Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 
Брама сайта arrow ДЗЯРЖАВА І МЫ arrow Наваколле arrow Мор рыбы на возеры Алойзберг, або Візія несанкцыяванага сумлення

Мор рыбы на возеры Алойзберг, або Візія несанкцыяванага сумлення Друк E-mail
05.10.2012 | 00:12 |
Яўген САМСОНАЎ

"Я заклікаю Вас да асэнсавання духоўнага чалавечага назначэння, высокай адказнасці і любові", - піша наш карэспандэнт Яўген Самсонаў, які правёў журналісцкае расследаванне мору рыбы на возеры Алойзберг. Усё, што яму ўдалося даведацца - чытайце ніжэй.

Возера Алойзберг. Фота Кастуся Шыталя
Возера Алойзберг. Фота Кастуся Шыталя

Звалка смецця паблізу рэчкі Галубіцы
Звалка смецця паблізу рэчкі Галубіцы

Трубы, праз якія сцякае ліўнёўка з тэрыторыі Падсвільскага вінзавода
Трубы, праз якія сцякае ліўнёўка з тэрыторыі Падсвільскага вінзавода

Аматары прыроды з г.п. Падсвілля звярталіся да аўтара гэтых радкоў з просьбай разабрацца ў сапраўднай прычыне мору рыбы на возеры Алойзберг, што ў Глыбоцкім раёне, які адбыўся вясной 2011 года. Іх не задавальнялі высновы камісіі, дзе сцвярджалася, што рыба загінула ад перанасычэння кіслароду ў вадзе падчас веснавой паводкі.

  • Чаму ў гэты перыяд менавіта толькі на возеры Алойзберг адбыўся мор рыбы, а на іншых азёрах - не?
  • Чаму спачатку загінуўшую рыбу заўважылі ў тым месцы, дзе рэчка Галубея ўпадае ў возера?
  • Адкуль браўся той паток вады, што бурліў праз трубу на шашы Падсвілле - Галубічы і далей у возера?
  • Чаму ў возеры зніклі ракі, якіх раней вадзілася вельмі шмат?
  • У чым прычына і хто вінаваты, што возера Алойзберг настолькі забруджана і ў ім ужо больш за дваццаць гадоў ніхто не купаецца?
  • Ці ёсць якое выйсце, каб возера зусім не загінула, а ўслед за ім і наступнае возера Белае, і што патрэбна зрабіць, каб возера Алойзберг было такім, як 30 гадоў таму?

Узброіўшыся відэакамерай і фотаапаратам, аўтар гэтых радкоў вырашыў правесці незалежнае журналісцкае расследаванне па зададзеных пытаннях.

Напачатку паглядзім, што ж кажуць афіцыйныя дакументы камісіі па расследаванні мору рыбы на возеры Алойзберг.

Афіцыйныя дакументы камісіі па расследаванні мору рыбы на возеры Алойзберг

Дакладная запіска начальніка Глыбоцкай міжраённай інспекцыі аховы расліннага і жывёльнага свету Аляксея Віктаравіча Протаса.

Image

Акт камісіі

Image 

Image

Image

У прыватнай размове начальнік Глыбоцкай МІАРі ЖС Аляксей Протас і начальнік Глыбоцкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Міхаіл Кміта цалкам прытрымліваліся афіцыйнай версіі мору рыбы на возеры Алойзберг.

Іншыя версіі

"Ды не веру я іхнім вывадам, усё гэта брахня, - азнаёміўшыся з вынікамі працы камісіі, у роспачы заявіў жыхар г.п. Падсвілле Анатоль Дзівін. - Я адзін з першых заўважыў мор рыбы і адразу патэлефанаваў у рыбінспекцыю. Я паказваў інспектару Федзічкіну, адкуль бурліла праз дарогу вада. Як там не магло быць атруты? Вада цякла адусюль - з жывёлагадоўчага комплексу, з-пад льнозаводскіх ачыстных збудаванняў, з поля, дзе злівалі жыжу з комплексу. А ўзяць звалку. Трэба было ўладзе дадумацца зрабіць міні-палігон для збору адходаў амаль ля самай рэчкі. А на вінзаводзе адна вялікая труба, па якой паўстагоддзя ўсё злівалася ў возера, забілася - дык яны праз агароджу вывелі новую. А што цячэ па засмечаных пад завязку ручайках, якія цякуць па пасёлку? І як толькі гэта азярцо трывае? А расплочвацца каму!? Расплочваемся мы, жыхары Падсвілля, сваім здароўем і жыццём нашых дзяцей і ўнукаў.

