Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 
Брама сайта arrow АДВЕЧНАЕ arrow Культура arrow Хто мы, беларусы: нацыя, этнас ці зусім ужо проста дыяспара?

Хто мы, беларусы: нацыя, этнас ці зусім ужо проста дыяспара? Друк E-mail
30.12.2011 | 19:09 |
Мікола КРУКОЎСКІ, прафесар, доктар філасофскіх і кандыдат філалагічных навук.Мікола КРУКОЎСКІ, прафесар, доктар філасофскіх і кандыдат філалагічных навук.

Не сакрэт, што сёнешні крызіс беларускай нацыянальнай культуры цесна звязаны і з самой культуралогіяй як навукай аб культуры, аб пэўных станах культуры і працэсах яе развіцця. Як не сакрэт, напрыклад, і тое, што паміж азначанымі ў загалоўку вельмі важнымі для разумення сацыякультурнай праблематыкі паняццямі яшчэ не бачыцца сёння яснай, лагічна абгрунтаванай узаемасувязі. Але гэта ўсё вельмі агульныя паняцці, паняцці, што адносяцца, фігуральна кажучы, не да лесу, а да дрэў, або, па крайняй меры, да паасобных пародаў дрэў, з якіх складаецца сам той лес. Таму і пачнем з гэтых дрэў ці, як некалькі інакш гаварылі старажытныя рымляне, пачнем ab ovo.

Чытаючы сёння некаторыя артыкулы пра беларускую культуру і беларускае мастацтва, часта немагчыма, напрыклад, пазбавіцца ад непрыемнага ўражання, быццам аўтары іх наўмысля стараюцца не ўжываць даўно ўжо прынятае ў культуралагічнай навуцы і практыцы слова "нацыя", а імкнуцца скарыстоўваць замест яго старагрэчаскі тэрмін "этнас". Можа выдацца спачатку, што гэта ўсяго толькі чыста стылістычная прыём, і што слова "этнас" у тэксце культуралагічнага артыкула проста ўспрыймаецца ў куды больш выгоднай для аўтарскага самалюбства ступені менавіта як навуковы тэрмін, чым, здавалася б, агульнавядомае і заезжанае на газетных старонках палітолагамі і публіцыстамі слова "нацыя". Але калі, знаёмячыся неяк з адным аспіранцкім тэкстам, належачым, дарэчы, дастаткова сур'ёзнаму і таленавітаму аўтару, я ўбачыў у якасці паясняльных да гэтага тэрміна прыкладаў такія назвы, як "папуас", "эфіоп", "каракалпак" і крыху далей "ненец" (не хапала чамусьці толькі героя вельмі папулярных сёння ў Расіі нядобрых анекдотаў пра чукчу!), стала адразу ж ясна, што гэта не стылістыка, а пэўная тэндэнцыя і тэндэнцыя таксама, нажаль, не з вельмі прыгожых. Асабліва, калі даведваешся ў канцы артыкула, што ён прысвечаны этнічнай самасвядомасці іменна нас, беларусаў.

Калі пачынаеш, заўважыўшы гэткае, спецыяльна знаёміцца з загалоўкамі артыкулаў у розных навукова-культуралагічных зборніках і іншых тэкстах, тады аналагічныя прыклады сыплюцца ўжо, як гарох з прадзёртага мяху. Пачынаюць заўважацца і звязаныя з гэтым некаторыя больш агульныя і заканамерныя, скажам так, рысы. Такія, напрыклад, як тое, што артыкулы пра этнас пішуцца звычайна рускамоўнымі аўтарамі, а пра нацыю - на беларускай мове. Ці што ў Беларускім Дзяржаўным універсітэце культуры абмяркоўваюцца пераважна праблемы беларускай нацыі, а, напрыклад, у вядомым Еўрапейскім гуманітарным універсітэце глыбока хвалюе аўтараў выключна праблема этнасу. Становіцца тады зусім ужо ясным, што тут мае месца не толькі выпадковая блытаніна і разнабой у тэрміналагічным значэнні паказаных прыкладаў, але і свядомае выкарыстанне таго разнабою дзеля рэалізацыі вышэйазначаных непрыгожых тэндэнцый.

