Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 
Брама сайта arrow АДВЕЧНАЕ arrow Асоба arrow Чалавек прыгожы. Асцісты шлях у філасофіі прафесара М.І.Крукоўскага. Да 90-годдзя з дня нараджэння

Чалавек прыгожы. Асцісты шлях у філасофіі прафесара М.І.Крукоўскага. Да 90-годдзя з дня нараджэння Друк E-mail
31.01.2014 | 22:21 |

М.І.КрукоўскіСпецыяльны даклад на міжнароднай навуковай канферэнцыі “Доўгінаўскія чытанні IV”  – “Тэндэнцыі духоўнага і маральнага развіцця сучаснага грамадства”.  Мінск 16 –17 мая 2013 года. 

Васіль Якавенка, пісьменнік | На фота: М.І.Крукоўскі

Кожны чалавек  здольны  бачыць і так ці інакш  аналізаваць навакольны свет, а калі яшчэ болей – ткаць сабе светапогляд, філасофстваваць. Адно не ўсе ад нараджэння філосафы. 

Мікола Крукоўскі, будучы дасціпным вясковым юнаком з прышчэпаўскага хутара блізу вёскі Машкова, меў шмат інтарэсаў і хвацкі іграў на мандаліне,   спяваў, удзельнічаў у аглядах мастацкай самадзейнасці; не без падстаў яны разам з бацькам падумвалі аб набыцці скрыпкі.   Скончыўшы  дзесяцігодку ў Оршы, аднак паспрабаваў  шчасця на іспытах у Маскоўскі авіяцыйны інжынерны інстытут. Не ўдалося тады    паказаць добрыя веды ў матэматыцы. Вярнуўся ў Оршу, куды  крыху раней  пераехалі   на сталае жыхарства і бацькі. Без іспытаў прынялі   яго   у Віцебскі ветэрынарны інстытут. Год правучыўся, калі пачалася вайна. Пайшоў дабравольцам на фронт.  У стралковым палку пад Смаленскам быў прызначаны камандзірам аддзялення. Полк наспех праходзіў фарміраванне, байцы – армейскую падрыхтоўку, –   адпрацоўвалі лоўкасць і спрыт  на спартыўных спарудах,   пераадольвалі адлегласці крокам і бегма;   на прывалах, калі яны надараліся, наш музыка нястомна іграў на прыхопленай з дому  мандаліне, разганяючы   маркоту байцоў.

Церабіўся па гаях і  пагорках кастрычнік сорак першага. Маладыя, як ён, байцы  яшчэ ў смак  не паваявалі, калі іх палкі і дывізіі патрапілі ў акружэнне – гітлераўцы наладзілі  гэтак званы Вяземскі   кацёл, смяртэльна пагрозлівы  для кожнага. Тройчы Мікалай Крукоўскі са сваімі байцамі спрабаваў уцячы з замкнёнай аграмаднай пасткі  – не ўдалося.  Захопнікі адабралі маладых ваеннапалонных, з якімі быў і ён, пагрузілі ў таварныя вагоны і пад аховай павезлі на захад, у Нямеччыну.   Толькі  ж праворнаму і хуткаму ваяру Міколу недзе ўжо за Смалявічамі цёмнай ноччу ўдалося саскочыць на хаду цягніка.  Пабіўся, але – у сваім целе,  бадзяючыся па ціхіх вясковых мясцінах,   вярнуўся ў Оршу, у бацькоўскі дом, дзе заставаліся ўжо адныя  дзядуля з бабуляй;   бацька Ігнат Крукоўскі – на фронце, маці-настаўніца Марыя Мікалаеўна разам са сваёй школай падалася ў эвакуацыю, на усход.

