Памяці выдатнага філосафа.
Год, як пайшоў з жыцця Мікалай Ігнатавіч Крукоўскі, 1923-2013.
Васіль Якавенка,
пісьменнік:
Па матывах уласных артыкулаў, а таксама навуковых прац М.Крукоўскага,
Л.Яўменава, В.Пазнякова, А.Рагулі, К.Хюбнера, К.Ясперса, Э.Сміта,
В.Гумбальта, К.Лявонцьева.
Паспрабуем адкрыта і
шчыра паразважаць пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра
стаіць перад нашым беларускім народам - ратаваць сябе ў супольнасці, у
суладдзі, берагчы ідэнтычнасць, развіваць творчы дух.
Будзем зыходзіць з таго,
што нацыя ёсць суб'ект, які праз сваю наяўнасць уплывае на грамадзянскую
супольнасць, а праз яе - і на дзяржаўны апарат, які мы проста будзем называць Д з я р ж а в а й.
Я ведаю: тое што стаіць за гэтыя словамі, дойдзе далёка не да кожнага розуму, не да кожнага сэрца, і таму, каб даць найбольш поўнае ўяўленне
аб прадмеце
гаворкі, звернемся да параўнання. Паставім у думках перад сабой
два словы-паняцці - Н а р о д і Н а ц ы я . Яны блізкія па значэнні. Больш за тое - імі часам карыстаюцца як сінонімамі. Тым не менш, калі паводле метафары ўявіць іх
аб'ёмна, скажам, як своеасаблівыя збудаванні для жыхароў і прыдаць ім знакавую сутнасць, якую для гэтакіх форм і
паняццяў прадугледзела матухна-прырода, то між гэтымі формамі і іх падабенствам, іх роднасцю стане відавочнай і
вялікая розніца.
Прынамсі, першую форму мы
павінны пакінуць без усялякай адмысловай надбудовы, скажам, без традыцыйнага
даху, бы тыя дамы-хрушчоўкі. Дамовімся, што за гэтым збудаваннем стаіць Н а р о д, у той час як нашанскае другое збудаванне ўжо вымагае гожага даху, які хутчэй
за ўсё завершыцца купалам, і тады ўсё, узятае разам, і будзе адпавядаць
вызначэнню Н а ц ы я. Само сабой, гэтая рэч на вачах ператворыцца з дома без
даху, ў гожы храм, вялікі ці малы, у сталы прытулак, дзе месціцца ды вольна
жыве дасціпны народ, а з ім і дух ягоны.
Адухоўленае жыццё Н а р о д а матэрыялізуецца ў дыялектычна супярэчлівым і бясконцым развіцці ўласнай
гісторыі, культуры, мовы, веры, еднасці псіхічнага стану, традыцый, і гэта -
складнікі Нацыі. Не пазбаўленыя падстаў меркаванні, што Нацыі пачалі спакваля
фармавацца яшчэ з біблейскіх часоў і нават раней.
Такім чынам замацуемся на
думцы: Народ фізічна мае амаль тыя ж цела і масу, Народ займае тую ж прастору
на зямлі што і Нацыя, адно ўяўляе сабой параўнальна штосьці менш дасканалае ў
сваёй сукупнасці, больш прыземленае, прыгнобленае, даруйце... У той час як Нацыя - гэта ўсё-ўсёсенькі, ўзятае
разам з тым, што сягае ўгору.
Нацыя - мовай вышэйшых матэматычных вылічэнняў - няйначай, мае чацвёртую
каардынату, а менавіта - дух, самадастатковы дух народа, апроч тых трох вымярэнняў у фізічнай
прасторы, у якіх бытуе народ.
Скажам і так: Нацыя - гэта
народ, які ў калаўроце часу не пазбыўся сваёй духоўнай культуры, гісторыі, мовы...
