Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 
Брама сайта arrow АДВЕЧНАЕ arrow Культура arrow Нацыя і яе песняры: Беларуская ідэя ў паэзіі Янкі Купалы

Нацыя і яе песняры: Беларуская ідэя ў паэзіі Янкі Купалы Друк E-mail
09.08.2012 | 16:23 |
Арсень ЛісАрсень ЛІС 
Сцежку свабоднаму духу народа,
Сцежку да сонца і зор залатых!
Янка Купала

Стотрыццатыя ўгодкі нарадзінаў Янкі Купалы і Якуба Коласа - адпаведная нагода, каб успомніць, паразважаць аб ролі літаратурных класікаў нашых у самаўсведамленні беларускага народа, асансаванні ім сябе як суб'екта гісторыі, творца ўласнага лёсу. 

Тэма тым часам - зусім актуальная, бо не-не ды пачуецца прыхаванае сумненне ў яго самадастатковасці, перспектыўнасці ягонай мовы. Сфармуляваная ў 60-х гг. ХІХ ст. ідэялагічная міфалагема царызму "западно-руссизм", аб'ектыўна абвергнутая навукай і самім жыццём, за савецкім часам, здавалася, зусім забытая, сёння пачынае рэанімавацца ў паточнай публіцыстыцы ды выказваннях некаторых палітыкаў. Маруднае, часам супярэчлівае станаўленне дзяржаўнасці беларускага і ўкраінскага народаў падае надзею яе адэптам на практычную рэалізацыю палітычных пастулатаў мінулага.

Янка Купала ў 1904 годзе
Янка Купала ў 1904 годзе
Хата ў вёсцы Вязынка Менскай вобласці, у якой нарадзіўся Янка Купала
Хата ў вёсцы Вязынка Менскай вобласці, у якой нарадзіўся Янка Купала
Янка Купала падчас сваёй вучобы ў Санкт-Пецярбургу. 1909 г.
Янка Купала падчас сваёй вучобы ў Санкт-Пецярбургу. 1909 г.
  
Янка Купала 1930-я гг.
Янка Купала 1930-я гг.
Помнік Янку Купале каля філіяла «Акопы» Літаратурнага музея Янкі Купалы ў Харужанцах (Беларусь)
Помнік Янку Купале каля філіяла «Акопы» Літаратурнага музея Янкі Купалы ў Харужанцах (Беларусь)

У кантэксце абазначанага і гэты наш экскурс у гісторыю беларускай грамадскай думкі, выказанай мастакамі слова, уяўляецца цалкам апраўданым.

Купала з самага пачатку сваёй творчасці, адразу пасля трапнага сцверджання годнасці простага чалавека (верш "Мужык", 1905 г.) выходзіць на адметнае метафарычнае абагульненне таго грамадскага абуджэння беларусаў, якое пачалося з рэвалюцыі 1905-1907 гг. Пачынае яго на шырокага дыхання эпічнай інтанацыі:

А хто там ідзе, а хто там ідзе
У агромністай такой грамадзе?
- Беларусы... [1].

Абаронец сацыяльнай свабоды працоўных Максім Горкі, якому не была чужой і ідэя нацыянальнай свабоды народаў, адразу, у 1907 годзе, перакладае Купалаў верш, прарочыць яму ролю гімна адроджанай Беларусі. Кампазітар Любамір Рагоўскі кладзе паэтавы словы на музыку. Віленскія беларускія імпрэзы, арганізаваныя Алесем Бурбісам, зазвычай сталі пачынацца з выканання хорам твора Купалы - Рагоўскага. 1908 год у Івана Луцэвіча як чалавека і паэта быў пераломным. Ён развітаўся з туляцтвам у пошуку хлеба, працай чарнарабочага.

Стаць супрацоўнікам рэдакцыі газеты "Наша ніва" паэту дапамог сын дырэктара Мінскага рэальнага вучылішча, крытык і самавіты беларускі філосаф Уладзімір Самойла; прыязджаючы ў бацькаў фальварак Казіміраўка, ён першым заўважыў у суседскім хлопцу Януку Луцэвічу самабытны талент і неўзабаве спрычыніўся да яго паэтычнага дэбюту ў газеце "Северо-Западный край". Кіраўніцтва "Нашай нівы" ўладкавала новага свайго супрацоўніка яшчэ і бібліятэкарам у бібліятэку-чытальню Даніловіча "Знание" [2].

Пры сціплых фінансавых сродках рэдакцыі гэта было неспаўрэчы: малады літаратар атрымліваў сталы заробак, а да таго ж мог самастойна папаўняць свае веды пры багатым кнігазборы асветніка.

