Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 

У Крыме Друк E-mail
17.04.2015 | 00:56 |
Андрэй ФедарэнкаАндрэй Федарэнка 

Валодзін прыязджаў у гэты пасёлачак на заходнім беразе Крыма трэці год запар, у адзін і той жа час, у верасні, і пасяляўся ў адных і тых жа гаспадароў і нават у адным і тым жа катэджыку.

Залатая пара, аксамітны сезон, курортнікаў з дзецьмі няма, людзей мала, адпаведна, падаюць і кошты, што для эканомнага Валодзіна было ўга як немалаважна.

Ён выбіраў заходні бераг - стэпавы Крым, яшчэ і таму, што тут увогуле пакуль не надта асвойталіся, не зусім нагадзілі ў параўнанні з славутым паўднёвым Крымам.

Яму хацелася проста купацца, піць віно і есці вінаград, гуляць у адзіноце, знаходзячы ў тым пэўную асалоду і ўжо дакладна - душэўны спакой, баючыся ўсяго, што магло б яго парушыць.

Валодзіну было далёка за сорак. Калі дакладна - пяцьдзясят. І яму прыемна было без мэты хадзіць і думаць, які ён за свае паўвека набыў вопыт, як спазнаў жыццё, людзей - ну, не так, каб глыбока, па-філасофску, але дастаткова, каб арыентавацца ў гэтым свеце без компаса.

Потым зімою, у Мінску, ён успамінаў свой утульны пасёлачак, мора, стэп, вецер, сонца, адзіноту... І так цудоўна, спакойна рабілася на душы - як заўсёды бывае, калі памяць падманвае цябе, прымушаючы забыцца на мінулыя непрыемнасці, а ты ў сваю чаргу падманваеш яе, паддаешся, ахвотна забываючы ўсё, што яна хоча.

Валодзін запомніў сваю мінулагоднюю радасць і хацеў усё адзін да аднаго паўтарыць, нават механічна скапіраваць. Вось ён сядзе ў цягнік - ах! - гэтыя вакзальныя аб'явы: Мінск-Сімферопаль, Гродна-Анапа!.. І будзе дарога, знаёмая, доўгая, двое сутак, з рэдкімі кароткімі прыпынкамі, з гандлярамі на перонах - чамусьці ў вочы кідаюцца адны вараныя ракі, чырвоныя, вялікія, як лангусты... Джанкой, Сімферопаль - і крымскі пах пачынае казытаць ноздры і кружыць галаву... Вось маршрутка, і вінаграднікі, і арэхавыя дрэвы паўз дарогу, а за імі, дзе толькі больш-менш чыстае поле, сімвал новага Крыма - татарскія будкі самазахопаў. Але ўсё скончыцца, і пад'едзе маршрутка да пасялковай аўтастанцыі, выйдзе ён і няспешна пакрочыць знаёмай вуліцай, дзе ведае кожную выбоіну - дарогі і тратуары тут зусім не рамантуюцца. Дом, клумба каля дома. Радасць гаспадароў пры з'яўленні яго. Катэджык, пакой - той самы, нават, здаецца, тыя самыя - леташнія - скурчаныя ліпучкі ад мух звешваюцца са столі. І гэты нязвыклы беларускаму вуху гук, увесь час - шух, шух... Мора! Нябачнае, але такое блізкае!

Як марыў, так і адбылося.

Заехаў добра, гаспадары радасна сустрэлі яго, як сваяка, ключ далі, і пакойчык з ім павітаўся - той самы, на аднаго разлічаны, і тэраса, і клумба сказалі толькі яму аднаму чутныя, зразумелыя словы, і сабачка Лёва - ані не падрослы за год - пазнаў яго, перакуліўся на спіну і памахаў усімі чатырма лапамі.

Пакуль Валодзін распакоўваў сумку і пераапранаўся, зайшла гаспадыня, хоць і сама маладжавая, але, як санітаркі ў бальніцы, не надта адварочвалася. Давялося выслухаць Валодзіну, што ўночы быў шторм, той самы, які бывае ў пачатку кожнай восені і называецца - бар†а, прыходзіць сюды з бухтаў Новарасійска, крышыць усё на шляху: ламае дрэвы, размывае пляжы, зрывае з якараў караблі і не супакоіцца, пакуль не набярэ сабе ахвяраў; вось і ўчора з высокай прыбярэжнай скалы змыла маладзенькую дзяўчыну, якая здымала стыхію на мабільны тэлефон і не ўтрымалася, паехала, слізгаючы па высокім адхоне, у марскую прорву...

Валодзін не надта слухаў. Ён хутчэй нацягнуў шорты, усунуў ногі ў лёгкія сланцы, схапіў ручнік і пашыбаваў да мора. На моры заціхаў шторм. Падманліва-жалобна плакалі чайкі і альбатросы. Падмыты высокі бераг быў у зігзагах трэшчын. На яго ўсё яшчэ цэліліся, стараліся накінуцца брудныя хвалі з доўгімі палосамі водарасцяў і жоўтай пенай, але ўжо не даставалі, пакідаючы паміж вадой і берагам метраў дзесяць мокрага пляжа.