Леанід Ліманоўскі - жыхар г.п. Падсвілле, пенсіянер:

"Што і гаварыць, якое было чыстае возера! Любіў лавіць рыбу. Забрудзілі возера. Я, канечне, не спецыяліст, але мяркую, што наконт мору рыбы ёсць віна нашых прадпрыемстваў - льнозавода - праўда, цяпер яны лён не мочаць, але да іх ідзе ўся каналізацыя пасёлка. Яшчэ можа вінзавод, Галубіцкі жывёлагадоўчы комплекс, бальніца".

"Мы прыехалі сюды на сталае месца жыхарства 40 гадоў таму, - распавядае спадарыня Надзея Сеніна. - Якое чыстае і прыгожае было гэтае возера! Бывала, ідзеш узімку па возеры - бачна дно, рыбкі. А колькі тут было ракаў, лавілі нават вугроў! А што цяпер? Забрудзілі возера, мор рыбы адбываецца часта - прызвычаіліся. Больш за 25 гадоў у ім ніхто не купаецца. Не выключана, што, апроч мору рыбы, возера тоіць пагрозу і здароўю мясцовых жыхароў, у першую чаргу дзяцей. Патрэбна тэрмінова падымаць грамадства і ратаваць возера. Я думаю, да гэтага далучацца ўсе жыхары Падсвілля".

Аляксандр Галаўнёў, жыхар в. Галубічы, сцвярджае, што рыба ў возеры Алойзберг загінула ад сцёкаў з жывёлагадоўчага комплексу Галубічы, бо сам дакладна бачыў, як сцёкі з комплексу цяклі ў рэчку, і гатовы ў любы час паказаць гэтае месца. Па гэтай прычыне выпадкі мору рыбы ў рэчцы мелі месца і раней.

Пенсіянер Слаў Ананька, жыхар в. Юзэфова, сцвярджае адназначна:

"Рыбу на возеры Алойзберг атравілі. Хто і як - гэта пытанне? Вінзавод не мог. Скарэй за ўсё жывёлагадоўчы комплекс Галубічы. Не выключана, што мог мець дачыненне і Пліскі льнозавод".

"Душа баліць за возера. На працягу не аднаго дзесяцігоддзя я змагалася за яго лёс, - з горыччу і адчаем гаворыць мясцовая паэтэса Марыя Якаўлеўна Баравік. - Аб забруджванні возера Алойзберг, мной, як журналісткай, быў напісаны шэраг артыкулаў у раённую, абласную і рэспубліканскую газеты, зваротаў у адпаведныя інстанцыі. І ўсё марна. Напрыклад, мы з паэтам Алесем Жыгуновым толькі даслалі ліст, што на беразе збіраюцца будаваць катэдж - назаўтра ў тэрміновым парадку там жа ўкладваюцца блокі пад фундамент. А колькі разоў на свае вочы бачыла, як з каналізацыйнай насоснай станцыі, якая чамусьці месціцца ля самага возера, паблізу агароджы тэрыторыі Падсвільскага вінзавода, праз таўсты шланг прама ў возера цяклі каналізацыйныя сцёкі. А аднойчы прама ў гэтым брудзе пялёскалася дзетвара. Падняла гоман, паклікала людзей. Шланг перакрылі. Прыбеглі бацькі - дзетак адмылі. Забруджваюць возера і іншыя прадпрыемствы: льнозавод, бальніца, асаблівую шкоду прыносіць жывёлагадоўчы комплекс. Гэта трэба было дадумацца на беразе рэчкі Галубіцы, што цячэ ў возера, зрабіць звалку смецця. Наша возера гіне. Гэта наша бяда. Вялікая бяда. Тэрмінова трэба нешта рабіць, каб яго ўратаваць".

