Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 
Брама сайта arrow АДВЕЧНАЕ arrow Культура arrow Беларуская ідэя ў творчасці Якуба Коласа

Беларуская ідэя ў творчасці Якуба Коласа Друк E-mail
18.09.2012 | 18:06 |
Арсень Ліс у сваім працоўным кабінецеАрсень ЛІС

Значэнне нацыянальнай ідэі ў лёсе кожнага народа цяжка пераацаніць. Ніяк нельга пераацаніць яе і ў жыцці чалавека-творцы, у якой бы сферы ён не працаваў - літаратурнай, музычнай, навуковай...

Якуб Колас як і кожны высокаталенавіты паэт, пісьменнік у сваёй творчасці аб'ектыўна не мог абмінуць і не абмінуў беларускую нацыянальную ідэю. 

Тым больш, што пачатак творчага шляху яго прыпаў на перыяд інтэнсіўнага адраджэння і фарміравання беларускай нацыі - першую чвэртку ХХ ст. Праўда, далучэнне славутага майстра мастацкага слова да ўвасаблення беларускага ідэі ў яго творах адбылося значна пазней, чым у Янкі Купалы, хоць сваё творчае жыццё абодва беларускія класікі пачыналі ў адначассі - на золку ХХ ст. 

Не паспрыяла станаўленню грамадска-палітычных поглядаў маладога Канстанціна Міцкевіча, будучага беларускага песняра, навучанне ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, дзе панаваў казённы дух, насаджаны царызмам у вучэльнях такога тыпу.

Тры гады турмы за ўдзел у настаўніцкім з'ездзе хоць і давалі пэўны сацыяльна-палітычны досвед, але таксама не садзейнічалі фарміраванню рознабаковага грамадска-палітычнага кругагляду, літаральна адгараджваючы мурамі Пішчалаўскага замка ад свету, ад удзелу ў беларускім руху. Затым Першая сусветная вайна, рэвалюцыя, Кастрычніцкі пераварот ды вайна грамадзянская ў Расеі на шэсць гадоў адлучылі паэта ад Беларусі. Праўда, у 1918-1919 гг. яму ўсё ж удалося наладзіць кантакт з Мінскам, з беларускім перыядычным друкам, які тут, абмежаваны перманентнымі акупацыямі, усё ж падаваў беларускі голас свайму народу, свету.

 Фота з фондаў Літаратурнага музея Якуба Коласа 

 Фота з фондаў Літаратурнага музея Якуба Коласа 

 Фота з фондаў Літаратурнага музея Якуба Коласа 

 Фота з фондаў Літаратурнага музея Якуба Коласа 

 Фота з фондаў Літаратурнага музея Якуба Коласа 

 Фота з фондаў Літаратурнага музея Якуба Коласа  

 Фота з фондаў Літаратурнага музея Якуба Коласа
Фота з фондаў Літаратурнага музея Якуба Коласа
  

Паэт вяртаўся на Радзіму не прыватна. Урад рэспублікі ўжо клапаціўся аб вяртанні ў Беларусь інтэлектуальных сіл, разам з народам сваім раскіданых вайной, бежанствам, рэвалюцыямі па свеце.

Ініцыятыву акцыі вяртання суродзічаў на Радзіму запачаткаваў яшчэ Белнацкам. У 1919-м годзе ў Маскве і Пецярбургу, як адзначаў даследчык яго дзейнасці гісторык Віталь Скалабан, можна было бачыць абвесткі тыпу "Беларусы! Да хаты!"

У агульным патоку вяртанцаў Якуб Колас, вядома, не быў шараговым вяртанцам. Яму, як паэту і сямейнаму чалавеку з пэўным гаспадарчым набыткам, багажом, на пераезд быў вылучаны вагон. На вакзале паэта сустрэла група інтэлігенцыі і хтось ад урада... [1, с. 143-144]. Аб тым, як паэт ажыў душой пасля чужыны засведчылі яго вершы "У палях Беларусі", "Пасля навальніцы", "Покліч". Ужо не гучыць у паэта, як у напісаным у 1919 годзе на Арлоўшчыне вершы "У імгле", трывожны матыў: "Ці мы будзем, ці не будзем пад чужынцам шыі гнуць?" [2, с. 86]. Прачулы верш "На палях Беларусі", у якім паўстае абагульнены прыродны вобраз Радзімы, паэт заканчвае малітоўна:

"Ты маеш выгляды прарока,
Наш край пакутны, край святы!"
[2, с. 102]