Хлопец хаваўся ад немцаў, але нядоўга.  Паклікалі яго партызаны. І на гэты раз, пакідаючы  дом, ён прыхапіў з сабой у заплечнік разам з іншымі неабходнымі рэчамі томік Гегеля,  даволі вядомага ў свеце мысляра –  дарэчы, у трыццатыя гады ў СССР былі выдадзены 15 тамоў яго сачыненняў. І чытаў-пачытваў, калі выдавалася вольная хвіліна, спрабаваў дайсці да сэнсу сэнсаў самого жыцця,  культуры. Але ж, людцы ў сведкі,  чыста  мыслярская грамата давалася нялёгка. Былі,  праўда, мясціны, пададзеныя як бы простаю мовай. Тады штосьці адкладвалася ў памяці… Пра вайну дык наогул дзіўнае: “…высокое значение войны состоит в том, что благодаря ей  […]  сохраняется нравственное здоровье народов, их безразличие к застыванию  конечных определенностей; подобно тому, как движение ветров не дает озеру загнивать, что с ним непременно случилось бы при продолжительном безветрии, так и война предохраняет народы от гниения, которое непременно явилось бы следствием продолжительного, а тем паче вечного мира”.  […] В мирное время гражданская жизнь расширяется, все сферы располагаются на постоянное жительство, и, в конце концов, люди засасываются болотом, их частные особенности все более и более упрочиваются и закостеневают. Но здоровье предполагает единство тела, и, когда части затвердевают внутри себя, наступает смерть».

Цікаўны  хлопец  партызан Крукоўскі не мог не мог не запыніць позірку на   радках з вызначэннем  грамады, дакладней грамадзянскай супольнасці як прамежкавага звяна  паміж сям’ёй і дзяржавай. У выпадку, калі такая супольнасць  складваецца, кожны пачувае сябе асобай і… “каждый для себя  – цель, все другие суть для него ничто. Но без соотношения с другими он не может достигнуть объема своих целей; эти другие суть потому средства для целей особенного. Но особенная цель посредством соотношения с другими дает себе форму всеобщности и удовлетворяет себя, удовлетворяя вместе с тем благо других”. Адсюль было недалёка і да думкі, што грамадзянская супольнасць робіць дзяржаву жыццядзейнай, жыццядайнай  і моцнай.

Кніга Гегеля, адчуваў на той момант малады чалавек, здольная   была адточваць уяўленне, паглыбляць   разуменне самога прадмета навукі, пашыраць гарызонты мыслення… Аднак  у тым асяродку лясных ваяроў яму было не да кніг, дый разам з высокім, як гэта нярэдка бывае, мяжуе смешнае. Таму, калі Мікола  асвойваў Гегеля з самага пачатку – ад тытульнага ліста, то ягоныя паплечнікі – з другога боку, – адціналі лісты і хавалі ў кішэні,  скручвалі цыгаркі. Ці мог тады М.Крукоўскі падумаць, што па прычыне сваёй празорлівасці Гегель праз каторы час  стане асноўным падмуркам ягоных навуковых  пошукаў, даследчых прац  і дасягненняў?

У партызанах падчас адной з варожых блакад і сутычак з ворагам, а ён тады ўжо  быў начальнікам штаба атрада   “Малады бальшавік”, куля прашыла яму кісць левай  рукі, пашкодзіўшы сухажылле;  рана зажыла, але ў далейшых  сваіх разліках на мірны лад жыцця чалавек  павінен быў конча  развітацца з  думкамі-летуценнямі  пра набыццё скрыпкі і музыку… Гэтую спазнаную ім у юначым узросце мілагучную  стыхію,  яе  далейшае спасціжэнне, ён пакіне ўжо сваім дзецям.