Тым не менш людзі былі, хто ў адзенні, хто распрануты, сядзелі, хадзілі, шукаючы каменьчыкі, па пляжы. Некалькі разявак пазіралі, і пальцамі і мабільнікамі паказвалі на злашчасную скалу.

Валодзін, на хаду распранаючыся, увайшоў у хвалі, абмёр ад холаду і нечаканасці, абвык, пабоўтаўся, паныраў, хутка аглух ад шуму, наглытаўся гаркава-салёнай вады, пабіў ногі аб камяні, якія перакочвалі хвалі ля берага... Калі, як паранены - рукі матляліся, у вушах звінела, выбрыў на бераг, нейкая дзяўчына папрасіла яго, каб памог умацаваць парасон. І гэта ў такую пагоду, без аніякага сонца! Дзяўчына па ўзросце падыходзіла яму ў дочкі. Па-руску гаварыла яна так, як усе без выключэння беларусы гавораць (а потым здзіўляюцца, чаму іх выкрываюць па адным-двух словах за межамі Беларусі), з тым ледзь улоўным «дэфектам», які не выправіць ніякі лагапед мінумум яшчэ гадоў пяцьдзясят.

- Ну што, зямлячка, закруцім курортны раман? - спытаў Валодзін. Атрымалася не столькі фрывольна, колькі непрыгожа - стары «клеіць» маладую. Але не ён жа першы навязаўся, папрасілі яго, таму ён знарок яшчэ і паўтарыў, укручваючы ў цвёрды, утрамбаваны штормам пляж тоўстую на канцы ножку парасона: - Дык што, зямлячка, будзе ў нас раман?

- А як вы... здагадаліся? - яна крыху спалохана памацала свой кірпаты бульбашскі рабенькі носік, і на пальцы бліснуў заручальны пярсцёнак.

- Ой, - ветліва сказаў Валодзін, усё яшчэ змагаючыся з ветрам і з парасонам, - прашу прабачэння. А як здагадаўся? - у мяне цэлая тэорыя, як землякоў пазнаць, раскажу абавязкова, пляж маленькі, будзем бачыцца...

Дзяўчына была зусім не загарэлая, таму ён падумаў, што яна таксама нядаўна прыехала. Парасон быў умацаваны. На развітанне пазнаёміліся: звалі яе Алеся.

- Такая маладая, а ўжо Алеся, - пажартаваў Валодзін і пайшоў сабе, задаволены знаёмствам, і сваім жарцікам, і самім сабою.

Але зноў вочы яго ўбачылі скалу... Якое ўсё ж, падумаўшы, кашчунства, вось так проста жыць, жартаваць, калі дзесьці ў моры шторм усё яшчэ носіць няшчаснае цела... Валодзін, чалавек кніжны - ён працаваў у аддзеле рэдкай кнігі Музея старадаўніны - успомніў, як чытаў нядаўна: ідзе грамадзянская вайна, адпачываюць людзі на беразе Дняпра, выпіваюць, закусваюць, побач ля берага ціха пагойдваецца ў вадзе, сярод гнілой травы, раздзьмуты труп, і калі набягае хваля, варушыцца вялы белы бурак яго, і жанчыны тады рэзка, з рогатам паказваюць на яго...

Так і тут. Як жа блізка навучылася жыццё суіснаваць са смерцю, якое пакорлівае, цынічнае прымірэнне з гэтым: ну, жыццё, ну, смерць - не псаваць жа сабе адпачынак з-за таго, што нейкую неасцярожную дурніцу сцягнула ў мора!..

І праўда - хутка, хутчэй нават, чым трэба, забыўся эпізод з тапельніцай, і Валодзін пачаў жыць, як хацеў.

А жыць ён хацеў так, каб як мага менш хацець. План яго складаўся з адсут-насці плана, а рэжым быў у тым, што яго не было.

Не варта да гэтага жыцця ўсур'ёз ставіцца, даўно вырашыў Валодзін, - яно таго не заслугоўвае. Усё роўна яно такое кароткае, канчаецца смерцю, засталося яго мала, усё вакол адно зло, жанчыны зло і грошы зло, і дабро - таксама зло, бо патрабуе дзеяння. А таму і пальцам не варушыць - ні дзеля грошай, ні дзеля жанчын, ні дзеля дабра; а толькі ісці ўсляпую за лёсам, разам з тым не адштурхоўваць і сподачка, на якім лёс можа раптам паднесці які-небудзь прыемны сюрпрыз: даюць - бяры, б'юць - уцякай.

