Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 
Брама сайта arrow АДВЕЧНАЕ arrow Даследаванні arrow Ворскла. Усходнія рубяжы вялікага князя

Ворскла. Усходнія рубяжы вялікага князя Друк E-mail
24.09.2015 | 11:37 |

"Слухай мяне, князь! - крыкнуў  Едыгей. - Калі табе захацелася зрабіць сваім сынам Тэмір-Кутлука - хана вялікай Орды, а самому стаць яго бацькам, то жаданне тваё пахвальнае, бо ты старэйшы за нашага хана. Але я старэйшы за цябе, а значыць, ты варты мне ў сыны. А раз так, то не мы, а Літва павінна плаціць нам даніну. Калі ж ты не станеш рабіць гэтага, то крыўдуй на сябе. Коні воінаў Залатой Арды хуткія, шаблі нашы заўсёды навостраныя. Нават калі ты схаваешся за краем зямлі, мае воіны знойдуць цябе і адбяруць жыццё. Дачок вашых мы зробім рабынямі, а сыноў пагонім на нявольніцкія рынкі. Падумай добра, перш чым вырашыцца ўступаць у бітву з маім войскам, і, калі запросіш міру, я дарую табе тваю дзёрзкасць...

Смех Вітаўта быў адказам на словы Едыгея".

Image

Так пісаў пра бітву на Ворскле казахскі пісьменнік Ільяс Есінберлін. А мы - што мы ўвогуле ведаем пра тую бітву? Вітаўт змагаўся на Захадзе з крыжакамі, з Ягайлам, з крыжакамі і Ягайлам, з крыжакамі супраць Ягайлы, з Ягайлам супраць крыжакоў. І раптам кідае ўсё, ідзе на Усход, збірае армію, якая, паводле летапісаў і іншым крыніцаў, была большая за літоўскае войска пры Грунвальдзе. І вядзе яе некуды на Палтаўшчыну каб пасадзіць на трон Залатой Арды Тахтамыша, якога пакрыўдзілі Тэмір-Кутлук і Едыгей. "Хто ўсе гэтыя людзі?" Што забыў вялікі князь у стэпах Украіны, якім такім блізкім сваяком стаўся для яго Тахтамыш, што дзеля яго і арміі не шкада? Масавая свядомасць на гэтыя пытанні адказаў не дае. Зусім. Што ж, паспрабуем даведацца, як вялікі князь Вітаўт трапіў на свае ўсходнія рубяжы - на Ворсклу...

"І бысть вялікая замятня ў Ардзе"

XIV стагоддзе - гэта час, у які адбыўся і росквіт, і заняпад дзяржавы, вядомай як Залатая Арда. Насамрэч этнонім "Залатая Арда" хутчэй умоўны і з'явіўся пазней за знікненне самой дзяржавы  (параўнайце з Кіеўскай Руссю, якая пачала так звацца ў ХІХ стагоддзі, ці Візантыяй, жыхары і імператары якой не ведалі, што яны візантыйцы, затое з гонарам зваліся рамяемі, грамадзянамі Рымскай імперыі). Так і з Ардой. Часам яе называлі проста Арда, часам Дэшт-і-Кыпчак, часам Улу Улус ("Вялікая Дзяржава"), Улус Джучы (дзяржава Джучы, сына Чынгісхана) і гэтак далей. А золатам назва імперыі зазіхацела толькі ў рускім творы "Казанская гісторыя" 1566 года, калі ці не палова той самай Арды ўжо утульна (або не зусім утульна) змясцілася ў межах Маскоўскай дзяржавы.

У пачатку стагоддзя і да яго сярэдзіны Ардой кіравалі сапраўды вялікія ханы - Узбек і Джанібек. Часам яны былі занадта жорсткія, часам рабілі спрэчныя крокі, але ў асноўным вялі карабель імперыі цвёрдай рукой. Арда гандлявала з паловай свету, уздымаліся новыя гарады, грошы ішлі ад гандлю, рамёстваў і даніны з пакораных і васальных народаў. Сярод якіх, дарэчы, былі амаль усе княствы Паўночна-Усходняй Русі, з Масквой, Цверру і Уладзімірам.

