Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 
Брама сайта arrow АДВЕЧНАЕ arrow Гістарычны матыў arrow Берлінскія ўспаміны

Берлінскія ўспаміны Друк E-mail
06.09.2012 | 01:23 |
Алег ШАГУЛІНАлег ШАГУЛІН

Любым бацькам прысвячаю. Аўтар

 Першы пасляваенны год. Яшчэ ўсё жыве вайной: цяжкія ўспаміны, боль ад страчанага амаль у кожнай сям'і. Нянавісць да Германіі, да немцаў пануе ў бальшыні нашага, савецкага, люду. Гэта потым паступова, спакваля, пачнецца больш крытычны аналіз таго, што адбылося. Але тады ў нашых душах панавала простае чалавечае пытанне да Іх: чаму вы гэта ўтварылі, гады- немцы!..

Мы прыляцелі ў Берлін у чэрвені сорак шостага года. Аэрапорт Шёнэфельд нават сустрэў нейкім незвычайным пахам. Мне падалося, якімсьці "нямецкім", не нашым. Дробненькі цёплы дожджык церусіў па ўсёй дарозе да Карлсхорста, практычна не пацярпелага на ўскрайку раёна Берліна, дзе год таму была падпісана капітуляцыя крывавага Рэйха.

І пацякло нібыта звычайнае ( для мяне,школьніка), але насамрэч вельмі цікавае і ў многім павучальнае для дарослых жыццё ў цывілізаванай сталіцы еўрапейскай дзяржавы, вельмі не падобнай на пакінуты Тамбоў, дзе перад вайной бацька служыў ў кавалерыйскай вучэльні.

Карлсхорст быў прызначаны для пражывання выключна савецкага канцінгенту: семьі ваенных, служачыя савецкай ваеннай адміністрацыі Германіі (СВАГ), інжынерна-тэхнічныя спецыялісты рэпарацыйных кантор і г.д.. Немцы прыходзілі на тэрыторыю Карлсхорста выключна на працу: крамы,цырульні,тэхнічная абслуга накшталт нашых ЖЭС-аў. За знешнім парадкам ( у адносінах да суайчыннікаў) назіралі паліцыянты-немцы.Таму шчыльнага, натуральнага, кантакту з мясцовым людам у нас амаль не было.

Але і тое, што адбывалася пры штодзённых сустрэчах на рынку, у крамах, майстэрнях,цырульнях паступова размякчала першасную напружанасць і варожасць, нярэдка прыводзячы да прыязных, ці, як у нашым выпадку, сапраўды чалавечых, сяброўскіх адносінаў.

Некалькі эпізодаў такога і іншага кшталту, якія ў той час запалі мне ў сэрца і душу, нечакана, праз шэсць дзесяцігоддзяў, падаліся вельмі актуальнымі і павучальнымі ў нашай сучаснай беларускай ( і не толькі ) рэчаіснасці.

Эпізод першы:
ЗНІШЧЭННЕ ГЕРМАНІІ ПА-БЕЛАРУСКУ, або ТРАНСФАРМАЦЫЯ НЯНАВІСЦІ

Першымі да бацькі ў Германію выправіліся маці са старэйшым братам. Паездка цягніком у траўні 1946-года была складаная і небяспечная па тэрыторыі Заходняй Беларусі і, асабліва, Польшчы.Цягнікі часта абстрэліваліся, і таму амаль у кожным вагоне знаходіўся аўтаматчык...Маці, як узгадваў брат, абуралася ўбачаным пагромам вёсак і гарадоў. Салдат- аўтаматчык дадаваў пра сваё, перажытае на вайне, ды пакуты родных. Карацей, градус абурэння і нянавісці да немцаў быў высокі. Матуля ледзь не абяцала адпомсціць немчуры асобна....

Цягнік няспешна наблізіўся да часовай платформы вакзала Франкфурта-на-Одэры, моцна разбуранага. Праз адчыненае акно былі добра бачны парэшткi муроў, людзі, што разбіралі каменныя завалы. Мабыць у гэты момант маці адчула нейкае не хрысціянскае задавальненне ("так вам і трэба, шэльмы"), але... Тут адбылося нечаканае. Пабачыўшы адчыненае вакно, да яго падышлі дзве вельмі схудалыя бледнатварыя дзяўчынкі гадоў дзесяці. Зрабіўшы кніксэн сваімі тоненькімі ножкамі, яны звярнуліся да маці :"Фрау, біттэ кляйн брод"...Убачанае падзейнічала на матулю як маланка, - яна на імгненне знямела.Твар яе з смуглага змяніўся на белы.Не адводзячы вачэй ад дзяўчынак, яна, як заварожаная, намацала на стале паўбохана хлеба з некалькімі кусочкамі цукру і падала дзяўчынкам : "Бярыце, дзетачкі, ешце". І села з вачыма, поўнымі слёз. "Ну, вось знішчэнне Германіі пачалося, - з усмешкай сказаў ахоўнік. - А калі б было наадварот, іхняя маці наўрад ці дала б скарынку тваім сынам ". І, узяўшы аўтамат, пайшоў на перон.

Эпізод другі:
РАЗЕНТАЛЬ і ЧАПАЕЎ

Разенталь працаваў цесляром у майстэрні ("ЖЭС"). Гэта быў сухаваты пажылы немец дзесьці за 50 год, стары халастяк, над чым матуля па-сяброўску паджартоўвала: "Разенталь, чаму ты да гэтага часу без жонкі ? " - "А навошта, фрау Ганна? Колькі турбот зазвычай з жанчынамі, адні беды ад іх..."

У першую сусветную ён ваяваў на Усходнім фронце, быў у расейскім палоне, таму нядрэнна размаўляў па-руску. Іхнія з маці бяседы часцей адбываліся на кухні, дзе яна, удзячная яму за дапамогу ў дробных гаспадарчых справах, далікатна падкормлівала яго (немцы ж у той час вельмі галадалі).