Так думаў Валодзін, седзячы на тэрасе, папіваючы белае віно. Адчуваў ён сябе цудоўна. Усё яму надзвычай падабалася: і ўласны пакой, і цяністая тэраса, і смачнае лёгкае віно... Кавалачак Еўропы. Гэтыя столікі перад кожным катэджам... Замкнуты прамакутнік двара, пасярэдзіне - клумба-кветнік, у канцы - вялізнае разлапістае дрэва грэцкага арэха, яшчэ далей персікавы сад і агарод, з якога гаспадыня кожную раніцу, пакуль Валодзін спіць, прыносіць і кладзе яму на столік адзін-два толькі што з куста памідоры - «бычыныя сэрцы», чорныя, памерам ледзь не з дзіцячую галаву, і пару свежых курыных яек. За гэта ў Валодзіна меўся маленькі абавязак: прыносіць гаспадынінай маці, старэнькай бабулі, марскую ваду ў двухлітровай пласцікавай бутэльцы. Валодзін жыва ўяўляў, як ёй, сляпой, стогадовай, без свайго мора хочацца хоць панюхаць тую ваду, паспытаць яе.

Ён браў бутэльку і ішоў на пляж. Было так лёгка ў шортах і ў лёгкай майцы. Белая ад паўднёвага пылу сцежка паўз асфальт мякка клалася пад ногі. Сонца толькі выглядвала з-за беласнежнай шапкі Ай-Петры: маленькі Крым, калі нават адсюль з высокага месца ў добрую пагоду можна ўбачыць ялцінскія горы! Заўсёды раптоўна адкрывалася мора, падзеленае сонцам напалавіну - ля гарызонта блакітнае, а ля берага цёмна-сіняе. На пляжы ён адразу пазнаваў Алесю - па знаёмым парасоне, да таго ж яна любіла адно і тое месца. Вынік заручальнага пярсцёнка, двухгадовая Лізка, вельмі спакойная, моўчкі корпалася побач у пяску, голенькая, у адрозненне ад маці загарэлая да шакаладнага аксаміту, толькі свяціўся белы трохкутнічак ад трусікаў.

- Я здымаю ёй трусікі ў пагоду, а як холадна, надзяваю, - растлумачыла Алеся; сама яна загараць не любіла і была белая, як сыр.

Яны ўжо былі сваімі, на ты, яна пра яго ведала, што даўно разведзены і жыве ў Мінску бабылём, у двухпакаёвай кватэры, хоць і ў спальным раёне, але каля метро, а ён пра яе, акрамя гэтай Лізкі, што яна з правінцыі, што працуе ў «сферы гандлю» і што дабывае тут з дачкою апошнія дні.

- А ты не баішся? - спытаў Валодзін. - Ну, з такой малой? Вунь як спяклася.

- Я ў тым годзе яе вяроўкаю да нагі прывязвала. Сама сплю пад пара-

сонам, а яна калупаецца ля берага, на водмелі.

Валодзін падумаў, пакашляў і сказаў, нібы апраўдваючыся:

- У мяне сын.

- Вялікі?

- Як ты. Тэарэтычна магла б быць такая ж унучка, як Ліза. Толькі я з ім амаль не бачуся, - чамусьці дадаў ён.

- Вы разышліся з жонкаю мірна? - спытала Алеся.

- Мірней не бывае. Яна яшчэ пры мне... з адным з міністэрства... Потым выйшла за яго, а мне купілі кватэру, так што ўсе шчаслівыя.

- Сумна аднаму ў двух пакоях, - заўважыла яна.

- Нічога падобнага. Ды і ёсць у мяне жанчына... Праўда, у яе свае дзеці, свая кватэра...

Расказаў ён і абяцанае - як пазнае беларусаў на чужыне. Гандляр-украінец на базары паставіў ля тавару шыльду: «Цэ сліва, а не гарбуз!», - так і для мяне, расказваў Валодзін, зусім не абавязкова вешаць на лоб чалавеку цэтлік: «Цэ беларус, а не немец». Само сабою, акцэнт, умеюць загараць без сонца, купаюцца ў халодай вадзе, замест цішыні і адзіноты выбіраюць кампаніі... Беларускія мужчыны заўсёды ходяць у шкарпэтках, няважна, што на нагах - сланцы, сандалі, затое педзікюршы сцвярджаюць, што ў беларускіх мужчын самыя дагледжаныя ступні ў свеце. Гэта Валодзін, чалавек кніжны, таксама вычытаў недзе.

Пасля ранішняга купання вяртаўся ён у катэджык бадзёры, памаладзелы. Падбягаў, махаючы хвастом, сабачка Лёва, якога Валодзін называў за вузкую выгнутую спіну - Шабля, і ён адгукваўся на Шаблю.