Фронт  між тым каціўся крывавым валам на захад.  У 1945 годзе, пасля Перамогі,  М.Крукоўскі паступіў вучыцца ў Белдзяржуніверсітэт, на філфак; там ён атрымліваў купалаўскую стыпендыю.  Універсітэт скончыў з чырвоным дыпломам. І зноў жа адметны  акцэнт: будучы філолагам,    тэму   сваёй дыпломнай работы выбраў памежкавую: “Ленинская теория отражения как философская основа эстетики социалистического реализма”. Абараніў дыпломную і універсітэт скончыў з годнасцю.  Тады ж на душэўным уздыме паслаў тэкст свайго сачынення, багатага   навацыямі, у  маскоўскі часопіс “Вопрсы философии”, а таксама папулярнаму   пісьменніку А.Фадзееву, старшыні Саюза пісьменнікаў СССР, які ў публічнай дыскусіі пра сацрэалізм у тым часе разглядаў яго як спалучэнне звычайнага рэалізму і рамантызму. У сваёй працы М.Крукоўскі  быў блізкі да гэтых разважанняў і падтрымліваў іх.  Толькі ж філасофскі часопіс, адказваючы  аўтару, разнёс у пух і прах яго універсітэцкі навуковы  опус, а з боку Фадзеева аўтару адказаў літкансультант саюза пісьменнікаў І.Ляжнёў; ягоны ліст  быў мякчэйшым, адно і ў ім утрымлівалася пагрозлівае па тым часе папярэджанне ў нейким невядомым  аўтару граху: “Чем скорее тов.Круковский освободится от влияния «рапповских» просветителей, тем для него будет здоровее».

Сталую працу для новенькага выпускніка  БДУ  “падабраў”   вядомы  пісьменнік Кандрат Крапіва.   Ацаніўшы падрыхтоўку і здольнасці да навукі гэтага абстралянага   вайной хлопца, ён дапамог яму ўладкавацца  ў Інстытут мовазнаўства АН БССР; таму і кандыдацкую дысертацыю   малады супрацоўнік  пісаў  па мове: «Рускі лексічны ўплыў на сучасную беларускую літаратурную мову» (1956).  Аднак  праз колькі гадоў  Мікалай Ігнатавіч рашуча адмовіцца ад  прапановы  свайго інстытута працягваць гэтую тэму – пісаць  доктарскую пра   ўзаемадзеянне блізкароднасных моў падчас развітога сацыялізму. Тэма падалася яму  празмерна   палітызаванай для сур’ёзнага даследавання.  Наогул яму, небараку,  здавалася ўжо,  што ён пасеяў расаду не ў сваім агародзе. Таму, каб скарэктыраваць напрамак сваіх навуковых задум, пачаў стала  займацца эстэтыкай і філасофіяй  ды ў 1963 годзе перайшоў  наогул на працу  ў БДУ на кафедру гісторыі філасофіі, логікі і эстэтыкі, якой тады загадваў праф. І.М.Лушчыцкі, –  чытаў студэнтам асобныя курсы па эстэтыцы, сацыялогіі мастацтва і тэорыі мастацкай культуры.

Праца  была жывою і як ніколі плённаю, чаму спрыяла і жонка Яўгенія Пятроўна,  па-дзявочы  Сапінская, гамяльчанка, з якой пабраліся   яшчэ будучы студэнтамі, ў 1946 годзе. Каханне і ўзаемапавага   спрыялі маладзёнам  у жыцці. Разам хадзілі ў кіно і тэатр, наведвалі тэатральную студыю ва універсітэце,  разам выходзілі на сцэну опернага тэатра – спявалі ў хоры і іншых масавых сцэнах. У Міколы   адмысловы  барытон, у Жэні – мецца-сапрана.