У ідэале Народ і Нацыя -
гэта адно і тое ж. Так яно раней і лічылася, так і было. Таму словы нацыя,
народ і прырода блізкія не толькі па сэнсу, але і па філалагічным сваім
паходжані, што зусім відавочна. У слоў "народ" і
"прырода" (агульны корань "род..."), а словы "народ"
і "нацыя" гэтак жа лігнвістычна узаемна суадносяцца.
Лацінскае natio
(таксама "народ") нітуецца з лацінскім nascere "нараджацца", natus "народжаны", як і "прырода - natura" (тут і там той жа корань
nat. ).
Разыходжанні ў значэнні слоў Народ і Нацыя, напэўна, з'явіліся ў ходзе
гістарычных дысанансных і разбуральных працэсаў.
Само вызначэнне «нацыянальнае» ў дачыненні да іншых знакавых
адзінак, напрыклад, культура,
дзяржава, герб, сцяг, памяць, мова, прадугледжвае наяўнасць пэўнага зместу
ў самім асяродку грамадства як стрыжня, які ў абыходку называюць нацыянальнай
ідэяй. І не варта даказваць, што без яе - лёсавызначальнай ідэі - немагчымым было б самапазнанне і самавызначэнне народа. Невыпадкова вялікі Я.Купала ў ХХ стагоддзі першапачатковую
задачу бачыў у самарэалізацыі беларускай нацыі, у прызнанні светам яе
ідэнтычнасці і ставіўся непрымірыма да яе ворагаў:
Чаго вам хочацца, панове?
Якi вас выклiкаў прымус
Забiць трывогу
аб тэй мове,
Якой азваўся беларус?
З асаблівай жа сілай
скруха на сваім, нацыянальным загучала ў ягонай п'есе "Тутэйшыя", але, што
праўда, жыла гэтая тэма ў ягоных вершах і клопатах пра беларусаў ад самага
пачатку літаратурнае творчасці:
А чаго ж, чаго захацелась iм,
Пагарджаным век, iм, сляпым, глухiм?
-
Людзьмi звацца!
Адно сёння на этнічным
рубяжы, на які выйшаў Купала, працуе ўжо і беларуская філасофская думка. Прафесар
Валерый Пазнякоў слушна адзначае, што нацыянальна-этнічная самаідэнтыфікацыя «акрэсліваецца
пастаянствам асэнсавання свайго мінулага ў цеснай сувязі з цяперашнім часам». Менавіта
тут, на скрыжаванні мінулага з новым часам, і пачынаюцца вытокі духоўнай сілы
самога народа. Духоўнасць узбагачаецца і пашыраецца нацыянальнымі скарбамі, да
якіх льга аднесці менталітэт і характар, гістарычную памяць, святы і абрады, распаўсюджаную
і развітую вусную народную творчасць, мову... Дарэчы, мова, у якім бы абліччы яна
ні ўспрымалася, заўжды пазначана адметным водарам, духоўным дыханнем. Як,
зрэшты, і высокамастацкая гістарычная і патрыятычная літаратура - творы нашых
класікаў і тых, хто годна пераняў ад іх эстафету - Мележ, Танк, Караткевіч, Быкаў...
Духоўнасцю дыхаюць лепшыя ўзоры іншых відаў мастацтва, усё, што служыць самапазнанню
народа, без чаго цяжка ўявіць Этнас, Нацыю.
Нацыя склалася! На розных
этапах свайго станаўлення яна адлюстроўвала свой багаты вопыт у класічных
формах, цалкам прыдатных для шырокага ўжытку ў сацыяльным і культурным жыцці -
не толькі ў выглядзе прыказак, прымавак , сентэнцыяў, але і ў формах прававой
культуры - Статута, Закона, Устава... Гэтым здабыткам карысталіся і нашы
суседзі. Толькі ж гэта не значыць, што класічныя каноны развіваюцца і жывуць
самі па сабе - над імі заўсёды вісіць пагроза разбурэння. І, калі Нацыя аднойчы
заявіла аб сябе, то ўжо без шчырага клопату пра яе сваіх жа грамадзян яна
буцвее; і рушыцца тады вабны высокі дах, увенчаны купалам, і няўтульна робіцца
няўцямнаму люду; самавіты і багаты на праявы розных граняў жыцця народ спакваля
ператвараецца ў шараговае, без выразнага твару, насельніцтва; што казаць, люд і
годны, і разумны, як раней, адно не знаходзіць, на што душой абаперціся, а
чарка і шкварка, пра якую з пераменным поспехам дбае з году ў год вертыкаль, не
ўздымае душы, не развівае высакародных пачуццяў, балазе яны, пачуцці, змардаваныя
мінулымі дзесяцігоддзямі.
