Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 
Брама сайта arrow ДЗЯРЖАВА І МЫ arrow SOS-паралелі arrow Амерыканская школа вачыма беларускага настаўніка

Амерыканская школа вачыма беларускага настаўніка Друк E-mail
25.09.2008 | 20:20 |
 

Тамара МацкевічТамара Мацкевіч, намеснік старшыні ГА "ТБШ"   •  

Замест прадмовы

Пачну з таго, як можна звычайнаму настаўніку патрапіць у Амерыку. Аказалася, вельмі проста. Я ведала ад сваіх калегаў, якія ўжо мелі досвед падобных паездак, таму сачыла за аб'явамі розных адукацыйных стажыровак, і як убачыла ў адной з рассылак абвестку Амерыканскага адукацыйнага цэнтра пра праграму прафесійнага абмену, падала заяўку. І праз тры месяцы я была ў штаце Вермонт, знакамітым кляновым сіропам, прыгожымі зялёнымі гарамі, прэстыжнымі ўніверсітэтамі і высокім узроўнем жыцця. 

Калі я пісала заяўку, было вядома, што беларускія ўдзельнікі стажыроўкі будуць жыць у амерыканскіх сем'ях. Я пазначыла, што буду вельмі задаволеная, калі ў маёй прымаючай сям'і будуць дзеці-школьнікі. Я проста марыла параўнаць нашыя школы з усіх бакоў, а таксама мець магчымасць пагаварыць пра школу з дзецьмі і бацькамі.

І вось я патрапіла ў сям'ю Боба і Бэверлі Дылін, якія маюць шасцёра дзяцей і шасцёра ўнукаў, праўда, старэйшыя дзеці з унукамі жывуць асобна, а ў школу ходзяць толькі малодшыя, прыёмныя з Расіі Іван (16 год) і Аляксандра (14 год). Вучні, адпаведна, 10 і 8 класаў. Бэверлі сама працавала ў школе, але вымушана была сысці з працы і стаць хатняй настаўніцай для сваёй малодшай дачкі, якую сям'я ўдачарыла амаль у трынаццаць год, і якая тады ні слова не разумела па-англійску. Мае спадзяваннні на тое, што я змагу гаварыць з дзецьмі на рускай мове, не спраўдзіліся. Іван прыехаў у Амерыку ў 4 гады. Яго Дыліны ўсынавілі ў 1996 годзе і забралі з Краснаярскага шпіталю. Хлопчык тады амаль нічога не гаварыў і важыў 23 фунты (крыху больш за 10 кілаграмаў). А Аляксандра прыехала ў 2006 годе і ведае мову добра, але ўпарта адмаўляецца гаварыць. Відаць з рускай мовай, як і Расіяй наогул, у яе асацыююцца жахлівыя ўспаміны пра інтэрнацкае жыццё, п'янства маці, уцёкі з дзіцячага дому, савецкую сістэму "выхавання", "добрых" рускіх настаўнікаў і выхавацелек, што яна за тры тыдні майго побыту ў іх сям'і не змагла выціснуць з сябе ні слова. Пра сваё жыццё ў Бірабіджанскім дзетдоме яна крыху расказала мне па-англійску, і я зразумела, што пакуль не трэба трывожыць пачуцці дзяўчынкі. Гаворым па-англійску. Нават заву яе Алекс, бо Сашай яна быць не хоча.

Я шмат чула, што самае вялікае адрозненне паміж амерыканскімі і нашымі дзецьмі ў тым, што першыя любяць хадзіць у школу. Я, шчыра кажучы, крыху сумнявалася, што гэта праўда, таму ў першы ж вечар нашага знаёмства адразу задала гэтае пытанне дзецям. Аказалася, што насамрэч любяць. Любіць школу і Іван, якому цяжка даецца вучоба - ён займаецца па спецпраграме ІEP (Individual Educational Program) разам з астатнімі дзецьмі, і Алекс, якая мае моўныя цяжкасці для вучобы. Яны мне доўга тлумачылі, што ў школе вельмі цікавыя настаўнікі, шмат вольнага часу, шмат сяброў, можна весела правесці час, у кафетэрыі смачная ежа, цікавыя і часам складаныя дамашнія заданні, і наогул, яны любяць вучыцца. Але я так нічога і не зразумела, пакуль на свае вочы не пабачыла і не адчула сапраўдную атмасферу, якая пануе ў амерыканскай школе.