Сапінская ў сямейным жыцці і  працы аказалася больш спанатранаю ад яго, дабітною… Атрымаўшы дыплом журналісткі,  яна стала працаваць у газеце “Аўтазаводзец”, і там жа дамаглася выдзялення іх сям’і  аднапакаёвай кватэры. Потым, праўда,   пайшлі дзеці і  ў той кватэрцы зрабілася цесна, няўтульна; а яе чалавек Мікалай Ігнатавіч  акурат чытаў лекцыі студэнтам…  Угаворвала яго напісаць ліст Першаму сакратару ЦК КПБ П.Машэраву  з просьбай  уважліва  паставіцца да іхняга надзённага клопату  і выдзеліць з жыллёвых рэсурсаў горада для  партызанскай, лічыце,  сям’і Крукоўскіх большую кватэру. Пад той час, зазначым, дачка Пятра Міронавіча  Жэня – як і Сапінская – Жэня,    вясёлая сімпатычная дзяўчына,  была студэнткай  у Міколы Ігнатавіча, і цікаўны да ўсяго Машэраў праз яе, бадай, мог быць начуты пра паспяховага выкладчыка эстэтыкі ва універсітэце Крукоўскага. Аднак гэты  выкладчык Мікола ўсяляк ухіляўся ад разумнай прапановы жонкі.Тады яна сама склала ліст з хадайніцтвам і паслала ў ЦК КПБ.

Ці ведаў пра іх пільны клопат Машэраў ці – не, але  ж кватэру-двухпакаёўку маладая сям’я Крукоўскіх атрымала, і гаспадар Мікола цяпер ўпрыгожваў яе  уласнаручна намаляванымі нацюрмортамі, маляваў іх прафесійна; маляваць любіў  яшчэ з дзяцінства.

У 1965 годзе Мікола Ігнатавіч  надрукаваў манаграфію «Логіка прыгажосці», за якую, праўда,  усюдыісная “Литературная газета”, не доўга думаючы, адвесіла аплявуху аўтару: “С точки зрения лошади…”  Заголовок статьи… Гэта быў гратэск на манаграфію.  Застаючыся   на грунце    гегелеўскай метадалогіі,  як і  на  падмурку сваёй    універсітэцкай дыпломнай работы, прафесар М.Крукоўскі     прапанаваў новую на той час  сістэму асноўных эстэтычных катэгорый, прычым,  эстэтыку чалавекаўпершыню распрацоўваў з выхадам на прыроду жывога  і ў дыялектычным адзінстве духоўнай і фізічнай яго прыгажосці. (Філосафы таго часу  не надавалі належнай увагі фізічнай прыгажосці чалавека). Што праўда, грунтавалася  праца яшчэ і на структурна-функцыянальным падыходзе агульнай тэорыі сістэм.    Зусім новай     падавалася таксама  канцэпцыя развіцця мастацтва як гісторыі мастацкіх стыляў.  І ўсё-усё   як мае быць нітавалася   з гегелеўскай дыялектыкай  ды яшчэ канцэпцыяй цыклічнага развіцця культуры. А што да   прыярытэтаў, то апошняя – канцэпцыя цыклічнага развіцця – была прапанаваная Крукоўскім  адначасова і незалежна ад Шпенглера, Тойнбі і Сарокіна, тады яшчэ малавядомых савецкай навуцы.

У гэтай і іншых аўтарскіх працах  Мікалай Ігнатавіч,    апярэдзіўшы нават С.Хантынгтана,   паставіў  надзвычай  актуальную для філасофскага асэнсавання праблему ўзаемадзеяння розных культур.

Бадай, усё гэта, хіба   толькі больш сістэмна, разгледзеў ён і ў апошняй сваёёй манаграфіі «Бляск і трагедыя ідэалу», выдадзенай  у «Беларускім кнігазборы» у 2004 годзе.

Рэцэнзуючы “Бляск…” і ўбачыўшы за манаграфіяй Крукоўскага з’яву ў беларускай і еўрапейскай навуцы, прафесар культуралогіі Аляксей  Рагуля пісаў: “Характар філасофскай творчасці М.Крукоўскага можна азначыць паэтычнай формулай ранняга А.Куляшова:"пад кпіны аматараў лёгкае славы капаю рэчышча ўласнай ракі".