Пенсіянер, былы настаўнік Падсвільскай школы Мар'ян Місевіч распавёў наступнае:

"Падчас майго дзяцінства на беразе возера было людна. Там праходзілі ўсе святочныя мерапрыемствы. Была лодачная прыстань, праводзіліся спаборніцтвы па плаванні. Напрыканцы сямідзесятых гадоў прайшоўшага стагоддзя з'явіліся першыя сімптомы забруджвання возера. Ужо тады паэтэса Марыя Якаўлеўна Баравік і настаўніца спеваў Падсвільскай СШ Валянціна Мар'янаўна Барташэвіч забілі трывогу. Далучаўся да гэтай справы і клуб "Рамантык" (М.М. Місевіч - стваральнік гэтага клуба - заўвага аўтара). Марыя Якаўлеўна збірала подпісы па вылучэнні Валянціны Барташэвіч у дэпутаты раённага Савета. Атрымаўшы мандат дэпутата раённага Савета, Валянціна Мар'янаўна падымала пытанні з нагоды пагаршэння экалагічнага стану ў раёне і ў прыватнасці забруджанасці возера Алойзберг. У той час галоўнай крыніцай забруджвання, згодна даследаванняў, з'яўлялася Падсвільская раённая бальніца. Але яе звароты не былі пачутыя. "Ураджайнасць, мяса, малако, будаўніцтва - а яна з такой дробяззю, як пагаршэнне экалагічнага становішча", - жартавалі астатнія дэпутаты раённага Савета на чарговым пасяджэнні. Валянціна Мар'янаўна была жанчынай з моцным характарам. Дала годны адпор у твар сваім крыўдзіцелям - адраклася ад паўнамоцтваў дэпутата і дэманстратыўна палажыла, падчас пасяджэння, на стол мандат дэпутата. Цяпер мы пажынаем плён недальнабачнасці тых дэпутатаў і ўлады. Мор рыбы і забруджванне на вадаёмах раёна - амаль звычайная з'ява. Праўда, трэба адзначыць, што Глыбоцкая міжраённая інспекцыя аховы расліннага і жывёльнага свету вядзе бескампрамісную барацьбу з парушальнікамі прыродаахоўнага заканадаўства. Напрыклад, за атруту вытворчымі адходамі рэчкі Дабрылаўка (цэх па перапрацоўцы малака ў вёсцы Запруддзе - заўвага аўтара) раённы суд пакараў Глыбоцкую птушкафабрыку на 62 мільёны рублёў. Гэта сур'ёзны сігнал для астатніх кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў. Вось бы так і ў выпадку забруджвання і мору рыбы ў возеры Алоізберг. Не зразумелая пазіцыя ўлады і дэпутатаў усіх узроўняў. Забыўшыся на свае перадвыбарныя праграмы-абяцанкі, самаўхіліліся ад выканання сваіх дэпутацкіх абавязкаў. Але мы, грамадскасць, настроены рашуча на выратаванне і аднаўленне возера, будзем шумець, пісаць у розныя інстанцыі, дамагацца ад улады вырашэння экалагічнай праблемы".

У мэтах аб'ектыўнага і канструктыўнага падыходу да разгляду выпадку мору рыбы і забруджвання возера Алойзберг, падчас працяглага незалежнага журналісцкага расследавання былі апытаныя больш за два дзясяткі мясцовых жыхароў, якія вінавацілі ў моры рыбы на возеры Алойзберг бяздзеянне і беспрынцыповасць мясцовай улады ў галіне прыродаахоўнага заканадаўства, жывёлагадоўчы комплекс " Галубічы", Падсвільскі вінзавод, Пліскі льнозавод, Падсвільскую раённую бальніцу, каналізацыю і забруджаныя ручайкі, якія цякуць праз Падсвілле.

Меркаванні адказных і зацікаўленых асобаў

Азнаёміўшыся з скаргамі жыхароў, старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Віктаравіч Морхат быў зацікаўлены ў тым, каб ў грамадстве спыніліся розныя дыскусіі і распаўсюд няслушнай інфармацыі. Галоўнае - каб незалежнае журналісцкае расследаванне было аб'ектыўным і карысным для аднаўлення навакольнага асяроддзя, згуртавання людзей і грамадства ў барацьбе за захаванне прыродных багаццяў.

