Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 
Брама сайта arrow АДВЕЧНАЕ arrow Асоба arrow Памёр даследчык беларуска-нямецкіх сувязяў, літаратуразнаўца Уладзімір Сакалоўскі

Памёр даследчык беларуска-нямецкіх сувязяў, літаратуразнаўца Уладзімір Сакалоўскі Друк E-mail
20.06.2013 | 17:57 |
Уладзімір Сакалоўскі
Уладзімір Сакалоўскі
Сёння, 20 чэрвеня, у Менску на 83-м годзе жыцця памёр кандыдат філалагічных навук, навуковец, літаратуразнавец, даследчык беларуска-нямецкіх сувязяў Уладзімір Сакалоўскі.

Пра беларускага пісьменніка і перакладчыка Уладзіміра Сакалоўскага прафесар Адам Мальдзіс неяк сказаў: "Я не ўяўляю сабе беларуска-нямецкія грамадска-культурныя, асабліва літаратурныя сувязі без прац Уладзіміра Сакалоўскага. Ён адкрыў многія іх факты, сістэматызаваў і абагульніў".

Да гэтых слоў я хачу яшчэ дадаць, што цяпер, калі яго не стала, не магу ўявіць Слонімшчыну без майго старэйшага сябра, земляка, таленавітага чалавека.

Пазнаёміўся я з Уладзімірам Лявонцьевічам Сакалоўскім дзесьці ў сярэдзіне 1980-х гадоў. Тады якраз з друку выйшлі дзве яго арыгінальныя кнігі, якія адразу зрабілі даследчыка літаратуры вядомым і кампетэнтным знаўцам у галіне перакладу і нямецка-беларускіх сувязяў. Гэта былі кнігі "Пара станаўлення" і "Беларуская літаратура ў ГДР". Гэтыя кнігі літаратуразнавец мне даслаў у Слонім, і я пра іх напісаў добрыя словы ў мясцовым друку. Так мы пасябравалі. І калі ён бываў на роднай Слонімшчыне, ніколі не мінаў маёй хаты, бо нам заўсёды было пра што пагутарыць.

Родам Уладзімір Сакалоўскі са слонімскай вёскі Мяльканавічы, дзе нарадзіўся 10 снежня 1930 года.

Бацька яго Лявонцій Аляксеевіч на вёсцы быў даволі адукаваным чалавекам. Ён у свой час скончыў гімназію і некалькі курсаў Варшаўскага ўніверсітэта. Добра валодаў беларускай, польскай, рускай і нямецкай мовамі, ведаў таксама лацінскую і старажытна-грэцкую мовы, прымаў актыўны ўдзел у мясцовай філіі Таварыства беларускай школы (ТБШ). Так што прыклад Уладзіміру было з каго браць. Таму юнак таксама пайшоў у навуку, бо меў талент да замежных моў, да вучобы.

Пасля заканчэння факультэта замежных моў Гродзенскага ўніверсітэта Уладзімір Сакалоўскі працаваў перакладчыкам ва Усходняй Германіі, потым выкладаў нямецкую мову ў Латвіі, працаваў у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы, пасля - у Бонскім універсітэце.

Побач з беларускай мовай у яго заўсёды была нямецкая. А асноўнай тэматыкай даследаванняў стала гісторыя развіцця і ўзаемадзеяння беларускай і нямецкай культур.

Ведаў даўно, што ў 1961 годзе ў Боне на нямецкай мове выйшла кніга Анджэя Цеханавецкага Michal Kazimierz Oginski und sein Musenhof zu Slonim. Кніга гэта ўнікальная, яна з'яўляецца адным з першых спецыяльных даследаванняў па гісторыі прыдворнага тэатра Беларусі, да таго ж напісаная аўтарам па невядомых раней архіўных матэрыялах. Доўгі час гэтае выданне было недаступным беларускім даследчыкам і простым чытачам. І толькі дзякуючы Уладзіміру Сакалоўскаму кніга Анджэя Цеханавецкага пабачыла свет і ў Беларусі. Першая выданне па-беларуску выйшла ў 1993 годзе і адразу хутка разышлося. Другое выданне, з больш дапоўненымі каментарыямі, у перакладзе Уладзіміра Сакалоўскага з'явілася ў 2006 годзе.