Гэты артыкул не прэтэндуе на грунтоўнасць і аналітычнасць. Тут сабраныя ўражанні ад наведвання амерыканскіх школ, размоваў з калегамі, дзецьмі і бацькамі пра праблемы адукацыі.

Williston middle school

Семінар у Мінску вядуць Алесь Лозка і Ніл Гілевіч. Тамара Мацкевіч (крайняя злева, Цэнтар Супольнасьць) і Ларыса Андросік (Дыярыуш) прадстаўляюць новыя выданні і праграмы для настаўнікаў.
Семінар у Мінску вядуць Алесь Лозка і Ніл Гілевіч. Тамара Мацкевіч (крайняя злева, Цэнтар Супольнасьць) і Ларыса Андросік (Дыярыуш) прадстаўляюць новыя выданні і праграмы для настаўнікаў.

   

У Амерыцы, як і ва ўсім цывілізаваным свеце, 12-гадовая сістэма школьнага навучання. У будынку вясковай школы Williston middle school, якую наведвае Алекс, месціцца адразу дзіцячы садок, пачатковая і сярэдняя (па-нашаму базавая) школа. Там дзеці навучаюцца да 14 год (8 класаў). Потым яны ідуць у іншую, вышэйшую школу (high school), дзе вучацца да 18 год і атрымліваюць атэстат. За дзецьмі зранку заязджае школьны аўтобус, які пасля заняткаў развозіць усіх па хатах. Усё гэта бясплатна для бацькоў.

Сам школьны калідор - асобная размова. Гэта зусім не музей, з дошкай гонару і нагляднай агітацыяй, а прастора для самавыяўлення. Тут няма адчування, што нельга ні да чаго дакранацца. Напрыклад, месцы для сваіх заплечнікаў дзеці афармляюць, як ім захочацца. Хтосьці над сваёй шафкай ці кручком малюе сваю руку, хтосьці - свой аўтапартрэт, а хтосьці змяшчае цэлую анекту з фотаздымкам, каб іншыя змаглі больш пра яго даведацца. Вельмі часта на дзвярах кабінетаў можна заўважыць партрэты настаўнікаў. Прымаляваныя вусы ці дзічка - не, такога мы не бачылі. Але, пастаяўшы каля аднаго кабінета, мы даведаліся, што настаўнік містэр Мэрыл мае рост 6 футаў 3 дзюймы, сінія вочы, двух братоў Тода і Этана, сабаку па мянушцы Максін, любіць выкладаць гісторыю і навукі, любімы метад выкладання - даследаванне, наймацнейшым метадам лічыць кінестэтыку, хобі - бейсбол і медыяцыя.

Часта на калідорах вывешваюцца прэзентацыі праектаў вучняў, бо праектнае навучанне вельмі распаўсюджана ў амерыканскай школе. Часам на сценах проста зроблены графіці, вельмі шмат фотаздымкаў, але, крый божа, не са школьных мерапрыемстваў і святаў, а больш партрэты асобаў ды групавыя партрэты класа, аформленыя, напрыклад, у форме карабля. Асоба і індывідуальнасць тут галоўнае, таму ёй і прысвечана ўсё навокал.

Заняткі

Першае дзіва, незразумелае нашаму настаўніку - амаль усе дзверы ў класныя пакоі былі расчыненыя. Некаторыя класы наогул не мелі дзвярэй. Бэверлі смела зайшла ў першы ж клас і жэстам рукі запрасіла нас далучыцца. Ішоў урок чытання ў 5 класе. Настаўнік - барадаты дзядзечка сярэдніх гадоў у джынсах і красоўках - сядзеў на высокім крэсле, закінуўшы нага за нагу. Пры гэтым ногі паставіў на іншае, крыху ніжэйшае, крэсла. Дзеці сядзелі за асобнымі сталамі, як у кавярні, і ўважліва слухалі, часам нешта каментавалі. Дзіўна было тое, што на нас ніхто не звярнуў увагі. Дзеці і настаўнік працягвалі працаваць у звыклым рытме. Некалькі хвілін мы аглядалі сцены, абсталяванне, прыслухоўваліся да зместу прадмета. Закончыўшы праверку хатняга задання, настаўнік падыйшоў да нас, прывітаўся, запытаўся адкуль мы прыехалі, і пайшоў працаваць далей.