У рэдакцыі "Нашай нівы" паэт папраўляў вершы пачаткоўцаў, перакладаў творы з польскай, рускай, украінскай моваў, удзельнічаў у экспедыцыі выдання і сам паспяхава, спора вершаваў. Як пазней прызнаваўся свайму бібліёграфу, літаратуразнаўцу Льву Клейнбарту, часам пісаў па 200 - 300 вершаваных радкоў за дзень [3]. Не ўсе яны траплялі на старонкі "Нашай нівы". Мацнела царская рэакцыя, і выдаўцы дэмакратычнай беларускай газеты мусілі лічыцца з рэальнай пагрозай выданню быць забароненым.

За працай жменькі інтэлігенцыі, мабілізаванай беларускай ідэяй і ўсклаўшай на сябе задачу абароны крэўных інтарэсаў беларускага народа, самога імя яго, сачыла, акрамя Віленскага камітэта цэнзуры, цэлая плойма адэптаў царызму - чарнасоценцаў.

На заходніх ускраінах імперыі пасля рэвалюцыі 1905-1907 гадоў яны былі асабліва запатрабаваны царскім рэжымам як захавальнікі імперскіх асноў - абрусіцелі. Зацятыя праціўнікі беларускай нацыянальнай ідэі, самаідэнтыфікацыі беларусаў як нацыі, "западно-руссы" саланевічы, кавалюкі, бывалкевічы (імя ім легіён) стараліся запабегнуць абуджальнаму слову, якое несла ў народ "Наша ніва". У сваёй рэжымаахоўнай публіцыстыцы, хапатлівых арганізацыйных захадах яны намагаліся усяляк дыскрэдытаваць беларускі адраджэнскі рух, паставіць заслон на шляху развіцця беларускай культуры, літаратуры, самасвядомасці. Не грэбавалі элементарнымі даносамі на "нашаніўцаў", на іх ахвярную патрыятычную працу. Годна бараніў права і праўду беларускага нацыянальнага руху рэдактар "Нашай нівы" Аляксандр Уласаў.

Нацыянальна-свядомаснае ўзыходжанне беларусаў, іхняе Адраджэнне карцела адпрэчыць, змагчы і дзе-якому польскаму шавіністу з віленскіх журналістаў. Геапалітычнае становішча Беларусі, размешчанай паміж двума буйнымі этнасамі, цягам стагоддзяў адметна адбівалася на гістарычным лёсе яе народа. Ад колькасна вялікіх суседніх этнасаў яна зведала як пазітыўнае ў плане цывілізацыйным, так і дэструктыўнае ўздзеянне. Янка Купала, як і Тарас Шаўчэнка на Украіне, у вершах "Сваякі", "Хаўруснікам", "Папросту", "Годзе!"... першым у літаратуры беларусаў стварыў абагульненыя вобразы праціўнікаў беларускага Адраджэння, беларускай дзяржаўнасці на этнічным узроўні - маскаля і ляха.

Паэтычная водпаведзь непрыяцелям беларускага Адраджэння, душыцелям свабоднага духу народа ад імя Янкі Купалы гучала са старонак "Нашай нівы" шматкроць. Паэт з'едліва высмейваў казённа-патрыятычныя высілкі мясцовых чарнасоценцаў (верш "Лямант пана Кавалюка"), дабіраўся да ідэйных творцаў і верхаводаў чорнай рэакцыі (верш "Ісцінна чорнае трыо"). У апошнім маляўніча і вобразна, канкрэтна-сутнасна паказаны высілкі стаўпоў расійскага чорнасоценства Дубровіна, Пурышкевіча і Іліядора. Вымоўны трыялог рэжымных ідэолагаў пачынаецца зваротам Дубровіна да Пурышкевіча: "Сып, калега, сып во всю! Цяпер наша жніва, - збунтаваную зямлю як стой ашчаслівім". Завяршаецца ж хорам трыо: "Справім дружнай чарадой пахаванне волі!" [4].

Купала іранічны, у меру з'едлівы ў дачыненні да названых вышэй герояў-антыгерояў, у вершы "Ворагам беларушчыны" перадусім ужо эмацыянальна адкрыты, востра палемічны.

