Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 
Брама сайта arrow АДВЕЧНАЕ arrow Культура arrow Непрыўкрасны гонар Айчыны : Кола дзён А.Белага

Непрыўкрасны гонар Айчыны : Кола дзён А.Белага Друк E-mail
21.11.2012 | 19:08 |
Анатоль БелыВасіль ЯКАВЕНКА

Анатоль Белы быў адкрытым, хвацкім і, як мне ўяўляецца, шматгранным у праявах свайго характару беларусам. Неспакойнага нораву чалавек, ён узяў ад свайго народа шмат якіх дыяментаў і аддаў яму яшчэ болей квету руплівай і палкай душы.

Маё асабістае знаёмства з ім прыпала на першыя гады гэтак званай Перабудовы ў Савецкай краіне... 

... тады ўжо каму-нікаму з нашых пісьменнікаў і іншых інтэлігентаў здавалася зусім натуральным і лагічным аднаўленне наўкруг не толькі занядбаных ранейшых дэмакратычных традыцый, але і нацыянальнага жыцця ў саюзным анклаве, што па Канстытуцыі СССР лічылася нормай. 

Аднак усё гэта ў нас, на Беларусі, насіла на сабе адзнаку мройнасці і ніяк не ўхвалялася беларускай дый маскоўскай партакратыяй - кансерватыўны партыйны монстр хапаў за фалды любога, хто вырываўся наперад, і свежым у памяці на той час быў лёс такой светлай трагічнай асобы як Мікола Прашковіч, літаратуразнавец і крытык.

Зямля беларуская спакваля адтайвала, пазбаўляючыся скутасці, і тыя, хто акурат у Беларусі бачыў сваю пракаветную і сапраўдную Айчыну, пачалі шукаць аднадумцаў, паплечнікаў, утвараць гурткі, клубы, майстроўні, збірацца талакой, абмяркоўваць найбольш хвалюючае. Піянерам сярод іх, безумоўна, быў і Анатоль Белы, да якога прыйшло азарэнне яшчэ ў 1984 годзе стварыць культурна-асветны клуб "Спадчына" з ягоным адмысловым клопатам пра зборы, назапашванне і захаванне скарбаў матэрыяльнай і духоўнай культуры.

Я быў добра знаёмы з некаторымі паплечнікамі Белага, але не ўваходзіў у іхні клуб - меў іншыя захапленні і клопаты. У 1987 годзе ў нас як бы сама па сабе сфармавалася канспіратыўная група, якая, кантактуючы праз майстэрню мастака А.Марачкіна, рыхтавала палітычна абгрунтаваныя, вывераныя і вагавітыя, як нам здавалася, лісты да галоўнага прараба перабудовы М.Гарбачова. У тых лістах мы хадайнічалі за беларускую мову. Пад лістамі засаб, адзін пад адным падпісваўся найбольш свядомы люд, затым нехта з нас вёз чалабітную цягніком у Маскву. Дык вось, калі адзін з лістоў па маёй прапанове падпісаў таксама і Белы, наш сярмяжны канспіратар К. з надзьмутымі вуснамі ўзяў дый заляпіў ягоны подпіс. На маё пытанне, чаму ён гэта зрабіў, быў адказ: "А гэта правакатар!" Мелася на ўвазе: стукач КДБ. Нехта лічыў, што і клуб "Спадчына" Анатоль Белы таксама арганізаваў з правакацыйных намераў.

Перасцярога была зразумелаю, а толькі ж у гэтым выпадку яна падавалася мне залішняю - верыць у тую версію пра Белага ніяк не хацелася. Праўду казаць, Анатоль працаваў тады выкладчыкам на кафедры марксісцка-ленінскай філасофіі і каму-нікаму здавалася, што ўжо адно гэтае кідае цень на яго як патрыёта. Але ж і тое праўда, што не месца вызначае сутнасць чалавека. Да таго ж і ў КДБ пракідаліся прыстойныя людзі.

Я падтрымліваў з ім прыяцельскія адносіны, ведаў пра яго задумы і клопаты і мо таму далей болей губляўся ў здагадках: каго ў яго болей, сяброў ці зламыснікаў, непрыяцеляў, зрэшты, праз каторы час у падобнае становішча патраплю і сам я.

