Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 
Брама сайта arrow АДВЕЧНАЕ arrow Культура arrow Лісты з Зэльвы

Лісты з Зэльвы Друк E-mail
30.04.2012 | 18:22 |
Ґеніюш, Л. Лісты з Зэльвы / Ларыса Ґеніюш. — Гародня ; WrocBaw : Гарадзенская бібліятэка, 2012. — 450 с. Вітаўт МАРТЫНЕНКА

Ґеніюш, Л. Лісты з Зэльвы / Ларыса Ґеніюш. — Гародня ; Wrocław : Гарадзенская бібліятэка, 2012. — 450 с.

У дзяцінстве я горача любіў чытаць, потым астыў, каб у юнацтве пад уплывам тадышняй моды на макулятурны кнігаабмен захапіцца зноў цудам чытаньня. Вывеў нават формулу сабе: ты пражыў столькі жыцьцяў на сваім вяку, колькі кніг прачытаў. Сышла мода, прыйшлі новыя крытэры захапленьняў, а ўсё ж не загас і кніжны сэрпантын, на чарговы завіцень якога вывелі выпадкова зачэпленыя праз кагосьці неверагодныя беларускія бэстсэлеры Васіля Якавенкі («Пакутны век»), Кастуся Акулы («Гараватка»), Рыгора Крушыны («Кантата самотных»), Леаніда Дайнэкі («Назаві сына Канстантынам»), Сяржука Сокалава-Воюша («Крывавы памол»)...

Калі ў 2010-м выдаўцы кінулі на рынак зграбны двухтомавік Ларысы Ґеніюш, я хутка прыгадаў дзіцячыя авантуры кнігаабменаў, каб замест наяўных рарытэтаў гэтай паэткі «Белы сон» і «Споведзь» набыць новы збор, пра што ні разу не пашкадаваў.

Толькі пачуў пра новы том эпісталярнай прозы (дасканалы фаліянт з эўрапейскіх друкарняў), і вось тыя «Лісты з Зэльвы» ў маіх руках. Першыя ўражаньні: пакуль мёртвыя адцягваюць свой канец, жывыя (нават вечна жывыя) гавораць жывым.

Зь літаратуразнаўцам, паэтам і журналістам Міхасём Скоблам, які склаў і адкамэнтаваў гэты том, надзвычай цікава размаўляць пра літаратуру, бо ён настолькі абазнаны ў кніжным моры, што здольны так і сыпаць цытатамі з папулярных і рэдкіх першакрыніц. Ня толькі беларускіх, ня толькі сучасных. У гутарках пра вэрбальных хамаў, здольных жартаваць над магіламі духоўных бацькоў нашых, падсоўваючы ў доказ віны нават пакутлівыя старонкі асабістага лёсу, Міхась лёгка цытуе вершы вечна папраканых ґеніяў Купалы, Ахматавай, Мандэльштама, напісаныя нібыта «за Сталіна» ў часы жорсткіх і подлых рэпрэсіяў, і выстаўляе да ўсяго й сам мастацкі ўзровень (высокі ці нізкі) пераканаўчым доказам чысьціні душы. Я ўжо ня раз пісаў, што кнігі, прачытаныя мной пад уплывам літаратурных радыёперадач Скоблы-журналіста, пакінулі ў маёй душы зыркія адкрыцьці, якіх недадала школа: несьмяротныя творы Алеся Салаўя, Рыгора Крушыны, Леаніда Дайнэкі. Ён нават асэнсаваньне ґенія Ларысы Ґеніюш апынуўся здольным паглыбіць, пашырыць.

Калі, напрыклад, Альгерд Бахарэвіч, абвясьціўшы бой беларускай клясіцы «бяз скідак і авансаў», дагаварыўся на радыё «Свабода» да перасьмешак з траґедыяў Янкі Купалы, абазваўшы яго Каянам Лупакам, дык чытаная ў тыя ж дні Ларыса Ґеніюш насамрэч «бяз скідак і авансаў» дэманстравала больш інтэліґентную сьмеласць у допісах да творчых людзей, даючы цьвярозыя тлумачэньні сваім адзнакам: «Глядзелі "Трыбунал" Андрэя Макаёнка. П'еса мне не спадабалася: жудасна (не камічна!) глядзець на зьвязанага Цярэшку, якога "мілая" сямейка зьбіралася цягнуць у сажалку. У нас, беларусаў, нажыўшы з мужам адзінаццаць дзяцей, ніводная жанчына не паверыць, што той - нягоднік. І каб нават так было, за такія справы судзіць на сьмерць закон, а ня дзеці» (стар. 193). Яна захоўвае павагу і ў заўвагах такім тытанам, як Караткевіч, Быкаў, бо мае высокую мэту ў жыцьці, якой пазбаўлена маладзейшае пакаленьне крытыканаў-славаблудаў, заманеных чужымі ґрантамі. Дый пра крытыкаў Купалы яна трапна выказалася яшчэ ў 1982-м з нагоды рамана Алега Лойкі «Як агонь, як вада»: «Няма ў нас яшчэ Бялінскага, каб гэтак, як ён аб Пушкіне, узьнёсла й шырака напісаў пра Купалу. Найлепей гаворыць сам паэт сваімі вершамі» (стар. 382).