Пачынае разважліва-палемічна: "Чаго вам хочацца, панове? // Які вас выклікаў прымус // Забіць трывогу аб той мове, // Якой азваўся беларус?" [5]. Трапна, з гаркатой у голасе, тонам дакору паэт выгаварвае недобразычліўцам свайго народу яго сацыяльныя і нацыянальныя крыўды. У прынцыпе даказвае аб'ектыўна гістарычнае права беларусаў заняць належнае месца "у сям'і нялічанай славян". Горача запэўнівае ідэйных апанентаў беларускага шляху ў марнасці іх намаганняў адмовіць цэламу жывому народу ў магчымасці развівацца на аснове ўласных этнічных традыцый, свайго гістарычнага досведу: "Напасцю, лаянкай напраснай // Грудзей не варта мазаліць! // Не пагасіць вам праўды яснай: // Жыў беларус і будзе жыць!" Сваю інвектыву ворагам беларушчыны Купала завяршае выказам глыбокай веры ў свабоду, добрую долю будучых пакаленняў беларусаў: "К свабодзе, роўнасці і знанню // Мы працярэбім сабе след! // І будзе ўнукаў панаванне // Там, дзе сегоння плача дзед!" [6].

Ідэяй рэвалюцыйнай свабоды Купала жыў з 1905 года. На крывавы расстрэл мірнай дэманстрацыі мінчан 18 кастрычніка 1905 г., здзейснены паводле загаду генерал-губернатара Курлова на прывакзальнай плошчы, паэт узрушана адгукнуўся вершам "Водклік...".

Шлях да разневолення, свабоды Купалу бачыцца толькі ў паўстанні, звяржэнні царскай дэспатыі. Душою, у думках паэт жыве дзеямі, поступам рэвалюцыі. Яго покліч далучацца да змагароў за волю гучыць непасрэдна, шчыра, прачула: "Там кроў ліецца, там за волю // Барцы на вісельні ідуць, // А вы, вы мучаны найболей, // Спіцё, хоць вас даўно там ждуць... // Паўстаньце, пакуль цар звыродны // Крыві ўсяёй не выссаў з вас!" [6].

У маладога Купалы за часоў Першай рускай рэвалюцыі меўся ўжо немалы дый нялёгкі асабісты жыццёвы досьвед. Паэт добра паспеў спасцігнуць і сацыяльны бок жыцця асноўнай масы народа - сялянства, аб чым красамоўна гаворыць яго ранняя творчасць. Таму з асаблівым болем азывалася ў сэрцы Купалы пасіўнасць селяніна ў дачыненні ўласнага лёсу, выразна праступіўшая на фоне рэвалюцыйных падзей. У звароце паэта да беларуса-мужыка чуецца боль, папрок, заклік прачнуцца: "Што ты спіш, што ты спіш // Беларускі мужык? // Глянь! Усталі ўсе // Як свет божы вялік!" [8]. У вершы разгорнута шырокая карціна рэальнага быцця селяніна і ёй, так бы мовіць, аргументуецца яго права на годнае жыццё, якое можна здабыць толькі барацьбой, далучыўшыся да тых, хто падняў штандар народнай свабоды. Паражэнне рэвалюцыі, наступ рэакцыі адметна і шырока адлюстраваліся ў Купалавай паэзіі. Сама сталыпінская рэакцыя ўвасоблена паэтам у алегарычных вобразах хтанічнай і касмічнай семантыкі: "...Чаго гадзіны падкалодныя // Шыпяць, сыкаюць на святое ўсё? // Ці та сонейка загасілася, // Ці та ўскрылася апраметная?" [9]. Адкрыта публіцыстычна агучваецца паэтам матыў супраціву царскай сатрапіі: "Дарэмна свістамі на гаек застрашыць хочуць тыраны..." [10].

Прамоўніцкія, клічныя, пытальныя інтанацыі Купалавай паэзіі непасрэдна перадаюць душэўны стан паэта, яго немагчымасць змірыцца з упадкам рэвалюцыі (вершы "Я відзеў душы сільныя", "Дзе вы, хлопцы непакорныя?" "Дзе вы, песні, дзе свабодныя? // Дзе ваш водгалас магучы?"). Дынаміка перажыванняў, роздуму ўвасабляецца паэтам у жывой энергетыцы яго мастацкага слова:

Што бачу? - усё ціха, усё спіць пад няславай...
Ці ж праўда? Няўжо гэта вораг асіліў?
Няўжо ўсе байцы за народную справу
Тыранамі зможаны леглі ў магіле? [11].

У творы "Зваяваным", сапраўдным рэквіеме па загінуўшых рэвалюцыянерах, Купала вылучае матыў непрамінальнасці рэвалюцыі, пераемнасці ідэі свабоды ў дзеях наступных пакаленняў:

Свежыя наспы мураўка яшчэ не пакрыла,
Жвір толькі свеціцца, змыты сцюдзёным дажджом...
Спіце! Мы вашых навек не забудзем магілаў;
Збуджаны вамі, мы ўскрэслі, мы больш не заснём! [12].