Маці пыталася: "Разенталь, чаму вы Гітлера дапусцілі?" І ён адказваў: "Мы, людзі сталага веку, не верылі яго байкам-абяцанкам, а вось моладзь ды жанчыны - як зварьяцелі... Калі наблізілася вайна з вамі, мы, старэйшыя, зразумелі, што хутка яму канец. Мы ж памяталі папярэджванні нашага Бісмарка -- не хадіць на Усход! Вот дурні і давялі Германію да галечы і ганьбы".

Вядома, ён быў просты рабочы, не меў глыбокіх палітычных ведаў, але ў іх з маці "палітбяседах" выказваў шмат чаго слушнага і мудрага... Раз прыходзіць: "Фрау Ганна, я толькі цяпер зразумеў, чаму мы ў 1918-ым годзе прафукалі нашу рэвалюцыю". Маці: "Чаму?". Ён: "Я ўчора глядзеў ваш фільм " Чапаеў. Шмат чаго там цікавага". --"Ну дык што?" - "А тое: якія мы з вамі вельмі розныя!" - "У чым жа гэта?" - "Скажу. Напрыканцы фільма, калі белыя нечакана напалі, Чапаеў што робіць? Чапаеў уцягвае на гарышча кулямёт "Максім" і, каб шкло акенца не перашкаджала яму страляць, нагой выбівае раму! " Маці : " Ну ,калі гэта патрэбна,так і добра ". Ён : "Немец так ніколі ня зробіць ! Калі ў 1918-ым годзе мы, чырвонагвардзейцы-кулямётчыкі, павінны былі выбіваць юнкераў і афіцэраў з зашклёнай эстакады Усходняга вакзала, то замест таго, каб схавацца з кулямётам у гушчары вялізарнай клумбы руж (каб яна нас хоць трохі схавала ад варожага вока), мы паставілі наш "Максім" побач з клумбай на адкрытым месцы ! І праз пяць хвілін мой сябар быў паранены, мы былі вымушаны спыніць страляніну і адпаўзці за вугал пакгауза. Вось гэтакая наша схільнасць да парадку... А Чапаеў малайчына, нагой таўхель і - а-а-го-нь! "

Гэтую, занесеную ў кроў немца, схільнасць ды любоў да парадку мы,савецкія хлопцы, назіралі паўсюдна. Калі мы з сябрам Ігарам зайшлі да Разенталя папрасіць нейкі брусок, ён фугаваў на станку вялізную дошку. Раптам прагучаў сігнал на абед. Станок быў спынены (з недафугаванай дошкай). Разенталь разгарнуў паперу са сціплай ежай і прыступіў да абеду : п а р а д а к !

Таксама было смешна назіраць, калі пры пераходзе праз нашую нешырокую вуліцу немцы спыняюцца, пабачыўшы мільгануўшае чырвонае святло светлафора, хоця ні злева, ні справа не бачна аніводнай машыны.

Праз многія гады я зразумеў, чаму нас, былых ліцьвінаў (незапэцканых яшчэ маскоўшчынай), калі-нікалі клічуць славянскімі немцамі.

Эпізод трэці:
РАЗБУРАНАЕ КАХАННЕ

Яе звалі фрау Марыя. Звычайная берлінская кабета, далёка не красуня, гадоў пад сорак. Працавала ў цырульні побач з нашым домам. І мы,трое братоў, найчасцей карысталіся яе паслугамі. Калі-нікалі яна прыходзіла да маці зрабіць манікюр, і паміж імі адбывалася дзіўная бяседа. Марыя амаль ні слова ня ведала па-руску, маці мала адрознівалася ад яе ў нямецкім. Тым не менш, гэта была размова дзвюх дарослых жанчын- маці пра свае жаночыя турботы аб дзецях, жыцці наогул... Муж Марыі ваяваў ў Расіі, знаходзіўся ў палоне.Таму жыццё кабеты з дзецьмі ў гэты пакутны час было, вядома, не цукар, і маці не раз дапамагала Марыі прадуктамі або лекамі.

Неяк бліжэй да вечара, а гэта было ў восень ўжо 1947 года, я заскочыў да дому па сваіх хлапечых справах і бачу: на кухні, за сталом, як заўсёды, сядзяць маці і фрау Марыя, а бліжэй да акна - статны мужчына з вельмі прыгожым тварам і каштанавымі кучаравымі валасамі. Гэта быў муж Марыі Курт, які вярнуўся з палону, ён прыйшоў да маці, каб аддзячыць ёй за сардэчнасць і дапамогу ягонай сям' і ў цяжкі час. Курт ужо добра размаўляў па-руску, і таму ягоны аповед пра перажытае ў палоне і пра незвычайныя для тагачаснай вайсковай варожасці лірычныя і драматычныя прыгоды, каханне - усё гэта было яскравым прыкладам неўміручасці чалавечай душы.

Дык вось... Курская дуга. Неверагодна жорсткая схватка дзвюх армій. Смерць стаяла літаральна над кожным удзельнікам баёў, яна насоўвалася з вішчаннем куль і звонам асколкаў, з выбухамі соцень гармат, са смярдзючым дымам ад падбітых танкаў, з нелітасцівымі мужчынскімі рукапашнымі схваткамі. Напрыканцы бітвы Курт з сябрамі апынуўся ў палоне. Лёс, праўда, злітаваўся над іх групай. Замест адпраўкі на ўсход, іх вырашылі выкарыстаць як працоўную мужчынскую сілу ў бліжэйшых вёсках, дзе засталіся адны жанчыны з дзецьмі і старымі.

Такім чынам ён апынуўся ў былым калгасе, у вёсцы двароў на сорак, збяднелай ад ваеннага ліхалецця ды адсутнасці гаспадарчага мужчынскага догляду. Як потым ён высветліў, значная частка мужыкоў загінула на пачатку вайны,астатнія ці ваявалі, ці прапалі без звестак. Карацей кажучы, вёска ледзь жыла, патанаючы ў сіроцкім і ўдовіным горы, галечы.

