Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 

Як паменшыць раскол свядомасці нашага народа і ажывіць яго Друк E-mail
30.10.2011 | 20:12 |
Павал БІЧПавал БІЧ, 27 кастрычніка 2011 г.

Большасць палітыкаў, аналітыкаў і наогул людзей, якія думаюць, згодныя з тым, што апазіцыйны рух у нас перажывае глыбокі крызіс, патрабуюцца новыя ідэі, новыя стратэгія і тактыка і магчыма змена лідэраў. З гэтым нельга не пагадзіцца, бо апазіцыя не дамаглася змены ўлады або змены яе палітыкі і не павялічыла колькасць сваіх прыхільнікаў (колькасць мітынгоўцаў ўвесь час памяншаецца). Гэта цяжка растлумачыць толькі ўзмоцненай рэпрэсіўнасцю нашага рэжыму, бо ў свеце былі і ёсць краіны з яшчэ больш рэпрэсіўнымі рэжымамі, але дэмакратычная апазіцыя ў іх перамагала і перамагае. Мабыць, трэба пашукаць памылкі ў стратэгіі і тактыцы нашай апазіцыі.

За ўвесь час яе існавання яе стратэгіяй была барацьба за Дэмакратыю і Правы чалавека, а тактыкай - удзел у абсалютна ўсіх выбарах, прычым, удзел у выбарах тлумачыўся, магчымасцю сустрэч з людзьмі, што было, як вядома, але фактычна вылілася ў складанне пратаколаў парушэнняў Выбарчага закона і скаргамі Захаду на ўлады з тым, каб ён не прызнаваў існуючы рэжым законным. Што вы скажаце пра жонку, якая бегае па вёсцы і толькі ўсім скардзіцца на свайго дрэннага мужа і ўгаворвае не лічыць яго яе мужам і ўсім яго асудзіць. Пачытайце «Народную волю», яна амаль у кожным нумары змяшчае артыкулы пра глупства, пра супярэчлівасць слоў і ўчынкаў нашай улады, аб неадпаведнасці яе рашэнняў прынятым міжнародным правілам, пра яе жорсткасць, хлусню і подласць і да т.п. Груба кажучы, карцінка для Захаду, скаргі-звароты да Свету замянілі апазіцыі працу з насельніцтвам. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што сустрэчы з народам толькі падчас Выбараў ні да чога не прывялі. Наш народ застаецца пасіўным і страйкаваць пакуль не спяшаецца. Кучка палітыкаў змагаецца за правы народа, а правы, падобна, яму без патрэбы. Здавалася б, у такім становішчы любая прапанова па выхаду з крызісу павінна была выклікаць цікавасць і стаць прадметам абмеркавання. Але на маю прапанову (артыкул «Новая назва для нашай краіны») як ажывіць наш народ, фактычна ніякай рэакцыі не паступіла. Мабыць, усе былі захопленыя маўклівымі і нешматлюднымі акцыямі пратэсту і будавалі планы на восень, каб годна ўзначаліць пратэсты, калі, нарэшце, збяднелы народ, паводле іх прагнозаў, выйдзе на вуліцы. Нашыя інтэллектуалы, не ўбачылі ніякай сувязі паміж назвай народа і яго забітасцю, успрынялі маю прапанову як блазнаванне лайдака-летуценніка. Некаторыя палітыкі сталі зноў рыхтавацца да новых Выбараў; праўда, пры ўмове вызвалення уладамі палітвязняў. Наяўнасць палітвязняў і барацьба за іх вызваленне сталі парадаксальным чынам перашкодай для абдумвання сітуацыі, у якой апынулася наша граіадства дый апазіцыя ўладдзе

Гэта цалкам адпавядала інтарэсам тых сілаў, якія наладзілі бойню 19 снежня 2010 года. Усё роўна ці працуюць гэтыя сілы на захаванне рэжыму Лукашэнкі ці рыхтуюць аншлюс Беларусі ў Расею. Калі апазіцыя не ацаніла правільна сітуацыю перад выбарамі (успомнім яе заявы, што пасля 19-га мы прачнемся ў іншай, у свабоднай краіне), то тым больш нічога не вартыя заявы ўладаў аб тым, што суверэнітэтам у нас не гандлююць, што Незалежнасць - гэта Сьвятое. Калісьці Лукашэнка заяўляў, што не прадасць ў чужыя рукі "фамільнае срэбра», а зараз распродаж ідзе. Падобна на тое, што ні ўлады, ні апазыцыя не валодаюць сітуацыяй у дзяржаве. Захад прымяняе санкцыі супраць рэжыму, але яны падштурхоўваюць Беларусь да яшчэ большай залежнасці ад Расеі.

Чаму ні адна тактыка змены дыктатарскіх рэжымаў у нас не спрацоўвае? Паспрабуем разабрацца ў гэтым.