Старшыня Падсвільскага пасялковага савета Валянціна Мікалаеўна Пальчанка была больш сціплай у размове, спасылаючыся на давер да афіцыйных вынікаў камісіі. Скардзілася, што ёй няма часу займацца пытаннямі экалогіі, ды і ўвогуле, некаторыя жыхары пасялковага савета выкідваюць смецце дзе заўгодна, і яна не можа нічога з гэтым зрабіць.

Дырэктар філіяла Падсвільскага вінзавода Сяргей Фёдаравіч Муславец на зададзеныя пытанні адказаў наступнае:

"Прычыну мору рыбы ў возеры Алойзберг назваць не магу. Вясной, зрэдку, яны маюць месца не толькі ў нас. Напрыклад, раней я жыў у Гродзенскай вобласці, там таксама неаднаразова адбывалася такая непрыемная з'ява. Дакладна ведаю, што датычнасці нашага прадпрыемства да мору рыбы ў возеры Алойзберг, які адбыўся вясной 2011 года, няма. Сцёкі ад мыцця бутэлек сцякаюць у каналізацыйную сістэму пасёлка, а далей на ачыстныя збудаванні льнозавода. За час маёй працы на пасадзе дырэктара ніякіх штрафных санкцый з боку інспекцыі аховы прыроды і навакольнага асяроддзя да нашага прадпрыемства не было. Так, забруджваем паветра дымавой трубой з кацельнай (але што зробіш, газ яшчэ не падвялі), ды атмасферныя ападкі праз ліўнёўку з нашай тэрыторыі трапляюць у возера. Але шкоды возеру яны не прыносяць. Ды і ўвогуле, на заводзе няма хімічных рэактываў, якія маглі вызваць мор рыбы".

Версію, што ў возера маглі трапіць шкодныя рэчы ад арганічных угнаенняў з бліжэйшых палёў падчас веснавой паводкі, абверг галоўны аграном філіяла СВК "Галубічы" Дзмітрый Вацлававіч Стэфановіч, патлумачыўшы, што арганічныя ўгнаенні ўносіліся ў глебу значна пазней выпадку мору рыбы, толькі ў пачатку траўня. Гэты факт пацвердзілі і мясцовыя жыхары.

Быў абследаваны і супрацьлеглы ад пасёлка бок возера, на якім месціцца жывёлагадоўчая ферма "Кубачнікі", але ніякіх магчымых слядоў ад сцёкаў гнойнай жыжы заўважана не было.

Загадчыца жывёлагадоўчага комплексу "Галубічы" Яўгенія Дзімітраўна Новікава шчыра прызналася, што раней яе каралі за парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства, але ўсе парушэнні, указаныя ў прадпісаннях інспекцый АРіЖС і АПіНА, на момант здарэння мору рыбы ў возеры Алоізберг былі выкананыя. Яна не ведае дакладнай прычыны мору рыбы, але сведчыла, што прыблізна ў дзень мору рыбы па канаве, якая ідзе ўздоўж дарогі ля жывёлагадоўчага комплексу, з боку ачыстных збудаванняў Пліскага льнозавода бурліў вялікі паток вады. Дзіўна было тое, што снег на палях быў растаяўшы некалькі дзён таму, а вада імчала менавіта ў гэты дзень. Гэты факт пацвердзіў і другі сведка - слесар жывёлагадоўчага комплексу Сяргей Іванавіч Новікаў. Падчас сустрэчы Яўгенія Дзімітраўна дазволіла агледзець усе месцы магчымых выкідаў стокаў на ўсёй тэрыторыі комплексу, запісаць на відэакамеру. Парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства выяўлена не было.