Тут не месца, вядома, праводзіць спецыяльнае лінгвістычнае даследаванне сэнсу і значэння тэрмінаў "этнас" і "нацыя" ды і магчымасці такой не маецца. У мяне няма пад рукамі, напрыклад, этымалагічных слоўнікаў старажытна-грэчаскай і лацінскай моў, каб дакладна выявіць самы першапачатковы сэнс і этымалогію слоў "этнас" і "нацыя". Яны маюцца, калі не памыляюся, толькі ў нашай Нацыянальнай бібліятэцы. Але і на базе агульналінгвістычных законаў і практыкі навукова-тэрміналагічнага словаўжывання можна выявіць вялікую розніцу ў аб'ёме і сэнсе значэння гэтых выразаў. Мы ж гаворым, напрыклад, не Беларуская этнічная бібліятэка, а Беларуская нацыянальная бібліятэка! Розніца, і розніца вельмі прынцыповая, чуецца тут нават і вуху невука. Тым больш яна бачная ў практыцы тэрміналагічнага іх ужывання ў бязмежнай па свайму аб'ёму спецыяльнай навуковай літаратуры. Зрэшты слова "нацыя" паходзіць з лацінскага natio (народ), што, як і ў мове беларускай, утворана ад дзеяслова nasco, nascere (нараджацца). Тое ж паходжанне, дарэчы, і зноў гэтак жа, як і ў беларускай, мае слова natura (прырода). Адносна глыбіннай этымалогіі старагрэчаскага eqnos з азначанай вышэй прычыны тут цяжка сказаць што-небудзь канкрэтнае, але ў агульным сэнсе акрамя шырокага значэння "народ" яно мае і больш канкрэтныя сэнсавыя адценні, як "народнасць", "племя", "натоўп", "від", "парода", "статак" і нават "рой" (гл., напрыклад, слоўнікі старажытнагрэчаскай мовы А.Д.Вейсмана і І.Х.Дварэцкага). Акрамя таго ў старагрэчаскай мове ў тым жа сэнсавыя полі ўжываюцца яшчэ выразы δημοσ, λαοσ і οχλοσ і калі першае слова dhmos абазначае народ як сацыяльна арганізаваную частку грамадства з пазітыўнай эмацыянальнай яго афарбоўкай (тое ж самае слова значыць і народны сход як палітычны орган і нават самую дэмакратыю як спосаб дзяржаўнага самакіравання), то οχλοσ мае значэнні люду, натоўпу і нават чэрні з выразна адмоўным ужо эмацыянальным гучаннем. Слова εθνοσ па свайму дакладнаму значэнню змяшчаецца дзесьці паміж λαοσ‘ам і οχλοσ‘ам у гэтым спісе, утвараючым градацыю значэнняў, падобную той, што назіраецца, напрыклад, і ў беларускіх словах "народ", "насельніцтва", "люд", "натоўп" і "зборышча"[1]. І таму як існуючае і ў беларускай мове слова грэчаскага паходжання "ахлакратыя" значыць, напрыклад, ужо нешта зусім процілеглае слову "дэмакратыя", што ўжываецца часам і ў нашай публіцыстычнай практыцы. Пра тое красамоўна, напрыклад, сведчыць папулярная з нашай нядаўняй мінуласці гісторыя пра міліцыянера, які на патрабаванне нейкага ўсё яшчэ па-саўковаму настроенага кансерватара разагнаць дэманстрацыю, назваўшы яе "натоўпам", адказаў яму з пачуццем высокай годнасці: гэта, шаноўны грамадзянін, не натоўп, а народ! (Пабольш бы нам сёння гэткіх талковых міліцыянераў). Фармальна магчымы выраз "этнакратыя" значыў бы напэўна ж таксама нешта зусім іншае, чым агульнавядомае нам сучаснае слова "дэмакратыя". Пагэтаму запазычаны з грэчаскай мовы этнаграфічны тэрмін "этнас" ні ў якім разе не можа ўжывацца ўсюды ў сферы культуралогіі - навукі аб культуры народа як менавіта высокаарганізаванай сацыяльнай структуры, валодаючай і такімі вышэйшымі сістэмамі арганізацыі, як дэмакратычная незалежная дзяржаўнасць і поўнавартасны суверэнітэт як лаканічнае выражэнне яго свабоды і раўнапраўных ўзаемаадносін з акаляючымі яго іншымі народамі і іх дзяржавамі. У культуралагічным плане тэрмін "этнас" мог бы быць выкарыстаны толькі ў адмыслова канкрэтным, вузка гістарычным кантэксце, звязаным з паходжаннем пэўнага канкрэтнага народа і яго культуры ў пачатку яго гісторыі, г. зн., у працэсе ператварэння яго з племя і народнасці ў самастойную нацыю з высока развітай нацыянальнай культурай. У прынцыпе гэта тэрмін зусім іншай навукі з іншым прадметам і іншымі задачамі, назва якой таксама нам добра вядома як "этнаграфія".