 

Пытанне. Чаму ўсе былыя Рэспублікі Саюза так ці інакш умацоўваюць Суверэнітэт, а мы на парозе яго страты? Тут звычайна называюць некалькі прычын, але самая сур'ёзная з іх гэта магутная русіфікацыя, якая мела месца раней і якая ўзмацнілася пры А. Лукашэнку. Яна настолькі магутная, што актыўных прыхільнікаў Незалежнасці ў нас не пабольшала і гэта не на карысць апазіцыі, у якой на першым месцы барацьба за Дэмакратыю і Правы чалавека, або, прасцей кажучы, барацьба са сваволлем уладаў і начальства. Жаданне Незалежнасці напрамую звязана з пачуццём нацыянальнай годнасці людзей, з ліквідаваннем комплексу непаўнавартаснасці, з усведамленнем чалавекам таго, што яго продкі рабілі ў гісторыі вялікія справы і таму і ён цяпер можа сваімі сіламі змяніць сваё жыццё да лепшага. Калі карыстацца мовай логікі, то пачуццё ўласнай годнасці людзей ёсць неабходная ўмова пераменаў у грамадстве, а збядненне народа ёсць дастатковая ўмова пераменаў.

Нашы людзі не прагнуць ведаць гісторыю сваёй дзяржавы і нацыі. Дый, праўду казаць, яна ад іх схаваная. Тым часам у кніжных крамах ужо ёсць кнігі, раскрываючыя праўдзівую нашу міпуўшчыну, але ж іх не кідаюцца раскупляць. Чаму? Я лічу, што на гэта ўплывае цяперашняе назва нашай зямлі - Беларусь. Аўтары, якія ўжываюць словы «літоўска-беларуская дзяржава, гаспадарка, войска, беларускія баяры, магнаты, рыцары, шляхта» і да т.п., надаюць свам кнігам налёт фальшу, надуманасці і няпэўнасці, і народ як суб'ект гісторыі разумее гэта інтуітыўна. Або інакш? Нашыя людзі адчуваюць, што іх адрозненне ад рускіх большае, чым гэта паказана ў слове «Беларусь» з прыметнікам «белая», і таму кнігі з назвай «Беларусь» іх адштурховаюць; тое, што можа рабіць інтэлігент, а менавіта кожны раз інтрэпаваць слова «Літва» ў цяперашнюю Беларусь, народ рабіць не можа і не хоча; такая вось перагрузка, пераніцоўка простаму чалавеку не падабаецца; ён у гісторыі хоча казачнай прастаты, якая ёсць, як ён думае, у гісторыі ўсіх астатніх народаў. Наш чалавек не можа не ведаць, якое грэбаванне ён выклікае ў расейцаў будучы белым рускім, г.зн. чалавекам другога гатунку. А быць чалавекам ніжэйшага гатунку нікому не хочацца.

Гэта відавочна было прадэманстравана не так даўно на тэледыспуце паміж С. Шушкевічам і В. Жырыноўскім, на якім, пры самавызначэнні Шушкевіча як беларуса (белага рускага), усе ягоныя спробы абгрунтаваць Незалежнасць Рэспублікі Беларусь нічога, апроч смеху і здеку з боку расійскай аўдыторыі не выклікалі. Думаю, што нават Пазьняк са сваім беларускім імпэтам нічога там змяніў бы. У любым выпадку выглядае правамоцным нітаванне сутнасці нацыі з яе назвай і - метафарычна - каранямі раслін. Карані нябачныя, але без іх расліна не можа жыць. А пры разрыве падобных рэчаў, з'яў і паняццяў нацыянальная самасвядомасць людзей аказваецца бездапаможнай.

 

Для многіх людзей ёсць Праўдай тое, што яны ўспрынялі ў дзяцінстве. А паколькі гісторыя пра нас ад лукашэнкаўцаў нас нацыянальна прыніжае, то натуральнай рэакцыяй чалавека становіцца наогул не цікавіцца гісторыяй. Я ў гэтым пераканаўся, апытваючы дзесяткі нашых афіцэраў дый проста маладых людзей.

Грамадзяне, якія выходзяць пратэставаць на вуліцы, праўдзівую сваю гісторыю ведаюць, а якія сядзяць па хатах - не. Каб народ зацікавіўся сваёй гісторыяй, трэба нешта накшталт электрашоку для хворага. Змена саманазвы нашага народа (напрыклад, на літвінаў) - на пачатку хоць бы сярод апазыцыі - магла б стаць такім штуршком па ажыўленню «хворага». Як я пісаў раней, у гэтым выпадку апалагетам тэрміна «Беларусь» давялося б даказваць народу, што мы ўсю гісторыю былі нечымі рабамі, а гэта загадзя пройгрышная пазіцыя. Праз школьныя падручнікі ўлады ціха даводзяць дзецям, што яны нашчадкі вечна прыгнечаных, але цяпер, адстойваючы назву «Беларусь» (і адначасова знішчаючы нацыянальную мову, культуру), ім давялося б сказаць пра гэта гучна ўсяму Свету. Да гэтага часу вайна ўладаў з культурай свайго народа, гэта значыць, этнацыд, дзякуючы нашай апазіцыі (якая змагаецца за дэмакратыю) была непрыкметнай; этнацыд «набіраў абароты», і колькасць прыхільнікаў пераменаў падала. Думаць, што ад назвы народа і дзяржавы нічога не залежыць, значыць упадаць у прымітывізм вышэйшай пробы.

