Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 

Уладзімір Ліпскі. Апавяданні Друк E-mail
06.11.2014 | 13:37 |
Ліпскі Уладзімір СцяпанавічЛіпскі Уладзімір Сцяпанавіч нарадзіўся 6 мая 1940 года ў вёсцы Шоўкавічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Скончыў Мінскі тэхнікум харчовай прамысловасці (1960) і завочнае аддзяленне факультэта журналістыкі БДУ (1966). Працаваў на Гарадзейскім цукровым заводзе, у рэдакцыі нясвіжскай раённай газеты «Чырвоны сцяг», у апараце ЦК ЛКСМБ, у Саюзе пісьменнікаў Беларусі. З 1978 года - галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка». Старшыня праўлення Беларускага дзіцячага фонду.

Аўтар кніг прозы: «Аўцюкоўцы» (1995), «Я. Праўдзівы аповед пра твой і мой радавод» (1998), «Мама. Малітва сына» (1999), «Каралева белых прынцэс» (2000), «Бацька» (2004), «Мы» (2006), «Янкаў вянок» (2009) і інш.

Лаўрэат літаратурных прэмій імя Янкі Маўра і імя Аляксандра Грына, Дзяржаўнай прэміі Беларусі (2001).

Чуй

- Алі ж смачна п'ецца, - Мікола шлэпнуў на стол апарожненую шклянку, ухапіў маласольны гурок з місы, захрумстаў, аж вушы заёрзаліся.

- Чуй, сам зладзіў, - пахваліўся Ладзік.

- Магёш!.. - Мікола пацягнуўся рукой да слоіка з сівым напоем, плюхнуў у сваю пасудзіну свежую порцыю, сказаў каронны тост: - За тваіх дзевак, Ладзік! Хай ім добра ікнецца!..

Ладзік лізануў языком губы, як кот смятанку, вочы заблішчалі, гыгыкнуў:

- Хай жывуць здаровы-каровы.

- Чаго плявузгаеш на пракрасны пол?

- А што, чуй, з імі чыкацца? - Ладзік лыкнуў хлебнай, а следам і Мікола апустошыў поўную гранёнку.

- Алі ж і коціцца ў гарляк... От смачна п'ецца... - Пячнік яшчэ раз пахваліў гасціннага Ладзіка і запытаў: - Як гэта табе ўдалося столькі дзевак начырыкаць?..

- Як!?. - здзівіўся Ладзік, нахіліўся да Міколавага вуха і таямніча прызнаўся: - Чуй, я - Казанова!.. Паняў?..

- Не-а, - ікнуў Мікола, сербануў расолу і пачаў шавяліць глуздамі. -

Хм, Каза-нова?.. Ты што, каза новая?.. Ды якая ж ты каза?.. Ты добры казёл!

Мікола зарагатаў. А Ладзік і не думаў у гневе закапыльваць губы. Самагонка расперазала яму язык.

- Ну, калі так засвярбела ведаць, дак чуй ды на вус матай.

Мікола перастаў жаваць, утаропіўся на Ладзіка шклянымі вачыма...

* * *

Ладзіка ў Вужнашы называлі Чуем. Гэту мянушку, лічы, ён сам прышчапіў да сябе. Дзе да месца, а часцей неўпапад, ён жаваў, як жвачку, слова «чуй». Праз гэта аднойчы здарылася нават бойка мясцовага значэння.

На Сёмуху ў кожную хату завіталі госці: хто з блізкіх карчоў, хто з далёкіх гнёздаў. Напрылётвалі да сваякоў хто на конях, хто на веласіпедах, хто на шыкоўных машынах. А як выпілі ды наеліся, - вывалілі на вуліцу. Усе вужнашцы ўраз сталі аднакія госці, падобныя на кагосьці. Адны кудахталі, што куры, другія іржалі, як коні, трэція рохкалі, бы свінні. А большасць мовіліся, чырыкалі, нібыта вераб'і на жытнёвай ніве.

І сярод гэтай грамады аб'явіўся Ладзік. Яму на прыезджую навалач - начхаць. Усе для яго роўныя, пабудуць і змыюцца. А ён тут карэнны жыхар, як корань хрэна, колькі не выдзірай - жыве!

- Чуй, - прыстаў Ладзік да гарадскога госця, - навошта замест нармальнага пуза гарбуз носіш?

- А ў цябе вунь спіна белая, - хацеў аджартавацца дзядзька.

Але Ладзік ужо завёўся, як трактар на салярцы: тарахцеў, фыркаў, ляскатаў.

- Чуй, ты на вус матай, мы, вужнашцы, - завугольнікі. Любога, чуй, за вугал заманім і адмянташым.

Прозвішча таго «гарбуза» было Чуеў. Рабіў у нейкай важнай канторы, і

гэтым важнічаў. Няўлюбкі яму сталася, што вясковец так фамільярна, з наскоку, ні з таго ні з сяго, пачаў псаваць яму Сёмуху. Ды яшчэ і прозвішча нахабна перакруціў: не Чуеў, а Чуй.

Гарадскі штурхнуў сельскага:

- Чухай сваёй дарогай.

- Чуй, дак ты шчэ й баран барадаты.

- Я барадаты?

- Чуй, да ты шчэ й валасаты!..

Тут усё і ўсчалося, нібыта ў абліты газай касцёр кінулі запалку. Ладзік сашчапіўся з Чуевым. За Ладзіка заступіўся Сяргунь, па выпіўцы - Братунь.

За Чуева - яго цесць крывы Ахрэм. Так і атрымалася завіруха на ўсю Вужнаш. Хто біўся, хто проста назіраў, а ўсім нечага перапала: каму кухталя ў нос, а каму падперчаных слоў.

З той бойкі мясцовага значэння Ладзік набыў новую мянушку - Певень.

За гэта ён не крыўдаваў. Нават ганарыўся, бо даўно адчуваў сябе султанам у пер'ях над усімі вужнашскімі курамі.

* * *

Пакуль Ладзік круціў глуздамі, пра якую залётку раскалоцца, Мікола яшчэ раз напоўніў сваю чарчыну, апетытна сербануў:

- От смачная!.. Алі ж сама коціцца ў вантробы...

- Чуй, мо даволі ўжо каўтаць? - Ладзік як бы ачнуўся ад успамінаў, нахінуўся да суседа, сцішыў голас і пачаў споведзь. - Першую маю зазнобку звалі Людкай.

- Што за могілкамі жыла?

- Ага, цяпер, чуй, яна ўжо на могілках спачывае.

- Шкада, - уздыхнуў Мікола, хацеў памянуць нябогу новым глытком сёрбалкі, але Ладзік сама расчуліўся.

- Яна, чуй, мо б паэткай стала. Усё прасіла, каб на зоры пазіраў, каб кветкі нюхаў, каб салаўя слухаў...

- А ты што?

- А мне, чуй, хацелася ведаць, што ў яе схавана за белай кофтачкай.

- Уведаў?

- Ага, чуй, Людка - старай закваскі дзеўка. Не тое, як цяперакавыя, чуй, самі ўсё пакажуць. А я тады за сваю цікаўнасць па вушах ад Людкі атрымліваў.

- Няўжо толькі па вушах давала? - ікнуў Мікола.

- Чуй і помні, вужнашскія дзеўкі мелі гонар і ўмелі яго шанаваць. Яна адшыла мяне, як у народнай песні: «А той першы, дрэнна піша вершы. Ой, не аддай мяне, маць!..»

Ладзік падхапіўся з лавы, борздзенька падбег да сцяны з дзявоцкімі фоткамі. Яны доўгім шлейфам цягнуліся ад іконкі і да выходных дзвярэй святліцы. Прымайстраваны да шпалераў рознымі прыёмамі: скотчам, кнопкамі, цвікамі, клеем. Фотакарткі розных памераў, аматарскія і студыйныя, чорна-белыя і каляровыя. На ўсіх - аўтографы Ладзікавых мух і адбіткі яго пальцаў.

Пачыналася гэта фотавыстава Людкай. Гладказачасаныя, смалістыя валасы. Вочы - зоры начныя, зіхатлівыя. Усмешка сарамлівая, як бы вініцца перад Ладзікам за сваю строгасць.