Важным у гэтым аспекце для культуралогіі з'яўляецца і тэрмін "нацыя", пра які ўжо было сказана вышэй. Запазычаны з лаціны ён быў таксама у свой час дакладна у тым жа яго семантычным аб'ёме і значэнні, што і старагрэчаскае слова "дэмакратыя" ад слова "дэмас". З ім таксама не абышлося без блытаніны, абумоўленай таксама не толькі чыста лінгвістычнай праблематыкай, але і дрэнна замаскаванай палітыка-ідэалагічнай тэндэнцыйнасцю. Гэтая тэндэнцыйнасць хавалася яшчэ ў агульнай палітыцы савецкіх часоў, базіраванай на ідэалогіі гэтак званага пралетарскага інтэрнацыяналізму, для якога увогуле паняцце нацыі заўсёды было, як кажуць французы, enfent terrible. Каб упэўніцца ў тым, дастаткова ўспомніць хоць бы самога яго заснавальніка Маркса з ягонымі тэзісамі аб тым, што рабочыя не маюць айчыны і што існуе, быццам бы, нейкі "ідыятызм вясковага жыцця". Гэта не кажучы ўжо аб куды менш разумных яго паслядоўніках, што літаральна зруйнавалі наша няшчаснае вясковае жыццё, гэты асноўны падмурак здаровай нацыі, і нямала прыклаліся да руйнавання і саміх жа нацый з іх развітымі нацыянальнымі культурамі, пазбавіўшы іх паняцця спрадвечнай, роднай, нармальнай айчыны, і замяніўшы яе нейкім гіганцкім штучна саюзным монстрам са "столицей нашей родины Москва". Вышэйпамянёная сённяшняя тэндэнцыйнасць у гэтым плане мае нямала агульнага з той "інтэрнацыяналісцкай" ідэалогіяй, якая сёння паўстае перад намі, падобна антычнаму Пратэю, ўжо ў новым і зноў-такі дастаткова, як убачым, злавесным абліччы цяперашняга глабалізму. Глабалізму, які Самюэлам Хантынгтонам быў ахарактарызаваны нядаўна хлёсткім англамоўным выразам globalism for the West, imperialism for the rest (цікава, што ў рускім перакладзе шумнавядомай ягонай кніжкі "Столкновение цивилизаций" слова «глобализм» тут было заменена, з чаго б гэта, словам «универсализм»).

Што паняцце і назва нацыя ўжываецца сёння менавіта ў сваім сапраўдным высокім значэнні і мае для культуралогіі самы сур'ёзны навуковакатэгарыяльны сэнс, гавораць і гістарычныя абставіны яе ўзнікнення і развіцця. Нацыі, як вядома, ўзніклі ў тым найвышэйшым пункце гістарычнага развіцця еўрапейскага сацыя-культурнага рэгіёну, які вядомы нам пад назвай эпохі Высокага Адраджэння. Эпохі, калі ўслед за Дантэ італьянскія пісьменнікі і паэты сталі пісаць па-італьянску, а Мартын Лютэр і наш Скарына пераклалі нават Біблію таксама на свае родныя нацыянальныя мовы. У гэтую ж эпоху і самі нацыі пачалі афармляцца як самастойныя высокаразвітыя сацыяльныя ўтварэнні ў форме незалежных дзяржаў. Нездарма ж французскім філосафам той жа знакамітай эпохі Жанам Бадэнам было створана такое дарагое нам і сёння паняцце, як суверэнітэт. Паняцце, што, як ужо было сказана, абазначала найвышэйшую форму арганізаванасці і адзінства нацыі як цэласнай, канкрэтна-рэальнай сацыякультурнай структуры, як выраз свабоды і незалежнасці ўжо не толькі індывіда, але і цэлага народу. І таму як пра самога Бадэна, так і пра развіваныя ім канцэпцыі па зразумелых прычынах не вельмі распаўсюджвалася колішняя марксісцка-ленінская гісторыя філасофіі. Тым болей яна, як і ўвогуле ўвесь марксізм-ленінізм, маўчала пра нацыю ў цэлым як найвышэйшую форму існавання чалавечага соцыуму. Такою формаю для іх магло стаць толькі манатонна шэрае камуністычнае грамадства з абагуленай гаспадаркай, з рабочымі, пазбаўленымі айчыны з яе "ідыятызмам вясковага жыцця" і старанна перамешанай культурай, сацыялістычнай па зместу і як бы нацыянальнай толькі па знешняй форме. Недарэмна ж у колішнім памежным Негарэлым на самай мяжы з так нялюбым тады буржуазным Захадам красаваўся самаўпэўнены лозунг: "Коммунизм сметет все границы". Чым вам не тое ж, што і сённяшні так званы глабалізм у хантынгтонаўскім яго значэнні, нягледзячы на яго прэтэнзіі быць вельмі сучасным і, быццам бы, нечуваным дагэтуль фактарам прагрэсу?

