятыўнай групы была прыкавана да скрыжавання, на якім сустракаліся і ўсё часцей сутыкаліся, пры сваёй супярэчлівасці, грамадскія і дзяржаўныя клопаты, інтарэсы, імя ж яму — Адміністрацыя прэзідэнта. Паколькі да нас даходзіла інфармацыя, што там-такі пра штосьці думаюць, пра нешта дбаюць у сувязі з распаўсюджаным намі Зваротам, мы чакалі адказу. А яго не было — не было больш за тры месяцы — і, нарэшце, прыйшоў. Ён быў даволі туманны і загадкавы: “Вашы лісты разгледжаны ў Адміністрацыі прэзідэнта, прапановы будуць па магчымасці ўлічаны зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі ў рабоце па пашырэнні выкарыстання беларускай мовы ў грамадстве”.

Складваецца ўражанне, што на высокім уладным паверсе адказныя асобы чагосьці не дагаворваюць. Засталося пытанне: ці ёсць у нас органы, зацікаўленыя ў беларускай мове? На наш розум, яны былі вынішчаны яшчэ ў 1995—1996 гадах пасля сумна вядомага рэферэндуму. З іншых крыніц, праўда, неўзабаве высветлілася, што на тым “скрыжаванні” адбылася нарада аб адраджэнні мовы з удзелам міністраў і кіраўнікоў “зацікаўленых дзяржаўных органаў”, што нарада прыняла рашэнне: пашыраць выкарыстанне беларускай мовы ў краіне, але рабіць гэта паступова, эвалюцыйным шляхам. Аднак пэўнасці як не было, так і няма.

Фінал моўнай акцыі

У снежні 2009 года ў агромністай і шыкоўнай зале Нацыянальнай бібліятэкі ў Мінску праходзіў устаноўчы з’езд Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы. На мой погляд, гэты новы саюз быў патрэбны не больш, чым і сама Саюзная дзяржава, балазе ў Маскве ўжо была Міжнародная супольнасць пісьменніцкіх саюзаў (МСПС), спадкаемца Саюза пісьменнікаў СССР. Але тут камусьці спатрэбіўся і гэтакі саюз — хутчэй за ўсё, каб далучыцца да спажыўцоў бюджэту Саюзнай дзяржавы.

Мне было ў пэўнай меры цікава прысутнічаць на пампезным, як у былыя савецкія часы, мерапрыемстве. Калі казаць аб прыемным, то найбольш спадабаўся даклад масквіча Валерыя Ганічава — сваёй немітуслівасцю, цывілізаванай адметнасцю. Мала таго, што па многіх пазіцыях ён не ўступаў дакладу Чаргінца, дык яшчэ Ганічаў спыніўся на неабходнасці захавання нацыянальных духоўных каштоўнасцяў народаў.

“Ясно, что одной из главных ценностей, о которой будет заботиться наш Союз, безусловно, являются русский и белорусский языки — это главная основа, на которой создается литература, наша опора в этом мире, это душа народа. Не надо превращать язык в орудие борьбы, он должен быть средством единения и сплочения. Для меня абсолютно ясно, что русский человек, который живет в Беларуси, должен знать белорусский язык. Это не только гражданская обязанность, это его богатство”.

Аднак тое, што для лідэра расійскай пісьменніцкай арганізацыі “абсолютно ясно”, не ўсвядомілі за доўгае жыццё і працу ў Беларусі некаторыя з тузоў, якія сядзелі за шырокім сталом прэзідыума: і той жа міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў (ён паёрзваў у крэсле, калі слухаў Ганічава, і нават дастаў з кішэні нататнік, каб сёе-тое пазначыць для памяці, але, відаць, своечасова згадаў, што ад яго нічога такога зверху не патрабуецца, дый супакоіўся) і Мікалай Чаргінец, які, відаць, лічыў, што ў яго ёсць “алібі” — сярэдняя мінская школа з англійскім ухілам, дзе ён вучыўся і дзе не хацелі ведаць беларускай мовы.

