Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 
Брама сайта arrow ТВОРЫ arrow Пісьменнік і час arrow Брат родны. Брат малочны: Паэма жыцця

Брат родны. Брат малочны: Паэма жыцця Друк E-mail
16.02.2013 | 22:48 |
Ірына ВерабейІрына ВАРАБЕЙ , пісьменьніца, перакладчыца, мастачка, майстрыха-дызайнер, фатограф

Дай, Боже, мне не соскочить с луча,
Сгорая на Пути - не превратиться в пыль!..

1.

- Саша, а дзе ж мама? - дзівіцца бацька, прыйшоўшы дамоў. 

- Яна паехала... на машыне... белай... прыгожай такой, з чырвонай палоскай... зь вялікім дзядзькам доктарам... Тата, яна рабіла вось так: ой! ой! - і мой трохгадовы брат красамоўна выцірае лоб усёй рукой і падае на канапу.

Мяне яшчэ няма. Я яшчэ толькі ўваходжу ў гэты цудоўны, дзіўны, несуладны, незразумелы Сьвет.

Мой старэйшы трохгадовы брат яшчэ ня ведае, як зьяўляюцца на сьвет дзеці: яму скажуць, што ягоную, такую жаданую, сястрычку пасьля бясконцага зьбіраньня грошай урэшце купілі ў краме.

Мая маці міжволі працягнула традыцыю сваёй маці, якая мела звычку нараджаць дзяцей, не пакідаючы працы. І маю маму яна нарадзіла проста ў полі, тады, "як аўсы дажыналі", як гаварыла заўсёды бабка. Яна ня памятае дня: у тыя часы народзінаў ніхто не спраўляў, а ў маміным пасьведчаньні запісана: "першая палова жніўня". Бабуля проста перавязала пупавіну і пайшла жаць далей: была гарачая пара. Маміным зьдзіўленым чатыром братам і сёстрам сказалі: "Во, дзяўчынку знайшлі ў полі..."

Першыя схваткі мама адчула, калі рыхтавалася да вялікага мыцьця. Яна толькі-толькі замачыла бялізну. Баючыся, што калі яе колькі дзён ня будзе ўдома, бялізна канчаткова зьгіне, яна вырашыла хуценька парабіць усё, пакуль прыедзе "скорая". Зразумела, ні пра якія пральныя машыны тады яшчэ ня ведалі, а ваду насілі з калодзежа. Раз-пораз мама кідалася на канапу, стогнучы і выціраючы пот з ілба, потым ізноў кідалася да начовак, уражваючы гэтым майго маленькага брата, з чыіх расказаў і асабліва паказаў яшчэ доўга будзе пацяшацца ўся сям'я.

Мае бацькі жывуць зараз у Менску; сюды яны пераехалі год таму. Брат нарадзіўся там, на іх радзіме, у Чэрвені, дзе яны сустрэліся і пажаніліся.

2.

Чэрвень - маленькі, непадалёк ад Менску, гарадок, чыё навакольле вядомае выключна сваёй глухаманьню - глухімі непралазнымі лясамі і балотамі, поўнымі сваіх дароў - дзічыны, грыбоў, ягад. Асабліва дурніцаў, як іх там называюць. Дурніцы ў тых краях зьбіраюцца посьцілкамі - шчодры ягадны куст страсаецца над расьсьцеленай посьцілкай, потым ягады высыпаюцца ў вядро. Адылі дурніцы за добрыя ягады там ня лічацца. Чалавек рэдка цэніць тое, што мае забагата і надурніцу.

"Чэрвень" ня ёсьць першай назвай гораду. Ён быў перайменаваны паводле назвы месяца, у якім быў "вызвалены ад польскіх акупантаў" на пачатку 20-х. Мае бацькі ня любяць успамінаць пра тыя падзеі. Я пачую аб іх талькі аднойчы. І толькі праз колькі дзясяткаў гадоў даведаюся пра Слуцкае паўстаньне 1920 году супраць Савецкай улады ў гэтых мясьцінах.

Старажытная назва гораду была Ігумен. Наўрад ужо там знойдзецца той, хто зможа ўспомніць сівую легенду аб манастыры, які насамрэч там існаваў, і ягонай настаяцельке. Тым больш ніхто ўжо ня памятае аб адважным, няўлоўным партызанскім атрадзе Б.Сьвентарэцкага, што ўдала дзейнічаў у мясцовых лясах падчас Паўстаньня 1863-64 гадоў. Пераможаныя ўрэшце незьлічонай расейскай арміяй, паўстанцы, пераважна шляхцічы, каб пазьбегнуць рэпрэсіяў, вымушаныя былі бадзяцца па лясах, потым наймацца фурманамі, кавалямі ці чорнарабочымі. Ніхто ўжо ня помніць, што не было тады ніводнага шляхецкага дому, дзе б не аплаквалі хоць аднаго свайго забітага, пакаранага ці зьніклага бязь вестак.

"Мы живём, под ногами не чуя страны..."

Дрымотная глухамань.

 

Пасталеўшы, я паспрабую даведацца ад маіх сваякоў аб паходжаньні мамінага прыгожага дзявочага прозьвішча Качэрская, якое выгладае на дзіва старажытна-шляхетным, каб быць сялянскім. Па-другое кожны, каго я сустрэну ў сваім жыцьці з гэткім жа прозьвішчам, акажацца маім даволі блізкім сваяком. Але... на свае роспыты я пачую больш пытаньняў, чым адказаў. Так, гэта яны памятаюць: наш пра-прадзед Качэрскі пасяліўся ў маленькай, самай глухой вёсачцы Зелянкі, набыў сабе дом, завёў сям'ю. Але адкуль ён прыйшоў? Чаму? Адно толькі я зразумею: калі. Гэта было а другой палове ХІХ стагодзьдзя. ...Магчыма, і ён быў сярод тых тысячаў, што блукалі па лесе з запаленымі сьвечкамі ў руках - каб знайсьці адзін аднаго, расьцярушаных пасьля чарговага бою, сабрацца разам і рыхтавацца да наступнага.

Усе сьвечкі спаленыя.

І я, усяго толькі праз сто год, уваходжу ў гэты добры і невыносны Сьвет у дзівотнай, безнадзейна-вымерзлай Краіне Забыцьця.

3.

Кто шел впереди, не радел о великих корнях:
Сушил чернозем и срывал золотые соцветья.

Наверное, думал, что он истребляет сорняк.

Но он истреблял все, что люди растили столетья.

Мая маці Шура (Аляксандра) нарадзілася ў гэтай жа вёсачцы Зелянкі, але хутка сям'я пераехала на бацькаўшчыну яе маці - у вялікую (больш за 100 двароў) вёску Рудню. Бацька маёй бабкі Мікола Буры трымаў млын, а таму быў крэпкім, заможным селянінам. Нездарма паненка са зьбяднелай шляхецкай сям'і пагадзілася выйсьці за яго замуж. Яна была адукаваная і прасунутая: ведала па-беларуску, расейску й польску і "хадзіла па вёсцы летам з парасонам". Толькі яна адна была супраць, каб ейная дачка (мая бабка) выдавала нагвалт сваю дачку Ніну, камсамолку, замуж за багатага старога. (Старая, як сьвет, гісторыя: Ніна зьбегла са свайго вясельля да вясковага настаўніка, камсамольскага сакратара. Раптам пачалася Другая сусьветная вайна - і яна нахлябалася ўсіх балот партызынскай вайны разам зь ім і іхным маленькім сынам. Зрэшты, пражывуць яны разам 45 гадоў, вырасьцяць дваіх дзяцей, трох унукаў і праўнукаў - так і забыўшыся ажаніцца. Пажэняцца толькі ў апошні месяц ягонага жыцьця, калі ён будзе ўжо ў больніцы.)