Анатоль рабіў сваю справу годна. Рабіў разам з грамадой у 30 - 40 чалавек, якую ўтварыў і якая была даволі ўстойлівая, руплівая і адданая супольным клопатам, інтарэсам. Вядома, надзейнай памочніцай для яго была жонка Ала Мікалаеўна, выкладчыца музыкі, а па другой адукацыі, набытай ужо за ім - філасафіня. Працавала яна ў педагагічным вучылішчы ў Мінску, дзе выкладала ў розны час музыку, этыку, эстэтыку. Невысокая, бялявая, спакойная, роўная, ціхая - у процілегласць Анатолю; яна часта бывала разам з ім на імпрэзах клуба Спадчына", але тым не менш ніколі не заяўляла пра сябе ў выступах або спрэчках. Магчыма, да яе сціпласці прымешвалася яшчэ і тое, што народжаная і выгадаваная ў Расіі, яна не ведала як след беларускай мовы на якой вяліся паседжанні. Разам з тым не хто іншы, а яна была першым дарадцам у Белага ад самага пачатку будаўніцтва, афармлення і адкрыцця музея выяўленчага мастацтва ў Старых Дарогах, у чым ён сам прызнаваўся. Пазней ёй надаралася праводзіць у музеі экскурсіі, асабліва калі яе чалавек адсутнічаў. Адну з такіх публічных экскурсій папрасілі яе аднойчы правесці для раённага гаспадарчага актыву... Хвалявалася, вядома; толькі ж і задаволенаю засталася - уга як - справілася! А то яшчэ быў выпадак: галоўны ўрач бальніцы (аднекуль з родных мясцін В.Быкава) прыехаў на аўтамабілі, каб паглядзець музей, пра які ўжо тады ішоў розгалас. Казаў, што два гады збіраўся гэта зрабіць, нарэшце, выбраўся, прыехаў разам з жонкай, якая разам з ім працавала доктарам.

Анатоль Яўхімавіч таго дня якраз ляжаў на ложку нямоглы па прычыне высокага крывянога ціску. Госці, якіх як Бог паслаў, далі яму выпіць нейкія пігулкі, а самі разам з Алай Мікалаеўнай пайшлі аглядаць музей. Праўду казаць, пакуль яны знаёміліся з экспанатамі першае залы, акрыяў і сам гаспадар Анатоль, падключыўся да іх, пачаў больш падрабязна распавядаць аб такой няпростай і закінутай, прытаптанай гісторыі Беларусі, раскрываў яе праз падзеі, паказваў у тварах, асобах. Калі ён скончыў агляд, прагучала прызнанне ўрачоў: "Бачыце, Анатоль Яўхімавіч, калі мы прыехалі, вам спатрэбіліся былі таблеткі. А цяпер - як наглядзеліся мы і як пачулі ўсё пра ўсё - нам самім трэба пад язык таблеткі прымаць!"

 

Былы вайсковы лётчык Анатоль Белы, а служыў ён у Запаляр'і, вярнуўшыся да цывільнага жыцця, неяк зусім натуральна, як адзінае вартаснае і належнае, успрыняў ідэю далейшага служэння сваёй Бацькаўшчыне - Беларусі.

Музей у ягонай спадчыннай сядзібе ўражваў, і дзівіла рупнасць не толькі яго, Анатоля, але і адмыслоўцаў клуба - скульптараў Сяргея Вакара, Міколы Несцярэўскага, Міхася Інькова, Уладзіміра Лятуна, Анатоля Крывенкі, Уладзіміра Мелехава...