Было б зусім нядрэнна, каб кампанія «Гавары праўду», напрыклад, уключыла ў сваю праграму яшчэ і прапаганду Праўды аб нашай мінуўшчыне. Але, перш чым выкласці гэта, сёння трэба разабрацца з назвай нашай краіны. Чаму пераважная частка нашых людзей, не бачыць у назве Беларусь нічога абразлівага, а некаторыя з асяроддзя інтэлігенцыі і інтэлектуалаў спрабуюць нават выказаць любоў да гэтай этыкеткі, навешанай на нас расійскімі гісторыкамі.

Праблема з назвай і самаідэнтыфікацыяй нашага народа ў тым, што па адных уяўленнях мы ў гісторыі былі Літвой, а па іншых - Руссю. Не буду паглыбляцца ў гістарычныя тонкасці. Нашы гісторыкі (не савецкія) ужо заглыбіліся дастаткова. Іх ацэнкі адрозніваюцца ўсяго толькі па прапорцыі літвінства (балцкасці) і рускасці (славянства). Адны шукаюць і знаходзяць пацверджанне сваім ацэнкам ў генатыпе нашага народа, у каталіцтве і пратэстантызме нашых вярхоў, у дзяржаўным і палітычным ладзе ВКЛ у сярэднявечча, другія - у праваслаўі і мове прасталюдзінаў ў той жа перыяд. Для апісання сітуацыі, якая склалася ў нашай гістарыяграфіі, лепшай метафары, чым «балота», не знайсці. У такіх умовах апошняе слова павінны сказаць палітыкі.

Раскол Свядомасці нашага народа відавочны. Толькі калі ён пачаўся і што стала прычынай? Тут спачатку карысна паслухаць сацыёлагаў і псіхолагаў. Вывучаючы свядомасць чалавека, яны натыкнуліся на феномен калектыўнай свядомасці (Е. Дзюркгейм), або калектыўнай падсвядомасці, аб'ектыўнай душы (К. Юнг). Дзюркгейм шукаў вытокі калектыўнай свядомасці і рэлігійнасці чалавека ў Грамадстве: "Калі вернікі вераць у маральную сілу, ад якой яны залежаць і з якой яны выводзяць свае лепшыя рысы, яны не падманваюць сябе: такая сіла - грамадства - сапраўды існуе... Бог - гэта Грамадства, якое пакланяецца самому сабе "(Кніга Г. Ханта" Аб прыродзе свядомасці»). Дзюркгейм дадае: "найбольш поўнай праявай калектыўнай свядомасці павінен быць (не перакладаючы з расейскай) "разделяемый рэлігіозный опыт". Калектыўная свядомасць багата ў чым ёсць нацыянальная свядомасць, а яна ва многім узнікае з побытавага ладу жыцця дадзенай нацыі.

А вось ад чаго залежыць лад жыцця?.. Зразумела, што ад клімату, прыроднага ўлоння, ад усіх у асноўным знешніх, даступных вачам формаў. Усё гэта ў псіхалогіі называюць (не перекладаючы з расейскай) «объемлющим экологическим строем Дж. Гибсана». Дзяржаўны і палітычны лад таго ці іншага народа - гэта вянок ўсяму. Пазбегнуць уплыву "усеабдымнага экалагічнага ладу" вельмі цяжка. Прыклад филосафа М. Хайдэгера, у маладосці сучасніка і прыхільніка нацыстаў, які, як ён лічыў, быў выразнікам праўдзівага нямецкага духу, паказвае гэта. Тут трэба удакладніць, што даступныя вачам формы - гэта і архітэктура, і побытавые рэчы, і вопратка, і фізіаноміі супляменнікаў і шмат чаго іншага. Бязлітасна знішчаючы старую архітэктуру нашых мястэчак і гарадоў, улады дзейнічаюць як тыповые акупанты. Людзі, якія не бачаць вакол сябе нічога адметнага, старажытнага ў архітэктуры лягчэй адракаюцца ад сваёй мовы, лягчэй паддаюцца асіміляцыі. Клімат хутчэй за ўсё вызначае тэмперамент нацыі, і змяніць яго акупантам пакуль не па сіле. Безумоўна, нацыю вызначаюць яшчэ і гены, і гісторыя, і антропологія.

У расколе нашага народа можа быць дзве прычыны. Альбо ён абумоўлены рэлігіямі, альбо рэлігіі яго толькі афармляюць, робяць бачным, а прычына яго ў генатыпе і антрапалогіі людзей. Але ж навукоўцы сцвярджаюць, што ў нас аднолькавыя і генатып і антрапалогія. І па кліматычна-прыродных умовах, па ўсім "усеабдымным ладзе Гібсана» - мы адзіныя. Цень падазронасці тады падае на рэлігіі, якія хінуцца да палітыкі.