Дык вось. Быў мой прадзед добрым дбайным гаспадаром. Менавіта таму на пачатку 30-х яго павінны былі раскулачыць і саслаць у Сібір. Адно, што да гэта часу ён ужо пасьпеў зрабіцца старым п'янчугам, то напэўна, Камтэт беднаты ўважыў яго за свайго. Млын, аднак, забралі і пасьпяхова зруйнавалі. Ды вось яшчэ сын ягоны Антось, чалавек сумленны й прамы, дый на гора ўпарты, узяўся падвучыць Савецкую уладу ў асобе старшыні калгаса, (чыя сям'я спрадвеку-такі лічылася за абібокаў і лайдакоў) зь якога ж боку, урэшце, запрагаецца тая кабыла. За свае намаганьні атрымаў аддзяку: "Табе што?! Савецкая ўласьць ня нравіцца?!" - і выправіўся ў Сібірскія лягэры на 10 гадоў. Калі ягоны тэрмін ужо заканчваўся, пачалася вайна. Яго адправілі ў штрафны сапёрны батальён, які некалькі разоў за ўсю вайну быў цалкам зьнішчаны - а ён пры гэтым заставаўся адзіным жывым. Дахаты вярнуўся цэлым і здаровым, з поўным наборам мэдалёў Салдацкай славы; і я буду чуць часам ад гэтых атэістак - маіх цётак і мамы - на кухне за чаркай: "А ёсь жа ж Бог на белым сьвеце..." Дзед Антось надоўга перажыве сваіх крыўдзіцеляў і памрэ 85-гадовым у той самы дзень, як народзіцца мой сын Антон.

4.

 Ірына Верабей разам з братамКогда ты сам не ведаешь, не знаешь,
Куда тебе идти и с кем тебе идти,

Ты вспоминаешь детство, вспоминаешь

Мелодию, забытую почти.

Но тонут звуки песни колыбельной

В борьбе бесчеловечной и бесцельной.

Мая бабка Надзея (сястра Антося) - адзіная з маіх родных бабак і дзядоў, каго я буду ведаць у сваім жыцьці. Ня так доўга, праўда: яна памрэ, калі мне будзе дванаццаць. Астатнія не дачакаюцца нават майго нараджэньня.

Мае самыя раньнія ўспаміны будуць зьвязаны з бабулінай хатай на ўскрайку вёскі, з маёй калыскай ля печы, зь вялікай рудой каровай, на ўсю акругу ведамай праз свае свавольствы, з маленькай козачкай, зь якой я буду сябраваць... Зь нямецкімі каскамі з бабулінага агароду, прыстасаванымі практычнай беларускай рукой нам з братам пад зручныя начныя гаршкі... Зь вялізным колам - рэшткамі нейкага разваленага млына - ля маляўнічай рэчкі, дзе мы будзем купацца і вудзіць рыбу... З дарогай, што проста ад бабульчынай хаты нырае ў зяпу гэтай змрочнай зялёнай пачвары. Напэўна, менавіта так былі ўяўлялі сабе немцы такі небясьпечны для іх наш лес, што кішэў тады партызанамі. ...А я дык ніколі ня буду баяцца лесу. Зь першых крокаў на гэтай зямлі нас з братам будуць прывучаць да лесу нашыя бабуля і мама.

Бабуля Надзя гаворыць па-беларуску, і кожнае лета яна будзе сустракаць нас словамі: "А-а, мае любыя, то я бачу, вы ўжо навучыліся гаварыць па-гарадзкому!" І кожную восень менскія настаўнікі будуць выпраўляць нам з братам мову: "Дети должны говорить и писать правильно!" ...Мова нашых бацькоў ужо выпраўленая: мама будзе расказваць мне, як яна плакала па начах, калі ў вучэльні настаўнікі кпілі зь яе і каралі за "дзеравенскае" вымаўленьне.

Бабуля Надзя ўмее чытаць і пісаць, і яна будзе чытаць мне казкі і апавяданьні. Яна будзе першай, ад каго я пачую аб Ісусе. Я, ужо "готовая к борьбе за дело Коммунистической партии" піянэрка, буду слухаць яе толькі зь ветлівасьці і думаць сабе, спачуваючы, якая ж мая бабуля цёмная і забабонная, што верыць у гэткія казкі.

5.

Мой дзед Барыс Качэрскі (яе муж) памёр падчас вайны. Не, ён не ваяваў. Ён пакутаваў на астму, якую набыў пасьля газавых атакаў у Першую сусьветную. Пасьля ён ваяваў у Грамадзянскую ў Чырвонай арміі і быў накіраваны на Курсы чырвоных камандзіраў. Мог бы зрабіць добрую кар'еру ваеннага афіцэра, але надта сьпяшаўся дахаты - гэтта ж спраўджвалася ягоная мара, за якую і ваяваў: сялянам раздавалі-такі абяцаную зямлю. Дзед Барыс быў спакойным, лагодным, разумным чалавекам. Мама ніколі ня чула, каб ён лаяўся. Нават калі бабуля і лаялася на яго. П'яным яго яна бачыла толькі аднойчы, калі ёй было 4 гады: пад вечар перад тым ён і абое ягоныя шурыны доўга і шумна аб нечым раіліся, назаўтра дзед пайшоў некуды з канём, а вярнуўся без каня. Тады і напіўся... "Зямля абяцаная", за якую ён ваяваў і на якой цяжка і сумленна працаваў, адправілася за канём і цесьцевым млынам...

То не забралі яго ні ў армію, ні ў партызаны ў Другую сусьветную. Сям'я, аднак, рабіла шмат на партызанаў: пяклі хлеб і гналі самагонку (для стэрылізацыі і анэстэзіі параненых таксама...). Партызаны забіралі ўсе харчы па начах (як немцы свае "падаткі" - ўдзень).

Аднойчы прыйшлі ў хату:

- Дед, скидай валенки!

А тыя ж былі апошнія на ўсю вялікую сям'ю. Дзед якраз сядзеў у іх каля печы.

- Ты ж у хаце сядзіш - табе ня трэба, - кажуць.

Тут мая наравістая бабка і выступіла:

- А ці ж ты ня бачыш, які ён хворы! А ці ня бачыш, колькі ў мяне дзецей на печы! Можа гэта ты прынясеш нам дроваў ды пасячэш іх!

- Ты што, старая? Или тебе Советская власть не нравится?

Але ж мой лагодны дзед і ўзарваўся!

- Я ж ваяваў за гэтую ўласьць! Я за яе здароў'е аддаў! А вы, с..., яе немцу аддалі!

Дзецюкі проста пхнулі яго, звалілі з лаўкі, садралі валёнкі і пайшлі. Заадно прыхапілі 17-гадовага сына Міколу. (Усё сваё жыцьце надалей - колькі буду яго ведаць - заўсёды, калі ён будзе п'яны, а п'яны ён будзе заўсёды, ён будзе ўзгадваць сваю "партызаншчыну" і далейшую атаку Кенігзбэргу.)

