Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 
Брама сайта arrow КНІГІ arrow Нятленнае arrow Сяргей Законнікаў. ГЭТА МЫ

Сяргей Законнікаў. ГЭТА МЫ Друк E-mail
13.08.2009 | 16:41 |

Сяргей ЗаконнікаўУ кнігу лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы, міжнародных літаратурных прэмій Польшчы і Украіны Сяргея Законнікава  "Гэта мы" увайшлі паэмы "Чорная быль", "Цівалі", "Зязюля".

Эпічныя творы аўтара з'яўляюцца паэтычным асэнсаваннем лёсу беларускага народа, "народа на Галгофе".

Яны вызначаюцца запамінальнай метафарычнасцю, глыбінёю думак, шчырасцю пачуццяў, нястомнасцю ў імкненні да праўды і справядлівасці.

Народ на Галгофе

Шмат якія народы сьвету і Еўропы прайшлі свой нярадасны, пакутніцкі шлях, шлях Дэляроса, пакуль выбіліся на сьветлую дарогу праўды і справядлівасьці. Толькі беларусы затрымаліся на тым шляху, нібы аддаючыся сада-мазахісцкай асалодзе ад сваіх нялюдзкіх пакутаў, ня надта імкнучыся пачуць нават голас Бога ці хоць бы зьведаць патрэбу спазнаць, да чаго трэба імкнуцца.

Звычайна, як і ўсе людзі, мы маем усё  -  ад боскага і высакароднага да подлага і нізкага, якое наканавана стрываць. Але ў дадатак да іншых на наш пакутніцкі лёс выпаў яшчэ Чарнобыль  -  гэты біблейскі апакаліпсіс, ад якога няма паратунку нават зьдзічэламу ваўку, што марна імкнецца выбавіцца з радыяцыйнага жаху. Створаны паэтам вобраз сапраўды набывае сэнс касьмічнай жуды, калі "паўсюль даўкі пах палыну, і ў небе  -  расьпятая зорка" (паэма "Чорная быль").

Пад гэтаю "расьпятай зоркай" нацыя змушана існаваць, мабыць, ад часоў пралетарскай рэвалюцыі ў Расеі. Менавіта тады Беларусь узышла на Галгофу з дзесяткамі і сотнямі "Курапатаў" на ёй. Сярод іх, безумоўна,  -  і нядаўна моўчкі адкрытыя "Цівалі"  -  жахлівае месца зьнішчэньня людзей разам з жывёлай. І нават іх пасьмяротнае вынішчэньне з дапамогай зусім сучаснага сродку тэхналагічнай эпохі  -  напалму. Каб не засталося ні сьледу, ні крыжа, ні памяці.

Так, сьледу на спаленай зямлі можа і не застацца, можа нічога не захавацца ў дбайна падчышчаных архівах, але нішто не зьнікае з душаў людзей. Людзкія пакуты і людзкая кроў бяз сьледу не мінаюцца нават на Беларусі, якая не першае стагодзьдзе ідзе "дарогай у нікуды", дзе воля "толькі сьніцца", а "слава разьлятаецца, як дым". Каб народнае гора не разьляцелася, як дым, спакон часу існаваў фальклёр, а цяпер, пакуль яшчэ ня спрахла родная мова, ёсьць паэзія, якая ўсё бачыць і на ўсё рэагуе. Бо "сьвечку тваёй душы ў Госпада папрасіла і ў цнатлівай душы зацепліла Еўфрасіньня". А праз вякі тую сьвечку пранёс Скарына, "засьцерагчы сьпяшыў радком і крывёй Купала". Менавіта такім памкненьнем натхняўся і аўтар гэтых паэмаў Сяргей Законьнікаў.

Шмат якія радкі гэтай кнігі нясуць сапраўдныя пярліны несумненнай паэзіі, высокіх думак, адухоўлены балючым пачуцьцём неспакою за лёсы людзей і Радзімы, яе гісторыі і будучыні.  Надзвычай плённым, найперш у маральным плане, бачыцца мне новы для нашай паэзіі матыў хрысьціянскага пакаяньня, уведзены аўтарам у, можа быць, лепшай паэме "Зязюля". Тым болей, што "потам і мазалём немцы каюцца", у той час як "свае прыкарытнікі нават бяду скарыстаць для нажывы сьпяшаюцца". Балючая праўда гэтых радкоў набывае маштаб асноўнай ісьціны нашага праклятага часу.

Эпічныя паэмы Сяргея Законьнікава  -  пранізьлівыя радкі ў несканчоным летапісе народнай бяды, сьведчаньне духоўнай патэнцыі народа, які марудна, праз боль і памылкі, нарэшце ўсьведамляе сябе і сваё наканаваньне ў сьвеце.

Васіль Быкаў (16. ІІІ. 96)

 

.  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .

Чорная быль (паэма)

 

І. Выбух
         Пажары гараць, журавы крычаць...
                                          З народнай песні

Той вечар быў  уражаннямі поўны,
З тэатра мы ішлі дамоў памалу.
І хмарка,
Што насоўвалася з поўдня,
Гурт гаманлівы наш
Не ўстурбавала.

Яе заўважыў хтосьці: "Вунь якая!
Чарнее і расце, прыбавім кроку..."
Ды неслася ў адказ:
"Даўно чакаем...
Хай дождж ідзе!
Ён трэба... Не размокнем..."

У блочнай і цаглянай кубатуры
Не сцерлася дасюль адзнака роду.
І ў горадзе сялянская натура
Захоўвае павагу да прыроды.

Усе мы  -  дзеці вёскі.
Як насенне,
Вясны чакаем, каб набрацца сілы,
Каб па шляху жаданым абнаўлення
Ад затхласці ўцячы
На вольных крылах.

Туды ўцячы,
Дзе гнёзды нашых песень,
Дзе жаўрукі заходзяцца над лугам,
Дзе клопатна ў Прыдзвінні, на Палессі
Зямля паруе пад няўтомным плугам...

А тут яшчэ спектакль.
Тэатра сцены
Рассунуў ён і ўраз спакой парушыў.
Апошні Журавель ляцеў са сцэны,
Каб раскалыхваць скурчаныя душы.

Над Беларуссю закружыў збалела,
Журба гусцела, разрывала грудзі.
На цэлы свет крычаў адчайна, смела
Пра ўсё, аб чым сказаць баяцца людзі.

Пра тое, што падсечана карэнне
І рушацца адвечныя асновы,
Што ўзнікла недарэчнае стварэнне  -
Народ, які жыве без роднай мовы.

Сыны і дочкі падаліся ў горад,
А мова засталася,
Як і маці,
Астатні век свой да канца агорваць
Ва ўрослай у зямлю,
Старэнькай хаце.

І спадчына дзядоў, якую мелі,
Пагардай растаптана і забыта...
І неяк неўпрыкмет згадаўся Мележ  -
Палескі горды птах,
У лёце збіты...

А вечар быў такі лагодны, цёплы,
І з той саспелай, ацяжэлай хмары
Раптоўна, дружна сыпанулі кроплі,
Шумелі ў кронах, цалавалі твары.

Блішчэлі ў парку юным лісцем ліпы,
Над горадам вясёлка затрымцела.
Кашулі перамоклыя прыліплі
І прахалодай абдымалі цела.

І мы ішлі...
Яшчэ ніхто не ведаў,
Што смерць нясе і сее дожджык спорны,
Што найжахлівая з усіх трагедый
Жыццё ўкруціла ў атамныя жорны,

Што ўчора там  - 
За рэкамі,
За лесам,
Дзе чэрава сваё раскрыў Чарнобыль,
Пажарнікі  -  заложнікі прагрэсу  - 
Ад цела аддзіралі з мясам робы.

 

2. Зона маўчання
             Як прыйдзе ліха,
             то не ўседзіш ціха.
                            Прыказка

Агонь, радыяцыя люта звярэлі,
Кіпелі графіт і смала.
Не грэшнікі,
Слаўныя хлопцы гарэлі...
І зона маўчання была.

Адлік пачынаўся нязнанае эры
Змагання жыцця з небыццём.
І грукаўся,
Грукаўся кожнаму ў дзверы
Чацвёртага блоку разлом.

Скакалі і ў Швецыі стрэлкі прыбораў,
Еўропу трывога гняла.
Зашкальвала ўсечалавечае гора...
І зона маўчання была.

Пляваўся атрутнаю параю кратэр,
Злавесныя хмары плылі.
А людзі ў Нароўлі да майскага свята
Двары, тратуары мялі.

У вёсках гароды рабілі жанчыны,
Чаромха буяла, цвіла...
Кацілі ад Кіева прэч лімузіны...
І зона маўчання была.

Паўзлі між людзей нечуваныя чуткі,
І пухла ад іх галава.
Глядзелі з надзеяй на радыё:
"Хутка
Усё растлумачыць Масква".

Ішлі піянеры ў святочных калонах,
Звінела парадная медзь.
Стаялі ў чаканні нямым эшалоны:
"Як грымне,
Ці зможам паспець?.."

А мне і цяпер не хапае азону,
Не выбрацца з даўкага тхла...
Яшчэ не было адгароджанай зоны,
А зона маўчання была.

 

3. Чаравічкі
                 Абуй чаравічкі, перапёлачка,
                 Абуй чаравічкі, маладзенькая...
                                       З народнай песні

Санаторый пад Мінскам у лесе
Стаў прытулкам палескіх дзяцей...
У пакоях ні смеху, ні песень,
Моўчкі, пільна глядзяць на гасцей.