Але вернемся да першай   манаграфія М.Крукоўскга “Логіка прыгажосці”. Яна была   паспяхова абаронена на Вучоным Савеце БГУ як дысертацыя на ступень доктара філасофскіх навук. Аднак амбіцыйны ВАК – Усесаюзная атэстацыйная камісія (Масква) – грэбліва адвергла рашэнне прафесуры Белдзяржуніверсітэта. Не ўспрымаліся ВАКам ні наватарскія палажэнні, ні сама канцэпцыя прыгажосці, выкладзеная  беларускім  вучоным.

А ўсё ж Крукоўскі даказаў сваё.   Абараніўся  па той жа манаграфіі   у Маскоўскім універсітэце (1982). Туды на Вучоны Савет былі ўжо прадстаўлены   і тры новыя кнігі аўтара – усе па эстэтыцы,  а сярод іх і кніга – «Чалавек прыгожы», перакладзеная і выдадзеная  на кітайскай мове. Дамінавала ў кнізе думка пра складаны свет пачуццяў чалавека і іх магчымую гармонію: “Диалектическая противоположность  биологического и социального, телесного и духовного в человеке, однако, не случайно называется диалектической. Дело в том, что наряду с противоположностью  она представляет собой в то же время  и взаимно-неразрывное, целостное единство, стороны которого, несмотря на свою противоположность, не могут существовать самостоятельно, независимо одна от другой” (стар 29). Цяпер гэта ў нас здаецца даказаным…  Прафесар Крукоўскі тым самым ужо рабіў выхад на канцэпцыю цэласнасці, канцэпцыю фалізму ў філасофіі.

Новыя манаграфіі вучонага, дадаткова прадстаўленыя  ў Маскву, нават іх колькасць прыемна ўразілі Вучоны Савет Маскоўскага універсітэта.  Да таго ж, ведаючы пра маскоўскія клопаты  ў  абароне навуковых вяршыняў Міколам Крукоўскім  (былым начальнікам штаба) , туды, у МГУ, на высокае пасяджэнне  прабіўся  і ягоны паплечнік па партызанскім атрадзе, ужо сталы  масквіч Рыгор Нікалаенка, ліцейшчык-эксперыментатар, узмужнелы, але па-ранейшаму порсткі, сангвіністычнага складу чалавек. Папрасіў слова…

– Вы хто? – спыталіся ў яго.

– Сталевар, – адказае з годнасцю.

– А пра што, на якую тэму гаварыць жадаеце?

– Пра вайну, на партызанскую тэму…  Пра тое, што было пад Віцебскам...

Суцішылася заінтрыгаваная зала.  

–  Хачу паведаміць высокаму Вучонаму Савету, што я знаёмы з абаронцам дысертацыі “Логіка прыгажосці” з 1942 года, – пачаў дзіўны    госць, такі нечаканы ў прафесаркім акалотку: – Крукоўскі прыйшоў у наш   партызанскі атрад “Малады бальшавік” разам з філосафам Гегелем. Ён ужо тады ў хвіліны зацішша і спакою чытаў кнігу гэтага вялікага немца, а мы, такія ж як ён, партызаны,  стаялі ў чарзе да яго, каб адабраць чарговую прачытаную ім старонку ды  парваць на шматкі – так   мы помсцілі гітлераўцам, якія пайшлі на нас вайною. Зрэшты, помсцілі  не толькі так…  А вось у  Гегеля мы загортвали махорку, курили....  (Вясёлы пошум і смех запанавалі ў зале). На нашае шчасце, кніга  друкавалася  газетнай паперы. Таму ад яе неўзабаве  засталася толькі вокладка, цвёрдая, чорная,  з прыгожымі залатымі літарамі наверсе. Як надмагілле вялікаму немцу.

Пасаж удаўся. Выхад сталявара   уражваў… Вось і тут  дыялектыка. Вялікае і смешнае поруч.