Аднойчы ў вёсцы застаўся на ноч нямецкі атрад. Нехта зь мясцовых жартаўнікоў далажыў у Чэрвеньскую камэндатуру, што ў Рудні начуюць партызаны. ...Начны бой паміж немцамі і немцамі, што заляглі па абодвух берагах ракі, цягнуўся 4 гадзіны. Раніцай, як разабраліся ў сваім дурноцьці, яны сабралі ўсіх вясковых мужчын і адхвасталі іх шампаламі. Потым спалілі вёску. Добра што безь людзей. Як яны зрабілі гэткае ў суседняй.

Пасьля тае лупцоўкі мой дзед Барыс так і не падняўся...

6.

Майму бацьку пашанцавала. Ён нарадзіўся ў маленечкай такой дрымотнай вёсачцы Брадок - шэсьць хат, схаваных у глухім лесе, - што немцы не асьмельваліся саваць туды і носу. Мама часам кпіць зь яго: "То ты хоць немца бачыў, га?"

Я наведаюся ў Брадок толькі адзін раз за ўсё жыцьцё, але ў памяці гэта застанецца. Гэта будзе скора, калі я ўжо стану вялікай дзяўчынкай, настолькі вялікай, што змагу пешшу пераадолець шлях ад вёскі Замятоўка, дзе цяпер жывуць бацькавы сваякі. Ат, мы з братам будзем любіць бавіць тут свае басаногія канікулы, разам са сваімі стрыечнымі і пляменьнікамі займацца ўсім, чым займаюцца на вёсцы дзеці, і псаваць сваю "правильную речь" мясцовымі дасьціпнымі фразамі, прымаўкамі, як, зрэшты, і сакавітай лаянкай.

Мой дзед Сідар Верабей памёр, калі яму было 72. Ён сёк дрэвы сам у лесе, і яго заваліла сасной. Пасьля сябе пакінуў даволі маладую ўдаву - сваю трэцюю жонку (першыя дзьве памерлі) - з чатырма ейнымі дзецьмі. Старэйшая зь іх была ягоная падчарка: мая бабка Дар'я яшчэ дзяўчынай была "падманутая маладым панам". Зь дзіцем на руках ёй, вядома ж, ужо было ня суджана выйсьці замуж. Але калі ейнай дачцы было 10 год, браты знайшлі ёй замужжа - выдалі за старого двойчы ўдаўца, у якога было ўжо 11 дзяцей. Зь ім яна нарадзіла яшчэ трох. Сярэдні зь іх - мой бацька Пятро.

Нельга сказаць, каб яна мела шмат клопату са сваімі пасынкамі і падчаркамі - яны былі ўжо даволі вялікія. Каторыя ўжо пасталелі, каторыя пайшлі з Чэрвеньшчыны і нават з Беларусі па адукацыю. Мой бацька нават добра і ня ведае некаторых. Адзін, Яўгеній Вараб'ёў (расейскі канчатак? - відаць, дзеля кар'еры) вырас да гэнэрала падчас Другой сусьветнай.

Ціхая, працавітая і цярплівая жанчына Дар'я памерла незадоўга да майго нараджэньня, так і не даведаўшыся, што ейную ўнучку (а потым ужо і ейную дачку) хацелі назваць Дар'яй...

7.

Зрэшты, маё нараджэньне было яшчэ пад пытаньнем.

Ня тое, каб мае бацькі не любілі дзяцей і не хацелі іх. Мама-такі хацела дзяўчынку. Ну, а бацька - усіх і розных.

У зруйнаваным дашчэнту Менску яшчэ не хапае жыльля. (Яго ніколі ня будзе хапаць; і я не разумею, чаму.) Таму бацькі здымаюць адзін пакойчык плошчай 7 кв.м. у прыватнай хаце на ўскраіне Менску - у Паўночным пасёлку. Аб нарадженьні яшчэ адного дзіцяці не магло быць і гаворкі.

Хутка, праўда, зьявілася надзея на атрыманьне асобнай кватэры. Бацька працуе ў выдавецтве "Ўраджай", а тады якраз Інстытут глебазнаўства быў распачаў будоўлю двух дамоў для сваіх супрацоўнікаў. Гэта быў невялікі шанец для простага журналіста, але ж. І мая рашучая мама выправіла бацьку да мясцкаму выпрошваць, каб іх паставілі ў чаргу "на паляпшэньне жыльлёвых умоваў".

Другое дзіця магло стаць ладным аргументам у прасоўваньні чаргі... і тымчасам спраўдзіць мару іхнага маленькага сынка.

8.

Родны братСтаіўшы дых, Саша пільна разглядае гэтае дзіва, толькі што прынесенае ў хату і названае "твая сястрычка" - туга спавітую ляльку, якая ляжыць цяпер упоперак ложка. Ён ня йдзе да стала на вячэру, адмаўляецца ад печыва і цукерак...

Але вось мае вусны заварушыліся. Цмокнулі. Я расплюшваю вочы і ўтаропліваюся ў яго: "Будзем знаёмы, браце!"

Саша вохкае, вылупіўшы вочы. Аж затросься:

- Мама! Мама! Яна ж жывая! Паглядзі на яе! Яна жывая! - так ашаломлены, што топае нагамі, трасе рукамі.

Гэтта ён упершыню спасьціг тую вялікую, адвечную Тайну - Цуд Жыцьця.

 

Я ж у гэткім жа ўзросьце буду значна больш прыземленай: аднойчы да маёй мамы - выхавацелькі дзіцячага садка, які і мы з братам будзем наведваць, - прыйдзе бацька маёй таваркі скардзіцца на яе дачку, якая скрозь прапагандуе ў садку, што дзеці выходзяць на свет Божы з мамінага жывоціка.

Можа гэта ад таго, што я спазнаю праўду Жыцьця, Холад ягонай Рэальнасьці зь першых дзён майго жыцьця?

...Гэтая зіма ўдалася вельмі халоднай. Жудасна. Як ніколі. Саракаградусны мароз зьявіўся напрыканцы кастрычніка, дый так і не сышоў.

Але ж нават і такім марозам чалавек мае быць чыстым, тым больш пасьля нараджэньня дзіцяці - так вырашае мая мама. Яна заўсёды была адчайнай да безразважнасьці: наважвалася нават купацца ў траўні дый верасьні ды гаварыць начальству усё, што яна насамрэч думае. То ці ж мы з братам можам затрымаць яе ад паходу ў лазьню? І бацька наш на працы...

Ноччу ў яе пачалася гарачка. Бацька не заўважыў гэтага: цёмным ранкам ён ціхенька вышмыгнуў на працу. І гаспадары хаты таксама. Мы застаемся адны ў хаце, якую ніхто не ацяпляе, і яна хутка настывае. Саша залазіць да мамы пад коўдру, а я, галодная, паціху замярзаю ў сваіх мокрых пялёнках, з жахам адчуваючы сябе пакінутай назаўсёды. І тады я крычу! Голасна, патрабавальна! ...Мама ня чуе мяне: яна беспрытомная.

Колькі часу гэта цягнецца? Я стамілася, ахрыпла, зьмерзла...

Урэшце прыходзіць малая дачка гаспадароў, што з-за марозаў засталася ўдома.

- Цёця Шура, так холадна! Трэба распаліць грубку.

Вось яна ўгледзела нас, няшчасных, растурхвае, прыводзіць у прытомнасьць маму. Тая просіць яе распаліць у печы, прынесьці дроваў з павеці.