Як выглядае класны пакой, апісаць немагчыма. Гэта трэба ўбачыць. Афармаленне класа - справа густу настаўніка і вучняў. Тут усё, што ёсць на сценах, паліцах, падлозе - усё створана для зручнасці і ўтульнасці. Класныя пакоі вельмі адрозніваюцца і таксама маюць індывідуальнасць, відаць, што розныя асобы іх афармлялі. У адным пакоі мы ўбачылі цэлую калекцыю капелюшоў, якія віселі пад самай столлю. У іншым - велічэзны канадскі сцяг і яшчэ два шэзлонгі з кляновым лістом. Мы запыталіся ў настаўніка, што гэта азначае. Ён сказаў, што ягоная жонка-канадка яму гэта падаравала. Настаўніка ў школе таксама паважаюць як індывіда. Таму ніхто яму не можа забараніць самавыяўляцца. А мы па звычцы шукалі палітыку!

Але ў кожным класе абавязкова прысутнічаюць некалькі рэчаў: дзяржаўны сцяг, паштовыя скрыні для вучняў, дошкі, фліп-чарты. Амаль паўсюль мы бачылі скрынкі з камп'ютэрамі-ноўтбукамі. Іх вучні бяруць падчас заняткаў дзеля патрэбы. Затое не заўсёды ў класе ёсць сталы і нават крэслы.

Наступны ўрок, на які мы ўжо зайшлі смялей, быў урок англійскай мовы (ELL) ў 3-м класе. Наcтаўнік - малады высокі мужчына - займаўся з асноўнай групай вучняў. У куточку таго ж пакою 5 вучняў сядзелі і ляжалі на падлозе з падручнікамі і сшыткамі - з імі на падлозе сядзела і настаўніца, дакладней, асістэнт настаўніка. Тут такіх пасадаў вельмі шмат. Гэта не лабаранты, а менавіта асістэнты, якія могуць падчас урока ўдзяліць увагу больш слабым вучням, вучням з абмежаванымі магчымасцямі, ці пазаймацца з больш таленавітымі. Трэцяя купка вучняў сядзела за камп'ютэрамі. Яны выконвалі індывідуальныя заданні.

На ўроку грамадазнаўства (Social Studies) мы ўбачылі настаўніка, знешне вельмі падобнага да нашага. Гэта містэр Данкан - у строі з гальштукам. Ён адзіны, хто нам сустрэўся быў апрануты ў "дзелавы стыль" і не ўсміхаўся.

Потым Алекс і яе сяброўкі-васьмікласніцы мне расказалі, што містэра Данкана яны не вельмі любяць, таму што на ўроках ён шмат гаворыць і ніколі не застаецца пасля заняткаў, каб паразмаўляць з дзецьмі, зрабіць разам нешта цікавае, як гэта робяць іншыя настаўнікі. Не дарма ён нам нагадаў класічны ўзор савецкага педагога-ўрокадавальніка, якога нічога не цікавіць акрамя ўласнага прадмета.

Напрыканцы мы зайшлі да сяброўкі Бэверлі, у яе скончыўся ўрок мастацтва англійскай мовы (Language Art) у 8-класе і дзеці паціху складалі раздадзеныя ноўтбукі ў агульную скрыню. Гэта быў апошні ўрок, таму мы мелі час паразмаўляць з вучнямі. Мяне ўжо не вельмі цікавіў адказ на пытанне, чаму яны любяць сваю школу. Я ўсё зразумела і сама паспела яе палюбіць.

Адрозненне амерыканскай школы ад нашай - у першай шмат свабоды. Менавіта за СВАБОДУ дзеці любяць сваю ўстанову. У вучнёўскіх дзённіках нават няма месца для адзнак, толькі для самаадзнакі. Кожны сам пазначае, што ён выканаў, а на што яму яшчэ трэба звярнуць увагу. Дзяцей не прымушаюць вучыцца, іх вучаць правільна размяркоўваць свой час, каб выканаць заданні і здаць абавязковыя крэдыты (залікі). Галоўная якасць, якая выхоўваецца ў школьнікаў - адказнасць. Адказнасць у першую чаргу за сябе, свае поспехі, сваю будучыню. Таму працэс навучання пабудаваны так, што большасць інфармацыі вучань здабывае самастойна: у бібліятэцы, у інтэрнэце, а настаўнік арганізуе працэс навучання, дапамагае разабрацца ў інфармацыі, тлумачыць, калі што няясна. Любы занятак нагадвае мурашнік. Усе дзеці нешта робяць, а настаўнік назірае за працэсам і калі-нікалі дапамагае. Мы не бачылі, каб камусьці было сумна, ці хтосьці проста адседжваўся. Як не бачылі і настаўнікаў, якія б глядзелі ў вакно, пакуль дзеці працуюць.