- Чуй, Мікола, мая першая Людка - глухі юнацкі сон, але ён самы ўчэпісты.

- Давай памянём - Мікола ўжо стаяў каля Ладзіка з дзвюма гранёнымі шклянкамі...

* * *

Параска, Ладзікава маці, з тых бядовых баб, якіх у Вужнашы называлі «гарушчая». А яна да таго ж і святая праведніца. Неба над сабой не бачыла. Ад рання да змяркання адна таўкатня - дзеці, печ, хлеў, агарод, калгаснае поле. Толькі й спачыну, калі занядужвала. Крыху выпадала паляжаць, падумаць. Ды даўкія думы рабіліся горшымі за ўсе балячкі.

Муж вярнуўся з ліхалеткі, так называў вайну, зраненым, кантужаным, нямоглым. Адно, дзякуй, засыпаў хату дзецьмі: Іван, Пятро, Ларыса, Ладзік. Толькі малеча пачала апервацца, на табе, франтавіка дагналі і замучылі незагойныя раны. Што ўжо галасіла Параска:

- А чаму ж ты, Ігнатка, пакінуў дзетак?.. А ці спраўлюся з імі?.. А што ж так рана ўклаўся ў халодную пасцельку?..

Раней умелі адпяваць згубу. Цяпер плачуць усё болей сухімі вычыма. А словы душэўныя як бы пагублялі. Толькі і пачуеш: «Бывай... Доўга чакай...» Параска па Ігнату так нараўлася, што сама ледзь Богу душу не аддала. Але ж акрыяла, сабрала дзятву і дала наказ:

- Мае любенькія, хаця вучыцеся. Усё сцярплю, каб толькі не галадалі, каб голымі не хадзілі. Заклінаю - людзьмі парабіцеся!..

Парасчыну просьбу ўважылі ўсе.

Іван пасля школы паступіў у педінстытут. Зачапіўся ў сталіцы. Стаў прызнаным педагогам.

Пятро ўзняўся да аўтамеханіка.

Ларыса ўдала выйшла замуж. Стала шматдзетнай мамай і займела з мужам прасторную гарадскую кватэру.

Адно Ладзік не здрадзіў бацькоўскай хаце. Праўда, адлучаўся з дому часцяком. Бы той бычок-трацячок як толькі выскачыць з загародкі, умомонт - у чужы агарод...

* * *

Два ахмялелыя мужыкі, як маглі, памянулі нябогу Людку. І Ладзік перавёў позірк на суседнюю фотку.

- Чуй, гэта Дар'я з Заходаў. Хата яе стаяла паблізу дубняку. На раздарожжы. Дак, чуй, хто хацеў, той і заходзіў. А яна не скнарай урадзілася, усім, што мела, дзялілася...

Мікола ікнуў, а Ладзік пасмяяўся з яго:

- Чуй, твая мымра ўжо ўспамінае, дзе та мой Мікола гуляе, - Ладзік смачна рагатнуў ад сваёй жа прыдумкі. - Чуй, скажаш Надзі, што быў з Ладзікам у засадзе.

Пустая, голая хата напоўнілася грубым, п'яным рэхам. Яго адгалоскам сталася Міколава хвальба:

- От самагонка твая ўдалася. Магёш! Мо яшчэ нальёш?

А Ладзіку радасна. Мікола адрамантаваў яму печ. Не будзе дымець. Чаму б з добрым чалавекам не пагудзець.

Выпілі, хрумснулі па гурку. І гаспадар прадоўжыў экскурсію па сваёй фотагалерэі.

- О, Дар'я, чуй, мяне прыгрэла так, што ледзь у пятлю не трапіў. Бегаў да яе амаль штовечар. За пяць кіламетраў гойсаў!..

- Ну і што з таго? - як бы крыху зараўнаваў Мікола.

- Дак, чуй, адным прыцемкам ледзь не спаліў Дар'іна кубло.

- Якая муха лыганула за вуха?

- Чуй, прылятаю да яе, а хата на зашчапцы. Стукаю - цішыня, як у магіле.

- І што, не магёш ламануць?

- Чуй, аказалася, я запазніўся. Другі да яе ўскочыў... От шкадаваў, што запалкі дома забыўся...

Мікола-пячнік страціў, як і сам Чуй, цікаўнасць да паўнагрудай Дар'і, і ўжо ўзіраўся ў новую фотку. Яму ўсміхалася вельмі ж знаёмая дзяўчына. На пульхных шчоках - ямачкі-заманкі. Вочы бы вішні. Тоўстая каса. Шыя як у лябёдкі. Дзе ён сустракаў гэту кралю?..

* * *

Параска адчувала: яе жыццёвыя сокі топяцца, як масла на гарачай патэльні. Тлумачыла суседцы:

- Мая любанькая Марфачка, слёзкі мае асушыла вайна, жывасць высмакталі дзеткі, сілачкі забрала ніўка, пяшчоту панёс на неба Ігнатка. Што мне засталося? Мазалі. Бяссонне. Балячкі. Трывога за дзень заўтрашні. З імі, Марфачка, адны пакуты...

А свайму Ладзіку не стамлялася нагадваць:

- Сыночак даражэнькі, усцеш маё сэрца. Прывядзі ў хату гаспадыньку. Парадуй унучкамі. Супакой перад уваходам у Царства нябеснае...

На кожную такую мальбу Ладзік меў адзін адказ:

- Чуй, матка, як рак свісне, тады і жанюся.

Ракі, якія свішчуць, у Вужнашы не вадзіліся. Па той простай прычыне, што гэтаму паселішчу Бог не даў ані рэчачкі, ані азярца. Адны балоты наўкол, а ў іх - каралеўства жаб. Толькі не вадзілася сярод тых квакалак чароўная царэўна. У гэтым Ладзік рана расчараваўся. І таму вельмі ўзрадаваўся, калі ваенкамат паклікаў у армію. Абнадзеіў сябе, што на новым месцы абавязкова спаткае сваю суджаную.

Па тым часе яшчэ існаваў Савецкі Саюз. Навабранцаў тасавалі як гульнёвых валетаў. І Ладзік трапіў ажно ў Мурманск. Служба маркотная, усе дні - рэжымныя, па графіку, з пастаянным шчоўканнем абцасамі: «Ёсць!.. Слухаюся!..» Але ж былі і аддушыны, калі адпускалі ў горад пагуляць. У гэтыя кароткія вольніцы Ладзік і падчапіў на кручок мурманскую русалку Еву.

У Вужнаш паляцела салдацкае пісьмо:

«Маці, служба мая ідзе нават тады, як сплю. Дзень за днём - і ўсё бліжэй да той часіны, калі твой Ладзік вернецца дамоў. І буду я абараняць і цябе, і наш двор, як я цяпер стаю на варце дзяржаўных рубяжоў. А яшчэ, чуй, магчыма прывязу табе нявестку, агонь-мурманчанку. Чакаю атвета, як салавей лета».

У новых лістах да Параскі ўсё радзей згадваў Ладзік пра Еву. А пад завяршэнне службы паведаміў: «Чуй, матка, еду ў Вужнаш адзін і буду на сваіх палетках шукаць тую, якая засыпле цябе ўнукамі...»

* * *

Ладзік хваліўся пра свае інтымныя сувязі з далёкай, марской Евай, а Мікола ўсё пазіраў на дзяўчыну з тоўстай касой. Яе здымак на выстаўцы, здаецца, быў самы мадэльны. А мо гэта смачная самагонка дапаўняла ў вочы новыя фарбы красы?

- Слухай, дзе сустрэў гэту кралю? - спытаў Мікола, не адводзячы вачэй ад здымка.

- Дзе?.. Чуй, у горадзе.

- На базары?

- Ага.

- Вязанкамі гандлявала?

- Чуй, а ты адкуль ведаеш?

- Дак мы ж з гэтай Машай у школе разам вучыліся. Ганарыстая!..

- Яна, чуй, даўно не такая.

- А якая?