Важна тут таксама адзначыць, што у дарэнесансныя часы нацыі яшчэ толькі нараджаліся ў выглядзе плямёнаў і народнасцей (тады менавіта ўзнікла і тое, што пазней было абазначана словам "этнас"!) і грамадскія формы існавання здзяйсняліся ў форме абсяжных імперый, аб'яднаных на ідэальнай базе адзіных рэлігійных канфесій. У пасля рэнесансныя ж часы нацыянальная форма існавання соцыумаў ужо цераз форму паасобных нацыянальных эканомік падпала ў перспектыве пад рызыку заняволення іх такімі ж імперыямі, але імперыямі ўжо на матэрыяльнай базе транснацыянальных прамыслова-фінансавых фірм ў выглядзе таго, што было яшчэ ў 1890 годзе азначана англійскім эканамістам Гобсанам як імперыялізм (тое слова было запазычана ў яго і В.І.Леніным, пра што нядаўна даводзілася пісаць на старонках часопіса "Мастацтва"), а сёння з'явілася перад намі як вядомы ўжо нам глабалізм. Той самы, што, як мы бачылі, Хантынгтон характарызаваў як глабалізм для Захаду, для астатніх жа -- імперыялізм. Сацыяліст Карл Кауцкі, дарэчы, гэтак жа акрэсліваў і камунізм як своеасаблівую форму ультраімперыялізму. То ці варта дзівіцца, што і камунізм з яго марксісцка-ленінскім пралетарскім інтэрнацыяналізмам таксама аказваецца фактычна ластаўкай з таго ж гнязда. Асабліва рускі камунізм, што злучаў у злавеснай гармоніі сучасную прамыслова-фінансавую імперскасць з імперскасцю пралетарскага інтэрнацыяналізму плюс яшчэ рысы традыцыйна-расійскага феадальнага таксама імперыялізму. Тут ужо шаноўны сацыяліст Кауцкі мог бы быць цалкам задаволены!

Калі разумець наогул нацыю як вышэйшую форму існавання чалавечага соцыуму, то знікае і патрэба проціпастаўляць або блытаць яе з паняццем этнасу. Нацыя як бы яднае ў сабе духоўны і матэрыяльны бакі чалавечага жыцця, і, згодна вядомай культуралагічнай канцэпцыі Шпенглера-Тойнбі-Сарокіна, тое асабліва выразна становіцца бачным на фазе росквіту нацыянальнай культуры. Тады рысы духоўных форм самасвядомасці нацыі, замацаваныя ў яе дзяржаўнай незалежнасці і суверэнітэце як вышэйшых тыпах свабоды народу і раўнапраўных адносін яго з другімі народамі, што складаюць сістэму агульначалавечага соцыуму, аб'ядноўваюцца з этнічнымі рысамі, якія ідуць непасрэдна ад генетычнага фонду і сувязяў з наваколлем, прыродай, што корміць гэты народ. Іншымі словамі, здаровая нацыя ўяўляе сабою арганічнае адзінства як духоўнага і фізічнага тыпаў самога чалавека, так і адпаведных разнавіднасцяў чалавечай творчай і працоўнай дзейнасці. Увогуле ўсё гэта наглядна выступае ў адзінстве, скажам так, гораду і вёскі. Калі ж дадзеная нацыя пераваліла ўжо цераз пункт росквіту і згодна з логікай развіцця свайго сацыякультурнага рэгіёну пачынае хіліцца да фазы сацыяльнага ўпадку, азначанае адзінства зноў пачынае парушацца з перавагай, аднак, ужо матэрыяльнага фактару. Гэта ў стасунках з еўраамерыканскім сацыякультурным рэгіёнам было нядаўна пераканаўча паказана, да прыкладу, тым жа Хантынгтонам у яго памянёнай вышэй манаграфіі. Згодна з Хантынгтонам, такі цывілізацыйны канфлікт у глабальным плане пачынае выяўляцца ва ўзаемаадносінах паміж, так бы мовіць, вясковым ісламскім поўднем і гарадской традыцыйна атэістычнай амерыкана-еўрапейскай поўначчу, што знайшло яскравае адлюстраванне хоць бы ў сённяшнім вострым палесціна-ізраільскім супрацьстаянні.