Дзіва, праз якія нягоды прайшла,
усталёўваючыся, наша ліцвінска-беларуская супольнасць! 200 гадоў мардавання рознымі чыннікамі з усходу і
захаду, прычым амаль кожныя 30 гадоў - вынішчэнне адроджанай беларускай эліты.
Вобраз беларуса малявалі то лапатнікам з каўтуном у валасах, то лесавіком,
абражалі яго высока дасканалую мову, называлі яе мужыцкай, саміх жыхароў
абражаюць дагэтуль, называючы пагардліва бульбашамі і нават гарэлку для нас
прыдумалі пад назвай «Бульбашъ». А цяпер - новая небяспека, якой нават іншых прыкладаў у гісторыі не падбярэш:
САМАЛІКВІДАВАННЕ... Адно
ці па сваёй волі мы гэта робім? Прынамсі, тэндэнцыя няпэўная. І разам з тым яскравая: толькі 16 адсоткаў дзяцей цяпер
вучацца па-беларуску. Беларусь штогод прымае ўсё большую колькасць гастарбайтэраў,
і неўзабаве з'явяцца кітайскія правінцыі. Гэта не можа шыкаваць настрой у
грамадстве. Па трапных словах вядомага нямецкага філосафа апошніх часоў:
"Страта ідэнтычнасці , вядзе да неврозаў, а неврозы, як вядома, не надта добрая
аснова мірнага суіснавання" (Курт Хюбнер. НАЦИЯ - М.
Канон. ОИ «Реабилитация», 2001, - 390 с.».
Жалю варта, але толькі
карціна, схематычна намаляваная тут, - не вымысел. І, трэба меркаваць,
па зараней выпрацаванай схеме ідзе "развіццё", якое да рэшты вымывае з самога
паняцця Нацыі ўсялякія сэнсы. Пра нацыянальнае будаўніцтва і размовы няма.
Наадварот, поўным ходам разбураецца раней створанае -нацыянальная адукацыя,
іншыя нацыянальныя інстытуты, духоўныя каштоўнасці, якія зазвычай утвараюць
залаты купал над суверэннай краінай. Ужо гучаць галасы дэнацыяналізатараў,
маўляў, і Акадэмія навук, і Інстытут філасофіі - рэчы, нам не патрэбныя!
Цяпер паспрабуем паказаць
і развіць нашы неспакойныя думкі схематычна. Зазначым, што тут у нас будуць
фігураваць умоўна тры субстанцыі - Н а ц ы я , Н а р о д і У л а д а, якая
заўжды прадстаўляе інтарэсы Дзяржавы і нярэдка выступае яе сінонімам. У вызначэнні
Дзяржавы як такой, уласна, думкі розняцца. У савецкія часы люду афіцыйна
даводзілі, што дзяржава ёсць апарат прыгнечвання, у арыгінале - "подавления" аднаго
класа другім (У.І.Ленін). І ўжо, у адпаведнасці в гэтакім вынаходніцтвам
розуму, у палітыцы СССР ад самага пачатку быў закладзены дзяржаўны тэрарызм:
падаўлялі і падаўлялі на ўсе бакі... Нападаўляліся: у вёсцы, напрыклад, без
спадчынных руплівых і хварэючых за гаспадарку сялян зямля стала ператварацца ў
пустку, быллём зарастае, асабліва ў Расіі.