Але пасля смерці Джанібека (паводле мноства крыніц, ён быў забіты сынам Бердзібекам) усё неяк раптам скончылася. Ханы, якія займалі трон Арды пасля яго, трымаліся хто год, хто два, хто паўгода, хто тры тыдні. "Замятню" (смуту) у дзяржаве можна апісаць па ўзоры Евангелля ад Мацвея. Толькі замест "Аўраам нарадзіў Ісаака, Ісаак нарадзіў  Якава і. г.д." будзе: "Кульпа забіў Бердзібека, Наўруз забіў Кульпу, Хызр забіў Наўруза, Цімур-хаджа забіў Хызра, Ардумелік забіў Цімура-хаджу, Кільдыбек забіў Ардумеліка"... Часам адзінае, што паспяваў зрабіць новы хан, - выбіць манету са сваім імем і загінуць. У агульным за 20 гадоў замятні на стальцы Улу Улуса змянілася 20-25 ханаў, апроч гэтага, некаторыя часткі дзяржавы ўзначальвалі свае ханы, якім на пункт погляду вярхоўнай улады было пляваць з высокага мінарэту (на той час у Ардзе ўжо паўсюль панаваў іслам).

Image

Нейкую своеасаблівую стабільнасць дзяржаве даў не зусім невядомы цемнік Мамай. Сам ён нашчадкам Чынгісхана не быў, але ў гульні тронаў разумеў болей, чым усе чынгізіды разам узятыя. Таму на падкантрольныя дзяржаве землі ставіў сваіх ханаў і праз іх кіраваў, маючы на мэце адрадзіць магутнасць Арды пад сваёй уладай.

Я невыпадкова сказаў "на падкантрольныя дзяржаве землі": на той час ханам Улу Улуса падпарадкоўвалася толькі заходняя частка былой імперыі, альбо Белая Арда (Ак-Арда) - на ўсходзе знаходзілася Сіняя Арда (Кок-Арда), у якой справы былі значна лепшыя і асаблівай "замятні" не было. Існавала вялікая імавернасць, што будучае аб'яднанне Арды (калі яно наогул адбудзецца) пачнецца менавіта адтуль. Так і адбылося.

"Я прайграў бітву і страціў войска, дай мне новае! - Шо, ізноў?!"

Вось тут на сцэне з'яўляецца першае імя з тых, што мы згадвалі ў пачатку артыкула - Тахтамыш. У Сіняй Ардзе, нягледзячы на адсутнасць бардаку, што панаваў у Белай Ардзе, ханаў таксама рэзалі, і іх спадчыннікаў таксама. Спадчыннікі на той свет не хацелі, і калі была магчымасць, беглі з дзяржавы пад крыло да моцных свету. А тыя, у сваю чаргу, імкнуліся выкарыстаць высакародных уцекачоў у сваіх інтарэсах.

Image

Тахтамыш быў сынам арынскага арыстакрата Туй-хаджы. Апошні ў нейкі момант не пагадзіўся з палітыкай цара Сіняй Арды Урус-хана і заплаціў за гэта жыццём. Царэвіч Тахтамыш пад нож адразу не пайшоў, але спадзявацца на лепшае не стаў і аператыўна апынуўся ў Самаркандзе, дзе на той час сядзеў малады, але ўжо слаўны вой, эмір Маверанахра Цімур (так-так, будучы Тамерлан, імем якога будуць палохаць дзяцей  стагоддзямі). Цімур пільна сачыў за суседняй дзяржавай, і залішняе ўзмацненне Сіняй Арды было яму не вельмі даспадобы - бо яна пры гэтым безумоўна падпарадкоўвала Белую і ізноў рабілася адзіным Улу Улусам, Вялікай Дзяржавай. А вялікая дзяржава каля тваіх межаў можа моцна сапсаваць настрой.