Усё гэта, зразумела, тычыцца нацый і ў куды больш канкрэтным плане. Так і стан беларускай нацыі сёння вельмі выразна паказвае гэткі ж раскол паміж горадам і вёскай. Ён тут даведзены ўжо да такой ступені, што як сама нацыя, так і культура яе, сталі нават дзвюхмоўнымі. Горад разам з кіраўніцтвам дзяржавы размаўляе на рускай мове, а вёска ўсё яшчэ трымаецца традыцыйнай беларушчыны, змушана пераходзячы часам на жахлівую "трасянку". Горад пагардліва кліча вёску "дзеравеншчынай", а вёска моўчкі паціху дакарае гарадскіх, зрэдку абзываючы іх скопам "жыдамі". Адгэтуль, дарэчы, паходзіць і бытуючы ў нас і ўсё яшчэ не вытлумачаны па сутнасці сваёй так званы бытавы антысемітызм. І трэба шчыра прызнаць, што раскол гэты ірве напалам цела усёй беларускай нацыі, праяўляючыся нават у навуковай тэрміналогіі, супадаючы з тым, што ўсё той жа Хантынгтон справядліва называе разарванаю нацыяй.. Адсюль жа і памянёная ў пачатку нядобрая тэндэнцыя ва ўжыванні тэрміна "этнас" у адносінах да беларусаў і дастаткова выяўленыя паралелі з папуасамі, эфіопамі, ненцамі... Характэрна, дарэчы, што прыблізна гэтак жа тлумачыў паняцце "этнас", г. зн., як феномен, цесна звязаны з расава-антрапалагічнымі каранямі народу і самім прыродным асяроддзем, і вядомы расійскі этнолаг Л.Н.Гумілёў у сваіх зацятых спрэчках з акадэмікам Бромлеем, што трымаўся ўжо чыста марксісцкага погляду на этнас як сваеасаблівую праяву толькі сацыяльных вытворчых адносін.

Само паняцце нацыі як асноўнай культуралагічнай катэгорыі пачынае ў выніку траціць цэласны сэнс, распадаючыся на свае, як некалі пісаў вялікі Гегель, дыялектычна процілеглыя бакі. Этнас, які жыве на вёсцы і сваімі загрубелымі рукамі ад зары да зары апрацоўвае зямлю, вырошчвае на ўлонні прыроды хлеб для гораду, і тое нешта, што трывала замацавалася ў самім горадзе, займаецца ўжо пераважна сацыяльна-разумовай дзейнасцю. Гэтаму "нешта" тут таксама няцяжка знайсці адпаведны навуковы тэрмін - "дыяспара". У дадзеным кантэксце ён атрымлівае нават катэгарыяльнае значэнне, згодна першапачатковаму грэчаскаму сэнсу, - "рассеянне"; гэта не толькі працэс, як яшчэ ў старажытныя часы тое здарылася з яўрэямі, але і вынік такога працэсу ў форме пэўнай сацыяльнай праслойкі ў нетрах асноўнага насельніцтва, якая па зразумелых прычынах асела пераважна ў гарадох. На Беларусі, як паказаў беларускі даследчык З.В.Шыбека (гл. яго цікавую манаграфію "Гарады Беларусі"), у яе гарадох азначаная дыяспара складалася пераважна з яўрэяў і рускіх. Тое ж нядаўна з прывычнаю для яго глыбокай і шчырай перакананасцю было паказана А.Салжаніцынам (у дачыненні да Расіі) ў яго вялікім сацыяльна-гістарычным даследаванні "Двести лет вместе". Зрэшты, ён многа піша там і пра ўзаемаадносіны яўрэяў і беларусаў, пачынаючы з кацярынінскіх часоў: варта ўспомніць толькі эпізод кантралёрскай місіі на Беларусі знакамітага рускага паэта Дзяржавіна. Яўрэі яшчэ з эпохі сярэднявечча займаліся на Беларусі рамёствамі, гандлем і фінансавымі аперацыямі ў форме ліхвярства, а рускія ўяўлялі сабою першапачаткова выключна расійскае імперскае чыноўніцтва ў Паўночна-заходнім краі, як тады называлі Беларусь, да якога пазней далучыліся і прадстаўнікі расійскага прамысловага капіталу і адукацыі. Гэта, па сутнасці сваёй, была не адна, а дзве дыяспары, дастаткова адрозныя паміж сабой. У савецкія часы той функцыянальны падзел паміж абедзьвюма дыяспарамі яшчэ павялічыўся, узбагаціўшыся саліднай праслойкай з рускіх армейскіх пенсіянераў і адстаўнікоў.