З канца 1909 года пачаўся ці не самы шчаслівы ды самы плённы перыяд у жыцці і творчасці Янкі Купалы.

Ён звязаны з чатырохгадовай вучобай паэта на агульна-навучальных курсах Чарняева, знаходжаннем яго перадусім у беларускім інтэлектуальным асяродку Пецярбурга. Душой жа культурна-грамадскага беларускага асяродка ў Расійскай сталіцы на пачатку ХХ ст. быў намеснік дырэктара бібліятэкі Санкт-Пецярбургскага універсітэта Браніслаў Ігнатавіч Эпімах-Шыпіла, мовазнаўца-паліглот, выкладчык грэцкай і лацінскай моваў у вучэльнях горада. Навуковец і педагог, ён адразу ацаніў талент паэта, яго значэнне для духоўнага сцвярджэння і ўзвышэння Беларусі, беларускага. Будучы сузаснавальнікам і адным з кіраўнікоў беларускай выдавецкай суполкі ў Пецярбургу "Загляне сонца і ў наша ваконца", Эпімах Шыпіла яшчэ да прыезду Купалы адрэдагаваў і паспрыяў выхаду ў свет першага зборніка паэта "Жалейка". Прыехаўшы ў Пецярбург, паэт атрымаў аптымальныя ўмовы для навучання і творчасці. Яму быў адведзены зручны пакой у кватэры самога прафесара, аплачана навучанне на адукацыйных курсах.

Была яшчэ адна акалічнасць, значэнне якой для сябе паэт адразу наўрад мог і ацаніць. Кола прыяцеляў, знаёмых Браніслава Ігнатавіча, было не сказаць надта шырокае, але адмысловае.

Тут, дома ў прафесара, паэт мог пазнаёміцца, пазнацца бліжэй з будучымі беларускімі вучонымі, палітыкамі, асветнікамі Браніславам Тарашкевічам, Клаўдзіем Дуж-Душэўскім, Яўгенам Хлябцэвічам, Язэпам Сушынскім, Антонам Грыневічам, духоўным у сваім асяроддзі дастойнікам Фабіянам Абрантовічам... У жыцці яны праз гады судачыняліся з Купалам-паэтам і чалавекам. На час пражывання паэта ў Эпімах-Шыпілы яны, выхадцы з розных куткоў Беларусі, яшчэ пераважна студэнты вышэйшых школ Санкт-Пецярбурга, збіраліся звычайна па суботах. Асноўны кантынгент на зборках у прафесара складаўся з членаў Беларускага навукова-літаратурнага гуртка, зарэгістраванага пры ўніверсітэце. Афіцыйным кіраўніком гуртка быў прызначаны этнограф Розенфельд. Рэальным кіраўніком стаўся Б.І. Эпімах-Шыпіла. Паводле ўспамінаў Я. Сушынскага, Браніслаў Ігнатавіч вяртаўся з работы вечарам разам з Янкам Купалам, прыносіў з сабою навуковую літаратуру. Як правіла, пры зборы зачытваліся і абмяркоўваліся 2-3 рэфераты, вызначаліся тэмы наступных чытанняў: Браніслаў Ігнатавіч зацікаўлена, кампетэнтна далучаў сабраных да пазнання гісторыі, мовы, эканомікі сваёй яшчэ не адкрытай навукай, ледзь пазнанай Бацькаўшчыны - Беларусі. У гасціннай прафесарскай кватэры на 4-й лініі Васільеўскага вострава, у прыязнай атмасферы творчая праца праходзіла нязмушана, лёгка, запамінальна. На просьбу ўдзельнікаў навуковай зборкі Купала, здаралася, зачытваў новыя толькі што складзеныя ім вершы. Сабраныя ні раз з цікавасцю слухалі беларускія народныя песні, прайграваныя на фартэпіяна пецярбургскім служачым, будучым славутым беларускім этнамузыколагам Антонам Грыневічам.

Маладзёвае атачэнне Эпімах-Шыпілы і паэта пры ім выяўляла цягу не толькі да навуковага спасціжэння беларушчыны. Праз драмгурток, у якім брат прафесара Уладзіслаў ставіў "Моднага шляхцюка" Каруся Каганца, праз літоўска-беларускі хор на сцэне тэатра "Пальма" моладзь таксама рэпрэзентавала культуру свайго народа. Шчыра завіхалася ў выданні кніг Беларуская кніжная суполка "Загляне сонца...", яна спрычынілася і да выдання альманаха "Маладая Беларусь".

