Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 
Брама сайта arrow АДВЕЧНАЕ arrow Мова arrow UNESCO : Каму замінае беларуская мова

UNESCO : Каму замінае беларуская мова Друк E-mail
08.03.2010 | 22:31 |
Каму замінае беларуская моваНататкі пісьменніка Васіля ЯКАВЕНКІ з акцыі ў абарону беларускай мовы
Узімку, бліжэй да вясны 2009 года ў сеціве, якое у нас большасць заве Інтэрнетам, акінулася трывожнае паведамленне пра беларускую мову. Не ведаю, як на каго, а на мяне яно падзейнічала акурат бытта сухі і рваны выбух перуна з нябеснае высі - тады акурат, калі ўсё неба зацягнута шэрымі хмарамі і неба таго не відно з-за суцэльнага заімглёнага покрыва.

З інфармацыйных радкоў, якія рашпілем закранулі сэрца, мне ў свядомасць грукнула: родная для цябе і таго асяродку, скуль ты родам, беларуская мова трапіла на грань, за якою ўжо адно - скат у нірвану знябытага!

«Моўную палітыку вызначае практыка»

Тая небяспека, што казаць, прадчувалася не адным мной, а кожным адданым беларусам, шчырым, свядомым, асабліва ў апошнія дзесяцігоддзі, толькі цяпер яна, няўклюдная, непамысная, ужо была прызнана ЮНЕСКА, гэтай аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыяй. Спецыялісты ЮНЕСКА занеслі беларускую мову ў своеасаблівую Чырвоную кнігу, а дакладней - Атлас моў, якім пагражае небяспека знікнення. Адтуль, з міжнародных культурных вышыняў была ўбачана і прызнана бяда нашай нацыянальнай культуры, нацыі ўвогуле!

ЮНЕСКА нас папярэджвала, і мы, беларусы, павінны былі азвацца, адрэагаваць на падзею, грукнуць у звон, які б усе пачулі. Адно сцішана праходзілі тыдні і тыдні, месяцы - а нідзе ні гуку, ніякага табе ўсплёску хвалявання, ані ў друку, ані па тэлебачанні альбо ў радыёперадачах, - поўны штыль на моры жыццёвым! Альбо мора нашанскае скавала льдом, і не было ў ім для думкі і пачуцця разгону?.. Наша абыякавасць, наша глухата і немата тады проста не давалі мне спакою. Што мы за людзі, Божухна?! Хто ж адсек наш розум і волю? Адно глядзець трэба і так: ці ж мы самі адмаўляемся ад сваёй роднай мовы, ад скарбу, які вынеслі з векавечных глыбінь? Не!.. То што і хто нас гвалтуе?

 

Мне прыгадваліся сустрэчы і размовы з моваведамі ранейшых часоў і асабіста з акадэмікам Аляксандрам Падлужным. Знайшлася і публікацыя гутаркі з ім пісьменніка Эрнеста Ялугіна, яна была надрукавана дзесяць гадоў таму ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва». Ці прадбачылі моваведы, што ЮНЕСКА аднойчы занясе нашу мову ў Атлас моў, якія знікаюць? Бадай, не. Моваведы прымушалі сябе да аптымізму, яны не верылі у хуткі канец роднай мовы, бо былі нармальнымі людзьмі, а гэта ж, каб дапусціць такое, каб уявіць сабе народ, які адмаўляецца ад сваёй мовы, сапраўды, трэба з'ехаць з глузду. На мове трымаецца нацыя - святая святых для чалавека! Праўда, калі па шчырасці, і моваведы ўжо таксама заўважалі благую тэндэнцыю...

Пісьменнік Ялугін у гутарцы з А.Падлужным, дырэктарам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, звярнуў увагу вучонага на дзікі эпізод - дзеяч Дзяржаўнай думы Расіі, будучы ў Бруселі на нейкіх там міжнародных дэбатах, выказаўся наконт беларускай мовы так, што такой мовы ўвогуле няма. Ялугін ставіў перад Падлужным прынцыповае пытанне: як жа, на ваш, маўляў, прасветлены розум, - жыве яна, наша мова, ці ўжо яна падзяляе лёс лаціны? Аляксандр Падлужны шчыра адказваў, што яна жыве:

«У беларускай мовы магільшчыкаў хапала даўно і хапае. А наконт выступлення аднаго з расійскіх дзяржаўных мужоў, пра што вы згадалі, то першая рэакцыя - здзіўленне. Здзіўляе, калі такое сыходзіць не ад выпадковага люду, не ад чалавека з вуліцы, які можа карыстацца ўласнымі эмоцыямі, чуткамі. Ды хай бы зазірнуў у любую нашу бібліятэку. І не толькі нашу, а, дапусцім, у тым жа Бруселі. Ці ў Парыжы, Стакгольме, Вашынгтоне. Там ёсць і мастацкая літаратура, і навуковая, і даведачная, і граматыкі, і слоўнікі менавіта на беларускай мове. Гэта што: нехта штучна прыдумаў, ці як? Прычым, па выданнях можна прасачыць і за гістарычным развіццём беларускай мовы, чаго аніяк не скажаш пра тую ж лаціну. Але, калі гаварыць пра сітуацыю, якая склалася на пачатку новага года, яна сапраўды вельмі няпростая, і нялёгкая. Яно ж як атрымалася. Хоць рускую мову і зацвердзілі дзяржаўнай, але пры роўным статусе з беларускай. Фармальна, як цяпер высвятляецца. У параўнанні з рускай, якая, дзякуючы шматгадовай актыўнай дзяржаўнай падтрымцы паспела моцна ўкараніцца ў асяродку чыноўніцтва і шмат каго з дэнацыяналізаваных гараджан, беларуская вымушана здаваць шмат якія важныя пазіцыі. Не сама мова, а людзі. Цяпер яна фактычна амаль не ўжываецца ў органах дзяржаўнага кіравання. А за гэтым жа стаіць прэстыж роднай мовы ў вачах простых грамадзян. Моўную палітыку вызначае практыка. І практыка ў першую чаргу эліты, у якую ўваходзяць як дзеячы навукі, культуры, так і дзяржаўныя кіраўнікі». Так, практыка вызначае лёс мовы і культуры.

Шлях да нацыянальнай катастрофы вядомы, думалася мне, але што рабіць? І прыгадвалася, як у 2002 годзе мы з Вольгай Іпатавай, яна тады ўзначальвала Саюз беларускіх пісьменнікаў, правялі ў Доме літаратара трохдзённы міжнародны сімпозіум на тэму: «Разнастайнасць моў і культур у кантэксце глабалізацыі» . У важным тым сімпозіуме ўдзельнічаў нават сам Генеральны дырэктар ЮНЕСКА Каіціра Мацууры, выступіў з прамовай пра важнасць захавання духоўнага скарбу народаў. І мэтай шырокага форуму, у нашым разуменні, была прапаганда ідэі разнастайнасці, што ляжала ў аснове гарманічнага развіцця цывілізацыі, і ўжо у гэтым кантэксце - абарона беларускай мовы ад занядбання уладамі, і самім няспелым грамадствам. Сімпозіум удаўся, але размова на ім, на жаль, не закранула ўладных галоў. Заганная моўная практыка ў Беларусі не мянялася, і нашы з Іпатавай спадзяванні пасеяць у грамадстве разумнае, добрае, вечнае ў цэлым не спраўдзіліся. Што тады цешыла: мы выдалі два тамы матэрыялаў сімпозіума, раздалі іх па бібліятэках, і людзі, хоць зрэдзь, ды заглядваюць у фаліянты аўтарытэтнага форуму.

