Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 

«Паэт — угоднік рыфмаў і пакут…» : Вершы Яўгеніі Янішчыц Друк E-mail
05.09.2014 | 03:54 |
Святлана Калядка, літаратуравед(на фотаздымку – злева)Святлана Калядка, літаратуравед (на фотаздымку – злева)

У такія далёкія і зусім яшчэ блізкія 1960-я гады Яўгенія Янішчыц птушкай упырхнула ў літаратуру. Лёгка і нязмушана, рамантычна і ўзнёсла прагучаў яе голас у паэзіі. Вобраз непрыручанай птушкі, які стаў увасабленнем існасці лірычнай гераіні, прымусіў мяне задумацца: а з якою птушкай беларускіх лясоў і садоў яе атаясамліваю? У процьме артыкулаў і даследаванняў я сустракала параўнанне гераіні з птушкай, але з якой? Салоўка, ластаўка, а можа, бусел? І так, і не. А можа, гэта будзе зборны вобраз, той самай жар-птушкі, да якой калісьці звярталася ў ранніх вершах паэтэса, птушкі казачнай і неймаверна прыгожай? Жар-птушкі, што сваім чароўным святлом дакранулася да кожнага, хто яе разглядзеў у паэзіі Я. Янішчыц, якая гэта святло дорыць і праз дзесяцігоддзі:

Хачу я ў царства нейкае чароўнае
Маленькаю жар-птушкай заляцець,
Дзе лебедзі ўзнімаюцца чародамі,
Каб хмаркамі ў небе белякцець...

(***А жнівень косы мне няшчадна выпаліў...)

Рыхтуючы Збор твораў Яўгеніі Янішчыц у 5-ці тамах, старанна збіраючы ўсе матэрыялы, якія магчыма ўключыць у выданне, вывучаючы шматлікія даследаванні жыцця і творчасці паэтэсы, успаміны пра яе сяброў, знаёмых, калег, пісьменнікаў і г. д., я зрабіла для сябе высновы, што мы шмат чаго не ведаем пра яе, амаль народную паэтэсу. Я маю на ўвазе не асабістае жыццё і падрабязнасці асабістых дачыненняў (хаця гэта заўсёды выклікае павышаную ўвагу ў чытачоў), а як яна змагла сваімі шасцю кніжачкамі паэзіі, напісанымі на працягу 25 гадоў, так зачараваць чытача, як ёй удалося напоўніць кожны радок такімі жыццесцвярджальнымі пафасам і энергетыкай, што, быццам пёры жар-птушкі, пульсуюць і напаўняюць цяплом нашы душы і цяпер.

У 1990 годзе выйшла пастанова Савета Міністраў, у якой другім пунктам значылася выданне збору твораў Яўгеніі Янішчыц: 

«ПОСТАНОВЛЕНИЕ СОВЕТА МИНИСТРОВ БЕЛОРУССКОЙ ССР
6 сентября 1990 г. № 222
ОБ УВЕКОВЕЧЕНИИ ПАМЯТИ Е. И. ЯНИЩИЦ

В целях увековечения памяти известной белорусской поэтессы Евгении Иосифовны Янищиц Совет Министров Белорусской ССР

ПОСТАНОВЛЯЕТ:

1. Минскому горисполкому совместно с Министерством культуры БССР, Союзом писателей БССР и Союзом художников БССР установить в 1991 году на могиле Е. И. Янищиц надгробный памятник сметной стоимостью до 1,5 тыс. рублей.

Финансирование сооружения указанного памятника осуществляет Минский горисполком за счет доходов, дополнительно полученных при исполнении бюджета г. Минска.

2. Государственному комитету БССР по печати, Союзу писателей БССР подготовить и издать до 1993 года собрание произведений Е. И. Янищиц.

Заместитель Председателя Совета Министров
Белорусской ССР Н. Костиков
Управляющий Делами Совета Министров

Белорусской ССР Н. Кавко»

Мала хто ведае, што самыя першыя вершы паэтэсы былі апублікаваны ў рэгіянальным друку ў 1961 годзе, як і самы першы празаічны твор (ва ўсіх энцыклапедычных крыніцах адлік творчага шляху пачынаецца з яе публікацый у рэспубліканскім друку, з 1964 года). З ліста да Генадзя Бураўкіна, датаванага 24.Х.1965 г., даведваемся, што 17-гадовая Жэня мела ўжо сваю творчую гісторыю, ёй пашчасціла апублікавацца ў рэспубліканскім друку і на яе вершы ўжо была напісана песня (не кожны масціты аўтар можа гэтым пахваліцца!):

«Вершы пачала пісаць у сёмым класе. А ў друку яны з'явіліся ў 1961 годзе ў нашай раённай газеце «Палеская праўда». Пазней гэтая газета зрабіла падборку маіх вершаў. А ў гэтым годзе вясной мае вершы ўбачылі свет на старонках «Чырвонай змены» і журнала (так у арыгінале. - С. Калядка) «Бярозка», а таксама з'явіліся ў эфіры радыёпраграмы «Арлянят». На адзін верш мне асабліва пашчаслівілася: Юры Семяняка на словы «Веры Харужай» напісаў музыку».