Таму Цімур вырашыў паставіць на чале ўсходняй Арды сваю крэатуру, і тут яму вельмі да часу прыйшоўся Тахтамыш. Літаральна са старту Цімур асыпаў уцекача незлічонымі міласцямі, даў яму мноства багаццяў, два гарады на кармленне і - і гэта галоўнае - блаславіў на заваяванне Сыгнака, сталіцы Сіняй Арды, і даў для гэтага войска. Момант быў выключна ўдалы, Урус-хан быў у далёкім паходзе, на чале дзяржавы сядзеў яго сын Кутлуг-Буга, які да таго ж умудрыўся шчасліва загінуць у першым баі. Але Тахтамыш не саступіў у мудрасці і ўдачлівасці - нягледзячы на адсутнасць правадыра ў варожага войска, ён быў разбіты ўшчэнт, страціў войска і збег да Цімура. І не быў пасаджаны на кол, пазбаўлены галавы ці яшчэ штосьці падобнае. Наадварот - Цімур суцешыў-супакоіў маладога чалавека, даў яму яшчэ адну армію - і Тахтамыш выступіў заваёўваць трон супраць другога сына Урус-хана - Тактакіі. Прайшло колькі часу, і малады хан вярнуўся да Цімура без арміі, са стралой ў плячы і распавёў, што бой ізноў неяк не задаўся. Тут Цімур вырашыў, што арміі ён на станку не друкуе, і наступным разам павёў войска саджаць на трон Тахтамыша ўжо асабіста. Урус-хан не паспеў пазмагацца з Жалезным Кульгой (так звалі Цімура, які з маладосці хадзіў кульгаючы), бо раптоўна памёр, гэтак жа хутка памёр і яго сын Тактакія. Тут Цімур вырашыў, што такі мор у шэрагах саперніка - добры знак, і перадаў камандаванне Тахтамышу, супраць якога цяпер стаяў нічым не вядомы дагэтуль малодшы сын Цімур-Мелік. У гонар будучай перамогі эмір падарыў будучаму хану выдатнага чыстакроўнага каня. Тахтамыш апраўдаў чаканні - войска зноў было ўшчэнт разбітае, а конь спатрэбіўся для таго, каб вынесці вялікага палкаводца назад да "шэфа". Што канкрэтна сказаў будучы Тамерлан Тахтамышу - невядома, і невядома, ці можа папера вытрымаць такія словы.

Image

Але падчас трох паходаў маладога хана Цімур-Мелік вырашыў, што з такім ворагам можна не клапаціцца, і пачаў жыць для сябе - балі, папойкі, etc. Няма чаму здзіўляцца, што эліта Арды не надта ўхваліла імкненне хана да геданізму ў цяжкі час. І высветлілася, што ва ўсёй Сіняй Ардзе ёсць шмат прыхільнікаў юнага няўдахі Тахтамыша, якога лічылі "меншым злом". Золата Цімура зрабіла тое, што не здолеў зрабіць местачковы Банапарт, і ў 1377 годзе ў выніку чацвёртага паходу Тахтамыш сеў на сталец Сіняй Арды. І амаль адразу заняў Сарай-Берке і завалодаў Белай Ардой. Упарты малады чалавек зрабіўся ханам адноўленага Улуса Джучы.

Што характэрна, у якасці дзяржаўнага дзеяча Тахтамыш паказаў сабе на вышыні. Малады хан выдатна разумеў, што Мамай хоча таго ж, чаго і ён, - аб'яднаць Улу Улус. Але аб'яднаць для сабе і сваіх кішэнных чынгізідаў (на троне знаходзіўся ўжо другі стаўленік "шэрага кардынала" - Булак-хан, першы - Абдулах - быў забіты ці не самім Мамаем). Таму двум "збіральнікам зямель татарскіх" у адной Ардзе было цесна.