Мабілізацыя эліты

У часе майго ранейшага грамадскага чыну надарыўся было выключны выпадак, калі я пачуваў сябе пераможцам, я і па сёння тым ганаруся. Людзі старэйшага веку памятаюць, як у васьмідзесятыя гады востра і пякельна стаяла пытанне абароны прыродных абшараў, рэк і рачулак ад заўзятай дзейнасці меліяратараў. Урэшце дабраліся меліяратары да Прыпяці, вялікай ракі, пачалі выпрамляць рэчышча, абвалоўваць, адсякаючы яго ад поймы, а пойму - асушаць пад раллю. Праз 15-20 гадоў - не болей - там разыгралася б чарговая нацыянальная катастрофа - утварылася б сапраўдная пустыня, шырокая і злая! Пыльныя буры ужо пачыналіся.

Дык што мы, пісьменнікі?.. Падрыхтаваліся, прызначылі ў Доме літаратара навукова-практычную канферэнцыю, сабралі на яе ўсе зацікаўленыя бакі, і сваіх аднадумцаў, і апанентаў, спецыялістаў розных узроўняў, акадэмікаў і міністраў, запрасілі калег-пісьменнікаў і вучоных з Украіны, і разам наладзілі там напрадвесні 1988 года адмысловы рэй, дыскусію, дыспут, бойку думак, сутыкненне розных настрояў, пачуццяў - зрэшты, усё, што было ў актавай зале ДЛ, надта нагадвала запарожскую сечу! Навукова-практычная адчайная, палкая канферэнцыя, пры адкрыцці якой я зрабіў асноўны даклад - «Ці ёсць у нас канцэпцыя гаспадарання?» - ужо к ночы прыняла сваю рэзалюцыю, і той рэзалюцыяй паставіла крыж на бяздумным спрамленні рэчышча і асушэнні поймы палескай ракі; канферэнцыя прымусіла зачыншчыкаў расправы з Прыпяццю - акадэмікаў Ліштвана, Скарапанава, міністраў меліярацыі і лясной гаспадаркі - развярнуцца на 180 градусаў! А праз тры дні пасля прыпяцкай «сечы» Савет Міністраў спыніў фінансаванне няўклюднага і проста злачыннага меліярацыйнага праекта. Менавіта з тых дат, акурат з таго часу і пачалася новая нацыянальная палітыка ў меліярацыі.

Цяпер вось трывожыў новы клопат - пра мову, і ён пераходзіў у подумкі пра тактыку дзеянняў... Шаноўныя, звяртаюся ў думках, а ці не маглі б мы запазычыць трохі вопыту ў той прыродаахоўнай акцыі? Ну, хоць што-кольвек... Дарэчы, тая пераможная акцыя не магла не натхняць усіх яе ўдзельнікаў і, прынамсі, мяне, яе арганізатара. Добра... Толькі што рабіць цяпер нам? Як што?.. Узняць на абарону мовы квет нацыі... Лёгка сказаць. На жаль, выбар быў невялікі, заставалася падрыхтаваць ліст у абарону мовы. Самае простае, на першы погляд. Але паўставалі пытанні: ліст якога зместу і каму?..

Наша мова - наш нацыянальны боль! І, згодна з набытай прамудрасцю, што ўжо хінулася да традыцыі, справа неяк акрэслівалася: той люд, тыя асобы, якія падпішуць ліст, павінны выступаць не ад нейкіх там апазіцыйных сіл, што зазвычай рабілася, і не ад адной грамадскай арганізацыі як, напрыклад, ТБМ, а колаў шырокіх, разгорнутых, якім імя - НАЦЫЯ! Натуральна аказвалася: я ж другі год ужо за каардынатара грамадзянскай ініцытывы «Інстытут нацыянальнай памяці». Авохці мне! Дык гэта і будзе акцыя Інстытута нацыянальнай памяці. Яна павінна пераадольваць бар'еры ў грамадстве. Таму і тэкст звароту мусіць адпавядаць шырокай задуме, ён павінен быць не крыклівым, а вытрыманым, не рэзкім і не надта патрабавальным, а угаворлівым - біць не словам, а фактам. Такі тэкст, з довадамі і яскравай аргументацыяй, няхай сабе дзе-нідзе і з падтэкстам, будзе мець, апроч кантактнага, і інфармацыйна-выхаваўчае ды прапагандысцкае значэнне. Таму, сябры любыя, хто любіць мову, адчыняйма дзверы насцеж абгрунтаванаму калектыўнаму звароту Інстытута нацыянальнай памяці! Гэтак летуценна небараку думалася...

Разважаючы над тым, як найлепей уцяць і «не пакрыўдзіць» начальства, склаў ліст; у працы над ім, як пачувалася мне, дапамагалі мне вопыт, інтуіцыя. Сфармуляваў уступ і шэраг пунктаў прапаноў, што зыходзілі з дакору, дзе крыкам крычалі тэзы ўціску і дыскрымінацыі мовы, а пытанні былі з'едліва карэктныя, мяккія. Хваляваўся, і шукаў дарадцаў для абкаткі тэксту. У выбары сваіх калег, паплечнікаў спыніўся на Леанідзе Яўменаве, постаці, даволі яскравай у грамадскім і палітычным жыцці, - філосаф, вопытны дыпламат і праваабаронца, як ніяк, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў. Дапамог таксама і Генадзь Бураўкін, паэт і дыпламат... Скрэмзалі і пашчапалі яны мне ўвесь уступ, потым з тых «шчэпак» я зноў склаў штось цэльнае; тады ж, прыгадваецца, свае меркаванні па зместу выклаў і акадэмік Аляксандр Вайтовіч. Тэкст узбагаціўся суровай мелодыкай фактаў і дыяпазонам лагічных высноў.

Найважнае, пра што горача даводзіў мне Яўменаў, прапануючы уключыць у тэкст: «Мова - этнічная аснова самавызначэння народа і нацыі, яна жыццястваральная аснова і дзяржаўнага суверэнітэту, абаронца народа, дзяржавы. Толькі, не цямячы гэтага, афіцыйныя ўлады знішчаюць беларускамоўную школу. Насуперак канстытуцыйнай норме наша мова фактычна застаецца ў стане, пакінутым нам расійскім царызмам. Больш за тое, стан яе занядбання з кожным годам паглыбляецца». Я разумеў Леаніда Фёдаравіча з паўслова, бо тое ж было і ў маім усведамленні.