К.М.Міцкевіч - настаўнік, прапаршчык на вайне ды зноў настаўнік, няблага ведаў інтэлігенцыю, што ў апошнія дзесяцігоддзі выйшла з народа. Як паэт усведамляў і яе ролю, якую магла, павінна была адыграць пераходным часам у лёсе сваёй бацькаўшчыны - Беларусі. Верш Якуба Коласа "Покліч" - развага-заклік паэта, звернуты да інтэлігенцыі. Колас кліча яе пільней прыгледзецца да роднага, "дух гаючы палёў, нівы роднай у грудзі чым больш захапіць". Затым напамінае, і гэта асноўная задача твора, пра доўг векавечны:

... Памятайце - на вашым сумленні
Не сплачаны доўг векавы:
То доўг прад народам, то доўг разумення,
      Якое зачэрпалі вы

З народнага скарбу душы самабытнай
      І скарбу яго мазалёў...

І тут паэт акцэнтна выказвае беларускай інтэлігенцыі напамін, угрунтаваны на маральна-этычным імператыве:

То ён, працаўнік наш, то ён старажытны
      На гору вас моўчкі ўзвёў.

Завяршае ж Колас актуальны свой покліч-зварот да інтэлігенцыі арганічным усяму тэксту і вельмі непасрэдным тонам, канкрэтным наказам:

Ідзіце ж к народу, як добрыя дзеці,
      Ідзіце, злучайце яго
І горкую праўду ў вочы скажэце,
      Чаго ён гаруе, чаго? [2, с. 92-93]

Якуб Колас балюча, пратэстна, як і іншыя беларускія пісьменнікі Л. Родзевіч, А. Дудар, адрэагаваў на падзел Беларусі паміж адроджанай Польшчай і Савецкай Расіяй, замацаваны міждзяржаўным актам у Рызе ў 1921 годзе:

Нас падзялілі. - Хто? Чужаніцы,
      Цёмных дарог махляры.
К чорту іх межы! К д'яблу граніцы!
      Нашы тут гоні, бары!
[2, с. 104]

Самым прадуктыўным перыядам у творчасці Якуба Коласа былі 20-я гады мінулага стагоддзя, іх сярэдзіна і другая палавіна. Былі яны шчодра-плённыя не толькі ў жыцці Якуба Коласа. Мастацкая літаратура беларускага народа, яго гуманітарныя навукі, культура зведалі тады кароткі, але сапраўдны Рэнесанс. Савецкая ўлада яшчэ не паспела трансфармавацца ў жорсткія таталітарныя формы. Па два бакі дзяржаўнай мяжы на этнічным беларускім абшары ішла кансалідацыя, палітычная і культурная самарэалізацыя беларусаў як нацыі.

На пачатку 20-х Якуб Колас заканчваў працу над паэмамі "Новая зямля", "Сымон-музыка", ацэненыя літаратуразнаўцамі ў асобах А. Вазнясенскага, І. Замоціна, Ул. Чаржынскага, М. Петуховіча як класічны ўзор беларускага паэтычнага эпасу. Адначасна з паэмай "Новая зямля" (1923 г.) у Вільні выходзіць аповесць Я. Коласа "У палескай глушы", якая запачаткавала трылогію "На ростанях". Друкуюцца філасофска-алегарычныя "Казкі жыцця", пішуцца паэма "На шляхах волі", аповесць аб моладзі "На прасторах жыцця". Паэт, правадзейны член Інстытута беларускай культуры, актыўны як у навуковым, так і культурна-грамадскім і асветніцкім жыцці рэспублікі.

Станаўленне беларускай савецкай дзяржаўнасці 20-х гадоў рэальна запатрабавала ўдзелу ў ім навуковай і мастацкай інтэлігенцыі, інтэлектуалаў. Палітыка беларусізацыі, каранізацыі, амністыя савецкага ўрада 1923 г. спрыялі кансалідацыі беларускай інтэлігенцыі, вернутай з Расіі і з заграніцы. Дазволілі ёй пацясніць праціўнікаў беларускай ідэі, у пэўнай меры задаваць тон у дзяржаўна-культурніцкім будаўніцтве рэспублікі. Было не проста. З цяжкасцю пераадольваліся інерцыя, рэцыдывы старой, царскіх часоў ідэалогіі, заснаванай на канцэпцыі "западного руссизма", з яе адмаўленнем самадастатковасці беларусаў як нацыі.