Шукаючы паплечнікаў, Анатоль ставіў перад добрымі і змыслымі людзьмі мэты, акрэсліваў задачы, быў настойлівы і захапляў не толькі стварэннем музея выяўленчага мастацтва ў сваім кутку, але і помніка М.Багдановічу ў Яраслаўлі, адкуль Ала, ягоная жонка, родам, скульптурнага партрэта Л.Геніюш у Зэльве, помніка Міколу Ермаловічу ў Маладзечна, скульптурнага ансамбля легендарных беларускіх дзеячаў - Францішка Скарыны, Міколы Гусоўскага, Еўфрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага - ва ўніверсітэцкім дворыку ў Мінску, аўтарамі твораў у камені сталі Сяргей Адашкевіч, Уладзімір Голубеў, Уладзіімір Панцялееў, Аляксандр Прохараў. Гэты гістарычны і высока мастацкі комплекс сам па сабе - з'ява, ён заслугоўваў увагі і прызнання з боку дзяржавы, аднак ні тым скульптарам, ні таму Беламу ніхто дзякуй не сказаў ад імя гарадскіх ці вышэйшых уладаў. Марыў жа руплівец Белы, пэўна, пра свой каронны нумар: вось каб гэта дазволілі, каб адно далі месца, клуб паставіў бы ў Мінску, скажам, над Свіслаччу, непадалёку ад штаба вайскоўцаў, помнік князю Вітаўту на кані!

Універсітэцкі дворык. Калаж з кнігі В.Якавенкі 

У ліку валанцёраў, а гэта значыць добраахвотных памагатых і дарадцаў у Белага, апроч яго жонкі ды пазней дачкі, апроч скульптараў былі яшчэ паэт Яўген Гучок, археолаг і гісторык Пятро Русаў, мастакі Алесь Цыркуноў, Міхась Карпук, бібліятэкарка Аляксандра Лісоўская, педагог Надзея Сармант, журналістка Ірына Кісялёва, гісторыкі Леанід Лыч, Анатоль Валахановіч, літаратуразнаўца Уладзімір Содаль - усе яны пры неабходнасці ахвяравалі сваім часам і энергіяй пры распрацоўцы і ўвасабленні ў жыццё тых ці іншых праектаў. Адно арганізацыйнымі справамі, безумоўна, займаўся ў асноўным сам А.Белы, што і зразумела. Ён рабіў шмат карыснага, добрага на зямлі сваіх продкаў і адпаведна разлічваў на павагу і гонар у грамадстве і часе. Падаў заяву у Саюз беларускіх пісьменнікаў; улічваючы яго схільнасць да прапаганды нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны, да напісання артыкулаў і выпуску кніг, я даў яму рэкамендацыю.

У 1991 годзе ў маім жыцці надарыўся цікавы выпадак. Пры шчаслівым збегу абставін, у мяне, кіраўніка Беларускага сацыяльна-экалагічнага саюза "Чарнобыль" і рэдактара газеты "Набат", адкрылася магчымасць паехаць ў Злучаныя Штаты Амерыкі, прычым, я мог запрасіць з сабой яшчэ двух чынных дзеячаў, якія на тым баку зямлі маглі мець свой адмысловы клопат. А спадар Белы тады ўжо паспеў завязаць асабістае знаёмства з беларускімі эмігрантамі за акіянам - годам раней па запрашэнні Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў ЗША ён пабываў на амерыканскім кантыненце разам са сваёй дачкой Святланай, журналісткай. Святлана Белая, праўда, не вярнулася на радзіму - засталася ў горадзе Кліўлендзе, акурат на кватэры ў Міхася Белемука, чалавека, дасведчанага ў гістарычных падзеях і, як многія там, нацыянальна выбудаванага, заўзятага беларускага нумізмата, разам з ім пачала выпускаць літаратурна-гістарычны часопіс "Полацак".

Анатоль Белы нутром адчуваў, што ў асяродках эмігрантаў за мяжой ляжыць вялікі спадчынны скарб пазнавальнага і выяўленчага характару і, што не менш важна, беларуская дыяспара там мела шмат адметных асоб, палітыкаў, літаратараў, краязнаўцаў - творцаў, пра якіх памяць людская на Бацькаўшчыне ўжо амаль сцерлася, а моладзь пра іх наогул нічога не ведае; сістэматызаваныя ж матэрыялы аб суайчынніках могуць заняць сваё годнае месца ў ягоным музеі.

Дык вось дваццаць гадоў таму, збіраючыся ў падарожжа за акіян і ацаніўшы грамадскі клопат А.Белага, я запрасіў яго з сабой, балазе і мне было лацвей з такім бывалым ужо, як бачыце, чалавекам пусціцца ў падарожжа.