Мы прыехалі невыпадкова,
Падганяў колы хуткія страх:
На плячах у дзяўчатак  -   абновы,
Ды абутак адтуль  -  на нагах.

Вочы бліскаюць, нібы чарнічкі,
Шэпт узняўся, а потым аціх.
"Выбірайце сабе чаравічкі..."
"А навошта? Нам добра ў сваіх".

Як пачуў іх адказ, то не здолеў
Нават вымавіць нешта спярша,
Бо нязнаным,
Пранізлівым болем
Зашчымела,
Зайшлася душа.

Перапёлачкі Беларусі,
Не саромцеся,
Час не такі.
Вам і ў чорнай,
Бязлітаснай скрусе
Трэба выжыць  -  чакаюць вякі.

Вам не бегаць па родных дарожках,
Лёс па іншых шляхах павядзе...
Як маланкі,
Імклівыя ножкі
Не павінны прыбіцца ў хадзе.

Вам з жыццём на руках,
Божа мілы,
У такую ісці далячынь...

Чаравічкі з чарнобыльскім пылам,
Перапёлачка,
Хуценька скінь!..

 

4. Чарнобыльскі воўк
                                        Прыйдзе шэранькі ваўчок,
                                        Схопіць дзетку за бачок.
                                                                 З калыханкі

Рыжы Лес ён у прыцемку майскім пакінуў,
Бо адчуў кожнай клеткай  -  настала пара.
Цэлы месяц раўлі верталёты, машыны
І палала ў нябёсах чужая зара.

Гэты жудасны гул і нязвыклае ззянне
Цела ціснулі долу,
Душылі,
Гнялі.
І спрадвечны інстынкт падказаў,
Што сканання
Дух злавесны сышоў на абшары зямлі.

Той зямлі,
Дзе з шчаняці ён вырас у звера,
Дзе ў раз'юшанай бойцы
Сяброўку займеў,
Дзе на месяц зімой
Іклы вострыя шчэрыў,
Дзе лятаў,
Як віхор,
Па здабычу між дрэў.

Больш не будзе таго,
Бо жывое  -  маўчала...
Ён апошні.
А грукат жалезны мацнеў.
І тады воўк завыў у бяссільным адчаі,
Мох заскуб кіпцюрамі,
Каб сцішыць свой гнеў.

Ён адчуў у грудзях
Боль тупы, недарэчны,
Перад ім матылі,
Як сцяжкі,
Паплылі.
Ірвануўся, пабег.
Злосць і вецер сустрэчны
Раздзімалі зялёных вачэй вугалі.

Ён яшчэ не згубіў неўтаймоўную сілу  - 
Слабасць возьме ў глухія ціскі спакваля.
Як раней,
Напіналіся пругкія жылы
І з-пад лапаў назад адлятала зямля.

Востры нюх вёў туды,
Дзе жывое паветра,
Дзе не падала семя атрутнай жуды.
Ён шукаў дзікі неруш,
Дрымотныя нетры,
Каб забіцца ў гушчар ад нязнанай бяды.

Праз усю Беларусь па чахморных закутках,
Абмінаючы вёскі,
На поўнач ён бег.
Чым далей,
Тым  дарога была ўсё пакутней,
Не вярталіся сілы,
Хоць большаў начлег.

Воўк качаўся ў траве,
У расе срэбна-золкай,
Бо здавалася зверу, што кроў аж кіпіць.
Ён даўно ўжо не еў,
Скуб гаючыя зёлкі
І жаваў іх,
І зноўку хацелася піць.

Пад лаўжом каля лужыны сцішыўся нашча,
На змярканні пракінуўся  - 
Страшны быў сон,
Быццам вогнішча тлела ў разяўленай пашчы
І гула галава,
Як раз'ятраны звон.

Прад вачыма плылі танканогія цені,
Вось адзін пахіснуўся і сцішыў хаду.
Смага кінула тут на калені аленя,
Ён смактаў прагавіта рудую ваду.

Дух ваўчыны пачуў,
Ірвануўся нябога.
Воўк жа ўслед паглядзеў і падумаў:
"Жыві..."
Не хацеў ён, знясілены, болей нічога  -
Ані плоці жывой,
Ані свежай крыві.

Так ляжаў,
Распластаны натугаю нейчай,
Што сціскала,
Душыла люцей і люцей.
Не звярынай слязой,
А святой, чалавечай
Плакаў той,
Кім палохаюць людзі дзяцей.

Потым з пасткі смяротнай
Да страчанай волі
Воўк не бег,
А, зубамі скрыгочучы, поўз...
Зноў на поўнач  -  гаямі,
Лагчынамі,
Полем...
Касмылямі спаўзала,
Свяцілася поўсць.

Ля Валожына трасу, што млела ад газаў,
Ён адолець не змог,
Бо прыйшло  забыццё.
Не адчуў,
Як прад колам вялізнага "КрАЗа"
Хруснуў глуха хрыбетнік і счэзла жыццё.

Гэты выпадак дзіўны вадзіцеля ўсцешыў,
З манціроўкай саскочыў з падножкі далоў:
"О, якая здабыча!"
Ды ўбачыў ён плешы,
На якіх запяклася счарнелая кроў.

"Не, з такое здыхляці мне шкуры не трэба..."
Злосна дзверцамі ляснуў і рушыў у шлях.

Воўк ляжаў на баку, пазіраючы ў неба...
Адбіваліся зоры ў халодных вачах.

 

5. Дождж у Хойніках
                        А зелена, зелена траўка на мяжы,
                        Таму яна зелена, бо ідуць дажджы.
                                                      З народнай песні

А дзядзька не зважае на грымоты,
На тое, што даўно да ніткі змок.
На руль павесіў сетку з хлебам, боты,
Упарта кантралюе хісткі крок.

Ці ён веласіпед, ці той памалу
Вядзе яго то проста, то бачком.
І з боханаў,
Дарэшты набрынялых,
Вада рудая коціцца цурком.

Кабеты, што аўтобуса чакаюць,
Махаюць з-пад страхі: "Ідзі сюды!
Ты б хлеб акрыў.
Скрозь пошасць... Ды якая..."
А ён бубніць сабе: "Ані бяды...

Мне страхі вашы  -  плюнуць і расцерці,
П'ю малако і ўсё з гарода ем.
Я і на фронце не баяўся смерці...
Калі жывыя будзем  -  хрэн памрэм!"

Старая хрысціцца: "І як не брыдка!
Пажылы чалавек, і так казаць...
Я за цябе старэйшая, Мікітка,
Паслухайся мяне, ідзі ты спаць".

Суседка засмяялася: "Алена,
Ці ж ты яго не бачыш па лычы?
Яму сягоння мора па калена,
Відно, пакупкі добра замачыў".

А дзядзька:
 "Замачыў, бо ёсць прычына.
Ды  вам, квактухам, гэта не паняць...
Ад стронцыю,
Як раіць медыцына,
Найлепшая вакцына  -  чарку ўзяць!"

Старая шэпча:
"Чаркай толькі бельмы
Зальеш, ды не пазбудзешся пакут...
А дзе ты купіш, знойдзеш тое зелле,
Каб вылечыць зямельку,
Родны кут?

А я палю і паліваю грады,
Сляза мая сама сабой бяжыць...
Ні сонейку,
Ні дожджыку
Не рады,
Дык для чаго тады на свеце жыць?.."

Замоўклі ўсе...
І дзядзька стаў цвярозым,
Ён змог веласіпеду рады даць.
Пайшоў на дождж і адвярнуўся.
Слёзы
Былі цяпер кабетам не відаць

 

6. Трэці анёл
                 Чужую бяду рукамі развяду.
                                                Прымаўка

 

Хоць людзі не хацелі, ды плылі
На трэцяй хвалі высялення з зоны...
Здалося, круг зрабіў вакол Зямлі
"Уазік", што абпоўзаў паўраёна.

Каля гасцініцы змахнуў я пыл,
Твар потны спаласнуў вадой халоднай.
А есці не было ніякіх сіл  - 
Разбіла ўшчэнт журбой неверагоднай.

Хацелася зваліцца і заснуць,
Ды так,
Каб болей гэты свет не бачыць,
Каб не замольваць страшную віну
За тое,
Што не можаш перайначыць

Нічым ніколі палыновы дзень
З сляпучым сонцам у смузе варожай,
Дзе і зямля, і тысячы людзей
Заложнікі,
І ты між іх  -  заложнік...

Ішоў каля запыленых машын,
Што ў белы свет паўзлі
З сялянскім скарбам,
Не мог глядзець у вочы тых жанчын,
Якія небу пасылалі скаргі.

Я  -  проста чалавек.
Як развяду
Жах новы вавілонскага зрушэння?
Сасмяглым горлам піў,
Каўтаў бяду,
Аглухлы ад жальбы і галашэння.

Я ведаў  - 
Тут бяссільны нават Бог,
Але, наскрозь прабітаму трывогай,
На скрыжаванні хойніцкіх дарог
Хацелася мне стаць на хвілю богам...

Хістаў таполі вецер за акном,
Чарнобыльскай гадоўлі хіжы вецер.
І сніўся мне бязладны страшны сон,
Нібы адзін застаўся я на свеце.

Зямля ляцела ў прорву,
А наўзбоч
На воблаках трубілі  смерць анёлы...
Да скону буду помніць тую ноч,
Бабульчын ціхі шэпт у сценах голых...