У апошні час беларускі вучоны і перакладчык вялікую ўвагу аддаваў даследаванню Беларусі ў перыяд Першай сусветнай вайны, а таксама Надзвычайнай місіі БНР у Нямеччыне.

Справа ў тым, што адну з важных роляў у знешнепалітычнай дзейнасці Беларускай Народнай Рэспублікі адыграла Надзвычайная місія рэспублікі ў Берліне, якая на працягу амаль сямі гадоў (1919-1925) у цяжкіх і складаных умовах годна прэзентавала Беларусь у Нямеччыне і доўгі час з'яўлялася адным з галоўных цэнтраў БНР па каардынацыі дзейнасці беларускіх дыпламатычных прадстаўніцтваў за мяжой. Вось гэты перыяд актыўна і грунтоўна даследуе Уладзімір Сакалоўскі. Вялікі артыкул на гэтую тэму ён апублікаваў у 2009 годзе ў часопісе Arche.

Усе кнігі, артыкулы, выступленні юбіляра немагчыма пералічыць. Дый няма сэнсу. Усё зробленае Уладзімірам Сакалоўскім трэба чытаць, даследаваць, аналізаваць. Працы яго - сур'ёзны ўклад у нашу айчынную гісторыю.

Сяргей Чыгрын, Радыё Рацыя

 

Сяргей Панізьнік. “БАГАЧ” 

 

Сакалоўскі Уладзімір Лявонцьевіч і яго жонка Галіна Антонаўна ля падДумкай — у Боне, душою — дома

Васіль ЯКАВЕНКА

На фота: Сакалоўскі Уладзімір Лявонцьевіч і яго жонка Галіна Антонаўна ля пад'езда свайго дома ў Менску. Фота Сяргея Панізьніка, 2000-я гады. 

 

Чалавечы век высокі, і я думаю, акідваючы ўнутраным зрокам увесь ягоны шлях пражыты, асветны і светлы: “А ўсё ж не дарэмна ягамосць з’явіўся на нашай зямлі! Упартай працай, творчай рупнасцю ўзяў усё тое, што яму цяпер належыць”.

Дый бацькі — бацькі спрычыніліся… Свой імпэт перадалі. Найперш — Лявон Сакалоўскі, вясковы інтэлігент, актыўны дзеяч ТБШ, змагар за сваю беларускую прысутнасць на беларускай зямлі — акурат на Слонімшчыне. Як і маці Аляксандра з рэдкім і адмысловым прозвішчам — Славута, запраўская гаспадыня. Спалучыўшы свае жыцці, яны далі свайму сыну Уладзіміру добры духоўны падмурак для ўзлёту.

Уладзімір вывучыўся ў Гродна на факультэце замежных моў і стаў працаваць настаўнікам, а неўзабаве здолеў і дырэктарам сярэдніх школ у Мастоўскім раёне. Малады, прыгожы, з пранікнёным позіркам вачэй, ён любіў вучняў, сваю працу, глыбей спазнаваў жыццё і свой родны кут, шкадаваў яго сыноўняй шкадобай. Разам з тым неспадзеўна і назаўжды сэрцам яго завалодала настаўніца Галіна Лукашык, абыходлівая, датклівая асоба, і вось ужо 55-ы год крочаць яны па жыцці разам. У іх склалася б, напэўна, звычайная прыстойная сям’я, і была б яна і самадастатковай і нават шчаслівай у рамках сонечнай савецкай рэчаіснасці, калі б не такая вось акалічнасць. 