Але з цягам часу ўтварылася пад уплывам актыўнейшай русіфікатарскай палітыкі ў галіне адукацыі і пачала расці і шырыцца трэцяя, зусім ужо своеасаблівая рускамоўная дыяспара з беларускімі каранямі, у аснове сваёй гэта была тэхнічная інтэлігенцыя. Нярэдка асяроддзе рабілася дзвюхмоўным, што нагадвала сабою нейкае дзвюдушша (нездарма культуролаг Эдвард Сэпір пісаў, што сумленным можна быць толькі на роднай мове!) альбо - як піша адзін скандынаўскі лінгвіст - нават шызафрэнію, яшчэ раз падцвярджаючы вышэйпрыведзеныя хантынгтонавы словы аб разарванай нацыі. Гэта вельмі востра адчуваецца сёння, напрыклад, калі слухаеш сапраўды ледзь не шызафрэнныя па сваёй макаранічнасці перадачы беларускага радыё.

Пераважная большасць гэтых асоб вясковага паходжання, але паколькі ім вельмі хацелася, як тады гаварылі, "з дзярэўні выбіцца ў людзі", ці, паводле Купалы, людзьмі звацца, яны настойліва імкнуліся перайсці ў склад вышэйазначанай рускамоўнай дыяспары. Сюды ж адносілася і асноўная маса новаспечанага рабочага люду такога ж паходжання, які з-за недахопу адукацыі задавальняўся "трасянкай" і ўтварыў сабой яшчэ адзін сваеасаблівы, прамежкавы паміж гарадскім і вясковым, таксама дыяспарны па сутнасці, тып. Тып, цікава апісаны яшчэ ў савецкія часы беларускім сацыёлагам Г.Давідзюком.

Катэгарыяльны характар паняцця гэтай дыяспары абумоўліваецца дастаткова глыбокімі лагічнымі прычынамі. Калі, як ужо гаварылася, вясковае (этнічнае, калі некаму заўгодна) насельніцтва ў працэсе фізічнай працы, здабываючы хлеб, узаемадзейнічала з акаляючай прыродай, то гарадское, займаючыся разумовай і прамыслова-вытворчай дзейнасцю, кантактавала пераважна са знешнім сацыяльным ужо асяроддзем, якое складвалася з прадстаўнікоў самых розных народаў і нацый і прадстаўнікоў адпаведных сацыяльных і дзяржаўных структур. У выпадку Беларусі гэта былі пераважна рускамоўныя як у часы Расійскай імперыі, так і ў савецкі перыяд. Сацыяльнае асяроддзе было вельмі спецыфічнае, па-свойму дастаткова іерархізаванае. У царскай Расіі, напрыклад, рускія ніколі не адносілі сябе да рангу шэраговага этнасу, самавольна прысвоіўшы самі сабе красамоўна ўнушальнае званне "великороссов". Прадстаўнікоў жа іншых этнічных утварэнняў і дыяспар з прастадушным цынізмам звалі "инородцами" або "нацменами". У Савецкім Саюзе тую ж, па сутнасці, ролю адыгрываў і падзел так званага "старшего брата и братьев младших", які насіў на сабе адценне зманлівага палітычнага крывадушша.