...Аднарукі старшыня сельсавета, былы сяржант, разам з міліцыянтам размяркоўвалі палонных па дварах. Курта апошнім падвялі да крайняй хаты, за якой бачыўся яр, зарослы ялінкамі...Размова начальства з схуднелай, бедна апранутай гаспадыняй нічога добрага Курту не абяцала. Па яе разгневаных выкрыках і адмоўных рухах рук палонны зразумеў, што яна злосна адмаўляецца ад іх прапановы прыстроіць працоўную сілу ў абліччы ненавіснага фашыста, што адзінае чулася з яе ляманту.

Стаміўшыся ўгаворваць маладзіцу, начальства моўчкі павяло мяне, казаў Курт, на падворак, зайшлі ці-то ў пуню, ці-то ў стайню. Разам высветлілі, што ёсць з гаспадарчых прылад, усё было амаль непрыгоднае. Я ж па прафесіі аўтамеханік, працаваў на БМВ у Мюнхене, таму здзівіўся гэткай жабрацкай аснашчанасці расійскага сялянскага двара. Выйшлі з пуні, паперадзе - начальства, я затрымаўся крокі на тры, і дарэмна. Ледзь вытыркнуўся з праёму дзвярэй, як змеціў замах. Так... Я імгненна прысеў да зямлі, - гаспадыня моцна шпульнула вілы мне амаль у галаву. Тут ужо крык узнялі начальнікі, але ж хутка сарамліва спыніліся. Жанчына залілася слязьмі. Лямантуючы, яна пабрыла да ганку, дзе яе чакалі збянтэжаныя дзеці - дзяўчынка гадоў дзесяці і два хлопчыкі прыблізна 6-ці і 3-х гадоў. Сяржант з міліцыянтам доўга размаўлялі з ёю, адчувалася, угаворвалі. Потым неяк "на пальцах" растлумачылі мае гаспадарчыя задачы і абавязкі. На тым і развіталіся... Застаўся я ў роспачы - на вайне не забілі, дык тут заб'юць як бачна... Першыя ночы я хаваўся на схіле яру між маладых ялін, потым - на гарышчы пуні, і добра што ў той час стаяла цёплае надвор'е...

Працы было зашмат. Акрамя спраў гаспадарчых на падворку, што было не галоўнай задачай, патрабавалася аднаўляць гаспадарку калгасную, якая і без вайны была, як я потым зразумеў, не вельмі багатая. Калі ж кіраўнікі даведаліся пра маю прафесію і кваліфікацыю, мяне завалілі заказамі па механіцы : аднавіць разбіты трактар, конную касілку і г.д. Разам з сябрам мы наладзілі працу калгаснай кузні, дзе ён потым і працаваў кавалём. Неяк паступова я стаў запатрабаваны нават у раённым маштабе: знаходзілі падбітыя грузавікі, і вашы, і нашы, а мне даручалі іх рэстаўрыраваць. Сталі паважліва ставіцца да мяне і да маіх тэхнічных парад.

Мая гаспадыня трохі зменшыла сваю агрэсіўнасць, нялюбасць. І ў гэтым, як не дзіўна, дапамагалі яе дзеці. Што б я ні рабіў па дому (а ўсё было ў вялікім заняпадзе), побач былі хлопчыкі, а старэйшы дык калі-нікалі і дапамагаў мне. Праз нейкі час малыя сталі клікаць мяне па імені - Курт альбо дзядзя Курт. Карацей кажучы, прайшлі 3-4 месяцы і адносіны да мяне сталі больш чалавечыя, цёплыя. А сыны гаспадыні нават ганарыліся перад іншымі дзецьмі, што іх Курт усё можа зрабіць...Вядома, я ж ніколі не быў баўэрам, але хутка авалодаў сакрэтамі цяжкай сялянскай працы, і гэта станоўча адбілася на дабрабыце гаротнай сям'і...

К Новаму Году я нядрэнна авалодаў на побытавым, праўда, узроўні рускай мовай, нават пару раз прымаў удзел у нейкіх раённых нарадах па рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі ў якасці тэхнічнага кансультанта. Мне нават падаравалі цёплую рускую вопратку - кажух і валёнкі, дармо што паношаныя.

На працягу яго аповеду фрау Марыя, пазіраючы то на мужа, то на маці, спрабавала ўлавіць калі не сэнс,то хоць настрой бяседы, перыядычна ўстаўляла "я, я...яволь..." "Было трохі смешна. На хвілін 10-12-ць я пакінуў кухню. Не пачутае тады матуля распавяла мне ўжо даросламу. Карацей, цяжкі 1944 год, пражыты сумесна ў барацьбе за выжыванне, зблізіў гэтых людзей з паломаным лёсам, зрабіўшы іх патроху сапраўднай сям'ёй. У той жанчыне, зморанай цяжкай працай удаве, ён убачыў маладую яшчэ прыгожую асобу і па-сапраўднаму закахаўся. Мала таго, адчуў тое ж да сябе...

Аднак лёс не мог падараваць ім доўгае шчасце... У 1946-годзе рыхтавалі першую партыю палонных для вяртання на радзіму. Курт з сябрам пастараліся не патрапіць у гэты спіс. Дый мясцовае начальства не было зацікаўленае страціць такіх надзейных, кваліфікаваных і дысцыплінаваных мужыкоў як гэтыя немцы. Толькі ж канчатковае рашэнне прымалася не месцічамі, а ў Маскве. І ў 1947 годзе пытанне вяртання ўсіх ваеннапалонных на радзіму стала рубам. Курт нават хаваўся ад міліцыі ў лесе - затульвала яго ўся новая сям'я. Але адбылося тое, што адбылося, сумна закончыў Курт свой аповед.