Клопату з гэтым лістом надорвалася шмат, і, калі пачаўся збор подпісаў, то па тэксту выказваліся самыя супярэчлівыя меркаванні і парады. Толькі, улічваючы ўсё, што прыймальнае, мне ўдалося такі вытрываць і захаваць змест якім я лічыў патрэбным.

Пачаліся сустрэчы, з магчымымі падпісантамі, а з некаторымі нават не па аднаму разу! Затое парадавалі, у ліку першых падтрымаўшы зварот да вышэйшага эшалону ўлады, вядомыя філосафы Крукоўскі і Конан, акадэмікі Нікіценка, Гайшун, Касцюк, Бабосаў, Лыч, Гарэцкі, Вайтовіч, Гніламёдаў... Апошні нават падзякаваў мне за тое, што не абышоў яго ўвагай і што ў гэтым, падпісаным ім дакуменце, быў як бы паратунак і ягонаму грамадзянскаму піетэту. А далей ішлі паперадзе і, вобразна кажучы, неслі да ўладаў Зварот народныя мастакі Беларусі Вашчанка, Стэльмашонак, Шчамялёў, Кашкурэвіч, Гумілеўскі, Шаранговіч, народныя артысты Бандарэнка, Гаявая, Дрынеўскі, Казінец, музыкі Скарабагатаў, Фралоў, Рашчынскі, сын Якуба Коласа - Міхась Міцкевіч, народны пісьменнік Барадулін, святары высокага рангу Латушка, Гардун (Праваслаўная царква), вядомы архітэктар Левін... Напачатку было сабрана 183 подпісы, гэта - пачынаючы ад акадэмікаў і да рабочых, студэнтаў; потым іх лік дасягнуў 900.

Усведамляецца, што паспяховы збор подпісаў стаў магчымым дзякуючы таварыскай падтрымцы акцыі Алегам Трусавым і многімі актывістамі ТБМ.

Свой унёсак у пачэсную справу падрыхтоўкі і ладавання праекта зрабілі таксама вядомы праваабаронца Гары Паганяйла, старшыня ТБШ Алесь Лозка, Анатоль Белы са сваім культурна-асветным клубам «Спадчына», праваабаронца са Слуцка Зінаіда Цімошак ды проста неабыякавыя і слаўныя людзі - Алег Шагулін і Галіна Івуць, Міхась Малько і Валерый Патапенка, Лідзія Кулажанка і Алег Гаеўскі (Мінск), Васіль Кухто і Эдуард Мамчыц (Віцебск), Уладзімір Дарагуж (Чэрвень).

Пярэпалах у сценах Доме літаратара

Само сабой не засталіся ў баку ад падпісання ліста-звароту і сябры Саюза беларускіх пісьменнікаў, не кажучы ўжо пра Яўменава і Бураўкіна, -Зуёнак, Дамашэвіч, Кудравец, Рыбак, Сакалоўскі, Законнікаў, Вярцінскі, Рагойша, Масарэнка, Ялугін, Камароўскі, Травень, Содаль... Але вось жа пры сустрэчы са мной акадэмік-літаратар Уладзімір Гніламёдаў настойліва раіў мне звярнуцца наконт падтрымкі ліста таксама і ў новы «правільны» пісьменніцкі саюз, які ўтварыўся у 2006 годзе. Яго ачольваў Мікалай Чаргінец, генерал міліцыі і літаратар. Натуральна, прапанова акадэміка (які перайшоў у той жа новы саюз) не разыходзілася з маімі прынцыпамі шматбаковага прадстаўніцтва, народнай дыпламатыі, наадварот, важнасць задумы абавязвала мяне гэта зрабіць.

Пачаў з рэдактараў, на якіх, як на сланах, трымаўся «правільны» саюз. Зварушліва паставіліся і падтрымалі сваімі подпісамі Зварот аб адраджэнні мовы Раіса Баравікова («Маладосць») і Анатоль Казлоў («Літаратура і мастацтва»), а вось Мікола Мятліцкі («Полымя») з пагардай зазначыў: «Я не лічу, што беларускую мову трэба бараніць, на наш век яе хопіць!» Што ні чалавек, то свая апінія, калі не пазіцыя.

Я скурай адчуваў пэўны халадок, калі ўваходзіў у Дом літаратара, заняты новым саюзам. Калісьці ў сценах гэтага будынка мы навязалі высокім чыноўнікам упарты бой за раку Прыпяць і выйгралі яго, - з гэтым будынкам звязаны лепшыя старонкі майго жыцця. Але толькі пры новай уладзе нас адсюль ганебна выставілі.

Унутры будынка пасля праведзенага рамонту кідаліся ў вока вольная прастора, чысціня і бляск.

Мікалай Чаргінец сустрэў мяне даволі ветліва - знешне прыязна. У шырокім кабінеце, занятым цяпер ягонай персонай, калісьці працаваў Максім Танк; толькі штосьці нязвычнае, не ранейшае, не танкаўскае было ў гэтым пакоі, і яно, бытта рогам, упіралася ў мае плечы, у бок. Я зразумеў, у чым справа: прыкладна чвэртку альбо нават траціну кабінета па левую руку займала адгародка пад самую столь, і той закутак знутры ўжо меў асобныя дзверы. Светлая прастора кабінета ламалася, але ж яна ў такім разе, у такім пераламленні, напэўна, адпавядала духу, душы гаспадара кабінета, новага, цяперашняга, чыноўніка ў крыві, былога сенатара; адсечаны куток спатрэбіўся Чаргінцу для ўласнага «будуара», дзе ўпотай ад старонняга вока ён мог прымаць і частаваць гасцей, весці з імі за шклянкай кавы прыяцельскую гаману, замаўляць гешэфт, вядома ж, - улагоджваць клопат «праз рэстаран», як колісь казалі, то бок праз свой будуар - куды як зручней.

А што да прыязнасці, то Чаргінец гэтак жа паважліва, прыхільна ветліва, ставіўся і да іншых літаратараў з нашага Саюза беларускіх пісьменнікаў, каля вытокаў якога стаялі Купала і Колас. Больш за тое, яго ўвага да нас заўжды пераходзіла ва ўгаворы пакінуць свой нацыянальны, як лічылася, саюз і перайсці ў яго - Саюз пісьменнікаў Беларусі, які быў прыгрэты ўладай, але кульгаў на склад глыбокіх, каларытных талентаў, самавітых пісьменнікаў, я пра гэта ведаў і ў гутарцы з ім усяляк асцерагаўся падаць яму надзею.

Да шырокага калектыўнага Звароту ў абарону беларускай мовы Мікалай Чаргінец паставіўся адназначна адмоўна, маўляў, навошта мітынгаваць, навошта збіраць подпісы - гэтак рабіць нягожа. Вось мы, чуеце, казаў, склалі тут і паслалі ліст па мове ўгору - то мы законна і чынна зрабілі; пытанняў, прапаноў у тым лісце шмат... Ён назваў некаторыя з іх. Ну, вось такі, маўляў, наш пісьменніцкі ход!.. Калі шчыра, я парадаваўся ягонаму ўчынку, яго заступніцтву за мову, на якой ён, праўда, не пісаў і не размаўляў, парадаваўся паралельнаму лісту з гэтага іхняга боку - намаганні ж у любым разе памнажаліся; я папрасіў паказаць мне тэкст, толькі гэта аказалася немагчымым, бо ліст Чаргінцом быў падрыхтаваны і пасланы ў закрытым фармаце, ён даступны толькі чыноўнікам. Няхай сабе і так. А толькі ці не быў той ліст легендай?

