Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі.
Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму, не да кожнага сэрца, таму пачну ab ovo, што значыць з яйка, як казалі некалі рымляне.
А каб лепей уявіць сабе прадмет нашай размовы, прыбегнем да параўнання. Зробім гэта, ставячы ў думках перад сабой два словы-паняцці — НАРОД і НАЦЫЯ. Яны блізкія па значэнні, больш за тое, імі часам карыстаюцца як сінонімамі. Тым не менш, калі ўявіць іх аб’ёмна, скажам, як своеасаблівыя збудаванні аднолькавай формы, і прыдаць ім далей знакавую сутнасць, якуюдля гэтакіх форм і паняццяў прадугледзела матухна-прырода, то разам з падабенствам і роднасцю паміж імі стане ўжо відавочнай і вялікая розніца.
Прынамсі, першую форму мы павінны пакінуць без усялякай адмысловай надбудовы, і гэта будзе НАРОД, у той час як нашанскае другое збудаванне ўжо вымагае даху, які хутчэй за ўсё завершыцца купалам, і тады ўсё, узятае разам, будзе адпавядаць вызначэнню НАЦЫЯ. Само сабой, гэтакая рэч ператворыцца з дома без даха, ў гожы храм, вялікі ці малы, у сталы прытулак, дзе месціцца ды вольна жыве дасціпны народ, а з ім і дух ягоны.
Адухоўленае жыццё НАРОДА матэрыялізуецца ў дыялектычным і бясконцым развіцці ягонай гісторыі, культуры, мовы, веры, еднасці, псіхічнага стану, традыцый.
Значыць, шаноўныя, замацуемся на думцы: НАРОД фізічна мае тое ж цела, масу, займае тую ж прастору на зямлі, адно ўяўляе сабой параўнальна штосьці менш дасканалае ў сваёй сукупнасці, больш прыземленае, прыгнобленае, даруйце, у той час як НАЦЫЯ — гэта ўсё-ўсёсенькі, ўзятае разам з тым, што сягае ўгору.
Нацыя мовай вышэйшых матэматычных вылічэнняў — няйначай, мае чацвёртую каардынату, а менавіта — дух, самадастатковы дух народа, апроч тых трох вымярэнняў у фізічнай прасторы, у якіх бытуе народ.
Скажам і так: Нацыя — гэта народ, які ў гістарычным калаўроце не пазбыўся сваёй духоўнай культуры і мовы.
Дзіва, праз якія нягоды прайшла, усталёўваючыся, наша ліцвінска-беларуская супольнасць! А цяпер — новая небяспека, якой ніхто і прадказаць не мог: САМАЛІКВІДАВАННЕ. Прынамсі, так гэта выглядае. І, калі яно так, то чаму гэта здарылася?
Няма нацыянальнай ідэі — буцвее і рушыцца вабны раней высокі дах, і няўтульна; самавіты народ спакваля ператвараецца ў шараговае насельніцтва, у абмежаваны статак, абыдляецца; ён, годны і разумны раней, не знаходзіць, на што душой абаперціся, а чарка і шкварка, пра якую з пераменным поспехам дбае з году ў год вертыкаль, не ўздымае высакародных пачуццяў, балазе яны, пачуцці, у душы здратаваны мінулымі дзесяцігоддзямі.
І намаляваная тут схема — не жарт. Менавіта па ёй ідзе развіццё, толькі цяпер у адваротным кірунку, што характарызуецца ўжо іншым словам — распад.
Дык ці не варта нам, шаноўныя-любыя суродзічы, беларусы, біць у званы, і гучна біць, і доўга біць, бо мы страчваем самае дарагое, што пакуль яшчэ ў нас ёсць, — душу, а з ёй і сябе, зямлю, а з ёй і Айчыну.
Неяк у Федэральнага прэзідэнта Германіі Іаганэса Рау спыталі людзі старэйшага пакалення: «Скажыце, што мы павінны перадаць сваім дзецям?» І ён адказаў: «Скажыце ім пра тое, што, выпраўляючыся ў іншыя краіны, важна мець радзіму ўнутры сябе. Таму што ў таго, хто не мае дома, не можа быць і суседзяў».
Пачалося, няйначай, з укаранення нейкага дзівоснага антыцела ва ўладу, якім зачата і пайшла ўтварацца пухліна. Гэта мой асабісты погляд. Цяпер з блаславення і па ініціятыве вышэйшых асоб у дзяржаве, якія не засвоілі з малых гадоў і не ведаюць, што такое нацыя, ідзе яе разбурэнне. А пошук нацыянальнай ідэі — гэтай таямніцы, якую высокія адказныя асобы нібыта «шукалі» колькі гадоў на беларускай зямлі, не ўздымаючы вачэй вышэй свайго носа, натуральна зразумела, не даў выніку і замест купала, у якім спалучаюцца, сыходзячыся, усе нацыянальныя нерукатворныя каштоўнасці, мясцовыя недарэкі заснавалі «вертыкаль», што ў пэўным сэнсе вышэй за Астанкінскую вежу, і пад яе ўжо — «дзяржаўную», так бы мовіць, ідэалогію, якая і дагэтуль не склалася.
Пра нацыянальнае будаўніцтва размовы няма. Яе, размовы, пакуль што і быць не можа, бо, паўтаруся, поўным ходам ідзе разбурэнне НАЦЫІ, яе інстытутаў, духоўных каштоўнасцей, якія ўтваралі і ўтвараюць залаты купал над суверэннай краінай.
У задачу сайта “Мы — нацыя!”, на чым сыходзяцца ягоныя стваральнікі, уваходзіць наступнае:
• Вывучаць, выяўляць і паказваць людзям усе бакі і напрамкі, па якіх ідзе разбурэнне НАЦЫІ, нашага залатога купала.
• Заклікаць здаровыя сілы грамадства да супрацьдзеяння духоўнаму распаду з мэтай яго стрымлівання і абуджэння душы беларуса да актыўнай творчасці. Заахвочваць прадстаўнікоў іншых народаў і нацый да салідарнай падтрымкі нацыянальнага клопату беларуса.
• Выяўляць і паказваць напрамкі пазітыўнай працы ў сцвярджэнні патрыятычнага духу людзей, у стварэнні і прапагандзе нацыянальных каштоўнасцей, ва ўзняцці гонару за свае спадчынныя скарбы, культуру, мову, традыцыі.
• Глыбей і настойлівей аналізаваць старонкі гісторыі, выводзіць на чыстую ваду непрыхільнікаў, ворагаў, ганіцеляў беларусаў і Беларушчыны, сваіх і чужых, не абыходзячы пільнай увагай фізічны і духоўны генацыд беларускай НАЦЫІ, які доўжыцца, цягнецца з мінулых стагоддзяў аж у сённяшні дзень.
• Абуджаць нацыянальную свядомасць, у каго яна яшчэ не заснула навекі, вяртаць люд у грамадзянскую супольнасць, заахвочваць да годных учынкаў, паводзін, да працы на карысць НАРОДА і НАЦЫІ дзеля шчаслівейшай долі ўсёй Рэспублікі Беларусь, краіны нераскрытых магчымасцей.
Васіль ЯКАВЕНКА, галоўны рэдактар
|