Аднак В.Ф.Гегель меў
больш гуманныя ўяўленні пра Дзяржаву:"Дзяржава ёсць рэчаіснасць маральнай ідэі
- маральны дух як відавочная, сама сабе зразумелая субстанцыянальная воля, якая
мысліць і ведае сябе і выконвае тое, што яна ведае і паколькі яна гэта ведае" (Гегель
Вільгельм Фрыдрых. "Філасофія права" - М.Мысль, 1990. - 524 с.). З Гегелем, дарэчы,
у меркаваннях пра дзяржаву не надта разыходзіліся К.Маркс і Ф.Энгельс. Аднак
згадаем тут і пра сваё беларускае. Няйначай, у адпаведнасці з духам апераджальнага
развіцця, які наогул быў уласцівы нашым продкам, у ХVI стагоддзі была створаная ды, як
вядома, дзейнічала амаль да сярэдзіны XIX стагоддзя зусім маральная, бо ўлічвала звычаёвае
права, і глыбока дэмакратычная, як што адпавядала інтарэсам усіх сацыяльных
груп і катэгорый насельніцтва, канстытуцыя па форме Статута Вялікага Княства Літоўскага. Вялікае Княства было сапраўды "рэчаіснасцю маральнай ідэі". Але ж не
сакрэт, што і падобная дзяржаўная структура "мае патрэбу ў нітуючых сілах нацыянальнай
свядомасці" (па К.Хюбнеру, стар.381).
Цяпер акрэслім на паперы
рамку, у якой умоўна размяшчаюцца нашы суб'екты з ўсёю сваёй прасторай, што
геаграфічна і духоўна ляжыць у падмурку Дзяржавы.
Мал.1. У аснове малюнка знаходзіцца Народ. Па вертыкалі ўздымаецца
Улада, яна і сімвалізуе Дзяржаву. Нацыя па тых ці іншых прычынах адсутнічае
(нацыянальныя духоўныя каштоўнасці па нейкай прыхамаці, верагодна, адсякаюцца
ўладаю). Народ, ізаляваны ад духоўных скарбаў, ад сваёй гісторыі, мовы культуры,
і гэта зыначвае ды памяншае ягоныя сілы. Паміж Народам і Дзяржавай складваюцца адно
гарызантальныя (сацыяльна-вытворчыя) адносіны, грамадзянская супольнасць
прыгнобленая, духоўная сфера спляжаная. Нішто не перашкаджае вертыкалі з розных
узроўняў ціснуць на Народ. Урэшце на малюнку, як і ў натуры зазвычай,
складваецца інфраструктура гета. Паводле гэтай схемы, пра гарманічныя адносіны двух
суб'ектаў - Народа і Дзяржавы, якія па-рознаму адышлі ад спадчынных
нацыянальных каштоўнасцяў гаварыць не выпадае.
Мал. 2. Тут Народ і Дзяржава ўступаюць у парытэт з нашым умоўным, але
існым суб'ектам - Нацыяй. Прычым, у Народа з Нацыяй адносіны сваяцкія, простыя,
у ідэале - цесныя. А вось Дзяржава з Нацыяй паўсюль мае адносіны апасродкаваныя
- праз Народ, а калі сказаць больш канкрэтна - праз грамадзянскую супольнасць,
якая развіваецца і паўстае з Народу. Вышэй ляжыць духоўная сфера, духоўная культура,
непаўторная, адмысловая па сутнасці культура, паколькі належыць яна менавіта
гэтай непаўторнай Нацыі і Дзяржаве. Верхні элемент малюнка дзейнічае рэзанансна
і прыўздымае Народ да самаўсведамлення і самаідэнтыфікацыі, да ўтварэння
актыўнай грамадзянскай супольнасці і праз яе - парытэту Народу з дзяржавай.
Гарызантальнымі і іншымі лініямі паказаны стасункі суб'ектаў між сабой. У гэтым
выпадку, нягледзячы на розныя супярэчнасці, якія паспяхова пераадольваюцца, у
грамадстве і Дзяржаве утвараецца варыянт гармоніі. Шанцы на поспех, сілы і моц
усіх суб'ектаў павышаюцца.