З суседзяў па дворыку быў адзін знаёмы, сівенькі дзядок Ісідаравіч з горада Луганска. Валодзін прыязджаў сюды ў трэці раз, а Ісідаравіч - роўна дваццаць гадоў, ніводнага сезона не прапусціўшы, спачатку з жонкаю, потым, калі жонка памерла, сам. Сяліўся ён заўсёды ў мазанцы, маленькай, ахайнай звонку і ўсярэдзіне, нават грубка мелася там на стылыя ночы. Ісідаравіч быў паэт раённага маштабу. Калі-небудзь яму ўдавалася зацягнуць Валодзіна да сябе ў мазанку. Стол ламаўся тады ад крымскіх прысмакаў, розных выпівак-закусак, а Валодзін вымушаны быў слухаць доўгія, бяскрайнія, як луганскі стэп, паэмы на ўкраінскай мове з яўрэйскім акцэнтам: «Ой ты рыдна матухна, ой, Украйна моя!» Канчалася тым, што асалавелы Валодзін бесцырымонна пазяхаў, глядзеў на гадзіннік, на палове радка падымаўся і паціскаў старому паэту-патрыёту руку:

- Ну што ж, жадаю бараніць сваю Украіну, як луганскі слёсар Клім!

Астатніх суседзяў Валодзін нікога не ведаў і сыходзіўся з імі спантанна. Літовец Стась - Станіславас, аскет, педант, усё ў яго было раскладзена па секундах, па ўсім відаць, што чалавек прыехаў не валяцца на санцапёку, а папраўляць арганізм, рамонт яму даць, як механізм рамантуюць. Валодзін паднапружыўся, успомніў некалькі слоў па-літоўску і пры кожнай сустрэчы са Стасем ветліва паведамляў: «Maлоні юс матыці» (рады вас бачыць) і «Герос накціес» (добрай ночы). Сімпатычны здаравяк-літовец пасміхаўся і асцярожна паціскаў Валодзіну руку вышэй локця.

Была яшчэ адна мадам з Расіі, з Пецярбурга, якую ніхто ў дворыку не любіў за фанабэрыстасць, і яна нікога не любіла, ні з кім не віталася. Валодзін падыгрываў ёй - ах, вы з культурнай сталіцы, з горада на Няве, і яна адтайвала, ператваралася ў мілую рускую кабецінку і даверліва расказвала, што ў яе праблемы з нявесткаю, сын моцна п'е ў Башкірыі, што сама яна не з Пецярбурга - з прыгарада, і ледзь сабрала за два гады грошы на адпачынак, бо здароўе ўжо ніякае.

Дзве бабулькі-харкаўчанкі - жылі ў Валодзіна за сцяною, прыехалі сюды на тыдзень у складчыну, займаліся тым, што цэлымі днямі варылі на кухні боршч і пасля елі яго на тэрасе, весела і часта пастукваючы лыжкамі. Валодзін ні разу не бачыў іх каля мора, ды яны хутчэй за ўсё ні разу да таго мора і не схадзілі.

І многа было перакаці-поля - на ўласным транспарце, з Украіны, Расіі, Беларусі; гналіся за пагодай-прыродай, а знаходзілі, як правіла, толькі прыгоды: то ў іх лопаліся шыны, то абкрадалі іх, то ўсчыналіся між імі сваркі: «Ты ж абяцаў сонца - і дзе яно?!» Праз пару сутак яны зрываліся з месца і несліся ў пошуках лепшай долі.

Валодзін бачыў і чуў такое, калі хадзіў абедаць у суседні двор, да татаркі - вялізны дом, трохпавярховы, з балконамі, двор нашпігаваны таўстазадымі джыпістымі, нісаністымі, міцубістымі машынамі... Зрэшты, нічым яны не заміналі Валодзіну.

Маленькую сталавальню накрываў цень вінаградніку, на тушаную бараніну зляталіся мухі, але ўсё адно было прыемна, і смачна, і смешна, калі старая татарка пытала: «Вам насыпаць боршч?» - «Насыпайце», - адказваў Валодзін. Пасярод двара выклалі з рознакаляровых каменьчыкаў і напоўнілі вадой басейнік, у якім жыла чарапаха з маленькай дачкою; дачка любіла залазіць маці на спіну і так грэлася. Дзеці кармілі іх каўбасою і кавалачкамі сала, і чарапахі ахвотна гэта глыталі.

Пасля абеду зноў быў пляж, але цяпер пад навесікам, у цяньку - ведаў Валодзін з горкага вопыту, што ў верасні можна згарэць горш, чым летам. І зноў ён бачыў на пляжы знаёмы парасон, і хоць на кароткі час сустракаўся з Алесяю і з Лізкаю, зноў бяскрыўдна жартаваў: «Дык як наконт курортнага рамана, зямлячка?» - на што Алеся толькі пасміхалася, акурат як літовец, якому Валодзін жадаў добрай ночы сонечным ранкам.

Падвечар Валодзін выпраўляўся ў няспешную прагулянку па набярэжнай. За бетоннымі агароджамі, за драцянымі сеткамі хаваліся ў раскошнай зеляніне дамы адпачынку, прафілакторыі, санаторыі са сваімі басейнамі, кінатэатрамі, аддзяленнямі пошты, газетнымі кіёскамі і, канечне, самымі рознымі экзатычнымі кавярнямі. Можна было звярнуць туды і палюбавацца кветкамі і дрэвамі, а можна проста крочыць па набярэжнай, мінаючы адзін за другім гэтыя астраўкі цывілізацыі, і вось яны канчаліся і пачыналіся зараснікі карагачу - крымскай дробнай жоўтай акацыі, якая ўжо асыпаецца і лісце па-восеньску шарахціць пад нагамі. Яшчэ далей - лясок лістоўніц, дзе востра пахне смалой і беларускімі соснамі, і абапал дарогі - у чалавечы рост зараснікі такога падобнага на валошкі блакітна-кветкавага цыкорыя. А яшчэ пасля ўсё канчалася і адкрываўся голы стэп - удалечыні толькі тырчэў напалову раскапаны скіфскі курган.