Якое ж месца займае кніга «Лісты з Зэльвы» сярод актуальных навінак? У багатым спэктры кніжных развалаў, дзе ёсць і папулярныя дэтэктывы, і сур'ёзныя навуковыя дапаможнікі, і тонкая паэтычная лірыка, кожны можа адшукаць сабе сапраўдны скарб, але разабрацца бяз пільнай дапамогі адмыслоўцаў усё ж цяжка. Дык ці справядліва эпісталярная спадчына карыстаецца меншым попытам сярод чытачоў? Безумоўна, калі нехта напароўся на банальны збор бытавой «перапіскі» пэўнага недаклясыка, ён ужо з асьцярожнасьцю будзе ставіцца да такога жанру. І менавіта ў гэтым Міхась Скобла выявіў віртуознае майстэрства, кінуўшы сьпярша на наш кніжны рынак мудра падабраныя, пільна аздобленыя эпісталярныя зборы Ларысы Ґеніюш («Каб вы ведалі», 2005), Алеся Салаўя («Творы: паэзія, проза, лісты», 2010) ды інш., якія хутка сталі бібліяґрафічнымі рарытэтамі. Здавалася, у чарговым томе гэтага жанру цяжка было не паўтарыцца, але Скоблу вабіць вечная прага творчых адкрыцьцяў, таму ў новым томе на паўтысячы старонак 90% татальнай навізны, якая разгортвае ґеніяльную постаць беларускай літаратуры зырчэй за пільны біяґрафічны раман.

Ну вось хоць бы такія асабістыя рэчы, як стаўленьне да традыцыйных сьвятаў, да навязьлівых «абшчэственна-паліцічэскіх п'янак»? Ларыса Антонаўна, напрыклад, піша Васілю Быкаву ў часіны хрушчоўскай «затапелі»: «На 8 сакавіка мы гулялі. Гэта дзень нараджэньня майго мужа... Проста елі-пілі ды сьпявалі амаль да 3 гадзін ночы!.. Муж амаль ня п'е, ніколі. Атрымаўшы зарплату, не бяжыць з другімі ў "Дунай", і таму раз у год робіцца яму шумнае сьвята. Гэта ўвайшло ў традыцыю: дамы робяцца прыгожымі, а мужчыны рыцарамі. І хоць пасьля - пустыя кішэні, аднак, весела» (стар. 9). А ў разгул брэжнеўскага раю (1975) быў такі ліст пра мужа Янку: «...на свае кніжкі аддае грошай ня меней, як другі на гарэлку, толькі што гэта даволі таннае і, сказала б, шляхотнае хоббі» (стар. 226). Дый пасьля сьмерці Янкі Ґеніюша паэтка піша вядомаму гісторыку Язэпу Найдзюку ў Польшчу: «Я ніколі ў жыцьці с.п. Мужа п'яным ня бачыла...» (стар. 281).

Заўважце, пра дзень памяці правадыркі нямецкіх камуністаў Клары Цэткін ані згадкі ў першай цытаце, хоць 8 сакавіка. Важней муж, родная песьня, добрыя эмоцыі й шляхотнасць. І гэта сапраўдная ліцьвінская традыцыя, пра якую гаворыць у прадмове і Міхась Скобла.

Праўда, не багі гаршкі лепяць, таму нават да пільнага Скоблы заскокваюць «ачапяткі». Радуе, аднак, калі сваёй відавочнасьцю яны не руйнуюць сэнс. Напрыклад, у камэнтарах чытаю:«Швэйк - гэрой аповесьці чэскага пісьменьніка Яраслава Гашака "Прыгоды бравага салдата Швэйка падчас Другой сусьветнай вайны"...» (стар. 405) і думаю: дык гэта ж быў пачатак ХХ стагодзьдзя, а Другая - у сярэдзіне. Бяру томік Гашака й бачу: «Прыгоды бравага салдата Швэйка падчас сусьветнай вайны». Ні першай, ні другой, бо проста быў нечуваны раней катаклізм «сусьветная вайна», зь якога ў 1921-м Гашак і пасьмяяўся. У чэскіх выданьнях хоць і быў больш поўны варыянт назвы («Прыгоды бравага салдата Швэйка падчас сусьветнай і грамадзянскай войн у нас і ў Расеі»), але нумароў ніхто ня ставіў. Дый Скобла сьведчыць, што ваяваў Гашак ва Ўкраіне, на Львоўшчыне, куды й беларускага дасьледчыка лёс закідваў, але Ўкраіна была тады пад пятой Расеі, таму перапісваць дакумэнты эпохі Гашака ўжо не прымусіш.