Мудрасць Тахтамыша ў гэтым складаным становішчы была вялікай. Ён не стаў збіраць войска і ісці ваяваць Мамаеву Арду (так часам называліся землі ад Крыма да Волгі). Ведаючы, што цемнік збіраецца ў паход на Маскву, дзе энергічны князь Дзмітрый (пакуль не Данскі) вырашыў пазбавіцца залежнасці ад саслабелай імперыі, Тахтамыш проста не стаў перашкаджаць. І зрабіў усё стратэгічна правільна. Спачатку экспедыцыйны корпус Мамая пацярпеў ад рускіх на Вожы, потым была Кулікоўская бітва і паражэнне ўжо самога Мамая... Тахтамыш паставіў эфектную кропку на Калцы літаральна праз месяц пасля Кулікоўскай бітвы. Менавіта тут, на полі, адкуль пачаліся перамогі татар над рускімі княствамі ў 1223 годзе, сустрэліся былы "хан ханаў" і новы ўладар Арды. Бітвы амаль не было, бо ў Мамая не хапала ні сілаў, ні веры войска ў яго зорку. Цемнік збег у Крым, дзе і быў забіты. Тахтамыш - хан, які тры разы цярпеў поўны разгром, - стаў новым вялікім ханам аб'яднанай Арды. У 1382 годзе ён рушыў на Маскву, спаліў яе, паказаў Дзмітрыю (ужо Данскому, але ад таго паражэнне не стала лягчэйшым), хто ў хаце гаспадар, і ўзнавіў залежнасць рускіх княстваў ад Улу Улуса. Залатая Арда ізноў была моцнай, замятня скончылася. У час моцы Тахтамыша адбыліся яго першыя кантакты з ВКЛ і Польшчай - хан даслаў Ягайлу два ярлыкі, у пачатку свайго кіравання і ў 1393 годзе. Гэта не былі ярлыкі кшталту тых што атрымлівалі маскоўскія, цвярскія і уладзімірскія князі - права княжыць і збіраць "выхад". Прынамсі, ніякага "выхаду", то бок даніны, ВКЛ у Арду не плаціла і "афіцыяльным" васалам не было.

Тахтамыш і Цімур - час плаціць па рахунку

Цімур ніколі не забываў, навошта ён у свой час даў прытулак, грошы і армію маладому выгнанніку з Сіняй Арды. І не мог не разумець, што як палітык ён на гэтым напрамку пацярпеў поўнае паражэнне. Свая крэатура на троне Арды яму была патрэбная, каб пазбавіць гэтае ханства шанцу аб'яднаць усе землі былога Улуса Джучы. І вось гэтая крэатура на троне - і яна... аб'яднала амаль усе землі былога Улуса Джучы. Сваімі рукамі зрабіўшы сабе моцнага ворага, некаторы час Цімур увогуле не меў магчымасцяў уплываць на сітуацыю. Спачатку таму, што быў заняты на іншых франтах, потым таму, што дзяржава Тахтамыша зрабілася аб'ектыўна мацнейшай па багацці, ваеннай моцы і чалавечых рэсурсах. Нязменным засталося толькі адно: Цімур - Жалезны Кульга, а вайсковае майстэрства Тахтамыша... ну, вы зразумелі. Таму Цімур рыхтаваўся не спяшаючыся, чакаючы выпадку нанесці смяротны удар.

Ліхаманкава рыхтаваўся і Тахтамыш. Хан разумеў, што заняць трон - палова поспеху, а ўтрымацца на ім ён зможа толькі праз труп Кульгавага.