- Адкаркаваная! - Ладзік вылупіўся на свайго госця. - Чуй, аднойчы купляў у яе шалік, вязаны стракатымі ніткамі. Чуй, пытаюся: «Сама майстрачыла?» Кажа: «Няўжо ж суседка». І давай прызнавацца: «Я магу і вязаць, і шыць, і ткаць, і прасці». Адказваю: «Дак я, чуй, магу цябе й украсці».

- Ну і што, пагадзілася?

- Чуй, кажа: «А за ўкрасці можаш за краты папасці».

- А ты што? - Мікола наблізіўся да Ладзіка, цяжка дыхаў. - Што з ёй утварыў?

- Чуй, саму не ўкраў, а яе нявіннасць пакамячыў.

- Брэшаш! - крыкнуў Мікола і ўхапіў Ладзіка за кашулю так, што з яе пасыпаліся ўсе гузікі.

- Чуй, супакойся!.. Чаго ўскіпеў?.. Што табе да гэтай Машы?..

- Машка - мая першая любоў, паняў?

- Чуй, дак што з таго?

- А тое, - Мікола ўчэпіста трымаўся за Ладзікаву кашулю, - я і пацяперака яе люблю. Яна нечапаная, паняў?

- Чуй, я ўсё паняў. Адпусці!.. - Ладзік адчуў моцныя рукі пячніка і засумняваўся, ці варта было раскадзіраваць сваіх залётак.

- Адпушчу, толькі прызнайся, што зрабіў з Машкай?

- Чуй, нічоганькі. Цвёрды яна арэх, не па маіх зубах...

- А здымак адкуль?

- Чуй, пайшоў у атэлье зняцца на пашпарт. А там на стэндзе, бачу, яна. З

касой. Вочы вішнямі... Выкупіў тую фотку для сваёй калекцыі...

- Ну ты й Рамэа! - ажыў Мікола, адпусціў Ладзіка і не папрасіў, а загадаў. - Налівай!..

* * *

Параска так і не дачакалася сынавай жаніцьбы.

Апошні год амаль не злазіла з печы. Холад працінаў яе нават летам. Ляжала, узіралася ў бервяно, з якога вытыркаўся зжаўцелы сучок. З гэтага вока выцякаў раўчучок смалы, як і яе слёзы. Думала-перадумвала сваю жытку, і салёная раса, як з падсечанай бярозы сок, капала на яе схудалыя шчокі.

Што бачыла на экране памяці?

Ранняе замужжа. Вайна. Пяцёра дзетак. Адно згубіла гадавалым, не выратавала ад прастуды. Зранены муж. Яго ранні адлёт на нябёсы. А пасля ў свой вырай пакіравалі Іван, Пятро, Ларыса. Адзін Ладзік застаўся ў гняздзе. І што?

Параска аніяк не магла даўмець: з каго Ладзік пераняў свае пеўневы замашкі? Што ета за грамадзянскі шлюб, які ён наладзіў з вужнашскай удавой Соняй? Ходзіць да яе, каб разам выпіць і паначаваць. А як паспяць, у розныя бакі ляцяць.

Крыўда мучыла Параску: агарод зарастае, плот дагнівае, дах працякае, печ разбураецца. А Ладзік лайдачыць. І не скажы нічога насупраць. Псіхане. Бразне дзвярыма. Пойдзе абы-куды.

Параска заплюшчвае вочы. Бярэцца драмаць. І кожным разам нагортваецца адзін і той жа сон. Нібыта яе Ігнат заходзіць у хату, пільна азірае ўсё і гаворыць: «Ну што, Праскоўя, сабралася, то пайшлі, павозка запрэжана». Так ён некалі сказаў, калі пасля сватоў прыехаў па яе.

«Божа, цяжкім галопам праляцелі гады», - уздыхае Параска і дрымота зноў апаноўвае яе. Стомлена пазірае на смалісты сучок у бервяне, як бы праглядвае кіно свайго жыцця.

Ды раптам на вочы наплывае густы туман, сэрца ліхаманіць, а пасля - сцішваецца, замірае. І Параска ляціць у цёмны, глыбокі калодзеж. На далёкім-далёкім дне ці то вада струменіць, ці то промень сонца паблісквае. Яна паспявае прастагнаць толькі адно слова:

- Ла-а-дзі-і-ік...

* * *

На стале стаіць новая пляшка самаробнага першаку. Ладзік на правах гаспадара напаўняе гранёныя шклянкі і задае тон далейшай гамонкі:

- Чуй, Мікола, болей не распытвай пра маіх дзевак. Давай лепей вып'ем за печ, якую ты падлячыў. Хай доўга грэе мае косці.

Мікола ў знак згоды працягнуў да гаспадара сваю шклянку. Моўчкі выпілі. А далей зноў развязаліся языкі.

- Алі ж, Ладзя, ты багата каму ўладзіў, - азваўся Мікола і зірнуў на фотавыстаўку дзяўчат, маладзіц.

- Чуй, каб я іх усіх вывесіў у адзін рад, то хаты не хапіла б. Мусіў бы ў сенцах прадоўжыць экспазіцыю, а то шчэ і ў хляве.

- Хвалько! - ці то ацаніў, ці то зганіў Мікола свайго субяседніка і прызнаўся. - А я - адналюб. Як Машка адмовіла мне, то хуценька знайшоў Надзьку ў Чарнейках. І сню з ёй сны трыццаць гадоў. Трое дзяцей знайшлі ў капусце. Унучок ужо бзыкае...

Мікола хацеў сказаць, што ў цябе, Чуй, толькі мухі бзыкаюць у хаце, але розуму хапіла змаўчаць. Ладзік і без таго пачаў губляць імпэт, неяк у адначассі скіс, прызнаўся:

- Чуй, адзінокі я воўк. Такіх у Вужнашы мора. Вымірае вёска. Хутка, чуй, як на дзікім востраве будзе: «А-у, людзі!.. Ці ёсць хто тут?..»

- Сам вінаваты, - асудзіў Мікола Ладзіка і пачаў збірацца ў дарогу. - Надзька зачакалася...

* * *

Мабільнікамі ў вужнашцаў служаць коміны над дахамі. Віецца дымок - жывы гаспадар.

Дзень, два няма дымка з коміна - чакай бяды.

Праз год пасля рамонту печы над Чуевай хатай замёр комін. Суседка Варка, сяброўка Параскі, ведала, як адшчэпліваць дзверы. Увайшла і знайшла Ладзіка на астылай печы, у лахманах.

На васковым твары Ладзіка як бы асела просьба; «Чуй, дома адзін не начуй...»

Караед

Адам Данілавіч Гарбуз сабраўся паміраць. Ляжаў у шпіталі і абдумаваў сваё доўгае жыццё на белым свеце.

Зусім не абрыдла яму ў зямным раі і не вельмі карцела ў анёльскае царства. Проста адчуў, што ногі не ідуць туды, куды падказвае галава. Вочы не бачаць усіх колераў. Вушы не чуюць цішыні. Адна тупая глуш пазатыкала іх. Пуза даўно нагадвае пераспелы гарбуз, круцізна якога пачыналася адразу пад лыжачкай, а заканчвалася ў самым нізе. Самі ведаеце дзе.

Да чаго дайшло. Родны зяць, які заўсёды любіць узяць, і той пачаў пад'ялдыкваць:

- Ты, баця, відаць, у дзяцінстве гарбузовыя семкі са смакам лушчыў? Адна з іх затрымалася і прарасла, - і ён, родны зяць, іржаў, як лашак табунны, скаліў свае жаўтлявыя зубы і нахабна гладзіў чужое пуза.

Адам Данілавіч займеў намер падпусціць пад зяцеву скуру свайго «караедзіка». Хай паціху шлакоча. Хай перашкодзіць яму доўга спаць. Хай зяцёк пачне трывожна думаць. І ён праз свайго швагра перадаў зяцьку, што яго бацька некалі ўкраў у фельчара слухаўку, загнаў яе на местачковым кірмашы за тры пачкі махоркі. А лекар абвінаваціў у крадзяжы суседа, і той бязвінна адседзеў пятнаццаць сутак у міліцэйскай каталажцы ды забухаў яшчэ штрафу на дзесяць бутэлек магазіннай гарэлкі.