Надзвычай пільна дагледжаны імярэкі ўсіх згаданых гэрояў кнігі «Лісты з Зэльвы», што робіць яе й цудоўным даведачным выданьнем. Але ж так і не знайшоў я ніякай інфармацыі, напрыклад, пра Еўфрасіньню Полацкую, згаданую на стар. 229, пра журналістку Валянтыну Трыгубовіч, імя якой сустракаецца дзясяткі разоў. А гэта ж не сакрэтная інфармацыя. Першая згадка ёсць нават у «БелСЭ», т. 4 («1120-1153, сьвецкае імя Прадслава, князёўна, ігуменьня манастыра Спаса ў Полацку, асьветніца»). Дый другую знойдзем, напрыклад, у даведніку «Хто ёсць хто?» («Валянтына Андрэеўна Трыгубовіч, нар. ў 1947 - беларуская журналістка, мастацтвазнавец, грамадзкі дзяяч»).

Духовыя вартасьці самога вобразу, характару паэткі захаваныя ў лістах як да знакамітых людзей (Максім Танк, Зоська Верас, Данута Бічэль, Язэп Найдзюк, Раіса Жук-Грышкевіч), так і ня надта раскручаных. Вось, напрыклад, што піша вялікая Ґеніюш сваёй шчырай пасьлядоўніцы Клаве Янушцы, якая тады наведвала знакамітую Гудзевіцкую школу: «Вельмі добра, што Ты пачынаеш пісаць... Гэта трэба многа бачыць і моцна кахаць людзей, хацець для іх дабра... Вельмі цешуся, што Табе падабаюцца мае вершы. Іначай і ня можа быць, я ж іх назьбірала на сьцежках, па якіх замест мяне ходзіш сяньня ты... Зьбірай жа, дарагая, у сваё харошае сэрцайка ўсё, што вякі перахаваў для нас народ наш, складай гэта ў харошыя творы і аддавай іх назад народу!» (стар. 27).

Варта заўважыць, што эпісталярная спадчына ЛарысыҐеніюш захавала ня толькі партрэты і нават незвычайныя, нечаканыя рыскі знакамітасьцяў (Уладзіміра Караткевіча, Адама Мальдзіса, Рыгора Семашкевіча, Сяргея Панізьніка), але й аб'ектыўны партрэт той парадаксальнай савецкай эпохі, зь якой усе марылі вырвацца, а цяпер сучасьнікі разам з «пэнсыянэрамі ў тралейбусах мараць пра СССР», вялікім і магучым калосе на гліняных нагах, які зьвяў за 70 гадоў. Ґеніяльная паэтка зусім не была палітычна анґажаванай асобай, каб занадта хлусіць у асабістых лістах блізкім. І вось калі цяпер нехта лямантуе, што ў тыя «сьветлыя часіны» ўсе адпачывалі ў санаторыях, вольна падарожнічалі па 1/6 частцы сушы, дык Ґеніюш сьведчыць іншае ў зваротцы да настаўніка Алеся Белакоза за 7 траўня 1970 году: «Я цяжка хварэю... Усё нэрвы, хацелася б адпачыць у добрай санаторыі, але гэта ня ў нашых магчымасьцях...», ці ў іншых фраґмэнтах: «Мы нікуды ня езьдзім. Мой муж (67 гадоў) не на пэнсіі, бо ня мае стажу. Многа гадоў працы яму не залічваюць. Пайшоў бы і цяпер, але за 60 рублёў мы не пражывем... У нас усё даражэе. Сьвініна была па 2 руб. 20 кап., цяпер 3.50. Убораў можна не купляць, але есьці-то трэба... Мужу прызналі пэнсію 54 руб 5 кап. Яму не залічылі безьліч стажу, таму да поўнага бракуе нешта 2 гады. Дазволена яму дапрацаваць стаж толькі ў калгасе... Хоць бы мне доўга ня жыць, бо на дваіх гэтай пэнсіі ня хопіць...» (стар. 73-88). Вялікая была краіна, але яўна не для ўсіх, як сьведчыць канкрэтна гэта «обеспеченная старость»  вялікай Ґеніюш.