Менавіта ў 20-я гады для творчасці Якуба Коласа характэрны зварот да асэнсавання гістарычных шляхоў беларускага народа, яго нацыянальнай свабоды або альтэрнатывы ёй.

На пачатку 1920-х гадоў Якуб Колас узняў праблему нацыянальнай годнасці, актуальную і сёння для беларусаў. Вуснамі галоўнага героя аповесці "У палескай глушы" Лабановіча пісьменнік тлумачыць ганебны стан свядомасці беларуса-інтэлігента ўздзеяннем казённай расійскай прэсы мінулага ды іншых чыннікаў, што мэтава прычыніліся да прыніжэння годнасці беларуса, яго мовы: "Кожны народ мае свой гонар... А мы, беларусы, не адважваемся прызнацца ў тым, што мы - беларусы. Бо на галаву беларускага народа, як вядома, многа выліта памыяў, годнасць яго прыніжана і мова яго асмеяна, у яго няма імя, няма твару. А з гэтага вынікае і тое, што беларус-інтэлігент адмяжоўваецца не толькі ад свайго народа, але і ад бацькоў сваіх" [3, с. 8].

 

Па сутнасці этнаахоўны характар мела паэма "Новая зямля", невыпадкова названая даследчыкамі літаратуры энцыклапедыяй жыцця беларускага селяніна.

У ёй таленавіта, светла апаэтызавана спрадвечная цяга-любоў беларуса да зямлі, роднага кутка, працавітасць.

Найактыўней да беларускай ідэі, менавіта з нацыятворнымі інтэнцыямі Якуб Колас звяртаецца ў паэме "Сымон-музыка". Паэма напісана цягам 1911-1925 годоў, у трох варыянтах і, акрамя фундаментальнай тэмы - феномен мастака, яго лёс. Твор вылучаецца багаццем зместу і шматстайнасцю аўтарскіх лірычных адступленняў. Дарэчы, ласне яны, паводле прызнання аўтара, ажывілі дзею паэмы [4, с. 157]. Адметнасць лірычных адступленняў у "Сымоне-музыку" палягае ў тым, што яны ідуць у пачатку частак паэмы, задаюць ім, як правіла, калі так можна сказаць, мудра-ўзнёслы тон-настрой, і, натуральна, усе яны маюць адметы змест і характар гучання.

Ува ўступе-прысвячэнні моладзі па-філасофску паэтычна-вобразна абагульнены жыццёвыя крыніцы, вытокі дум і настрояў аўтара роспавяду, што мае быць разгорнуты ў эпічнае палатно:

Ад роднае зямлі, ад гоману бароў,
      Ад казак вечароў,
      Ад песень дудароў,
Ад светлых воблікаў закінутых дзяцей,
      Ад шолаху начэй,
      Ад тысячы ніцей,
З якіх аснована і выткана жыццё,
Злучана быццё і небыццё, -
Збіраўся скарб, струменіўся няспынна,
Вясёлкавым ірдзеннем мне спяваў,
      І выхаду шукаў
      Адбітак родных з'яў
У словах-вобразах, у песнях вольна плынных
І гэты скарб, пазычаны, адбіты,
      У сэрцы перажыты
      І росамі абмыты
Дзянніц маіх, дзянніц маіх мінулых,
Для вас, душою чулых,
      Як доўг, як дар,
      Дае пясняр
[5, с. 6].

Па насычанасці тэксту "Сымона-музыкі" матывамі і абразкамі прыроды Коласаў твор, здаецца, не мае сабе аналагаў. Яны нясуць розную функцыянальную нагрузку, адыгрываюць актыўную ролю ў развіцці сюжэта паэмы, выяве вобразаў дзейсных асоб, яе лірычных герояў. У асобных выпадках функцыянуюць як лірычнае адступленне абагульненыя паэтычныя вобразы прыроды Беларусі, яе краяабразы:

О, край родны, край прыгожы!
Мілы кут маіх дзядоў!
Што мілей у свеце божым
Гэтых светлых берагоў,
Дзе бруяцца срэбрай рэчкі,
Дзе бары-лясы гудуць,
Дзе мядамі пахнуць грэчкі,
Нівы гутаркі вядуць;
Гэтых гмахаў безгранічных
Балатоў тваіх, азёр,
Дзе пад гоман хваль крынічных
Думкі думае прастор;
Дзе ўвосень плачуць лозы,
Дзе вясной лугі цвітуць,
Дзе шляхом старым бярозы
Адзначаюць гожа пуць?..
[3, с. 80]

