Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 
Брама сайта arrow ДЗЯРЖАВА І МЫ arrow Беларусь arrow Хто перамог?

Хто перамог? Друк E-mail
02.05.2012 | 21:55 |

Мікола КрукоўскіЦераз трагічнае да прыгажосці!
Успаміны і роздум аб вайне, беларускай нацыі і беларускай партызанскай мінуласці.

М. КРУКОЎСКІ, прафесар, доктар філасофскіх навук, былы начальнік штаба атрада 2-й партызанскай брыгады імя К. С. Заслонава

Знакаміты французскі мастак Поль Гаген падпісаў неяк адну з сваіх карцін назвай-пытаннем: "Хто мы, адкуль і куды мы ідзем?". А яшчэ больш вядомы нямецкі філосаф Гегель зазначыў, што толькі вайна дае нам глыбокі адказ на гэткае пытанне і менавіта на пытанне, хто мы такія і чаго мы вартыя. Вартыя асабліва ў эстэтычным аспекце, бо якраз у гэтым плане магчыма даць і другому і самому сабе найбольш выразную і блізкую да ісціны самаацэнку. Самай жа блізкай да ісціны з'яўляецца, як вядома, прыгажосць.   

Нам, беларусам, вельмі патрэбна такая праўдзівая самаацэнка, бо што толькі пра нас не пішуць і не гавораць сёння. І што мы занадта "талерантныя", бо цярпліва глытаем усялякі здзек, і што мы баязлівыя, бо хаваліся і ад немцаў і ад партызан, і што мы халуі, бо прыслужваем мацнейшаму, і што мы не нацыя, а ўсяго толькі этнас, падобны чукчам альбо папуасам, і што мы нават увогуле не існуем, бо з'яўляемся толькі не вельмі ўдалаю разнавіднасцю рускіх? Як тут сапраўды, ўспомніўшы добрага старога Гегеля, не звярнуцца да нашай ваеннай мінуласці і не праверыць, ці так яно ўсё гэта было і ёсць. Не праверыць на сабе праўдзівасць і вартасць яго знакамітага афарызму, што ўсё у свеце ўзнікае ў форме велічнай трагедыі, а памірае як толькі камічны фарс. Тым болей, што на сённяшнім календары бачыцца дата пачатку жахлівай мінулай вайны і насоўваецца чарговая гадавіна так званага вызвалення Беларусі ад нямецкіх акупантаў савецкімі (чытай: расійскімі!) войскамі, з нагоды якой зноў будзе гаварыцца шмат адэкватнага, вартаснага і яшчэ больш збродлівага. Як тут не ўспомніць заадно і ўласную маладосць, калі Бог даў табе магчымасць у поўную меру паўдзельнічаць у тых жахлівых падзеях, убачыць усё, уцалець ды яшчэ і падумаць пасля аб усім пабачаным, пражыўшы, з яго блаславення, доўгае жыццё, параўнаць мінулае з сучасным.

Праўда, гегелеўскія словы адносяцца да куды больш шырокіх гістарычных перыядаў, чым усяго толькі мінулая вайна. А вось у такім абсягу нашай нацыянальнай гісторыі афарызм той спраўджваецца проста "на выдатна". Асабліва, калі ўзяць яго ў кантэксце ўсяе савецкай гісторыі і культуры і параўнаць, напрыклад, з гісторыяй савецкай літаратуры, пачынаючы з велічных Маякоўскага з Астроўскім і канчаючы сьмехатворнымі Уладзімірам Сарокіным, Пялевіным і абодвума Ерафеевымі. Як тут не ўбачыць, што ўсё сапраўды пачынаецца з узнёсла-рамантычнай трагедыі, а заканчваецца камічным, а то і зусім ужо нізкім фарсам? Працуючы, памятаю, над сваёй "Логікай прыгажосці" і тады ўжо прыйшоўшы тэарэтычна да пераконання ў справядлівасці гэтага афарызму як вельмі глыбокай гісторыка-філасофскай заканамернасці, я неяк у размове з Алесем Адамовічам, мы ж вучыліся на адным курсе філфака БДУ, прызнаўся было, што ўсё такі мне не верыцца, што пачуем калі-небудзь, да прыкладу, насмешлівы анекдот пра Чапаева. І вось праз пару дзесяткаў год Адамовіч, прыехаўшы неяк з Масквы, сказаў, таямніча ўсміхаючыся: а табе я прывёз прыемны для цябе падарунак і ніколі не здагадаешся, які. Падарункам сапраўды для мяне як эстэтыка аказаўся менавіта расказаны ім сучасны анекдот пра Васіля Іванавіча і Пецьку - пацверджанне ўзыходзячай да Гегеля эстэтычнай канцэпцыі.