У гэтым жа 1965 годзе 21 верасня ў газеце «Літаратура і мастацтва» з'яўляецца падборка вершаў Я. Янішчыц з прадмовай Г. Бураўкіна «Будзем знаёмы - Яўгенія Янішчыц»:

«Вершы Яўгеніі Янішчыц мне спадабаліся адразу. Ды яны і не маглі не спадабацца - столькі ў іх было паэтычнасці і святла, захаплення жыццём і сваёй маладосцю. Я чытаў іх адзін за другім - і радаваўся той свежасці і непасрэднасці, з якой гаварыла са мной пачынаючая паэтэса...

Захацелася даведацца, хто ж гэтая дзяўчына з Піншчыны, ці не выпадковыя раптам яе ўдачы? І вось перада мной яе ліст і дзесятак новых вершаў.

Жэні Янішчыц семнаццаць год. Жыве яна ў вёсцы Рудка Пінскага раёна, ходзіць за пяць кіламетраў у Парэцкую сярэднюю школу, у 11-ы клас.

І - вершы. Паэтычныя, па-дзявочы шчырыя і непасрэдныя... Не, удачы былі не выпадковыя. Жэня Янішчыц, безумоўна, мае паэтычныя здольнасці, родная наша зямля беларуская кінула ў яе душу «іскру боскую». Толькі трэба не загубіць гэтую «іскру», не патушыць яе на нялёгкай дарозе ў літаратуру. Трэба - як гэта ні банальна гучыць - шмат працаваць. Каб пазбавіцца той літаратуршчыны, якая даволі часта гаспадарыць нават у добрых вершах. Каб набыць большай глыбіні роздуму і шырыні жыццёвых назіранняў. Каб празмерна не захапляцца сваёй маладосцю - яна ў рэшце рэшт, як гэта ні сумна, пройдзе. Каб кожны радок рабіць і звонкім, і важкім...

Адным словам, у Жэні Янішчыц наперадзе шмат - і, акрамя ўсяго іншага, шмат працы. Дык хай гэтая праца прыносіць радасны і шчодры плён! Хай дужэюць у маладой песні крылы, бо - хочацца верыць - палёт у яе будзе высокім!..»

Не ў кожнага прызнанага пісьменніка маецца такая шчаслівая гісторыя ўваходжання ў «прафесію». Творы Я. Янішчыц прэзентаваў сам Генадзь Бураўкін, рэцэнзіі на першы зборнік «Снежныя грамніцы» ў 1971 годзе напісалі такія вядомыя пісьменнікі і літаратуразнаўцы, як Ніл Гілевіч, Алесь Асіпенка, Анатоль Грачанікаў, Дзмітрый Бугаёў, Рыгор Бярозкін і інш. Пазней выступілі ў друку з водгукамі на яе вершы Рыгор Семашкевіч і Варлен Бечык. Можна сказаць, што цвет літаратуразнаўства прымаў удзел у фарміраванні індывідуальнасці маладой паэтэсы, кожны з пералічаных даследчыкаў лічыў патрэбным выказаць захапленне яе творчасцю, не забываючыся і пра парады на будучыню.

Увогуле, Д. Бугаёў і Р. Бярозкін мелі супрацьлегла антаганістычны ўплыў на творчасць Я. Янішчыц. Калі Д. Бугаёў сваімі ацэнкамі і развагамі акрыляў паэтэсу, даваў ёй веру ў сябе, то Р. Бярозкін, наадварот, увесь час вяртаў яе на зямлю. І ў абодвух шмат артыкулаў і раздзелаў у навуковых даследаваннях, прысвечаных Я. Янішчыц. Прафесійныя даследчыкі са звышадчуваннем тонкай матэрыі паэтычнага слова, яны змаглі разглядзець у маладой паэтэсы талент, які мае будучыню. Менавіта Р. Бярозкін рэдагаваў першы паэтычны зборнік «Снежныя грамніцы» і няшчадна крамсаў прапанавую маладым аўтарам кнігу, выкінуўшы з яе амаль палову тэкстаў, пра што згадвае паэтэса: «...ладкуючы свой першы зборнік, я з усёй лірычнай апантанасцю ўключыла туды амаль усё, што вылецела з-пад юнай рукі. Адным словам, як кажуць на вёсцы, замяшала і сена, і салому... І вось гэтыя «сена і салому» давялося якраз разбіраць у закрытай рэцэнзіі на зборнік паважанаму і вельмі сур'ёзнаму Рыгору Саламонавічу! І калі з выдавецтва «Беларусь» паведамілі, што зборнік на рэцэнзію аддалі менавіта Бярозкіну, то адначасова і абрадавалася, і збянтэжылася <...> і - без усялякай цырымоніі прапанаваў зняць шмат «вершаў», якія адносіліся да «саломы». Гэтыя знятыя вершы (як цяпер помню) толькі па аднаму пераліку занялі дзве машынапісныя старонкі з закрытай рэцэнзіі».