Чым стала для нас хрысціянства? Тэзу некаторых ідэолагаў БХД аб тым, што мы як нацыя і народ паўсталі толькі дзякуючы хрысціянству, я не прымаю. Я ўласна лічу, што рэлігіі, акрамя сваёй асноўнай функцыі прапагандаваць вечныя маральныя каштоўнасці, павінны з'яўляцца таксама носьбітамі Нацыянальнага. Банальнае разуменне таго, што пры панаванні польскай культуры колькасць католікаў у нас ўзрастала, а пры панаванні рускіх павялічвалася колькасць вернікаў Рускай Праваслаўнай Царквы - РПЦ Масквы. На Захадзе мы пачынаемся там, дзе з'яўляюцца праваслаўныя цэрквы Беласточчыны, на Усходзе мы цяпер пачынаемся там, дзе паўстаюць касцёлы Магілёўшчыны. Хіба гэта не доказ таго, што рэлігіі ў нас выконваюць культурныя функцыі - абараняюць ад чужой культуры, альбо наадварот - навязваюць яе? Наогул, хрысьціянства не ўмацоўвала, а аслабляла Вяллікае Княства Літоўскае. На самай справе: Масковію праваслаўе абараняла ад Захаду, таксама ж і ад Поўдня, дзе жылі няверныя. Каталіцтва абараняла Польшчу ад рускіх. Толькі ад каго ці ад чаго нас абараняла хрысціянства? Яно толькі туманіла людзям голавы. Як так можа быць - і тыя (каталікі), і тыя (праваслаўныя) кажуць пра аднаго Бога і адну Любоў, а паміж сабой варагуюць? Пагадзіўшыся называць адну рэлігію "польскай", а другую - "рускай", нашы людзі прадэманстравалі, што Бог для іх на гэтай зямлі не на першым месцы. Не будзем завастраць увагу на тым, што палякі, упарта называючы касцёл польскім, не далёка «адышлі» ад расейцаў, якія ў нас упарта мянуюць цэрквы рускімі. Не выпадкова па рэйтынгу бязбожнасці наш народ займае высокія месцы.

 

Хрысціянства, як лічыцца, прыйшло да нас адначасова з Германіі (каталіцызм) і з Кіева (РПЦ Кіева). К.Астрожскі, будучы праваслаўным, паспяхова змагаўся з Масквою, таму што там было зусім іншае праваслаўе, якое, напрыклад, было схільнае абагаўляць свецкую ўладу, прыніжаючы такім чынам Бога. Расія, якая амаль бесперапынна ваявала, пакараючы суседнія народы («приумножала Отечество»), мела и мае царкву, якая ў спіс сваіх Святых магла і можа ўнесці не толькі амаральных цароў, але і наогул дзеячаў далёкіх ад Веры, напрыклад, Сталіна. РПЦ Масквы без ценю сумнення служыла і служыць чарговай уладе ў Расіі. У нашы гады яно яскрава паказала свой твар у Чачэнскай вайне, пасылаючы «салдацікам», якія там ажыццяўлялі зачысткі, свае благаславенні і кулічы. У нас яно ўзнагароджвае такіх сумніўных асоб як Паўлючэнка.

Ці былі на нашых землях сутычкі паміж каталіцтвам і РПЦ Кіева? Магчыма, і былі, але яны не насілі смяротнага характару - хутчэй абмяжоўваліся бойкамі семінарыстаў і палемікай багасловаў. Сітуацыя змянілася, калі пачаліся напады на нас Масковіі, што маскоўцы апраўдвалі абаронай праваслаўных у ВКЛ. Тады ж тут выспела рашэнне злучыць праваслаўных і католікаў ва ўніяцтве. Да часу падзення Рэчы Паспалітай уніяцтва было пануючай рэлігіяй нашага народа, але... толькі нізоў. Двор, магнаты, багатая шляхта засталіся католікамі. Стала яшчэ больш відавочным, што раскол нашага народа набывае небяспечнае сацыяльнае адценне.

 

Пратэстантызм ахапіў народы Паўночнай Еўропы, у якіх пераважаў германскі генатып з яго хутарскім індывідуалізмам, нелюбоўю да раманскай пышнасці, святасці, таемнасцю і знявагай асобы (у рытуалах). Мы, са сваімі балцкімі каранямі, блізкія да паўночна-еўрапейскага светаўспрымання. Калі б мы сталі пратэстанцкай краінай, магчыма, наш лёс стаў бы зусім іншым. Але матэрыялісты і марксісты кажуць, што езуіты лёгка тут яго (пратэстантызм) знішчылі б, таму, што ў нас не было сваёй буржуазіі, якой пратэстантызм падабаўся і якая яго падтрымлівала. Пачаткі буржуазнасці былі ў нашых габрэяў, але толькі ў іх ужо свая рэлігія.