Ні на чым не настойваючы і нічога не прапануючы далей, я слухаў пра планы і задумы Чаргінца: узняць новы саюз, пашырыць работу - выдатныя ж перспектывы! - вось, да прыкладу, ляжаць сабраныя ў папках матэрыялы на тысячу найвыдатнейшых беларусаў свету, замежжа, сапраўдных дзеячаў, каларытных асоб, і трэба, каб нехта з пісьменнікаў гэтымі матэрыяламі заняўся, падрыхтаваў на гэтым грунце да выдання кнігі... Я ацаніў веліч задумы свайго калегі пісьменніка і выказаў думку, што да вырашэння такой шырокаасяжнай і высакароднай задачы можна было б прыступіць аб'яднанымі сіламі двух творчых саюзаў; толькі і гэта гаспадару кабінета не спадабалася. Увогуле, сказаў тады я: усё часцей чуваць галасы пісьменнікаў пра тое, што дзеля карысці нацыянальнае справы, варта было б аб'яднаць нашы пісьменніцкія саюзы. Мікалай Іванавіч напружана паглядзеў на мяне:

- Это что, у вас предлагают?

- Ды не, не толькі, і ў вас, у вас - найбольш! Але ж няхай вас асабіста гэта не трывожыць, бо я разумею, ніякага аб'яднання кіраўніцтва аднаго і другога саюза не дапусцяць. Выказанае ж - пражэкт, не болей.

Размова скакала з прадмета на прадмет. Урэшце, пісьменнік Чаргінец не ўтрымаўся, каб не пахваліцца сваімі творчымі поспехамі, ён кінуў зрок на кампутар, маўляў, там сеціва літаральна завалена заляцаннямі, ласкавымі водгукамі на ягоныя творы. Я ахвотна паверыў, адно падумаў сабе: то ёсць каму заляцацца і арганізоўваць водгукі, а вось ты, галубок шызакрылы, калі б быў беларусам, а не толькі народжаным у Беларусі, то і заляцанняў ад тваіх твораў і поспехаў у літаратуры паменшала б.

Я не хацеў пра яго дрэнна думаць, толькі ж, думалася: калі параўнаць яго з Максімам Танкам на ўзровень аб'ёму, то Танк - гэта ўвесь вялікі кабінет, а Чаргінец - адно тое, што ён там сабе выгарадзіў для будуара.

Паглядзеўшы на гадзіннік я зразумеў, што наша дыпламатычна-пошукавая размова надта зацягнулася і час імчаць дадому, бо ў гэты ж дзень да мяне павінен завітаць Народны артыст, спявак, кіраўнік ансамбля «Сябры» Анатоль Ярмоленка. Ён меўся пад'ехаць, каб пазнаёміцца са Зваротам у абарону мовы. Мне варта было спяшацца, і, развітаўшыся з Чаргінцом, я кульмігам выскачыў з Дома літаратара, а на вуліцы - дождж, проста залева! Пярун вуркоча, грыміць... Пра тое, каб своечасова патрапіць дадому не было як і думаць. Тады я нырнуў пад зялёны шацёр ліпы і з мабільніка патэлефанаваў Ярмоленку. Той пагадзіўся прыехаць к Дому літаратара. Толькі самога моманту, калі ён падкаціў на аўтамабілі, я не заўважыў, магчыма, спыніўся ён каля другога пад'езда. Я патэлефанаваў паўторна, калі ён быў ужо ў кабінеце Чаргінца. Спяшаючыся, я сігаў па белай лесвіцы ўгору... Мы сустрэліся з ім у вестыб'юлі другога паверху, адно не паспелі прысесьці да нізкага століка, які разам з крэсламі стаяў у куту, як са свайго кабінета выйшаў даўно не бачаны мной чалавек, мажны, з рудымі абвіслымі вусамі, - Віктар Праўдзін:

- Васіль Цімафеевіч, а вы што тут робіце?

- Бачыце, на хвіліну зайшлі...

- Вы правакатар! - выгукнуў ён, і гэта грукнула так, быццам пярун з неба.

- Вы - правакатар!.. А вы, Анатоль Іванавіч, не слухайце яго, ён права-акатар!

Паколькі ўсё, што адбывалася, было зусім нечаканым, алагічным, абсурдным, я ўспрымаў гэту сцэну як вадэвіль, я спярша нават не прыняў яе блізка да сэрца; адно чулася мне, спадара Праўдзіна напусціў на мяне Чаргінец, а Чаргінцу не спадабаліся мае закіды наконт аб'яднання саюзаў дый акцыя па збору подпісаў за мову, мову, якой ён заўжды грэбаваў.

- Віктар Аляксандравіч, прашу паводзіць сябе прыстойна! -спрабаваў я ўняць агрэсіўнасць вусатага дзядзькі, які важным і рашучым крокам дэфіляваў уздоўж сцяны вестыб'юля. - Урэшце, якая вам справа да нас?!

- А я першы намеснік старшыні саюза, і без майго дазволу сюды не павінна нават муха заляцець!

Анатоль Ярмоленка тым часам хапатліва пагартаў старонкі Звароту, глянуў на подпісы і, сумеўшыся, развёў рукамі:

- Прабачце, але ў такой сітуацыі я не магу... Давайце адкладзем!

- Правільна, і я так думаю...

- Вы правакатар, Васіль Цімафеевіч! - зацята ўсё яшчэ выгукваў Праўдзін.

Я, бытта ашпараны кіпенем, спусціўся па лесвіцы ўніз і выйшаў з Дому літаратара, а ўжо пад вечар са сваёй кватэры надумаў патэлефанаваць Чаргінцу па мабільным.

- Мікалай Іванавіч, што гэта за фарс вы са мной разыгралі? - спытаўся я, і вопытны чыноўнік сходу парыраваў.

- А что же это вы, ссылаясь на мой авторитет и подставляя меня, приглашаете людей в Дом литератора?.. Вы вынуждаете их подписывать неизвестно что, потом люди приходят ко мне и жалуются. Они собираются подавать на вас в суд!

І я зразумеў, што фарс працягваецца і пераходзіць ужо ў драму; толькі ж цікава, хто гэта мне пагражае судом? Калі шчыра сказаць, мяне ўскалынула.

- Прашу прабачэння, Мікалай Іванавіч, але я ніколькі вамі не прыкрываўся і аўтарытэту не маю жадання ў вас пазычаць - дастаткова свайго! Скажыце лепш: хто да вас прыходзіў са скаргай на мяне?

- Гаявая!