- А я ж не магу адамкнуць замка - ён замёрз! - плача дзяўчо. Мама падымаецца з ложка і прабіраецца да павеці...

Урэшце мы выратаваны. На шчасьце, усё абышлося. Хутка прыдзе бацька, выкліча доктара для мамы і для мяне. Як ні дзіўна, я нават не захварэла. Але гэты выпадак мы будзем узгадваць праз усё нашае жыцьцё.

9.

Потянем время, ибо нам спешить
резона нет ни при каком раскладе.

Потянем время, чтобы дольше жить

не радостного будущего ради,

не ради грандиозных дел страны,

погрязшей в перевыполненьи планов,

и не во искупление вины

за преступленья проклятых тиранов.

Потянем время, чтоб не уходить

из этого измученного мира,

чтобы успеть друг друга полюбить

среди чумой оплаченного пира.

Бацькі не рашаюцца мяне ахрысьціць.

Дарма, што бацька наш камуніст, мама былая камсамолка, і абое яны атэісты - але мой брат быў ахрышчаны. Там, дзе нарадзіўся, - у Чэрвені.

Але цяпер яны баяцца. Не, не марозу. Тыя падзеі, з-за якіх яны апынуліся ў Менску, яшчэ надта сьвежыя ў іхнай памяці.

...Гэта была першая Радаўніца пасьля сьмерці бабкі Дар'і. Бацька тады проста прыехаў да магілы сваёй маці і моўчкі пастаяў крыху каля яе.

Празь некалькі дзён яго звольнілі з працы. (Ён працаваў у адзінай чэрвеньскай газэце.) А выключэньне яго з партыі было адно толькі справай часу.

Ён дабіўся прыёму да сакратара абкаму. Ім тады быў П.Машэраў. У ягонай прыёмнай бацька сустрэў свайго лепшага школьнага і інстытуцкага сябра Сашу Найдовіча. "Ты што тут робіш? ...Звольнілі? ...Та-ак. ...Слухай, а давай да нас! Я пагавару з начальствам, думаю, яны змогуць цябе ўзяць". Ну й, вядома, выйшлі яны адтуль разам, пайшлі выпілі...

Як ужо бацька прасіўся ў Машэрава, я ня ведаю (кажа, той быў лагодны), але з партыі яго ня выключылі.

Такім чынам, неўзабаве мае бацькі пераехалі ў Менск, што усё яшчэ цяжка ўздымаўся з руінаў, дзе бацька быў прыняты на работу ў выдавецтва "Ураджай".

Мама ўсё ніяк ня можа прывыкнуць да вялікага чужoга гораду, хаця ёй тут бліжэй да інстытуту, дзе яна завочна вучыцца. Бо там яна пакінула сваю любімую працу ў дзіцячым доме для сіротаў вайны і сумуе таксама па сям'і сваёй сястры Ніны, у чыім доме яна пражыла 10 год і каго мы цяпер наведваем кожныя выходныя. Любяць яны стройна выпіць і пасьпяваць разам свае любімыя "чэрвеньскія рамансы". ...З цягам часу мама палюбіць Менск, які стане прыгажуном, і дзе ў яе будзе і любімая работа ў БДУ, і багата цудоўных сяброў. Але да сястры ў Чэрвень яна будзе езьдзіць праз усё сваё жыцьцё, каб пасьпяваць зь ёй разам ...Зрэшты, і памруць яны ў адзін дзень.

10.

Ради хлеба куска - о добре и о зле,
и о жалости нету помину.

Если хлебом единым живут на Земле,

пусть возьмут и мою половину.

Чарга, аднак, ніяк не прасоўваецца.

 

Першы дом, прынамсі, закончаны, і людзі яго ўжо засяляюць. Аднаго дня бацька прыходзіць і абвяшчае, што ніякай кватэры мы не атрымаем і ў другім доме таксама. Гэта ёсьць рашэньне мясцкаму.

Мая адчайная да безразважнасьці мама спавівае мяне цяплей і шыбуе да адваката.

- Вы такая ж кабета, як і я - вы можаце мяне зразумець...

Такая ж кабета, як і яна, уладкаваўшыся ў мяккім фатэлі, глядзіць холадна-абыякава паверх акуляраў. Мама, каму ты тлумачыш?

- Навошта ж вы нараджаеце дзяцей, калі ў вас няма нармалёвых умаваў, каб іх гадаваць? - знойдзены самы спагадлівы адказ.

А во як! Ты бачыш, дачушка, нам нат і дзяцей мець ужо нельга!

- Але яна ўжо нарадзілася, і я ня ўпхну яе назад! - мама проста ўпхнула мяне ёй у рукі. - А ў цябе, напэўна ж, добрыя ўмовы! На, гадуй! - і ляснула дзьвярыма.

Я чуюся раптам кінутай назаўсёды і заходжуся ровам. Голасна, патрабавальна!

 

...Праз паўгады, мы, шчасьлівыя, уедзем у нашую новую 2-пакаёвую "хрушчоўку" ва ўтульным дамку ў вёсцы Курасоўшчына - былым маёнтаку генэрала Ададурава, што за паўднёвай мяжой Менску. Тут мы з братам і будзем гадавацца ў нашым дзіцячым садку, які разьмесьціцца ў прыгожанькай Белай дачы, і ў нашым доме пасярод старого кляновага парку, бавячы час у Дубовай даліне сярод пяцьсотгадовых дубоў каля рэчкі Мышкі, гойсаючы па Лысай гары - старажытным кургане (я даведаюся, што гэта курган, толькі дарослай), гуляючы ў лялькі з кукурузнымі пачаткамі на інстытуцкіх дасьледчых палях, што месьціліся проста за парогам нашага дома, п'ючы сырадой зь мясцовай гаспадаркі, зьбіраючы бярозавы сок у бліжэйшых гаях, латошачы яблыкі ў незлічоных калгасных садох. Пазьней нам, "першапасяленцам" - напалову гарадзкім, напалову бездаглядным - прыдзецца назіраць, як вялікі горад, хутка разрастаючыся, будзе паглынаць гэты прыгожы куток, выцінаючы шэрымі будынкамі гэтыя сады і паркі.

У гэтай кватэры я і навучуся хадзіць. Навучуся чытаць і пісаць. Тут я закончу школу і ўнівэрсытэт. Сюды буду вяртацца са сваіх спартовых вандровак. Тут народзіцца мой сын і навучыцца хадзіць, чытаць, пісаць... Гэтую кватэру я і прадам, ад'яжджаючы на другі канец сьвету.

11.

У мяне яшчэ няма імя.

Бацькі ўсё рáдзяцца і спрачаюцца. Кожны заве мяне, як яму падабаецца. Брацік у іх рáдах ня ўдзельнічае і заве мяне няйнакш як "нашая дачушка".

Кожнай раніцы ён бяжыць да маёй калыскі даглядаць "сваю дачушку". У ягоныя абавязкі ўваходзіць сачыць за маёй пустышкай, каб вяртаць яе на месца, як толькі я яе выплюну. Не такая лёгкая справа, між іншым. А таму ён поўны гонару і адказнасьці. Адылі, прынцэса дасталася яму ох дый несьмяяна: чыста адмовілася смактаць несалодкую пустышку. Выхад адзін - макаць яе ў мёд. Дапамагае, праўда, толькі на тры хвіліны.