Падрабязнасцяў Вялікай вайны паміж эмірам і ханам я расказаць тут не змагу - гэта яўна выходзіць за рамкі артыкула, бо патрабуе яшчэ двух. Варта адзначыць толькі, што за гады праўлення Тахтамыш больш годным палкаводцам не зрабіўся. У яго атрымлівалася перамагаць выключна з дапамогай "стратэгіі непрамых дзеянняў" - нечакана захапляць землі і гарады, дзе не было на той момант уласна Цімура. Але потым на захопленыя землі прыходзіў Кульгавы - і ўсе поспехі Тахтамыша заканчваліся. А калі войскі сустракаліся тварам да твару, у 1391 пры Кундузчы і ў 1395 на рацэ Церак, эмір разбіваў войска хана цалкам. Калі пасля першага паражэння Тахтамыш яшчэ здолеў сабраць новыя сілы і працягнуць псаваць Цімуру настрой (не болей), то другое каштавала яму трона. Пры разгроме Тахтамыша ў войску Цімура вылучыліся два военачальнікі, якім суджана таксама сыграць вырашальную ролю ў падзеях на Ворскле, - Едыгей і Цімур-Кутлуг ці Тэмір-Кутлук. Пасля бітвы на Цераку яны "адпрасіліся" ў Цімура ў родныя стэпы - быццам збіраць для эміра вояў. Але, адбыўшы, заняліся не вярбоўкай навабранцаў, а захопам безгаспадарнага пакуль трона Арды. У чым і здабылі поспех. Пастаўлены перад фактам, што ў Ардзе зноў ёсць хан, Цімур пярэчыць не стаў, тым больш што і Цімур-Кутлуг, і Едыгей былі цалкам лаяльныя да яго. Усе засталіся задаволеныя, акрамя беднага Тахтамыша. Апошні не змірыўся з лёсам выгнанніка, захаваўшы ўладу на некаторых тэрыторыях, ён павёў малапаспяховую барацьбу за яе. Зноў разбіты, ён збег у адзіную дзяржаву, дзе яшчэ мог спадзявацца на дапамогу, - у ВКЛ.

А што Вітаўт?

Вышэй мы вельмі шмат расказалі пра Арду, Тахтамыша і іншыя ўсходнія матэрыі. Але ніяк не закранулі ані Вітаўта, ані ВКЛ увогуле. А між тым, у 90-я гады XIV стагоддзя ў Княстве было цікава. Неспакойна, але цікава. Востраўскае пагадненне, якое скончыла грамадзянскую вайну паміж прыхільнікамі Вітаўта і Ягайлы, аддала першаму вярхоўную ўладу ў ВКЛ. Праўда, Вітаўт прызнаваў Ягайлу сюзерэнам, а сабе васалам, але ніякіх рэальных наступстваў такі васалітэт не меў, ён быў хутчэй фармальным, чым фактычным. Прынамсі, абараніць сваякоў, якіх Вітаўт пачаў масава выкідваць на мароз, пазбаўляючы ўдзелаў, Ягайла не змог - хутка з Трокаў і Вільны паляцеў Скіргайла, з Віцебска - Свідрыгайла, з Ноўгарада-Северскага - Карыбут. Вярхоўны князь Літоўскі (Ягайла насіў менавіта гэты тытул, у процівагу Вітаўту, які зваўся вялікім князем Літоўскім) крыўду праглынуў.

Image

Рукі для самастойнай палітыкі ў вялікага князя былі развязаныя. Эліта Княства, не вельмі задаволеная стратай самастойнасці дзяржавы ў выніку Крэўскай уніі, была гарой за правадыра, таму ўнутрыпалітычнае становішча Вітаўта было моцным. Наступны крок князя быў відавочны - поўнае аднаўленне незалежнасці дзяржавы, разрыў з Польшчай і ў перспектыве - каранацыя (так, ідэя каранавацца прыйшла ў Вітаўтаву галаву не ў 1429 годзе, а на чвэрць стагоддзя раней). Для такога маштабнага дзяржпраекта патрабаваліся хаўруснікі. І князь, выдатны дыпламат, знаходзіў іх літаральна ўсюды - на Захадзе, Усходзе і Поўдні.