Ці апраўдана гэта зроблена? У пэўных выпадках - так, а ў іншых можна было дапрацаваць тэксты і ўсё ж такі ўключыць іх у кнігу. Аднак, як паказалі збор, апрацоўка і класіфікацыя вершаў Я. Янішчыц з архіваў, перыядычных выданняў, калектыўных зборнікаў, паэтэса не вярталася да няўдалага тэксту, не дапрацоўвала яго і не запазычвала ідэю няздзейсненага верша. Яны так і заставаліся ў архівах. Аўтарка ішла наперад са свежымі ідэямі, новымі вобразамі і не лічыла патрэбным вяртацца ва ўжо пражыты момант узрушэння і натхнення, падчас якога і пісаўся твор. Нельга перажыць двойчы той жа настрой, які кіраваў нараджэннем задумы.

У 1960-я гады лічылі за гонар апублікаваць вершы Я. Янішчыц газеты «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва», «Знамя юности», «Настаўніцкая газета», часопісы «Бярозка», «Маладосць», яе вершы ў перакладах ахвотна друкавалі расійскія выданні. Да прыкладу, амаль у кожнай падборцы, прысутнічаў верш «Беларусі» і быў апублікаваны ў 1960-я гады каля дзясятка разоў, аднак у першы зборнік ён не ўвайшоў. Думаецца, менавіта Рыгору Бярозкіну ён не спадабаўся тым, што быў прадстаўлены на старонках, «замыліў» вока і набіў аскоміну. Хоць ён і напісаны ў танальнасці вершаў першага зборніка, з юнацкай непасрэднасцю і аптымістычнымі акордамі:

Беларусі [1]

О Беларусь, азёрная старонка!
астаў мяне бярозкай у палях.
Хачу ліствой, мядзянаю і звонкай,
Услаць табе твой самы светлы шлях.
Хачу сяброўкай самай добрай, шчырай
Стаць юнаку, што ў роздуме панік,
Хачу, каб птушкі, што ляцяць у вырай,
Мне крыламі махалі з вышыні.
Зялёнай самай, самаю шумлівай
Хачу я ў спёку летнюю расці,
Каб падзяліцца шчасцем з нешчаслівым,
Каб падзяліцца сонцам у жыцці.
О, Беларусь! Мая зара над вёскай,
Мае сустрэчы, радасці, агні...
Хачу заўжды зялёнаю бярозкай
Шумець сярод тваіх азёр і ніў.

Але гэта толькі здагадкі. Факты мы атрымліваем з артыкула Я. Янішчыц «Праз трапяткое лісце год: Да 70-годдзя з дня нараджэння Р. Бярозкіна», апублікаванага ў сёмым нумары часопіса «Маладосць» за 1988 год, у апошні год жыцця паэтэсы. Гэты артыкул, напісаны ў форме ўспамінаў, нібы споведзь, пакаранне і апраўданне самой сябе. Вельмі патрабавальны Р. Бярозкін не хацеў бачыць ці ўспрымаць рамантычную настраёвасць многіх паэтычных твораў Я. Янішчыц, а ёй, аўтарцы з лірычным талентам, цяжка было пазбавіцца захопленага здзіўлення, радасці адкрыцця свету, шчырай любові да жыцця. Словы Р. Бярозкіна: «Шкада, што рамантычны плашчык ніяк з сябе не можаце зняць. Глыбіні мала. Сапраўднага мала. Такога, каб прабівала навылёт, каб за сэрца брала. А ўвогуле, Жэня, не пішыце больш падобных вершаў. Можа, я сказаў Вам надта рэзка, але інакш пакрывіў бы перад ісцінай» - можна ўспрымаць як загад змяніць падыход да літаратуры і жыцця. Але як стаць вопытным, сталым, відушчым, калі душа трымціць ад судакранання з прыродай, калі фантазіі вядуць у краіну, дзе «сіні вецер» і «сіні дзень», а каханне як прадчуванне, як праекцыя жыцця ў шчасці...

Уразлівая Жэня Янішчыц хутчэй за ўсё ўспрыняла словы Р. Бярозкіна як заклік да дзеяння. Можа, і не з'явілася б «выпакутаванасць», пра якую згадвае яна, у зборніках так рана, не ў адпаведнасці з узростам паэтэсы і яе жыццёвым вопытам. Можа, яшчэ другая і трэцяя кнігі радавалі б гэтай усеабдымнай любоўю аўтаркі, якая нас ахінула яшчэ ў першым зборніку, можа, услед за паэтэсай мы па-дзіцячы наіўна і ўсхвалявана адкрывалі б невядомае ў вядомым нам акаляючым свеце, жылі б у гарманічнай краіне яе цудоўных паэтычных фантазій, калі б не жорсткая просьба-загад - «зняць рамантычны плашчык».