Такое лірычнае адступленне пейзажнага зместу - не толькі своеасаблівы камертон для далейшага разгортвання дзеяння твора, але і подступ, нагода для паэта пагаварыць з чытачом, з цэлым народам аб яго пройдзеным шляху, гістарычнай долі беларусаў. Размова вядзецца ў тоне бяседы-развагі. У ёй закранаецца многа пытанняў, праблем беларускага мінулага і сучаснасці, у тым ліку негатыўная роля падзелу беларускага народа на дзве канфесіі, яго раз'яднанне дзяржаўнай мяжой у 1921 годзе... Пры гэтым Якуб Колас канцэптуальна глянуў на геапалітычнае становішча Беларусі, умовы, у якіх даводзілася выжываць і выжыць беларускаму этнасу:

Брацце мае, беларусы!
У той кнізе людскіх спраў
Сам лёс, мабыць, для спакусы
Гэты край нам адзначаў.
Тут схадзіліся плямёны
Спрэчкі сілаю канчаць,
Каб багата адароны
Мілы край наш зваяваць,
А нас цяжка ў сэрца раніць,
Пад прыгон узяць навек,
Нашы скарбы апаганіць,
Душу вынесці на здзек,
Каб у віры той ашукі
Знішчыць нашы ўсе сляды,
Каб не ведалі і ўнукі,
Хто такія іх дзяды
[5, с. 81-82].

Так пранікнёна адчуць і так праўдзіва, дакладна перадаць у слове сутнасць духоўнага этнацыду, няхай сабе яшчэ не здзейсненага, але рэальна магчымага, мог толькі вялікі паэт і сапраўдны сын свайго народа, заклапочаны яго лёсам. У час, калі Колас дапрацоўваў апошні, трэці варыянт свайго эпасу, беларуская гістарычная навука толькі пачыналася. Асобныя факты, моманты беларускай мінуўшчыны знаходзілі адлюстраванне ў працах рускіх і польскіх гістарыёграфаў, П. Бацюшкава, Г. Лаўмянскага і інш. Натуральна, інтэрпрэтаваліся яны ў адпаведнасці з канцэпцыямі развіцця рускага і польскага этнасаў. Беларусацэнтрычны падыход да гістарычнага шляху, пройдзенага беларускім народам, адно пазначаны ў "Кароткай гісторыі Беларусі" В. Ластоўскага, навукова рэалізавалі У. Ігнатоўскі, У. Пічэта, М. Доўнар-Запольскі, В. Друшчыц, М. Шчакаціхін... Мастацкая інтэлігенцыя 20-х гадоў яшчэ не паспела засвоіць канчаткова сфармуляваны канцэптуальны погляд на айчынную гісторыю, прасцей кажучы, уведаць яе. Вось як, напрыклад, выслоўліваўся таленавіты паэт-"узвышэнец" Язэп Пушча пра беларускае мінулае:

О, Беларусь, тваё мінулае ў мармурах не заснула
І бронзай медзю не звініць,
Не знае готыкі, антычных стыляў,
Не ззяе колерам сузорчатых зарніц...
[6, с. ]

Не вызначаўся ў дэталях і погляд Якуба Коласа на вехі і перапетыі гісторыі Беларусі на час завяршэння паэтам яго славутага эпасу. Коратка пазначыўшы ў лірычным адступленні крыўды свайго народа, зведаныя ім ад іншаземных нашэсцяў ды расійскага царызму, у кантэксце галоўнай ідэі паэмы "Сымон-музыка" паэт падагульняў перажытае народам з акцэнтам на духоўных яго стратах. І казаў пра гэта таленавіта прачулым словам песняра:

Эх, чаго нам не прыйшлося,
Брацця мілыя, ужыць!
Колькі талентаў звялося,
Колькі іх і дзе ляжыць
Невядомых, непрызнаных,
Неаплаканых нікім,
Толькі ў полі адспяваных
Ветру посвісту пустым.

Шырокае лірычнае адступленне сваё ў паэме, з гістарычнымі экскурсамі, развагай Якуб Колас завяршаў рытарычным пытаннем, звернутым да суайчыннікаў:

Дык хіба ж мы праў не маем,
Сілы шлях свой адзначаць
І сваім уласным краем
Край наш родны называць?
[3, с. 82]

Трэба сказаць, што гутарка аб гістарычным праве беларусаў на сваю нацыянальную дзяржаўнасць вытрымана класікам цалкам у духу беларускай ментальнасці.