Калі ж зноў канкрэтна вярнуцца да вайны, то яна сапраўды ў першыя яе злавесныя месяцы не дала магчымасці беларусам раскрыць свае здольнасці як самастойнага народа і тым болей даць ім нейкую выразную маральна-эстэтычную ацэнку. Будучы ў складзе велізарнай савецкай імперыі і не маючы ўласнай арміі, з якою можна было б змагацца за сваю нацыянальную дзяржаву і за свой уласны суверэнітэт, беларусы ў тыя месяцы разам з усёй велізарнай Чырвонай арміяй, ганебна кідаючы родныя хаты, вёскі і гарады, каціліся на Усход пад націскам вопытнай, выдатна арганізаванай і забяспечанай нямецка-фашысцкай армейскай машыны. Ідэалы развітога сацыялізму і пралетарскага інтэрнацыяналізму рассыпаліся як картачны домік, і ўсё патанула ў нейкім цалкам трагікамічным хаосе. Расія, напрыклад, толькі пад Масквою неяк ачухалася, замяніла тыя фактычна ілжывыя ідэалы наспех адноўленай рускай нацыянальнай ідэяй і, адрадзіўшы былыя імперска-расейскія пагоны царскіх часоў, змагла спыніць той страшлівы нямецка-фашысцкі наступ.

Беларусы як самастойны народ, пастаўлены камуністычным тэрорам і НКВД на калені яшчэ ў 29-м і 37-м гадах, так і не маглі спачатку знайсці ў сабе ўвогуле правільнай арыентацыі ў тых складаных гістарычных абставінах. У моладзі, як і асабіста ў мяне тады, мазгі яшчэ былі забітыя савецкай камуністычнай прапагандай, і тадышняя рамантыка насіла кніжны, адарваны ад рэальнага жыцця характар. З якой трывогай і здзіўленнем бачылі мы, выхаваныя на фільмах тыпу "Если завтра война", як бегла перад праціўнікам хвалёная Чырвоная армія, а затым і самі мы беглі з ёй разам! Людзі ж больш сталага ўзросту, у тым ліку лепшыя прадстаўнікі беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі, неяк уцалеўшыя ад энкавэдзісцкіх "зачисток", думалі нават выкарыстаць нямецка-фашысцкую навалу як сродак вызвалення ад навалы камуністычнай. Але і яны аказаліся ў трагічнай сітуацыі, калі ўбачылі, што заместа камуністычнага ўціску народ трапіў пад куды яшчэ страшнейшы і бязлітасны нямецка-фашысцкі бот. Калі нязваныя госці пачалі адкрыта здзеквацца з нашага народу, тады ў нас імгненна ўспыхнула вострае, хоць спачатку толькі эмацыянальнае, як у ва ўсякай моладзі, жаданне супраціву. І адзіна рэальнай формай такога супраціву ў тых умовах мог быць толькі шырокі партызанскі рух. Нам нічога не заставалася, як на фашысцкі тэрор адказаць тэрорам партызанскім, вядомым нам толькі па п'есах Крапівы. У гэтым якраз і заключалася непазбежна трагічная логіка вайны, ды і не толькі вайны. Як пісаў англійскі гісторык і філосаф Тойнбі, у гісторыі наогул выклік заўсёды спараджае адпаведны адказ, і вайна тут толькі правакуе і згушчае крайнасці і экстрэмізм. Так вось тады ўсё было і з намі, мы таксама змушаны былі прымяняць усё гэта.

Партызанскі рух на акупаванай немцамі тэрыторыі планаваўся, як вядома, і савецкімі ўладамі. Пакідаліся групы з партыйных і энкавэдысцкіх работнікаў для арганізацыі гэтага руху, але пераважная частка тых партыйна-савецкіх актывістаў пахаваліся перад ваеннай адміністрацыяй захопнікаў, а то і пайшлі да іх на прамое супрацоўніцтва ў першыя ж месяцы нямецкай акупацыі. Ды і павесці за сабою моладзь яны ўжо не мелі ні маральнай сілы ні духоўнага аўтарытэту. Пра ўсё тое добра пісаў у свой час наш незабыўны Быкаў і зусім ужо нядаўна Васіль Якавенка.