Бабуля ў Бога верыць пачала
Пасля, здаецца, шостага дзесятка.
Да гэтага не тым яна жыла  -
Крыж несла на гарбу ўдавы-салдаткі.

Яе мужык даўно сканаў ад ран,
Пасечаны свінцом на грамадзянскай.
І мусіла ўзнімаць жыцця дзірван
Спрадвечнай цягавітасцю сялянскай.

Хатуль цяжкі на плечы ўскінуў лёс  -
Яна і тры маленькія дачушкі.
Не высыхала ад бяссонных слёз
Да новае начы яе падушка.

Але на людзях ні слязінкі ўдзень,
Як камянела,
Каб набрацца сілы.
Кароў даіць  -  больш важкі працадзень.
А жыць жа трэба.
Трыццаць год даіла.

Дамоў з калгаснай фермы прыбяжыць,
А там раве ў хляве свая карова.
Штогод араць, палоць і малаціць,
Яшчэ клапоты  - 
Сена,
Подсціл,
Дровы.

А потым перуном па ёй вайна,
Падпальвалі фашысты двойчы хату.
Ды з новай, што агорала яна,
Як ластаўкі,
Ляцелі ў свет дзяўчаты.

Да скону лёгкай на нагу была,
То да адной,
То да другой  -  дарога.
Калі на ногі ўнукаў падняла,
Тады бабуля ўспомніла пра Бога...

Нядзеля.
Вечар.
За сталом сядзім
Мы з ёй на кухні.
Галава пустая  -  
Задачка не выходзіць, і прытым
Пад нос бабуля Біблію чытае:

                        "І трэй-ці Ан-гіл за-тру-біў,
                         і зва-лі-ла-ся зь не-ба вя-лі-ка-я гвяз-да,
                         га-ру-чы, як лян-па,
                         і па-ла на трэй-цю-ю часьць рэ-каў
                         а на жа-ро-лы во-даў.
                        А і-мя та-е гвяз-ды Па-лын;
                         і трэй-ця-я часьць во-даў ста-ла па-лы-ном,
                         і шмат лю-дзёў па-мер-ла з во-даў,
                         бо я-ны ста-лі гар-кі-я".

Уздрыгваю, бо мроіцца ў акне
Анёл з трубой,
І ў сенцах чую крокі.
"Бабулька, не палохай ты мяне,
Бо праз цябе не вывучу я ўрокі".

Яна злуецца: "Не перашкаджай.
Чаго развесіў лапухамі вушы?
Мяне не слухай.
Сеў рашаць  -  рашай!.."
І зноў сухімі вуснамі варушыць...

Кідаўся ад сцяны і да сцяны
Мой ложак і валок у пашчу згубы...
І чорныя,
Як вугаль,
Груганы,
А не анёлы,
Узнімалі трубы.

 

7. За калючым дротам
                         Зараслі мае сцежкі,
                         Ой зараслі мае дарожкі
                         Зялёненькім лапушком.
                         Зялёненькім лапушком,
                         А ўсё горкім палыном.
                         Зялёненькім лапушком
                         Пасцелечку пасцялю.
                         А з горкага палыночку
                         Згалоўейка закачу.
                                       З народнай песні

Затрымалі ў зоне раніцой бабулю.
"Што ж Вы гэта робіце? Ці загад не чулі?
Скрозь жа радыяцыя, гэта ж не навіна.
Дык жыўцом навошта лезці ў дамавіну?
Дык чаму блукаеце Вы па зоне ўпотай,
Што, каго шукаеце за калючым дротам?"
Ля сялібы роднай, быльнягом урослай,
Слухала салдатаў, як дзіцё дарослых.
Знізу ўверх глядзела з-пад брывоў сівенькіх,
Выцірала слёзы чорнай, ссохлай жменькай:
"Вы, сынкі, не бойцеся...Што ўжо мне пашкодзіць?..
Дзеці не пускалі, уцякла, як злодзей.
Самі мае ножанькі прывялі дадому
Шляхам невядомым, сцежкаю знаёмай.
Вы не лайце, дзеткі... Паглядзець ахвота,
Як тут наша хатка за калючым дротам?
Вось яе адведала, і лягчэй мне стала,
Можа, і знайшлося тое, што шукала".
Як зямелька  -  рукі, як валошкі  -  вочы,
Як не пашкадуеш, хочаш ці не хочаш.
"Ну да агароджы прыбрылі... А потым?"
"Трохі падкапалася, прапаўзла пад дротам..."
Рагатнуў старэйшы: "Дыверсант, і толькі!
А што ж тут схавалі пад крысом ватоўкі?"
"А нічога... Кут мой каля ложка голы...
Не забрала ў тлуме абразок Міколы.
Вось ён, мой балесны... Твар яму абмыла.
Бач, як засвяціўся, вызвалены з пылу".
"Ну пайшлі, бабуля! Зараз на машыне
Наш шафёр да станцыі хуценька падкіне".
Між хлапцоў плячыстых крочыла памалу,
Ды каля варотаў запратэставала:
"Вы сабе служыце, не ідзіце следам.
І сюды прытупала, і назад даеду..."

Засвярбелі вочы... Моўчкі, вінавата
Цыгарэты ў вуснах сціснулі салдаты...
Потым паглядзелі, ды за паваротам
Знікла ўраз старая, як і не было тут.
Толькі ў чыстым полі, што не спеліць колас,
Быццам шолах жыта, чуўся ціхі голас:
"Вы не лайце, дзеткі... Добра мне... Паверце...
Хатку паглядзела, можна і памерці..."

 

8. Марадзёры
             Ой ты, воран чоран...
                        З народнай песні

Адным на ўсё жыццё  -  пакуты, гора,
А гэтыя з бяды куюць рублі.
Паўзуць,
Паўзуць, як вошы, марадзёры
Па нежывой, атручанай зямлі.

Б'юць вокны,
Крышаць ломікамі дзверы,
Хоць і цурчыць па карку ліпкі жах.
Пакінутыя хаты і кватэры
Абмацваюць, як трупаў, па начах.

Спяшаюцца,
Грабуць гарэлку, рэчы,
Здзіраюць,
Бо ў цане,
І абразы.
Не трэба ўзвальваць ім дабро на плечы,
Матарызованыя ёсць вазы.

Пачырванее ад натугі морда  - 
Не паддаецца,
А такі каўнер!
Якая прыгажуня носіць горда
Хамут радыяцыйны той цяпер?

Дарунак  -  тэлевізар каляровы  - 
Галантны хмыр
Любоўніцы прывёз.
Рэактар свой у хаце.
Будзь здаровай!
А ён сюды не суне болей нос.

І фонд бібліятэк яны глядзелі:
След ботаў  -
На Купалавых тамах.
Як бомбы замаруджанае дзеі,
Пайшлі гуляць у свет
Друон, Дзюма.

Паўзуць,
Паўзуць, як вошы, марадзёры
Не толькі ў зоне.
Іх у нас  -   спаўна.
І нішчаць,
І бяруць дзяржаву зморам,
І як яшчэ дасюль ліпіць яна?

Мы ўсе для іх  -
Даступныя мішэні...
Хто ж корміцца з крутога мазаля,
Каб выжыць,
Выварочвае кішэні
Да самага апошняга рубля.

Нялёгка ад зарплаты да зарплаты,
Ад пенсіі да пенсіі трываць.
А побач злодзей,
Прайдзісвет закляты,
Па рэстаранах можа глякаваць.

А ты кусай счарсцвелую скарынку,
Бяззубы інвалід або ўдава.
У марадзёраў з ценевага рынку
Не забаліць па гэтым галава.

У іх ужо мільярды ў абароце,
Пляваць ім на дзяржаву і закон.
Яны трымаюць у сваёй аброці
І тых,
Хто ўлез у верхні эшалон.

Ды закрані ці паспрабуй праверыць
Пяшчотныя адносіны радні:
Той мафіі,
Якая на паверхні,
З той мафіяй,
Што недзе ў глыбіні.

Закруціцца без рыпу кола згоды,
Што можна і не можна пойдзе ў ход.
І зноўку станеш "ворагам народа",
Хоць галаву кладзеш ты за народ...

Глядзіць на нас,
Разгубленых,
З дакорам
Наступны дзень,
Яго рашаем лёс...
Паўзуць,
Паўзуць, як вошы, марадзёры...
І хто іх спыніць?
Дзе Ісус Хрыстос?

 

9. Вяртанне
                    Старана мая, ты староначка,
                    Старана мая незабытая,
                    Не магу цябе прызабыціся,
                    Ні ў ночы сплючы, ні ўдзень ходзячы.
                                                З народнай песні

Памёр стары.
Сканаў з наказам дзецям,
Які шаптаў, аж покуль не заціх:
"Ніколі... не бадзяўся я... па свеце...
Хачу ляжаць... на могілках... сваіх..."
Не ведаў ён, якая цяганіна
Пачнецца для журботнае радні.
Спачатку не выпісвалі машыну,
Хоць сотню вёрст агорвай на кані.
А потым не пускалі іх у зону,
Ноч адбылі ў машыне ля труны.
І ўсё ж былі вароты адамкнёны,
І да пагоста рушылі яны.
Высокі бор стаяў жалобнай вартай...
І сын сказаў пасля такіх трывог:
"Нічога, бацька...
Мы  -  народ упарты.
І ўсё-ткі ты ў пясочак родны лёг..."