Пасля такой тайнай навіны зяцёк зніякавеў, пацішэў, а, самае галоўнае, перастаў здзекавацца з пуза Адама Данілавіча. Як ён мог насміхацца з цесця, калі ягоны бацька заслугоўваў пагарды. Сын злодзея - вось хто ты, прымача. Сядзі ціха пад венікам, бо апынешся, як заяц, - пад елкай.

Адам Данілавіч ляжаў на бялюткай бальнічнай пасцелі і чамусьці шкадаваў самога сябе. Прозвішча - Гарбуз, мянушка - Караед. Чаму так не пашанцавала ў лёсе?

Хай сабе Гарбузом быў бацька, дзед, прадзед. Ці мала ад чаго пайшло прозвішча: мо ад паўнаты цела, мо ад гарбуззя, якое пляло свае вусы па ўсім агародзе, мо ад мясцовасці, дзе стаяла хата продка?

А вось чаму Караед? Як бы сам зарабіў такое званне. Ды ці па справядлівасці?

Служыў тады Адам Данілавіч у адной высокай лясной установе інспектарам. Быў нібыта фельчарам, лекарам, хуткай дапамогай для хворых дрэў. От аднойчы выклікалі яго ў адзін лес, паказваюць гонкія сосны, пад кару якіх убіліся караеды. Сосны спрабавалі самі ратавацца - залівалі караедавы хады смолкай. Але дзе ж ты справішся з імі, калі адна самка здольная парадзіць тысячы жучкоў-грызункоў.

Адам Данілавіч патупаў тады каля хворых, аслабелых дрэваў. Шапка не адзін раз злятала з чупрыны, калі пазіраў на верхавіны векавых сосен. І яго раптам наведала думка-бліскаўка. Не было б шчасця, каб няшчасце не падмагло.

«А што, - падумаў інспектар, - добра было б з гэтых пушчанскіх векавух скласці сабе маёнтачак на Вячы». Ён напісаў патрэбныя акты, пазначыў у іх не толькі караедныя сосны, але і здаровыя, якім бы яшчэ не адзін дзясятак гадоў вартаваць прыродны запаведнік, упрыгожваць яго і спяваць яму свае гімны. Так з лёгкай чыноўніцкай рукі пачалі падаць ніцма і забалелыя, і зусім здаровыя дрэвы.

Гарбуз шпарка адстукаў сабе трохпавярховую фазэнду на Вячы. Жоўценькая, з паўкруглых бярвенняў, яна золатам свяцілася сонечнымі днямі. І аднойчы кінулася ў вочы дзяржаўным кантралёрам. Яны і вывелі на чыстую ваду сапраўднага караеда.

Адам Данілавіч хацеў схавацца ад гэтых успамінаў пад коўдру. Толькі нацягнуў яе на галаву, як пачуўся звонкі голас маладой медсястры:

- Адам Данілавіч, спускайце штаны. Я ўжо гатова!..

Яна стаяла каля ложка Гарбуза з напоўненым шпрыцом, гатовая пекануць, уджаліць пацыента ў тое месца, адкуль пачынаюць расці ногі.

Адам Данілавіч бліснуў на лекарку вачыма, нібыта сфатаграфаваў яе. Моўчкі павярнуўся, падставіў «аб'ект» для экзекуцыі. Маўчаў і тады, калі медсястра шукала на яго левай руцэ вену, каб падключыць кропельніцу. І толькі застаўшыся сам-насам, Адам Данілавіч уцюрыўся вачыма ў белую столь, бытта на тым экране вось-вось павінен быў пачацца чарговы серыял успамінаў. І ён уключыўся.

Падлавіла яго тады ў крадзяжы соснаў нейкая Клава, якая з «юных гадоў аддавала роднаму лесу сваё здароўе». У яе пісьме на імя той установы, у якой працаваў інспектарам Гарбуз, усе яго прыезды ў лес апісваліся падрабязна. Былі нават пазначаны нумары сосен, якія лічыліся ў рэестры запаведніка і якія з'ехалі на Вячу. Ананімка яўна запахла не цёткай Клавай, а службістам, які прагінаўся перад высокім начальствам і якому хацелася паказытаць нервы Адама Данілавіча. З яго лёгкага языка да Гарбуза і прыляпілася мянушка Караед.

У прыродзе так не бывае, каб караед еў караеда. А калі ўлічыць, што яны шлюбуюцца два разы на год, а іх у Беларусі ажно семдзесят відаў, то можна ўявіць, якая напасць іх атуляецца ў лясной падсцілцы, якая хмара едуноў нападае на аслабелыя дрэвы.

У людзей крыху па-іншаму. Караед доўга маскіруецца ў сваім шкарлупінні. Скубе нервы, душу чалавечую па-ціхаму, інтэлігентна. Бывае, арудуе не сваім шасцізуб'ем, а з падмогай тых падкормышаў, каго спускае з ланцуга і дае каманду «фас!».

Ад такіх думак Адам Данілавіч шумна сапануў, як бы хацеў разам з паветрам выдыхнуць усю цяжботу. Але дзе ж там, новы одум агарнуў памяць, у якой назапасілася столькі вузельчыкаў, як бляшак на сасудах. Цяпер вось антыбіётык, які заганяўся ў вену, быццам адмываў мозг ад іржы і вяртаў у яву аголеныя ўспаміны.

За самавольства ў лесе Гарбуз атрымаў тады не толькі ліпучую мянушку, але службовую адстаўку і вялікі штраф. Разам з сабою ён пацягнуў у нерат і ляснога начальніка, які аказаўся Клавай, які сам даўно гандляваў караеднымі дрэвамі, а ў злачынстве ўлічыў Гарбуза. Загрымелі адразу два важныя жучкі. І гэта стаўся той шчаслівы выпадак, калі «разам з хатай згарэлі прусакі».

На бальнічным ложку, прыкмеціў Адам Данілавіч, да яго прыходзіла прасвятленне. Яно даўкай гаркавінай, кіслай печаёй адгукалася ў памяці, было неадчэпным. А мо праўда, надыходзіў час споведзі і пакаяння?

Наступіла разуменне караедства сярод людзей. Гэта такая грызня, калі таму, хто робіць паскудства, - асалодна, усцешна, утульна. А таму, каго абліваюць брыдотай, - гадка, балюча, крыўдна, нерваспусташальна. Найчасцей ён не можа ачысціцца ад памыяў і, паранены душэўна, паціху растапляецца, як васковая свечка. Тады ў грызуна-караеда наступае свята перамогі.

У Адама Данілавіча за доўгае жыццё назбіралася нямала «перамог». Штодзённай, апетытнай грызнёй ён адолеў першую жонку Еву, і яна, сабраўшы свае транты, памахала яму ручкай. Праз месяц атрымаў ад яе прысуд: «Мой дарагі ГАД, ведай, я ашчаслівілася пасля нашай разлукі. Дзіўлюся, як я цярпела цэлых дзесяць гадоў тваё караедства. Ніхто цяпер не грызе мяне ні за дзень, ні за ноч, ні за грошы, ні за вошы (так называў ты маё вязанне). Жыві і помні, ГАД, што ты зняважыў сумленную жанчыну...»

Праз шмат часу, калі даядаў тым жа метадам другую жонку Іру, трапіўся Адаму Данілавічу на вочы ліст ад Евы. І ён па-новаму расшыфраваў яе агіднае слова ГАД. Аказваецца, гэта яго ініцыялы - Гарбуз Адам Данілавіч.

Ад горкага напаміну хворы здрыгануўся на бальнічным ложку, хацеў адвярнуцца ад акна, у якое быццам слёзнымі хмарамі пазіралі на яго жонкі Ева ды Іра. Але ж рука была прышпілена шпрыцом, а той звязаны трубачкай з кропельніцай. Два пакеты лекаў віселі на штатыве, і яны як бы ахаладзілі жвавага пацыента.

Зноў падкаціліся ўспаміны. Гадам яго празвалі і вучні местачковай школы, у якіх выкладаў некалі біялогію і геаграфію. Дзеці зненавідзелі Гарбуза не за тое, што патрабаваў ведаў, а за тое, што па любой дробязі закладваў іх дырэктару і бацькам. Гэты вопыт надаў яму нахабства закласці раённаму начальству і самаго дырэктара школы.