Калісьці я меў намер апублікаваць свае дзёньнікі 70-80-х, каб засьведчыць тую хімэру савецкага раю, аж пасьля «Лістоў з Зэльвы» патрэба ў тым адпала, бо Ларысу Ґеніюш і ў гэтым не пераўзыйдзеш: «З прадуктамі ў нас, як і ў вас,  напэўна, - піша яна ў 1974 годзе Надзеі Караткевіч, маці вялікага пісьменьніка. - Гнілое збожжа з зернебазы вязуць у Сынкавічы ў бровар ці адвозяць высыпаць у лясы. Многа кароў патравілася ім на полі, а людзі толькі бурчаць. Мы старыя, і нам шмат ня трэба, а людзі злуюцца і спадзяюцца, што хоць на Кастрычнік нешта выкінуць у крамы. Памятаю, у Ваўкавыску за Польшчай некалі паліцы гнуліся ад розных каўбас і вяндлінаў, танных і дарагіх, а сяньня ў нас самая звычайная каўбаса, ад якой часта нядобра бывае, і то па 4.50 за кґ, калі раз на месяц пакажацца. Раней хоць прывозілі хвасты і голавы без вушэй ды розныя пацяробкі, цяпер няма й гэтага. А на парозе зіма...» (стар. 212).

Калі й пасьля гэтага знойдуцца сярод сучасьнікаў інтэлектуалы ў майцы з надпісам «СССР», якія дагэтуль наракаюць («Такую страну развалілі»), у кнізе «Лісты з Зэльвы» знойдуць і іншыя сьведчаньні, што гэта была за «странная страна»: «Пакуль што маем тут усё неабходнае, якое ўдаецца так-сяк дастаць. Пару месяцаў, як няма зусім гарбаты» (стар. 245). Здавалася б, ну падумаеш, гарбаты не падвезьлі ў Зэльву, але ў кожным лісьце чуецца незразумелае цяпер слова «дастаць», калі паэтка просіць знаёмых то дастаць ірыскаў мужу, які кінуў паліць, то маянэзу ў Гародні, то масла, то панчохі цёплыя... Ці во яшчэ: «Дровы рубаю сама. На гэты год не далі нам апалу (сьнежань) і ня ведаю, ці дадуць» (226), «У нас без выгодаў ды часам і бяз добрых прадуктаў, але пачаставаць чым знойдзем, ня бойцеся!» (223), «Ужо два месяцы няма ў нас ні пачачкі чаю, ці ў вас ёсць? Масла дастала 4 пачачкі, і зноў яго няма. Але неяк даю рады» (244), «Я вельмі замучылася, бо цяжка было з прадуктамі, а тут і зварыць, і падаць, і прыбраць за кожным» (233), «Данусенька, можа, ты б змагла дастаць крыху кавы? Натуральнай, безумоўна. Вельмі просяць аб гэтым якраз дзеткі» (235), «Коля, ці ў Баранавічах можна дастаць фарбы эмалі на падлогу? У нас гэта немагчыма, а трэба» (245), «Калі б змагла дастаць, дык купі мне яшчэ замочак з ключамі, каб не зусім малы і крыху добры» (241). Аб проста добрым ніхто тады й ня марыў. Хоць бы - «крыху добры». І сітуацыя ж у сталым разьвіцьці, бо да 1981 стала яшчэ больш строма: «У Гродне - ні каўбасы, ні масла. Вялікая толькі чарга па цыбулю. Мы там купілі толькі па бохану хлеба» (345). Такую страну развалілі!?.

Праўда, было й станоўчае - згаданы кніжны бум, калі добрай кнігі было таксама «не дастаць», а праглі многія. І вось пра сваю нарэшце выдадзеную ў дзяржаўным выдавецтве кнігу «Добрай раніцы, Алесь» Ларыса Ґеніюш піша ў 1976 пэдаґоґу Алесю Белакозу: «Надта ж яна скромная, але якая ўжо ёсць. Бяда, што няма дзе яе дастаць. Пісалі зь Менску, што яе пасьпелі раскупіць» (стар. 232).