У зоне пуста.
Толькі вінаваты,
Як спадцішка, 
Дымок над камінком.
Старыя людзі ўваскрасілі хаты,
Жывуць сабе, як схімнікі, крадком.
На ўсе ўгаворы дзед махае кіем:
"Нікуды!
І дарма агітаваць.
А вашы тры чырвонцы грабавыя
Не трэба.
Дайце век дагараваць!.."
І сырадой бабуля зноўку цэдзіць
У спрытныя старыя гарлачы,
І з малаком цячэ праз марлю цэзій...
Хто ў гэтым лёсе можа памагчы?!.
Хоць зараслі дарогі палявыя,
Хоць у бары зязюльчын голас змоўк,
Перасяленцы  -
Мёртвыя,
Жывыя  -
Вяртаюцца, вяртаюцца дамоў...

 

10. Пераліванне крыві
                     Кроў  -  не вада, разліці шкада.
                                              З народнай песні

На зялёнай клумбе  -  мак чырвоны,
А далей  -  бетонная сцяна.
Вось і ўвесь пейзаж, які штодзённа
Ім відаць з бальнічнага акна.

Хочуць зліцца з небам вачаняты,
Носікі прыціснуты да шкла.
Чорны смерч у белыя палаты
Вынес іх з далёкага сяла.

Адарваў ад матчынае ласкі,
Ад любімых гульняў і сяброў.
Дзеці,
Нібы скошаныя краскі,
Вянуць,
Бо бяда  -  бялее кроў.

Працэдуры, як закон, без слова,
Быццам шмат было іх на вяку.
Падстаўляе пацыент чарговы
Тоненькую, лёгкую руку.

Ён маўчыць, хоць вусны пабялелі,
Ён трывае лепей, чым стары.
Мо таму слязой і накіпелі
Вочы маладзенькай медсястры.

З вены кропельку знімае ватай
І руку бінтуе,
І тугу.
Каб не ўчулі, шэпча вінавата:
"Болей не магу я...
Не магу..."

 

11. Страх
             Біце камень, біце,
             Агню даставайце.
                       З народнай песні

Хоць выйшлі на святло з глухіх скляпенняў,
Але яшчэ адкрыць баімся вочы.
Свабодна выціснуць з душы здранцвенне
І рабскую пакорлівасць не хочам.

Такія мы.
На гэта ёсць прычына  -
Жылі ў краіне лагернай, астрожнай,
Жывёльны страх перад плюгавым чынам
Звіваў сабе гняздо ў крывінцы кожнай.

Стаў нацыяналізм тутэйшай тэмай,
Як шуфлем,
Лепшых пад яго гарнулі,
Пяклі з даносаў справы на "нацдэмаў",
Дзе кропку у канцы стаўляла куля.

А зверху над цівунскім, хіжым збродам
Стаяў  "наш бацька"
Самай строгай вартай.
Ён не людзей, а цэлыя народы
Знішчаў ці тасаваў,
Як шулер карты.

І чорны воран баляваў начамі,
Ён каркаў і вучыў усіх без стомы,
Што можна выйсці ў "людзі",
У "начальства"
Цаною здрады самаму святому.

Сваімі крыламі ў крыві пялёхаў,
Іх развінаў над лёсамі з размахам.
І так дзядоў,
Бацькоў ён запалохаў,
Што будуць праўнукі дрыжаць ад страху.

Ды вось глыток жаданае свабоды,
Свабоды мудрых думак,
Творчай працы.
І кожны можа для свайго народа,
Для будучыні нашай пастарацца.

Рабочыя, сяляне, інжынеры,
Вучоныя, настаўнікі, паэты  -
Мы ўсе  -  адна сям'я з высокай верай...
Калі ж нарэшце зразумеем гэта?

Зноў дзеляць нас на "чыстых" і "нячыстых",
Запрэгчы хочуць у старую збрую.
Не толькі ў скверах з кульбай  -
Сталіністы,
Яны яшчэ і судзяць, і кіруюць.

А з імі тыя, хто ў сваё карыта
Дабро піхаў, каб аж падняўся коптур,
Хто кроў смактаў з дзяржавы
І адкрыта
Ёй гандляваў у розніцу і оптам.

І чорны крук не адляцеў далёка
(А век у гругана гадоў пад трыста!),
Глядзіць,
Глядзіць на нас крывавым вокам,
Дзе ў зрэнцы помста свеціцца агніста.

Хто праўду скажа,
Тым  -  праклён, пагрозы
Або дубінкі, газы  -  не іначай...

Калі памёр тыран, ліліся слёзы...
Чаму па мове, мой народ, не плачаш?

Чаму не скажаш: "Патрабую школы
Вярнуць
І ўсё, што з гэтым заняпала,
Каб годна, вольна ў гарадах і сёлах
Маё святое слова загучала"?

Чаму не хочаш з крыўдаю змагацца
І галаву ўгінаеш моўчкі ў плечы,
Калі зямлю  -
На ўсе вякі багацце  -
Дачаснікі і труцяць, і калечаць?

Чаму не разумееш і дагэтуль,
Што ловішся на простую нажыўку,
Калі табе з чыноўных кабінетаў
Даюць адобрыць зжоўклую фальшыўку?

Ты столькі вынес і пакут, і гора,
Што заслужыў навечна, назаўсёды
Мець лёс не нарыхтоўчае канторы,
А роўнага між роўнымі народа.

Сыноў,
Што з вераю жыццё вянчалі,
Ці ж мала Беларусь узгадавала?
Стаяць, як знак ахоўны, за плячамі
Скарына,
Каліноўскі
І Купала.

Народ мой,
Слухай голас іх прарочы,
Ён нездарма трывожыць гаркатою.
Прачніся,
Адкрывай шырока вочы,
Не размініся з праўдаю крутою.

Калі ж і зараз ты не загукаеш,
А будзеш жыць
Пад страхам і прынукай,
Чарнобыль не такі яшчэ чакае
Тваю зямлю,
Тваіх дзяцей і ўнукаў...

 

12. Віна
             Трава палягла, журба абняла.
                                 З народнай песні

Жыццё пакутамі аплоціш,
Яму не трэба ні граша...
Як птушка,
Б'ецца ў клетцы плоці,
Баліць,
Шчыміць мая душа.

За ўсё павінна быць расплата...
З зямлі сваёй куды ўзляціш?
І мусіш, хоць невінаваты,
Чужых злачынстваў несці крыж.

Я вінаваты,
Вінаваты,
Бо гвалт і здзек не змог спыніць.
Той кожны стрэл у Курапатах
Адчаем у грудзях звініць.

Я вінаваты, бо калеюць
Людскія сэрцы  - 
Сівер дзьме
Адтуль,
Дзе костачкі бялеюць
На Салаўках і Калыме.

Я вінаваты, бо наўкола
Упадак духу так відаць,
Што продкі абурэння голас
З магілаў змушаны падаць:

"А тым, хто мову, род адрынуў,
Як подлы раб, сагнуўся ў крук,
Настаў свой меч паміж рабрынаў,
Цаляй туды, дзе сэрца стук".

Я вінаваты, бо атрутай
Засыпала маю зямлю,
А я адданасцю прыкуты,
Яшчэ мацней яе люблю.

Я вінаваты, бо ў заторах
Сваіх грабежніцкіх уцех
Згубіў сябе,
Сабе ўжо вораг
Сам чалавек,
І быць ім  -   грэх.

Таму вяду з душой гаворку,
Гляджу ў нябёсы ўсё часцей,
Бо назірк Палыновай зоркі
Змушае жыць свяцей, чысцей.

Душы, затурканай, знямелай,
Нялёгка загартоўваць дух,
Каб выйсці ў свет,
Вярнуцца ў цела
І разарваць замкнёны круг.

Але яна смялее гонка,
Каб далеч волі адкрываць,
Як карабельная сасонка,
Што можа небу паківаць.

Багоў зямных мы робім самі,
Куем наменклатурны штат,
Каб потым стаць прад іх вачамі
І выканаць любы загад.

Праз цемру рабства пакаленні
Прайшлі,
Каб кожны ўведаць змог,
Што толькі ўласнае сумленне  -
І першы,
І адзіны бог...

Так і жыву.
Жыццё  -  віною.
Не час, а кроў мая цячэ.
І тое, што было са мною,
Усё паўторыцца яшчэ...
Паўторыцца яшчэ...
Яшчэ...

 

13. Палыновая зорка
                 Ой, палын мой, палыночак,
                 Палын  -  горкая трава,
                 Гарчэй цябе, палыночак,
                 Ва ўсім полі ды няма.
                                З народнай песні

Накатам сівая трава,
Як дым, наплывае пад ногі...
Бялее мая галава,
Не можа пазбыцца трывогі.

Як волі,
Паветра глыну,
Ды стане не светла, а горка.
Паўсюль даўкі пах палыну
І ў небе  -  распятая зорка.

Глядзіць Беларусь на мяне,
Чарнеюць кругі пад вачыма.
Народ можа верыць мане,
Зямлю падмануць немагчыма.

Нібы да грудзей немаўля,
Да родных пагоркаў тулюся.
Збалелая маці-зямля,
Я толькі табе павінюся.

Не хочацца класціся ў дол,
Не маючы ў сэрцы надзеі,
Што ты саўладаеш з бядой
І верай нашчадкаў надзеліш,

І стануць яны гаварыць
Прыветліва моваю наскай:
"Дзень добры!
Заходзьце, сябры,
У хату да нас.
Калі ласка!"