«Крытычнае вока» Р. Бярозкіна заўважала ў паэзіі Я. Янішчыц тое, чаго не варта было чапаць, што павінна было і надалей жыць у ёй - рамантычную з'яднанасць з прыродай і людзьмі, і ўвогуле - з усім сусветам. Ці не атаясамліваў Р. Бярозкін «сантымент і сюсюканье», якіх заклікаў пазбягаць, з лірычным спевам Я. Янішчыц? Думаецца, што так. Сваімі крытычнымі заўвагамі ён усё больш і больш стрымліваў палёт паэтэсы-птушкі, не пускаў яе ў бяскрайнія прасторы вышыні, прымушаў вярнуцца на зямлю, якая жыла сваімі праблемамі. І птушка вымушана была «прызямляцца», наступаць на горла ўласнай песні.

Мне часам думаецца, што самаідэнтычнасць і ідэнтычнасць, якія навязваліся ёй крытыкай, не толькі не супадалі, але і надалі яе паэтычнаму слову тыя «трывожнасць», «выпакутаванасць» і драматызм, якіх не шукала і не разумела яе акрыленая душа. Безумоўна, пазней развод, ранняя смерць бацькі, цяжкія фізічныя траўмы пасля аварыі, крытычны стан сына падчас хваробы і многае іншае прымусілі Я. Янішчыц пасталець, дадалі яе паэзіі праўды жыцця, навучылі праводзіць «неміласэрную, пякельную працу са словам», і таму з'яўленне трагедыйнасці ў лірычных споведзях зборнікаў «На беразе пляча», «Пара любові і жалю», «Каліна зімы» выклікана перажытым, выпакутавана лёсам. Але сацыяльная залежнасць пісьменніка ад часу, праекцый літаратурнага руху, умоўнасцей пазалітаратурнага жыцця і шмат чаго іншага прымушае праводзіць самаідэнтыфікацыю з сацыяльна правільным, з прымаемым крытыкай, з умоўна азначаным як «узорнае».

Не хочацца думаць пра тое, што набылі б і чаго пазбавіліся чытачы, калі б паэтэса прыслухоўвалася толькі да поклічаў душы. На жаль, перыяд росквіту сацрэалізму ў літаратуры паўдзейнічаў на «адкарэкціроўку» многіх талентаў, тым больш калі яны былі далучнымі да афіцыйнага літаратурнага жыцця. Але цудоўна, што сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі мы можам звярнуцца да перыядычных выданняў 1960-х гадоў і знайсці там вершы паэтэсы, якія кімсьці калісьці не былі прыняты, якія былі ацэнены «крытычным вокам» як не адпаведныя шаблону «сапраўднага», якія па незразумелых прычынах паэтэса пакінула ў архіве і да іх больш не звярталася. Безумоўна, ёсць сярод іх і слабыя, і «хуткаспечаныя», і тыя, што не раскрываюць цалкам задуму, са стылістычнымі агрэхамі і г. д.

У гэтай падборцы мы прадставім вершы пэўнага перыяду - напісаныя ў 1960-я гады, і недатаваныя, што захоўваюцца ў сямейным архіве. Вершы розныя - і вартыя ўвагі чытача і апраўдана забытыя - каб за імі можна было разглядзець яшчэ больш уважліва, больш дэталёва, чым жыла паэтэса, што чапляла яе за жывое і прымушала пісаць. І гэта толькі маленькая частка яе творчай гісторыі.

Па выніках праробленай працы над стварэннем Збору твораў Я. Янішчыц можна сцвярджаць, што ў другім томе чытач убачыць сотні новых вершаў, сярод якіх тыя, якія з 1961 па 1988 публікаваліся ў беларускіх газетах і часопісах, калектыўных зборніках і таму для многіх яны паўстануць як новыя, і тыя, якія захоўваліся ў архівах горада і сямейным архіве і таму сапраўды стануць адкрыццём для аматараў творчасці Я. Янішчыц. Некаторыя з іх у гэтай публікацыі.

Яўгенія ЯнішчыцВершы Яўгеніі Янішчыц, якія друкаваліся ў перыядычных выданнях і калектыўных зборніках у 1960-я гады

НА РАЦЭ [2]

Нас, смешна мокрых, прабіраюць дрыжыкі,
І мы яшчэ на беразе дрыжым.
Каб сонца косы прасушыла рыжыя -
Давай да сініх плёсаў пабяжым.
[Хай нам услед кідаюць штосьці горкае,
Хай пляскаюць уладкі гарлачы...
А мы бяжым, шчаслівыя і гордыя:
[Нам словы ў двухкоссях] І кпіны нам з табою - ніпачым!]