Тлуміць душу школьнага кіраўніка ГАД пачаў з ананімкі ў райана: «Паважаныя начальнікі, наш дырэктар займеў у сваім агародзе маладую козачку-бландзінку. На дзвюх ножках з высокімі абцасікамі яна часцяком забягае ў ягоны кабінет. Бывае, што задасць вучням задачкі, а сама да козліка - шусь. І толькі перад званком заяўляецца ў клас...»

У якую ж шчыліну пазіраў увесь гэты час Гарбуз? Якія меў намеры, калі плявузгаў на прыстойнага сем'яніна і ветэрана педагогікі? Гэтыя пытанні найперш узніклі ў раённых кіраўнікоў. І яны лёгка вылічылі караеда, які «ўбуравіўся» ў спакойную школку.

Матыў ананімкі быў чыста падскурны, каб паказытаць кіраўніку вучэльні нервы, душу і расхістаць яго трывалы, прызнаны аўтарытэт. На гэта караеду не хапіла шасцізуб'я, бо ёсць яшчэ, не перавяліся ў свеце людзі з зубамі мудрасці. Яны гатовы абараняць праведнікаў. У тым паядынку ГАД вымушаны быў пакінуць настаўніцтва. Так у яго кар'еры засвяцілася раённая гаспадарка па азеляненні вуліц.

Караедства - з'ява старажытная. І на ўсю процьму ненажэрных жучкоў прырода яшчэ не назапасіла дзятлоў, попаўзняў, пішчух, для якіх караеды - далікатэсны харч. Не вылаўлены гэтыя шкоднікі і сярод людзей, бо яны не заўсёды з шасцю лапкамі, кароткімі вусікамі, у карычневым кафтанчыку, як лясныя забалоннікі, лубаеды, караеды. Шкоднікаў лясоў, садоў, паркаў да трох тысяч відаў ва ўсім свеце. От жа каб хто ўзяўся скласці энцыклапедыю такіх гнюсаў у чалавечым свеце. Ды, відаць, гэта не пад сілу нікому, бо караеды сярод людзей падобныя на хамелеонаў.

Адам Данілавіч у «Зелянгасе» перафарбаваўся ў зялёны колер. Сваю інжынерную пасаду ён пачаў з лекцыі пра важнасць хларафілу ў раслін, пра іх зялёны пігмент, які ў лучнасці з сонечнай энергіяй ажыццяўляе фотасінтэз. Далей Гарбуз давёў рабочым пра найважнейшае свята Сёмуху, якое ў народзе здаўна называлі Зелянец, Зялёныя святкі. Такім фэстам ушаноўваецца святая Тройца на пяцідзясяты дзень пасля Вялікадня.

- А нашы людзі заўсёды адзначаюць у гэты дзень сваю культавую тройцу жыцця - зялёную прыроду, шлюбаванне і ўшанаванне продкаў, - мудрагеліў Адам Данілавіч. - На Зелянец - вясне канец. А нам, зеленгасаўцам, самы разгар працы. Трэба закончыць пасадкі, дагледзець гадавальнік і навучыць людзей прыхарошваць зелянінай, кветнікамі свае двары, агародчыкі, вуліцы...

Так вось тактоўна і далікатна ўкараняўся пад кару «Зелянгаса» вопытны Караед. Ён паставіў за мэту няспешна даказаць усім, што толькі тут патрэбны яго спрыт, апетыт і генныя навыкі.

І яму гэта ўдалося.

Праз год начальніка «Зелянгаса» адправілі на пенсію, і Адам Данілавіч Гарбуз заняў яго крэсла ва ўтульным кабінеце. Усё адбылося як у прымаўцы: адзін пень гарэў, а другі спіну грэў. Мала хто ведаў, што менавіта ён заказытаў былога кіраўніка, давёў яго да «акорвання», а пасля і «высечкі дрэва», як аслабелага, хваравітага і не здольнага да росту. Гарбузоў аргумент, як ён сам верыў у гэта, быў арыгінальна-навуковым: «Расліны, таварышы, паходзяць ад слова «расці». Мы, жыльцы на зямлі, ад слова «жыць». Калі мы расцём і жывём разам - мы моцныя. Калі нехта перастае жыць, то ён не дае некаму расці...»

У паводзінах Караеда было ўсё наадварот: расці сам, каб не даваць жыць іншаму.

Неяк у «Зелянгас» завітаў супрацоўнік Міністэрства лясной гаспадаркі. Гарбуз прыняў яго як анёла з нябёсаў. Правёў з ім «філасофскую» гутарку пра дзяржаўную вагу азелянення ў стварэнні новага грамадства. Патраціўся на шыкоўны абед з чыноўнікам. На ўсялякі выпадак запісаў у свой нататнік расходы - кошт яды, выпіўкі і запіўкі. Пачак кавы «Прэзідэнт», які давялося распячатаць дзеля аднаго кубачка, аднёс таксама на рахунак госця. «Хай будзе запісана, думаў Адам Данілавіч, жыццё доўгае, ці мала што здарыцца...»

Цяпер для яго была пракладзена дарога ў сталіцу. Ён азеляніў сваім гадавальнікам дачу міністэрскага чыноўніка. Па першым яго клічы, вазіў шыкоўныя букеты кветак, якія прызначаліся то самому чыноўніку, то юбілярам, то імяніннікам, то іх каханкам. З кожным новым букетам Адам Данілавіч перадаваў сваю інфармацыю: як «Зелянгас» спрацаваў за квартал, як ухарошылі прысталічны райцэнтр, якія яго артыкулы надрукавала раённая газета і як высока цэніць яго мясцовая ўлада.

Вада камень шліфуе.

Маленькі караед дрэва валіць.

Дробныя паслугі Гарбуза высокаму начальству аднойчы закончыліся яго ўзвышэннем. Адама Данілавіча запрасілі працаваць у Міністэрства лясной гаспадаркі. Не ведаў тады вопытны караед, што гэты ўзлёт абрынецца для яго шлепаком у бездань.

Успаміны і роздум сцішылі Адама Данілавіча, і ён, відаць, прыдрамнуў пад кропельніцай. Сястрычцы ў лябёдкавым халаціку давялося гучна будзіць хворага:

- Адам Данілавіч, прачынайцеся. Я прыйшла!.. Давайце пачнём!..

Ох, гэтыя заклікі маладзіцы злёгку кружылі галаву Гарбуза, выклікалі юнацкія мроі пра першыя спатканні з залёткай Дунькай яшчэ ў дзявятым класе. Але не больш таго. Усё часцей разважаў ён пра сваю жытку, якая давяла да лякарні. Недзе чытаў, што душа вечная, яе нават удалося нейкім вучоным узважыць. І пішуць жа, што яна перадаецца з аднаго жыцця ў другое. Вось бы ўведаць, хто карыстаўся гэтай душой да яго? Каму яна дастанецца ў новым вымярэнні гадоў?

Пасля кропельніцы Адам Данілавіч сцішыўся і храпануў. Прысніўся сон.

Нібыта ён на небе і архангел Міхаіл з блакітнымі крыламі стаіць каля высокай брамы. У яго левай руцэ - вагі, у правай - меч. Ён пільна ўзіраецца ў Гарбуза і загадвае: «А ну, панок, выкладвай на ручныя вагі сваё дабро і сваё зло якія ты назапасіў на Зямлі!..»

Гарбуз убачыў, як бліснуў аголены меч у правай руцэ архангела. Той як бы прыпадняў уверх зброю і гатовы апусціць на яго шыю, калі раптам на вагах апынецца болей зла. Не дачакаўшыся прысуду, Адам Данілавіч нема закрычаў: «А-а-а!..» І ачнуўся.

Перад ім стаяла медсястра:

- Я тут, Адам Данілавіч?.. Што трэба?.. Я гатова...

- Не, нічога, мая галубка...