Пры падобных адносінах да мовы гэтых “тузоў” ці варта здзіўляцца, што ў праўленні Саюза пісьменнікаў Беларусі, якім кіруе М.Чаргінец, камфортна пачуваюць сябе тыпы накшталт Аўруціна і Герашчанкі. Паэт Анатолий Аврутин не аднойчы ў Мінску і Маскве негатыўна і грэбліва выказваўся і пра беларускую мову, і пра беларускую літаратуру. А невядомы пакуль у літаратуры Андрей Геращенко — дзяржаўны чыноўнік, начальнік аддзела па справах моладзі ў адным з раёнаў Віцебска, стварыў грамадскае аб’яднанне “Русский дом” як “неотъемлемую часть русского народа” і адкрыта, з апломбам разважае пра “штучнасць” беларускай мовы, адмаўляе існаванне беларускай нацыі.

Я не першы год задаваў сабе пытанне: якая глеба жывіць герашчанкаў і аўруціных, каб гэтак непрыхільна ставіцца да беларускай зямлі і яе народа? Азадачаны, уважліва сачыў за прамовамі кіраўніка краіны, у якіх ён часам незнарок мог даць адказ на самыя надзённыя і прыхаваныя пытанні. Блізіўся канец 2009 года, і Аляксандр Рыгоравіч вырашыў правесці прэс-канферэнцыю з беларускімі журналістамі.

Акурат перад гэтым мне патэлефанавалі з Савета Рэспублікі і ласкава папрасілі выбачэння за затрымку з адказам на мой ліст — той, у якім я, нарэшце, спытаўся, ці ўнесена ў план працы Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі на 2010 год падрыхтоўка Закона аб зменах у дзеючым заканадаўстве па мове, “каб ліквідаваць на практыцы няроўнасць беларускай і рускай моў”. Мне патлумачылі, што гадавы план работы Палаты прадстаўнікоў пададзены ў Адміністрацыю прэзідэнта, адно па незразумелых прычынах яго там доўга трымаюць. Запэўнілі, што неўзабаве, як толькі ўсё вырашыцца, яны мне адкажуць пісьмова.

Тая затрымка стала мяне ўсур’ёз непакоіць. Вырашаўся і завіс прынцыпова важны і лёсавызначальны для адраджэння мовы і нацыянальнай культуры пункт праграмы ў дзейнасці заканадаўчых устаноў. Я з нецярпеннем чакаў развязкі.

Яна прыйшла неспадзявана. На згаданай прэс-канферэнцыі кіраўнік інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Алесь Ліпай звярнуўся да кіраўніка дзяржавы: “Беларуская мова зараз знаходзіцца ў заняпадзе, у тым ліку з-за дэфіцыту падтрымкі з боку беларускай дзяржавы. Я прапаную ўвесці сістэму дзяржаўных грантаў і прэферэнцый для грамадскіх арганізацый, якія займаюцца моўнымі праблемамі, для беларускамоўных сродкаў масавай інфармацыі і для беларускамоўных класаў і школ”. Але тое, што ўсе пачулі ў адказ, было надта падобным на выбух.

“...Мы договорились быть откровенными, и я вам скажу откровенно: вопросы языковые раз и навсегда в стране решены. По крайней мере, в тот период времени, пока я буду президентом. Мы этот вопрос однозначно решили на референдуме, и я не собираюсь вносить какие-то дополнения и новшества. Желаете разговаривать на белорусском языке — разговаривайте. Желаете говорить на русском языке — пожалуйста, говорите. Но, — прыспеў час Аляксандру Рыгоравічу патлумачыць становішча, у якім ён знаходзіцца, — если тебе помогают и ставят условия, тогда будь добр исполнять, во всем мире так принято. Так и по языку”.