А другім у нашай заморскай кампаніі аказаўся спадар А.Люцко, якога мне спадобілася запрасіць, ведаючы пра яго запаветную мару заснаваць у Мінску міжнародны вышэйшы каледж па радыёэкалогіі, з наданнем яму імя А.Сахарава; прызнацца шчыра, ажыццяўленне гэтай радыкальнай задумы здавалася мне малаверагодным, ды мала што - яму, Аляксандру Люцко, патрэбна была падтрымка ў навуковых колах ЗША.

Спачатку мы ўсёй лётнай камандай патрапілі ў Нью-Ёрк, адтуль - на аўтобусе - ў Кліўленд і спыніліся на кватэры ў таго ж М.Белемука. Міхась, невысокі, драбнаваты паставай і, як нярэдка падобныя постаці, рухавы, жвавы, ён шчыра і сардэчна апекаваўся намі, тое ж варта сказаць і пра дбайную Святлану, дачку Анатоля; дні праходзілі ў паглыбленні знаёмстваў у асяродку дыяспары, у няспынных гутарках, дыскусіях. Анатоль як узорны таварыш і бацька быў у добрым настроі, тэлефанаваў і прызначаў сустрэчы з кліўлендскімі беларусамі. Я тым часам паслаў ліст А.Салжаніцыну, пасля чаго мне патэлефанавала ягоная жонка Наталля Дзмітрыеўна і дала адрас журналісткі Л.Торн у Нью-Ёрку, да якой я, згодна з іх папярэдняй дамовай, павінен быў паехаць, каб пазнаёміць яе чарнобыльскую сітуацыю на Беларусі і прадставіць матэрыялы экалагічнай газеты "Набат".

Варушыўся тым часа м і А.Люцко; карыстаючыся тэлефоннай сувяззю, знайшоў недзе ва Фларыдзе прыяцеляў з навуковага свету, і яго запрасілі туды. Так што па шляху да вырашэння розных нашых задач мы з ім пакінулі Кліўленд і вярнуліся ў Нью-Ёрк, пасяліліся ў гасцініцы, заказанай жонкай Салжаніцына, -маленькія людзі ў вялікім каменным горадзе. Запомнілася мне наша з Аляксандрам Люцко прагулка па дзівоснаму вечароваму мегаполісу, нагрэтаму за дзень сонцам, затуленаму ценямі і сцішанаму, пярэстаму і фантастычна прыгожаму ў штучным асвятленні; спакой і замірэнне ў нашых душах нечакана парушыў адзін, так бы мовіць, бульварны суб'ект.

Сустрэчны спыніўся і загаварыў па-ангельсу; Люцко адмоўна пакруціў галавой, но-о... "Чаго ён хацеў?" - спытаўся я ў Аляксандра, калі мы з тым размінуліся. - "Прапанаваў аўдыенцыю з ім на адну ноч, маўляў, заплоціць сто долараў". Но-о...

Вярнуўшыся ў свой гатэль, мы заначавалі, а раніцай, пасля сняданку, развіталіся з ім, бо яго чакаў шлях ва Фларыду.

На той час Анатоль Белы ўжо ўспрымаўся беларусамі Кліўленда сваім чалавекам, простым, абыходлівым, надзеленым гумарам, нярэдка з прыхаванай іскрынкай у вачах, якая сведчыла пра ягоны адмысловы альбо нават прытоены інтарэс. Анатоль пазнаёміў мяне яшчэ і з такім дасціпным дзеячам дыяспары як Кастусь Мярляк, які жыў, праўда, пад Нью-Ёркам; у доме Мерляка, дарэчы, я потым пэўны час і гасцяваў, калі меў супольны клопат з журналісткай Людмілай Торн.