Дзесьці ў пачатку 43-га году беларускае партызанскае супраціўленне прыняло тым не менш масавы характар. І галоўнай прычынай таму было ярка ўспыхнулае, хоць і не ўсвядомленае яшчэ да канца, вострае пачуццё нацыянальнага гонару і незалежнасці. Яно суправаджала сабою і пазнейшую мастацкую творчасць, што адлюстроўвала сабой тыя часы. Гэта выразна бачыцца, напрыклад, на выкананай па савецкіх канонах вядомай карціне Сухаверхава пад назваю "За родную Беларусь". Цераз яе, здавалася б, цалкам сацрэалістычную форму нават тады выразна прасвечваў нейкі горды і незалежны дух. Той самы дух, што характэрны для любой барацьбы за нацыянальную годнасць і незалежнасць. Гэтая карціна нездарма называецца "За родную Беларусь!", бо нічога савецкага сёння ў ёй ужо не заўважаецца. Як не бачыцца ўжо выразна ў памяці і тое, што партызанская барацьба, заўсёды, як ужо было сказана, з'яўляючыся (па Тойнбі) адказам на выклік, нясе на сабе і нядобрыя рысы справакаванага ворагам экстрэмізму. A la guerre comme a la guerre, гавораць у такіх выпадках французы, і наша партызаншчына таксама не была тут, на жаль, выключэннем. Асабліва, калі ўспомніць, што яна насіла ў нас яшчэ і характар у пэўным сэнсе грамадзянскай вайны, зноў такі добра паказаны Быкавым на прыкладах трагічнага супрацьстаяння паміж змушанымі калабарантамі і тымі ж партызанамі. Колькі тут яшчэ не выкарыстаных мастацтвам па-сапраўднаму трагічных сюжэтаў!

Але ў цэлым у беларускім партызанстве выразна праглядвае нешта, хоць, здавалася б, і непрывычнае, але вельмі глыбока схаванае ў нашай крыві. Гэта, менавіта, той самы дух гонару і незалежнасці, што рускімі (пра якіх яшчэ Чарнышэўскі пісаў, што ўсе яны зверху да нізу рабы) звычайна прыпісваецца палякам і характарызуецца як бы залішняя, з пункту погляду рускіх, іх ганарыстасць. Але дух той быў уласцівы і старой беларускай шляхце, і пра тое пісаў не без добразычлівага гумару наш суайчыннік Адам Міцкевіч. Ды й пушкінскаму Дуброўскаму адкуль было ўзяцца, як не з Беларусі, аб чым гаворыць і ягонае прозвішча? Таму Дуброўскаму, што гэтак жа сама ў адказ на хамства расейца Траекурава пайшоў у лес партызаніць. Альбо рамантычна ўзнёслая, строгая ў сваёй незямной жаночай прыгажосці і ваяўнічая ліцвінка з аднайменнай паэмы Лермантава ці ягоны ж баярын Орша, вобразы якіх нездарма так затушоўваліся рускім літаратуразнаўствам. Ды ў рэальнай гісторыі ўсё яшчэ помняцца і лясныя касінеры Кастуся Каліноўскага, якія, дарэчы, прымалі ўдзел і ў чачэнскай вайне за незалежнасць яшчэ самага ранняга яе перыяду, што зусім ужо замоўчвалася афіцыйнай савецкай, дый сучаснай расійскай гістарыяграфіяй.

Гісторыя ўвогуле ніколі не бывае расхрыстанай імправізацыяй, як тое некалі здалося вельмі расчараванаму ёю Герцэну. Крот гісторыі рые, хоць і непрыкметна, але настойліва, робячы сваю гістарычную справу. Пра тое куды больш справядліва, чым Герцэн, зазначыў калісьці ўсё той жа Гегель. І, як ні дзіўна, гэта ўжо сваім нячыстым нюхам чулі Сталін і ягоныя кагэбісцкія выжлы з іх выдатна адпрацаваным чуццём на любую небяспеку. Так і наш беларускі ўзлёт партызанскага супраціўлення пачаў ужо тады Сталіна сур'ёзна непакоіць, бо ў яго, як кажуць, пад носам стыхійна ўзнікла шматлікая, ажно ў трэць мільёна партызанская армія, непасрэдна яму непадпарадкаваная. Апроч таго, у яе за спіной дзейнічала гэткая ж, але яму ўжо зусім варожая польская Армія Краёва, якая падпарадкоўвалася Лондану і якая разам з нашымі партызанамі змагалася супраць нямецкіх фашыстаў за незалежную Польшчу. А што калі й беларусам узбрыдзе на розум падобная ж ідэя? Тым болей, што Заходняя Беларусь зусім нядаўна была "вызвалена" з-пад польскай улады і ўпаўне магла параўнаць яе з уладай савецкай, зусім не так, напрыклад, як зрабіў тое ўгодлівы Ром у кінафільме "Мара". Параўнанне нявыгаднае, і трэба было ўжыць нейкія пэўныя захады, каб такой магчымасці ў прынцыпе не магло ўзнікнуць. Адэкватныя захады былі Сталінам прынятыя.