У кантэксце новых абставін пецярбургскага жыцця паэта даволі выразна абазначыўся новы этап у ягонай творчасці. Паэтычны голас Янкі Купалы набіраў моцы, шырэў яго дыяпазон. Калі раней паэт пранікнёна і горача прамаўляў перадусім ад імя сацыяльна абяздоленага, занядбанага селяніна, то цяпер ён стаў часцей узвышаць голас паэта-грамадзяніна ад імя ўсяго народа беларускага.

Сам беларускі рух, а Купала быў заангажаваны ў ім як чалавек, асоба, паэт нязмерна глыбока, бачыўся яму ў рэальных праявах, здзяйсненнях Адраджэння, працы канкрэтных людзей, у тым ліку з асяроддзя пецярбургскай беларускай грамады. Паэт думна-ўзнёсла абагульняў адраджэнскі рух у вобразе-сімвале "маладой Беларусі".

Падымайся з нізін, сакаліна сям'я,
      Над крыжамі бацькоў, над нягодамі;
Занімай, Беларусь маладая мая,
      Свой пачэсны пасад між народамі!.. [13].

У творчасці Янкі Купалы пецярбургскага перыяду атрымліваюць дамінанту нацыятворныя матывы. У радзе вершаў, паэме "На куццю" Купала па мастацка-філасофску асэнсоўвае і паэтычна-вобразна ўзнаўляе мінулае Беларусі ў сціслым кантэксце з сацыяльным і нацыянальным яе сучасным становішчам. Паэт стварае трагічны вобраз народа, які пад сацыяльным і нацыянальным прыгнётам траціць уласнае этнічнае аблічча, сваё духоўнае "я":

Шмат лет не ручыла нам доля.
Крывымі вяла пуцінáмі,
Не маючы ласкі і жалю
Над нашай старонкай, над намі.

Хто мы, адбірала нам памяць,
Чужыншчынай ціснула грудзі,
Не раз падцікалася з думкай,
Што мы - ўжо не мы і не людзі [14].

Паэт актыўна апелюе да сэрца, свядомасці беларуса. У сімволіка-алегарычных вобразах рамантызуе мінулае, сцвярджае годныя дзеі продкаў, асуджае нацыянальнае адступніцтва, рэнегацтва. У вершы "Над Нёманам" выказвае гэта праз скаргу галоўнай беларускай ракі:

... Буйным жыццём усё чыста кіпела,
Слава далёка за мора ішла,
Ворага кожны за плечы браў смела,
Цемра чужынцаў не страшнай была.

Панам быў дома і слаўным за домам
Мой, патаптаны сягоння народ;
Змог ён не толькі знаць штукі з залонам, -
Роднаму слову ўмеў кніжны даць ход.

Але акцэнт у творы паэтам пакладзены не на карціне годнага мінулага Беларусі, а на інвектыве сучаснікам:

Людзі чужыя змагаюць мне грудзі
З новым парадкам, з адменным жыццём, -
Роднага краю тутэйшыя людзі
Ў скуру чужацкую лезуць жыўцом.

Я іх не ваблю сваёю ўжо красай:
Вецер інакшы ім дзьме ў галаве, -
Вісла адным усміхаецца ласа,
Тыя, заплюшчыўшысь, пруцца к Няве... [15].

У папроках сучаснікам за нацыянальны нігілізм паэт бывае гарачлівы. У вершы "Брату-беларусу" ён дакарае сучасніка-суайчынніка ў абыякавасці да свайго, называе яго "нікчэмны пасынак былога".

У асуджэнні абыякавасці беларусаў да свайго паэт бывае іранічны, нават з'едлівы:

Прыйдуць людзі з Усходу,
Прыйдуць з Захаду людзі
      І спытаюцца нас:
"Скуль, якога вы роду?
Дзе зямля ваша будзе,
      Дзе айчызна ў вас?"

Мы ля плота, пад плотам
Паглядзім, пашукаем,
      Які даць тут адказ,
І адкажам: "Э, што там...
Мусіць бабскім звычаем
Збегла ў прочкі на час" [16].

У кантэксце нацыятворных матываў Купала не раз звяртаўся да асэнсавання ды мастацкай інтэрпрэтацыі псіхалогіі і ментальнасці беларуса як тутэйшага чалавека, панятку "тутэйшасці". У вершы "Тутэйшы" дылему "тутэйшасці" паэт вырашае праз маналог лірычнага героя, вельмі арганічны сваім спавядальным тонам:

Мяне бог не пакрыўдзіў языком, <...>
З ім ведае мяне чужы народ.
...............................................
Ад прадзедаў і бацькаўшчыну ўзяў -
Вялікая, багатая яна! -
Граніц ніхто йшчэ вокам не абняў,
Як Бог адзін - яна ў мяне адна.