Спадар Мярляк пад час вайны, на якую прыпала яго маладосць, быў у Беларускай краёвай абароне, што кідала на яго цень як на ворага савецкай улады. Ён пазнаёміў мяне з успамінамі, напісанымі ім пра свой пакручасты і, тым не менш, годны жыццёвы шлях. Некаторыя раздзелы рукапісу, што тычыліся Беларусі, я надрукаваў неўзабаве ў газеце "Набат", чым вельмі здзівіў яго і парадаваў, бо, затканы савецкай бывальшчынай, ён аніяк не мог даць веры ў магчымасць публікацыі сваіх успамінаў на Бацькаўшчыне, лічыў тое зусім непамысным. І - раптам, бы маланка асвяціла азмрочанае неба! Знак, што яго, урэшце, прызнала Бацькаўшчына. Сам А.Белы выдаў у 1994 годзе Кастусёву кнігу: "Дзейнасьць Кастуся Мерляка на эміграцыі"... Яна выйшла ў выдавецтве В.Санько "ХАТА", у ёй выкладзены, бадай, увесь жыццёвы шлях колішняга міністра ўраду БНР на эміграцыі.

У маёй бібліятэцы стаіць яшчэ і "Выбранае" Анатоля Бярозкі (Мацея Смаршчка), паэта з літаратурнага асяроддзя часопіса "Калоссе" ў 30-я гады. А.Белы адшукаў гэтага нашага суайчынніка ў гарадку Мантэсэля (штат Мінесота), дзе былы выпускнік Віленскага універсітэта Смаршчок працаваў доктарам, адмысловым, варта дадаць, бо ягонай славы хапіла на тое, каб шпіталю надалі імя беларуса М. Смаршчка. І зноў жа выканаўцам праекта, укладальнікам зборніка пазначаны А.Белы, ён і выдаў кнігу ў выдавецтве "Тэхнапрынт" у 2004 годзе.

Анатоль не абмяжоўваўся шапачным знаёмствам з беларускімі дзеячамі Белямуком, Антонам Шукелойцам, Мерляком, Анатолем і Наталляй Лук'янчыкамі, Вольгай Лукашэвіч, Юляй Андрусішынай - найвыдатнымі асобамі на амерыканскім мацерыку, ён, як мог, стараўся вярнуць і вяртаў на радзіму з замежжа многіх адрынутых з вайной суайчыннікаў - на жаль, часам ужо пасля іхняй смерці, адводзячы ім той ці іншы куток у музеі.

Эмігранты-беларусы, якіх падзеі 2-й сусветнай, адарвалі ад дому ды ўзнялі ў вырай, у масе сваёй не мелі аніякай віны перад Бацькаўшчынай. Атабарыўшыся паасобку ці з сем'ямі на амерыканскай ці канадскай зямлі, яны трымаліся сваіх этнічных асяродкаў, мовы, культуры, працавалі і так ці інакш забяспечвалі свае сем'і, былі здольнымі людзьмі, а што да жывых і дзейных тады, да сучаснікаў, як, напрыклад, Янка Запруднік, Вітаўт Кіпель ці хоць бы Васіль Мельяновіч, з якімі я ў тую сваю вандроўку па ЗША пазнаёміўся, то іх грамадзянскі, навуковы і культурна-гістарычны досвед наогул мог прынесці Бацькаўшчыне добрыя маральныя і матэрыяльныя стымулы і дывідэнты.

Дарога ж назад, што пачыналася з пасадкі ў самалёт у аэрапорце пад Нью-Ёркам, адкрыла ў шаноўным нашым спадарожніку А.Люцко адметнасць натуры, якая нас, мякка кажучы, здзівіла. Склалася так, што мы з Анатолем, што спавядалі ў душы таварыскасць, былі абцяжараныя рэчамі, і не столькі сваімі, колькі тымі, якія тамтэйшыя беларусы ўгаварылі нас узяць з сабой, каб перадаць добрым людзям - камусьці з іх родных-блізкіх на радзіме. А спадар Люцко вяртаўся без падобнага багажу, і стаяў перад намі як ферт, напэўна, з добрым набыткам у думках, адно невялікім пляскатым чамаданьчыкам - дыпламатам у руках. На нашу просьбу ўзяць і пранесці з сабой праз турнікет адну з напакаваных валізак ён неяк пагардліва паглядзеў на нас з Анатолем і сказаў: "Не, я гэтага рабіць не буду!".