Аднаго разу бацькі, пакінуўшы нас на дзьве гадзіны і вярнуўшыся наглядаюць такую карціну: Саша стаіць на зэдліку ля маёй люлькі, цярпліва чакае. Вось узьлятае пустышка, і тут жа выбухае скандал: я лаюся громкім крыкам. Саша хапае праклятую пустышку, злазіць з зэдліка, шаркае валёнкамі хуценка да кухоннага стала, залазіць на другі зэдлік, макае праклятую пустышку ў мёд - і далей зваротнай хадой да калыскі... І гэтак усе дзьве гадзіны.

Мне дастаўся адказны брат.

Сойду на станции заснеженной,
Затерянной в глухом лесу.

На станции с названьем нежным!

"Я на руках вас донесу".

-Таких названий не бывает,-

Так скажет тот, кто вас не знает...

...Калі яму будзе 8, а мне 5, ён вырашыць зрабіць сюрпрыз бацькам. Нейкім чынам ім не пашанцуе з навагодняй ялінкай, і ён вырашыць пайсьці ў суседні лес, каб самому сьсячы і прынесьці яе дамоў. А інакш - як жа нам атрымаць падарункі ад Дзеда Мароза? Куды ж мы паставім свае валёнкі, калі ў нас ня будзе нашай прыгожай ялінкі?

Ён возьме мяне з сабой у гэты цудоўны паход па навагоднюю ёлку.

Паход, аднак, акажацца не такім ужо і лёгкім. Нам прыдзецца збочыць ад дарог у сумёты. Некаторыя з нас вышынёй. Мы ледзь прабіраемся скрозь іх. Стаміліся і ўзмоклі. Але ўсё яшчэ натхнёныя. Выбіраем прыгожую ялінку, і Саша здолее сьсекчы яе. Ён - сапраўдны дрывасек: у вялікай футраной шапцы, вялікіх рукавіцах, валёнках, зь сякерай за поясам. І я ня горш: захутаная ў хусткі і шалікі, я рашучая і адчайная (як мама, я спадзяюся...).

Усё натхненьне зьнікае яшчэ далёка ад дому. Я зьмерзла. Ногі адмаўляюцца мясіць гэты бясконцы сьнег. Я бы села адпачыць, але Саша не дае. Ён ідзе й ідзе. Неяк хутка сьцямнела, пайшоў сьнег і разгуляўся вецер. Ісьці стала зусім немагчыма. Мне сьмяротна хочацца сесьці ў гэты мяккі сьнег, схавацца ад завеі і прыснýць, але баюся застацца тут адной і цягнуся за братам.

- Саша, давай спынімся! Хоць натрохі.

- Гэта нельга! Разумееш? Трэба ісьці! Інакш мы замерзьнем тут да сьмерці!

- А мне ўжо ня холадна! Я толькі хачу сесьці, вытрусіць сьнег з валёнак і трохі прыснуць.

- Не! Спаць нельга! Гэта зман! Ты можаш так памерці ў сьнезе назаўсёды! Трэба ісьці!

- Ты - гадкі і злы! Ці ты ня чуеш? Я не магу больш ісьці! - я спыняюся. Саша бярэ мяне за руку і цягне за сабой. Я працягваю паўзьці. Сьнег, наш любімы, прыгожы пушысты сьнег, зь якім так весела і захапляльна гуляцца - укалыхвае, вабіць да сябе...

Саша прыцягне дамоў і ёлку, і сякеру, і мяне.

Маленькі, ён ужо будзе даражыць Жыцьцём.

12.

Нядзельнымі раніцамі мама бярэ мяне ў свой ложак. Саша ўладкоўваецца побач. Мама распялёнвае мяне, і мы пачынаем наш урок. Саша вучыць мяне чытаць.

Наш Саша - вундэркінд.

Ён вывучыў алфавіт, калі яму было 2 гады. Сам. Ніхто не зьвяртаў увагі на ягоную "навуку", ніхто не ўспрымаў гэтага ўсур'ёз. Чым бы дзіця ня бавілася, абы не плакала. Не расстаючыся са сваёй новенькай азбукай, туляўся ён па хаце, прыставаў то да вечна занятых бацькоў (бо яшчэ вучыліся завочна), то да гаспадароў са сваім: "Як гэта літара?" "Сынок! - маліла маці. - Некалі пойдзеш у школу - усё дазнаешся!" Але, мама, ці ж можна дачакацца гэтага няпэўнага "некалі"? ...З адной толькі літарай выйшаў у яго канфуз. З апошняй. Гэта ж якраз бацьку патрапіла кінуць хутка і нядбала: "Гэта "Я", сынок". Доўга яшчэ дэманстраваў Саша кожнаму сустрэчнаму свае веды ў алфавіце: "Гэта - "А" ... гэта - "Пэ" ... гэта - "Эф" ... гэта - "тата".

У свае тры гады ён ужо ўмее чытаць. Праз год ён запішацца ў нашую інстытуцкую бібліятэку і будзе насіць кніжкі дамоў. Зноў жа - сам. Адно што суседзкі хлопчык, школьнік, дапаможа яму. То ня дзіва, што работнікі будуць давяраць яму: у нашым маленькім "інстытуцкім пасёлку" ўсе яны будуць нашымі суседзямі і будуць ведаць Сашу як добра выхаванага, разумнага хлопчыка.

Кнігі і чытаньне стануць ягонай сапраўднай сьвятыняй.

Ня толькі кнігі. Усё, што тычыцца навукі і ведаў, стане найбольш важным.

Маленкага росту, за першай партай, сьветлагаловы хлопчык з вялізнымі блакітнымі вачыма мусіць быць самым ахайным і лепшым за ўсіх. Ён усё будзе рабіць самым лепшым чынам. Гэта ягоная натура. Ён мусіць быць першым! Для першай клясы мама адмыслова пашые яму касьцюм - школьную форму, бо ў крамах ня знойдзецца наагул стандартнай формы такога маленькага памеру - і ён будзе насіць яе, як новенькую, аж тры гады, пакуль зь яе ня вырасьце. Ён нізавошта ня пойдзе ў школу ў непрасаванай кашулі. Усе ягоныя сшыткі і падручнікі будуць рупліва абгорнутыя ў вокладкі і заўсёды неверагодна чыстыя. Аднаго разу на бацькоўскім сходзе настаўніца зробіць экспэрымэнт зь ягоным поўнасьцю сьпісаным сшыткам: яна ўкладзе яго ў стос новых і падыме стос, трымаючы за адзін край, так, каб атрымаўся веер: "Ці знойдзеце вы тут Сашаў сьпісаны сшытак?" Ня знойдуць.

Ён будзе змагацца за кожную з тых шматлікіх "чырвоных зорак", што трапяць у ягоныя сшыткі (вынаходзтва ягонай настаўніцы замест пяцёрак), і залівацца сьлязьмі над кожнай чацьвёркай. "Госпадзі, - будзе гараваць над ім маці, - сынок, чацьвёрка таксама добрая адзнака!" - "Табе добрая - ты і атрымлівай!" ...Зрэшты, ён бадай што ня будзе мець праблемаў з хатнімі заданьнямі: усё будзе давацца яму лёгка. І ён будзе імкнуцца чытаць больш, каб ведаць больш, чым нават вучні старэйшых клясаў.

Настаўнікі будуць гаварыць: "А Варабей наш - вылеціць са школы арлом!"

13.

Нядзельная раніца.

Мы ляжым на падушках на маміным ложку і вывучаем алфавіт.

- Ірынка, тым разам мы развучвалі літары "А" і "Б"...