Стэп... Поўнае бязлюддзе. Голы, як дрот, кавыль звініць на ветры. Вецер налятае парывамі і даволі моцны, трывожны сваёй першабытнай чужой дзікасцю. Адзінокі конь-крымчак з гіканнем, з паднятай грываю носіцца туды-сюды, ловячы гэты вецер, падбрыквае, падкідвае зад... Паспрабуй апыніся ў такога на дарозе!

І калі Валодзін стаяў на высокім абрыве - ззаду стэп, наперадзе -марскі прастор, чырвонае сонца апускаецца ў сіняе мора, калі прагна дыхаў гаркавым ад кавылю і ёду паветрам, яму здавалася, што ён адчувае гэтае паветра фізічна, як бы знаходзіцца ў лёгкай празрыстай вадкасці, і тады яму хацелася пазбавіцца ад адзення, быць цалкам голым, каб убіраць гэтае паветра не толькі лёгкімі, але і кожнай клетачкай цела...

Гэтыя прагулянкі - адаптацыя, адзінота, экзотыка - з аднаго боку прыносілі Валодзіну ціхае, заміранае, проста дзіцячае пачуццё гармоніі, адчуванне, што ты гаспадар свайго цела, сваіх думак і нават свайго настрою (напрыклад, ён мог загадаць сабе светла пасумаваць, а мог пераключыць рычажок на беспрычынную радасць), а з другога - ён пачынаў разумець, наколькі мізэрны чалавек перад маўклівай веліччу прыроды; вось яна, прырода, і ёсць сапраўднае, галоўнае, вечнае, а хвалёны чалавек усяго толькі часовы фон да яе, пераменлівая дэкарацыя, лісце на дрэве жыцця - зялёнае ў маладосці, жоўтае ў старасці... Счэзне і асыплецца, а гэтае сонца, мора, стэп як жылі, так і будуць жыць...

Гармонія знікала познім вечарам, калі Валодзін клаўся спаць. З кожнай другой кавярні з набярэжнай неслася: «Молодос-ц-ц моя, Белорус-с-сыя!», лезла ў вушы, накручвала нервы... І ўспамінаўся Валодзіну лес, грыбнік у навушніках і з мабільным тэлефонам, які шукае грыбы і адначасова паведамляе сябру пра кожны свой крок, або рыбалка - аднойчы раніцаю ў прыцемках, перабіўшы камарыны звон, салаўёў і пеўняў, з адчыненых дзверцаў машыны разанула магнітола.

Валодзін зларадна затыкаў спецыяльнымі штучкамі вушы, сумна сам сабе пасміхаўся. Ён, як, зрэшты, і многія з нас, любіў сваіх землякоў дома і не надта мілаваў на чужыне. Выключэнне было толькі для жаночага полу, тут ён вымушаны быў прызнаць, што беларускі самыя лепшыя ў свеце, прынамсі, знешне; тым больш яму было гэта лёгка рабіць, бо ён і не ведаў іншых жанчын, акрамя беларусак.

ІІ

Быў цёплы сонечны ранак. Сонна накатвалі на бераг лагодныя хвалі. Алеся сядзела пад утыркнутым наўскасяк парасонам. Валодзін на жываце ляжаў побач. Ён толькі што пакупаўся, заплываў са сваёй бутэлькай далёка, каб набраць чысцейшай вады, і цяпер змочаныя салёнай вадой яго валасы тапырыліся, як у дзікабраза. Непадалёк прысела на кукішкі Лізка і засяроджана стукала каменем аб камень: тут-тук-тук... Гэта быў самы чутны гук на пакуль малалюдным пляжы - маленькае курортнае мястэчка прачыналася позна нават для такога пагоднага вераснёвага ранку.

Заўтра Алеся з малой ад'язджалі, і Валодзін філасофстваваў на гэтую тэму.

- ...Вось так заўсёды: сустрэліся, пазнаёміліся, развітваемся - лёгка, весела, нібы ў нас у запасе вечнасць, - ціха казаў ён, лежачы на жываце, перасыпаючы з далоні ў далонь цёплы залаты пясок. - А між тым лёс, калі зводзіць людзей, дык напэўна ж дае ім шанс на нешта большае, чым «добры дзень» - «да пабачэння». Зрэшты, усе мы ў гэтым жыцці пасажыры, едзем у цягніку з надпісамі на вагонах: нараджэнне - жыццё - смерць, і ніхто не ведае, у якую хвіліну можа пастукаць праваднік. Не арыгінальна? А што цяпер арыгінальнае? Чалавецтва пачынае паўтарацца, безнадзейна прабуксоўваць, і гэта наводзіць на самыя сумныя перспектывы. Мы ж павінны калі не быць, дык хоць бы старацца быць разумнейшымі за тых, хто жыў да нас. А мы як думаем? - а-а, не мы першыя, не мы апошнія... І па звычцы заўсёды рыхтуемся да горшага. А раптам магчыма лепшае? Мы гэтага не ведаем, і не памыляемся толькі таму, што не шукаем...