Выступленне баявога друга сталявара Р.Нікалаенкі  перад вучонымі ўлагоджвала душу прафесара Крукоўскага, моцна  ўсхваляванага і ўзрушанага ходам абароны. Па партызанскім часе, дарэчы, ён ведаў Рыгора як майстра на ўсе рукі, калі надаралася якая патрэба, ён выступаў і цесляю, і бондарам,  і печніком…

 

Радавала   цяпер  Мікалая Ігнатавіча  і тое, што на абарону прыехала дачка Вольга, гэта ёй  беларускі мысляр перадаў сваю музычную мару  –  стала скрыпачкаю! А другая дачка, Наташа, зноў жа – музычны  крытык... Вучылася  ў Ленінградскай кансерваторыі. Здольная…  У сваёй дыпломнай працы пры заканчэнні кансерваторыі  адкрыла па-новаму  і дала новае жыццё   творчасці Мікалая Дылецкага, выдатнага музычнага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага, нарадзіўся ў Кіеве, вучыўся ў Вільні, яскравы след у тэорыі, у майстэрстве шматгалосых царкоўных спеваў пакінуў у Маскве. Піянерскую работу Наташы адзначыў акадэмік  У.В.Пратапопаў у сваім даследаванні па гісторыі рускіх царкоўных спеваў.

 …Пад час выступлення сталявара Вольга радасна і  шчасліва смяялася.

Выступіў галоўны апанент дысертацыі, строгі і ўходжаны мужчына сярэдняга веку:   

– Я быў і застануся апанентам гэтай навуковай працы. Гэта маё… Аднак я стаўлюся з павагай і да абаронцы дысертацыі прафесара Крукоўскага. Больш за тое, скажу: за апошнія 30 гадоў у нашым універсітэце гэта першая сапраўдная абарона. Так… Яна праходзіць  з адкрытай крытыкай і бліскучым парыраваннем заўваг эрудытам з Беларусі. А паглядзіце на ягоныя тоўстыя  кнігі. Гэта ж не тыя брашуркі, напісаныя,  да чарговага з’езду КПСС, да якіх мы прызвычаіліся. Паўтараю, гэта сапраўдная а-ба-ро-на!

Вядома,  абарона цяпер увянчалася поспехам. Пры галасаванні абаронца дысертацыі М.Крукоўскі не атрымаў ніводнага чорнага шара. А потым з лёгкай рукі МГУ дысертацыя прайшла і праз “ВАК”.

Аўтару гэтага нарыса пашанцавала  знайсці ў Ніжнім Ноўгарадзе вучня і паслядоўніка філасофскай школы Крукоўскага  – Мікалая Аляксандрава.   Вось што ён  піша:    «Что касается Прекрасного - здесь для меня высшим авторитетом остается наш общий друг Николай Игнатьевич. Он показал, что прекрасное есть такая фаза цикла развития эстетического процесса, в которой наблюдается уравновешенность крайних сторон противоречия. Гомеостатика, сохраняющая в себе остроту крайних проявлений. Впрочем, про это и моя "Эстетика"

У Беларусі пры пэўных спрыяльных умовах магла б скласціся свая арыгінальная  і жывая  філасофская школа, яна і складвалася… На думку прафесара А.Рагулі,  “Кніга "Бляск і трагедыя ідэалу" М.Крукоўскага засведчыла факт сталасці беларускай рэфлексіўнай філасофіі, яе здольнасць развіваць лепшыя традыцыі сусветнай філасофскай і эстэтычнай думкі з апорай на нацыянальны культурны вопыт”.  У Мінску, аднак, не ведаючы, пэўна, што робяць, школу прафесара М.Крукоўскага растапталі. У 1994 годзе Мікалая Ігнатавіча, нічога яму не тлумачачы,  наогул звольнілі з  універсітэта і ганебна  адправілі  на пенсію. Зразумела, у гэтым было прыкмета  цемрашальства, пакаралі за нежаданне падпарадкоўвацца русіфікацыі сваёй краіны, названай незалежнай, а калі больш канкрэтна – за ўпартае чытанне лекцый студэнтам на беларускай мове. Пазней, праўда,  вучонаму прапануюць  пасаду прафесара кафедры філасофіі  ў Беларускім інстытуце культуры і мастацтваў, і ўжо, працуючы там,   ён напіша яшчэ дзве манаграфіі: «Філасофія культуры (уводзіны ў тэарэтычную культуралогію)» і  тую  самую  – «Бляск і трагедыя ідэалу».