Я абдорваю яго шчасьлівай усьмешкай і ляскаю няўклюдна ў далоні.

- Не сваволь, Ірынка! Паўторым урок. Глядзі сюды. Памятаеш? Гэта ёсьць "А". Паўтарай за мной - "А"...

Я запяваю нешта, напэўна ж чароўнае на маёй мове, і паказваю яму язык.

- Малайчынка! ...А цяпер скажы - "Б". Ну гавары ж!.. Ну, скажы, скажы, мая любая. Ты ж гаварыла тым разам!

Я гучна мурлычу і высьліньваю вялікую бурбалку.

- От так сказала! Мама, ты чула? Яна ж сказала "Б"! ...Сказала, праўда! Малайчына, Ірынка!

Не зьвяртаючы аніякай увагі на бясконцыя бацькоўскія спрэчкі, Саша называе мяне гэтым імем. Толькі такім чароўным імем (такім жа, як і ў ёйнай маленькай, але крыху старэйшай, стрыечнай сястрычкі) маюць называцца такія прыгожыя прынцэсы, як "ягоная дачушка".

...Маёй маці прыдзецца шыць школьную форму і для мяне. Паколькі я пайду ў школу на год раней адпаведнага ўзросту, то і для мяне ў крамах ня знойдецца школьнай сукенкі такога маленькага памеру. ...Калі мае дзетсадаўскія сябры, якія нейкім чынам акажуцца на год старэйшымі за мяне, выправяцца ў школу, я, абражаная да глыбіні душы гэткім фактам, ушчэнт адмоўлюся йсьці ў садок і закачу ўдома скандал на тры дні, аж пакуль на чацьвёрты маці не завядзе мяне ў школу. Ім прыдзецца прыняць мяне: дзякуючы майму брату, я ўжо буду ўмець чытаць, трохі пісаць і лічыць. ...Гэтак і атрымаецца, што сьвяточны, зь белымі фартухамі і вялізнымі букетамі "Першы званок" так і не адбудецца ў маім жыцьці.

 

"...Мой день не собирается в сюжет..."

 

Ён-такі навучыць мяне чытаць...

Але спачатку хадзіць.

Потым будаваць сьнежныя фартэцыі і тунэлі ў нашай засьнежанай Даліне... І адшукваць грыбы ў лесе. Што да яго - то грыбы чамусьці самі будуць выбягаць на тыя шляхі, дзе ходзіць ён. ...А потым плаваць. Я ня ведаю, хто ж навучыць яго, але плаваць ён будзе па-майстэрску, як і ўсё, што ён робіць. І менавіта ягоным незвычайным спосабам навучаньня плаваньню я буду карыстацца ў сваёй будучай працы. ...Ён будзе вучыць мяне маляваць: ягонае няведама адкуль здабытае пачуцьцё колеру і ліній і ягоныя парады будуць дапамагаць мне ў маіх спробах. Ягоныя ж малюнкі будуць на ўзроўні мастака, хаця ён ніколі ня будзе цікавіцца маляваньнем. А я дык заўсёды буду занятая піянэрскімі ды камсамольскімі насьценгазэтамі - што ў школе ды ў лягерах, так і ва ўнівэрсытэце. ...Ён жа навучыць мяне гуляць у шахматы, і я буду выйграваць у спаборніцтвах...

Ды й лыжы... Лыжы стануць нашай агульнай любоў'ю. Здаецца, я навучуся бегаць на лыжах раней, чым хадзіць нагамі. Насуперак любому марозу, некалькі гадзін кожнага дня будуць прысьвечаны нашай любімай засьнежанай Даліне і Лысай гары. Я абавязкава буду праторваць першую лыжню пасьля кожнага сьнегападу, Сашка ж аддасьць перавагу гэтым на злом галавы скачкам і палётам з крутога схілу Лысай гары. Хаця ўсяго таго рыштунку й будзе, што прасьцецкія вузкія лыжы, прыладжаныя да валёнкаў звычайнымі гумкамі, але будзе ён самым сьмелым і адчайным маленькім скакуном ва ўсёй акрузе.

Навучыць ён мяне і ...біцца, і я буду бараніць яго ад "бальшуноў". Гэта будзе ўзаемна, праўда. Нават ад нашай жа маці: адчайнна будзе падстаўляць ён свае плечы і рукі пад пагрозьлівы рэмень, прыкрываючы мяне, шкоднае дзіця, ад мамінага суправядлівага гневу: "Мама, яна ж маленькая, яна больш ня будзе!" ...Адылі пазьней нам будзе даставацца напару за нашыя бязглуздыя вычварэньні: нішчэньне посуду прыгатаваньнем нейкіх новых цукерак, гульню ў футбол у кватэры, вынаходзтва пораху...

Дзівавацца будзе ўсё нашае атачэньне такому сяброўству паміж братам і сястрой. Бадай што... Дружалюбныя да ўсіх, поўныя жыцьцядайнай энергіяй, мы будзем адорваць усіх нашым вясёлым жыцьцёвым спэктаклем.

Пойдем с тобой гулять по зверобою
и ветер на веревочке с собою 

давай водить по замалининым долинам,

и дружно есть зеленую малину.

14.

А часам будзе і так:

Прыцягвае мяне (яшчэ дашкольніцу) дадому за каўнер майго ўшчэнт засьнежанага футра:

- Во! - дакладвае ён маці.

- Што такое? - выглядае яна з кухні.

- Во яна. Бач, зноў з Дзімкам гуляла.

- Дык што?

- Так, - адрываю я ягоную руку ад каўнера. - Ён мой жаніх.

- Я ж табе казаў ужо! ...Ты не разумееш: толькі ў тых сем'ях, дзе дзьве дзяўчынкі ці два хлопчыкі, яны мусяць жаніцца! А ў тых, дзе хлопчык і дзяўчынка, - ня трэба. Калі мы вырасьцем, мы проста станем муж і жонка.

Мілая дзіцячая наіўнасьць...

Калі мы будзем ужо ў старэйшых клясах, у нашай хаце то там, то тут я часам буду натыкацца на апавяданьні аб шлюбах паміж братам і сястрой, складзеныя ў самых розных частках сьвету...

Калі ён пойдзе ў войска, мы будзем пісаць адзін аднаму лісты памерам з добры сшытак дробным почыркам. То будуць проста нашыя думкі аб Жыцьці. Аб ягоным сэнсе. Аб сэнсе жыцьця ў гэтым, такім датклівым і распусным, нашым заблытаным Сьвеце. "Ведаеш, сястрычка, - напіша ён мне, - я адчуваю ў сабе вялізную сілу індывідуальнасьці. І са свайго шляху я ніколі не сыйду..." Мама будзе крыху раўнаваць нас і так цікаўна падглядаць праз маё плячо...

У арміі ён навучыцца граць на гітары і прывязе дамоў некалькі сваіх вершаў і песень. Мы будзем бавіцца зь імі: я нават напішу перафраз на адзін ягоны верш.

Вершы... Зрэшты, ніхто - ні бацькі, ні я - так і ня будзе ставіцца сур'ёзна да ягоных паэтычных спробаў.