З канца 20-х гадоў у савецкай Беларусі распачалася барацьба з так званай "нацдэмаўшчынай". У выніку яе цягам 30-х гадоў была таталітарна вынішчана беларуская інтэлігенцыя, якая паднялася, вырасла за першую чвэрць ХХ ст., складала авангард народа, многа зрабіла дзеля заваявання яго дзяржаўнасці ды нацыянальна-культурнай адбудовы Беларусі. Найбольшыя страты зведала гуманітарная навука і літаратура.

Той з творцаў, хто выжыў, мусіў выконваць, выконваў цвёрды сацыяльны дзяржзаказ. Зварот пісьменніка да тэмы, у якой бы нейкім чынам прысутнічала нацыянальная ідэя, быў абсалютна выключаны, проста немагчымы. Для гэтага існавала пільная палітычная цэнзура пад нявіннай назвай "главлит". Над літаратурай, як і над усім творым жыццём краіны, мела шчыльную апеку ведамства дзяржбяспекі.

Да нацыятворных, нацыяахоўных матываў у сваёй творчасці, як гэта было ў 20-я гады, у 30 - 40-я Якуб Колас не вяртаўся, аб'ектыўна не мог гэта рабіць.

Толькі пад канец жыцця, літаральна напярэдадні адыходу ў вечнасць, патрапіў засведчыць сваю вернасць беларускай ідэі, у яе практычным аспекце. 13 жніўня 1956 г. народны паэт пабываў у ЦК КПбБ з лістом аб цяжкім становішчы беларускай мовы ў рэспубліцы, патрэбе пашырэння сферы яе ўжывання. Сын паэта, знаны вучоны М.К. Міцкевіч у мемуарах "Пад бацькоўскім дахам" зусім слушна лічыць ліст да кіраўніцтва рэспублікі за "апошняе слова народнага паэта, якое можна разглядаць як запавет". Яно застаецца актуальным", - падкрэслівае вучоны, публікуючы тэкст ліста Якуба Коласа [7, с. 136]. Сумна канстатаваць, што актуальнасць апошняга слова народнага паэта не зменшылася для беларусаў за 56 год ад часу, калі яно прагучала.

Ліст Я.Коласа у ЦК КПБ

Дарагія таварышы!

Калі б сіла ўяўлення змагла паказаць мне гадоў 50 таму назад сягонняшні Мінск і ўсю нашу рэспубліку такімі, якімі яны зараз ёсць, гэта здалося б недасяжнаю мараю, непраўдзівым сном. Я гавару аб тым, што асабліва дорага майму сэрцу, бо на маіх вачах узрос і адужаў беларускі народ, стаў жыць непараўнана лепш, змяніў аблічча свае зямлі. Маладыя людзі ўжо не могуць уявіць сваю краіну без аўтамабіля на вуліцы, без трактара на полі, без велічных гарадоў, без электрычнага святла, усеагульнай граматнасці, без кіно, тэатра. Гэта ўсё - наша праца, клопат Савецкай улады, кіраўніцтва Камуністычнай партыі. Нашы здабыткі - гэта мы самі, савецкія людзі, працавітыя, простыя. 3 тым большай пільнасцю і дбайнасцю беражом мы сваё шчасце, сваю працу, свае багацці.

Найвялікшым духоўным багаццем народа з'яўляецца яго мова. У мове адлюстроўвалася гісторыя народа, яго працоўнае жыццё, яго барацьба, яго смутак і радасць, яго прырода, яго любоў і гнеў. Любіць і шанаваць мову нас вучыў вялікі Ленін, выдатныя пісьменнікі, вучоныя, педагогі.

Беларуская мова параўнаўча маладая. Хоць і даўно ўжо гаворыць на ёй народ, але як мова навукі, палітыкі, літаратуры яна знаходзіцца ў перыядзе станаўлення. Таму задача савецкай інтэлігенцыі рэспублікі - берагчы мову, вывучаць яе, распрацоўваць і пашыраць. Гэта дасягаецца, па-першае, штодзённым яе ўжываннем у побыце, на рабоце, у дзяржаўных, грамадскіх і культурных установах.