Партызанскім брыгадам і атрадам быў навязаны інстытут камісараў, даўно ўжо адкінуты ў рэгулярнай арміі. Навязаны, зразумела, дзеля палітычнага кантролю. Каманднаму складу брыгад вельмі скупа, а ў атрадах зусім не прысвойваліся воінскія званні, хоць кіраванне і камандаванне атрадамі было куды цяжэйшым і складанейшым, чым тое ў франтавых абставінах, дзе ў цябе ёсць зброя, свабодныя тылы, пастаяннае бое- і харчзабеспячэнне, надзейная шпітальная абслуга і дзе тыя званні прысвойваліся армейскім начальствам з незвычайнай лёгкасцю (пазней гэта балюча ўдарыла і працягвае біць зараз па нашаму пенсіённаму забеспячэнню, асабліва тых, каму прыйшлося, як мне, стаць інвалідамі вайны). Яшчэ больш скупа забяспечвалі зброяй і боепрыпасамі. У нас былі іржавыя вінтоўкі ды знятыя з кінутых савецкіх танкаў кулямёты, патроны шукалі на былых армейскіх стаянках у лясах, а тол дык зусім здабывалі нагрэвам снарадаў на кастры, пра што і зараз без дрыжыкаў і халоднага поту на спіне немагчыма сабе ўспамінаць. А з так званай «большой земли» мы ў параўнанні з нашымі патрэбамі атрымлівалі самы мізэр. Аўтаматаў у нас на атрад у 120 чалавек было ўсяго толькі тры, хоць у арміі к 43 году іх было ўжо вельмі шмат ды і вытворчасць іх была зусім недарагой. Але самай цяжкой была праблема матэрыяльнага забеспячэння і харчавання, якая ў тыя нялёгкія часы ў форме так званых загатовак міжвольна ўскладалася на плечы нашага ж беларускага вясковага насельніцтва.

Было вельмі балюча забіраць у людзей дабро, тым болей што нам не было прадпісана, напрыклад, цэнтральным штабам партызанскага руху пакідаць сялянскім сем'ям хоць бы афіцыйныя даведкі, што ў іх была забрана авечка, парсюк або зусім ужо нават карова. Бальшавіцкая дзяржава цынічна страхавала сябе ад заканамернай кампенсацыі свайму насельніцтву за гэта пасля вайны. Нам, партызанам, гэтым наносілася тады самая, можа, вялікая шкода, бо сеяўся тым недавер, а то і нелюбоў да нас і з боку ўласнага народу. Нелюбоў тая сеецца, зрэшты, і дагэтуль. Прычым чамусьці пераважна ўжо з боку некаторых членаў апазіцыі, якія і сёння нас лічаць сталінскімі бандытамі, а рускамоўная пісьменніца Алексіевіч дык і распуснікамі, якія менавіта таму і хаваліся начамі па лясох. Гэта вядомыя нашы пісьменнікі Алесь Адамовіч і Валянцін Тарас, ды і будучы філосаф Крукоўскі, які быў нават начальнікам штаба атраду ў брыгадзе славутага Канстанціна Заслонава і, будучы цяжка параненым у баі, у самалёце У-2 з лёду Лукамскага возера быў перакінуты цераз фронт на лячэнне ў тыл, і які стаў інвалідам вайны, -- гэта мы былі сталінскімі бандытамі і начнымі распуснікамі?

Пра гэта, пудлуючы, цяпер ў адкрытую пішуць некаторыя апазіцыйныя газеты, у чым выклікалі сумненне нават у колішняга палкоўніка КДБ Сцяпана Кадуцкага, ён аказаўся прыстойным чалавекам.