Матуля мая як жанчына, адчуўшы ўвесь драматызм гісторыі з гэтым прыстойным чалавекам, неяк няёмка і няўдала выказала яму таннае суцяшэнне: "Ну, што ж рабіць, тут у вас родныя дзеці ды жонка..." А ён у адказ: "Фрау Ганна ( і - гледзючы на жонку) я нават і блізка параўнаць не магу яе з Вольгай". У гэты момант фрау Марыя яшчэ раз вельмі няўдала прамовіла свае: "Я..я...". Тады маці выдала апошні, мабілізуючы, як, пэўна, ёй здавалася, аргумент: "Вы, як сацыяліст, дапаможаце свайму народу наладзіць новае, нармальнае жыццё". Курт устаў, сумна ўсміхнуўся і адказаў: "Я ў палоне шмат думаў пра Германію, пра ўсё, што мы перажылі, і як і хто выпусціў гэтага беснаватага... Я нічога добрага ўжо не бачу за гэтым народам, як, мабыць, і за іншымі. Пройдзе час, патроху забудзецца гэты пякельны жах. Падрасце новае пакаленне, сустрэнецца са сваімі пэўнымі цяжкасцямі і возьме ды зноў прызаве чарговага авантурыста-фюрэра, які задурыць галовы так званым простым людзям і павядзе іх на чарговую бойню. Я ж прыйшоў да высновы, што менавіта гэты "просты народ" і спараджае ды прымае фашызм..."

Курт і Марыя сардэчна развіталіся з маці . Маці доўга глядзела праз вакно ім услед...

Амаль праз год, у чэрвені 48-года, перад нашым ад'ездам з Берліна, прыйшла, каб развітацца з маці, іншая , на гэты раз інтэлігентная кабета,ўдава забітага на Балканах берлінскага адваката. Ўразілі маю маці яе апошнія словы: "Не разумею, як гэтаму мярзотніку ўдалося за 12-гадоў так задурыць,так разбэсціць наш асвечаны і культурны народ?! ". ( Дазволю паставіць пытанне : А КАЛІ НАРОД НЕ ТАКІ АСВЕЧАНЫ?...).

Праз многія гады гэтую сумную гісторыю і апошнія словы Курта я давяраю чыстай паперы тут, на сваёй Радзіме, дзе таксама пацягнула смярдзючым, але ўжо нашым, беларускім, фашізмам . І таксама -" просты народ" і пэўныя цяжкасці ды мора хлусні...( А сваё дзярмо не смярдіць ! ).

Эпізод чацвёрты:
ЗДРАДНІЦТВА з-за КАХАННЯ

Углядаюся ,ужо сівы ,ў амаль аматарскі фотаздымак з альбому, прысвечанаму нашаму з братам жыццю ў піянерлагеры пад Берлінам, на рацэ Шпрэе. Лета 1946-года. На пясчаным пляжы размясцілася група педагогаў, піянерважатых, ахоўнікаў лагера. Усе маладыя, здавалася нават, шчаслівыя,- яны ж перажылі жудасную вайну. На ўскрайку групы, далікатна абапёршыся далонямі на плячо суседа, павярнула прыгожы твар да фатографа маладая жанчына. Прыгажосць яе ўражвае: хвалямі спадаюць на плечы чорныя кучаравыя валасы, вочы ў акаймаванні густых броваў, спакуслівыя вусны. Яна стаіць каленямі на пяску, таму бачна яе не ўсю. Але і бачнае прымусіла б жывапісца Крамскога пасадіць менавіта яе ў карэту на ягоным знакамітым палатне "Партрэт незнаёмкі", - пышная ўкраінская прыгажосць палтаўскага гатунку. Колькі моцных мужчын марылі аб такім небяспечным падарунку лёсу. Але ён і дастаўся моцнаму, але ворагу, з-за чаго яе лёс заўчасна, але і заслужана ( па тых жорсткіх і бязлітасных мерках ваеннага ліхалецця) абрынуўся пад адхон.

Першага верасня яна, Марыя Грыневіч, стала нашай класнай выхавацелькай, строгай, патрабавальнай, але не жорсткай. З ёю мы наведвалі памятныя мясціны, звязаныя з баямі за Берлін, у тым ліку і велізарныя могілкі ў Трэптаў-парку, тады яшчэ не аздобленыя манументамі Вучэціча. Калі-нікалі мы, яе вучні, наведвалі яе сціплую кватэрку, хто для паляпшэння сваіх ведаў, хто па нейкіх іншых, класных, справах... Гэты навучальны год быў для нас, хлопцаў, а дакладней, для нашай вучобы, вельмі небяспечным сваімі спакусамі: колькі патронаў, зброі ды іншых вайсковых прылад яшчэ чакалі хлапечага пошукавага энтузіязму. А колькі бяды гэта ўтойвала...

Карацей, год праляцеў, як страла... Вядома, мы ў тым узросце не вельмі сачылі за лёсам, настроем нашых настаўнікаў. Але ж я заўважыў некалькі разоў, як настаўніца падоўгу размаўляла з маёй маці (пад вокнамі), ніколі не заходзячы ў кватэру, і была яна вельмі засмучаная. Гэта ўжо адбывалася ўлетку 1947-га.

І было ёй з-за чаго быць засмучанай... Украіна, 1942 год, акупацыя.Фашысты ўстанавілі свой рэжым, сваю адміністрацыю, свой адмысловы парадак. Адносіны да гэтага парадку былі розныя: пакрыўджаныя савецкай ўладай прынялі новы рэжым як вызваленне, а хранічна варожыя да маскалёў -- з надзеяй на рэалізацыю сваіх мараў. Але значная частка, асабліва моладзь савецкага выхавання, успрыняла фашыстаў, як смяротную небяспеку. Яны і пачалі падпольны супраціў акупантам. Сям'я нашай прыгажуні не прыняла новы рэжым. Яе старэйшая сястра, таксама настаўніца, адразу ўключылася ў падпольную працу, малодшая вялікай актыўнасці не праяўляла. Кожнаму - сваё...

Партызанскі і падпольны рух патроху набіраў сілы, хаця, у адрозненне ад Беларусі, стэпавая частка Украіны не вельмі падыходзіла для партызанскай таямнічасці.Тым не менш, супраціў у іхняй мясціне набіраў небяспечны для гітлераўцаў размах. І немцы прынялі меры.