Дык вось дзе сабака закапаны! Там, дзе і газ, і нафта. Яны адтуль, з усходу, нам — нафту, а мы ім, згодна з умовай, — раззбраенне духоўнае і культурнае, моўнае... Яны нам падтрымку доўгатэрміновай улады, а мы ім — “все, чего изволите”. Баш — на баш! Толькі ці не назіраецца ў такой міждзяржаўнай гульні здрада нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь? Рыторыка...

Я ажно пахаладзеў, калі прачытаў выказванні кіраўніка дзяржавы, бо зразумелым рабілася, што адказваў ён ужо не аднаму спадару Ліпаю, але і сваім паплечнікам, як і Здановічу, старшыні Камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў, які рыхтаваў праект, і тым, хто ў Адміністрацыі пад ягоным крылом, і ўсім, хто прыхільна паставіўся да адраджэння роднай мовы (а такіх, магу аўтарытэтна запэўніць, у патэнцыяле не адзін і не два мільёны) і бабе Шуры, якая, падпісваючы Зварот, мовіла: “Няхай бы хоць праўнук мой у беларускай дзяржаве пачуваў сябе беларусам!”

На пытанне А.Ліпая Аляксандр Рыгоравіч адрэагаваў энергічна, рашуча, запальчыва: “Меньше эту тему надо мусолить!” Раздражняла яго, пэўна, тое, што нават ягонае атачэнне ў Мінску, ягоныя людзі ў рэгіёнах пачалі схіляцца да адраджэння беларускай мовы. Вунь, як і Канстытуцыйны суд! Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі — туды ж! Яны, бачыце, за перагляд законаў па мове! Вось ён і выдаў усім наўкруг сваё крэда, свой лад думак, раскрыў вядомую, можа, аднаму яму матухну праўду!

Ужо быў студзень — снежны і марозны, як ніколі, — калі прыйшоў на мой адрас ліст з Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, падпісаны старшынёй Камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльнаму развіццю А.Л.Моравай. Яна тлумачыла сітуацыю з унясеннем гадавога плана працы на зацвярджэнне. Ліст заканчваўся словамі: “Аднак, на жаль, у зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2010 года №2 Плане падрыхтоўкі законапраектаў на гэты год названага законапраекта няма”. Крыж на нашых высілках?

Але... На той жа прэс-канферэнцыі самога ўладара ахапіў раптам одум, ці не перагнуў ён палку ў запальчывасці? І сваю прамову ён скончыў словамі: “Давайце спакойна, ціха навучым усіх размаўляць на нашай роднай, сакавітай беларускай мове”. Уяўляеце? Давайце ціха самі сабе пакажам, што мы тут гаспадары. Каб іншыя не заўважылі... У словах уладара выявілася, больш за тое, паўтарылася, як новы доказ, тая ж несамавітасць, нямогласць і скутасць паняволенага беларуса. А калі больш выразна — ён выдаў і высек тут сам сябе... ды не, не высек, бо не вызначыў, не ўсвядоміў цаны ўсяму таму, што зрабіў за тры свае прэзідэнцкія тэрміны.

Што рабіць нам?.. Належнае. Доўжыць барацьбу за мову, несці праўду да суайчыннікаў, абуджаць і разнявольваць рабоў!

Акцыя 2009 года па адраджэнні мовы не засталася безвыніковай, яна як разведка боем засведчыла пра яшчэ нязгаслы інтарэс беларусаў да сваёй роднай мовы і нацыянальнай культуры — вялікага духоўнага скарбу, ад якога нас гэтак узмоцнена імкнуцца адвучыць і адлучыць.

Акцыя засведчыла, што лепшыя, свядомыя сілы ў грамадстве стаяць за адраджэнне, за нармальны ўжытак ды жыццё беларускай мовы.

Адно важна памятаць, што мова — гэта мы, хто называе сябе беларусамі.

Не будзе мовы — і нас не будзе, а будзе мова — і мы будзем заўсёды.

Народная воля  № 76–77 за  18 мая 2010 г. Народная воля № 78–79  за  21 мая 2010 г.
 
« Папяр.   Наст. »
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 1331
mod_vvisit_counter Учора 2422
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 10944
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 33375