У Францыі, напрыклад, якая заўсёды ганарылася сваёй барацьбой за нацыянальную незалежнасць, сама назва нацыянальнага партызанскага супраціўлення Рэзістанс пішацца толькі з вялікай літары, а у нас нават віна за Хатынскую трагедыю, калі па асабістаму загаду Гітлера была знішчана з людзьмі ажно цэлая вёска, ўзвальваецца на партызан: не трэба было, маўляў, чапаць любімага футбаліста шалёнага Адольфа!

Беларускі партызанскі рух быў таксама сведчаннем гераічнай барацьбы беларусаў за нацыянальную незалежнасць і дзяржаўны суверэнітэт беларускага народу, чым гэты народ можа толькі ганарыцца, хоць самім народам гэта ў поўную меру і не ўсведамлялася. Але што тут зробіш, калі некаторыя з гора-апазіцыянераў, такіх, ведаеце, "змагароў" за свабоду без незалежнасці і незалежнасць без суверэнітэту, не лічаць увогуле беларусаў за нацыю, што мае права на ўласную мову, культуру, дзяржаўнасць і суверэнітэт. Для іх гэта толькі нейкі, як ужо было сказана, этнас, у лепшым выпадку. Аб гэтым жа яны пішуць зусім адкрыта у сваіх газетах і навуковых творах. Нават сам Лукашэнка дазваляе сабе толькі іранізаваць і дражніцца на беларускай мове, мове абраўшага яго народу, які ён павінен глыбока паважаць.

Канечне ж, нас, беларускіх партызан, паціху насычалі тады і энкавэдысцкай агентурай, якую, зрэшты, мы спачатку амаль што і не заўважалі. Яны ў часе вайны сядзелі ціха, а калі і ваявалі, дык толькі супраць уласных людзей, выконваючы функцыі карных органаў. І толькі пасля вайны яны ўжо ўзяліся прафесійна і за нас: скажы, як трапіў да партызан, дзе быў раней, ці не быў у палоне, хто твае бацькі, ці служылі яны ў белай арміі і г.д. Пачаліся так званыя дзяржаўныя спецправеркі, і я, напрыклад, каля году праседзеў у Калінінскім спецлагеры НКВД № 140 за калючым дротам, з бесцырымоннымі вывескамі перад ім: "Стой, стрелять буду!". Так сустракала нас "Большая земля", так яна плаціла нам за нашу рызыку, кроў і пакуты. Але самае паскуднае было тое, што пазней зусім нечакана яны сталі выдаваць нас за "сваіх". Больш таго, ужо ў 1947 годзе сумна вядомы Цанава выдаў тоўстую кнігу ў двух тамах пад назовам "История партизанского движения в Белоруссии", сам не маючы аніякага рэальнага дачынення да гэтага руху. Той факт выклікаў, памятую, у нас, сапраўдных беларускіх партызан, абурэнне, мы не разумелі яшчэ, што гэта было жаданне вельмі непапулярных ужо тады ў народзе "органаў" прымазацца да нас, каб хоць неяк падняць свой запэцканы бязвіннай крывёю народа рэйтынг. І гэтая лінія працягваецца ажно да сёння, працягваецца свядома і настойліва. Так, напрыклад, зусім нядаўна расійскае ТВ паказала праграму нейкага Корзуна, у якой нахабна сцвярджалася, што ўвесь беларускі партызанскі рух увогуле быў арганізаваны расійскім НКВД-КДБ пад камандай вядомага майстра заплечных спраў палкоўніка Судаплатава, вядомага сваімі забойствамі з-за вугла такіх непажаданых саветам асоб, як Сцяпан Бандера ці як адзін з балгарскіх пісьменнікаў-дысідэнтаў. Таго самага Судаплатава, што падазраваўся і ў замаху на рымскага папу. Больш эфектыўна абгадзіць нас, беларускіх партызан, увогуле наўрад ці было магчыма. Але і сёння абгаджваюць вельмі старанна.