Ужо пасьля пачатковых клясаў стане ясна, што надзея "ўзьляцець арлом са школы" мае важкую падставу - высьветліцца, што Саша вельмі таленавіты: ён фэнамэнальна адораны ў матэматыцы. Праз усе гады ягонай вучобы ў сярэдніх і старэйшых клясах, настаўнікі будуць дзівіцца ягоным здольнасьцям. Як потым і выкладчыкі ва ўнівэрсытэце. Гэтак будзе шмат шуму і размоваў вакол яго... Знаёмячыся са мною, настаўнікі будуць вітаць мяне: "О, дык ты сястра таго матэматычнага хлопца! То, напэўна, і ты такая ж таленавітая, га?" Магчыма. Але не настолькі яскрава, як ён.

Ты - геніяльны, мой маленькі старэйшы брат.

 

...Мы натхнёна працягваем наш нядзельны ўрок, і я ахвотна прыступаю да наступнай "В", ...але са мной адбываецца нейкі канфуз, і мы пераходзім да водных працэдураў.

15.

Кто связь между добром и злом разрубит?
Кто сможет это сделать не греша?

 

У сваіх лістах і размовах ён будзе гаварыць мне: "Ты, сястрычка, нарадзілася ня ў тым стагодзьдзі. Ці то запозна. Ці то зарана. ...А мусіш верыць, што твой прынц яшчэ адшукае цябе, мая дарагая прынцэса."

...Пазнаньне таго, які зьменлівы гэты цудоўны Сьвет, яшчэ чакае мяне наперадзе ў маім жыцьці.

Якім пакручастым можа быць Жыцьцё - як нашыя зьвілістыя беларускія ручаі. Якімі нечаканымі, зацягучымі вірамі - як у нашых глыбокіх рэчках - запоўнена яно... Як Любоў у абдымках Хлусьні становіцца Ільдом. Як Гвалт можа ўбірацца ў вопратку Дабра...

І ніколі ня зможаш ні прывыкнуць да прыхамацяў Жыцьця, ні быць гатовым да ягоных паваротаў.

"Не будет моей части в разгадке Бытия..."

У сярэдніх клясах высьветліцца, што ў Сашы падазроныя схільнасьці да недаравальнага граху: ён відавочна ня будзе цікавіцца "общественной жизнью школы" і ўсяляк памкнецца пазьбягаць удзелу ў піянэрскай і камсамольскай рабоце. Што неабвяргальна мусіць быць выпраўленым!

Уступ у піянэры ня будзе для нас нас выбарам, а вось прыём у камсамол мы павінны будзем яшчэ заслугоўваць. Непрыняцьце ў камсамол - страшэннае пакараньне!

Саша нават не складзе заявы туды...

Вайна з свавольным хлопчыкам разгорнецца не на жартачкі. Саша праявіць нечувана-недапушчальную ўпартасьць. Асобны фронт вайны праляжа праз буржуазна-недапушчальную даўжыню валасоў, шырыню штаноў і разбэшчаную музыку "Бітлз". З часам, калі іншыя хлопцы ўжо супакояцца ці хаця б будуць хаваць свае захапленьні, гэты цьвердалобы неслух - не. Ня пусьцяць яго ў клясу ў шырокіх штанінах - ён здабудзе сабе яшчэ шырэйшыя. Яго будуць стрыгчы нагала - ён будзе прагульваць школу...

Да старэйшых клясаў ён ператворыцца ў абсалютова няўпраўнага, невыносна агрызьлівага "цяжкага падлетка". Будзе пастаянна прагульваць школу, запусьціць вучобу і ня будзе прызнаваць ніякіх парадкаў.

Я хаця і буду даволі актыўным сябрам касамолу, але дух супярэчлівасьці ня будзе чужым і для мяне. І часьцяком, нават пасьля таго, як мой брат закончыць школу, я буду чуць у адказ на мае пярэчаньні настаўнікам: "А-а, это ты достойная сестра своего наглого брата!"

Я должен был родиться журавлем,
но по ошибке - или по улыбке! -

явился в мир в обличии своем,

чтоб досаждать себе - колючей рыбке.

Калі ён будзе ў 10 клясе, у школе грымне страшэнны скандал. Райкам камсамолу разам з гарана будуць праводзіць дасьледаваньне сярод вучняў старэйшых клясаў на прадмет іхнай "моральной устойчивости и политической зрелости". Вучням трэба будзе запоўніць анкеты-апытальнікі.

Пасьля гэтай анкеты Сашу разам з бацькамі выклічуць на пэдсавет школы ў прысутнасьці прадстаўнікоў райкама камсамолу. На парадку дня будзе выключэньне Сашы са школы. (Што - там, у Сашавай анкеце, ня будзе абмяркоўвацца нават дома "на кухні" шэптам...)

Мая бедная мама... мая адчайная да безразважнасьці мама скажа ім:

- А вы памятаеце, якога вучня я прывяла да вас у першую клясу дзесяць гадоў таму? Забыліся ўжо! ...І што вы зь ім зрабілі? ...

Саша ледзь закончыць школу. Мама ўгаворыць яго ўступіць у камсамол, каб падаць дакумэнты ва ўнівэрсытэт на матфак: некамсамольцаў у ВНУ не прымаюць.

Складкаў, аднак, ён ні разу не заплоціць.

Ва ўнівэрсітэце ў яго будуць нейкія праблемы з дэканатам, і напрыканцы трэцяга курсу яго выключаць з унівэрсытэту пасьля таго, як ён проста ня пойдзе здаваць экзамэны па навуковаму камунізму, гісторыі партыі і ўсе астатнія разам зь імі.

Адразу ж яго забяруць у армію. ...Ён будзе шмат расказваць мне ў лістах і пасьля, як гэта складана - змагацца з "дзедаўшчынай", што махровым цьветам буяе ў войску. Так, ён і тут не супакоіцца, а распачне свайго роду рэвалюцыю на злом ненармальных, нялюдзкіх парадкаў у сваёй часці. Сярод афіцэраў ён праслыве ці то адпетым лайдаком, ці то нахабнікам, але ягоныя захопленыя саслужыўцы яшчэ доўга нават пасьля заканчэньня ягонай службы будуць зьвяртацца да яго - пагаварыць, параіцца. "...І няхай начальства наракае зараз на мяне і баіцца як бунтара, але я рад, што лёд крануўся і ў гэтым ёсьць і нейкая мая заслуга, дзякуючы нежаданьню мірыцца з гэтым усім."

Кругом идёт война.
Я дрался, что есть силы...

Праблемы з начальствам у яго будуць заўсёды. Хаця ён і зробіцца выдатным будаўніком з вышэйшай кваліфікацыяй па ўсіх будаўнічых спэцыяльнасьцях. Але ягонае атачэньне будзе любіць яго: ён будзе лагодным, вясёлым і інтэлігентным хлопцам.

З гадамі, праўда, - ўсё больш замкнёным і адстароненым.

И у кого мне с ужасом спросить
О том, как становлюсь я холоден к народу,

И через сколько протащили сит

Мою необозримую свободу?

- Ты ведаеш, - скажа ён мне праз гады, - ды нічога асаблівага ў той анкеце я не напісаў. Я напісаў тое, што кожны зь іх ведаў і што кожны думаў. Тое, што ёсьць. ...Ну, напісаў: "Камунізм - гэта гульня ў адныя вароты паміж ілгунамі і дурнямі", "Праграма Камуністычнай партыі - лухта, напісанія некім", а "Маральны кодэкс маладога будаўніка камунізму - мантра палітычна сьпелага ідыёта", ну і ўсякае такое. Зрэшты, гэта былі жарты. Я не зьбіраўся перадаваць ім гэты варыянт. Ня ведаю, як ён да іх патрапіў. Хаця я і не шкадую аб тым: от жа весела было! Ты памятаеш? - засьмяецца ён. - Яны ж там насіліся тады, што тыя прусакі пад сьвятлом!.."