Абышлося неяк без ягонай дапамогі, але ж тым учынкам, вучоны чалавек, ініцыятар стварэння ў Мінску высокай сахараўскай вучэльні па радыяцыйнай экалогіі, наш кампаньён, урэшце, прадэманстраваў адсутнасць у сваёй душы чагосьці такога, простага і важнага, калі не сказаць святога, што павінна было б заўжды фігураваць у яго... Нам зрабілася прыкра. А.Люцко ў момант стаў для нас чужаком.

Неўзабаве, аднак, развалілася Савецкая дзяржава, перастала існаваць БССР, і во дзіва: намаганнямі нацыянальна свядомай інтэлігенцыі, падтрыманай больш шырокім складам БНФ, была ўтворана Р э с п у б л і к а Б е л а р у с ь. І да нас, на зямлю ўваскрэшанай Бацькаўшчыны, на яе зачараваныя і, здавалася, нават збянтэжаныя нечаканым такім шчасцем улонні рушылі суродзічы - землякі з замежжаў. Можна ўявіць сабе той душэўны ўздым, які агарнуў спакутаваных па Радзіме людзей, што цягам дзесяцігоддзяў мроілі мроі - убачыць вольнай і гасціннай сваю краіну.

Праз год ці два прыехаў на пабыўку сюды і наш сябра - Міхась Белямук, бюст якога, выраблены з гіпсу на заказ А.Белага, ужо ўпрыгожваў залу Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф.Скарыны. Міхась быў запраўскім фатографам-аматарам і штодня хадзіў па сталіцы з зайздросна бліскучым і дарагім апаратам. Невядома, аднак, у якім кутку горада ў аб'ектыў ягоных халасцяцкіх інтарэсаў патрапіла прыгожая жанчына. Перакінуліся словам-другім, спадабаліся адно аднаму, што не прайшло незаўважаным нашай грамадскасцю і сям'ёй Белых. І тут неспадзеўкі ўварваўся ў жыццё мінакоў ураган, якога звонку наогул ніхто не чакаў; ён выхапіў з памяшкання Скарынінскага цэнтра бюст М.Белямука і, пакруціўшы ў паветры, шпурнуў яго ды так, што той разбіўся аб вугал камяніцы. Ніхто не можа сцвярджаць, адно ці добры то быў знак, ці дрэнны. Бо акурат праз яго пайшлі змены ў жыцці нашых рупліўцаў на другім кантыненце. Амаль ў адзін час Міхась Белямук прывёз сабе ў Кліўленд спаважную жонку і Святлана Белая знайшла сваю долю, пабралася шлюбам з добрым хлопцам, і дзякаваць Богу.

 

Мне як каардынатару ініцыятывы "Інстытут нацыянальнай памяці" можна было заўсёды разлічваць на падтрымку Анатоля Белага і ягонага клуба "Спадчына" пры правядзенні розных грамадскіх акцый, напрыклад, у абарону беларускай мовы, а мова заўжды ў людзей з'яўляецца адмысловым гонарам і адметнасцю народа (2009, 2011). Мы з Белым былі паплечнікамі ў поўным сэнсе гэтага адметнага і яскравага беларускага слова. І пытанне для дурняў: быў ён у спісах сяброў КДБ ці не быў... Адно Анатоль рабіў вялікую нацыянальную справу. Улады ў Старых Дарогах яго не чапалі, яны не бачылі Белага, а Белы не ламаў шапкі перад імі. Аднак ён іх перамог, калі аднойчы яны прывялі ў ягоную сядзібу-музей на экскурсію свой раённы гаспадарчы актыў.

У апошнія ж гады свайго жыцця Анатоль разгарнуў спорую дзейнасць у сеціве (шырыня і размах - ад натуры) - адкрыў адразу некалькі сайтаў клуба "Спадчына", на якіх прадстаўляў мастацкую і культурную спадчыну беларускага народу, каляндарныя святы і г.д.

Цікавай падавалася мне таксама дзейнасць КАМІТЭТА ЎШАНАВАННЯ пад кіраўніцтвам А.Белага. Камітэт на сваіх пасяджэннях разглядаў прапановы і г а н а р а в а ў час ад часу нацыянальных беларускіх дзеячаў, у тым ліку сяброў клуба "Спадчына" рознымі медалямі, граматамі, памятнымі кубкамі, каштоўнымі пярсцёнкамі... А найвышэйшай узнагародай лічыўся ордэн "Гонар Айчыны". Калі я не памыляюся, гэты ордэн з рук Белага атрымалі пісьменнікі Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, гісторыкі Язэп Юхо, Георгій Штыхаў, Анатоль Грыцкевіч, не лічачы самога Анатоля Белага.