Вучэбныя заняткі ў амерыканскіх школах пазбаўленыя той напружанасці, якая характэрна для нашых навучальных установаў. У класах навучальны працэс часцей за ўсё арганізаваны такім чынам, што вучні не з'яўляюцца пасіўнымі слухачамі тлумачэнняў настаўніка, а актыўнымі ўдзельнікамі працэсу навучання. Гэта дасягаецца альбо за кошт дыялогу з настаўнікам, які пастаянна "правакуе" пытанні з боку вучняў, альбо шляхам арганізацыі працы навучэнцаў у малых групах, у выкананні імі творчых заданняў. Актыўныя і інтэрактыўныя метады навучання вельмі шырока ўжываюцца ў школе, толькі ў апошніх класах, калі вучні мэтанакіравана і адказна выбіраюць сабе патрэбныя прадметы, і ідзе моцная мультыпрофільная падрыхтоўка, дадаюцца традыцыйныя методыкі, а таксама праектнае навучанне, даследаванні, лекцыі, практычныя работы.

Падчас урока навучэнцы могуць адносна вольна перамяшчацца па класным пакоі, карыстацца розным прыладамі (дзіраколы, стэплеры), а таксама выкарыстоўваць камп'ютэры, падлучаныя да Інтэрнэту. Такая вольная атмасфера падчас заняткаў не стварае "выбуху" на перапынках, характэрных для нашых школаў, калі дзеці зрываюцца, як з ланцуга, пасля напружаных і статычных 45 хвілінаў урока.

Хатнія заданні маюць творчы ці праблемны характар. Часцей ад дзяцей патрабуецца не завучыць параграф, а вырашыць праблемную сітуацыю, ці прапанаваць практычнае прымяненне адпаведнай тэорыі. У школьным раскладзе прадугледжаны час на выкананне хатняга задання, таму толькі частку заданняў дзеці выконваюць дома. Самастойна працуюць амерыканскія школьнікі даволі шмат.

Пра ўзровень сярэдняй адукацыі

Большасць беларусаў глядзіць на свет праз расейскае тэлебачанне, таму мы маем стэрэатыпныя ўяўленні пра Амерыку і амерыканцаў. Відаць, дзякуючы гумарысту Задорнаву я чакала, што адукацыя ў амерыканскай школе будзе нізкага ўзроўню. Дык вось, мяркуйце самі: у 8 класе 5 абавязковых прадметаў: англійская мова , літаратура, матэматыка, сацыяльныя навукі, навука і навыкі для жыцця (асновы хіміі, фізікі, біялогіі, геаграфіі). Яшчэ дзённік прадугледжвае 3 пустыя клетачкі, куды можна ўзяць 3 прадметы па-выбару. Гэта можа быць музыка, тэхналогія, тэатральнае мастацтва, навучанне кіраваннем аўтамабіля і шмат чаго іншага. Вялікая ўвага надаецца спорту. А наогул, цэнтралізаванай сістэмы адукацыі ў Амерыцы няма. Чаму і ў якім аб'ёме вучыць дзяцей вырашаецца на мясцовым узроўні праз Савет школы. Яго абіраюць усе мясцовыя жыхары на некалькі год, а Савет школы аб'яўляе конкурс і прызначае дырэктара школы. Ні міністэрства адукацыі, ні адміністрацыя штата на гэты працэс не мае ўплыву.

У Williston middle school праграма 8 класа па матэматыцы нічым не адрозніваецца ад праграмы нашай школы - дробы, дзесяцічныя дробы, ступені, плошчы фігураў, аб'ёмы целаў - усё ёсць. Праўда задачнік зусім іншы. Ён больш падобны на часопіс "Разгадайка", які нашыя вучні скупляюць у кіёсках і рашаюць задачкі без прымусу. У амерыканскім задачніку больш заданняў на логіку, кемлівасць і практычнае прымяненне тэорыі.