Гарбуз павярнуўся да акна. Тупа пазіраў у неба. Там, за чорнымі хмарамі, ведаў ён, стаіць крылаты архангел Міхаіл з мячом і вагамі. Ад яго яму цяпер не схавацца, не абараніцца.

Праз чатыры дні Адама Данілавіча выпісалі. Ён з усімі пачціва развітаўся.

Сказаў добрыя словы загадчыку неўралогіі. Усміхнуўся медсястры, якая ставіла яму кропельніцы. А на выхадзе за металічныя вароты бальніцы азірнуўся, выцягнуў з унутранай кішэні карычневага пінжака канверт і ўкінуў яго ў паштовую скрыню. У сваёй ананімцы ён даводзіў галоўнаму доктару:

«Паважаны Віктар Іванавіч! У вашай неўралогіі робяць адны неўралогікі. Загадчык апроч слоў «здрасце» і «пакуль», відаць, іншых не ведае. Добра, што не гаворыць хворым «бывайце». Апроч кропельніц і таблетак, іншых лекаў не ведае. А медсёстры зусім зсексіліся. Я толькі і чуў ад іх: «Хворы, здымайце штаны, я ўжо гатова». Гэта яна заляцела рабіць укол. «Хворы, кладзіцеся, будзем капацца», «Я тут, давайце рабіць...» Як вам такія прапановы ад дзябёлых маладзічак?..»

Гарбуз прасіў прыняць меры і паведаміць яму на асабістую скрыню Галоўпаштамта «ў тэрмін, вызначаны заканадаўствам па рабоце са скаргамі грамадзян».

А яшчэ праз месяц Гарбуз Адам Данілавіч, ён жа па абрэвіятуры ГАД, па мянушцы Караед, завітаў у рэдакцыю тоўстага часопіса і прапанаваў свае псіхалагічныя «творы» пад агульнай назвай «Навіны з Навінак».

Рэдактар пачытаў першы сказ і ледзь не вырваў валасінку з вусоў. Апавяданне Гарбуза пачыналася лаканічна і востра:

«Іван Сямёнавіч, мой сусед па дачы, пастаянна шукае ў жонкі псіхафізічны паралелізм. І робіць гэта па-свойму, у духу псіхасаматыкі. Нядаўна адкрыў у ёй тыповы істэрычны сімптом - пуэрылізм...»

Рэдактар адклаў рукапіс аўтара і стрымана, спакойна, каб не выдаць перад незнаёмцам сваю псіхіку, сказаў:

- Ведаеце, шаноўны, э-э...

- Адамам Данілавічам мяне завуць, - падказаў наведвальнік.

- Ага, Адам Данілавіч, ваша аповесць, па ўсім відаць, атрымалася вельмі сур'ёзная, яна, адчуваецца, напоўнена драматызмам нашага камп'ютарнага часу...

- Так, так, я імкнуўся паказаць... - хацеў патлумачыць Гарбуз, але яго, на правах кампетэнтнага гаспадара, перапыніў рэдактар:

- Я раіў бы вам, Адам Данілавіч, схадзіць у выдавецтва. Там працуюць вопытныя кансультанты, яны і раскладуць вашу аповесць па костачках.

Дадуць аб'ектыўную ацэнку. Могуць выдаць ваш твор асобнай кніжкай. Глядзіш, вас і ў пісьменнікі прымуць...

- Дык я ўжо гэту аповесць на сваім сайце расклаў, - пахваліўся Гарбуз.

- Ну і добра, што размясцілі ў інтэрнэце. Хай чытаюць...

- Ага, ужо некалькі чалавек заходзілі. І вас запрашаю. Адрас просты: «Гарбуз, сабака, бай».

- Жадаю вам творчых поспехаў, - скупа ўсміхнуўся рэдактар, чакаючы, калі Караед пакіне кабінет.

Адам Данілавіч быў усцешаны размовай з рэдактарам.

Адчуў, у яго праразаюцца крылы.

І яму расхацелася паміраць.

«Блохер»

Поўнач ахутала горад.

Чорнай навалаччу вісеў над камяніцамі шармавы парасон. Ён засланяў сабой таямнічы космас. Прыгнятаў, зазямляў усё тое, што яшчэ нагадвала жыццё на зямлі: адзінокую астылую рэкламу на дахах дамоў, гаспадароў пустых вуліц - начныя ліхтары, агнездаваныя на сівых слупах. Па асфальце шаркалі ачмурэлыя таксі, бо толькі цяпер наступаў іх час заробаку, навару і шалёнай запатрабаванасці.

У такой змрочнай цішы пачыналася ўз'юранасць Гаўрылы Літоша. Ён уключаў камп'ютар і троліў у блакітную бездань свае думкі, якія назбірваў за дзень, сярод людзей, як той бухматы чмель, зумкаючы па квятастай лугавіне.

На адрасе «ГаўЛіт, сабака, ру» ён адкрываў блог пад нязменнай назвай «Толькі для вас» і адорваў нябачных наведвальнікаў свайго сайта свежымі ашальмоўкамі.

Пальцы бегалі па клавішах нібыта ён, музыка, іграў на баяне. У прастору вакол Зямлі, а можа, і ў атмасферныя прабоіны, ляцелі яго думкі. Іх не трэба пераводзіць на папяровы носьбіт, не трэба ўкленчваць перад рэдактарамі газет і часопісаў, каб надрукавалі. Яны, думкі Гаўрылы, несліся, як вараныя коні. Ды што коні, як касмічныя ракеты, як каметы далёкіх галактык.

Воля! Вось што мае блогер. А яшчэ - непакаранасць і няўлоўнасць. А яны і ёсць натхненне. Пішы пра што хочаш, як хочаш, і нічога табе за гэта не будзе. Вось чаму асмялелы Гаўрыла сённяшняй поўначчу ўзяў за чуб класіка беларускай прозы Кузьму Чорнага. Ты, браток, панакручваў багата чаго пра савецкі лад, пра людзей сваёй эпохі, дык я ж цябе крыху падпраўлю. Я табе дам сваю накрутку, выведу на чысты бераг.

«Чуйце, людзі, Кузьма Чорны, ён жа Мікалай Карлавіч Раманоўскі, аднойчы сеў і напісаў апавяданне «Парфір Кіяцкі». Хадзіў спярша той Парфір як бы што згубіўшы. Начамі перастаў спаць. Хадзіў з кутка ў куток і бесперастанку курыў. Жонка ўсё дапытвалася, што з ім робіцца. І Парфір урэшце прызнаўся: «Смутак мяне заядае... Як бы месца мне няма на зямлі...» Жонка здзівілася: «Дзівак ты, ну, чаго табе трэба? Чаго табе не хапае? Вунь аднаго павідла наварыла я повен склеп. Еш ды жыві...»

Парфір, да горла якога знянацку падступіў востры смутак, уявіў, што жонка стаіць па саменькі пупік у павідле і вось-вось паплыве ў ім. Дый сама яна стала як павідла. Сцішыць буру смутку Парфіру так і не ўдалося. І ён падвёў яго да хаоса думак і дзеяў. Такое творыцца ў аповедзе Кузьмы Чорнага, - летапісца савецкай, даваеннай эпохі. А цяпер жа, таварышы, калі мы майструем новы, суверэнны лад, мусім навучыць сляпога бачыць, крывога хадзіць, глухога чуць, а ўсіх астатніх, як правільна зазначыў наш Чорны, не чарніць белы свет, а «цаніць вялікія ясноты радасці»... Трэба не ліць слёзы ў душу, а заліваць туды рэактыўнае паліва, каб яно занесла ўсіх несвядомых туды, дзе Кузьма ніколі не пасвіў авечак. І каб кожны з нас знайшоў нешта вельмі патрэбнае для яго і для ўсяго свету, каб тое нешта дало супакой і прагнала смутак...»

Гаўрыла паставіў тры кропкі, як бы даў уцяміць сваім наведвальнікам, што ў яго яшчэ цэлы рой думак, што за ім варта сачыць і ён абавязкова выведзе паслухмянцаў на чыстыя воды, на іскрыстыя росы.