Кіраўніцтва Пліскага льнозавода на кантакт ішло неахвотна. Некалькі маіх візітаў на завод поспеху не мелі. Дырэктар быццам бы быў у ад'ездзе. Урэшце, звязаўшыся па тэлефоне з дырэктарам завода Віктарам Іванавічам Раманчуком, дамовіліся, што прадстаўляць інтарэсы завода па высвятленні магчымай датычнасці прадпрыемства да мору рыбы ў возеры Алоізберг будзе галоўны інжынер Мікалай Адамавіч Тарасевіч, як больш кампетэнтны ў пытаннях каналізацыі і ачыстных збудаванняў. Канструктыўнай размовы з галоўным інжынерам не атрымалася. Мне было дазволена толькі зайсці на тэрыторыю завода, але без дыктафона, фота- і відэатэхнікі. Мікалай Адамавіч, спасылаючыся на занятасць, сказаў, што наконт мору рыбы ёсць афіцыйнае заключэнне камісіі. Не адракаўся, што прадпрыемства прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства на ачыстных збудаваннях. Лёс забруджанага возера Алоізберг яго не вельмі хвалюе, бо ён купаецца ў чыстых азёрах на сваёй радзіме, ў вёсцы Бабруйшчына (7 км ад Падсвілля - заўвага аўтара). Развітаўся і пайшоў. Засталіся нявысветленымі пытанні: як праходзіць працэс перапрацоўкі льну, якія прымяняюцца хімікаты, і ўвогуле ці спраўна працуюць ачыстныя збудаванні, куды сцякаюць усе каналізацыйныя сцёкі пасёлка і завода?

За час самастойных перыядычных візітаў на працягу двух тыдняў на ачыстныя збудаванні льнозавода (трапіць туды змог бесперашкодна) ніякіх тэхналагічных працэсаў па ачышчэнні каналізацыйных сцёкаў заўважана не было.

Выконваючы абавязкі начальніка Падсвільскага ўчастка УП ЖКГ Глыбоцкага раёна Уладзімір Іванавіч Іваноў:

"Па маім асабістым меркаванні, мор рыбы адбыўся па віне жывёлагадоўчага комплексу Галубічы. Бо загінуўшая рыба плыла якраз з таго боку возера, дзе рэчка Галубіца ўпадае ў возера. Каналізацыйная сістэма, якая знаходзіцца на балансе ЖКГ, працуе адносна спраўна, і ўсе каналізацыйныя сцёкі трапляюць на ачыстныя збудаванні льнозавода. Што трэба зрабіць, каб аднавіць возера такім, якое яно было гадоў 30 таму? Першае - спыніць забруджванне. Другое - як мага хутчэй пабудаваць і ўвесці ў строй новую каналізацыйную сістэму пасёлка. І трэцяе - трэба мяняць культуру і свядомасць людзей. Вось паглядзіце навокал (відэаінтэрв'ю праводзілася на паўвостраве, засмечаным бутэлькамі, пакетамі, паперкамі і іншым смеццем - заўвага аўтара), што тут творыцца праз тыдзень пасля таго, як работнікі ЖКГ прыбралі тэрыторыю паўвострава пасля свята "Купалле".

Незалежны эксперт

Знайсці чалавека, які быў бы кампетэнтным ва ўсіх пытаннях гэтага незалежнага журналісцкага расследавання і бы мог выступіць афіцыйна ў ролі незалежнага эксперта, было надзвычай цяжка. Таму прывяду выказванні аднаго аўтарытэтнага для мяне і, мяркую, для грамадства Глыбоцкага раёна чалавека, назавём яго А.У:

"Мор рыбы ад перанасычэння кіслароду ў вадзе - гэта, хутчэй за ўсё, нешта з катэгорыі жарту, - усміхнуўся эксперт. - Найгоршая атрута для рыбы - аміяк. Улічваючы, што загінула дробная рыба - гэта крыніцы паступлення невялікіх доз аміяку з талымі водамі ў рэчку і возера. Перыядычны выкід каналізацыйных сцёкаў да масавага мору рыбы не прывядзе. Так, возера будзе брудным, будзе зарастаць раслінамі, але рыба там вадзіцца будзе.

Льнозавод. Для перапрацоўкі льну прымяняюцца хімікаты. А які іх далейшы лёс пасля перапрацоўкі льну, улічваючы, што ачыстныя збудаванні як след не працуюць?