Для кіраўніцтва карнымі аперацыямі з Берліна прыбыў энергічны і рашучы гаўптштурмфюрэр. Яго прафесіялізм і хватку падпольшчыкі адчулі хутка: пачаліся правалы, арышты... Трэба было нешта рабіць, каб нейтралізаваць гестапаўца. І тут звярнула на сябе ўвагу зразумелая для такога выпадку сітуацыя. Гестапавец быў малады, прыгожы, нядрэнна размаўляў па-руску і, натуральна, змеціў нашу прыгажуню ды закахаўся. І пачаў наведвацца да яе, як потым пацвердзілася, з самымі сур'ёзнымі намерамі. (Тут трэба нагадаць чытачу, што, згодна са статутам, сувязь прадстаўнікоў элітных часцей і службаў Рэйха з прадстаўніцамі непаўнавартасных нацый, у тым ліку і славянкамі, была катэгарычна забаронена. І толькі выдатныя заслугі перад Рэйхам маглі даць нейкі шанец закаханаму Рамэа). Што рабіць?

Закаханасць гестапаўца ў прыгажуню вырашылі выкарыстаць патрыёты. Старэйшая сястра прапанавала ёй выкарыстаць візіт гестапаўца для ягонага захопу ці забойства. Малодшая паабяцала падумаць. Але гэта была адгаворка, паколькі яна і сама закахалася. Праз нейкі час малодшай нагадалі пра запланаваны захоп. Але тут яна ўжо катэгарычна адмовілася і папрасіла ніколі больш не звяртацца да яе з гэтым і тлумачыла адмову тым, што "сустрэла цудоўнага, прыгожага мужчыну, выхаванага і адукаванага, блізка не падобнага ні на каго з іх мясцовага атачэння".

Закаханы гестапавец не марнаваў час: падполле было амаль цалкам знішчана, шыбеніцы і расстрэлы сотняў нашых людзей пакінулі па сабе страшную памяць аб ім і ягонай прыгажуні. За выдатныя вынікі ў барацьбе з "бандытамі" гестапавец быў належным чынам уганараваны, павышаны ў званні, а галоўнае, заслужыў вялікай міласці фюрэра -- той даў дазвол на афіцыйны шлюб з каханай. Шлюбная цырымонія адбылася ўжо ў Берліне, куды шчаслівы арыец быў выкліканы для працы ў цэнтральным апараце гестапа. Наступныя 1,5 - 2 гады падаравалі Марыі бестурботнае жыццё і, амаль, шчасце. Але шчасце гэтае з набліжэннем да Берліну Чырвонай Арміі хуценька знікала. Адчуўшы набліжэнне краху, гестапавец прыдумаў для прыгажуні надзейную легенду і забяспечыў яё патрэбнай якасці дакументамі. Яна перабралася ў супрацьлеглы раён горада -- Карлсхорст. Гестапавец, як і многія сярэдняга ўзроўню чыны, быў накіраваны на фронт, дзе, верагодна, і загінуў.

І пачалося ў Марыі Грыневіч новае жыццё (пад былымі "сваімі" ). Пасля хуткацечнай праверкі дакументаў, надзейна зробленых, ёй прапанавалі працу па прафесіі -- у школе для савецкіх дзяцей, дзе мы з ёю і сустрэліся... Дык што далей? Чаму я ўбачыў яе вельмі засмучанай?..

Яе выпадкова сустрэў ацалелы ўдзельнік берлінскага антыфашыстоўскага падполля, які жыў непадалёку ад іх былой кватэры і добра ведаў, хто яны такія. Ён прайшоў за ёю да яе новай кватэры і ад суседзяў даведаўся, што гэтая птушка цяпер - настаўніца савецкіх школьнікаў. Далей быў візіт у савецкую контрвыведку, дзе і пачаўся грунтоўны працэс па пошуку сапраўднай біяграфіі прыгажуні - настаўніцы ( з неабходнымі і натуральнымі ў той час выклікамі яе "для удакладнення дэталяў" ). Якраз у тыя дні мы і бачылі настаўніцу сумнай. Адчувала яе душа непазбежнае... Са слоў бацькі, спецслужбы працягнулі нітачку яе лёсу ад Берліна да родных мясцін. І ўсё адкрылася... Потым арышт, і жыццё пакацілася пад адхон... Кожны выбірае свой лёс.

Эпізод пяты:
ЛЕКІ ДЛЯ ДУШЫ, або МОЦ ВЯЛІКАГА МАСТАЦТВА

Гэтае здарэнне ў свой час зрабіла мне прышчэпку да высокага музычнага мастацтва, прынамсі, да яго ўспрыняцця. Канешне, і тады, напрыканцы 30-х і ўсіх 40-х гадоў, праз" талерку" рэпрадуктара нас напаўняла не толькі музыка ваенна-патрыятычнага зместу, вельмі патрэбная для духоўнай кансалідацыі і мабілізацыі савецкага народа на ратныя подзвігі і мірныя будні.

Гучалі ж і прыгожыя лірычныя песні, харавыя ансамблі народных песень, радзей -класіка. Але у Берліне я ўпершыню, дзякуючы Богу і, зразумела, матулі, пабачыў і пачуў цуд ВЯЛІКАГА МАСТАЦТВА . У Берлін на гастролі прыехаў Сяргей Лемешаў.

Канец сакавіка 1948-года. Школьныя канікулы. Бацька прыносіць 2 квіткі-запрашэнні на канцэрт ужо тады знакамітага тэнара, народнага артыста РСФСР ( у той час ) Сяргея Якаўлевіча Лемешава і ягонай жонкі - выдатнай спявачкі Ірыны Масленнікавай. Па нейкай прычыне (хутчэй за ўсё, з-за мужчынскай ляноты) бацька адмовіўся ад паездкі ў оперу, зрабіўшы тым самым мне цудоўны падарунак да дня нараджэння...