Валодзін гаварыў з тым задавальненнем, з якім адзінокія людзі, напаўшы на ўдзячнага слухача, даюць нарэшце волю языку. Ён нёс розную лухту, банальныя прапісныя ісціны, і выдатна ведаў гэта. Але яна слухала так уважліва, сур'ёзна, з адабрэннем кожнага яго слова, і Валодзіну ўсё больш пачынала здавацца, што яна разумее яго і што ён сапраўды гаворыць па тэме.

Мабыць, да сустрэчы з ім добрая каша была ў яе ў галаве, а цяпер яна паступова прымае яго бачанне, яго светапогляд, прычым з падзякай, з гатоўнасцю быць на другой ролі, ахвотна прызнаючы яго верхавенства.

«А добра, што яна замужам, - думаў Валодзін, ідучы з пляжа на сняданак. - А то сапраўды давялося б раман закручваць - во дзе было б!..»

Увечары яны зноў убачыліся. Сядзелі ў кавярні на набярэжнай, запівалі віном гарачыя шашлыкі, любаваліся прыродай. Валодзін трымаў на каленях малую Лізку. Вечаровае сонца, белыя чайкі, зялёныя абрысы скал, спакойная сінеча мора, лірыка пачатку восені, светлы сум адлятаючага лета...

Валодзін размяк ад віна, ад мяса, ад прыгожага краявіду, ад маладой жанчыны побач, і пацягнула яго на ўспаміны.

- Як шкада, што мы нікуды не з'ездзілі. У Судак, Феадосію, у тую ж Ялту...

Ён расказаў, як даўно, яшчэ студэнтам, упершыню патрапіў у Ялту, з грашыма толькі на зваротны білет і на маленькую порцыю пяльменяў у суткі, наіўна думаючы, што пераб'ецца адной экзотыкай і святым духам. Начаваў абы-дзе: на лаўках, на пляжы і на асфальце, які ўночы астываў да мінуса, а ўдзень Валодзін бадзяўся каля шашлычных, і кружылася галава ад паху, а музыка іграла, а людзі гулялі і куплялі што хацелі... І ён даў сабе слова прыехаць сюды калі-небудзь іншым чалавекам, не затурканым галодным звярком, а такім, як яны, гаспадаром жыцця...

- Спраўдзілася жаданне, - сказала Алеся.

- Прыехаў. У Ялце пабываў. І ўбачыў не свой ранейшы горад, а цяперашні - раскошны, мільянерскі... Я падрос і Ялта падрасла. І аказалася, нямнога ж я дасягнуў у параўнанні з тым студэнцікам, і лепш бы я хваліўся не тым, што чалавек кніжны, а тым, што пры грашах: беднасць, канечне, не загана, але звычайнае свінства...

Апускалася сонца і ляжала ад яго праз усё мора на спакойнай вадзе шырокая паласа, дрыжэла і пералівалася; колер імпрэсіяністаў - прыкладна як бэзавае накласці на залацістае.

- І я зразумеў: не трэба ні за чым гнацца, усё роўна не здагоніш (казаў Валодзін адваротнае сваім ранішнім словам), і калі і выбірацца ў розныя падарожжы-вандроўкі, дык таму, каб лепш разумець каштоўнасць свайго, яшчэ больш цаніць тое, што маеш, што пад носам...

Тут Валодзін з Алесяю заўважылі, што малая Лізка, ашчаперыўшы яго за шыю, спіць, як кацяня. Так ён яе - жывую, цёплую, і данёс да самага дома, а там асцярожна перадаў маці. Алеся панесла яе ў дом, а ён застаўся чакаць.

Як хутка, раптоўна цямнее на поўдні! З нічога згусцілася ноч, цёмная, шчыльная, працягні руку - памацаць можна. Над галавой на небе буйныя, з кулак, зоркі незвычайнай яркасці, а побач праз плоцік на клумбе такія ж буйныя белыя кветкі дурнап'яну, якія распускаюцца толькі пад ноч. Ад іх паху адразу забалела галава. Вельмі душна было. На вулічных слупах загарэліся ліхтары, і цемра крыху адступіла. Выйшла Алеся.

- Спіць...

Яны няспешна пайшлі назад да мора. Упершыню яны засталіся ўдваіх.

Валодзін бачыў - не так бачыў, як адчуваў, што Алеся таксама хоча пагаварыць, нешта сказаць яму. Але ніяк не мог спыніцца.