Што тычыцца праблем пабудовы новых ачыстных збудаванняў ў г.п. Падсвілле. Распрацаваны праект разлічаны на сучасны тэхналагічны працэс. А ёсць Указ, які забараняе набыццё імпартнага абсталявання. Таму, як будзе рэалізоўвацца праект пабудовы ачыстных збудаванняў у цяперашні перыяд - сказаць цяжка".

Зварот да дэпутата У.П. Андрэйчанкі

Па ініцыяцыве грамадскіх актывістаў быў накіраваны зварот да дэпутата Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу РБ Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанкі аб дапамозе ў выратаванні ад гібелі возера Алойзберг і яго аднаўленні. Пад зваротам падпісалася больш за 200 выбаршчыкаў 22 выбарчай акругі, якія і абіралі вышэйзгаданага дэпутата.

Старшыні Палаты прадстаўнікоў
Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь
Андрэйчанку Уладзіміру Паўлавічу
выбарцаў 22-й акругі, жыхароў г.п. Падсвілле
Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці

Зварот.

Мы, выбарцы 22-й акругі, жыхары г.п. Падсвілле Глыбоцкага раёна і навакольных населеных пунктаў, занепакоены экалагічным станам возера Алойзберг, якое знаходзіцца ў межах г.п. Падсвілле. Раней возера было папулярным месцам адпачынку і рыбалоўства, але з-за моцнага забруджання яно стала непрыдатным для гэтых мэтаў. Не выключана, што ў такім стане возера Алойзберг тоіць небяспеку для здароўя мясцовага насельніцтва, асабліва дзяцей.

Рэгулярна на возеры Алойзберг адбываецца мор рыбы, апошні раз ён назіраўся вясной бягучага года. На нашу думку, па прычыне забруджанасці вады ў возеры загінулі ракі, былі знойдзены астанкі загінуўшых вугроў, на працягу апошніх 25 год стала немагчымым купанне ў возеры. Больш таго, забруджанне можа распаўсюджвацца на малыя рэкі, якія належаць да басейну Заходняй Дзвіны, што можа прыносіць негатыўны ўнёсак у экалагічны стан Рэспублікі Беларусь і Латвійскай Рэспублікі.

Верагодна, крыніцай забруджання з'яўляюцца сцёкі прадпрыемстваў, якія знаходзяцца ў Падсвіллі і ваколіцах - жывёлагадоўчага комплексу "Галубічы", Пліскага льнозавода, Падсвільскага вінзавода, Падсвільскай раённай бальніцы, а таксама каналізацыйныя сцёкі з жылых дамоў.

Па маючыхся звестках, Глыбоцкі раён - адзіны ў нашай краіне, які не мае сістэмы ачышчальных збудаванняў каналізацыйных сцёкаў.

На падставе вышэйзгаданага мы, жыхары г.п. Падсвілле Глыбоцкага раёна і навакольных населеных пунктаў, якія падпісаліся ніжэй, просім:

  • аказаць садзеянне ў прыняцці комплексу мераў, якія б спынілі забруджванне возера Алойзберг;
  • дапамагчы ў больш хуткай рэалізацыі праекта пабудовы ачышчальных збудаванняў у г.п. Падсвілле, які быў распрацаваны некалькі год таму былым начальнікам УП ЖКГ Глыбоцкага раёна Жынем А.У.;
  • дапамагчы знайсці сродкі ў рэспубліканскім бюджэце на комплекс мераў па недапушчэнні забруджання, ачыстцы возера і добраўпарадкаванні прыбярэжнай тэрыторыі возера Алойзберг. Таксама мы прапануем частку мерапрыемстваў прафінансаваць за кошт юрыдычных асобаў, якія спрычыніліся да забруджвання возера.

Просім разгледзець дадзены зварот і даць на яго адказ у вызначаны заканадаўствам тэрмін. Даслаць адказ мы просім на імя Самсонава Яўгена Рыгоравіча, які пражывае па адрасе: Віцебская вобласць, г. Глыбокае, зав. Кірава, 18.

Подпісы асобаў, якія падпісаліся пад дадзеным зваротам, прыкладаюцца.

12. 10. 2011 года

Атрыманы адказ на зварот па ўратаванні і аднаўленні возера Алойзберг.