Ён выключыў камп'ютар і каўтнуў проста з бутэлькі малдаўскага вінца, зірнуў у начное акно і адчуў пад лапаткамі неймаверны сверб. То левай рукой, то правай пачухаў там, дзе казытала, і жахнуўся. З-пад лапатак вытыркаліся як бы маладыя крылы. Сам сябе пляснуў далонню па лбе: «Ось так, Гаўрыла Літош, у цябе завіравала новае жыццё, прызнанне і слава аналітыка, псіхолага і ўвогуле класнага крытыка».

Пачынаючы блогер, якому зязюля налічыла ўжо больш за паўсотню гадоў, пацёр крыху спацелыя далоні, глытнуў яшчэ малдаўскага напою, пахадзіў па сцішанай кватэры, якая пахла жонкай, дзецьмі, разанскім хлебам, які ён прывёз з вандроўкі. Рукі свярбелі троліць і троліць. Ахмялелыя думкі расціскалі яго аблыселы чэрап, хацелася трыбуны, вышыні, мікрафона, сцэны. І Гаўрыла зноў адкрыў свой сайт.

«Авохці!» - ледзь не застагнаў блогер. На яго першую публікацыю ўжо былі водгукі. Трэба ж, народ не спіць. Па начным космасе гуляюць лунацікі. Ага, што ж яны напісалі? «Дурань ты, Літош! Нашморгаў слоў у Кузьмы Чорнага, зняважыў класіка, захацеў паправіць яго, а сам - узвысіцца. Разлупі зенкі, набярыся цярпення, псіх, і прачытай для пачатку «Млечны шлях» пісьменніка, а пасля ўсе яго раманы, аповесці і абавязкова - два тамы апавяданняў. Яснай галавы табе, блохер!..»

Гаўрыла ацверазеў. Жыў ціха-мірна, а цяпер нейкі ананім, які назваўся Еўтухам, абняславіў яго «дурнем», «псіхам», а самае крыўднае - «блохерам». Што рабіць? Як быць? Каму пажаліцца?

Да рання было яшчэ далекавата. І ў галаву Гаўрылы палезлі думкі пра яго жыццё на грэшнай зямлі. Думкі, як і вошы, калі ўжо завяліся, зашавяліліся, то іх марна адганяць паасобку. Іх трэба перажыць.

Найперш Гаўрылу прыгадаліся трывогі маладосці, калі яму стала вядома, што Літошаў у свеце, нібыта пясчынак на ўзбярэжжы Дняпра. Як жа не згубіцца ў такім віры адзінакасці?

Прозвішча дадзена ў спадчыну ад продкаў. Яго не пераробіш. А вось імя Гаўрыла, як шматступянёвая ракета, мае мноства фіглянтаў: Гаўрыльчык, Гаўрэла, Гаўрылка, Гаўрылюк, Гаўрош, Гаўруша, Гаўрык, Гаўрусь, Гаўрук, Гаўрута...

Калі атрымліваў пашпарт, папрасіў, каб яго запісалі Гаўрылам. У гэтым імені чуўся яму мужык, калі не заморскі, то еўрапейскі дакладна. Сваю ж айчыну Гаўрыла лічыў лапцюжнай, саламянай, балотнай. Яму карцела вырвацца з гэтай багны.

Спрабаваў сябе ў якасці хіміка і фізіка. Не хапіла цярпення і хібету адолець гэтых вучоных прынцэс. Яны патрабавалі поту і муштры глуздоў. На іх не знайшоў хібету.

Гаўрыла прагнаў смагу вінцом. І разам з глыткамі чароўнага пітва паляцелі новыя думкі, як некалі і ён сам ляцеў па чыгуначных рэйках ажно ў Маскву. У вірлівым горадзе вучыўся і шукаў самога сябе, ды толькі ледзь не згубіў усё, што меў і набыў дагэтуль. На адным з кірмашоў сталіцы, дзе падрабляў у азербайджанцаў, гандляваў кішмішам, нехта падкінуў яму ў кішэнь пакецік гераіну. І той жа «нехта», відаць, падказаў пра гэта адпаведным службам, бо яму імгненна закруцілі рукі за спіну.

Блогер Гаўрыла адагнаў ад сябе ўчэпістыя ўспаміны. Урэшце, ён не абавязаны спавядацца перад нахабным Еўтухам. Гэта яго асабістая справа, як пражываў, дзе бываў, кім рабіў, які меў аклад. На сайце - ён аўтар свайго «Я», думкаскладальнік і сайтаўладальнік. Ён добра ведае, што маланка ніколі не сячэ ў кустоўе, траву, не разменьваецца на лясных хілякоў - альху, вербалозіну, шыпшыну. Пярун выбірае сабе роўных - каранасты дуб, гонкую бярозу, карабельную сасну. Так і ён, блогер, каб засвяціцца, каб прызналі і пабойваліся, павінен чапляцца да людзей вядомых, знакавых, выбітных.

Абэлтух Еўтух, ты яшчэ не ўцяміў, каго абазваў дурнем і псіхам. Можа, і пашкадуеш, калі даведаюся, з якога камп'ютара ты даслаў мне свой водгук?

Гаўрыла прылёг на канапу. У галаве адзічэла закруцілася кола думак. Вобадам у ім быў ён сам, яго камп'ютар, рабочы кабінет, віно, адпачывальня. У гэтым коле пачыналася і закруглялася яго найноўшая спецыялізацыя - блогер.

А спіцамі ў тым коле, адчуваў Літош, пачыналі служыць не проста думкі, як статак пярэстых кароў, а думкі-роздумы пра людзей вялікіх, пра падзеі знакавыя, пра кнігі вечныя.

Наступным бяссоннем для Гаўрылы стала, як ні дзіўна, казка яго дзяцінства пра сястрыцу Алёнку і браціка Іванку. Муха яе ведае, чаму тая казка прычапілася да яго, але адвадзіць яе ад сябе ён ужо не змог. Так і вылупілася, як куранё з яечка, новая старонка на сайце «ГаўЛіт, сабака, ру».

«Людзі добрыя, хіба для дзяцей гэта казка? Вы ж толькі ўдумайцеся: брацік Алёнкі становіцца козлікам, у сястры яшчэ не высахлі слёзы, а яна, чыстая дзявочая крынічка, так нечакана і адразу пагаджаецца стаць жонкай пузатага купца. Ясна, жыццёвая безвыходнасць прымусіла яе пагадзіцца на прапанову незнаёмца, які ехаў з кірмашу, убачыў сіротку, паверыў яе слязам і ўзяў да сябе ў жонкі. Паабяцаў глядзець і Алёнку, і яе браціка-козліка. Так яно і было нейкі час, пакуль купец цешыўся маладым целам. Але ж і свінтус ён, сыты гуляка, не прыкмеціў нават, што да яго ў ложак легла іншая жанчына, сама вядзьмарка. Даводзіцца толькі охаць, якія лапухі мужыкі і якія змеевы спакусніцы бабы. І ўсё гэта ў казцы для дзяцей!..»

Гаўрыла адарваў вочы ад камп'ютара, скінуў рукі з клавішаў на калені. Зірнуў у начное акно. Сёння неба нагадвала бруснічную паляну. Зіхацелі, пераліваліся зоркі ў высокім небе. Гаўрыла адчуў сябе зоркай. Тое, што ён выдаваў у космас для сваіх невядомых чытачоў, падалося яму геніяльным, а сам ён - ледзь не пісьменнікам. Мільёны людзей прачыталі казку пра Алёнку і Іванку, але ж ніхто ніколі не адчуў яе заганы, як ён, блогер Літош. Гэта натхняла, хацелася прадаўжаць свой псіхааналіз вядомай казкі:

«Вы толькі ўявіце: купец гатоў быў зарэзаць беленькага, рахманага козліка па просьбе новай жонкі. Вось ужо гараць кастры, у катлах чыгунных кіпіць вада, точацца нажы булатныя. Усё гэта ў множным ліку: кастры, катлы, нажы. І ўсё - на маленькага, ласкавага чытырохногага браціка Алёнкі. Купец і вядзьмарка ведаюць, што козлік - гэта хлопчык. Ён не зможа супраціўляцца, не абароніцца, але чаму для яго рыхтуюць такую экзекуцыю? Ды, урэшце, і яшчэ адна нескладуха. Козлік жа ўмее гаварыць. Ходзіць па беразе і кліча: «Алёнка, сястрыца мая!.. Выплыві на беражок...»