[Глядзіш,] І наша лодка вырвецца з-пад берага,
І паімчыць за трыдзевяць зямель.
І ў нейкім царстве вольны вецер беражна
Нас высадзіць,
                           узрушаны,
                                           на мель...

ЗОЛУШКА [3]

Будзе восень з ранкамі золкімі,
Будзе ціхі асенні дождж.
Да цябе я казачнай Золушкай
Пад акно прыйду басанож.

І пакуль цішыня над вёскаю,
[Покуль ціха] блукаюць сны,
Я табе раскажу, як восенню
Можна хутка прыждаць вясны.

Не пужайся, што ночы золкія,
Што замёрзнуць [нядоўга мне] ногі мае.
Вугалькі запалю з вясёлкамі, -
[Будуць] Кветкі ўспыхнуць на зло зіме.

Таямнічаю чараўніцаю
Я прайду ля тваіх акон.
Ты назаўтра прачнешся рыцарам,
Будзеш думаць пра дзіўны сон...

* * * [4]

Я ведала прызнання
                                       дзіўны ўзлёт.
Я верыла яму да слепаты.
І я жыла сярод сваіх
                                            турбот,
Сярод турбот, якія ведаў ты.

Сплыла бялюткай песняю
                                                     зіма,
Другіх надзей успыхнулі агні.
Я ведаю, што больш цябе
                                                      няма.
Ды толькі рукі прагнуць
                                          вышыні.

* * * [5]

Ад веку дадзена нам мова
Не за мядзяк, не на
                                          павер.
І адкрывай яе нанова,
Як адкрываў яе Гамер.

Ты - валадар галосных,
                                                зычных,
Што даў табе далёкі род.
Сярод спляцення слоў
                                       музычных,
Жыве музычны наш народ.

О, час далёкі пышных
                                               баляў!
О, гусляры былых вякоў!
Я чую родныя цымбалы,
Іх гукі льюцца з-пад акоў.

Гуслярскі лёс князі рашылі,
Ды вось наказ жахлівых
                                                 дзён -
Ніводнай ноткі не сфальшывіць
І зберагчы агонь і звон.

Тых гукаў вецер не развеяў,
І я былое не кляну,
Калі паэт надзейна вельмі
Кране паэзіі струну.

* * *  [6]

Я на тваё: «прыйду не скора»
Прыціхну і не адкажу...
Пайду у цемрадзь цераз
                                              горад
Насустрач гулкаму дажджу.

А потым будзе моцны вецер
Шпурляць лістоту дзень пры дні.
Калі ты ёсць на гэтым свеце,
То не звані мне. Не звані.

* * *  [7]

Я дзякую за тое, што было.
Не трэба хвалявацца і журыцца.
Цябе залётным ветрам аднясло
І вір маіх вачэй не праясніцца.

Не трэба ў апраўданне важкіх слоў.
Ты можаш заўтра шумна весяліцца.
Я дзякую за тое, што прайшло
І што не можа болей паўтарыцца.

Вершы, якія захоўваюцца ў сямейным архіве
(у сына Андрэя)

* * *

Выбелены памяці палотны.
Шчотачка сцягі, як сенажаць.
Мне над песняй шчыраваць і лётаць.
А табе - чакаць.

Ёсць куток у сэрцы запаветны,
Дзе не падбіваюць і не лгуць.
Бачу, як над кручаю. І светам
Дзве дарогі босыя бягуць.

У абоіх - свята ёсць і страта.
Азарэнне ёсць. І ёсць дакор.
Ды галубіць нашы сцежкі мята,
Святаяннік, доннік і чабор.

Як ісці, куды - відно мне, мама,
З вышыні пагоркаў і бяроз,
Покуль не ахоплен чорнай рамай
Твой і мой нястомны дзень і лёс.

ВЯРТАННЕ СВЯТА

Да суцяшэння, да - непаўтарэння,
Дзе кожны міг нацяты, як кап'ё,
Палосачкай жытнёвага прамення
Было вяртанне гордае тваё.

Я сум вясны работаю тапіла,
Сціраўся са знаёмых дружбы грым.
Ніводнай рыскі я не разгубіла
Ва ўсім тваім абліччы дарагім.

Хай скажуць мне: «Яна зусім аслепла».
Хай скажуць: «Як забітая, маўчыць».
Ні нагаворы гнюсныя, ні пекла, -
Нішто з табой не можа разлучыць.

* * *

Там голас мой садзіўся і дрыжаў
І сэрца халадзела, што ільдзіна.
Цяпер смяюся я з пустых праяў,
Дзе і калі - каму? - не дагадзіла.

Мой дольны свет зацяты і раскут
Наколькі можа сэрца і прырода.
Паэт - угоднік рыфмаў і пакут,
З пакут і пут ягоная свабода.