Канцэрт адбыўся ў ацалелым памяшканні Малой оперы. Палову залы запоўнілі ваенныя прадстаўнікі стран-акупантаў, другую - прадстаўнікі нямецкай інтэлігенцыі. Справа побач са мною сядзеў высокі сівы немец ( напэўна з жонкай, такой жа сівенькай), і, назіраючы за іхняй рэакцыяй на выступ савецкіх артыстаў, я, падлетак, упершыню, пакуль не вельмі глыбока, адчуў магутнае уздзеянне на чалавека вялікага мастацтва. А яно пачалося з выхаду на сцэну бліскучай пары -Лемешава (чыя постаць і твар ужо выпраменьвалі ўпэўненасць у сваёй уладзе над слухачамі, што будзе ім толькі на радасць) і яго чароўнай партнёршы... Першая частка канцэрта была прысвечаная сусветна вядомым творам. І, хоць у зале далёка не ўсе былі знаўцамі ці прыхільнікамі класікі, зала была ў захапленні - ледзь не кожны нумар праграмы выклікаў бурныя апладысменты, а часам нават сапраўдную буру авацый.

Аб'вясцілі антракт... І тут я быў сведкам цікавых эпізодаў... Прагульваючыся між купак брытанцаў з канадцамі, французаў і амерыканцаў, мы паволі назіралі за характарам паводзін іх прадстаўнікоў: амерыканцы трымаліся проста, без аніякай надзьмутасці, абыякава паглядаючы на нечаканае побач з імі мноства "гэтых немцаў " (а менавіта для "гэтых немцаў " і ладзілі нашы музычны канцэрт), французы ажыўлена абмяркоўвалі нешта, магчыма, канцэрт, магчыма, ўсіх астатніх, у першую чаргу нашых прыгожых дам; англічане былі стрыманыя. Да матулі падышла яе знаёмая, маці майго аднакласніка. Размаўляючы, яны наблізіліся да вельмі негарманічнай пары - канадскі афіцэр-лётчык, прыгожы і тварам, і постаццю , і трымаючая яго пад руку сухарлявая , вельмі нецікавая кабета. Маці з сяброўкай іранічна,як гэта могуць рабіць жанчыны, і бесцырымонна разглядалі гэтакую бязглуздасць. І, спадзеючыся на моўны бар'ер, маці, што называецца , выдала: "І як гэтай крысе пашчасціла прыхапіць такога прыгажуна?! ". Рэакцыя была нечаканая. Прыгожы мужык, пачуўшы сказанае і павярнуўшыся да іх тварам, шчыра заўсміхаўся. Маці пачырванела, зразумеўшы, што моўнага бар'еру няма і перад імі, можа,які-небудзь канадскі хахол ці беларус... І мы імгненна рэціраваліся... Але на гэтым вясёлае не скончылася. Праз пару хвілін сярод групы ваенных раптам узнікла вясёлае ажыўленне. І было з чаго. Усе яны, смеючыся, глядзелі на навісаючы над партэрам балкон. Там у першым радзе, паклаўшы вялізныя бутцы з буйвалінай скуры на чырвоны аксаміт парапету, цешыўся момантам амерыканскі сяржант. Відовішча - акурат для опернага тэатра ! Французы млелі ад асалоды. Карцінка ганебная. І ўсе пабачылі, як з трэцяга паверху амаль бяжыць у бок балкона амерыканскі афіцэр. Дабраўшыся да "героя" ён пачаў яму нешта энергічна тлумачыць, паказваючы рукой ўніз на партэр. Было відавочна, што да сяржанта ніяк не даходзіць маштаб парушэння еўрапейскай культуры. Нарэшце, ён неахвотна і са здзіўленнем уставіўся ўніз на нейкіх там нездаволеных гледачоў. І таксама неахвотна, адну за другой зняў ногі з чырвонага аксаміту. І, мабыць з сумам ,узгадаў свой родны Канзас...

Тым часам скончыўся антракт.

Другая палова канцэрта была прысвечана выкананню нямецкіх народных песень і асобных арый з опер выключна нямецкіх кампазітараў. Амаль усё выконвалася на нямецкай мове (канешне, спявак карыстаўся транскрыпцыйным перакладам, але вельмі ўдала). І немцы ўсё гэта з удзячнасцю прынялі. Гэтым канцэртам вялікі спявак выказваў шчырую павагу вялікай нямецкай культуры. Немцы былі ўражаныя, многія не хавалі слёз. Мой сусед нават не спрабаваў змахнуць іх са шчок, схуднелых і бляклых. Я з хлапечым здзіўленнем назіраў за гэтым цудам духоўнага ўзрушэння і ачышчэння, за якім непазбежна прыходзіць смага жыцця, адраджэння...

Прайшлі многія дзесяцігоддзі. Свет шмат у чым змяніў свае каштоўнасныя арыенціры. Пэўныя сілы імкнуцца задурыць і разбэсціць народы Зямлі з дапамогай прымітыўнай эстраднай папсы, тэлевізійнай прапаганды жорсткасці, забойстваў, бруднага сексу. І толькі вялікая сіла сапраўднага мастацтва зможа стварыць непераадольны бар'ер для ўсяго гэтага дзікунства і пошасці. І Яскравае пацверджанне таму акурат даўні канцэрт у тых цяжкіх пасляваенных умовах жыцця.

Эпізод шосты:
ХОВА АРСЕНАЛУ ПА-АМЕРЫКАНСКУ

Пасада і службовыя справы бацькі былі звязаныя з частымі паездкамі як у наваколлі Берліна, так і ў межах нашай зоны акупацыі. Гэта дазваляла мне (пры магчымасці і бацькавай згодзе, вядома) пабачыць шмат цікавага і быць сведкам даволі дзівосных і часта смешных службовых эпізодаў.

Патсдам пэўны час знаходзіўся ў амерыканскай зоне, і таму, каб наведаць больш аддаленыя нашы гарнізоны, неабходна было праехаць па гэтай каралеўскай рэзідэнцыі. Міжсаюзніцкія адносіны яшчэ захоўвалі дух сяброўства і павагі, таму пэўная службовая шурпатасць ў адносінах здымалася даволі ліберальна... Але наколькі рознымі былі службовыя норавы ў амерыканскай і нашай армій, парадак і дысцыпліна...