Затое, узяўшы кантрольную па грамадазнаўству, я змагла адказаць толькі на адно пытанне з пятнаццаці. Маіх практычных ведаў пра сацыяльнае ўладкаванне сучаснага свету нават пасля ўніверсітэцкага курсу грамадазнаўчых навук не хапіла на сярэдні ўзровень амерыканскага васьмікласніка.
Вышэйшыя ступені сярэдняй школы (high school) маюць асобныя памяшканні і больш сур'ёзнае абсталяванне. Напрыклад, у школе, у якую ходзіць Іван, мы наведалі чатыры кабінеты біялогіі, кожны абсталяваны сваёй лабараторыяй, адмысловымі прыладамі, мае адпаведную літаратуру для вывучэння розных галінаў біялагічных навук.

Асобна скажу пра праграму англійскай мовы. Яе вывучаюць на двух занятках ELL (English Language Learning) і Language Art. Прадмет моўнае мастацтва прадугледжвае навучанне прыгажосці мовы. Гэта і каліграфія, і прыгожае пісьменства, і яснае выкладанне думак і якаснае напісанне дзелавых папераў.

Зразумела, у Амерыцы ёсць усякія школы, і слабейшыя, і мацнейныя. Williston middle school - звычайная сярэднестатыстычная бясплатная дзяржаўная школа, якая займае 40 месца ў рэйтынгу ў сваёй акрузе. У такіх школах навучаюцца каля 90 працэнтаў амерыканскіх дзяцей. Астатнія наведваюць прыватныя школы ці знаходзяцца на хатнім навучанні, якое становіцца ўсё больш папулярным. Лічыцца, што хатняе навучанне больш якаснае. Бацькі самі вырашаюць, у якую школу аддаць дзіця.

Праца настаўніка

У адрозненне ад беларускіх калегаў, амерыканскія настаўнікі маюць адзіны абавязак - вучыць дзяцей . Ім можна толькі пазайздросціць. У размовах высветлілася, што настаўнікі - свабодныя людзі, якія не баяцца ні праверак, ні камісій, ад іх не патрабуюць ні паўрочных планаў, ні выхаваўчай работы, ні бясконцых папяровых справаздачаў, ні адпаведнага стылю вопраткі. Настаўнік цалкам аддае сябе любімай працы, прычым робіць гэта з відавочным задавальненнем. Настаўнік - гаспадар свайго ўрока, сам выбірае метады выкладання, падручнікі ці праграмы. Калі ёсць жаданне, можна напісаць свой падручнік ці праграму, і працаваць па ім. Гэта толькі вітаецца, і зацвярджаць свой падручнік нідзе не трэба.

Настаўніцкіх пакояў у школе даволі шмат. Яны больш нагадваюць добра абсталяваныя офісы. У дадатак ёсць і працоўныя пакоі для настаўнікаў. Там стаяць ксераксы, камп'ютэры, ляжаць стосы паперы розных колераў, фарбы, фанера, прылады для рэзкі паперы і шмат чаго яшчэ.

У амерыканскай школе мы заўважылі шмат мужчын-педагогаў. Добры заробак і гендэрны баланс дазваляе падтрымліваць добразычлівую працоўную атмасферу ў калектыве. У настаўніка шмат памочнікаў. Каб пазбегнуць ізаляцыі, амерыканцы імкнуцца інтэграваць дзяцей з праблемамі ў звычайнае грамадства, таму на занятках можа дапамагаць лекар, асістэнт настаўніка, сурдапедагог і г.д.

Уражваюць і стасункі настаўнікаў з дзецьмі. Няма ні субардынацыі, ні панібратцтва. Відаць педагагічныя ўстановы даюць дастаткова прафесійных навыкаў, каб настаўнік змог выбудаваць такія роўныя, добразычлівыя, паважлівыя адносіны з усімі вучнямі.

Стасункі бацькоў і школы

Амерыканцы ў большасці незадаволеныя сваёй сярэдняй школай, але вельмі ганарацца ўніверсітэтамі. Кажуць, што сярэдняя школа дае мала акадэмічных ведаў і ўніверсітэты вымушаны кампенсаваць гэтыя прагалы.

Бэверлі Дылін сама працавала ў школе ўсё жыццё, мае старэйшага сына, якому 40 год і малодшую дачку-васмікласніцу, сказала, што цяжка вызначыць, чым яна незадаволеная, бо школа ўвесь час змяняецца. Яна памятае часы, калі лепшым метадам навучання лічылася палка ад мятлы і тады думалі, што гэта добра.