Ці ўсё добра ў нас у гэтых адносінах? Далёка не ўсё. На мой погляд, далейшае развіццё культуры рэспублікі вельмі многа праігрывае і, скажам проста, стаіць перад сур'ёзнай пагрозаю іменна ад недастатковай увагі да роднай мовы. Установы сталіцы вывелі з абыходку беларускую мову: на ёй не вядзецца перапіска, на ёй не гавораць з наведвальнікамі, у гарадах няма беларускіх шыльд і надпісаў, мала беларускіх афіш і плакатаў. Смешна сказаць, але, праехаўшы Мінск, кавалак Слуцкага шасэ на працягу 30 кіламетраў, я не ўбачыў ніводнага беларускага слова. Толькі ў Русінаве на даследчай бульбяной станцыі знайшлося два пачарнелых ад часу надпісы: «Кузьня» і «Сьвіран».Дый то, відаць, яны былі зроблены ў 30-х гадах, да рэформы правапісу, бо пасля мяккіх зычных у іх стаіць мяккі знак. Няўжо ж нашы аўтамабілі, трактары, станкі, тканіны, цукеркі, папяросы сталі б горшымі, каб на іх былі беларускія надпісы. Хай толькі якасць не падводзіць! Бо колькі ні пішы «Казбек» на мінскіх папяросах, усё роўна спажывец патрабуе ленінградскіх. Свіслач рака незайздросная, але калі папяросы з такой назвай будуць самымі лепшымі, дык яны знойдуць попыт ва ўсім Савецкім Саюзе. Чаму ж мы дапускаем, каб беларускія этыкеткі з'яўляліся толькі на дрэнным гуталіне і на не вельмі смачных водах? Гэта ж і мала, і проста крыўдна.

Акадэмія навук, якая павінна быць цэнтрам беларускай навукі, не карыстаецца беларускаю моваю, не выдае на ёй работ, не праводзіць паседжанняў. Тое, што ў Акадэміі існуюць інстытуты мовы і літаратуры, яшчэ справы не рашае. У нас дасюль не распрацавана беларуская тэрміналогія па ўсіх галінах навукі, а гэта дало б магчымасць пісаць па-беларуску навуковыя працы і выкладаць па-беларуску спецыяльныя дысцыпліны. Няўжо ж навуковая работа, калі яна ўдалая і цікавая, што-небудзь страціць ад таго, што будзе напісана па-беларуску! Наадварот, яе будуць перакладаць і пашыраць на многіх мовах свету, як гэта робіцца з творамі нашых літаратараў. Могуць сказаць, што, стаўшы на такі шлях, распужаеш з Акадэміі вучоных, ураджэнцаў іншых рэспублік, якія не ўладаюць мовай. Не, ніхто не збіраецца саджаць за азбуку паважаных і сур'ёзных людзей. Аднак, жывучы ў Беларусі, і ім бы не грэх навучыцца хоць бы чытаць газету. Большасць жа нашых вучоных - беларусы, і мову яны ведаюць, але ёю не карыстаюцца. У іх адрас і накіраваны гэты папрок. Бо хіба ж можа быць сур'ёзнае развіццё навукі, калі вучоныя не хочуць паважаць мовы народа, на зямлі якога яны працуюць?

Саюзы кампазітараў і мастакоў таксама адмовіліся ад свае мовы. Ну, няхай у іх іншыя сродкі выражэння думак і пачуццяў, не моўныя. Аднак, зрабіць уклад у нацыянальнае мастацтва і музыку, не ведаючы мовы народа, немагчыма. Мова - важнейшы элемент нацыянальнай формы, не ведаючы яе, не карыстаючыся ёю, ні мастак, ні кампазітар не здолеюць аўладаць усімі духоўнымі багаццямі народа.

Беларускую мову можна пачуць у тэатрах і па радыё. Але што гэта за мова? Гэта непрыхаваны здзек над ёю. Артысты і дыктары парушаюць элементарныя правілы вымаўлення, пастаноўкі націскаў, мова засмечана мноствам скажоных слоў-калек, няўдала запазычаных з рускай мовы. Адбываецца гэта таму, што артысты, работнікі радыё, журналісты, газетчыкі не карыстаюцца мовай у побыце. Пераклады газетных артыкулаў і матэрыялаў радыё даручаюцца машыністкам і малаграматным людзям. Адкуль жа тут узяцца добрай мове? Вось і пішуць нашы газеты і часопісы: «прадстаячы», «маючыйся», «кіруемы» і іншыя страхападобныя словы.