Вышэйазначаныя дыяспары ў горадзе адыгрывалі ролю вышэйшых структурных узроўняў, а знаёмы нам этнас - ролю ніжэйшага ўзроўню, сваім супрацьстаяннем яны разрывалі адзіную і цэльную істоту нацыі, тым самым увяргаючы яе у стан цяжкога і, здавалася б, цалкам безвыходнага крызісу. Традыцыйныя руская і яўрэйская дыяспары па звычцы, як пісаў некалі ўсё той жа Янка Купала, "хінуліся да мацнейшага", г. зн., да імперскай (расійскай) суцэльнасці, ствараючы квецень квазібеларускай алярускай духоўнай культуры. Культуры, для якое вёска была ўсяго толькі месцажыхарствам "этнасу" ці, гаворачы проста, абарыгенаў. Азначаны ж вяскова-сялянскі "этнас", будучы на справе глыбіннымі каранямі нацыі, упарта трымаўся і трымаецца за родную глебу і гены сваіх продкаў. Трымаецца, не спяшаючыся пераходзіць нават на самазгубную "трасянку" і разглядаючы трэцюю (руска-беларускую) дыяспару як людзей, што прамянялі на сачавічную поліўку сваё першародства.

Вышэйпамянёная імперска-расійская патройная, як мы бачым, па сваім паходжанні дыяспара сёння, тым не менш, атрымала нечаканую падтрымку з боку цяперашняга прагматычнага "глабалізму". Апошняе падцвярджаецца сёння, напрыклад, выдадзенай у Маскве кнігай алігарха сапраўды глабальнага ўжо маштабу Джорджа Сораса "Открытое общество". Сорас парадаксальным чынам спалучае сваю філантрапічную дзейнасць з заявамі на расійскім тэлебачанні, што грошы не пахнуць. Да яго сцвярджаў гэта старарымскі імператар-цынік Веспазіян.

Як вядома, развіццё паасобных нацыянальных культур і цывілізацый адбываецца, так бы мовіць, па схеме, згодна з якой кожная такая культура і цывілізацыя ў сваім развіцці перажываюць чатыры перыяды-фазы, звязаныя ў прынцыпе з любым працэсам развіцця. Гэта лагічныя фазы станаўлення, росквіту, упадку і канчатковага распаду. І кожнай з азначаных фаз (у гэтым, дарэчы, якраз і заключаецца сутнасць дадзенай канцэпцыі!) адпавядаюць пэўныя стасункі духоўнага і матэрыяльнага пластоў гэтай культуры. На першай фазе, фазе станаўлення заўсёды мае месца перавага духоўнага над матэрыяльным; на фазе росквіту - гарманічная раўнавага паміж духоўным і матэрыяльным; на фазе упадку - перавага матэрыяльнага над духоўным; і, нарэшце, на фазе гібелі - поўнае, хаатычнае супрацьстаянне духоўнага і матэрыяльнага сацыякультурных пластоў. Тое ж самае назіраецца і ў гісторыі развіцця народаў, творцаў гэтых культур, што і патрэбна абавязкова ўлічваць.

Але як адцягненая тэарэтычная філасофія, так і сканкрэтызаваная практычная сацыялогія, пачынаючы ледзь не з грэкаў, Дж.Віка і Гегеля і канчаючы памянёнымі Шпенлерам, Тойнбі і Сарокіным, пераканаўча даказваюць нам, што на справе ў жыцці кожнай нацыі і яе культуры ўслед за часамі самага маркотнага ўпадку і крызісу абавязкова наступае і светлы перыяд адраджэння. І гэты перыяд Адраджэння нацыі, які ўслед за Рэфармацыяй і вялікім Рэнэсансам, таксама заслугоўвае пісання з вялікай літары, заўсёды пачынаецца з адраджэння духоўнасці і пераважна духоўнасці ў сферы культуры. Толькі праз гэтую фазу развіцця адбываецца працэс адраджэння і самой нацыі як гарманічнага адзінства ў будучым духоўнай культуры, што здзейсніць родная, беларускамоўная і беларускадумная інтэлігенцыя і ніякая ўжо там не "дыяспара", а сапраўднай элітай нацыі разам ўсім беларускім працоўным людам. У тым і заключаецца сэнс нацыянальна-культурнага росквіту народа, паняцця, якое цяснейшым чынам звязана з паняццямі незалежнасці і суверэнітэту беларучкай дзяржавы.


[1] Старагрэчаскае cлова ochlos (у множным ліку ochloi) ужываецца ў блізкім да гэтага сэнсе і ў грэчаскім арыгінале Евангелля, што чамусьці засталося не заўважаным Кірылам і Мефодзіем.

 
« Папяр.   Наст. »
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 1190
mod_vvisit_counter Учора 2071
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 8381
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 30812