Image

Image

Image

Напярэдадні сходу

Атрымаўшы адказ, аўтар гэтых радкоў звярнуўся да старшыні Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў Валянціны Іванаўны Сямчонак за парадай, як давесці адказ да ведама выбаршчыкаў, якія паставілі подпіс пад зваротам. Валянціна Іванаўна была здзіўленая адказам і тым, што пад ім стаяў подпіс міністра В.Г. Цалко. Параіла звярнуцца да старшыні Падсвільскага пасялковага Савета Валянціны Мікалаеўны Пальчанка па вырашэнні пытання і аб азнаямленні выбаршчыкаў з адказам.

У тэлефоннай размове, у адказ на маю прапанову аб арганізацыі сходу выбаршчыкаў 13 лістапада 2011 года ў 16 гадзін у Падсвільскім ДК, старшыня Падсвільскага пасялковага Савета В. Пальчанка паабяцала ўзгадніць гэтае пытанне з дырэктарам мясцовага ДК Тамарай Спяцанавай.

Праз пару дзён я спрабаваў звязацца з старшынёй пассавета, але безвынікова. Тамара Спяцанава (дэпутат раённага Савета па Падсвільскай выбарчай акрузе - заўвага аўтара) ў тэлефоннай размове сказала, што В. Пальчанка звярталася да яе з маёй прапановай, але зала на першым паверсе ДК 13 лістапада ў 16 гадзін будзе занятая іншым мерапрыемствам, і калі жадаючых сабрацца задаволіць чытальная зала бібліятэкі, сход можна правесці там. На маё пытанне, ці патрэбна мне больш узгадняць дамоўленасць з загадчыцай бібліятэкі, Тамара Уладзіміраўна супакоіла, што не трэба турбавацца, яна сама папярэдзіць загадчыцу бібліятэкі і там можна без перашкод правесці сход.

Сход выбаршчыкаў, якія паставілі свае подпісы пад зваротам, і грамадзян г.п. Падсвілле, якіх турбуе экалагічны стан возера Алоізберг, грамадскія актывісты планавалі правесці ў атмасферы ўзаемаразумення, згоды і павагі. Апроч азнаямлення з адказам дэпутата на зварот, разлічвалі на канструктыўны дыялог. Чакалася, што прысутныя разам распрацуюць план мерапрыемстваў па выратаванні і аднаўленні возера. Кожны - жыхар пасёлка, адказная асоба, кіраўнік прадпрыемства ці арганізацыі, дэпутаты мясцовага Савета ўсіх узроўняў - павіны ўнесці свой унёсак у аднаўленне возера. Былі думкі, у мэтах добраўпарадкавання возера, трэба падзяліць і замацаваць кожны метр берагавой лініі з боку пасёлка за мясцовымі прадпрыемствамі, арганізацыямі і жыхарамі пасёлка, абвясціць конкурс на лепшае добраўпарадкаванне замацаванага ўчастка і на свяце "Падсвільскі Світанак 2012" падвесці вынікі і ўзнагародзіць пераможцаў. Што было б самім не пад сілу - можна было б папрасіць дапамогі ў райвыканкаме ці ў дэпутата У.П. Андрэйчанкі.

Сход "несанкцыянаваны"

Прыблізна за дзве гадзіны да прызначанага сходу выбаршчыкаў стала вядома, што аўтара гэтых радкоў абвінавачваюць (досыць знаёмая фішка) у правядзенні несанкцыянаванай акцыі. Нежартоўнае абвінавачванне з адпаведнымі наступствамі! Наўрад ці выратаваў бы 34 артыкул закона "Аб сродках масавай інфармацыі", які дае права журналістам збіраць і атрымліваць інфармацыю, прысутнічаць у месцах грамадска значных падзеяў і перадаваць адтуль інфармацыю, і 34 артыкул Канстытуцыі, які гарантуе права на распаўсюд інфармацыі не толькі журналістам, але і ўсім грамадзянам Рэспублікі Беларусь. Больш за тое, не выключана, што прыйшоўшыя на сход падсвільчане кінуліся бы ратаваць незалежнага журналіста, а гэта б цягнула яшчэ на адзін адміністрацыйны ці нават крымінальны артыкул. Каб зняць напругу, было мэтазгодным не прысутнічаць на сходзе (няхай гэта будзе на сумленні таго, каму гэта было патрэбна). Навошта кідацца з бізуном на танк, а потым камусьці даказваць што ты не "вярблюд" і не лаяўся матам, як у нядаўнім выпадку з журналістам Кастусём Шыталем.