Напрамак першы - Захад. На Захадзе Святая Рымская Імперыя, папа, Польшча і Ордэн. Польшча выпадае адразу, бо заключаць саюз супраць сябе самой для дзяржавы неяк дзіўна. А вось з папам Вітаўт дагаварыўся даволі хутка, пачаліся перагаворы аб адзіным антытурэцкім хрысціянскім фронце і ўдзелу ВКЛ у ім, а таксама аб магчымасці заключэння уніі з візантыйскай праваслаўнай царквой. Абедзве прапановы былі для папы надта прывабныя - падпарадкаваць "схізматыкаў" і аб'яднаць хрысціянства было даўняй марай, а выбухны рост моцы Асманаў выклікаў жах - тым больш што ў 1396 годзе пад Нікаполем было амаль цалкам знішчанае войска, што рухалася крыжовым паходам на турак. Акрамя папы на Захадзе былі крыжакі-тэўтонцы. З імі Вітаўт дагаварыўся яшчэ лепш - 12 кастрычніка 1398 года на востраве Салін на Нёмане быў ратыфікаваны дагавор. Вітаўт аддаваў Ордэну свой вечны чамадан без ручкі - Жмудзь. Ордэн абавязваўся падтрымліваць Вітаўта ў падпарадкаванні Ноўгарада і супраць Польшчы. Заходнія межы Княства былі забяспечаныя. Для гісторыкаў цікава, што менавіта падчас бяседы ў Саліне Вітаўт упершыню назваў сябе адкрыта "Каралём Літвы і Русі", а сам дагавор падпісаў як "Вярхоўны князь Літвы і Русі" (Witowdum supremum ducem Litwanie et Russie). Улічваючы, што ў рэальнасці тытул насіў не хто, іншы як Ягайла, яскрава бачна, супраць каго заключаюць дагавор і каго хочуць пазбавіць тытула.

Image

Напрамак другі - Усход. З маскоўскім, цвярскім і іншымі рускімі князямі Вітаўт трымаў сабе як старэйшы партнёр. Адносіны былі хутчэй мірныя, вялікі князь Маскоўскі Васіль Дзмітрыевіч быў жанаты з дачкой Вітаўта Соф'яй. Але з меншымі па памеры і значэнні княствамі ўладар ВКЛ абыходзіўся крута - у 1395 годзе далучыў да Княства Смаленск, пазней разрабаваў Разанскую зямлю.

Напрамак трэці і самы важны - Поўдзень. Мы пакінулі Тахтамыша пасля яго ўцёкаў у ВКЛ. Па сутнасці, паўтаралася сітуацыя, у якой Тахтамыш аказаўся на 20 гадоў раней - ён ізноў уцякач без войска і грошай, але ён па-ранейшаму чынгізід, па-ранейшаму легітымны хан, і ўладар дзяржавы, якая прытуліла выгнанніка, па-ранейшаму жадае выкарыстаць "Тахтамышаву карту" ў сваёй гульні. Ну і што, што цяпер уладара завуць не Цімур, а Вітаўт - абы войска даў і на трон пасадзіў. Вопыт паходаў на Арду ў Вітаўта, дарэчы, быў: паводле розных сведчанняў, ён здзейсніў у 1397-98 гг. адзін ці нават два паходы, на Дон і ўніз па Дняпры, без асаблівых вынікаў, але агулам паспяховых. Цяпер гаворка ішла ўжо не пра невялікую экспедыцыю, а пра поўнамаштабную вайну, нейкі аналаг крыжовага паходу.

Войска Вітаўт сабраў у Кіеве вялікае, па еўрапейскіх мерках - агромністае. Дакладных лічбаў мы не ведаем, але некалькі дзясяткаў тысяч вояў пад камандай 50 князёў... Такіх сілаў Вітаўт не меў і пры Грунвальдзе. Дапамогу прыслала і Польшча, і Тэўтонскі ордэн, аднак невялікую - па розных сведчаннях, ці 100 і 400 чалавек, ці 100 і 400 коп'яў (кап'ё - баявая адзінка з рыцара і яго слуг, агулам 4-5 чалавек). Свае дружыны прывялі ўдзельныя князі, удзельнічалі ў паходзе і два Альгердавічы - Андрэй Полацкі і Дзмітры. Зразумела, нейкае войска было і ў Тахтамыша, але наўрад ці моцнае - хутчэй за ўсё максімум некалькі соцень татарскіх лёгкіх вершнікаў. Матэрыяльная частка ўключала перадавыя на той момант тэхналогіі - у першую чаргу гарматы і лёгкую агняпальную зброю. "Витовту стоащу на другой стране реки Ворсколы, во обозе, в кованых телегах на чепех железных, со многими пищалями и пушками и самострелы", - кажа летапісец.