Бацькі моцна ўплываюць і на змест навучання, і на методыкі. Яны адразу падымаюць праблему, калі штосьці не задавальняе - і праблема вырашаецца. Вось, напрыклад, два гады таму, калі яе сын Роб збіраўся паступаць у тэхнічны каледж, яны выступілі з прапановай да сваёй школы, каб забяспечыць здольных вучняў большым аб'ёмам акадэмічных ведаў, і іх пачулі.

Зараз Бэверлі вядзе перапіску з дырэктарам школы, каб той забяспечыў дадатковае навучанне для Алекс. Ліст маці да дырэктара, якога яна не ведае асабіста, пачынаецца са словаў "Прывітанне, Шон!" Далей Бэверлі тлумачыць, што Алекс - здольная дзяўчынка і дадатковыя заняткі па навукам, гісторыі і англійскай мове дазволяць ёй пазбегнуць навучання па спецыяльнай праграме і будуць інвестыцыяй, якая прынясе плён для грамадства ў будучыні. Яна просіць прызначыць дадатковага т'ютэра для дачкі, які б на працягу году дапамогаў падцягнуць веды Адэкс да ўзроўню астатніх дзяцей школы. Далей у лісце Бэверлі пералічвае пяць пунктаў, чаму дырэктар абавязаны гэта зрабіць. У адным з пунктаў нагадвае, што сям'я плаціць падаткі, і ахвяруе грошы на сацыяльныя праграмы, якія ідуць і на ўтрыманне школы.

Я, маючы досвед падобных зносінаў паміж беларускімі педагогамі і бацькамі, запыталася, ці не баіцца, што пасля такога ліста на Алекс можа быць уціск з боку школьнай адміністрацыі, і яна не зможа наведваць гэтую школу, ці не прасцей бы было ўзяць рэпетытара? Бэв доўга не магла зразумець змест майго пытання, а калі зразумела, сказала, што такога не бывае, бо тады на пасаду дырэктара Савет школы знойдзе іншага чалавека. І калі школьная сістэма не забяспечвае раскрыццё патэнцыялу кожнага школьніка, трэба мяняць сістэму, а не шукаць іншага выйсця. Вось так!

А наогул, пра рэформу школы ў Амерыцы ніхто не кажа, бо школа рэфармуецца пастаянна, каб апавядаць жыццю. У дзень нашага ад'езда ў мясцовай газеце быў надрукаваны артыкул бацькоў, якія выступалі супраць стварэння рознаўзроставых групаў у сярэдней школе. Значыць, пасля майго ад'езду ўжо нешта змянілася. Галоўны кірунак школьных зменаў апошніх год - паляпшэнне якасці адукацыі, удасканаленне падрыхтоўкі педагагічных кадраў, змена зместу адукацыі ў бок пашырэння акадэмічнай часткі і падвышэнне тэхнічнай абсталяванасці школаў.

Высновы

У любой адукацыйнай сістэме існуюць асноватворныя прынцыпы. Галоўныя каштоўнасці амерыканскай сістэмы - у заахвочванні пошуку, спазнанні навучэнцамі сябе і свайго месца ў знешнім свеце, у развіцці індывідуальнай адказнасці, падтрымцы нефармальных, дэмакратычных зносінаў паміж настаўнікамі і навучэнцамі і бацькамі. Дзеля рэалізацыі гэтых прынцыпаў настаўніку, вучню, і школьнай адміністрацыі даецца поўная свабода.

Амерыканская сістэма вельмі адрозніваецца ад беларускай. У першую чаргу, яна арыентавана на індывідуальнасць, а не на калектыў. Тут шукаецца індывідуальны падыход да кожнага дзіцяці, культывуецца свабода асобы і яе значнасць, адказнасць за сваё жыццё. Каб нашыя дзеці мелі больш свабоды ў школе, можа б мы не мелі столькі інфантыльных безадказных дарослых, якія не могуць пастаяць за сябе і за блізкіх. Інфантыльнасць - гэта як раз якасць нашых вучняў, бо інфантыльнасць - вынік залішняга кантролю, адсутнасці свабоды выбару.

Ды і п'янства, сацыяльнаяе сіроцтва і іншыя сацыяльныя праблемы - гэта следства безадказнасці асобы, чаму спрыяе палітыка патэрналізма беларускай дзяржавы, закладзеная ў падмурак новай "дзяржаўная ідэалогіі".