На фінал тэмы пра нібыта кімсьці разваленую страну прыгадаю адну песьню адтуль: «Молодым везде у нас дорога, старикам везде у нас почёт». І вось вам лёс ня ўсіх маладых і старых, а найбольш уталентаваных: «Адна я, - піша 3 чэрвеня 1982 таму ж Белакозу паэтка, пазбаўленая грамадзянства і адарваная ад родных дзяржаўнымі межамі, - гэта цяжкавата. Сына і ўнукаў усё не магу выклікаць. Пакуль не дазволена» (стар. 380). Хто ж залагоджваў адзіноту «почтенных стариков» за саветамі? «Я тут зусім адна. Малы Жук, прыблудны сабачка, мяне абараняе» (стар. 387), «Сяньня начавала суседка Зося, і вечна пры мне дарагі мой і верны Жук» (364), «Вонку сумна і нейк цёмна. Жук ля маіх ног» (366). І раптам 21 жніўня 1982-га прыкрае здарэньне: «З раніцы недзе прапаў мой Жук, а безь яго трывожна» (386), якое пасьля гнюснага выкраданьня ноччу дарагой аўчаркі Альмы прасякнута ледзь не дэтэктыўнай інтрыґай. Але траґедыя ператвараецца ў камэдыю, калі праз колькі дзён (24 жніўня) да паэткі завітваюць у госьці археоляґі зь Менску, 12 чалавек: «Спалі - дзе хто мог: хто на ложках, хто ў сваіх мяшках. Позна вярнуўся дахаты й валацуга Жук, а дзяўчаты ўжо спалі ў мяшках на падлозе. Ён і прылёг на іх... Былі моцна зьдзіўленыя, але панікі - ніякай».

Мноства надзвычай эмацыйных старонак у гэтай кнізе, якія нават выклікаюць камяк у горле ды сьлёзы на вачах. А каб я здолеў аднавіць дапоўнены варыянт сваёй кнігі «Rockon-line» (2010), дык да аднаго зь ейных эпіґрафаў («Где все-то? - Все теперь гадят на форуме "Музыкальной газеты" - травят там Виктора Мартыненко...») цяпер мог бы дадаць і яшчэ адзін: «Кожнае шчырае беларускае слова выклікае вось такія рэакцыі. Брудная і гадкая тактыка "травіць" беларусаў за роднае слова на іх жа зямлі!» ЛарысаҐеніюш «Лісты з Зэльвы», стар. 38. (зь ліста гарадзенскаму літаратуразнаўцу Аляксею Пяткевічу)

Нямала й чульлівых старонак lovestory ў гэтым жаночым эпісталярыюме для аматараў такога жанру. Яны нават прыдадуцца для будучых жывых фільмаў пра Вялікую Паэтку. Вось, напрыклад, ейная споведзь перад жонкай прэзідэнта БНР Вінцэнта Жук-Грышкевіча спадарыняй Раісай у 1971 годзе (а я ж гасьцяваў у іх у Бэры, Канада, у 1989-м): «Ды ўсе мужчыны такія. Мой толькі казаў мне пра каханьне на мігі ў чэскай вязьніцы, праз краты, чырванеючы пры тым. Я тады сказала яму: "Не намагайся, мілы, я гэта ведала ўсё жыцьцё". Так і тут, трэба выпадку, каб адкрылася для жонкі мужчынскае сэрца» (стар. 121).

А вось ейныя парады ў 1981-м жонцы археоляґа Ігара Чарняўскага: «Лілечка, родная, посьпеху вам у навуцы! Старайцеся жыць крыху і інтарэсамі Ігара. Мужчыны гэта вельмі любяць. Дый інтарэсы гэтыя вартыя, каб разьдзяліць іх, каб іх любіць» (стар. 335).

Прызнаючы маштабнасць працы Міхася Скоблы, які замяніў у падрыхтоўцы гэтай кнігі цэлы дасьледчы інстытут, не магу абыйсьці й факталяґічныя хібы. Напрыклад, у камэнтарах да стар. 99 згадваецца сястра паэткі Ксэнія Міклашэвіч (1912-1970), якая жыла ў Польшчы пасьля вайны, а ў лістах, датаваных 1972 годам яна хоць і сур'ёзна хворая на рак, усё яшчэ згадваецца: «Сястра яшчэ жыве, на днях пісала (27.03.72), цяжка ёй», «Сястра мая нешта ня піша, усё няма адказу ад яе (12.06.72). Паправы там не прадбачыцца, але хочацца, каб яшчэ пажыла. Праўды яны мне ніколі ня пішуць», «Мая сястра пры сьмерці, пісалі са шпіталя (08.09.72). Тут ні чым не паможаш». Мімаволі ўзьнікае пытаньне пра сапраўдную дату сьмерці, якое, аднак, не застаецца без адказу ў лістах, хоць і ня трапіла ў камэнтары: «Мне цяпер толькі напісалі (28.09.72), што 7 верасьня памерла ў Вроцлаве мая сястра Ксэнія, а 17 верасьня - другая сястра Ніна, што выйшла замуж за нейкага грамадзяніна СССР Краўчанку, які немаведама адкуль узяўся» (беларускай паэтцы Дануце Бічэль). І ў іншым лісьце (пэдаґоґу, эміґранцкай дзяячцы ды сябры Рады БНР Людміле Бакуновіч): «7 верасьня 1972 памерла Ксэнія - мая сястра. Мучылася вельмі. Я даведалася аб гэтым ад чужых людзей».