Вось табе і маеш! Асоба, якая шчыра размаўляла са мной і якая са слязьмі на вачах расказвала, як яе ансамбль «Харошкі» пачалі высяляць з памяшканняў, якія займалі яны. А здарылася гэта адразу пасля таго, як са сцэны, пасля паспяховага святочнага выступлення, Гаявая заявіла ўрачыста, што чакае адкрыцця ў Мінску Беларускага нацыянальнага цэнтра, абапіраючыся на які яе ансамбль будзе яшчэ лепш выступаць. «Нацыянальнае - проста костка ў горле дзяржаўных чыноўнікаў і тых, хто наглядае за імі!», - падумалася мне, але тады я не знаходзіў слоў, каб яе ўсцешыць. А цяпер... У гэты летні дзень чамусьці ўсё абрынулася і пайшло наперакасяк. Званю Народнай артысцы Гаявой:

- Валянціна Іванаўна, вы сёння хадзілі да Чаргінца ў Дом літаратара?

- Не-е, і - навошта? Ён мне, калі я звярталася, нічым не дапамог.

- І не телефанавалі яму?

- Не, і не тэлефанавала.

- І нават не адмаўляецеся ад свайго подпісу пад Зваротам ў абарону беларускай мовы, як мне пра гэта сказалі?

- Не, што вы! Хоць я і руская, але нацыянальную мову, на якой беларуская культура ўзнялася і дасягнула свайго росквіту, трэба берагчы! Я ж не такая, у мяне ёсць характар!

Я падзякаваў ёй і з гэтага моманту выразна адчуў, што маё наведванне цяперашняга Дома літаратара з дзіўнага фарса і драмы ператвараецца ў трагікамедыю з вядучым артыстам, майстрам па разыгрыванню ўсялякіх спектакляў у грамадстве, драм і трагедый, Мікалаем Чаргінцом. Адно яшчэ дзіва, чаму ён не драматург у літаратуры, а ўсяго толькі празаік, самы лепшы, праўда, калі верыць букету водгукаў сабраных у сеціве.

Ці хутка развіднее?

«Ці хутка развіднее на векавечных абсягах нацыянальнай культуры?» - пад такім загалоўкам газета «Народная воля» надрукавала мой чарговы артыкул па тэме адраджэння і далейшага развіцця беларускай мовы. Гэта газета і асабіста рэдактар Іосіф Сярэдзіч надавалі немалаважнае значэнне адлюстраванню распачатай намі дыскусіі і ў прыватнасці маёй перапіскі з рознымі ўстановамі па праблеме захавання мовы. Гэта спрыяла нам і дазваляла часам пераходзіць ад абароны мовы ў наступ за яе адраджэнне.

І вось першыя весткі, што нас зразумелі і падтрымліваюць альбо гатовы падтрымаць.

Дружна выступіў з заявай аб актуальнасці і абгрунтаванасці пазіцый нашага Звароту калектыў філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта, - ліст, падпісаны пяцюдзесяццю выкладчыкамі, дацэнтамі, прафесарамі, лабарантамі, паслалі на імя кіраўніка краіны. Сваёй актыўнасцю, сваёй рашучасцю ў нашых палітычных абставінах гэтая лакальная акцыя нагадвала мне паўстанне.

Далей болей пад зваротам пачалі падпісвацца нашы грамадзяне сем'ямі. Прывяду характэрны і яскравы прыклад.

Далучаемся да тых людзей, якія любяць сваю краіну, якія не ўяўляюць свайго жыцця без роднай Беларусі, якія добра разумеюць, што не можа быць сапраўднай нацыі без Роднай Мовы! А беларусам ТАК пашанцавала: бо наша мова не проста прыгожая, яна СМАЧНАЯ!

Сям'я Палхоўскіх, Аляксандр Сяргеевіч, працаўнік МТЗ, Марыя Мар'янаўна, руплівіца будаўнічай арганізацыі, дачка Таццяна, студэнтка БДПУ імя Максіма Танка і іх сын Дзяніс, вучань пятага класа, Мінск.

Адно час перайсці да афіцыйных водгукаў.

З Магілёва паведамілі: «Для вывучэння пытання у аблвыканкаме была створана рабочая група ў складзе спецыялістаў адукацыі і культуры, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый. Выпрацаваны адпаведныя прапановы і рэкамендацыі па паляпшэнню стану спраў з роднай мовай у рэгіёне. Па даручэнні старшыні аблвыканкама вядзецца таксама выпрацоўка комплексных мер па падтрымцы беларускай мовы.

Дзякуй за адданасць роднай мове і клопат аб ёй! - дзякаваў намеснік старшыні аблвыканкама В.А.Малашка»

З Брэста - амаль такі ж тэкст ліста з падтрымкай; паведамлялася аб практыцы ужывання беларускай мовы аблвыканкамам і асабіста старшынёй К.А.Сумарам. «Што да шэрагу прапаноў, выказаных у звароце, то яны не знаходзяцца ў кампетэнцыі брэсцкага выканаўчага камітэта, - інфармаваў намеснік старшыні Сумара - Л.А.Цупрык, ён выказваў адначасова нам сваю шчырую ўдзячнасць «за актыўную грамадзянскую пазіцыю».

Міністэрства замежных спраў выказала падзяку за шчырую занепакоенасць лёсам роднай мовы, якая як адна з дзяржаўных шырока ўжываецца ў справаводстве сістэмы МЗС. Намеснік міністра С.Ф.Алейнік адзначыў, што «МЗС займае актыўную пазіцыю па вяртанні на Радзіму нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны, што ў значнай ступені спрыяе павышэнню нацыянальнай свядомасці, выхаванню павагі да беларускай гісторыі, культуры і мовы».

Міністэрствы адукацыі, культуры, інфармацыі па рэкамендацыі Савета Міністраў напісалі адзін абагулены адказ на наш Зварот. З першых слоў яны віталі наш клопат пра стан функцыянавання роднай мовы. Але ж, фіксуючы, што робіцца на ніве адукацыі, нічога больш прынцыповага, каб змяніць пагібельную сітуацыю наперад не пазначалася. Больш канструктыўна, праўда, падавалася сітуацыя з ужываннем нацыянальнай мовы ў абладзе Міністэрства культуры, дый сам міністр культуры Павел Латушка паказваў прыклад сваім калегам у карыстанні беларускай мовай.

Савет Рэспублікі і Палата прадстаўнікоў Нацынальнага сходу Рэспублікі Беларусь паведамілі, што яны плануюць у 2010 годзе падрыхтаваць і вынесці на разгляд, з мэтай прыняцця ў гэтых дзяржаўных органах, праект Закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы па пытаннях ужывання і развіцця дзяржаўных моў у рэспубліцы Беларусь». Законапраектам прадугледжвалася адкарэкціраваць палажэнні раней прынятых законаў дзеля «дасягнення фактычнай роўнасці дзяржаўных моў на практыцы, як таго патрабаваў Канстытуцыйны Суд сваім рашэннем № П-91/2003».

Нарэшце, невялікая сенсацыя: губернатар Віцебскай вобласці на Славянскім базары загаварыў на сваёй роднай мове, палову - на беларускай, палову на рускай, улічваючы публіку. Тым не менш, вось яно вам - двухмоўе у дзеянні!