Другое адрозненне - у практычнай скіраванасці ведаў. Тут школа імкнецца не столькі нагрузіць дзіця ведамі, колькі навучыць яго іх ужываць у штодзённым жыцці. Недарма незалежныя эксперты, навукоўцы з розных краін, якія займаюцца параўнальнай адукацыяй (Comparative Education), адзначаюць вялікую прыстасаванасць амерыканскіх дзяцей да рэальнага жыцця. У сучасным свеце больш каштоўна мець канкрэтныя навыкі работы, напрыклад, на персанальным камп'ютэры, карыстацца магчымасцямі інтэрнэту, кіраваць аўтамабілем, мець неабходны мінімум эканамічных і юрыдычных ведаў, ведаць як скласці дзелавы ліст, падлічыць падаткі, прэзентаваць сябе і ўладкавацца на працу - гэта ўсё змест школьнай праграмы. А каму з нас прыходзілася скарыстацца абавязковымі ведамі беларускай сярэдняй школы: знайсці натуральны лагарыфм ці скарыстаць трэці пастулат Бора, каб разлічыць стацыянарныя арбіты атамаў?

Атрымліваецца, нашая школа адымае ў вучняў і настаўнікаў шмат жыццёвых сілаў і часу, пры гэтым асноўныя веды прыходзіцца атрымліваць самастойна. Я як фізік, падчас навучання ў школе і ўніверсітэце чатыры разы праходзіла адны і тыя ж фізічныя законы, толькі з розным узроўнем матэматычнага апарату. Але сваю спецыяльнасць (электроніка) і англійскую мову, прыйшлося асвойваць самастойна ўжо на працы. І справа не толькі ў тым, што сур'ёзнай літаратуры па фізіцы на рускай мове, як і на астатніх славянскіх, проста няма. Проста нашая школа і ўніверстітэт не рахтуюць ні да жыцця, ні да працы.

Боб Дэлін - мой калега. Ён распрацоўвае мікрасхемы для фірмы IBM, фізіку вучыў двойчы. Адзін раз - школьная фізіка для жыцця і другі раз - універсітэцкі сур'ёзны, у тым ліку, вузкпрафесійны курс. А вызвалены час і з'эканомленыя сілы ён выдаткаваў на пабудову кар'еры, сям'ю, клопат пра двух выратаваных ад галечы сібірскіх дзяцей Івана і Алекс.

Трэцяе адрозненне - прызнанне каштоўнасці адукацыі. Камп'ютэр з 1 ГБ аператыўнай памяці ў Амерыцы можна набыць за 399 долараў, але толькі за адну антывірусную праграму трэба заплаціць 129 долараў дадаткова, за мікрасофт офіс яшчэ 200. Каштуе не жалеза, а розум! Палітыка Амерыкі скіраваная на збіранне мазгоў з усяго свету. Толькі па грын-карце штогод з нашай краіны туды з'язджае больш за 1000 сямей. У асноўным, гэта інжынеры і выкладчыкі. І пакуль у Беларусі паклеіць шпалеры ў адным пакоі будзе каштаваць больш, чым прачытаць лекцыю ў ВНУ ці напісаць праграму - датуль ніякія прапагандыскія заклікі пра сіліконавыя даліны, прымусовыя размеркаванні, забароны замежных паездак, замаскаваных указамі пра супрацьдзеянне гандлю людзьмі, дзейнічаць не будуць. Мазгі будуць уцякаць туды, дзе іх цэняць.

Магчыма, існуе шмат перавагаў нашай сістэмы школьнай адукацыі над амерыканскай, але, прабачце, я пра іх не магла думаць. Думалася пра іншае. Пакуль мы будзем пазбаўленыя свабоды выбару, пакуль у нашай краіне міністэрства адукацыі ці невядома хто будзе вырашаць, чаму і як вучыць, у што апранацца, у якія арганізацыі ўступаць, датуль нашыя дзеці будуць марыць з'ехаць з гэтай краіны. З'язджаюць зараз не ад голаду, а за свабодай. І ўсе нашыя перавагі не маюць ніякага значэння, калі яны не працуюць на карысць нашага грамадства.

Летапіс ТБШ. 2008. № 2.
 
« Папяр.   Наст. »
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 458
mod_vvisit_counter Учора 1563
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 2021
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 37561