Image

Што атрымліваў Тахтамыш ў выніку перамогі? Трон Арды без залежнасці ад Цімура. Ніканаўскі летапіс кажа аб гэтым досыць канкрэтна: "Пойдем пленити землю Татарьскую, победим царя Темирь Кутлуя, возьмем царство его и разделим богатство и имение его, и посадим в Орде на царстве его царя Тахтамша, и на Кафе, и на Озове, и на Крыму и на Азтара-кани, и на Заяицкой Орде, и на всем Приморий, и на Казани;, и то будет все наше и царь наш". Што атрымліваў Вітаўт? Літаральна ўсё. Варта нагадаць, што васальную залежнасць рускіх княстваў ад Арды ніхто на той час не адмяняў. І таму ў выпадку перамогі Тахтамыша князі Паўночна-Усходняй Русі рабіліся "васаламі васала" вялікага князя Літоўскага. Аб залежнасці Літвы ад Польшчы, зразумела, не магло быць і гаворкі, і ператварэнне ВКЛ у каралеўства было пытаннем найбліжэйшага часу. Словам, на шалях ляжала шмат што, заставалася адно - перамагчы ворага.

А вораг быў моцны. Едыгей, які займаў у Ардзе прыблізна тое ж месца, што некалі Мамай (военачальнік і шэры кардынал пры намінальным хане Цімур-Кутлугу) быў вопытны і рашучы палкаводзец і дыпламат. Адчуваючы за сабой падтрымку самога Тамерлана, ён не баяўся наступу з Захаду. Больш за тое, у канцы 1398 года Цімур-Кутлуг адправіў да Вітаўта пасольства з патрабаваннем выдаць Тахтамыша. Зразумела, што вялікі князь на перамовы не згадзіўся.

Image

Катастрофа на Ворскле

У жніўні 1399 года два войскі сышліся на рацэ Ворскле (відавочна, на Палтаўшчыне, але дакладнае месца бітвы і сёння пытанне дыскусійнае). Згодна з не вельмі багатымі сведчаннямі, спачатку да Ворсклы падышлі толькі воі Цімур-Кутлуга, і гэта адыграла фатальную ролю: заўсёды асцярожны і дыпламатычны Вітаўт праявіў гэтым разам залішнюю самаўпэўненасць, быццам ужо быў пераможцам. Цімур-Кутлуг, са свайго боку, чакаў Едыгея і таму усялякім чынам падтрымліваў у вялікім князі гэтую ўпэўненасць - ішоў на саступкі, пагаджаўся прызнаць сябе сынам Вітаўта, плаціць яму даніну і граць сціплую ролю малодшага партнёра. На саступкі Вітаўт адказваў новымі патрабаваннямі - у прыватнасці, пажаданнем біць у Ардзе манеты з выявай самога Вітаўта. Цімур-Кутлуг ні ад чаго не адмаўляўся і ўсё зацягваў і зацягваў перамовы. А потым падышоў Едыгей...

З'яўленне другога войска татар змяніла ўсё і адразу. Едыгей даслаў свае патрабаванні Вітаўту, якія сфармуляваў не без гумару. Згодна з імі, Цімур-Кутлуг, як малодшы за вялікага князя, сапраўды павінны быў лічыць яго бацькам і падпарадкоўвацца. Адпаведна, Вітаўт, як малодшы за Едыгея, павінны ўжо яго лічыць бацькам, плаціць даніну і біць у ВКЛ манету з выявай Едыгея. Горды вялікі князь, які ўжо бачыў перад вачыма перамогу, зазлаваў, і перамовы сарваліся. Наперадзе была бітва з аб'яднаным войскам татараў, якая і пачалася 12 жніўня.