Акрамя таго сур'ёзна руйнуюць сэнс стылістычныя недакладнасьці, калі камэнтатар блытае псэўданім, сапраўднае прозьвішча і дзявочае прозьвішча («Раіса Жук-Грышкевіч, сапр. Жукоўская», «Валянтына Пашкевіч, сапр. Жукоўская» , «Зьмітрок Бядуля, сапр. Самуіл Плаўнік»). Некаму можа падацца, што якаясьці сапраўдная спадарыня Жукоўская некалькі разоў мяняла прозьвішча, альбо Самуіл Плаўнік раптам выйшаў замуж за Зьмітрака Бядулю. Найбольш весела, калі дама мае некалькі прозьвішчаў, адно зь якіх нібыта сапраўднае: «Зоська Верас, Людвіка Войцік, сапр. Сівіцкая». Дык вось: сапраўдная Людвіка Сівіцкая (ў дзявоцтве) не калекцыянавала мужоў, бо замужам была толькі двойчы, і плённа: за Фабіянам Шантырам (1887-1920) і Антонам Войцікам (1898-1948), які й пакінуў апошняе прозьвішча, а Зоська Верас - абраны псэўданім. Такім чынам, навуковая трактоўка такая: «Раіса Жук-Грышкевіч, у дзявоцтве Жукоўская», «Валянтына Пашкевіч, у дзявоцтве Жукоўская», «Зьмітрок Бядуля, сапр. Самуіл Плаўнік», што азначае - сапр. сёстры Жукоўскія ў шлюбе ўзялі іншыя прозьвішчы, ня менш сапр., а Самуіл Плаўнік карыстаўся псэўданімам (несапр.).

Ёсць і проста карэктарскія недагляды: «Шчыра вітаю сябру А[арсеня Ліса]» (стар. 24) праява пільнасьці ў пазначэньні зашыфраваных асобаў у дужках ператварылася ў дэфармацыю імені, хоць і, дзякаваць Богу, бяз зьмены сэнсу. Куды страшней абдрукоўкі, якія захіляюць сэнс, як на стар. 34, напрыклад, у лісьце да паэты Юркі Голуба: «Аб гэтым ня думай, канватраваць табе мяне ня прыйдзецца ў Менск, пляны зьмяніліся». Слова канватраваць магло азначаць што заўгодна - і канвэртаваць, і кантраляваць, і кватараваць. Але беглы позірк на стандартную клявіятуру кампутара, дзе літары Т ды І стаяць побач, падказаў адзіны слушны сэнс: канваіраваць. А гэта ж натуральная лексіка з іроніяй для незаслужана асуджанага чалавека, які датэрмінова вызвалены пару пяцігодак перад тым лістом (1968).

А ў лісьце да Міколы Прашковіча ад 7 жніўня, дзе слушна йдзе гаворка пра летнія экзамэны ў інстытутах, дзівяць такія словы: «Дзеці і ўнукі мае паехалі 30 лістапада. Я іх адвезла ў Гродна. Вярнулася дамоў з тэмпэратурай 39°...» (стар. 40). Можна было падумаць пра зімовую прастуду, каб у папярэдніх лістах ня згадвалася аб чаканьні ў госьці летам сына зь Беластоку. Ня маючы арыґіналаў ліста, магу закласьціся на што заўгодна, што там не лістапад, а ліпень. Дай Бог, каб наступныя перавыданьні ня множылі памылку.

Да прыкрых стылістычных хібаў я аднёс бы й адвольнае ўжываньне зваротнай формы дзеяслова: «Марцінчык Мікалай - удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху ў Заходняй Беларусі, рэдагаваў часопіс "Студэнцкая думка", арыштоўваўся польскімі й савецкімі ўладамі» (стар. 426). Адна справа «быў ня раз арыштаваны», але «арыштоўваў сябе рознымі ўладамі» гучыць нават парадыйна й камічна.