 як завуць край гэты родны мой -
Забыўся ўжо праз свой прыгон і здзек;
Мабыць забраны, ці тутэйшы ён,
Я ж сын яго - тутэйшы чалавек! [17].

Што ж да праблемы "тутэйшасці", то Янка Купала і пазней звяртаўся да яе. Мабыць, найбольш шырока і мастацка глыбока вырашаў, інтэрпрэтаваў яе ў трагікамедыі "Тутэйшыя"...

У пецярбургскі ж перыяд творчасці паэта яна рэалізавалася ім у комплексе іншых матываў і сюжэтаў нацыятворнай семантыкі. У пэўным сэнсе была зыходным матывам у праблематыцы ўзгадавання годнасці беларускага чалавека, нацыянальнай свядомасці народа.

Пры мастацкім ўвасабленні беларускай ідэі Купала, натуральна, звяртаўся да мінулага Беларусі. Нельга, аднак, сказаць, што паэт ідэалізаваў яго. Вядома, абапіраўся на асобныя духоўныя рэаліі, сімвалы старажытнай і сярэднявечнай Бацькаўшчыны. Згадваў лёс Рагнеды (паэма "Гарыслава"), званы Полацкага веча, асветны вычын Скарыны. Але пры клопаце, роздуме аб будучыні Айчыны-Беларусі Купала рэалістычна зыходзіў з сучаснага стану беларускага духоўнага адраджэння, нацыянальнага станаўлення народа-нацыі. Гэта добра відаць з многіх яго твораў і перадусім з класічнай паэмы "На Куццю", дарэчы, цягам гадоў хаванай ад савецкага чытача.

Адзін з першых даследчыкаў Купалавага шэдэўра прафесар М. Грынчык акрэсліў жанравую прыроду твора як героіка-рамантычную паэму. Пры гэтым адзначыў, што такога тыпу паэмы былі характэрнымі для паэтаў-рамантыкаў, прадстаўнікоў іншых еўрапейскіх літаратур перыяду станаўлення нацый [18].

На падставе абраду Куцці, які ўключаў элементы магічнага ўшанавання продкаў, уяўленняў аб вяртанні ў сакральны час году душ, адышоўшых у вечнасць, да сваёй зямной гасподы, Купала разгарнуў шырокую эпічную карціну гаспадарскай чыннасці князя з дружынай на папялішчы колішняга замчышча.

Міфалагічны паводле светапоглядных вытокаў план паэтычнай выявы арганічна пераводзіўся ў рэальны. Ідэя перспектывы адраджэння беларусаў атрымлівала арыгінальнае пластычна-вобразнае ўвасабленне. Сюжэт паэмы разгортваўся дынамічна. На пасад (у Купалы заўсёды гэта вобраз-сімвал дзяржаўнасці) узыходзіць князь з княгіняй, пачынаецца ўрачыстае баляванне дружыны. Яно адкрываецца зваротам князя да дружыннікаў:

Адзін, адзін раз толькі ў год
Збірацца можна з ласкі рока,
Каб год іржавы карагод
Зганяць з мінуўшчыны далёкай.

Нас не кранулі косы змен:
Царым мы ў дум жывых гайнале,
Хоць на падмурках гэтых сцен
Другія наш пасад занялі.

Багі другія верх бяруць,
Суды вядуць над нашым краем... [19].

З'яўленне трох ганцоў, пасланых князем на агляд граніц дзяржавы, - кульмінацыя кампазіцыі паэмы. У дзеі паэмы, агульным яе змесце, нарэшце, у выяўленні метаідэі твора вобразам трох княжскіх ганцоў адведзена асаблівая роля. Паэт надаў ім адмысловую знешнюю і ўнутраную характарыстыку:

       А першы гэткі светлы быў,
       Як небам сланыя прамені.
       У руцэ меў светач, што на здзіў
       Усе ўсюды зводзіў цені.

А быў другі і з ног і з рук,
Як гром з жывымі перунамі:
У руцэ меў стрэл жалезных пук,
І лук стальны меў за плячамі.

       А трэці быў і раб і цар,
       І слаб і дуж ва ўсякім дзеле,
       Як вечнасць, молад быў і стар;
       Меў гуслі - на грудзях віселі [20].