Якраз тут да месца будзе
прывесці і словы філосафа М.Крукоўскага пра тое, што ў пэўных умовах сацыяльны
і духоўны бакі дасягаюць той ступені развіцця, калі яны "становяцца здольнымі
па-свойму ўраўнаважваць біялагічную прыроду чалавека, ураўнаважваць яго цялесны
бок. Калі параўнаць дзеянне біялагічнага субстрата ў чалавеку з сілаю цяжару, а
яго сацыяльны бок, ягоную сацыяльнасць і духоўнасць, з нейкай уздымальнай
сілай, то гэтая апошняя дасягае цяпер такой ступені інтэнсіўнасці, што
аказваецца здольнай процістаяць сіле цяжару і ўтрымліваць чалавека ў стане
самастойнага палёту" ( Н.И.Крюковский. «Человек прекрасный». - Мн. БГУ им.
Ленина, 1983. - 287 с.).
Мал. 3. Той жа квадрат. Цяпер у ім паказана, якое месца і вагу павінны
займаць пры перапляценні інтарэсаў ды гарманічных партнёрскіх адносінах Нацыя, Народ
і Дзяржава. Гарманічныя адносіны гэтых трох суб'ектаў паказваюць на раўнавагу,
прыгажосць і шчаснае жыццё грамадства.
{mosimage}
У апошнія гады ўсё часцей
пачалі з'яўляцца публікацыі, у якіх замежныя госці, зазвычай турысты раяць
беларусам больш рашуча захоўваць сваю ідэнтычнасць, адметнасць натуры,
характару і, зразумела ж, культуры. Вось і аўстрыйскі журналіст Джозеф Гафл
пасля наведвання Беларусі ў сёмы раз палічыў не лішнім зазначыць: галоўны скарб
Беларусі - гэта яе жыхары, таленавітыя, добразычлівыя, кемныя. Ягоны заклік:
берагчы сваю культуру! І гэты заклік прагучаў для нас як папярэджанне: "Вы не
павінны даваць сябе прыніжаць, - мовіў госць, - трэба пастаянна паказваць
свету, што вы - дасціпны і здольны народ!" (zautra.by).
Зусім відавочна, што свежым
вокам турыст улавіў у нас, беларусаў, проста знакавую загану: недахоп
нацыянальнай самасвядомасці, няўменне пачуваць сябе нацыяй! Адсюль і парады
быць смялейшымі і прадстаўляць свету сваё, а не чужое. Замежнаму госцю проста
няўцям, што наша дзяржаўная палітыка пакуль адлучае людзей ад сваёй роднай
гісторыі і культуры, ад самавітых і цікавых для шырокага свету нацыянальных
скарбаў, якія разам з тым з'яўляюцца крыніцай духоўнасці чалавека ў
грамадзянскай супольнасці.
Неяк у Федэральнага
прэзідэнта Германіі Іаганэса Рау спыталі людзі старэйшага пакалення: «Скажыце,
што мы павінны перадаць сваім дзецям?» І ён адказаў: «Скажыце ім пра тое, што, выпраўляючыся ў іншыя краіны, важна мець
радзіму ўнутры сябе. Таму што ў таго, хто не мае дома, не можа быць і суседзяў». А суайчыннік Рау К.Хюбнер у
гэтым пытанні таксама не пакідае двухсэнсоўнасці, бо лічыць, што "не толькі
ідэнтычнасць асобы, але і ідэнтычнасць нацыі абарочваецца неабходнай умовай
чалавечага суіснавання" (там жа, стар. 291).
Дык ці не варта нам,
шаноўныя-любыя суродзічы, беларусы, біць у званы, і гучна біць, і доўга біць,
дый рабіць штосьці пэўннае, бо мы страчваем самае дарагое, што пакуль яшчэ ёсць
у нас, - духоўную культуру як душу, а з ёй і сябе, і зямлю, і Айчыну.
Васіль Якавенка, пісьменнік. 2013.
|