Узнікае законнае пытанне, дзеля чаго ж гэта ўсё робіцца? Чым тлумачыцца такое выразнае імкненне зняславіць беларускіх партызан? Гэта ўжо не работа гегелеўскага крата гісторыі. Гэта работа крыс, якія рыюць норы ў абход рэальна-гістарычнага ходу падзей, рыюць дзюркі, каб выратавацца з тонучага імперскага карабля. Сёння, калі на вачах пагражае разваліцца ўслед за Савецкім Саюзам і расійская імперыя зла і калі яна не можа справіцца нават з маленькай свабодалюбівай Чачнёй, вымушанай гэтак жа стаць на шлях партызанскай барацьбы, толькі ўспаміны пра некалі магутны беларускі нацыянальна-вызвольны партызанскі рух, які супрацьстаяў адной з наймацнейшых еўрапейскіх армій, сваімі сіламі вызваліўшы ад яе 60 адсоткаў роднай зямлі і за які Беларусь, нават не будучы яшчэ суверэннай дзяржавай, была ўключана ў склад заснавальнікаў Арганізаыі Аб'яднаных Нацый, -- адны толькі ўспаміны аб гэтым выклікаюць у сяго-таго панічны жах. Асабліва калі нехта там па-суседцтву і сёння яшчэ марыць аб захаванні сваёй імперыі і тым болш аб "аншлюсе" ў яе склад незалежнай пакуль што Рэспублікі Беларусь. Ды і ў тыя часы, як вядома, нашым галоўным ворагам былі не столькі немцы, колькі шырока вядомыя тады як здраднікі "ўласаўцы", яны пад расійскім трыкалёрам змагаліся ўжо не за савецкую ўладу, а за аднаўленне расейскай царскай імперыі і тады ж са смакам палілі нашы вёскі і здзекваліся над намі, беларусамі, як над "полудикими аборигенами". Паказальна, што нядаўна па расійскім ТВ у салаўёўскім токшову "К барьеру" было на ўсю Расію публічна заяўлена, што і сёння над маскоўскім Крамлём развяваецца ўласаўскі сцяг!

Тут, зрэшты, скарыстоўваецца страляніна па двух зайцах. Калі не ўдасца адмыць уласнае запаскуджанае нявіннай крывёй аблічча сваё быццам бы нейкай блізасцю да партызан, дык хоць абпаскудзіць саміх іх гэтым як змагароў за беларускую свабоду і незалежнасць. Апошняе ж сёння ім вельмі патрэбна, бо як інакш выбіць галоваў людзей памяць аб тым, што сапраўдных беларусаў голымі рукамі не ўзяць. Гэта было выдатна паказана ў творах Васіля Быкава. Не ўзяць іх і зброяй, і гэта павінны памятаць расійскія генералы, што паціху прыбіраюць да сваіх рук і нашу нацыянальную, незалежную пакуль што беларускую армію. Нямецкая армія была непараўнальна мацнейшай і за Чырвоную і тым болей за сучасную расійскую армію, напалову разложаную маральна, а нашы партызаны ўсё ж такі выстаялі. Недарэмна нават сам Лукашэнка публічна прызнаў неяк, што калі хто сёння замахнецца на наш суверэнітэт, атрымае новую Чачню. На гэты раз ён трапіў, як тое ні дзіўна, проста ў яблычка!

Мы, беларусы, можам і павінны ганарыцца нашай партызанскай мінуласцю, бо гэта самае вернае сведчанне таго, што як нацыя мы склаліся, і што мы зможам, калі спатрэбіцца, адстаяць сваю свабоду і незалежнасць не толькі духам, але і сілай, калі тое, не дай Божа, спатрэбіцца. Мы павінны адстаяць Беларусь не толькі перад імкліва гніючай Расіяй, згубіўшай сваю колішнюю культурную веліч і аўтарытэт, ператварыўшай усё ў нізкі фарс. Але і перад сучасным перакормленым Захадам, забыўшым Бога і боскую мараль, адтуль таксама выразна нясе смуродам прагнілай культуры постмадэрнізму, што прызнаюць ужо і прагрэсіўныя заходнія філосафы і журналісты. Нездарма ж літаральна нядаўна ўсе мы маглі па тэлебачанні чуць і бачыць, як пяцідзесяцітысячны натоўп парыжан сьпявае "Інтэрнацыянал". І змагаючыся так на два франты, мы не застаемся тым не менш адны ў трагічнай адзіноце. З намі не толькі Бог і беларуская ідэя, але і патэнцыяльна здаровае чалавецтва, высокі духоўны стан якога несумненна адродзіцца, у шэрагах яго мы таксама, нарэшце, зоймем годнае нашага народу месца. На выпрабавальны выклік гісторыі беларусы знойдуць годны адказ. Годным можа быць і наш тут адказ на калісьці пастаўленае мастаком Гагенам пытанне: "Хто мы, адкуль і куды мы ідзем?". Адно трэба разумець і гегелеўскі афарызм аб тым, што толькі цераз высока трагічнае шлях прыводзіць народ да ісціны і прыгажосці.