* * *

У 1962 годзе Уладзімір Лявонавіч быў накіраваны працаваць перакладчыкам у ГДР. Калі ж там ён агледзеўся, то страціў спакой — вельмі ўразіла і азадачвала, што немцы не мелі аніякага ўяўлення пра Беларусь, пра жыццё і культуру беларусаў. Тым часам па рэдкіх публікацыях пра дзеячаў беларускай культуры 1920-х гадоў (тыя публікацыі пракідваліся ў газетах і часопісах, што паступалі з ФРГ), зацікаўленаму беларусу трапіла на вока розніца ў асвятленні іх дзейнасці. Сустрэчы і размовы з нямецкім славістам Норбертам Рандавым падштурхнулі Уладзіміра Сакалоўскага да пошуку ў бібліятэках ГДР матэрыялаў пра Беларусь. Яму карцела паведаміць на радзіму, як і што пішуць пра нас іншаземцы.

Нямецкія крыніцы паказвалі на іншыя, часам зусім процілеглыя адносіны да падзей і ацэнкі асоб мінулага, і гэта яшчэ больш заінтрыгавала даследчыка, якім Уладзімір незнарок стаў. Было адчуванне, што ён патрапіў на скарб. Але ж неўзабаве ад сваіх прыяцеляў, блізкіх да афіцыйных структур у Мінску, даведаўся, што ў СССР, куды ўваходзіла яго радзіма, ягонымі пошукамі мала зацікаўленыя, і тады ён звузіў свае даследаванні да літаратуразнаўчай і больш аддаленай ад палітыкі тэмы «Беларуска-нямецкія літаратурныя ўзаемасувязі перыяду Веймарскай рэспублікі (1919 –1933)». Можна сказаць, што ў ягоным жыцці гэта быў пачатак новай, літаратуразнаўчай “кар’еры”.

* * *

Сярэдняга росту, не мітуслівы і раней і сёння, занепакоены ўрэшце станам свайго здароўя на другім канцы плённага шляху і па той прычыне трохі разгублены, але ж па-ранейшаму ў думках аб працы і на працы за пісьмовым сталом, ён стаіць перада мной, літаратарам, якому ахвотна і шчыра дапамагаў матэрыяламі з уласнага архіва, гэта калі я разгортваў свой раман “Надлом” у трылогію…

Скажы мне, чалавеча, звяртаюся да яго: падчас працы над інтэрпрэтацыяй беларускай літаратуры на Захадзе якія перашкоды давялося пераадолець?

І чую адказ: «Цяжкасці зносін. Калі я ўжо быў на радзіме, цяжка было мець надзейныя кантакты з зарубежнымі аўтарамі, бібліятэкамі, архівамі — за кожным тваім крокам сачылі і кожную заяўку разглядалі пад лупу. Але самым непрыемным для мяне было тое, калі з такім узрушэннем падрыхтаваная першая кніга «Пара станаўлення. Да гісторыі параўнальнага вывучэння беларускай і некаторых класічных зарубежных літаратур. 1986» тры гады праляжала ў аддзеле агітацыі і прапаганды ЦК КП(б)Б. Толькі пасля звароту туды навуковага савета Інстытута літаратуры імя Я. Купалы была перададзена ў выдавецтва. І хоць яе, урэшце, выдалі, але далей Беларусі яна нікуды не трапіла. Яе ж замаўлялі бібліятэкі Германіі. Пісаць праўду пра ўзаемадачыненні з краінамі Захаду было непапулярна і нават небяспечна. У Інстытуце літаратуры не зацвердзілі і маю наступную тэму даследаванняў «Беларуска-нямецкія літаратурныя сувязі пасляваеннага часу. 1945–1985». Замест яе была зацверджана тэма «Беларуская літаратура ў ГДР».

Уладзімір СакалоўскіМеліся цяжкасці з публікацыямі. Так, «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі» замовіла мне артыкул пра публікацыю Станіслава Станкевіча «Праўдзівы і сфальшаваны Янка Купала (1892–1942)», які ў ФРГ быў надрукаваны на трох мовах: беларускай, нямецкай і англійскай. Аднак жа мой допіс на старонках энцыклапедыі не з’явіўся. Тое самае сталася і з артыкулам пра Васіля Быкава «Успрыняцце і інтэрпрэтацыя творчасці Васіля Быкава на Захадзе», які быў напісаны для «Навукова-рэфератыўнага бюлетэня. Зарубежная літаратура». Нават у Інстытуце літаратуры, калі я напісаў станоўчы каментар пра дзейнасць Р. Абіхата ў час першай нямецкай акупацыі, то ён быў заменены высокаідэйным допісам іншага навуковага супрацоўніка.