Яшчэ растуць, яшчэ шляхі звіняць
Ад маразоў пякучых - да адлігі.
Дык што ж, нястомны прывід, прошу знаць:
Мая любоў жыве не для інтрыгі.

Здабытак творчы - тайнаю завецца
(Як ведама, яна не прадаецца).
І той, хто за сціло ўсур'ёз бярэцца,
Хай першым чынам... зайздрасці ўсміхнецца.

ХЛОПЦУ НА СХІЛЕ ЖНІЎНЯ

Бяроз пажоўклых рабацінне
Ды пры дарозе - іван-чай,
І ты стаіш на пуцявіне,
Пракляўшы морак і адчай.

О гэты родны мне хлапчына,
(Дзе ў сэрцы - горад і сяло) -
З напаўтрагічнымі вачыма,
З якіх славяніцца святло!

Табе гадоў не так і многа,
Каб зоўны дух уберагчы.
Над чым імкне твая дарога:
Над сном ці пусткаю ўначы?

О як трывожна ў нашай хаце!
А думка круціцца ізноў:
Няўжо й твая надзея, браце,
Ляжыць праз могільнік сланоў?

Дабрыдзень, доля і свабода,
Якія нішчыў герастрат.
Тут боль і лёс твайго народа
Не анямеў яшчэ ад страт.

І ты стаіш, як вінаваты
За гэты люд, за родны край.
Адно: ці вернемся дахаты? -
Пытанню сціхнуць не давай!

ЖАНОЧАЕ СЭРЦА

...І мітусня, і гнюсны пошапт,
І сарачыны пераплёт.
Ды - зноў! - зялёная раскоша
На скрыжаваннях ўсіх грымот.

І ўпасці хочацца у травы,
У шызы ранішні туман
Яму, што знала золь зняславы
І крывадушша, і падман.

За нейкіх два смяротных крокі
(Туды-сюды, сюды-туды!) -
Яно вісела буйнай кропляй
Над прорвай аспіднай жуды.

Залевай слалася навала
І на шматкі ляцеў санет.
Яно ж рыдала і спявала
Ізноў прабіўшыся на свет

І клікала ў адзінаверцы
Таго, хто б мог не спасаваць.
...Ты думаў, што жаночым сэрцам
Так лёгка можна кіраваць?

БЫЛЬ 1944-ГА ГОДА

Ні гуку. Толькі хіба
Ідуць нацята дні.
Паўторны стук у шыбу:
- Марыя, адчыні!

Аціхла, нібы рыба
Ў падводнай глыбіні.
Грымотны стук у шыбу:
- Суседка, адчыні!
З трывогі - ні на волас
Прысыпу не было.
(І ўсё ж знаёмы голас:
Каго б та прынясло?)

Газнічку запаліла.
Зайшоў у хату госць.
- Я ад твайго Данілы,
Знясі яму, як ёсць
Адзежыну і сала,
Ён ранены ляжыць...

І покуль не ўсвітала,
Лагчынаю бяжыць
Трывожная жанчына
(Адно, адно б: паспець!)
І раптам прад вачыма:
- Куды цябе нясець?

- Ямелька, - ломіць рукі, -
Няўжо завёў у зман?

- Ты тут і здохнеш, сука.
Прывет ад партызан.

.  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  .  . 

[Вайна] Народ падлічыць страты,
Герояў назаве.
А [хіжы] смелы правакатар
Павесіцца ў хляве.

ІРАНІЧНАЕ

Зноў паверу, нібы брату,
Хітрым выдумкам тваім.
Ды накрыю небам хату,
Ды сатку з расы кілім.

[Палічу
За давер прыму падман]
Блізка так пачуцці нашы -
Што ні стрэча - то урок.

Навару з лясіны кашы
З крапівы саўю вянок.

О, мой колішні, не злуйся.
Колькі ж лет прайшло і зім?
Пацяшайся, ці частуйся
Бедным [Шчырым] сэрцайкам маім!

[Не накрыю небам нрбр]

* * *

Я пад вечар цеста раскатаю,
Юшкі навару у чыгуне.
Ці смяешся многа, запытаю
І сумуеш многа, а ці не?

Цераз пень-калоду дроў наколеш,
Лужыну абыдзеш стараной.
Жыць з табой я не змагла б ніколі,
Як і ты, разумнік мой, са мной.

* * *

За маімі варотцамі
Ходзяць белыя зімы...
                З ненапісанага верша.

Снег накрыў кляновыя вароты,
Запарушыў твой нядаўні след.
Засталася ціхая самота
Ды сівы распытлівы сусед.

Я яго, старэнькага, уважу:
Хлеба прынясу і малака,
Гляну, нават жэстам не заўважу,
Як трасецца бледная рука.