 
« Папяр.   Наст. »

Каментар

Каб карыстацца гэтай формай Вы павінны мець наладжаны javascript...

А якія кніжкі чытаць? У савецкіх кніжках ёсьць свая праўда! А праўда бывае белая, як дзень, і праўда чорная, як ноч. У цяперашніх кніжках часцяком няма аніякай праўды.
Іншы раз смешна слухаць нашых патрыётаў якія адмаўляюцца ад Леніна і Сталіна, і прапагандуюць Сталыпіна і цара Мікалая.
Шаноўныя, кажу я ім, пры Сталыпіне мы б так і засталіся Паўночна-Заходнім краем. А бальшавікі абазначылі нас на мапах, як самастойную нацыю, далі нам няхай і ўрэзаную, але аўтаномію. Фіны кажуць і да сянішняга часу трымаюць Леніна, за вялікага палітыка, які даў ім незалежнасьць.
У нас, ліцвінаў-беларусаў, нізкі парог адчувальнасьці, мы надта крытычна ставімся да саміх сябе, да сваёй гісторыі, да сваіх нібыта хібаў. Вунь жамойты, начхалі на ўсіх і падграблі пад сябе нашу слаўную гісторыю, і ніякіх комплексаў. Капанеш іхнюю гісторыю, у іх нічога няма, але ўсе свае хібы яны схавалі і нідзе пра іх не трындзяць.
У нас усё балбочуць: Вільнюс, Вільнюс..., які Вільнюс? Вільня! Двінск! Чытаю Манштэйна ''Страчаныя перамогі'', у яго ўсюды Двінск, а мы далдонім Даўгапілс. Навошта далдонім?
Балгары, чэхі, славакі, італьянцы, датчане, галандцы, бельгійцы, аўстрыйцы, фіны, венгры былі на баку Нямечыны ў другой сусветнай вайне. Югаславы ваявалі супраць немцаў, але харваты былі на баку немцаў, у Югаславіі ішла грамадзянская вайна... Але слава Югаславам, яе партызанам! фРАНЦУЗЫ ганебна ляглі пад Нямечыну, працавалі на немцаў, выконвалі іхнія ваеныя заказы... І што? фРАНЦЫЯ адна з пераможцаў у другой сусветнай вайне!
у НАС ТАКСАМА, тым ці іншым чынам ішла перманентная грамадзянская вайна, у якой дарэчы мірнае насельніцтва ўдзелу не прымала... То навошта нам ганьбіць саміх сябе... У нас гора-палітыкі маюць толька дзве фарбы: чорную і белую!
Дарэчы ў нашым гарадку да вайны жыла маладая пара. Жанчына была вельмі прыгожая. Пачалася вайна, муж пайшоў на фронт. Прыйшлі немцы і адзін тылавы афіцэр паклаў вока на прыгажуню і стаў жыць з ёй. Пасля вайны вярнуўся яе муж, яму тут жа нашапталі ў вушы пра жонку. Ён адказаў шаптунам: ''-- Была страшная вайна. Загінула мноства людзей. Шчаслівы той, хто застаўся жыць!'' Ён забраў жонку і з'ехаў у Ленінград.

Напісаў Licvin,
Дата 05/14/2012 Час 16:29

Дык нехта ўжо й накалупаў, спадар Букініст: 'Не ўсё плахое было зьвязана з партызанамі ў Беларусі'.

Напісаў Клуня Мухіна,
Дата 05/14/2012 Час 16:26

І яшчэ, сп. Licvin, не чытайце савецкіх кніг, яны наскрозь хлусьлівыя. А калі цягне, дык хоць не цытуйце прылюдна, а то нехта й з 'Майн Кампф' або з Пратаколаў Сіёнскіх Мудрацоў мудрасьцяў накалупае.