Менавіта весці-сведчанні асветніка, ваяра і песняра ў іпастасі ганцоў аб рэагаванні на іх з'яўленне насельнікаў у межах колішняй дзяржавы дае ўяўленне не толькі аб сённяшнім упадку народа, але і аб яго духоўных памкненнях насустрач вестунам святла, зброі і роднай песні. Перададзена гэта па-купалаўску рамантычна і выяўленча маляўніча. І, як усё мастацка дасканалае, высока эстэтычнае, патрабуе цытавання. Ганцы кожны паасобку пачынае свой расповед князю і княжне міласцівай з паведамлення аб трохкратным абходзе імі "стаптаных капцоў" - знакаў колішніх межаў дзяржавы і сведчання, "што яшчэ ўсе жывы":

А як ішоў між іх з святлом,
Яны пачулі, ах, пачулі:
Сляпым замораныя сном,
Худыя рукі ўвысь цягнулі.

      За мною ўсцяж, і тут і там,
       Іх вусны бледныя шапталі:
       "Аддайце сонца наша нам!
       Нашто схавалі-расхапалі?" [21].

Ганец-ваяр у сваім сказе-спаведамленні князю спачатку адзначае ўпадак агляданых ім насельнікаў краю ("валочуць ёрмы за сабою"), а затым сведчыць аб іх актыўным рэагаванні на звон яго зброі, пра цягу да яе:

А як чапнуў стралой аб лук,
Яны скрануліся ў прасонні,
І столькі, столькі крэпкіх рук
К маёй паціснулася броні.

       За мною ўсцяж, і тут і там,
       Іх вусны бледныя шапталі.
       "Аддайце славу нашу нам!
       Нашто схавалі, расхапалі?" [22].

Ганец-гусляр, аналагічна двум папярэднікам, спавяшчае князя аб выніках сваіх агледзін дзяржаўных граніц, стану насельнікаў краю, сведчыць, што па-ранейшаму "торг усё ідзе над іх душою патаптанай" (прамая алюзія на сучаснасць), паведамляе пра ажыўленне заняпалых пры гуках гусляў:

А як я ўдарыў па струне,
Замітусіліся, як пчолы,
І на гарэ і нізіне
Мне падавалі голас кволы.

       За мною ўсцяж, і тут і там,
       Іх вусны бледныя шапталі:
       "Аддайце песню нашу нам!
       Нашто схавалі-расхапалі?" [23].

Такі франтальны, скажам, агляд старых пагранічных капцоў былой дзяржавы, разгорнутыя спавяшчаннi ганцоў пра свядомасны стан "забранага краю" наводзілі на думку аб рэальнай магчымасці на старадаўніх дзяржаўных падвалінах адрадзіць суверэнітэт беларускага народа. Ішлося канкрэтна аб вяртанні беларускаму народу яго дзяржаўнага быту, незалежнасці.

Менавіта ў гэтым палягала асноўная думка-ідэя паэмы "На Куццю". Купала выказвае яе вуснамі галоўнага героя свайго знакамітага твора:

       Не ўмруць, не ўмруць ужо яны,
       Раз хочуць сонца, славы, песні;
       Заб'юць іх зычныя званы
       Прабудным звонам напрадвесні.

Сваёй забранай старане,
Скаванай мучальніцы-княжне,
Ўзнясуць пасад на кургане
На панаванне недасяжне.

       На дзеле - кожны йшчэ слугой,
       А ў думках - вольныя ўжо людзі;
       Над сэрцам іх, над іх душой
       Наш дух лунаці вечна будзе [24].

Не лішне зазначыць, што славутая Купалава паэма была напісана ў снежні 1911 года ў Пецярбургу і напярэдадні Новага года апублікавана "Нашай нівай" у Вільні. Пецярбургская пара Янкі Купалы шчасліва завершалася выхадам у свет трэцяга зборніка яго паэзіі "Шляхам жыцця". Кнігу фінансаваў беларус-пецярбуржац, родам са Случчыны, доктар Аляксандр Ярэміч.

Пачатак 10-х (1910 - 1913) гадоў сапраўды стаўся надзіва творча актыўным, плённым у жыцці паэта. Акрамя самавітага зборніка "Шляхам жыцця", аб'ектыўна прызнанага самым моцным з усіх выдадзеных прыжыццёва, Купалам напісаны паэмы "Курган", "На Куццю", "Яна і Я", напісаны пярліны грамадзянскай лірыкі "Маладая Беларусь", "Прарок", "Над Нёманам", створаны камедыя "Паўлінка", драма "Раскіданае гняздо"... У свае трыццаць-трыццаць адзін год Янка Купала дасягнуў апагея творчасці. Глыбокі, самабытны талент яго раскрыўся ўва ўсёй сваёй моцы і красе.