 

Пасля падзення Рэчы Паспалітай, нам у сярэдзіне XIX ст. сталі навязваць рэлігію РПЦ Масквы, якая, як і Школа, стала сродкам русіфікацыі.

Раскол нашага народа тады набыў катастрафічныя памеры, - з адной нацыі ўтварылася як бы дзве - з аднаго боку каталікі-сяляне, шляхта і адукаваныя грамадзяне (гэтыя сталі «палякамі»), з другога - перакрыжаваныя з уніятаў праваслаўныя сяляне і разначынцы, якія атрымалі адукацыю ў Расіі (гэтыя сталі «рускімі»). Назва Беларусь, уведзеная царызмам, пры гэтакім расколе адыгрывала ці не галоўную ролю. Рэшткі не знішчанай царызмам нашай шляхты і магнатэрыі яе не прынялі і працягвалі лічыць сябе польскай шляхтай літоўскага паходжання; і таму, напрыклад, у часы пасля 1917 г. пачалі ў сваёй большасці змагацца за Польшчу. Аб гэтым яскрава засведчыў ва ўспамінах Э.Вайніловіч. Адсюль слабасць і падзенне БНР. На самай справе, дзе была наша шляхта, калі жменькай салдатні разганяўся Усебеларускі Зьезд ў 1917 годзе? Што было б, калі б у нас быў не адзін Булак-Балаховіч, а з дзясятак, а Пілсудскі і Дзяржынскі служылі не Польшчы і Расеі, а сваёй Радзіме? Думаю, мы дамагліся б Незалежнасці адначасова з Польшчай і Прыбалтыкай, захавалі б свае этнічныя тэрыторыі і пазбеглі б кровапускання ў 30-я гады. Аб стане нашай нацыянальнай свядомасці адразу пасля рэвалюцыі выразна сказана Я.Купалам у творы "Тутэйшыя". Не памятую дакладна хто, але адзін з апалагетаў беларускасці радасна паведамляў свайму знаёмаму у лісце ў 20 гады мінулага стагодздзя, што зараз ужо ўсе мужыкі яго вёскі ведаюць, што яны беларусы.

Пасля стварэння БССР, здавалася, былі ідэальныя ўмовы выхавання па-новаму нацыі беларусаў, але народ у большай сваёй массе застаўся абыякавым да беларусшчыны. Чаму? А таму, што патрыёты выхоўваюцца на гістарычным матэрыяле (лепш за ўсё на вайсковых перамогах), а не трактарах, бульбе, "лявоніхе", і нават не на савецкіх беларускіх партызанах, якія змагаліся проста супраць новага акупанта. А гістрыя трактавалася бальшавікамі, як вядома, у расейскім духу, які нас як нацыю аспрэчваў, разглядаў нас як сапсаваных рускіх.

Ва ўсіх пластах нашага грамадства ад простых калгаснікаў і рабочых да акадэмікаў мноства людзей, якія не ўспрымаюць сябе беларусамі. Гэтыя людзі, калі іх спытаюць за мяжой аб іх нацыянальнасці, звычайна кажуць, што яны з Беларусі, бо вымавіць, што яны беларусы, ім цяжка. Гэта заўважана не мною. Адсюль імклівая дэнацыяналізацыя нашых людзей у Польшчы, у Расіі і наогул усюды, у тым ліку і дома, на сваёй зямлі. Нас не любяць і пагарджаюць намі менавіта з-за адсутнасці ў нас Нацыянальнага, самавітага, якое, як было сказана вышэй, ствараецца цэлым комлексам мер, умоў і варункаў і якім мы свмі грэбуем.

Але ж вінаваціць толькі камуністаў і лукашыстаў у знішчэнні ў нас нацыянальнай самасвядомасці - значыць не казаць усёй праўды, бо гэта толькі палова яе, і шмат якія народы Расіі на старце нацыянальнага будаўніцтва былі ў становішчы не лепшым чым яно было ў нас. Другая палова праўды заключаецца ў першапачатковай слабасці нашага нацыяналізму, задаванай блізкасцю тэрмінаў "рускі" і "беларускі", што просты люд уводзіла ў зман і вытраўляла сваё этнічнае з душы..

 Пасля 1991 г. раскол набыў новыя матывы і аформіўся як існаванне дэмакратычнай апазіцыі і прыхільнікаў савецкага або рускага ладу жыцця. РПЦ Масквы і назва Беларусь з яе вытворнымі і яе беларусафобамі ў кіраўніцтве краіны і зараз не адцураліся свайго ранейшага занятку - прышчапляюць нашаму народу рускую культуру, мову, і - урэшце - комплекс непаўнавартаснасці ў сваім і чужым асяроддзі; усё гэта робіць наш народ сляпым і безабаронным перад Расеяй (той жа А. Лукашэнка). Улада людзей, выхаваных на рускай культуры і прышчэпленай назве Беларусь, вынішчаюць дашчэнту нашу мову, культуру, падводзяць нашу краіну да эканамічна-палітычнага банкруцтва, да мяжы знікнення яе з карты Свету. Другая, самая актыўная, праеўрапейскага настрою частка нашага народа, адхіленая не толькі ад улады, але і пасаджана ў турэмныя засценкі.