Савет Міністраў даручыў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі распрацаваць прапановы па адраджэнні і далейшым развіцці мовы тытульнай нацыі. Падаць падрыхтаваны дакумент належала, праўда, не ў Савет Міністраў, а ў Адміністрацыю Прэзідэнта. І ўжо з гэтай праявы ўскосна вынікала, што і там, у адміністрацыі, наш Зварот не пакінулі без увагі.

Нацыянальная тэлерадыёкампанія нешта доўга марудзіла, потым увосень прыняла рашэнне павялічыць колькасць беларускамоўных перадач радыё і тэлебачання, і - павялічылі на адну кропельку - дзякуй панове за ласку! - толькі ж яе, тую кропельку, мы будзем лічыць за ваш першы крок. Праяў увагі да Звароту па мове было больш, толькі варта зазначыць яшчэ больш акрэслена, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь па сутнасці праігнаравала прынцыповую пастаноўку пытання ў Звароце, яно не ўпершыню перасылала нам разбухлыя справаздачы пра тое, як шмат там рабілася і робіцца дзеля захавання ў школьных і іншых навучальных установах беларускае мовы. Насамрэч у гэтай установе было зроблена не мала: толькі дзеля таго, каб наша мова набыла славу і статус выміраючай мовы. Іншымі словамі, практыка палітычнай дзейнасці гэтай установы у цэлым і паставіла мову на край гібелі. Гэта было паказана ў маіх артыкулах у «Народнай волі» - «Далучайцеся!» за 4.08.09 г., «Ці хутка развіднее?» за 15.10.2009 г. і «Баба Шура сказала, а што скажа прэзідэнт?» за 26.12.2009 г., як, зрэшты, і ў далучаных да артыкулаў водгуках чытачоў. Вось адзін з іх, найбольш паказальны.

Міністру муляе «хамут». Я выклаў усё гэта ў сваім лісце ў чатыры высокія інстанцыі. Па прасторах Беларусі шыбуе расейшчына, і першапрычынай таму стаў ганебны рэферэндум 1995 года. Ён нанёс такі ўдар па беларускай мове і культуры, якога яшчэ не наносілі ні Польшча, ні царская Расія, ні бальшавікі за час панавання на Беларусі. Вось да чаго можа прывесці адсутнасць клопату пра нацыю. Праграма «Культура» пачынаецца навінамі з Расеі, нібы ў культурным жыцці Беларусі нічога не адбываецца.

Адукацыя наогул натварыла такога, у чым ніхто не можа разабрацца. Усе павінны вучыцца па адной праграме! Маўляў, думаць, аналізаваць не трэба, дзеля гэтага ёсць ідэолагі, палітыкі. Будзем рыхтаваць галавасцікаў, якія маглі б забіваць гайкі кувалдай. Вось да чаго схіляеце вы, спадар Радзькоў, у адукацыі. Пры вашай «дбайнасці» дайшло, што беларускую мову і гісторыю выкладаюць вучням па-расійску. Па звужанай праграме... Дзікунства! Пра адсутнасць у вас культуры і павагі да школьнікаў, іх бацькоў, усяго грамадства засведчыла ваша выступленне на рускай мове пры тэсціраванні выпускнікоў школ па беларускай мове і літаратуры ў БДУ. Ганьба, спадар Радзькоў! Каб міністр адукацыі ды займаўся палітыкай і прымушаў да гэтага настаўнікаў у школе - гэта абсурд! Выбачайце, але вам, відаць, адукацыя мыліць шыю, як каню выпадкова знойдзены хамут. Зніміце яго з сябе і займіцеся хоць бы той жа таемнай для насельніцтва «Белай Руссю», яна вам будзе больш пасаваць.

Алег ЛАШУК, пенсіянер, былы інжынер-будаўнік. Гомель.

Мне асабіста хацелася думаць пра лепшае, і ўвага нашай ініцыятыўнай групы была прыкавана да скрыжавання, на якім сустракаліся і ўсё часцей сутыкаліся, пры сваёй супярэчлівасці, грамадскія і дзяржаўныя клопаты, інтарэсы, імя таму скрыжаванню Адміністрацыя Прэзідэнта. Паколькі да нас даходзіла інфармацыя, што там такі пра штосьці думаюць, пра нешта дбаюць у сувязі з распаўсюджаным намі ў нацыянальным маштабе Зваротам, мы чакалі адказу, у любым выпадку. А яго не было - не было больш за тры месяцы - і, нарэшце, прыйшоў. Ён быў і станоўчы і - не надта, даволі туманны, загадкавы: «Вашы лісты разгледжаны ў Адміністрацыі Прэзідэнта, прапановы будуць па магчымасці ўлічаны зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі ў рабоце па пашырэнню выкарыстання беларускай мовы ў грамадстве».

Складвалася ўражанне, што на высокім уладным паверсе адказныя асобы чагосьці не дагаворваюць. Заставаліся пытанні і галоўнае: ці ёсць у нас органы, зацікаўленыя ў беларускай мове? На наш розум, яны былі вынішчаны яшчэ ў 1995-96 годах пасля сумна вядомага Рэферэндуму. З іншых крыніц, праўда, неўзабаве высветлілася, што на тым «скрыжаванні» адбылася нарада па Звароце аб адраджэнні мовы з удзелам міністраў і кіраўнікоў «зацікаўленых дзяржаўных органаў», што нарада прыняла рашэнне: пашыраць выкарыстанне беларускай мовы ў краіне, але рабіць гэта паступова, эвалюцыйным шляхам. Жалю варта, аднак не было і тут пэўнасці. Прынамсі, зразумелым рабілася, што наш Зварот аб мове успрыняты станоўча і ў адміністрацыі, як і ва ўсім грамадстве, але... але штосьці ж абмяжоўвала высокую нараду, яе ўдзельнікаў, іх «рашэнне», чым стваралася ўражанне пра несамавітасць і нямогласць беларуса, пра ягоную скутасць - усё гэта мучыла маё сэрца ды не давала спакою ўсведамленню, як што было шмат загадак.

Фінал моўнай акцыі

У снежні 2009 года у агромністай і шыкоўнай зале Нацыянальнай бібліятэкі ў Мінску праходзіў устаноўчы з'езд Саюза пісьменнікаў Саюзнай Дзяржавы. На мой погляд, дык гэты новы саюз быў патрэбны не больш, чым і сама Саюзная Дзяржава, балазе ў Маскве ўжо была Міжнародная супольнасць пісьменніцкіх саюзаў (МСПС), яна ж, дарэчы, і спадкаемца Саюза пісьменнікаў СССР. Але тут камусьці спатрэбіўся і гэтакі саюз, уласна, каб далучыцца да спажыўцоў бюджэту Саюзнай Дзяржавы. На чале ініцыятывы стаялі кіраўнікі творчых саюзаў, у Мінску - Мікалай Чаргінец, у Маскве - Валерый Ганічаў.