Яшчэ адзін парадокс у асэнсаваньні такой цытаты: «Гэтая хвароба залежыць ад стопню асьветы, на жаль» (стар. 333). Камэнтатар піша: «Stopień(польск) - ґрадус». Але ж у польскага слова stopień некалькі значэньняў: прыступка, ґрадус, узровень. І гаворка хутчэй пра ўзровень асьветы, чым пра ґрадус, хоць гутарка тычылася й праблемаў п'янства.

Праўда, мае тэксталяґічныя заўвагі не павінны руйнаваць сапраўдную мастацкую важкасць гэтага каштоўнага тома. Каб насамрэч беларускія кіношнікі дасьпелі да фільмаў паводле ейных твораў, Ларыса Ґеніюш сама пакінула ім заўвагі-перасьцярогі ад беларусьфільмаўскіх традыцыяў: «Ці глядзелі на днях па тэлебачаньні пастаноўку паводле кніжкі Янкі Сіпакова? Зроблена нядрэнна, але нешта ня тое. Бедны быў народ (пад акупацыяй), гэта праўда, але нам паказваюць нейкую неахайнасць у вопратцы - шапка і то абавязкова з абдзёртым брылём. Чаму ж не паказаць той народ у тканым і самаробным, але як жа акуратна заўсёды апранутым! Такіх расхрыстаных і абыякавых да вонкавага выгляду я ніколі ў нас ня бачыла. Мы заўсёды хораша й сьціпла зашпілены на ўсе ґузікі. І гэта ёсць вялікі даробак нашага старога, мудрага народу, а нас заўсёды "малююць" нейкімі галадранцамі, якімі мы ніколі не былі» (стар. 256).

А чаму так сталася? Дык ці ж ня мы ціхмана назіралі яскравае сьведчаньне расейскай дэмакратыі ў Беларусі, пра якое сьведчыць і кніга вялікай паэткі Ларысы Ґеніюш «Лісты з Зэльвы»: «Нейк тут жыву ў Зэльве (1979). Пастанавіла ня плакаць, бо пачала дрэнна бачыць. Баранюся тут, як магу. Было прыкра чуць, калі нават на пахаваньні мужа майго с.п. Яначкі, цягалі нават тых, хто нёс вянкі, а нейкі Карпей, які цяпер заве сябе Карпеевым (інструктар Зэльвенскага райкаму КПБ, потым намесьнік старшыні Зэльвенскага райвыканкаму) пазрываў стужкі зь вянкоў, бо былі напісаныя па-беларуску. Пяць вянкоў мусілі перапісваць нанава і плаціць, таму крыху спазьніліся на могілкі» (стар. 277).

Сярод ілюстратыўнага матэрыялу кнігі ёсць і рэпрадукцыі малюнкаў спадарыні Ларысы зь ейных лістоў да ўнука Алеся, што мімаволі падказвае ідэю зрабіць перавыданьне знакамітай дзіцячай кнігі «Добрай раніцы, Алесь» (1976) з ілюстрацыямі самой паэткі. Яна й тут разгортвае сваю душу.

А фоткі гэрояў кнігі (самой паэткі, ейных родных і блізкіх) робяць яе рэальна бліжэй і кожнаму чытачу, зьвязваючы пакаленьні ў супольны панятак НАРОД. Я, напрыклад, з подзівам убачыў ледзь не выяву лідэра сучаснага рок-гурта «P.L.A.N.» Андрэя Плясанава, нібыта ў парыку. Чытаю подпіс: Паўліна Мядзёлка. І паведамленьні прэсы пра пляменьніка купалаўскай Паўлінкі ўжо асэнсоўваюцца інакш: ён ня проста сьпявае песьні на вершы Ларысы Ґеніюш, Натальлі Арсеньневай і нават мае, а проста захоўвае жывы ґенэтычны код народу. Мы ўсе - родныя і блізкія Ларысы Ґеніюш.

Воляю лёсу і абставінаў, яна ня марыла доўга жыць, але пэўна адчувала, як падказвае кніга «Лісты з Зэльвы», што ў шчырых беларускіх сэрцах знойдзецца ёй месца навечна. Для іх і пакідала вялікая Ґеніюш сваю шчырую споведзь у вершах, у лістах і ў прозе сваёй.

 
« Папяр.   Наст. »

Каментар

Каб карыстацца гэтай формай Вы павінны мець наладжаны javascript...

Газеты ждут своего часа в туалете.

Напісаў Варна,
Дата 10/21/2012 Час 20:01

Той канцэрт ужо заўтра, і ўсяго 40 тыс. за паўтары гадзіны цудоўнага меладычна-паэтычнага кайфу. І, дарэчы, на сайце клюбу 'Graffiti' пра 'P.L.A.N.' найбольш водгукаў з усіх канцэртаў.