 

"Русь" у штучнай назве "Беларусь" працуе на русіфікацыю паціху і няспынна. Толькі гэта пакуль як след не ўсявядомлена нашымі прыхільнікамі нацыянальнай ідэі. «На гнілым гнязда не пабудуеш". Гісторыя ХХ стагоддзя пацвердзіла, што беларускі дом гэта выхалашчаны касмапалітамі і вялікадзяржаўнымі рускімі шавіністамі дом. Пра такі дом, дарэчы, праўду часам пісалі ў нашай незалежнай прэсе гадоў дзесяць таму асобныя нашы інтэлектуалы. Але потым, мабыць, не знайшоўшы адэкватнай замены назве Беларусь (тэрмін "Літва" быў ужо прысабечаны жамойтамі), захапіліся «выбарамі» і забылі аб сваіх сумневах і сваёй нацыі. У нас ёсць шмат людзей, якія выступаюць за іншую назву нашай краіны - скажам, ВКЛ-Беларусь, Літва, Вялікая Літва, Крывія, Літванія і інш. Усе яны маюць свае плюсы і мінусы.

 

Калі паглядзець на нашу сучасную інтэлігенцыю, то яна ў сваёй большасці схіляецца да еўрапейскага ладу жыцця. Мяркуючы па крыжы, з якім хавалі В. Быкава, ён лічыўся праваслаўным, але калі яму трэба было выбіраць, дзе жыць - у сталічным Менску, у родным Віцебску, або ў Гародні, ён абраў Гародню - бліжэй да Еўропы і далей ад Расеі.

Нягледзячы на паспяховую русіфікацыю, наш мужык, напалову ці больш асіміляваны, вярнуўшыся з Расеі, можа з'едліва заўважыць пра "адмысловыя" парадкі там, дзе ўсё робіцца праз пень-калоду. Рэакцыя чыста еўрапейская.

 

Што да каталіцтва, то яно таксама адпавядае нейкай частцы нашай душы, але з цяжкасцю пазбягае польскага ўплыву. Баюся, што калі ўдушэнне нашай культуры, русіфікацыя, перасоўванне нас у ментальную Азію будуць працягвацца, то многія з беларусаў паспрабуюць абзавесціся хоць бы картай паляка. Яшчэ у Х1Х ст. было заўважана, што ўзмацненне русіфікацыі выклікала ў нашага народа ўнутраную пратэстную паланізацыю. Успомнім верш Ф.Багушэвіча "Хрысціны Мацея". У ім пасля таго, як літвін, ці няхай сабе беларус Мацей не мог дакладна адказаць на пытанні казакаў, хто ён па нацыі і якой ён Веры, яго сталі секчы нагайкамі, і ў канцы збіцця небарака закрычаў, што цяпер ён зразумеў, што ён паляк і будзе ім да самай магілы. Панаванне ў нас расейшчыны можа зноў выклікаць паланізацыю. Перашкодай жа гэтай з'яве можа стать толькі нацыяналізацыя свядомасці грамадзян, толькі вяртанне да гістарычнай спадчыны, да літвінства.

 

Ці будзе РПЦ Масквы дагаджаць уладам, калі ўлада ў нас зменіцца з прарасейскай на нацыянальную? Вельмі сумніўна, і гэта пацвярджаецца сёння ўдушэннем РПЦ Масквы нашай Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. РПЦ Масквы зьяўляецца расаднікам састарэлях ведаў аб адзіных каранях ўсходніх славянаў (заўважым, што гэта не тэалагічны аргумент і ён не пацвярджаецца сучаснай гістарычнай навукай), з'яўляецца носьбітам балбатні аб асаблівай духоўнасці праваслаўя (што вельмі цяжка прадэманстраваць і даказаць). Сучаснымі даследаваннямі ствяржаецца раўнацэнасць усіх рэлігій у духоўным развіцці асобы. Што да палітычнага аспекта ў РПЦ Масквы, то яна выхоўвае ў людзях нееўрапейскую пакорлівасць і страх перад палітыкай і яе носбітамі. Ну, на самай справе, хіба бас і грозныя ноткі ў праваслаўным спеве дыяканаў, золата купалоў і золата ўнутры храмаў, амаль пакутлівае стаянне на нагах пры выслухванні пропаведзяў, пастаянны звышмерны, на мой погляд, паўтор «Госпадзе памілуй», - хіба гэта не выхоўвае знакамітае рускае рабалепства перад моцнымі Свету сего, гэтак распаўсюджанае «одобремс»? Такога спалучэння моцы і пакоры, здаецца, няма больш ні ў адной рэлігіі. Пры гэтым праваслаўе ў Расіі не можа справіцца са злачыннасцю, п'янствам, карупцыяй, разбэшчанасцю і іншымі заганамі, якія літаральна запаланілі імперыю.