Наш OPEL-6 амаль мінаваў Патсдам, мы набліжаліся да агароджы палаца Сан-Сусі, дзе на той час знаходзіўся амерыканскі арсенал. Нечакана бацька кінуў вадзіцелю - СТОП ! Перад намі была карціна неймаверная для статута каравульнай службы Чырвонай Арміі: каля расчыненай брамы арсенала стаяў карабін каравульнага, а сам ён, вялікі дзяцюк, кроках у дваццаці ад аб'екта аховы абдымаўся з нямецкай дзяўчынай. Нават мне, хлапчуку, карціна падалася занадта вольнай, а што казаць пра савецкага палкоўніка! Мой бацька выйшаў з машыны і імкліва пакрочыў да невялічкага дому з калонамі, былога каралеўскага каравульнага памяшкання, а на той час - амерыканскай камендатуры (без якой-небудзь аховы). За ім зачыніліся дзверы. Праз хвілін 10 на ганак выйшла камічная пара - бацька,стройны падцягнуты савецкі палкоўнік, не страціўшы сваёй кавалерыйскай выпраўкі, і нізенькі (на дзіва для большасці амерыканцаў) амерыканскі афіцэр, маёр, намеснік каменданта. Бацька ў законным абурэнні паказвае маёру рукою ў бок Рамэа - парушальніка вайсковай дысцыпліны, і маёр нешта крычыць у бок салдата. Той, стоячы спіной да афіцэраў, амаль не ўспрымае гэты крык, толькі здзіўлена падымае галаву ад дзяўчыны. Паўторны зварот маёра да яго прымушае салдата толькі павярнуць галаву ў бок маёра і прыслухацца. Я заўважаю як маёр, працягваючы сваю каменданцкую прамову, нябачна для бацькі паказвае салдату, маўляў, вось хто вымушае яго так паступаць - палкоўнік, саюзнік, абураецца. Салдат нехаця адрываецца ад дзеўкі, брыдзе да адчыненай брамкі, бярэ свой карабін на плячо і, з тварам пакрыўджанага дзіцяці, раскавана прыхіляецца да чыгуннай агароджы.

Бацька задаволены, ён сядае на сваё месца, і яны з нашым кіроўцам, старшынём дзядзькам Ваням, весела, з гумарам, абмяркоўваюць, не першы раз здзіўляючыся, як амерыканцы маглі ваяваць з немцамі?

А вярнуліся ў Карлсхорст, і ўжо за вячэрай бацька распавёў маці, што ён пабачыў у амерыканскай камендатуры: сцены, абклееныя амаль парнаграфічнымі (з яго пункту гледжання) плакатамі і фота, а ледзь не пасярэдзіне на маленькім стале знаходзіўся добры алюмініевы збан з півам, якое з асалодай пацягвалі каравульныя... КАНЕЦ СВЕТУ !

Зараз я,ўжо занадта дарослы, проста з сыноўняй усмешкаю ўзгадваю тое бацькоўскае, шчырае да наіўнасці, непрыняцце ім якіх-небудзь адхіленняў ад статутных нормаў армейскай службы, ад яе строгасці і парадку. І ясна асэнсоўваю, што менавіта гэтая рыса дапамагла яму, камандзіру 118-га кавалерыйскага палка, захаваць яго боездольнасць і эфектыўнасць у цяжкія, катастрафічныя восеньскія месяцы 1941-га года.

І як быў здзіўлены камандуючы Заходнім фронтам генерал-лейтэнант Яроменка, які выйшаў з астаткамі свайго штаба з баёў і акружэння,калі пабачыў паўнавартасны полк,нават маючы радыёсувязь з Масквой.... Менавіта такія камандзіры змаглі сваёй воляй і асабістым прыкладам сцэментаваць рэшткі амаль знішчанай арміі , захаваўшы яе дзеяздольны касцяк... І вечная памяць, і вечная слава, і вечная наша сыноўняя ўдзячнасць ім і наша любоў.

( А параўноўваць нашу першапачаткова трагічную сітуацыю з амерыканскай проста бессэнсоўна - амерыканскі салдат быў узброены і падтрыманы магутнай тэхнікай і пільным клопатам сваёй багатай краіны, а нашага салдата, сціпла абутага і недакормленага, вяла да перамогі "СВЯТАЯ К РОДИНЕ ЛЮБОВЬ" ).

Эпізод сёмы:
НЕ ДРАЖНІЦЕ РУСКАГА МЯДЗЬВЕДЗЯ

Наступствы гэтага эпізода былі настолькі небяспечныя для яго "героя", сяржанта-шафёра, што "справа" яго вырашалася на ўзроўні члена Ваеннага Савета...

Гэты піўны павільён уяўляў сабой дзвюхпавярховую пабудову, першы паверх якой быў прызначаны для гаспадарчых прыстасаванняў і выкарыстоўваўся, мабыць, як склад; на другі, менавіта піўны паверх, вяла шырокая лесвіца. Часткова адкрытую частку паверха ўпрыгожвалі некалькі калон - каб было ўражанне прыстойнага сярэдневяковага порціка, застаўленага дзесяткам сталоў, падзеленага праходам ад лесвіцы да піўнога прылаўка, устаўленага ёмістымі бакаламі. Карціну завяршаў круглатвары гаспадар за сваім медна-нікелевым піўным агрэгатам.

Павільён знаходзіўся бліз перакрыжавання дзвюх дарог, і таму частымі яго наведвальнікамі былі прадстаўнікі слаўнай шафёрскай браціі акупацыйных войскаў (нашых - радзей). Смачнае баварскае піва, гукі джазавых мелодый і сентыментальных песенак (гаспадар добра адчуваў патрэбы і запросы кліентуры ) упрыгожвалі атмасферу здаровага мужланска-піўнога інтэрнацыяналу. Панаваў дух сяброўства і добразычлівасці.