Напісаў Алалч,
Дата 06/04/2012 Час 01:26

Паслухаць песьні на вершы Ларысы Геніюш ды іншых цудоўных паэтаў можна 5 чэрвеня на аўтарскім канцэрце гурта 'P.L.A.N.' у клюбе 'Graffiti'. Падрабязнасьці тут http://www.graffiti.by/2012/andrej-plyasanaў-i-syabry/comment-page-1/#comment-8737

Напісаў Andrzej,
Дата 05/31/2012 Час 13:12

А навошта вам каментарыі, Аня? Выйшла цудоўная кніга, з'явілася змястоўная рэцэнзія на яе, якую перадрукавалі шэраг выданняў - дык чаго яшчэ чакаць?

Напісаў Reader,
Дата 05/29/2012 Час 10:54

На сайце часопіса 'ARCHE' http://arche.by/by/page/reviews/10017 ўжо каля сарака камэнтароў вакол гэтай кнігі, а тут нешта то ў чужых адтулінах інтэлектуалы корпаюцца, то проста сьпяць. Ці ўжо кнігі чытаць ня модна? Бо талковая кніга, сама пераканалася. Праўда, у рэйтынгі розных гадавых ці месячных прэмій ня трапіць, бо надта разумная і душэўная.

Напісаў Ганна Гліцэвіч,
Дата 05/28/2012 Час 12:58

Адзінай мэты не зракуся,
І сэрца мне не задрыжыць:
Як жыць, дык жыць для Беларусі,
А безь яе - зусім ня жыць.
Ларыса Геніюш, эпіграф да музычнага альбому 'Жыць для Беларусі', выпушчанага на 100-годзьдзе паэткі (Мн., 'БМАgroup', 2010).

Напісаў Melaman,
Дата 05/15/2012 Час 12:52

Ну вось жа факт: пакуль нехта нахвальвае партызанку, лямантуе, што па прыкладзе югаславаў і французаў нельга зьневажаць 'сваё', якое б яно ні было, а слушных думак пра вялікую СВАЮ паэтку Геніюш так і няма: адзін турбуецца пра нюансы вокладкі, другі сьцібраны абзац пільнуе, а цудоўную кнігу няма каму й прачытаць. Так і будуць інтэлектуалы беларускія зазіраць у розныя Югаславіі, Францыі, а найперш у Расеі, вяжучы зь імі сваю Радзіму.

Напісаў Клуня Мухіна,
Дата 05/14/2012 Час 23:26

Sorry, гэты абзац тут ужо стаіць, а вось на іншых сайтах пакуль няма.

Напісаў VM,
Дата 05/05/2012 Час 00:43

Мо выйдзе калі кніга Вітаўта Мартыненкі 'Пошукі ідыліі' (проза, паэзія, літкрытыка), дык гэты тэкст там будзе на 1 абзац большы. 4-ы абзац зьнізу пасьля слоў
«...нас заўсёды 'малююць' нейкімі галадранцамі, якімі мы ніколі не былі» (стар. 256). Будзе так:
А чаму так сталася? Дык ці ж ня мы ціхмана назіралі яскравае сьведчаньне расейскай дэмакратыі ў Беларусі, пра якое сьведчыць і кніга вялікай паэткі Ларысы Ґеніюш «Лісты з Зэльвы»: «Нейк тут жыву ў Зэльве (1979). Пастанавіла ня плакаць, бо пачала дрэнна бачыць. Баранюся тут, як магу. Было прыкра чуць, калі нават на пахаваньні мужа майго с.п. Яначкі, цягалі нават тых, хто нёс вянкі, а нейкі Карпей, які цяпер заве сябе Карпеевым (інструктар Зэльвенскага райкаму КПБ, потым намесьнік старшыні Зэльвенскага райвыканкаму) пазрываў стужкі зь вянкоў, бо былі напісаныя па-беларуску. Пяць вянкоў мусілі перапісваць нанава і плаціць, таму крыху спазьніліся на могілкі» (стар. 277).

Напісаў VM,
Дата 05/05/2012 Час 00:37

Дасьведчаны падкажа: укладальнік Міхась Скобла сьведчыць, што надпіс быў расейскі, дый не такі круглы. Гэта проста стыльная містыфікацыя мастака, а не дакумэнт. Дакумэнты ўнутры кнігі.

Напісаў Галька Максімчук,
Дата 05/03/2012 Час 21:30

 1  2  Наступная старонка >
Старонка 1 з 2 ( 12 Каментар )

Каб пакінуць/прачытаць каментары - зарэгіструйцеся (залагіньцеся)
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 1463
mod_vvisit_counter Учора 2709
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 6877
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 42417