Апячэ, да слёз мяне, прыветна,
Адгукнецца, нібы з нематы:
«Ад чаго, душа мая, так светла,
Калі дзверы адчыняеш ты?»

Горы снегу. Жалю кіламетры.
Паўтару я словы сівіны:
Ад чаго ж, душа мая, так светла,
Што ні сну не знаеш, ні віны?

Беглы след, як росчырк самалёта,
Ланцужок дароны - без патрэб.
...Дык здароў, павечная работа,
Чорная, як наш надзённы хлеб!

* * *

Я гордая, да фальшу я - спіною.
Я гордая, мой дружа, не для ўсіх.
І перш, чым пазнаёміцца са мною
Адзін дзівак дапытваўся ў чужых...
Не знаю я, што пра мяне казалі
Яму. Але і ведаць не хачу.
Я гордая, о так, нібы скразная
Любоў і рана ў час, калі маўчу.

Я гордая, калі кранаю словы,
Нацятыя, нібыта цеціва.
Я слабая, дзе ў возеры размовы
Губляецца спакой і галава.

Ніжэй сумлення мне пытацца: хто ты,
Які - адзін і між людзей - які...
Хачу тваёй адзінае пяшчоты
І - як баюся дотыку рукі!

* * *

Меней - варожасці. Болей - сумлення.
Дыбіцца чорнае ярасці конь.
Ах, пакаленне! Як горку палення,
Па аднаму нас расцягне агонь.

[Молімся памяццю не на багоў -
Оды усё-ткі пяём чалавеку.
...Хлопчыкі, што ж Вы?! І я не для здзеку
Няньчу адзінага сына свайго.]

Молімся мёрзлым вякам. І [нрбр]
Молімся жыту, - пачатак адсюль!
Коні ліхія і сцежкі - ліхія
Ды не ўзбаяцца напыжаных куль!

* * *

Неакрэслена, ды ясна
Размывае берагі.
Столькі ведала я красак!
Столькі зведала тугі!

Досыць ужо, нібы на ліха,
Вывучаць мой горкі бег.
...Павярну ў прытулак ціхі,
Дзе ідзе глабальны снег.

НЯЗВАНЫ

Жар, ці бяссонне з-пад павек?
Прыходзіць дзіўны чалавек,
Такі ж святы, як мы, і грэшны
Паміж нізрынутых багоў.

І ён стараецца усцешыць
Ярмо пакойчыка майго.

Я цень сачу і буйны град.
Злятаюць словы неўпапад.
Згушчаюцца ілба маршчыны,
А голас здзіўлена звініць:

Ён мне даводзіць, што мужчыны
Не ўмеюць хныкаць і хлусіць.

Я сон сачу і зарапад.
Сплываюць словы неўпапад.

Як быццам, госць нязваны - рады,
Але не знае аднаго:
Што ані ласкі, ні спагады
Я не жадаю ад яго!

НЕ БАЧУ

Было: ён прывячаў маю удачу,
Каб потым патушыць, нібы свячу.
Ён добры? Але я яго не бачу,
Ці не таму, што бачыць не хачу?

АСЕННІ АСТЭРБЭЙ

- Ну, як жыццё?
- О'кей!
Пазбыты смутку ноты.
Асенні Астэрбэй
Ва ўладзе пазалоты.

Вячыстыя ствалы
Цвітуць на даляглядзе.
...Гасцінныя сталы
Па-беларуску ладзім.

Яшчэ нам шлях вярстаць
У труднай перапалцы.
Ды бульбачка з кастра
Не апякае пальцы.

Ах будзе дзень вясёл,
Нібы праменьчык [шчыры] весні.
І ўдумлівы пасол
Адчыніцца праз песню.

Пры зорах, давідна,
Падобна восень дзіву.
А песня ў нас адна -
Малітва за Радзіму.

РАССТАЙНАЕ

Не шкадуй мяне у час ад'езду
І не сей на вецер горкіх слоў.
Паміж намі - белы май і бездань,
Скрыжаванне гордае вятроў.

Непапраўна, з ласкай і адчаем,
Маючы свабодныя правы,
Час і нас ад клятвы адлучае,
Нібы Льва Талстога ад царквы.

Не гаруй, далёкі, сінявокі,
Заўтра сонца пусціцца ў падскокі.
Заўтра купіш новую пласцінку,
На якой пяе Мірэй Мацье.

...Ва ўнісон журбе, ці пуцявіне
Падпяю ў калючай цемнаце.

ІМПРЭСІЯ З ЛІСТКОМ

Дагарае лісце на ляту.
Нудны дождж. І восеньскія хмары.
Я сваю адчую легкату
Пешкам
                на сталічным тратуары.

Сёння дзень такі - як я хачу!
І на твары - сонца залацінкі.
Вось ужо, як лісцік той лячу,
Вось ужо сама лягчэй лісцінкі.