- Вось... Значыць, едзеш... Значыць, так мы і не патрапілі ў Ялту... Шкада. Ялта - горад Багдановіча і Чэхава. Памятаеш Чэхава?

- Каго-каго? - яна няўцямна зірнула на яго. - Чэхава?! - і засмяялася.

- Ну, дык і я ж пра тое! Піша - стаяць з малаточкам за дзвярамі кожнага шчаслівага і стукам нагадваць, што ёсць няшчасныя. З малаточкам... Шчаслівых наадварот - трэба аберагаць, раўняцца на іх, зайздросціць ім, а беды іх і без малаточкаў знойдуць! Ці - спяшайцеся рабіць дабро, пакуль маладыя. А якое дабро, што гэта такое - не сказана. Або вазьмі ты «Сабачку з дамаю». Ах ды ох, ён ірве на сабе валасы, яна ламае рукі, бо замужам, а ён жанаты. Калі б гэта пісаў не класік і каб не кідкая назва, - сярдзіта казаў Валодзін, - ніхто гэтага не чытаў бы і фільма не ставіў бы, бо ўвесь сэнс, уся рамантыка тут акурат у незавершанасці. А вазьмі звядзі іх, пажані, ды яшчэ перанясі ў наш час, у цяперашні свет - яны праз гадзіну завыюць... Класікі. Да сарака гадоў ледзь дажывалі... Не - калі ты геній, дык навучы мяне, як спакайней і даўжэй пражыць - тады я паверу ў тваю геніяльнасць!.. Так жа? Ты згодная?

Яны зайшлі на пірс, дайшлі да самага краю. Справа і злева, і спераду жыло, шумела мора, а ззаду, з набярэжнай падала на пірс святло, і калі Алеся папраў-ляла валасы, бліснуў пярсцёнак.

- Дзякуй табе...

- За што?

- Што ходзіш са мной, расказваеш... Ніколі ў жыцці такіх разумных людзей не бачыла... І добрых.

Яму стала і прыемна, і крыху сорамна. Ён балбатаў ад няма чаго рабіць, для ўласнага задавальнення, а яна, відаць, успрымала ўсё ўсур'ёз. А ён... «Закруцім раман»... Нічога ёй не падараваў, нікуды не звазіў... Нават не паслухаў яе толкам. І яму захацелася неяк выправіцца, хоць бы сказаць ёй прыемнае слова.

- Ведаеш, Алеся, калі б ты не была замужняя...

- Замужняя? - перапытала яна. - Вось цана гэтаму замуству, - сцягнула з пальца пярсцёнак і кінула ў ваду з пірса. Валодзін ахнуў, інстынктыўна памкнуўся ўслед, каб падхапіць, і ледзь не зваліўся. Яна, смеючыся, падтрымала яго.

- Кідаюць манеткі, каб вярнуцца, вось і я нешта кінула. Няма ў мяне ніякага мужа. І не было ніколі...

Дык вось што яна насіла ў сабе ўвесь час, вось у чым парывалася прызнацца яму цэлы вечар! Зрэшты, уся яе гісторыя ўклалася ў некалькі сказаў. Яшчэ ў школе пакахала жанатага, зацяжарыла ад яго. Ён не развёўся, яна нарадзіла Лізку. Можаш уявіць, Валодзін, як жыць у адным мястэчку, хадзіць па адных вуліцах, працаваць у магазіне - заўсёды на чужых вачах, ледзь не штодня бачыць яго, жонку яго... І вырвацца нікуды і ніяк.

Яна расказвала проста, даверліва, як вельмі блізкаму чалавеку. Валодзін разгублена памаўчаў, потым спытаў:

- Пярсцёнак чаго купляла?

- Сама не ведаю... Каб менш чапляліся. Ну, што, хадзем, за малую баюся... Правядзеш мяне? - узяла яго пад руку.

І пакуль яны ішлі, усё імгненна прадумаў і зразумеў Валодзін.

- Слухай, Алеся... Табе трэба ратавацца - гэта ясна! Слухай: вось калі б - ну так, проста дапусцім - калі б знайшоўся чалавек, старэйшы за цябе, у Мінску... Не я, іншы! І прапанаваў табе... Забраў цябе з дачкою ў Мінск. Ён бы атрымаў маладую прыгожую добрую жонку, пэўны аўтарытэт, сямейную ўтульнасць, яна - у сэнсе ты - сталічную рэгістрацыю і выграбанне з пекла... Але галоўнае, у кожнага ў любы час поўная воля разбегчыся! Як бы кантракт. Ніхто ні з кім нічым не звязаны. Само сабой, той чалавек не пара табе, стары, буркатлівы, са сваімі звычкамі... Праўда, не злы. Калі б такі чалавек знайшоўся - пайшла б?

Яна нічога не адказала, толькі мацней сціснула яму пальцы. І Валодзін зразумеў: не проста пайшла - пабегла б.