Мне было і цікава і дзівосна прысутнічаць на пампезным, як у былыя савецкія часы, мерапрыемстве, толькі калі сказаць аб прыемным, то найбольш спадабаўся даклад Ганічава - сваёй немітуслівасцю, цывілізаванай сутнасцю і адметнасцю. Мала таго, што па многіх пазіцыях ён пераўзыходзіў даклад Чаргінца, у ім Ганічаў спыніўся на захаванні духоўных каштоўнасцей народаў.

«Ясно, что одной из главных ценностей, о которой будет заботиться наш Союз, безусловно, является русский и белорусский язык - это главная основа, на которой создается литература, наша опора в этом мире, это душа народа. Не надо превращать язык в орудие борьбы, он должен быть средством единения и сплочения. Для меня абсолютно ясно, что русский человек, который живет в Белоруссии, должен знать белорусский язык. Это не только гражданская обязанность, это его богатство».

Аднак тое, што для лідэра расійскай пісьменніцкай арганізацыі было «абсолютно ясно» не ўяснілі, не ўсвядомілі сабе за доўгае жыццё і працу ў Беларусі некаторыя з тузоў, якія сыдзелі за шырокім сталом прэзідыума: і той жа міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў... ён паёрзваў у крэсле, калі слухаў Ганічава, і нават дастаў з кішэні нататнік, каб сёе-тое пазначыць для памяці, але, відаць, своечасова згадаў, што ад яго нічога такога зверху не патрабуецца, дый супакоіўся, як і Мікалай Чаргінец, футбаліст у юнацтве... Гэты лічыў, што ў яго ёсць алібі - сярэдняя мінская школа з англійскім ухілам, дзе ён вучыўся і дзе не хацелі ведаць беларускай мовы; майляў, таму і яго, Колю Чаргінца, выхавалі такім, якім ён ёсць, няма як мяняцца.

Пры падобных адносінах да мовы народжаных тут «тузоў» ці варта было здзіўляцца, што ў праўленні Саюза пісьменнікаў Беларусі, якім кіруе М.Чаргінец, пракідаюцца тыпы накшталт Аўруціна і Герашчанкі. Хто яны? Я параўнаў бы іх з чужароджнымі клеткамі ў арганізме беларускай культуры ды нацыі ўвогуле, нацыі, якая пакуль яшчэ жывая; вакол такіх клетак збіраюцца і нагрувашчваюцца пухліны. Паэт Анатолий Аврутин неаднойчы край негатыўна і грэбліва выказваўся пра беларускую мову, якой таксама не ведае, і нават пра літаратуру. А невядомы пакуль у літаратуры Андрей Геращенко - дзяржаўны чыноўнік - начальнік аддзела па справах моладзі ў адным з раёнаў Віцебска. Дык вось ён ужо стварыў грамадскае аб'яднанне «Русский дом» як «неотъемлемую часть русского народа» і адкрыта, з апломбам разважае пра штучнасць беларускай мовы, культуры, адмаўляе ў існаванні беларускай нацыі. Беларусь бачыцца яму хутчэй новай рускай краінай, чым самастойнай нацыяй. Ён лічыць сябе вялікім арыгіналам, пэўна, не ведаючы, што падобнымі ідэямі, думкамі, намерамі адноўчы ўжо былі начынены галовы царскіх сатрапаў і палачоў беларускага народа. А вось жа, як не дзівіцца, што патураюць герашчанкам, якія ядуць беларускі хлеб і свядома і адкрыта працуюць супраць беларускай дзяржавы, што патураюць ім не толькі ў Віцебску, але і ў Мінску - маўчаць органы КДБ, маўчаць Міністэрства юстыцыі і Савет бяспекі краіны. Чаму так адбываецца?

Я не першы год задаваў сабе гэтае пытанне і ўважліва сачыў за прамовамі кіраўніка краіны, у якіх ён незнарок часам можа кінуць адказ на самыя надзённыя і патаемныя пытанні. Блізіўся канец 2009 года, і Аляксандр Рыгоравіч вырашыў правесці прэс-канферэнцыю з беларускімі журналістамі.

Акурат перад гэтым мне патэлефанавалі з Савета Рэспублікі і ласкава папрасілі выбачэння за затрымку з адказам на мой ліст - на той ліст, у якім я пытаўся, ці ўнеслі ў план працы Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі на 2010 год падрыхтоўку Закона аб зменах у дзеючым заканадаўстве па мове, «каб ліквідаваць на практыцы няроўнасць беларускай і рускай моў». Мне патлумачылі, што гадавы план работы Палаты прадстаўнікоў пададзены на зацвярджэнне ў Адміністрацыю Прэзідэнта, адно вось па незразумедых прычынах на разглядзе там яго доўга трымаюць. Запэўнілі, што неўзабаве, як толькі ўсё вырашыцца, яны мне адкажуць пісьмова. Затрымка тая стала мяне непакоіць. Вырашаўся і завіс прынцыпова важны і лёсавызначальны для адраджэння мовы і нацыянальнай культуры пункт праграмы ў дзейнасці заканадаўчых устаноў, і таму я з нецярпеннем чакаў развязкі.

Яна прыйшла неспадзевана. На згаданай вышэй прэсканферэнцыі з журналістамі кіраўнік іфармацыйнага агенства БелаПАН Алесь Ліпай задаў кіраўніку дзяржавы пытанне: «Беларуская мова зараз знаходзіцца ў заняпадзе, у тым ліку з-за дэфіцыту падтрымкі з боку беларускай дзяржавы. Я прапаную ўвесці сістэму дзяржаўных грантаў і прэферэнцый для грамадскіх арганізацый, якія займаюцца моўнымі праблемамі, для беларускамоўных сродкаў масавай інфармацыі і для беларускамоўных класаў і школ». Аднак тое, што ўсе пачулі ў адказ, было неадэкватным спакойнаму тону пытання і, наадварот, было надта падобным на выбух. «...Мы договорились быть откровенными, и я вам скажу откровенно: вопросы языковые раз и навсегда в стране решены. По крайней мере, в тот период времени, пока я буду президентом. Мы этот вопрос однозначно решили на референдуме, и я не собираюсь вносить какие-то дополнения и новшества. Желаете разговаривать на белорусском языке - разговаривайте. Желаете говорить на русском языке - пожалуйста, говорите. Но, - вырашыў патлумачыць Аляксандр Рыгоравіч становішча, у якім ён знаходзіцца, - если тебе помогают и ставят условия, тогда будь добр исполнять, во всем мире так принято. Так и по языку».

Дык вось дзе сабака закапаны! Дакладна - там, дзе і газ, і нафта. Яны адтуль, з усходу, нам - нафту, а мы ім, згодна з умовай, - раззбраенне духоўнае і культурнае, моўнае... нават свае тэрыторыі. Яны нам падтрымку даўгатэрміновай улады, а мы ім - «все, чего изволите». Баш на баш! Толькі ўжо ці не назіраецца ў такой міждзяржаўнай гульні здрада нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь?