Рух які гляджу! Які маштаб!
Што яшчэ плануецца ў праспекце?
Ды мяне не столькі мала,
                                                 каб
Знёс кудысьці першы стрэчны вецер!

МАЛЕНЬКАЯ ФАНТАЗІЯ [ІМПРЭСІЯ]

Дагарыць узор кашулі.
Вып'юць засухі раку.
І праедзе конна шулер
На апошнім мужыку, -
(Гэтак страшна мне здаецца!..)
А тым часам на зямлі
Дождж ідзе, мужык смяецца,
Зацугляўшы «Жыгулі».

НЕЗАБУДКІ

Ад бяссоння - да ранняй прабудкі.
Вецер, грузныя хмары развей!
Расцвітуць па вясне незабудкі -
І нічога не будзе мілей.

Мой паклон, гваздзікі і цюльпаны, -
Батанічных садоў стрыгункі.
Як завуць цябе, незакаханы?
...Незабудкі цвітуць ля ракі.

Не-за-будзь! Незабудкавы купал
Па-над памяццю ціхай раскрыль.
Ты, што ведаў мяне непадкупнай -
Адгукніся праз тысячу міль.

Дай вясноваму цуду здзівіцца,
Не адвесці - бязлітасна! - воч.
Гром гуркоча і сцежка дыміцца...
Незабудкамі ўсыпана ноч!

БОЛЬ

З нявопыту, ах змаладу,
Нібыта соль на раны -
Я ёй пісала пра бяду,
Пра дзень неўладкаваны.

Ахрышчанай сівой вайной,
Глядзеўшай ў вочы смерці -
Я сум зялёны слала ёй
У пухленькім канверце.

Дзесь думка свеціцца ў акне.
Праз вечар свой жытнёвы
Пісьмо матуля піша мне -
І выбірае словы.

РОДНАЕ

Як ільсніцца маладое лісце
І ў акно ірвецца пах травы!
А не маю веснічак, каб выйсці
Ды паслухаць хоць бы плач савы.

Чыста маё поле, луг мой недзе
І надзей зялёных астраўкі.
Гарадскія [мудрыя] суседзі
Абступілі, бы вартаўнікі.

За сцяжынку кожную крутую,
За чарэмхі кусцік трапяткі
Так жыву, нібы сябе вартую,
Прыкаваўшы голас да ракі.

Ды баіцца горасная маці,
Соль жыцця спазнаўшы змаладу,
Што без мужыка ў вясковай хаце,
Як былінка ў полі, прападу.

* * *

Раскол дарогі,
                          як пытанне
У паўнаводных берагоў.
І пішуць вершы пра каханне,
Даўно забыўшыя яго.

Душа пазбылася гаркоты:
Ёсць сыты кус. І ёсць віно.
І ёсць радкі, нібы для нотаў
Прыгатаваныя даўно.

Алегра будзе. Будзе скерца,
Дзе напалову - сум і фарс.
І толькі сэрца, струны сэрца
Адкажуць поўнасцю за нас.



[1] Публікаваўся ў зб. «Натхненне: Вершы маладых паэтаў - студэнтаў БДУ імя У. І. Леніна». - Мінск: Беларусь, 1967.

[2] Публікаваўся ў газ. «Літаратура і мастацтва» ў 1965 годзе за 21 верасня, С. 3. Тут падаецца аўтограф, які захоўваецца ў БДАМЛМ, ф. 12, воп. 1, спр. 1044. З пазнакай: змешчана ў 76. З рэдактарскімі праўкамі. У квадратных дужках - закрэсліванні паэтэсы.

[3] Публікаваўся ў газ. «Літаратура і мастацтва» ў 1965 годзе за 21 верасня. Падаецца па аўтографе з праўкамі, які захоўваецца ў БДАМЛМ, ф. 12, воп. 1, спр. 1044.

[4] Публікаваўся ў часопісе «Маладосць» у 1968 годзе, 7. С. 46-47

[5] Публікаваўся ў часопісе «Маладосць» у 1968 годзе, 7. С. 47.

[6] Публікаваўся ў часопісе «Маладосць» у 1968 годзе, № 7. С. 47.

[7] Публікаваўся ў газ. «Літаратура і мастацтва» ў 1969 годзе за 25 сакавіка. С. 3.

 

 

Каментар

Каб карыстацца гэтай формай Вы павінны мець наладжаны javascript...

Варта скарыстаць і дыпломную работу Януся Мальца 'Створаная сэрцам. Паэзія Яўгеніі Янішчыц'.(Кіраўнік д-р А. Лойка.)

Напісаў Сяргей Панізьнік,
Дата 10/19/2014 Час 16:40

 1 
Старонка 1 з 1 ( 1 Каментар )

Каб пакінуць/прачытаць каментары - зарэгіструйцеся (залагіньцеся)
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 526
mod_vvisit_counter Учора 1157
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 5756
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 49429