На доўгай вуліцы толькі на двух слупах гарэлі ліхтары, у пачатку і ў канцы, а пасярэдзіне было цёмна. Валодзін з Алесяю якраз праходзілі цёмны адрэзак.

«Ну, давай! - загадваў сабе Валодзін. - Збярыся! Скажы, што гэты чалавек перад табой, гэта я, яна чакае гэтага!..»

Але Валодзін збіраўся-збіраўся, разяўляў-разяўляў рот, набіраў-набіраў у грудзі паветра - ды так нічога і не сказаў. Хай мо заўтра, яшчэ ж будзе заўтра...

Выйшлі да святла, да Алесінага дома. Развіталіся.

- Прыйдзеш нас правесці? - спытала яна звычайным голасам, у якім не было ні расчаравання, ні крыўды.

- Пытаеш - канечне!..

Нездарма так парыла. Сярэдначы пачаўся лівень і пляжыў да раніцы, з громам, з белымі маланкамі - іх відаць было нават праз заплюшчаныя вочы. Валодзін не спаў і чуў, як зусім блізка стогне, рвецца, бухае мора, як гуляе па двары вецер і трашчыць пад акном старое арэхавае дрэва. Страшнавата было яму, кантынентальнаму чалавеку, у чаканні, што вось-вось вецер падыме і панясе гэты катэджык разам з табою ў белы свет...

Раніца сустрэла яго пахмурнай, ветранай няўтульнасцю. На двары стаялі калюжыны, клумбы з кветкамі былі здратаваныя з мокрай зямлёй. Адламалася і ляжала на зямлі вялікая галіна арэха з няспелымі пладамі.

Валодзін прыйшоў акурат да маршруткі, а на прыпынку яму сказалі, што дама з малой паехалі таксоўкай! Ён і не падумаў, што маршруткай на цягнік не паспяваеш. Спачатку таксама быў кінуўся да прыватнікаў-таксістаў... Потым (трус, трус беларус) махнуў рукой і марудна пайшоў да мора.

Як прыкра атрымалася! І разам з тым у душы была невялічкая палёгка, бо за ноч ён так і не вырашыў, што скажа.

На пляжы пасля начнога шторму ўсё было амаль як у першы дзень яго прыезду. Нізкія хмары, крыкі чаек, халоднае агрэсіўнае мора, шумны накат хваляў з жоўтай пенай... Падышоў малады армянін, з дакорам зірнуў на Валодзіна, прамовіў ледзь не са слязьмі ў голасе:

- Абыдно! - і зразумела было, што ён хацеў гэтым сказаць - так чакаў цёплага мора, сонца, так пра гэта марыў, дабіраўся - і вось табе маеш.

Крыўдна было і Валодзіну, толькі з іншай прычыны. І хто яго ўчора цягнуў за язык? Навошта даў чалавеку надзею? Вось ужо сапраўды, чым старэй, тым дурней...

Так - старэй! Так - мала жыцця засталося, і чым бліжэй да канца, тым больш бесталковае яно; дык ці варта так ужо за яго чапляцца, любой цаной падаўжаць яшчэ на якіх пару паршывых гадоў? Гэта ж так проста: ахвяруй хоць астаткамі яго для кагосьці, пасунься, падзяліся - табе ж самому лепш стане, сэнс ва ўсім з'явіцца, вечную шклянку вады будзе каму падаць і паміраць не так страшна будзе.

Мо і праўда? Паехаць у тое мястэчка... Зрабіць добрую справу... Памагчы чалавеку, нават двум... Для цябе гэта ніякая не ахвяра, ці вельмі малая ахвяра, а для Алесі з малой - шчасце, ратунак. Што ён губляе? Сваю гэтак званую свабоду?

Не факт, што пагодзіцца, - чапляўся Валодзін за саломіну, але не ратавала яна. Яшчэ і як пагодзіцца. Не для сябе, дык дзеля малой.

Праз дзесяць гадоў яму стукне шэсцьдзясят, ёй трыццаць. Вясёленькая ж будзе ў іх сямейка! Дык добра, калі дзесяць гадоў - ого! - а хутчэй за ўсё месяцаў дзесяць... І потым - каму ён што павінен? Мала яго жыццё вучыла? Мала ён аддаў здароўя і сілы, каб набыць спакой і душэўную раўнавагу - самыя большыя ў свеце каштоўнасці?

Ну, не! Жывіце, дарагія, як знаеце, без мяне, я са сваёй шкарлупкі ў ваш свет не вылезу, надта добра ён мне знаёмы!..

Так Валодзін думаў. А спакою ўжо не было, штосьці смактала, і ніяк не можна было, як раней, пераключыць у сабе рычажок на ціхую эгаістычную радасць ад простага існавання.

І яшчэ ён заўважыў, што неяк асабліва пільна ўзіраецца ў мокры пясок пад нагамі, спадзеючыся ўбачыць там залаты бляск.

Пра новае ў пушчу вяртанне.

polymja.lim.by
 
« Папяр.   Наст. »
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 1804
mod_vvisit_counter Учора 1602
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 8636
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 52309