 

Якім было праваслаўе сапраўды Рускай Праваслаўнай Царквы Кіева, зараз, здаецца, мала хто і ведае; хутчэй за ўсё яно ўяўляла сабой нешта накшталт праваслаўя румынаў, балгараў, грэкаў ды сербаў. Ідэолагі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, думаю, павінны скарыстацца сваім падпольным па сутнасці становішчам і стварыць па-новаму прывабнае праваслаўе, у якое варта ўзяць лепшае ад іншых рэлігій (нагадаем сучасныя высілкі на Захадзе мадэрнізаваць хрысціянства) і адкінуць руціну, якой хапае ва ўсіх рэлігіях. Сучасны філосаф К.Уилбер лічыць, што рэлігія ў будучыні павінна злучыць Свабоду і Духоўнасць, а рытуал павінен адпавядаць менталітэту народа, бо ў адваротным выпадку ён не ашчаджае душу чалавека. «Раб мае палову душы» - казаў Сакрат. Вось чаму ўсе каланіяльныя народы уздымаюцца зазвычай на нацыянальна-вызваленчую барацьбу, адстойваюць Правы нацыі, і толькі атрымаўшы Незалежнасць, пачынаюць змагацца за Дэмакратыю і Правы чалавека. Атрымаўшы Незалежнасць, народы, як правіла, вяртаюцца да сваіх старых назваў, адкінуўшы каланіяльныя. Да прыкладу - дзе ўсе гэтыя «Бірмы» і «Берагі слановай косці»? Чаму мы павінны быць выключэннем? Толькі таму, што на нейкай старой нямецкай карце зямель суседняя з Масковіяй дзяржава названая Белай Рутэніяй? Ці можа таму, што манголы ўсе землі, заваяваныя на захадзе, называлі Белай Ардой і спачатку гэтая назва адносілася да Масковіі, затым у выглядзе Белай Русі маскалі перакінулі яе на землі Магілёўшчыны і Гомельшчыны? Ці то яны ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя правялі рэферэндум за перайменаванне Літвы ў Беларусь?.. І хто, апроч нас саміх, можа вырашыць, як нам называцца? Некаторыя краіны маюць па некалькі назваў - напрыклад, Германія, Немеччына, Дойчланд, Алеман. Расія, вядома, будзе чапляцца за прыдуманую ёю «Беларусь» вечна, бо, калі будзе страчана гэтая назва, яна адразу ж пазбавіцца моцы свайго ўплыву на нас.

 

Аб прыярытэце Нацыянальнага над Сацыяльным увесь час кажа З. Пазьняк. Пра тое, чым лацвей было б заняцца нашай апазіцыі, я раней таксама пісаў.

У нас не столькі Тыранія, у нас расейская Акупацыя і высмоктванне апошніх духоўных сіл, што зразумела з крытэрыю: тыран песціць культуру свайго народа, акупанты яе знішчаюць у першую чаргу, што і робяць рускія рукамі лукашыстаў. Каланіяльныя народы Азіі і Афрыкі, якія дасягнулі Незалежнасці пасля 2-й сусветнай вайны, паўстагоддзя (пры тыранічных рэжымах) развівалі свае культуры і пазбаўляліся комплексу непаўнавартаснасці.

Свядомасць нашага народа больш адсталая, чым свядомасць егіпцян, лівійцаў, сірыйцаў, яна падобная, бадай, на свядомасць шэрагу малалікіх народаў Поўначы і Сібіры РФ, якія не гавораць на сваёй мове, не спяваюць свае песні, пазбыліся сваіх Багоў, страцілі арыенціры і выміраюць. Тое што беларусы вонкава еўрапейцы, апранутыя па-еўрапейску, "лазяць" па інтэрнэце і вучаць ангельскі, нічога не мяняе і толькі падманвае іх саміх і ўсіх наўкола. Беларусы думаюць выратавацца ад вымірання працай. Але гэта, як лічыаць нашы філосафы М.Крукоўскі і У. Мацкевіч, не ўратуе іх. Дадам, што ў часы глабалізацыі на долю такіх, як наш, народаў будзе скінута самая горшая і цяжкая праца і нашых працаголікаў будуць смактаць не толькі мясцовыя паразіты, але і чужаземныя. Надзеі нашай апазіцыі, што, маўляў, народ неўзабаве выйдзе на вуліцы, думаю, не спраўдзяцца. Буду рады памыліцца. Хутчэй, беларусы ад галечы пастараюцца збегчы за мяжу. Але дарогу на Захад ім закрыюць, а вароты ў «Адзіную эканамічную прастору", г.зн. у Расею адкрыюць яшчэ шырэй. Потым яны туды пераселяцца, а іхнія дамы і працу зоймуць прыезджыя, расейцы, кітайцы... Наш вядомы пісьменнік В. Якавенка даводзіць пра гэта ў кнізе - «Цень Шанхая над Свіслаччу».