Я ажно пахаладзеў, калі прачытаў выказваннні кіраўніка дзяржавы, бо зразумелым рабілася, што адказваў ён ужо не аднаму спадару Ліпаю, але і Здановічу, старшыні Палаты прадстаўнікоў, і тым, што ў адміністрацыі пад ягоным крылом, і ўсім, хто прыхільна паставіўся да адраджэння роднае мовы, а такіх, магу аўтарытэтна заверыць, у патэнцыяле не адзін і не два мільёны, дык жа і мне адказваў і бабе Шуры, якая падпісваючы Зварот мовіла: «Няхай бы хоць праўнук мой у беларускай дзяржаве пачуваў сябе беларусам!»

Аляксандр Рыгоравіч адрэагаваў на пытанне А.Ліпая энергічна, рашуча, запальчыва, як нярэдка ў выпадках, калі ведаў адказ на клопат, які ў грамадстве ўжо занадта ўзяліся «мусоліць», ён і тут выкарыстаў гэтае слова - «Меньше эту тему надо мусолить!» Раздражняла яго тое, што нават і ягонае атачэнне у Мінску і ягоныя людзі ў рэгіёнах пачалі схіляцца да адраджэння беларускай мовы. Нарэшце: Канстытуцыйны Суд, Палата прадстаўнікоў и Савет Рэспублікі - туды ж! Яны, бачыце, за перагляд законаў па мове! Як можна... І - акадэмікі ... З усіх бакоў пачалі напіраць. Складвалася блакада, і гэта яго нервавала. Тут ён і выдаў усім наўкруг сваё крэда, свой лад думак, раскрыў вядомую, можа, аднаму яму матухну праўду! Чэсна і шчыра.

Ужо быў студзень - снежны і марозны, як ніколі, - калі прыйшоў на мой адрас ліст з Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, падпісаны старшынёй Камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльнаму развіццю А.Л.Моравай. Яна тлумачыла сітуацыю з унясеннем гадавога плана працы на зацвярджэнне. Ліст заканчваўся словамі: «Аднак, на жаль, у зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2010 года №2 Плане падрыхтоўкі законапраектаў на гэты год названага законапраекта няма». Крыж на нашых высілках? І - трэба пагадзіцца: так!

Але на той жа прэс-канферэнцыі самога ўладара ахапіў одум, ці не перагнуў ён палку ў запальчывасці. І таму сваю гістарычную прамову ён скончыў словамі дазволу, парады: «Давайце спакойна, ціха навучым усіх размаўляць на нашай роднай, сакавітай беларускай мове». Уяўляеце? Давайце ціха самі сабе пакажам, што мы тут гаспадары. Каб там не заўважылі... У словах уладара выявілася, больш за тое, паўтарылася, як новы доказ, тая ж несамавітасць, нямогласць і скутасць (сябе самім) паняволенага беларуса. А калі больш выразна, ён выдаў і высек тут сам сябе... ды не, не высек, бо не вызначыў, не ўсвядоміў для сябе самога няўклюднай цаны ўсяму таму, што зрабіў за тры свае тэрміны.

Што рабіць нам?.. А ўносіць праўду ў свядомасць сваіх грамадзян, суайчыннікаў, абуджаць і разнявольваць рабоў!

Акцыя 2009 года па адраджэнні мовы не засталася безвыніковай, яна як разведка боем яскрава засведчыла пра яшчэ нязгаслы інтарэс беларуса да сваёй роднай мовы і нацыянальнай культуры - вялікага духоўнага скарбу, ад якога нас гэтак узмоцнена імкнуцца адвучыць і адлучыць - украсці яго ў нас, пакінуўшы народ ні з чым.

Акцыя засведчыла, што лепшыя сілы ў грамадстве стаяць за адраджэнне, за нармальны ўжытак ды жыццё беларускай мовы, і таму, склаўшы намаганні разам, мы здольны кратаць і варушыць штучна ўтвораныя загародкі, завалы, абмежаванні, пры гэтым нашы сілы не павінны згасаць, зрэджвацца.

Акцыя дала нераўнадушным яшчэ больш падстаў для далейшага развіцця беларускамоўнай ініцыятывы ў грамадстве.

Адно важна памятаць, што мова - гэта мы, гэта мы, хто называе сябе беларусамі. Мова ў нас і мова - за намі!

Не будзе мовы - і нас не будзе, а будзе мова - і мы будзем назаўсёды.

 
« Папяр.   Наст. »

Каментар

Каб карыстацца гэтай формай Вы павінны мець наладжаны javascript...

Макей пра Герашчанку: Не згодны з палітыкай краіны — не месца ў дзяржслужбе

«На жаль, часам трапляюцца людзі, якія, знаходзячыся на дзяржаўнай службе, публічна пачынаюць займаць, мякка кажучы, дзіўную пазіцыю, якая ідзе ў разрэз з палітыкай і інтарэсамі Беларусі», — адзначыў кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей на рэспубліканскім семінары нарадзе ідэалагічных работнікаў, што адбыўся 19 сакавіка ў пятніцу.

«Няўжо дазволена нейкаму супрацоўніку гарадскога аддзела па справах моладзі разгортваць ў Інтэрнэце кампанію, з якой вынікае, што ў Беларусі ледзь не прыгнятаюць расейцаў і прыгнятаюць расейскую мову? Такі выпадак быў нядаўна ў Віцебскай вобласці», — прывёў прыклад кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі.

«І не толькі ён у апошні час захапіўся пісанінай ў Інтэрнэце замест таго, каб якасна працаваць на сваім працоўным месцы», — дадаў Уладзімір Макей. Ён падкрэсліў:
«Публічныя выступленні дзяржаўнага чыноўніка не могуць быць выключна яго прыватнай справай. Ніхто не забараняе выказваць уласнае меркаванне і адстойваць яго, аднак ва ўмовах вострага сацыяльнага проціборства прадстаўнікі дзяржапарату не могуць станавіцца на альтэрнатыўную пазіцыю. Хацелася б катэгарычна папярэдзіць адносна падобных выпадкаў. Чалавек павінен вызначыцца: калі ён не згодны з палітыкай, якая праводзіцца ў краіне, значыць яму не месца ў дзяржслужбе».

Нагадаем, што пасля публікацыі ў НН артыкула пра выказванні віцебскага чыноўніка Андрэя Герашчанкі расійскаму парталу «Материк», апошні развіў цэлую тэорыю змовы, назваўшы сярод іншага Уладзіміра Макея «идейно близким человеком» «в литвинских кругах».

Выказванні Андрэя Герашчанкі знайшлі свой водгук у ягонай працоўнай кар’еры. Спачатку яму прапанавалі спыніць працоўны кантракт, а потым вынеслі вымову за парушэнне нормаў службовай этыкі.

http://www.nn.by/index.php?c=ar&i=36468[www.nn.by]

Напісаў Васіль Якавенка,
Дата 03/22/2010 Час 22:11

 1 
Старонка 1 з 1 ( 1 Каментар )

Каб пакінуць/прачытаць каментары - зарэгіструйцеся (залагіньцеся)
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 968
mod_vvisit_counter Учора 2709
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 6381
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 41921