Image

Апісанне бітвы на Ворскле падрабязнасцю не вылучаецца, больш за тое, розныя аўтары апісваюць яе супярэчліва. Эдвардас Гудавічус у сваёй "Гісторыі Літвы" піша, што падзеі на Ворскле былі тыповым "Красавым сцэнарыем разгрому" - то бок разгортваліся па ўзоры паражэння Краса пры Карах, калі конныя лучнікі парфян літаральна засыпалі яго легіёны стрэламі. Другія апісанні падазрона нагадваюць Кулікоўскую бітву - тут і амаль паражэнне "Вялікага палка" татар, і ўдар у тыл "засаднага палка" Едыгея, і ўцёкі літоўскага войска, падобныя на ўцёкі Мамаевых туменаў у 1380...

Так ці інакш, зразумела адно: Ворскла стала для войска Вітаўта поўным і абсалютным разгромам. Войску ВКЛ не дапамагла ні хвалёная агняпальная зброя, ні гарматы (а чым увогуле маглі дапамагчы няўклюдныя цяжкія гарматы супраць лятучай конніцы татар?), ні нямецкія рыцары, ні беспрэцэдэнтная для тых часоў колькасць - хто не ўцёк, той стаў здабычай татарскіх шабляў. Загінула, як піша летапісец, "всех князей именитых и славных 70 и 4. А иных воевод и бояр великих, и христиан, и Литвы, и Руси, и Ляхов, и Немцев, елико избито, многое множество кто возможет изчести?" - мабыць, не 74 князі (столькі наўрад ці ўвогуле было ў войску Вітаўта), але страты жахлівыя. Сярод загінулых - абодва Альгердавічы, Андрэй і Дзмітры, князь кіеўскі Іван Барысавіч, князь смаленскі Глеб Святаславіч, гаспадар малдаўскі Стэфан Мушат, стараста кракаўскі Спытак Мяльшынскі і шмат іншых. Збегчы ўдалося Вітаўту і - як заўсёды - непатапляльнаму Тахтамышу. Татары пераследавалі ўцекачоў да самага Кіева, з якога ўзялі агромністую даніну ў 3000 літоўскіх грывен.

Наступствы

Страшнае паражэнне на Ворскле змяніла ўсё. Вітаўт, які за дзень да гэтага быў за крок ад панавання ва ўсёй Усходняй Еўропе, ізноў аказаўся ў ролі малодшага партнёра Ягайлы. Тахтамыш назаўсёды страціў уплыў у вялікай палітыцы, аднак да самай смерці спрабаваў адабраць трон Арды у Едыгея (пакуль не загінуў у шаснаццатай па ліку бітве супраць ворага). Непасрэдным наступствам для Вітаўта стала падпісанне ўжо ў 1401 годзе Віленска-Радамскай уніі, якая значна скасавала незалежнасць ВКЛ ад Польшчы. Роля ВКЛ як збіральніка ўсходнеславянскіх княстваў была фактычна скончаная - яго месца заняло Маскоўскае княства. Менавіта Масква і Кракаў, а не Арда, атрымалі ад гэтага паражэння асноўныя выгады. Едыгей стаўся ці не апошнім вялікім дзеячам Арды, але яе ўзмацненне было нядоўгім, некрытычным і толькі прыпыніла калапс Улу Улуса. Ужо ў пачатку XV стагоддзя той жа Вітаўт будзе ізноў хадзіць на Арду і спрабаваць падпарадкаваць Смаленск (удала), Ноўгарад, Пскоў, Разань (няўдала). Але гэта будзе ўжо не тое. Пік моцы ВКЛ быў пройдзены менавіта 12 жніўня 1399 года на Ворскле. Перамога ў той бітве хутчэй за ўсё зрабіла б вялікага князя гегемонам Усходняй Еўропы. Але ўмоўны лад - не па нашай частцы...

Дзяніс Буркоўскі
budzma.by
 
« Папяр.   Наст. »
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 702
mod_vvisit_counter Учора 2709
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 6115
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 41655