Кіроўца нашага студабекера спыніў свайго магутнага сябра бліз знаёмага павільёна, каб пацешыць і сваю душу парай куфляў цудоўнага напою. Зачыніўшы дзверы, ён па расейскай звычцы (каб не спёрлі) прыхапіў з сабой завадную ручку, засунуў яе за пояс. Па ваенных мерках чалавек ён быў сталага веку, дужы, бывалы - прайшоў усю вайну. Чакаў бліжэйшай дэмабілізацыі і вяртання ў родныя сібірскія мясціны да сваёй сям'і...

Няспешна, паважна ўзышоў ён на "порцік", па вайсковай звычцы агледзеў публіку. Злева сталы былі занятыя вайсковым інтэрнацыяналам: тры з іх акупавалі амерыканскія хлопцы, за астатнімі ўтульна ўладкаваліся купкамі англічане і, амаль на ўскрайку - французы. Сталы справа займалі нешматлікія цывільныя, на гэты момант - немцы... Стаўшы ў хвост чаргі, сібірак з замілаваннем стаў назіраць за струменем піва, які напаўняў адзін за адным чарговыя куфлі. Далей болей чарга скарачалася. Засталіся да вабнага струменю тры-чатыры крокі, калі ад бліжэйшага стала да чаргі падышоў янкі ; нахабна адсунуўшы сібірака, уціснуўся перад ім у чаргу. Як потым тлумачыў свайму начальству сібірак, ён меркаваў, што гэты дзяцюк у амерыканскай форме раней за яго заняў месца, але адлучыўся на час пакуль паўзла чарга. Такой бяды, падумаў ён і быў не супраць... Але ж, калі да піва сібірака аддзялялі ўжо два крокі, у дадатак да першага нахабніка насунуліся на калейку два ягоныя сябры. І, калі ён ужо рашуча не саступіў ім месца, адзін з іх моцна штурхнуў яго ў грудзі. Сяржант утрымаўся на нагах ды , адкінуўшы левай рукою рукі амерыканца , ў сваю чаргу моцна штурхануў яго, ды занадта... Той, шукаючы апірышча,зрабіў два ліхаманкавых крокі назад і рухнуў спіной на бакалы бліжэйшага стала.- Узнік гвалт.

З гэтага моманту пачаўся своеасаблівы кінабаявік пад назвай "Не будзіце рускага мядзведзя". Бойка выклікала спачатку пэўную спартовую (мужчынскую) зацікаўленасць наведвальнікаў, французы нават скандзіравалі "Брава, Іван ! ". Але хутка Івану ўжо была не да "брава": прыпёрты да застаўленай бакаламі піўной стойкі, ён ледзь стрымліваў баксёрскі імпэт аматараў боек саюзнікаў, не слабых увогуле. Іван ужо прапусціў пару-другую моцных удараў у твар. ( Небарака бармэн пры гэтым гераічна лёг, прыпаў на стойку, рукамі і тулавам ратуючы свой куфельны інструментарый). Сібірак, адчуўшы сваю адзіноту і набліжэнне ганебнай паразы, не ведаў як выблытацца. Такога зыходу ягоны сібірскі гонар ня мог вытрываць... І тут раптам узгадаў, што ў яго ёсць зброя ! Імгненна выцягнутая з-за спіны сталёвая завадная ручка ў моцнай руцэ сібірака абрынулася на шматлікіх крыўдзіцеляў. Амаль звар'яцелы, наш сяржант, як гішпанскі бык падчас карыды, рушыў наперад, лупцуючы направа і налева, хто трапляўся пад руку. Французы, што сядзелі на ўскрайку піўной залы сіганулі ўніз на клумбы, ім ужо было не да "Брава, Іван!". Астатнія не ведалі, што рабіць, бо сібірак перакрыў выхад. Але не драмаў Бог! - І ён паслаў анёлаў-выратавальнікаў у выглядзе патруля амерыканскай вайсковай паліцыі МР (мilitary police), якія на двух вілісах спыніліся капя павільёна. Ад нечаканага з'яўлення патруля імгненна ахалонулі жарсці .( Існавала дамоўленасць аб безумоўным падпарадкаванні вайскоўцаў кожнага сектара патрулям іншых сектараў). Патруль, пасля папярэдняга роспыту ўдзельнікаў і сведкаў "карыды", ў тым ліку і бармена,выклікаў аўтобус і адвёз варагуючых у сваю камендатуру. Туды ж быў выкліканы і прадстаўнік савецкай ваеннай адміністрацыі. Пахла немалым скандалам з афіцыйнымі пратэстамі (бо столькі збітых і траўмаваных! ). Але ж падрабязнае высвятленне ўсіх дэталяў, паказанні бармена і , на дзіва , шчырыя паказанні часткі пацярпелых завадатараў бойкі - ўсё гэта ( з улікам ганебнага ліку бойкі 17 : 1, што была б не да твару амерыканцам ) зняло пратэстныя працэдуры. Яны палічылі за разумнае "спусціць канфлікт на тармазах".

Бацька прысутнічаў на канчатковым, "педагагічным" разглядзе гэтага надзвычайнага "дыпламатычнага здарэння" ў члена Ваеннага Савета СВАГ. Пасля першапачатковых належных заўваг аб недапушчальнасці для савецкага воіна-франтавіка падобных "зрываў", ён распытаў сяржанта пра асабістыя планы жыцця пасля вяртання дадому ў Сібір і шчыра аддзячыў яму за ратныя подзвігі. На развітанне генерал-лейтэнант па-сяброўску абняў расчуленага сяржанта і дадаў : "Малайчына, салдат, ты добра абараніў свой гонар і ўсіх нас, шчасця табе!"

....Праз тыдзень цягнік ужо вёз дэмабілізаванага ваяра дадому.

2011-2012  гг. Працяг будзе
 
« Папяр.   Наст. »
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 674
mod_vvisit_counter Учора 1563
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 2237
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 37777