...Маўчыць, нібы камень,
Зямля,
Палын невядомасцю свеціць...
Што будзе,
Што будзе пасля? -
Не скажа ніхто ў гэтым свеце.

Ёсць праўда адна  - 
Праўдай жыць,
Няхай і суровай, і горкай...
У небе над намі стаіць,
Як зніч,
Палыновая зорка.

                        1988

 

.  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .

Цівалі (паэма)

 

Уступ
             Іржаў сівы конік, яго везучы,
             Крычаў чорны воран, за ім летучы...
                                           З народнай песні

Крывіцкім духам цягне ад зямлі,
А камень, што на сэрцы, не падняць...
Па цаліку праз вольныя палі
Мкне вершнік, не шкадуючы  каня.

Удвух яны пільнуюцца зары,
Якая пакідае белы свет.
Яна вось-вось патухне,
Дагарыць,
Ды застаецца непагасны след.

І ён, і конь адтуль,
Дзе грукаў бой,
Крывёю мецяць снегавы абсяг.
І ўжо зямлю атульвае сабой
Навечна
Бел-чырвона-белы сцяг.

У правай  -  меч,
У левай  -  павады,
Рукам не млосна, хоць сцякае кроў.
Мкне вершнік за падмогаю сюды,
Ды не стае ў Айчыне ваяроў.

Праспалі долю людзі і званы,
І лёг на душы ўсім смяротны грэх...
Зноў сыта чысцяць дзюбы груганы,
Хапаючы з сумётаў прагна снег.

 

Праўда з таго свету

Горад начны закалыхваюць сны...
А на балконе бетоннага гмаха
Стаў чалавек
Побліз шэрай сцяны
І размаўляе з даверлівым птахам.

Нібы анёл,
Белы голуб зляцеў
З дымнага і непрытульнага неба,
Дапамагчы чалавеку хацеў,
Бо адчуваў  -
Ёсць такая патрэба.

Сеў на парэнчу,
Прыціх галубок,
Крышку прымружыў
Разумнае вока
І, галаву нахіліўшы набок,
Слухае споведзь
Душы адзінокай:

"Доўга мяняў я
Куток за кутком,
Доўга з сям'ёй пра жытло сваё
Марыў.
А засяліўся сюды ў новы дом  -
Спаць не магу,
Бо даймаюць кашмары.

Ледзьве суцішуся і задрамлю,
Мроіцца зноў,
Што пад домам  -
Магіла,
Што разграбае з магілы
Зямлю
Нейкая нечалавечая сіла.

Там між шкілетаў жывёлы
На дне,
Густа аблеплены
Глінай іржавай,
Бацька ляжыць.
Ён гукае мяне,
Толькі не голасам  -
Дзікім іржаннем.

Конскаю грываю
Сцелецца чуб,
Зубы вялізныя неверагодна...
Я ў тую прорву лячу
І крычу,
І прачынаюся ў поце
Халодным..."

Змоўк чалавек.
Твар  -  шарэй ад сцяны.
Шнурам бікфордным
Дыміць цыгарэта.
Голуб-анёл кажа:
"Гэта не сны...
Праўда вяртаецца
І з таго свету..."

 

На Беларусі  -   мор

На Беларусі  -  мор.
Мор  -  у кожную хату і двор.
На жывёлу  -  эпідэмія:
Сібірская язва,
Яшчур,
Сап
Ды пошасць, якой не чулі.
На людзей  -
Класавай нянавісці інфекцыя:
У Сібір,
На Поўнач  -  этап
Або ў патыліцу  -  куля...

На Беларусі  -  мор.

 

Цівалі. Ноч
                 Перад вайною па загаду наркама
           Л. Кагановіча  "за сабатаж"  -
           адмову везці ахвяраў сталінскіх
           рэпрэсіяў  -  была расстраляна
           вялікая група беларускіх чыгуначнікаў.
           Каб схаваць злачынства, іх целы
           энкавэдысты скінулі каля вёскі Цівалі
           пад Мінскам  у могільнік жывёлы,
           якая сканала ад эпідэмій. Такія месцы,
           па санітарных правілах,
           нельга раскапваць на працягу ста гадоў.

 

Не самі ішлі,
Пад руляй вялі
Людзей да магілы,
Да рысы апошняй.
Не спалі, уздрыгвалі Цівалі  -
Кляваў цішыню
Рэвальверны пошчак

Ля ямы страшнай
Не енчыў ніхто  -
Расстанне са светам
Не зараз адчулі.
Але выдыхалі грудзі:
"За што?"
Адказам былі толькі кулі,
Кулі.

А што балакаць:
Каму  -  у расход,
Каму  -  да чаркі,
"За вредность" даплаты...
Ляцелі целы ў гніллё і смурод,
Дзе чэрві абселі
Чэрап рагаты.

Рыдлёўкі абрушвалі на людзей
Зямлю...
Не крышылася тлустая гліна...
Пасля камендант туды паглядзеў
І цыркнуў
Ляніва, праз зубы,
Слінай.

 

Цівалі. Раніца
               "Утро нашей Родины"  -  так называлася
           карціна, на якой быў намаляваны не нізенькі,
           не васпаваты, а надзвычай прыгожы, велічны,
           у светлым фрэнчы, з плашчом, перакінутым
           цераз руку, Сталін на фоне майскіх садоў, палёў,
           фабрык і заводаў. Рэпрадукцыю гэтай карціны,
           якая вісела шмат у каго ў хатах, я помню змалку.

Сонца будзяць пеўні хрыпла,
Печам хочацца агню.
І дынамік гучным рытмам
Разганяе цішыню:

"Утро красит нежным светом
Стены древнего Кремля..."
...................................................

А на могільніку гэтым
Яшчэ варушыцца зямля.

 

Сон Лысоні
                      Вол бушуе  -
                      Вясну чуе,
                      Карова раве  -
                      Вясну заве.
                   З народнай песні

Зіма свой пасад саступае вясне,
Зямля набухае, як цёплае вымя...
"І я ўспамінаю...
Сюды да мяне
І гукі, і пахі прыходзяць жывымі.

Заўжды гаспадыня ўставала да дня.
Адна.
Дзе ж тут будзеш лянівай ці соняй?
Падоіць раней,
Каб за шыю абняць,
На вуха шапнуць:
"А мая ж ты, Лысоня..."

Удзвюх мы брыдзем,
І мядовы лужок
Расою нам ногі халодзіць,
Іскрыцца.
Густая трава запавольвае крок.
Я тут  -  парабчанка,
Але  -  і царыца.

Шурпаты язык мой да працы прывык,
І зубы  -  не зломкі:
Аж капае сьліна...
Карова,
Як вечны жыцця рухавік,
Ніколі не ведае стомы і спыну.

Шчырую,
Бо радасць у двор прынясеш,
Калі пад рукою ласкаваю звонка
Прапахлы расою і мятай капеж
Пачне цуруболіць па  днечку даёнкі.

А потым прад дзецьмі па чыстым стале
Разыдуцца кварты з густым сырадоем.
І смачным ім здасца ацеслівы хлеб,
Хоць ён напалам з лебядой і бядою.

Вось так і жылі мы  -
Сямейка,
Радня,
Але гора ліпне да долі сірочай...
Сканала ўначы я,
А маці да дня
Усё абцалоўвала мёртвыя вочы.

І зараз,
У вечным, нязбудлівым сне,
У ліпкай,
Як хлеб той,
Ацеслівай гліне,
Яшчэ не аціх,
Даганяе мяне
Балючы і роспачны
Плач гаспадыні:

"Ой, мая карованька,
Ох, мая карміліца,
Да каго ж буду даіці,
Да чым жа буду дзетак карміці?
Ох, мае ж дзетанькі,
Якія ж мы нешчаслівыя  -
Людскія дзеці будуць малачко піці,
І вы ж будзеце мяне прасіці..."

 

Сон Варанога
                  Конік ты мой, конік, чаго ж ты не весел,
                  Буйную галоўку ў каліначкі звесіў?
                  Ці я табе цяжак, ці я табе важак,
                  А ці табе туга шоўкава папруга?
                  ....................................................................
                  Бяжыць конік,
                  Бяжыць конік дарогаю, да гэй!
                  Не якою  -  шырокаю!
                                                      З народных песень

Пад цяжкім скляпеннем магілы
Ня ўцямлю я:
Жыў ці не жыў?
Рыпелі натруджана жылы,
Напятыя так,
Як гужы.

Я  -  конь беларускі.
Той шэрай,
Мужыцкае долі  -  цягло.
Ды хочацца ўсё-ткі прымерыць
І мне  -
Не хамут,
А сядло.

Як вецер стрыножаны,
Грыва
Змятае нуду і прымус.
Дык што ж ты стаіш палахліва
Прад лёсам сваім, беларус?

У вечнасць пралегла дарога,
Шырокая,
Быццам душа.
Сядлай жа мяне,
Варанога,  -
Засвішчуць стагоддзі ў вушах!..

 

Сон машыніста Калейкі

Плыве прад вачыма дэпоўская сцежка:
Бяжыць да мяне па гасцінец
Сынок.
Замурзаны тварык.
Шчаслівая ўсмешка.
А ў небе над сцежкай  -  жаўрук,
Як званок.

Ды памяць спыняцца на светлым
Не хоча,
Высвечвае з цемры
Начны эшалон,
Дзе бліскаюць знічкамі
Сумныя вочы
З аплеценых дротам калючым
Акон.