Усё, яшчэ да Першай сусветнай вайны створанае Янкам Купалам у беларускім красным пісьменстве, вымоўна сведчыла, што паэт сэрцам, свядомасцю сваёй прасякнуты ідэяй беларускага Адраджэння. Гэтаму спрыялі жыццёвыя абставіны, а перадусім праца ў рэдакцыі газеты "Наша ніва", навучанне ў Санкт-Пецярбургу ды знаходжанне там у беларускім інтэлігентным асяродку. Для паэта і пазней, асабліва ў цяжкія, лёсавызначальныя 1917-1920 гады, характэрны глыбокі трывожны роздум над мінулым, сучасным і будучым свайго народа, дзейснае змаганне паэтычным словам і пяром публіцыста за яго нацыянальную дзяржаўнасць - права быць гаспадаром на ўласнай зямлі, свабодна тарыць беларускі шлях.

Тэма дзяржаўнасці беларусаў, заваяванне і адстойванне яе Купалам то па-філасофску роздумна (вершы "На біблейныя матывы", "Наша гаспадарка"), то эмацыянальна адкрыта, поклічна (вершы "Свайму народу", "На сход!", "Час!", "Паўстань...") гучыць пастаянна. Шмат увагі паэтам аддадзена гэтай тэме і ў публіцыстычных эсэ "Адбудова Беларусі", "Торжышча", "Незалежнасць", "Моладзь ідзе!", "Больш самачыннасці", "Незалежная дзяржава і яе народы", "Беларускі сцяг уваскрэс!" і інш.

Паэта непакоіць стан і беларускай грамадскасці, і беларускай дзяржаўнасці таксама і на пачатку 1920-х. Верш "Перад будучыняй", напісаны ў 1922 годзе, - медытацыя ўслух, звернутая да ўсяго беларускага суспольства.

Словы падаюць як нейкі горка праўдзівы калектыўны самапапрок, споведзь цэлага народа-нацыі:

"...Шукаем, як сляпыя, не згубіўшы // Таго свайго, што наша адвякоў" <...> І гінем марна пад чужой апекай, // Адбіўшыся ад родных вехаў, меж" [25]. Абагульненні гістарычнага лёсу беларусаў гучаць жорстка: маўляў, у тым, што маем, заслужылі самі, бо "аграбленыя з гонару і кашулі, // З свайго прыпыну выгнаныя вон", таму, што былі пасіўныя ў пераломныя моманты гісторыі, шукалі вінаватых у сваёй долі-нядолі адно ў некім чужым: "І прысягаем, клічам Бога ў сведкі, // Што мы - не мы. // Што нехта вінават..." [26].

Вядомы верш "О так! Я пралетар!", напісаны ў 1924 годзе, паэт заканчвае неадназначна і не сказаць каб нечакана:

"Мне сняцца сны аб Беларусі" [27].

Беларуская ідэя была і заставалася асноватворнай у паэзіі Янкі Купалы аж да 30-х гадоў ХХ ст., часу драмы і трагедыі беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі, трагедыі ў жыцці самога народнага паэта.

 


  1. Янка Купала. Поўны збор твораў у дзевяці тамах. Мінск, 1995. Т. 1. С. 196.
  2. Яго ж. Т. 9. Кн. 1. С. 266.
  3. Тамсама. С. 271.
  4. Яго ж. Т. 2. С. 101-102.
  5. Яго ж. Т. 1. С. 133.
  6. Тамсама. С. 134.
  7. Тамсама. С. 70.
  8.  Тамсама. С. 66.
  9. Яго ж. Т. 2. С. 7.
  10. Яго ж. Т. 1. С. 197.
  11. Тамсама. С. 137.
  12. Яго ж. Т. 2. С. 52.
  13. Яго ж. Т. 3. С. 99.
  14. Яго ж. Т. 2. С. 134.
  15. Яго ж. Т. 3. С. 13.
  16. Тамсама. С. 46.
  17. Тамсама. С. 169.
  18. Грынчык М. Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі. Мінск, 1969. С. 230.
  19. Янка Купала. Поўны збор... Т. 6. С. 67.
  20. Тамсама. С. 68.
  21. Тамсама.
  22. Тамсама. С. 69.
  23. Тамсама.
  24. Тамсама. С. 70.
  25. Яго ж. Т. 4. С. 106.
  26. Тамсама. С. 107.
  27. Тамсама. С. 124.

 

 
« Папяр.   Наст. »
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 440
mod_vvisit_counter Учора 2071
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 7631
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 30062