Тэатры, ставячы перакладныя п'есы, па-свойму, няграматна папраўляюць перакладчыкаў, змяняюць сказы і словы, бо, бачыце, беларускае слова «не гучыць». Беларускае слова не гучыць, але яны не ведаюць яго, не імкнуцца зразумець сэнс і данесці яго да гледача. Назвы п'ес тэатры стараюцца даць так, каб яны былі не перакладзены, а толькі напісаны беларускімі літарамі. Дарэчы, тэатр оперы і балету ніяк не можа ўзбіцца на арыгінальны рэпертуар, пераклады лібрэта класічных опер не робяцца. Спевакі, артысты філармоніі, чытальнікі занядбалі беларускі рэпертуар. Можна пачуць, што такога рэпертуару няма. Няпраўда, ёсць і песні, ёсць і танцы, ёсць і творы для чытання. Трэба працягнуць руку і ўзяць. А пачні шырэй выконваць, дык і рэпертуар пашырыцца, будзе больш ахвоты працаваць у стваральнікаў яго.

Студыя «Беларусьфільм» здымае фільмы на рускай мове, а потым дубліруе іх на беларускую. Такім шляхам нацыянальную кінематаграфію не створыш. Дарэчы, дубліраваныя фільмы не з'яўляюцца на экранах сталіцы, дзе і як яны ідуць, невядома.

Што ж мы маем у галіне народнай асветы? У вузах, тэхнікумах, школах выкладанне не вядзецца па-беларуску, наша мова выкладаецца кепска, так, што робіцца нялюбым прадметам. Беларускіх школ мала, яны размешчаны на ўскраінах, у горшых будынках, у горшых умовах, як бы сумысля, каб малыя дзеці насельніцтва не маглі дабрацца туды. Нават у многіх школах вясковых мясцовасцей беларускага толькі і засталося, што паржавелыя шыльды над ганкам. Кажуць, што супраць беларускай школы з'яўляюцца пратэсты насельніцтва. Я і мае таварышы-літаратары атрымліваем таксама абразлівыя пісьмы за абарону мовы, за работу на ёй. Трэба добра разабрацца, хто гэта піша. Праўда, разбірацца цяжка, бо пішуць ананімы. Ці выражаюць гэтыя пісьмы сапраўдную волю і жаданне народа? Можа, сапраўды наш народ перастаў любіць сваю мову? Не, гэтага не было і не можа быць! Прыслухайцеся да жыхароў гарадскіх ускраін і рабочых пасёлкаў, да калгаснікаў: у іх вуснах гучыць чыстая, прыгожая беларуская мова. Нікому з іх і ў думку не ўпадзе пратэставаць супраць той мовы, на якой ён гаворыць з маленства. Але ёсць мяшчанская праслойка, якая грэбліва адносіцца да нашай мовы; яна мае ўплыў на недастаткова развітых асоб. На жаль, прыслухоўваючыся да голасу гэтага мяшчанства, і некаторыя людзі з органаў народнай асветы пачынаюць імкнуцца ліквідаваць і беларускую школу і наогул выкладанне мовы ў ёй. Але не волю народа выконваюць яны, блізарукія. Пратэставаць супраць роднай мовы, з аднаго боку, могуць людзі па неразуменню, а з другога - нашы ворагі, ворагі нашай савецкай рэчаіснасці, ворагі дружбы народаў. Наогул недастатковая ўвага да мовы дае матэрыял для плётак і інсінуацый нашым замежным ворагам і іх паслугачам - беларускім нацыяналістам.

У чым жа прычына сягонняшняга становішча з мовай?

У пэўны час - ці трэба тлумачыць, калі і чаму гэта было? - вялікая група інтэлігенцыі перастала карыстацца сваёю мовай. Абазвацца па-беларуску тады - значыла зарабіць ярлык нацыяналіста.

Прашу разумець мяне правільна. Партыя вяла справядлівую барацьбу з буржуазным нацыяналізмам, ускрываючы шкоднасць і карэнні гэтага зла. Я маю на ўвазе іншае, а іменна - тыя нездаровыя з'явішчы, у выніку якіх значная колькасць партыйнай і савецкай інтэлігенцыі рэспублікі была бязвінна рэпрэсіравана. Дык вось, баючыся быць пакаранымі без віны, людзі пакідалі гаварыць па-беларуску, а потым, натуральна, пакрысе і забывалі мову. Гэтак было са старэйшымі. Моладзь, падрастаючы, пачала ўжо нігілістычна адносіцца да мовы: нашто яе вывучаць, калі яна не мае практычнага прыстасавання, не ўжываецца для выкладання, для перапіскі, не гучыць на сходах...