Сход адбыўся. Праўда, як стала вядома пасля заканчэння сходу, старшыня пассавета В. Пальчанка спрабавала яго сарваць, пагражаючы прысутным адказнасцю за несанкцыянаваны сход, што вельмі ўзбудзіла прысутных і памяняла атмасферу сходу на супрацьлеглую - на недавер, непаразуменне і агрэсію.

Дзіўная рэч жыццё - не давалі мне спакою думкі, пакуль я чакаў заканчэння сходу. Што такога дрэннага супраць сваіх землякоў і грамадства ў цэлым я зрабіў? Мэта майго незалежнага журналісцкага расследавання - выратаваць і аднавіць возера, каб людзі маглі купацца ў чыстым возеры, лавіць рыбу, адпачываць, як у былыя часы. За гэта мяне хочуць абвінаваціць у правапарушэнні. Паўстае пытанне - каму гэта выгадна?

Што сказалі б мой дзед Максім Філімонавіч - арганізатар падполля ў Падсвіллі падчас ВАВ, якога спалілі ў Асвенціме, бацька Рыгор - які зведаў усе жахі вайны ў Падсвільскім падполлі і партызанскім атрадзе імя Суворава, неаднойчы бачыў смерць у твар у барацьбе з нямецкімі акупантамі, дзядзька Цімафей, якога, па даносу здрадніка, катавала гестапа і ён, каб нікога не выдаць, разбіў бутэльку на галаве ў гестапаўца і перарэзаў сам сабе горла, дзядзька Якаў, які загінуў на чужыне пасля Перамогі, і многія-многія іншыя патрыёты Падсвільскага краю, якія аддалі жыццё за нашу зямлю, за рэчкі і азёры, за нашу будучыню? А як мы зберагаем тое, за што, не шкадуючы свайго жыцця, змагаліся нашы продкі, што мы пакінем нашчадкам і хто возьме на сябе адказнасць за ўсё страчанае?

- Мы лічым, што адказ на наш зварот да дэпутата - адпіска. Патрабуем рэгулярнага маніторынгу стану вады. Просім паскорыць будаўніцтва ачыстных збудаванняў. Такія тэзісы рэзалюцыі, якую прыняў сход, - паведаміў грамадскі актывіст Мар'ян Місевіч пасля заканчэння сходу.

- Як вы лічыце, а хто галоўны віноўнік у забруджванні возера і мору рыбы?

- Улада, - цвёрдым і ўпэўненым голасам адказаў Мар'ян Мечыслававіч. - Рыба гніе з галавы.

Незайздросная спадчына ў экалагічным плане дасталася старшыні Падсвільскага пасялковага Савета Валянціне Пальчанка. Але гэту праблему патрэбна тэрмінова выпраўляць. Няхай Вам, паважаная Валянціна Мікалаеўна, дасць Божанька здароўя, сілы і мудрасці стаць у авангардзе ганаровай, карыснай працы народнага абранніка і з дапамогай шчырых памагатых дабіцца значных зрухаў у вырашэнні экалагічнай праблемы ў г.п. Падсвілле, тым самым абвергнуць выказванні Вашых недабразычліўцаў, якія сцвярджаюць, што вы хочаце ціхенька адсядзецца на пасадзе старшыні пасялковага Савета яшчэ два гады ды пайсці на пенсію. Бо, як мне падаецца, у адваротным выпадку, грунтуючыся на настроі і рашучасці падсвільчанаў, калі барані Божа зноў надарыцца мор рыбы ці іншая бяда, не выключана, што яны могуць запрасіць мяне з відэакамерай на сапраўды несанкцыянаваную акцыю. 

westki.info/artykuly
 
« Папяр.   Наст. »
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 1745
mod_vvisit_counter Учора 1602
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 8577
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 52250