Па ініцыятыве сакрэтнага аддзела пры АН БССР мне быў забаронены выезд у Капенгаген для ўдзелу ў Міжнародным сімпозіуме ЮНЕСКА «Культурныя сувязі скандынаўскіх і славянскіх краінаў у XІX і XX стагоддзях» (Капенгаген, 1984), дзе я павінен быў выступіць з дакладам «Да рэцэпцыі скандынаўскіх літаратураў у Беларусі».

* * *

Цяпер я шкадую, што напачатку гэтых нататак пра свайго калегу і прыяцеля ахарактарызаваў ягоны шлях як бы нічым не азмрочаным — «светлым». Справа ў тым, што ў першыя ж гады пасля страшэннай і лютай вайны здавалася, што шчасцейка свеціць кожнаму ў хату. Аднак на справе было далёка не так. Таму і нашаму даследчыку міжнародных культурных сувязей Уладзіміру Лявонавічу Сакалоўскаму давялося доўгі час блытацца, шукаючы выйсця з цянётаў савецкага раю.

Скажы, чалавеча, які ж перыяд у тваім няпростым занятку быў найбольш спрыяльны?

«Добрым і плённым быў час, калі загадчык Славістычнага семінара Бонскага універсітэта прафесар Ганс Ротэ прапанаваў мне выканаць пад яго кіраўніцтвам праект «Беларусь і Нямеччына. Інтэлектуальна-культурныя адносіны (1914–1941)». Праца над тэмай пачалася са збору дакументаў і матэрыялаў, што дало мне мажлівасць на працягу амаль дзесяці гадоў актыўна працаваць у важнейшых нямецкіх архівах. Былі знойдзены многія тысячы каштоўных дакументаў. Акрамя таго, у бібліятэках Германіі ўдалося выявіць шмат неабходнага і цікавага па сувязях Беларусі і Германіі. Першы этап пошукавай працы быў закончаны выданнем на нямецкай мове «Бібліяграфіі» (Bіblіographіe. Weіssrussland und Deutschland. Geіstes- und Kulturbezіehungen 1914 und 1941). Гэта аб’ёмнае выданне на 332 старонках, якое ўтрымлівае 3694 бібліяграфічныя адзінкі па многіх галінах сумесных дачыненняў: у культуры, гісторыі, палітыцы і эканоміцы.

У прыватнасці нямецкая славістка Соня Хайл у часопісе «Zeіtschrіft fur Slawіstіk» адзначыла, што «духоўна-культурныя адносіны паміж Беларуссю і Нямеччынай да гэтага часу не сталі прадметам навуковых даследаванняў... Зараз гэты недахоп ліквідаваны выданнем грунтоўнай працы Сакалоўскага».

Аднак другі этап гэтага праекта затрымліваецца. Сабраныя і падрыхтаваныя да друку матэрыялы чакаюць у Германіі свайго часу».

* * *

Калі ў сярэдзіне 1980-х ідэалагічная блакада ўжо зменшылася, Уладзімір Сакалоўскі пашырае абсяг сваіх даследаванняў і зноў вяртаецца да назапашаных гістарычных матэрыялаў. Мне спадобілася пісаць рэцэнзію на яго кнігу «Надзвычайная місія БНР у Нямеччыне (1919–1925)» (“ARCHE”, №3, 2009). Цудоўнае даследаванне, якое значна дапаўняе і пашырае гісторыю Беларускай народнай Рэспублікі (Урывак з яго быў надрукаваны ў “Новым часе”). Яно таксама чакае свайго выдання асобнай кнігай.

 І зноў жа, спатольваючы прагу да выяўлення мала вядомых фактаў гісторыі ды сцвярджаючы сваю даследчыцкую годнасць, Уладзімір Лявонавіч піша грунтоўную крытычную рэцэнзію на выдадзены ў Нямеччыне «Дапаможнік па гісторыі Беларусі», у складанні якога прымалі ўдзел вядомыя беларускія навукоўцы: П. Лойка, Г. Сагановіч, З. Шыбека, А. Кіштымаў, А. Каханоўскі, І. Чыквін, М. Іваноў. Іх артыкулы рэалістычна адлюстроўваюць гістарычныя падзеі на Беларусі.