Ахоўнік мардаты
"Гарбузікі" лушчыць,
На ім партупея святочна рыпіць,
Як снег пад нагамі.
А з кожнай цяплушкі
Даносіцца стогн,
Поўны жудасці:
"Піць..."

Тры дні без вады...
І слязою салёнай
Зноў пояць матулі
Сасмяглых дзяцей...
Хто я?
Машыніст.
Ды цяжар іх праклёнаў
Раструшчвае цела і розум гняце.

Яшчэ сутыкнуцца віна і расплата...
Чыгункай няволі грукоча цягнік,
Дзе рэйкі і шпалы  -
Бясконцыя краты,
Дзе самы апошні прыпынак  -
Тупік.

 

Цівалі. Пекла

Белполк угрызаўся у дол,
У той свет,
Які захапіла зараза.
Нібы прышэльцы з далёкіх планет,
Пацелі хлапцы ў супрацьгазах.

Капнулі глыбей,
Душы сціснуў жах,
Рыдлёўкі застылі ў млосці  -
Чаму між астанкаў жывёл ляжаць
Людзей
Чарапы і косці?

А ў чарапах тых  -
То дзірка,
То дзве,
А косці,
Сцятыя дротам...
Маёр  -
Пабіты жыццём чалавек  -
Перахрысціўся ўпотай.

Чыё святатацтва?
Чый страшны грэх?
Маўчалі зямля і неба.
І ён да машыны
Трушком пабег  -
Начальству дакладваць трэба...

За светам
Каналі ў вязкім агні
В'етнамскія дзеці,
Пальмы.
І тут загадалі
Пошасць спыніць
Такім жа сродкам  -
Напалмам.

Змяшаліся ў попеле,
У зямлі
Каровы,
Коні
І людзі...
Было такое  - былі Цівалі...
Не ведаем мы,
Што будзе.

 

"Жалезны наркам"
                      Яднаў Кагановіч у Гомелі сілы,
                      У Віцебску сілы згуртоўваў Яжоў.
                           З "Пісьма беларускага народа
                           таварышу Сталіну"

                      Л.М. Кагановіч, былы наркам краіны,
               паплечнік Сталіна, неяк паскардзіўся, што
               існуе на пенсію 120 рублёў. Савет
               працоўнага калектыву Кыргызскага
               камвольнасуконнага камбіната, калі прачытаў
               гэтую заметку, пастанавіў штомесяц з фонду
               сацыяльнага развіцця пералічваць ветэрану
               партыі 300 рублёў.
                                    Газета "Труд",  № 97 за 1991 год

 

Брыдзе па Маскве ён,
Згарбелы,
Пахілы,
З кефірам разноска ў дрыжачых руках,
Якія калісь мелі гэткую сілу,
Што жыцці мільёнаў
Змалочвалі ў прах.

Яны помняць смак
Рэзалюцый расстрэльных,
Размашыста,
Гонка аловак вялі.
У "працы стараннай",
Нібыта ад кельні,
Не сходзілі з пальцаў яго
Мазалі.

Пра літасць забудзься,
Спагады  -  нікому,
І Кобу прыгадвай,
Як бога,
Спярша.
Ён так і сказаў:
"У жалезных наркомаў
Павінна быць толькі жалезнай
Душа".

Крывавае бойні
Стваральнік і сведка
Затульвае твар у каўнер паліто.
Старыя яго пазнаюць
Толькі зрэдку,
А для маладых
Гэты мамант  -
Ніхто.

Брыдзе паціхеньку ў знямозе і скрусе,
Лянотныя думкі,
Бы ўзімку  -  чмялі.
Не чуў і не ўчуе ён
Стогн Беларусі,
Дзе ёсць Курапаты,
Дзе ёсць Цівалі...

Так жыў у Маскве,
Ацішэлы,
Пахілы,
Пакуль не скруціўся пятлёй
Доўгі шлях...
А ім гуртаваныя
Чорныя сілы
Зноў вяжуць наш дзень
Па нагах і руках.

 

Статак

Моўчкі дарогаю, пыльнай, заклятай,
У невядомасць клыпае статак.

Клыпае статак з жаданнем адзіным  -
"Дайце кармушку!"  Аж сочыцца сліна.

Сліна сцякае ў пясок, што як прысак,
Цягнуць яе скамянелыя пысы.

Гены набытыя  -  хочацца момніць,
Момніць і момніць, нічога не помніць.

Розум і рукі  -  даўно на прыколе,
Сунецца статак на могільнік долі.

Дурнем памрэш, бо нічога не ўкраў ты,
Сунецца статак на могільнік праўды.

Нехта цікуе: "Якой жа ты масці?"
Сунецца статак на могільнік шчасця.

Нехта чужую апратку прымерыў,
Сунецца статак на могільнік веры.

Нехта па лагернай пайцы скуголіць,
Сунецца статак на могільнік волі.

Ценем злавесным  -  з Чарнобыля хмары,
Сунецца статак на могільнік мары.

Смерць  -  як збавенне, не хочацца лекаў,
Сунецца статак на могільнік веку.

Цішу парушыць слабое рыканне.
Зрэдку рыканне. А болей  -  маўчанне...

Пастыраў статку не трэба ніколі,
І пастухоў дастаткова жывёле.

А ў пастухоў замест пуг  -  аўтаматы,
Пад іх наглядам сунецца статак.

Хто адаб'ецца, за тым сочыць руля.
Хочацца волі? Услед плюне куляй.

Так і хадзіцьме па крузе да скону:
З зоны старое  -  у новую зону.

 

Наш дзень
          У сталінскіх калымскіх лагерах
      нам выдавалі на дзень 800 грамаў
      хлеба і тры разы па місе баланды.
                               З успамінаў вязня

Дзяржава раскрадзена.
З гэтай прычыны
Цяпер пад крылом правадырскай рукі
Малоціць парламент пустую мякіну,
Сядзяць жабракі.

За кратамі вокан  -
Пахмурнае неба.
Цікуюць за намі  -  галеча, бяда.
Зарплаты хапае на паечку хлеба...
А дзе ж баланда?

 

Мне чуецца гул
грамадзянскай вайны

Жылі ад крыві да крыві.
І заўсёды,
Зваліўшы навалы цяжар
Са спіны,
Жаданне адно выспявала ў народа:
"Каб болей не ведаць ніколі вайны!"

Ды толькі варожасць уелася ў косці
І душы грызе ад відна да цямна.
Пад попелам шэрым
Нянавісці,
Злосці
Гарачаю іскраю
Тлее вайна.

Хоць ёсць незалежнасць,
Але і сягоння
Павагі няма да сівой даўніны.
У новых нападках
На Сцяг,
На Пагоню
Мне чуецца гул грамадзянскай вайны.

Цярновы вянок
Не знялі з роднай мовы,
Ды зноўку яе
Валакуць да сцяны.
Калі забіваюць
Матуліна слова,
Мне чуецца гул грамадзянскай вайны.

Да Бога расчынены
Кожнаму дзверы,
Але і ў святое ўбіваюць кліны.
У спрэчцы
За самую "лепшую" веру
Мне чуецца гул грамадзянскай вайны.

Зямля чырванее,
Калі хлусяць людзі,
Крывёй пахне
Мора і кропля маны.
У тэле-газетных
Распусце і брудзе
Мне чуецца гул грамадзянскай вайны.

Спавіты нябёсы
Злавесным смуродам,
Атручаны скрозь
Наш прытулак зямны.
У бесперапынным змаганні
З прыродай
Мне чуецца гул грамадзянскай вайны.

Цяжэе галечы хатуль
За плячамі,
І сцішыўся люд:
"Як дажыць да вясны?"
У доўгім,
Зацятым,
Галодным
Маўчанні
Мне чуецца гул грамадзянскай вайны.

Мы звыклі ў цяжкую хвіліну
Кідацца
На пошук чужой,
А не ўласнай віны.
І ў тым,
Што на ўсё
Ёсць у нас апраўданне,
Мне чуецца гул грамадзянскай вайны.

 

Лёс

Махляры выглядаюць і сёння
Прыстойнымі...
Я ж не звык мітусіцца
Туды ды сюды.
І застойныя,
І застольныя  -
Гэта нашы,
Дакладней,
Мае гады.

Не знарок,
А па даўняй інерцыі
Часта я
Паўтараў разам з гуртам
Старыя грахі.
Выгінастыя,
Пакручастыя  -
Гэта нашы,
Дакладней,
Мае шляхі.

Жыў,
Пісаў,
Ды не змог дакапацца
Да ісціны,
А таму атрымаў,
Як належыць,
Спаўна.
Не пазбудзешся,
Не адхрысцішся  -
Гэта наша,
Дакладней,
Мая віна.

Між учора і заўтра,
Разбіты дакорамі,
Моўчкі стаў,
Не хаваю ні ўсмешкі,
Ні слёз.
За плячамі  -
Жыццё...
Хоць балюча і сорамна,
Не кляну,
Не кляну...
Незваротны лёс...

Ніякою малітвай
Душа не палечыцца.
Хоць жывы,
Ды распяты
Шапчу на крыжы:
"Прыдуць новыя,
Прыдуць лепшыя...
Нарадзіцца ім памажы...
Памажы..."

 

Апошні шанц

Апошні шанц дала гісторыя,
Каб не спыніўся ў вечнасць лёт
Тваіх надзей,
Яшчэ няскораных,
Спакутаваны мой народ.

Апошні шанц дала гісторыя,
Каб захаваць сябе,
Свой род.
А ты,
Знямелы і зашораны,
Каму глядзіш сягоння ў рот?