Няма Правоў чалавека, без здзейсненага Права Нацыі на Самаідэнтыфікацыю і Незалежнасць. Свае пашпарты, свае грошы, нумарныя знакі на аўто, адрозныя ад расейскіх дзяржаўныя сімвалы - гэта ўсё пакуль на вялікіх дурняў для тлуму ў галаве.

А незалежнасць пачынаецца: з устанаўлення паўнавартаснай мяжы з Расеяй; з увядзення нашай мовы ва ўсе сферы жыцця; з перайменавання вуліц; са зносу помнікаў катам і ворагам нашай народа; з абмежавання дзеянняў расійскіх СМІ на нашай тэрыторыі; з надання рускай культуры статусу замежнай; з вяртання нашай гістарычнай сімволікі і г.д. і да т.п. Дзіўна, што гэтага не разумее нават Захад. Альбо ігнаруе?..Толькі, можа, пасля краху сваёй палітыкі ў Беларусі ён гэта прызнае і пачне хоць нешта разумець?

 

На маю прапанову пачаць выкарыстоўваць тэрмін «Літварусь» замест "Беларусі" адгукнуліся гісторыкі Аналітычнай газеты «Секретные исследования 2011, №14». Адзначыўшы ў падзагалоўку, што мы зваліся ліцьвінамі з 1250 па 1840 г., што назва «Белая Русь» вельмі няўдалая (нас замежнікі блытаюць з рускімі белагвардзейцамі), зрабіўшы па сутнасці раўнацэннымі (па гістарычнай недакладнасці і меры здзеклівасці над намі) назвы Літварусь і "Польская Расія" (або "Руская Польшча"), яны прыйшлі да высновы, што ўжо калі мяняць назву Беларусь, то толькі на Літву. Наогул, зазначылі гісторыкі, перайменаванне ў наш час з'яўляецца абсалютна немагчымым, бо запатрабуе вялікіх выдаткаў з бюджэту краіны і не ідзе ад самога народа, які аб перайменаванні нават не мараць.

Хай чытач сам вырашыць, чаго ў гэтай ацэнцы больш - страты пачуцця меры (параўноўваць літвінства с польскасцю, а рускасць з расейшчынай) або неразумення таго, што палітычны аспект праблемы з назвай краіны (дзеля знішчэння комплексу непаўнавартасці нашых людзей) для нас цяпер нашмат важнейшы за матэрыяльны і гістарычны аспекты.

 
« Папяр.   Наст. »

Каментар

Каб карыстацца гэтай формай Вы павінны мець наладжаны javascript...

На самай справе ніякага ''расколу'' няма, ёсьць ''незасеянае поле'' на якім узрастае пустазелле! Лайдакі-імітатары не ўмеюць, не могуць і таму не хочуць засяваць ''незасеянае поле'' уласнай культурай, мовай, уласнай гісторыяй. Нашы лайдакі знайшлі агульны інтарэс з іхнімі лайдакамі і разам пасуцца каля гэтага карыта, якое ім стварылі лайдакі-палітыкі. Вельмі шмат гарадскіх шараговых лайдакоў, у якіх глузды заплылі тлушчам, заліты танным півам і якія хочуць толькі аднаго: каб іх ніхто не чапаў у іхнім лайдацкім існаванні. Гарадскія абібокі ўжо нават размнажацца не хочуць... Наогул так называемая ''гарадская цывілізацыя'' ў сваіх крайніх формах -- неплённа. Яна існуе сама для сябе і ня хоча даваць працяг свайго роду. Яна нішчыць прыроду, якую абазначыла цэтлікам ''экалогія''. Яна, гарадская цывілізацыя, хцівая, драпежная, пражорлівая, яна вельмі не любіць сялянскую цывілізацыю, заўсёды ваюе з ёй на знішчэнне. Усе жыццёвыя рэсурсы гарадская цывілізацыя з'ядае сама, грэбліва абазначыўшы сялянскае жыццё, як неэфектыўнае, неэканамічнае, даціраванае...
Абчапіўшы сябе рознымі званнямі, пасадамі, лаўрацтвамі гарадскія абібокі прасоўваюць свае часта ідыёцкія праекты на тэлебачанні, у сродках массавай інфармацыі, ствараюць ''жаночы бокс'','' баі без правіл'', ''жаночую барацьбу і штангу'', розныя форумы і конкурсы ''міс ...'', спевакоў і спявачак, мадэляў, якія ўяўляюць сабе высачэных худых дзеў з тупым замарожаным позіркам. Парушаючы ўсе Боскія правілы жыцця, гарадскія абібокі з высокімі пасадамі настойліва прымушаюць краіны і народы ўзаконьваць аднаполыя шлюбы... Далей ужо ісьці няма куды!

Напісаў VERSCHNIK,
Дата 11/01/2011 Час 08:17

 1 
Старонка 1 з 1 ( 1 Каментар )

Каб пакінуць/прачытаць каментары - зарэгіструйцеся (залагіньцеся)
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 1085
mod_vvisit_counter Учора 1602
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 7917
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 51590