Але канцэптуальная арыентацыя рэдактараў выдання Д. Байрава і Р. Лінднэра, заснаваная ў асноўным на працы польскіх, рускіх (у тым ліку савецкіх), літоўскіх і некаторых зарубежных вучоных, паслужыла таму, што беларускія гістарычныя матэрыялы былі адсунуты на другі план, праігнараваны таксама працы такіх еўрапейскіх вучоных, як А. Брукнер, Р. Абіхт, Х. Штанга, В. Концэ, А. Іпель, што чэрпалі свае высновы з першакрыніц, — усё гэта прывяло да адыходу выдання ад найбольш аптымальнага варыянту ў разглядзе гісторыі Беларусі. То была ўжо не гісторыя беларускага народа, які тварыў яе, а хутчэй гісторыя рэгіёна, дзе размешчаны беларусы. Такі падыход не даў мажлівасці стварыць сапраўдны Handbuch (дапаможнік), ён хутчэй за ўсё нагадвае зборнік нарысаў па гісторыі Беларусі».

Скажы, чалавеча, чаму на Захадзе да гэтага часу ў чалавечую свядомасць яшчэ не ўвайшло, што Вялікае княства Літоўскае — калыска беларускай нацыі і культуры?

 Гэта прыкра. Ці не спрабаваў ты як вучоны, прафесар пры Бонскім універсітэце, пераканаць у нечым сваіх нямецкіх калег?

 «Так, сапраўды, тэндэнцыя атаясамлівання Літвы з Вялікім княствам Літоўскім як у Нямеччыне, так і ў іншых краінах Захаду ёсць. Але ж далей болей яна страчвае да сябе давер. Апошнія даследаванні ў самой Нямеччыне прафесараў Г. Ротэ, Ф. Шольца, Г. Адрыані, а раней яшчэ Концэ, Майера і Брукнера, што засноўваюцца на вывучэнні старажытных крыніц, сведчаць пра адыход ад гістарычнай бязглуздзіцы. Пра што я неаднаразова нагадваў у сваіх артыкулах і даследаваннях.

 Так… Сусветнавядомы даследчык Аляксандр Брукнер яшчэ ў 1886 годзе прааналізаваў выдатны помнік старажытнай беларускай культуры і гісторыі «Кодэкс місцэланеус з бібліятэкі графа Рачынскага ў Познані», напісаны каля 1580 года. Брукнер вызначыў крыніцы перакладу, зрабіў даволі падрабязную характарыстыку яго мовы і пераканана пісаў: «…важнейшыя характэрныя рысы мовы (“Кодэксу”) у гуках, формах і словах — беларускія, якія пасрэднічаюць паміж мала- і вялікарускімі, аднак ні з першымі, ні з другімі не супадаюць: калі б спатрэбілася, то можна было б толькі на аснове гэтага помніка пераканаўча даказаць самастойнасць беларускай мовы».

Брукнер назваў і характэрныя асаблівасці беларускай літаратурнай мовы, што існавалі ўжо ў ХVІ стагоддзі, — гэта поўнае вызваленне ад залежнасці царкоўнаславянскай мовы не толькі ў галіне лексікі, але і марфалогіі, ад многіх лексічных паланізмаў.

Тое, што зроблена за адно жыццё Уладзімірам Сакалоўскім, уражвае, радуе, выклікае ўдзячнасць. Я ведаю, што гэта яшчэ не ўсё, і на стале ляжыць шмат чаго незавершанага, працаёмкага і прыцягальнага. Таму жадаю табе, дарагі чалавеча, моцы ў целе і парадку ў думках і сачыненнях. Далейшага плёну!

Новы Час
 
« Папяр.   Наст. »
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 921
mod_vvisit_counter Учора 1157
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 6151
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 49824