Тым, хто карміў
І корміць казкамі
Пра сыценькі імперскі "рай",
Хто падае з купецкай ласкаю
Нішчымны хлеб,
Як каравай.

Хто за мяжу
Сплаўляе тонамі
Дабро,
Што ты гарбом нажыў,
А сам паўзе
З жабрачай торбаю:
"Старэйшы брат,
Дапамажы!"

Хто і ў Маскве
Фальшывак бурбалкі
Пускаў,
Чакаў
Свой "зорны час",
А прыпякло,
То ўцёк да бульбачкі
І пханых пальцамі
Каўбас.

Хто ваяваў супроць уласнасці,
А зараз
Уладарыць ёй...
Якой яшчэ ты хочаш
Яснасці,
Народ,
Задураны хлуснёй?

Вакол сябе
Зрабі агледзіны,
Адрынь падману каламуць,
Убач,
Што зроблена
Суседзямі,
Як людзі іншыя
Жывуць.

І зразумей:
Яшчэ не страчана
Магчымасць
Дом свой збудаваць.
Твой розум,
Рукі,
Мова матчына
Пасобяць духам акрыяць.

Апошні шанц дала гісторыя...
Свой шанц,
Народ мой,
Скарыстай.
І ажыве прыгнётам змораны,
Забыты Богам
Родны край.

 

Эпілог
              Беларусь, твой народ дачакаецца
              Залацістага, яснага дня.
                                               М. Багдановіч

Па цаліку праз белыя палі
Мкне вершнік, не шкадуючы каня.
І чуцен голас: "Збудзішся калі,
Народзе мой  -  крывіцкая радня?"

Зноў каркаюць над краем крумкачы  -
Прыйшла пара сумленна даць адказ.
Ад гэтага нікому не ўцячы,
Глядзяць нашчадкі з вечнасці на нас.

Малюся на руку, што узняла
Навечна бел-чырвона-белы сцяг.
Над ім, святым, развеецца імгла,
Пачатак быў, не спыніцца працяг.

Слязу, што выбягае на шчаку,
Асушаць промні сонечнага дня...
Праз нашы душы, як па цаліку,
Мкне вершнік, не шкадуючы каня.

                                                 1994

 

.  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .

Зязюля (паэма)

 

                           Васілю Быкаву

НА  БЕРАЗЕ  ТЫМ

На беразе тым, што заўсёды мне сніцца,
Куды з ціхім жалем гляджу праз гады,
Я сеў на замшэлы валун ля крыніцы,
Паўнюткай, як вока, жывое вады.

Нічога яшчэ не набыў і не страціў,
Абмацваюць далеч
І позірк,
І слых.
А ў свеце, нібы перад святам у хаце,
Так чыста-ўрачыста, што стойваю дых.

І сонца,
Як мама,
Цалуе ў макушку,
І вецер,
Як тата,
Кудлачыць віхры...
А я моўчкі слухаю вешчую птушку  -
Кувае зязюля ў далёкім бары.

Куванне яе дзверы ў храм расхінае,
Дзе трэба ў парозе прыстоіць спярша.
Якая мне выпадзе доля зямная?  -
Прад тайнай прароцтва нямее душа.

Над берагам тым, што трава спавівае,
Аблокі  Вушаччыны ў вечнасць ляцяць...
Кувае зязюля мая баравая  -
Заведзены Богам гадзіннік жыцця.

 

"КУ-КУ!"

Беларусь накрыла нячыстая сіла,
А дзеці купаюцца ў стаўку...
"Ку-ку!"
Качаюцца весела ў пяску...
"Ку-ку!"
Падстаўляюць галаву вянку...
"Ку-ку!"
Кідаюць чарніцы за шчаку...
"Ку-ку!"
Кланяюцца баравіку...
"Ку-ку!"
Зязюля стараецца, вяшчуе:
"Ку-ку!.. Ку-ку!.."
А смерць за імі цікуе:
"На якім жа гадку?.."
"Ку..."

 

СУЧАСНАЯ  БАЛАДА

Суцяшалі яе:
"Памірае апошняй надзея..."
І матуля малілася Богу
І верыла ў цуд.
Дні і ночы ў знясілены,
Змораны тварык глядзела...
Дагараў, як васковая свечка,
Сынок ад пакут:
"Ой, сынок, мой сыночак,
Я ж цябе насіла  -  галасіла,
Раджала  -  памірала,
Гадавала  -  гаравала..."

Дагарэў.
Паляцеў.
Не дагнала душой беспрытульнай,
Хоць за ім,
Нібы птушка,
Адчайна рванулася ўслед.
І зязюляю шэраю
Стала навечна матуля,
Для яе на пагосце
Сышоўся цяпер белы свет.

"Прыляцела зязюленька
Ды сказала: "Ку-ку!
Падай, падай, мой сыночак,
Хоць правую руку..."
-  Ой, мая ты маці,
Рад бы дзве падаці:
Сыра зямля, жоўты пясок  -
Не магу я ўстаці...

Свет імкліва старэе,
А могілкі скрозь  - 
Маладзеюць...
І зязюля начуе і днюе
На родным грудку.
У яе ўжо няма
На жыццё аніякай надзеі,
Ды надточвае век
Нашым дзецям
Балючым: "Ку-ку!.."

 

КАЛЫХАНКА

Мне часта мроіцца,
Сніцца адно і тое ж,
Назіраю, быццам з галёркі:
Зямля гайдаецца
Калыскай пустою
На цвічку самотнае зоркі.

І ўсё, што з маленства
Здавалася звычным,
Напаўняецца сэнсам новым.
Грымяць над планетай
Апакаліптычна
Калыханкі ціхія словы:

"Прыляцелі чыжыкі,
Парабілі крыжыкі.
Прыляцелі вароны,
Ударылі ў звоны..."

 

У  ЗОНЕ

У бары зязюля кукуе,
Ніхто зязюлю не чуе...
Прыйшла бяда на ўсе часы.
Трава залетавала без касы...
Поле без коласа...
Хаты без людзей...
Печы без агню...
Калодзежы без вады...
Палыном зараслі сляды.
Вось тут і ўспомніш пра Бога,
Глянуўшы ў вочы бяды...
Не курыць, не пыліць дарога,
Дарога  -  у нікуды.

 

СЛЯЗА

Ад тых звар'яцелых,
Выгнанніцкіх дзён
У горле бунтуе камяк...
Дзяўчынка з Палесся
На мінскі перон
Не хоча сыходзіць ніяк.

Хатуль, нібы горб...
Беларускі багаж...
Ён першы ў яе на вяку.
Як знічка трывожнае неба
Наўсцяж,
Сляза перасекла шчаку.

Каб нашага гора глыбіні спазнаць
Паміж мітусні, драбязы,
Не трэба ўсе слёзы Айчыны збіраць...
Мне досыць і гэтай слязы.

 

МАДОННА

Асеннім лістам сэрца затрымцела,
Скульптуру тую абмінуць не мог  -
Красы нязнанай маладое цела
Было без галавы,
Без рук,
Без ног.

Глядзеў на мармуровую мадонну,
І мурашы прабеглі па спіне.
Такой жа, як яна, безабароннай
Ты,
Беларусь,
Тады здалася мне.

Я шэпт пачуў твой:
"Літасцівы Божа,
Навошта асудзіў мяне на здзек?
Чаму маю душу і цела можа
Нахаба кожны гвалціць з веку ў век?"

А  Ён маўчаў,
Хоць ведаў да драбніцы,
Хто награшыў,
Хто вінаваты ў тым,
Што воля Беларусі толькі сніцца,
Што слава разлятаецца, як дым.

А Бог маўчаў...
Прад вечнасцю бяссоннай
На доле колкай зорнае жарствы
Сама ў сябе пыталася мадонна:
"Як жыць без рук,
Без ног,
Без галавы?.."

 

МЫ

Вецер  -  з Усходу,
Вецер  -  з Заходу...
А беларусы чакаюць пагоду.

Дасюль мы лічым сябе народам,
А ў жылах цішыцца рабская кроў.
Жывем, драбнеючы год за годам,  -
Нашчадкі воінаў і плугароў.

Усё пры нас, здаецца,  -  не зломкі,
Але не спяшаем стаць на крыло.
Ну паляцім, а хто ж нам саломкі
Падсцеліць, каб падаць куды было?

Пра вечнасць думаецца з узростам...
Што нашыя жыцці ёй дадалі?
Бо ўсё канчаецца вельмі проста  -
Чатыры дошкі і сажань зямлі.

З пратухлай зоны дасюль не выйшлі,
Уеўся ў душы смурод турмы.
А што прызначыў нам Усявышні  - 
Відаць, ніколі не ўведаем мы.

Вецер  -  з Усходу,
Вецер  -  з Заходу...
А беларусы чакаюць пагоду.
І ні роду, ні плоду,
Як той камень у воду...

 

ГАЛАСАВАННЕ

Нічога не бачым, нічога не чуем:
Праўда галосіць, а мы "за!"  -  галасуем,
Воля галосіць, а мы "за!"  -  галасуем,
Доля галосіць, а мы "за!"  -  галасуем...
І самі галосім, але "за!"  -  галасуем.

 

МАЛЕНЬКІЯ  ЛЮДЗІ
      "Мы  -  людзі маленькія,
       хай думае начальства".
                     Абыходкавы выраз

Маленькія людзі вялікай бяды
Не маюць даўно над галовамі даху.
Іх дом,
Што ўрастаў у зямлю праз гады,
Накрыты цяпер не страхою,
А страхам.