Напісаў Букініст,
Дата 05/14/2012 Час 15:14

Cп. Licvin, аб тым і гаворка, што такіх баявікоў процьма, дзе юныя партызаны падрываюць эшалоны, нават анэкдоты пра гэта ходзяць, але толькі Ларыса Геніюш напісала верш 'Партызанам', дзе задумалася, ці думалі яны пра вынікі тых 'подзьвігаў', калі за тое расстрэльвалі цэлыя вёскі. А во яшчэ запыт вялікай паэткі:
Йшлі інструкцыі ў адным напрамку:
Палымнела Беларусь адна.
А чаму ж не падымалі партызанкі
На Каўказе ці каля Арла?

Аднаго забілі часам гада
І, забіўшы, зайцамі ўцяклі.
А за гада сотні леглі радам
Безбаронных жыхароў зямлі.

Напісаў Букініст,
Дата 05/14/2012 Час 15:09

Разумныя людзі робяць рэкламу для сваёй краіны дзе толькі можна, тым больш на гераічнай партызанцы ў ІІ сусветнай вайне. Неразумныя паказваюць свае хібы і недарэчнасьці ўсяму свету.
Чытаў неяк успаміны аднаго партызана, як дзесьці на Гомельшчыне, у бязлесным раёне, дзевяцікласнік падарваў два эшалоны з нямецкімі войскамі, яго шукалі, але ніхто ў іхнім гарадку не выдаў яго. Потым хлопец прыйшоў у партызаны, стаў падрыўніком. Быў вельмі сыстэмным, у ягонай групе падрыўнікоў было ўсё прадумана. Ён узарваў яшчэ 9 эшалонаў ворага і стаў Героям Савецкага Саюза. Вось жывы прыклад для вострасюжэтнага фільма -баевіка.
А нашы кінарэжысёры здымаюць нейкую лабуду тыпа ''Врагі''.
Нашы ідыёлагі і тэлепрапагандысты іншы раз жуюць старую і новую чужую хрэнь.
Не толькі ў партызанах і нават рэгулярных арміях усіх ваюючых краін было мноства людзей-нягоднікаў, але не пра іх размова павінна ісьці.
Таму партызаны -- гэта наш станоўчы брэнд і не трэба нам ад яго адмаўляцца.
Я б на месцы міністра культуры стварыў дом адпачынку пад партызанскі лагер, дзе былі б і кастры, і камары, і паходы праз лясы, і конныя маршруты, і песні партызанскіх часоў, і вопратка была тых часоў у персанала дома адпачынку і шмат чаго іншага...
А ў нас прапагандуем чужое, а свайго не бачым, не рэкламуем, усё чакаем нейкіх інвестараў-багацеяў якім на нашы брэнды начхаць...

Напісаў Licvin,
Дата 05/14/2012 Час 10:57

Але ж М.Крукоўскі, наш знакаміты дзеяч культуры, філосаф мае рацыю: партызанская тэматыка ў краіне асвятляецца ўжо аднабока. Выяўляецца як бы спакуса, расказаць пра тое, пра што раней няможна было, – паказаць негатыў, высвеціць у гістарычным трывожным абсяку Плюнгераў…
Атрымліваецца перакос у другі бок, і справа не ў тым, што, скажам, В.Якавенка альбо І.Копыл, раскрываючы мінуўшчыну, адступілі ад праўды, а ў жаданні некаторых нашых грамадзян – свядома ці не – узвесці гэтую праўду ў абсалют, заплюшчыць вочы на станоўчае і, бадай, вырашальнае на Беларусі ў апошняй вайне.

Я мог бы назваць шэраг вядомых мне партызанскіх атрадаў, як атрад імя Гарбачова на Любаншчыне, камандзір М.Фурман, дзе ў партызан і мясцовага насельніцтва назіраліся поўнае ўзаемаразуменне і ўзаемавыручка, абмен рэсурсамі. Партызаны дапамагалі мясцоваму люду спраўляцца з палявымі работамі. І падобныя атрады былі якраз найбольш баявітыя. Дарэчы, і ў рамане-трылогіі “Пакутны век” В.Якавенкі паказаны не толькі Плюнгер, а розныя лясныя мсціўцы. Таму, аглядваючыся на сваё мінулае, не варта цыркаць слінай цераз левае плячо. Да меркаванняў жа скрыўджанага партызана і філосафа Міколы Крукоўскага варта прыслухацца.

Напісаў VT,
Дата 05/13/2012 Час 22:51

 1 
Старонка 1 з 1 ( 6 Каментар )

Каб пакінуць/прачытаць каментары - зарэгіструйцеся (залагіньцеся)
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 1755
mod_vvisit_counter Учора 1602
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 8587
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 52260