Старшыня клуба "Спадчына" ведаў сабе цану, магчыма, нават у нечым і пераацэньваў сябе, што зазвычай надараецца з натурамі палкімі, дзейнымі, узрыўнымі, сангвіністычнымі; не цярпеў ён да сябе недаверу, не заплюшчваў вачэй на несправядлівасць, і аднойчы, адстойваючы гістарычную праўду і цнатлівасць душы, усё ж прайграў бой, пацярпеў ад кіраўніцтва свайго універсітэта, у выніку мусіў пакінуць працу на кафедры марксізму-ленінізму.

Магчыма, набалелае з тых часоў нейкім чынам адгукнулася і ў новым часе, пры збегу іншых абставін.

У 2002 годзе у сталічным Палацы мастацтва, з нейкае там нагоды, пэўна, стагоддзя вядомай у гісторыі "Грамады", ладзіўся сход інтэлігенцыі. Анатоль прыйшоў туды з пачуццём гонару за сваю справу, ён акурат надрукаваў на белым тонкім кардоне паштоўку з двума профільнымі партрэтамі знакавых беларускіх асоб; яны былі змешчаны як бы ў арачнай светла-карычневай прасторы з подпісам: Браты ЛУЦКЕВІЧЫ. А ніжэй значылася: Да стагоддзя "ГРАМАДЫ". 1902-2002. І ўжо тонкім карункавым курсівам у самым нізе: Старыя Дарогі. Сядзіба музея выяўленчага мастацтва. Фонд Анатоля Белага.

Паштоўка, на мой погляд, была ўдалай і, прадстаўляла слаўных гістарычных дзеячаў, барацьбітоў за прызнанне годнасці беларусаў, за вызваленне беларусаў з-пад уціску пыхлівых і прагных суседзяў. Як-ніяк, а выданне было да часу!

Анатоль Яўхімавіч падняўся на другі паверх, дзе ў фае перад актавай залай ужо тоўпіўся люд, адразу ж і пачаў раздаваць паштоўкі, выбіраючы ці то найбольш знаёмых яму, ці найбольш адметных асоб... А побач акурат праходзіў былы прарэктар БДУ, адзін з "белавежскіх зуброў" - спадар Шушкевіч.

"Станіслаў Станіслававіч, - звярнуўся да яго Белы: - Прэзентую вам паштоўку, прысвечаную юбілею "Грамады", вы ж справу "Грамады" працягваеце!" Шушкевіч глянуў і тут жа адхіліў паштоўку са словамі: "Спадар Анатоль, вы несумленны чалавек!" Мяркую, што тыя словы маланкай апалілі сэрца Белага, і адвёўшы руку, у афекце ён паласнуў ёю па твары крыўдзіцеля. Гэта было яскравым адказам на недавер і ўсялякія плёткі вакол ягонай асобы. Заставацца ж на сходзе ўжо не выпадала, і ён пакінуў палац мастакоў.

 

Дагарала свечка ягонага жыцця, калі сябры рупіліся над выданнем прыгожага і яркага каталога - музейнай калекцыі Анатоля Белага пад назвай "Раскрылі крылы музы". Анатоль, прыспешваючы памагатых, на месяц падкараціў тэрмін выдання. Справіліся, і добра! Прыехала дачка Святлана. Акурат 4 лістапада 2011 года клуб "Спадчына" наладзіў у Палацы мастацтва прэзентацыю, на якую старшыня клуба А.Белы ўжо не меў сіл паехаць. У ліку выступоўцаў на той імпрэзе паказалі сябе мастак і паэт Р.Сітніца, скульптар М.Несцярэўскі, мастак А.Зіменка, як і Святлана-дачка...