Неяк з выпадку высокага юбілею М.Крукоўскага – юбілей, зрэшты, паступова толькі набліжаўся, – да яго на кватэру завітаў мастак Віктар Барабанцаў, прыйшоў з мальбертам. Пасадзіўшы аброслага сівой барадой гаспадара   на фоне упарадкаваных шпалер  кніг, паміж пісьмовым сталом і  сямейным тэлескопам, унушальным  сваімі памерамі,   мастак пачаў наносіць алоўкам асноўныя рысы партрэта з натуры і адначасова вёў з гэтай натурай размову. Мастак выказаў меркаванне, што філасофскае даўгалецце прафесара, напэўна,  абумоўлена генамі, геннай памяццю роду…

– Не-е! – адразу адкінуў такое меркаванне Мікалай Ігнатавіч. – Тут справа ў іншым.  Шмат нагрузак даваў целу, займаўся спортам, паляваннем, рыбалкай.

Летам свой адпачынак мы праводзілі разам з сям’ёй у палатках, напнутых над возерам або ў лесе.    Я першым у Мінску набыў ласты для падводнага плавання і паказваў клас  на Мінскім моры і Нарачы. Ласты мне  прывёз з Масквы Алесь Адамовіч. Пазней ужо – у магазіне “Дынама” у Мінску – купіў паруснік, і, ведаеце, водамі  колькіх рэк і азёраў праплылі, асвоілі ўлонне ўсёй Беларусі з яе незвычайным хараством!

І яшчэ яскравы прыклад фізічных трэніровак Мікалая Ігнатавіча, пра які ён у гутарцы з мастаком не ўпамянуў. Калі дочкі былі малымі, іх на лета зазвычай адпраўлялі ў Оршу да бацькоў Міколы. Адно калі надаралася самім Мікалаю з жонкаю Жэней разам паехаць туды, ён купляў для яе квіток на аўтобус, а сам садзіўся на спартыўны веласіпед і ў адзін гон адольваў адлегласць у паўтары сотні кіламетраў за 10 гадзін.

Нягоды не зламалі філосафа. Позірк Мікалая Ігнатавіча пад сівымі кусцістымі бровамі захаваў сваю вастрыню яшчэ з таго часу, калі ён быў прыгожым і спраўным хлапцом. Цяпер гэты позірк, бадай,  крыху выцвілы, абмяжоўваецца прыжмурваннем – часам   вачэй амаль не відаць. Але ж менавіта з вачэй, як і ўвогуле з твару, бруяцца, ідуць, поўнячы бліжэйшую прастору,  цеплыня і спакой,  ветлівасць і прыгажосць.

 

 

 
« Папяр.   Наст. »

Каментар

Каб карыстацца гэтай формай Вы павінны мець наладжаны javascript...

Мікалай Ігнатавіч Крукоўскі гэта геніяльны еўрапейскі філосаф. Нажаль узровень нашай беларускай эліты не дазваляе ёй карыстацца ягонымі разумовымі набыткамі. Ягоныя працы -- гэта найвышэйшы ўзровень пазнання сучаснай рэчаіснасьці.

Напісаў мінак,
Дата 02/23/2014 Час 09:48

 1 
Старонка 1 з 1 ( 1 Каментар )

Каб пакінуць/прачытаць каментары - зарэгіструйцеся (залагіньцеся)
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 711
mod_vvisit_counter Учора 2422
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 10324
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 32755