 

О, Госпадзе!

Шчыры да ўпартасьці! Наіўны да безразважнасьці!

Як зьбіраешся жыць ты - у гэтым безнадзейна неласкавым, марозна-кусьлівым, ашчэраным Сьвеце?!

Ты плачешь? Не плачь.
Взгляни лучше вверх

На эти тяжелые тучи.

Там дождь ледяной

Превращается в снег,

Празднично бел и могучий.

Он будет блистать, вызывая у всех

То нежность, то детскую радость.

А слезы - они переплавятся в cмех,

Ты подожди только малость.

16.

Нядзельная раніца.

Дзьве вясёлыя, разьбітныя цёткі - цётка Аня і цётка Маня - прыйшлі да нас у госьці.

Цётка Маня - маміна старэйшая сястра. Яна трапіла ў Менск ў 1944 пасьля ягонага вызваленьня, калі там пачалі будаваць аўтазавод. Яе, 17-гадоваю камсамолку, мабілізавалі на ахову будаўніцтва. Там яна пазнаёмілася з былым партызанскім камандзірам і выйшла за яго замуж. Яны абое адпрацуюць на аўтазаводзе аж да самай пэнсіі.

А цётка Аня - іхная траюрадная сястра, жонка іхнага брата Мікалая - "вечнага партызана".

Цёткі прыйшлі ў адведкі. Пасьля чаркі яны пачуваюцца яшчэ больш жыцьцярадаснымі й сьмелымі.

- Пятро! Як гэта дзіцё не пахрысьціш? - дражняць яны майго партыйнага бацьку, які ж ...дык ...павінен быць атэістам. Замест бацькі гэтта ж я - выбухваю лаянкай на нейкай сваёй мове.

- Ого! А што галосная!

- А-а... равець бясконца. Як ніхто. - уздыхае мама.

- Пятро, то ж ня гожа! Трэба табе яе ўпарадкаваць. Га?

І вось яны са сьмехам, блазнуючы, запіхваюць мяне ў сумку. Саша, зьбянтэжаны такім паваротам, стаіць разгублены.

- Бач, хлопе... калі яна ўжо такая крыкуха - мы яе забяром! - Саша ўскоквае дзікай кошкай і ўчэпліваецца рукамі і нагамі ў ручку сумкі, кусае цётчыны рукі.

- Ірынка! Наша дачушка! Мама, яны забіраюць яе! Не аддавай!

- Ай, сынок, яна благая. Равець во дзень і ноч. Я так стамілася. Не магу больш зь ёй. Давай аддадзім яе.

- Я! ...Я сам буду яе гадаваць!

17.

Праз увесь прамёрзлы горад, схаваную ў звычайнай сумцы, мяне прывезьлі ў Касьцёл сьвятых Сымона і Алены, што на плошчы Леніна каля дома Ўраду.

Наш улюбёны Чырвоны касьцёл цудам ацалеў у апошнюю вайну. Некалі пабудаваны быў як каталіцкі касьцёл на сродкі аднаго багатага гараджаніна ў памяць аб сваіх памерлых дзецях. Але пасьля рэвалюцыі каталікі ж былі забаронены, і цяпер тут ідзе праваслаўная служба. Пазьней забароняць і яе, і там атабарыцца Саюз кінематаграфістаў, што і выратуе будынак ад поўнага "революционного преобразования".

...Я сяджу на руках абаіх маіх цётак. Разамлеўшы і падабрэўшы ад цёплага водару, я цікаўна разглядаю дзіўны пакой, прыгожыя іконы, пакрытыя белымі з чырвоным ручнікамі, агеньчыкі сьвечак. Сьвятар у залачонай вопратцы гаворыць дзіўнавата незразумелымі словамі і махае перад намі нейкай дымнай штукай. Потым ён пырскае на мяне вадой, перахрышчвае і надзявае мне на шыю маленькі крыжык...

Мяне нараклі Ірынай. Імем, якое выбраў для мяне мой брат.

 

...Праз гады, калі людзі будуць казаць, што я такая цярплівая і цярпімая, ці дзівавацца маёй цўдоўнай устойлівасьці да марозу - я буду адказваць: гэта таму, што ў мяне аж дзьве хросныя маці. Ну, а мароз... а з Марозам мы ж проста - "малочныя браты".

 

* * *

Не шутят такими вещами,
Но каждой прожилкой в судьбе

Я верю: меня завещали

На этой планете тебе.

Бери же любовь! И печали
В смущенной душе не таи...

Меня, как огонь, передали

В неловкие руки твои.

Саша памёр пахмурным лістападаўскім днём 1996 году, калі яму было 40. Памёр ён ад той сацыяльнай бяды, што набыла памеры эпідэміі ў нашай краіне. Ён аказаўся слабым перад хваробай, якая замяніла Любоў у нашым доме на Злосьць і Боль.

Той, хто мусіў нарадзіцца жураўлём, хацеў бачыць Сьвет дасканалым ...і выбраў доўгі і пакутны шлях адыходу зь яго.

Мама ня бачыла ягонай сьмерці: яна памерла на два гады раней. Бацька ж пакінуў сям'ю даўно: маючы дзьве вышэйшыя адукацыі, ён так і ня змог пракарміць сям'ю за свой заробак. Развод быў такім бурным, што ён так да нас больш і не прыходзіў, а свайго сына пабачыў пасьля 23-гадовай разлукі толькі ў дамавіне. Праз год я пахавала і яго.

Пасьля Сашавай сьмерці я знайшла ў ягоных рэчах два сшыткі, сьпісаныя ягоным прыгожым дробным почыркам. Два сшыткі вершаў, напісаных на "правильном языке" без адзінай памылкі, аб якіх я ня мела раней ніякага ўяўленьня.

Гэтыя прыгожыя, мудрыя, неабсяжныя, дзівосна прароцкія вершы.

Путь простёрся за чертой конца пути -
Парадокс, противоречье, вызов безднам...

І толькі гэтыя вершы і той маленькі крыжык, які я выпадкова знайшла ў старых сямейных паперах, калі выпраўлялася ў Канаду, грэюць тут мне душу, адмарожаную там - ў маёй цяпер далёкай, цудоўнай, крохкай, непаддатлівай краіне.

 

...Тая Зіма была вельмі халоднай...

 

Я ненавижу всякое насилье.
Но худший тип - насилие добра:

под каблуком хрустят чужие крылья,

зато идет по правилам игра.

Я не играю в жизнь - мои ошибки
зачтутся мне - не вам о них жалеть.

Вы говорите, нынче в моде скрипки?

Но с детства я предпочитаю медь.

Любить?! - Люблю.
Надеяться?! - Надеюсь.

Пускай легко обидеть и сломать,

но никогда не выбить эту ересь

из тех, кто не боится умирать.

Я не боюсь. Я верю в воскрешенье.
Не там, а здесь. Бездонные миры -

соединятся люди во спасенье.

И к черту ваши правила игры.*
 

 

Ірына Варабей , Таронта, 2003.
Аўтарскі пераклад з ангельскай.

*Тут і вышэй: вершы з паэтычнага сшытка Аляксандра Вараб'я.

ivarabei.wix.com
 
« Папяр.   Наст. »
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 1128
mod_vvisit_counter Учора 1529
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 6248
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 28679