Маленькія людзі вялікай бяды
Змірыліся з гэтым,
Не рвуцца на волю.
Навошта?
Ім місы пустой баланды
І хлеба счарсцвелага
Лусты даволі.

Маленькія людзі вялікай бяды
Шануюць не Бога,
А чарку і скварку.
Калі накуляюцца добра,
Тады
Ці плачуць цішком,
Ці кідаюцца ў сварку.

Маленькія людзі вялікай бяды
Валодаюць зброяй адзінаю  -
Матам.
Усіх пасылаюць туды-растуды,
А іх  -  пад дубінкі і пад аўтаматы.

Маленькія людзі вялікай бяды
Не думаюць ні пра дзяцей,
Ні пра ўнукаў.
І нават з чарнобыльскай даўкай жуды
Не выбрацца ім да святла
Без прынукі.

Маленькія людзі вялікай бяды,
Няўжо вы заснулі навек,
Назаўжды?

 

ГНЯЗДО

Хоць вякі ў турботах прамінулі,
Ды дарэмна  -  знаку не відаць...
Беларусь  -  гаротная зязюля,
Як і ў той,
Няма ў цябе гнязда.

Ты суседзям дзетак падкладала,
Вырасталі  -  ведаў свет пра іх!
А сама пад крылы захінала
Пустадомкаў свойскіх і чужых.

І яны тутэйшыя нібыта,
Ды даўно плююць Айчыне ў твар,
Бо для іх наш край з усім набыткам  -
Сытая кармушка і тавар.

Кожнаму прарабу выраджэння
Не патрэбен Адраджэння гмах.
Ціснуцца ў зацятым ачмурэнні
Ад свайго пад нейчы цёплы дах.

Жабракоў чужына не прытуліць.
Сэнс разумны цвёрда кажа: "До!"
Беларусь  -    бяздомная зязюля,
Трэба віць табе сваё гняздо.

 

КРЫЖ

                Мова дадзена Богам,
                Слова было найперш...
                Прэч ад мяне, знямога!
                Духам не падай, верш!

                З верай у лёс народа
                Кроч праз глухі натоўп.
                Ён няўцямна заўсёды
                Праўду пад рэбры тоўк.

 Яшчэ за туманам падману не відна нічога,                      
 Але праз любоў і пакуты пралегла дарога.
 Пад грузным крыжам гнуцца радкі і строфы,
 Іду ўслед за імі адчайна і я  -  на Галгофу.

                 Шлях знаёмы, не новы...
                 Грукаюць малаткі.
                 І ў дзяржаўную мову
                 Можна загнаць цвікі.

                 Можна, ды што пакінеш
                 Дзецям сваім, беларус?
                 Мусіш і ў дамавіне
                 Несці праклёну груз.

                 Хутка змяце, як вецер,
                 Семя пустое час.
                 Будуць усе на свеце,
                 Толькі не будзе нас.

                 На Герастата славе
                 Высака не ўзляціш,
                 А на сабе паставіш
                 Самы апошні крыж.

 

БЕЛАРУСКАЯ  ПЕСНЯ

Ляцела зязюля
Цераз нашы сёлы:
 -  Чаму вы, мужыкі,
Хмурны, невясёлы?

Досыць моўчкі гараваць
Часінаю весняй.
Паслухайце мяне,
Я прынесла песню:

Яшчэ не прысталі гарачыя коні,
Яшчэ не загусла адважная кроў.
 Збірае сыноў беларускіх Пагоня
І Сцяг,
Што пад Грунвальдам вёў ваяроў.

Зноў над доляю і над воляю
Кружаць хцівыя крумкачы...
 Ды няўжо бяду не адолеем,
Крывічы мае,
Крывічы?

Святыні і мову не ўдасца запляміць,
Хай ведаюць гэта усе хіжакі.
Гартуе наш дух неўміручая Памяць,
 За намі  - вякі
І прад намі  -  вякі.

 Зноў над доляю і над воляю
Кружаць хцівыя крумкачы...
 Ды няўжо бяду не адолеем,
Крывічы мае,
Крывічы?

І прыйдзе той час,
Сціхнуць спрэчкі і сваркі,
Мы дружнай сям'ёю засцелем абрус,
Каб радасна ўзняць крышталёвыя чаркі
За веліч і славу тваю,
Беларусь.

 Зноў над доляю і над воляю
Кружаць хцівыя крумкачы...
 Ды няўжо бяду не адолеем,
Крывічы мае,
Крывічы?

 

У  БАРЫ  ПАД  БРАГІНАМ

Маўкліва ля сосен стаім,
У плечы галовы ўгнулі...
Ляжаць на  імху баравым
Дзве мёртвыя птушкі  -
Зязюлі.

І сэрцы раструшчвае жах,
Сляза выпальвае вочы.
Скалела вяшчунні ляжаць,
Што людзям жыццё прарочаць.

Дакуль будзем піць талакой
Бяздонны кубак атруты
На горкай зямлі, да якой
Пакутамі мы прыкуты?

Змахнула слязу далонь...
(Каб з ёю і гора  -   разам...)
Пытанні раздзёўбваюць скронь,
Ды толькі няма адказу.

Маўкліва ля сосен стаім,
У плечы галовы ўгнулі...
Ляжаць на імху баравым
Дзве мёртвыя птушкі  -
Зязюлі.

 

ПАКАЯННЕ

Рэха самай крывавай, вялікай вайны
Не заціхла дасюль,
Адгукаецца...
Каб з душы скінуць камень былое віны,
Немцы едуць
За нацыю каяцца.

Прымірэння бальшак і цяпер не прамы,
Ды на ім людзі ўсё ж сустракаюцца.
Талакою будуюць бальніцы, дамы...
Потам і мазалём
Немцы каюцца.

Хочуць нам памагчы і малы, і стары,
Бо спагада з бядой не звыкаецца.
Шлюць сюды не падачку,
Ад сэрца дары  -
Маркай крэўнай сваёй
Немцы каюцца.

І ў Германіі поўна адгэтуль гасцей,
Бо між намі адлегласць сціскаецца.
Лечыць,
Песціць яна беларускіх дзяцей  -
Ласкай і  дабрынёй
Немцы каюцца...

А свае прыкарытнікі нават бяду
Скарыстаць для нажывы спяшаюцца.
Столькі год са скарбонкі журботнай крадуць,
На катэджы крадуць і на дачы крадуць,
На ваяжы крадуць, на гулянкі крадуць...
Людзям хлусяць,
І зноўку крадуць і крадуць...
І ніколі, відаць, не пакаюцца.

 

                       С
                       В
                       Е
                       Ч
                       К
                       А

Свечку тваёй душы
У Госпада папрасіла
І ў цнатлівай цішы
Зацепліла Еўфрасіння.

Свечку тваёй душы
Сусвет тады не адрынуў.
Полымя ўзварушыў,
Панёс праз вякі Скарына.

Свечку тваёй душы,
Калі ўжо яна згасала,
Засцерагчы спяшыў
Радком і крывёй Купала.

З цемрадзі і глушы
Ісці да святла далёка.
Свечку тваёй душы
Дасюль пільнуюць прарокі.

Іхняй няма віны,
Што люд не прыняў навукі.
Аб Беларусі сны
Не сняць прадажныя ўнукі.

Грэх і смерць  -  спарышы,
Таму і прыйшла расплата:
Бацьку сын задушыў,
І брат забівае брата.

Стронцый наскрозь прашыў
Грудзі зямелькі гаротнай...
Шмат ты, люд, награшыў,
Не саграшы беззваротна:

Толькі не патушы
Свечку сваёй душы!

 

НА  БЕРАЗЕ  ГЭТЫМ

На беразе тым, дзе туман васільковы
Калышацца ў жыце, яшчэ маладым,
Былі і сумленне, і шчырыя словы...
Усё засталося на беразе тым.

На беразе гэтым  -  часіна распаду,
Зямлю запалонілі зноў чужакі:
Палоній і літый,
Рутэній і радый
Смяротны свой баль
Будуць правіць вякі.

На беразе гэтым  -  нязбытнае гора,
Прычына бясконцых, нязлічаных страт.
Хварэе народ,
Бо не сёння,
Не ўчора
Душы беларускай пачаўся распад.

І доўжыцца, доўжыцца гнюснае ліха,
А зараз стаілася ў новым рыўку:
Манкурцтва і здрада,
Нянавісць і пыха,
Як змеі, спляліся ў пачварным клубку.

Трывожнаму сэрцу да скону нудзіцца
Над доляй Айчыны балеснай маёй...
На беразе тым
Шчасце меў нарадзіцца,
На беразе гэтым
Я стану зямлёй.

А покуль ёсць сілы  -  люблю і трываю,
І верую ў розум,
У вечны працяг...
Кувай жа,
Зязюля мая баравая,  -
Заведзены Богам гадзіннік жыцця.

                                                  1995

 
« Папяр.   Наст. »

Каментар

Каб карыстацца гэтай формай Вы павінны мець наладжаны javascript...

2016 год

Напісаў Арцем,
Дата 01/25/2016 Час 22:06

 1 
Старонка 1 з 1 ( 1 Каментар )

Каб пакінуць/прачытаць каментары - зарэгіструйцеся (залагіньцеся)
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 2383
mod_vvisit_counter Учора 2071
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 9574
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 32005