На жаль, не было зроблена ніякіх крокаў, каб паправіць гэты крэн ад свае мовы. Вымушаны выпадковымі і нездаровымі абставінамі адыход інтэлігенцыі ад беларускай мовы пачаў няправільна разумецца як наогул нелюбоў да яе народа, нежаданне ёю карыстацца. 3 гэтага неразумення і вынікла тое, што ўжыванне беларускай мовы паступова змяншалася.

Ці не выступаю я такім чынам супраць ужывання і пашырэння рускай мовы? Не. Руская мова - гэта шырокая брама ў культуру рускага народа, народаў нашай Радзімы і ўсяго свету. У маладосці мяне выхоўвалі Пушкін і Крылоў, Дабралюбаў і Чарнышэўскі, у сталыя гады - Ленін, Горкі і савецкая літаратура. Мільёны маладзейшых людзей нашай рэспублікі назавуць гэтых самых настаўнікаў. Руская мова - родная нам, яна - неад'емнае багацце беларуса. Кожны з нас абавязан добра ведаць рускую мову, яна павінна давацца дзіцяці змалку, выкладацца лепей, чым цяпер. Бо, нямага чаго граху таіць, сапраўднага ведання рускай мовы ў рэспубліцы няма, яна перакручваецца і калечыцца, і гэта мне таксама рупіць і баліць, як перакручванне і калечанне мовы беларускай.

Ці не даволі разважаць і перайсці да канкрэтных прапаноў? Становішча мовы ў рэспубліцы патрабуе паляпшэння. Я не думаю аб нейкіх адміністрацыйных загадах, смешна было беларусізаваць беларускую рэспубліку. Усю справу можа вырашыць добры прыклад. Лягчэйшым за ўсё іншае мне здаецца такі шлях. У нас праводзіцца шмат рэспубліканскіх нарад, урачыстасцей, святкаванняў. На іх выступаюць з дакладамі адказныя работнікі, якія ведаюць беларускую мову. Вось няхай бы гэтыя даклады рабіліся па-беларуску. Гэта задавала б тон і паказала павагу да мовы з боку кіраўніцтва рэспублікі. Добры прыклад пярэйдзе ў вобласць, а затым і ў раён. А то ж сапраўды нецікава атрымліваецца, што сакратары райкомаў і старшыні выканкомаў гавораць з народам не на яго мове. Мне думаецца, што такім шляхам можна дасягнуць большага кантакту і ўзаемаразумення.

Другое. Такія ўстановы, як Міністэрства культуры, Міністэрства асветы, могуць і павінны весці сваю работу па-беларуску. Калі беларускаю моваю загавораць міністры і іх шматлікія намеснікі, пачнуць праводзіць на гэтай мове паседжанні, пісаць, дык можна мець пэўнасць, што справа пойдзе на лад.

Само сабой зразумела, што ніякай цяжкасці не складзе і карыстанне мовай у творчых арганізацыях мастакоў, кампазітараў, у тэатрах. Укараненне мовы ў Акадэміі зробіць уплыў на ўкараненне яе ў навучальных установах. Выкладанне самой мовы і асноўных прадметаў на ёй справа не цяжкая. Кадры ёсць, падручнікі ёсць - трэба толькі паваротлівасць Міністэрства. Вядома, што колькасць беларускіх школ павінна быць павялічана і ўмовы ў іх павінны быць добрымі.

Я не майстар рабіць прапановы, іх трэба пашырыць і па-глыбіць. Аб усім гэтым неабходна добра і ўважліва памеркаваць. ЦК знойдзе адпаведныя метады і сродкі. Пачаў жа я гэтую гаворку таму, што не мог не пачаць, таму, што адчуваю гэта сваім абавязкам перад партыяй і народам.

25.V. 1956 г.

Літаратура

  1. Мушынскі М.І. Якуб Колас. Летапіс жыцця і творчасці. - Мінск, 1982.
  2. Колас Якуб. Збор твораў. У 20 т. - Мінск, 2007. Т. 2.
  3. Колас Якуб. Зб. тв. У 20 т. - Мінск, 2011. Т. 13.
  4. Лужанін М. Колас расказвае пра сябе. - Мінск, 1982.
  5. Колас Якуб. Зб. тв. У 20 т. - Мінск, 2009. Т. 9.
  6. Пушча Язэп.
  7. Міцкевіч М.К. Пад бацькоўскім дахам. - Мінск, 2000.

 

 
« Папяр.   Наст. »
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 1135
mod_vvisit_counter Учора 2709
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 6549
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 42089