 

Быў вечар, калі прэзентацыя скончылася, і да Белага зайшоў Уладзімір Раманоўскі, дасціпны чалавек, вопытны інжынер-электроншчык, ураджэнец Расіі, уласна, ураджэнец ГУЛАГу, прабачце, не ў гэтай кватэры будзь сказана. У апошнія два гады Раманоўскага і Белага звяла нейкая сугучнасць інтарэсаў, як што клуб "Спадчына" акурат узбагачаў свае сайты зборамі твораў, мастацкіх палотнаў. Раманоўскі спадобіўся тут як дасведчаны і адказны памочнік. І нярэдка, між іншым, яны вялі зацікаўленыя гутаркі пра творчасць рускіх пісьменнікаў, якім собіла зрабіць свій унёсак у распрацоўку сібірскай тэматыкі, - Шаламава, Гіляроўскага... І гэта іх збліжала. Раманоўскі, маючы на ўвазе збор мастакоўскіх палотнаў, небеспадстаўна называў А.Белага беларускім Трэццяковым... У той вечар, аднак, ён зайшоў, каб паказаць на сваёй відыёкамеры запіс прэзентацыі альбома пра крылы муз. Анатоль быў усцешаны такой магчымасцю паглядзець запіс; ён, крыху прыпадняўшыся на ложку, утрапёна глядзеў і слухаў гаману знаёмых і блізкіх яму па працы і духу людзей. У яго ўзнікла думка і прапанова да госця: "Уладзімір Іванавіч, а ці не маглі б вы на гэтым матэрыяле зрабіць фільм "Раскрылі крылы музы"?.. Трэба такі фільм зрабіць!.. У мяне ж яшчэ дзён дзесяць..." Апошнія словы засталіся ў памяці Раманоўскага. Часу вобмаль... Так, ён, нямоглы, як у ваду глядзеў, і праз дзесяць дзён палымянага буяна-патрыёта не стала.

 

Вось цяпер у маёй душы засталася віною і не мае патолі шкадоба: не прыйшоў да Анатоля, калі ён быў прыкаваны да ложка, хоць мы з ім і гаварылі па тэлефоне ў перадапошнія дні. Голас у яго быў неспакойны, але чысты, напоўнены энергіяй, і ці думалася, што энергію чалавек выціскае з сябе ўжо з астатніх сіл.

Я скончыў пісаць гэтыя радкі, калі прыйшла вестка: Кембрыджскі міжнародны адукацыйны цэнтр уключыў Анатоля Белага ў лік 100 найлепшых адукатараў свету. Адукатараў?.. Так! Ён быў самым шчырым, актыўным і плённым адукатарам беларусаў у нацыянальнай культурнай і гістарычнай тэматыцы. Не заўсёды ўсё атрымлівалася, часам яго падводзілі, а было, што і ён некага падводзіў, не стрымліваючы сваё слова... Але ж у цэлым каго яшчэ можна паставіць побач з ім у падобнай дзейнасці?.. Прыемна і сумна. Бо ёсць, плён энергіі, сэрца, розуму гэтага чалавека ёсць, а яго самога - самавітага творцы - сярод нас больш няма.

Белы аддаў усяго сябе служэнню грамадству, служэнню народу, мовай якога карыстаўся хораша і ў смак, знаходзячы да кожнага выпадку трапную прымаўку, параўнанне, жартаўлівы альбо іранічны выраз.

Што праўда, тыя ці іншыя словы яму не трэба было доўга шукаць, як што яны самі патраплялі яму на язык.

Анатоль актыўна, плённа, упарта працаваў на галоўную задачу беларусаў - не здраджваць самім сабе, збіраць і трымацца за свае каштоўнасці, за свае карані. Заставацца адданымі сваёй зямлі і памяці продкаў.

У тым быў і застаецца непаказны, віртуальны і матэрыяльны, адвечны і надзённы сэнс ідэі "Спадчыны".

Анатоля Белага больш няма, але, без сумнення, ён застанецца ў памяці беларусаў пакуль мы, нескароныя, руплівыя, чынныя, будзем жыць на гэтай зямлі.

"Народная воля" за 23 лістапада 2012 г. Надрукавана ў скарачэнні.
 
« Папяр.   Наст. »
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 2058
mod_vvisit_counter Учора 2709
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 7471
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 43011