Выходзіць, ён ведае, што вядзьмарка ўтапіла Алёнку, а сама спіць з купцом пад адной коўдрай. Дык чаму б яму не расказаць пра ўсё гэта мужу Алёнкі? А той муж, мех з мясам, як бы нічога і не адчувае, а папраўдзе толькі прыкідваецца дабрадзеем. Такіх у нашым свеце, як камароў перад Ушэсцем...»

На гэтым блогер Літош выключыў камп'ютар, як бы закрыў блакнот з рукапісам. І яшчэ раз усцешыўся: яго засмажаныя ў галаве думкі выдадзены чытачам на талерачцы з блакітнай аблямовачкай. Цікава, хто і як адгукнецца на яго інтэрпрэтацыю казкі?

Першым вытыркнуўся Юзік з Лысай Гары:

«Ну, ты, Гаўрылка, і малаток з накавальняй. Узяўся пераклёпваць народны эпас!.. Так дойдзеш хутка і да Бібліі. Пішы, ды не зарывай, як страўс, галаву ў зямлю. Блошніцу трымай у чысціні...»

Юзік не пакінуў свой адрас. Схаваўся за імем, хутчэй за ўсё прыдуманым, не сваім. Людзі - баязліўцы па сваёй прыродзе. Як тая варона, што дзяўбе костку ды азіраецца па баках, хаця і сядзіць на верхавіне каштана.

«Віртуальны аналітык! - зазірнуў на сайт ГаўЛіт незнаёмы Сяргей. - Паглядзі ў слоўніку Івана Насовіча слова «бздзюль». Ты і ёсць гэта насякомае, якое адно і робіць, што псуе паветра. Навошта калупацца і перарабляць тое, на чым выхавана не адно пакаленне дзяцей?..»

«Правільна прыкмеціў, таварыш Літош, хіба можна дзяцей абводзіць вакол пальца?..»

Падпісаўся пад гэтымі радкамі ветэран афганскай вайны, паранены і кантужаны.

Гаўрыла адчуў, што падкінуў у сеціва блыху. А народ ад яе пачынае чухацца. Не паспеў ён выдаць свой твор, ужо тры нядрэмныя інтэрнэтаўцы прачыталі яго. Хай дзяржаўныя выдаўцы пахваляцца такой аператыўнасцю!

Было, праўда, і крыўдна крыху. Не, каб хваліць Гаўрылу за арыгінальнасць і свежасць мыслення, дык давай адразу кусаць, зудзець, смайлікі маляваць. Для каго б гэта ўжо сталася шаленствам нерваў, а «блохер» Літош наступнай бяссоннай ноччу пачаў абдумваць свой чарговы землятрус розуму. На гэта раз яму захацелася трахануць вядомага паэта сучаснасці. І ён пачаў блышыць, пускаць дым у вочы:

«Нагадаю вам, мае слаўныя чытачы, што Аляксандр Сяргеевіч Пушкін пражыў усяго 38 гадкоў, Вісарыён Бялінскі - 37, Мікалай Гогаль - 43. Аляксандр Грыбаедаў - 34, Міхаіл Лермантаў - 27, а вось вядомы паэт нашай явы Язэп Смыкоўскі збіраецца святкаваць сваё дзевяностагоддзе. На мінулым з'ездзе пісьменнікаў ён выйшаў на трыбуну, падпяразаны патранташам, у вайсковай гімнасцёрцы, а на галаву ўсцягнуў зімовую партызанскую шапку з чырвонай стужкай пасярэдзіне. Яго палымяная прамова, словы якой быццам адсякаў рукамі ў паветры, была скіравана найперш мадэрністам «бум-бам-літаўцам». Язэп Сямёнавіч дапякаў іх не толькі за тое, што разленаваліся шукаць вобразную рыфму, а за абыякавасць да змагароў вайны...»

Гаўрыла перапыніў перабіраць кнопкі камп'ютара, перадыхнуў перад бурай эмоцый і рынуўся ў атаку:

«Дык ведайце, панове, ваш класік Язэп Смыкоўскі - мой сусед па дачы. І што я вам скажу па сакрэце: ён г...м называе не толькі гной, а і суседзяў.

«Інжынер чалавечых душ», опусы якога часта друкуюцца, кляне ўладу на кожным кроку. Аднойчы баіў, як яны хадзілі здабываць для партызанаў самагонку, як прыцягнулі ў атрад бычка-трацячка і здзіралі з яго шкуру. Во якім мужным быў ваш лясны абаронца!..»

Да чаго Гаўрыла настырна лез, на тое і напароўся. Аматары паэзіі Смыкоўскага закідалі яго сайт, як гранатамі, сваімі рэплікамі, насмешкамі і нават праклёнамі.

«Хіба можна так звягліва пісаць пра нашых слаўных ветэранаў?..» - абурыўся Вінцук Аблажэй з Ушачаў. - Паглядзеў бы я на цябе, блохер, каб ты хоць з тыдзень пакарміў вошай у балоце. Нябось, як кляпаў на сайт свой пасквіль, папіваў каву, сядзеў у цяпле, пазіраў у неба, і не думаў, што яно можа палыхаць ад падпаленых вёсак, ад крыку і болю параненых, ад крыві забітых...»

Гаўрыла атрымаў па поўнай за паэта-ветэрана. Але гэта толькі падліло паліва ў агонь. Ён пачаў задзірацца да мастака Светлагора, што не ўмее падбіраць фарбы для партрэтаў, да біёлага Тарфірава, што не можа абараніць ад караедаў дрэвы ў пушчы. Да архітэктара Шчупкіна, што спраектаваў Лядовы палац задам да праспекта Міру. Хапіла перцу і дэпутату Ківалёву, і раённаму вертыкальнаму Абібаку, і начальніку міліцыі Сяргееву...

З кожным выхадам у эфір Гаўрыла адчуваў сваю перавагу перад тымі, хто дрэмле. Яго «Я» выцягвалася аж да непрыстойных памераў. Часам здавалася, што без яго свет стаў бы попельным, шэрым, нудным. І людзям зрабілася б зусім сумна з правільнымі пісакамі, каб не ён, віртуальны блогер.

Аднойчы, калі такія велічныя думкі апаноўвалі няўрымсу Гаўрылу, яму пазванілі ва ўваходныя дзверы кватэры. Гаспадар насцярожыўся, але пайшоў адчыняць.

На парозе стаяў участковы.

- Вы Літош?.. Гаўрыла?..

- Так, ён самы.

- Вам абвестка. Распішыцеся.

Гаўрыла хацеў пра нешта распытаць, але міліцыянер рэзка прапыніў яго:

- Там усё напісана.

Калі Гаўрыла застаўся адзін, пачаў вывучаць нечаканую паперку. Яго, аказваецца, выклікалі да следчага для ўдакладанення блогерскай дзейнасці.

Гаўрыла той ноччу не муштраваў сваю «блошніцу». Проста сядзеў і думаў. У галаве тусаваліся ўсе старонкі яго камп'ютарнай кнігі. Яна нагадвала разбухлую таміну класіка. А ў ёй, як яму здавалася, - сплаў мудрасці, свежасці думак, ды, што казаць, подых самой геніяльнасці.

Гаўрыла адкаркаваў новы бутэль з малдаўскім віном. З кожным новым глытком адчуваў, як яснелі вочы, як душа напаўнялася лёгкасцю і ў ёй раслі крылы.

Калі на ўсходзе пачало святлець неба, калі на зямлю надыходзіла ранне, калі пах травы, туману, ліпоўніку дурманіў шалёнай свежасцю, Гаўрыла насцеж расчыніў акно ў сваім кабінеце. Нейкая верталётная сіла ўзнесла яго на падаконне. Ён стаяў у акне, як аракул, прарок, увесь у белым.

І зусім нечакана яму захацелася паляцець да зор нябесных.

 
« Папяр.   Наст. »
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 1205
mod_vvisit_counter Учора 1157
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 6435
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 50108