Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 

“Перад патопам” Друк E-mail
24.05.2014 | 15:38 |
Пісьменнік Эрнест ЯлугінПісьменнік Эрнест Ялугін адзін з буйнейшых таленавітых і моцных  аўтараў гістарычных раманаў на Беларусі. Менавіта яму належаць аповесць "Камяні Млечнага шляху", раманы "Мсціслаўцаў посах", "Астравы", "Алжырская  пастка", "Ідзі і кажы", "Перад патопам". Першыя  названыя тут творы выходзілі за савецкім часам масавым накладам. Пісьменнік стаў папулярным. Адметнасцю апошніх двух  кніг з'яўляецца тое, што прысвечаныя яны драме  беларускай прадзяржавы -- Вялікага Княства Літоўскага. Апошні раман выйшаў у гэтым годзе, і аўтар раскрывае у ім  падзеі, што  адбываліся за каралём Польшчы і вялікім князем Літвы (ВКЛ) Жыгімонтам-Аўгустам. У кнізе  пераканаўча і яскрава падаецца, як у пагрозлівы для ВКЛ час  заключалася  Люблінская унія.

Прапануем чытачам два раздзелы з рамана Э.Ялугіна "Перад патопам", па часе -- Унія пакуль яшчэ не заключаная, а стрыжань напружання -- адносіны з Масковіяй і царом Іаанам Чацвертым.

Раман Э.Ялугіна “Перад патопам”25. Воля сената: "Nunquam!"[1]

... Маскоўцы ўступілі ў Фінляндыю, Карэлію, асадзілі Выбарг. Сцены гэтай крэпасці праламіць з ходу, праўда, не ўдалася, затое, паколькі шведскіх войскаў паблізу было мала, лёгка грамілі іх атрады, адначасова спусташаючы і спальваючы наваколле. Знішчылі вёскі па ўзбярэжжы Ваксы, захапілі амаль не ўмацаваны горад Найшлаг. Ціхмяных мясцовых сялян - чухонцаў, карэлаў, лапландцаў, фінаў нахапалі столькі, што моцнага маладога мыжыка на рынку рабоў бліз Пскова аддавалі за грыўну, а дзеўку - за пяць алтын. Старых, дзятву проста забівалі, часцей тапілі ці кідалі ў агонь. Шведскі кароль стары Густаў запрасіў у выніку міру на любых умовах. Масковец не адгукнуўся, яшчэ было нявыгадна. Даходзілі звесткі, што ваяводы і баярскія дзеці, адчуўшы смак лёгкай і багатай здабычы, прасілі гасудара, каб загадаў заадно павярнуць і на суседнюю Лівонію, ці Інфлянты, разведаўшы, што і табм войска слабае, а бароны нядружныя, кожны сам па сабе, гараджане ж ільсняцца ад тлушчу, разбагацелі.

Тым часам шведскі Густаў пачаў паспешліва рассылаць ганцоў да бліжніх і дальніх суседзяў - у Вялікае Княства Літоўскае, Польшчу, Прусію, Данію, заклікаючы пакуль не позна агульнымі высілкамі спыніць небяспечную прагу маскоўца да захопу чужых земляў, што можа непазбежна абярнуцца цяжкімі бедамі для ўсіх, у тым ліку голадам і моравым паветрыем. Швед пераконваў і англійскую каралеву Марыю - не варта дапамагаць усходняму драпежніку ваеннымі таварамі і майстрамі па вырабу зброі. Цяпер гэта Англіі здаецца выгадным, але ці не спрацуе супраць яе ж інтарэсаў у далейшым.

Нарэшце ў Вільню прышла вестка: масковец дазволіў з'явіцца да сябе шведскім паслам, якіх перад тым доўга трымалі ўвогуле амаль у вязенстве. А тым часам запрашаліся ў Маскву і літвіны.

Вельмі разлічвалі, Растоўскі падкажа, якія ў сапраўднасці настроі ў Іаана Чацвертага і на што можна разлічваць у часе перамоў, але перад самым амаль ад'ездам дэлегацыі ў Маскву тайны ганец перадаў: князь Сямён разам з блізкімі суродзічамі схопленыя і падвяргаюцца лютым катаванням, у выніку якіх прызналіся, што збіраліся бегчы ў Літву, а сам галава роду ачарняў цара і раскрываў дзяржаўныя тайны.

Спачатку было вырашана: выдаў родзіч, князь Нікіта Лабанаў-Растоўскі, які быў затрыманы ў Тарапцы, калі спрабаваў перабрацца праз мяжу на літоўскі бок. Затым з Масковіі паступіла ад выведніка важнае ўдакладненне: Лабанава яшчэ і не дапытвалі, калі Сямён Растоўскі ўжо быў абвінавачаны ў здрадзе. А прывёз на яго данос царскі дваранін Астаф'еў, які знаходзіўся ў Вялікім Княстве ў якасці ганца. Выходзіла, Растоўскага выдаў нехта з віленцаў.

Страта вялікая, а ўсё ж хоць і скупавата, а па-ранейшаму тое-сёе з таямніц маскоўскага гасудара дазнавацца ўдавалася.Упільнаваць днём і ноччу кожнага чалавека ахоўнікам было складана. Да таго ж на пасольскае падвор'е  Вялікага Княства маскоўцы запраторылі яшчэ і шведаў, каб спадручней было наглядаць за ўсімі ў адной загарадцы, а гэта яшчэ сто пяцьдзесят адных падвод у дадатак, з сенам, фуражным зернем, хлебам, нарэшце з падарункамі маскоўскаму гасудару, ягоным дамачадцам і думным баярам, таму людзей сноўдае туды-сюды як на базары, сотні, адны ўнутры, другія звонку, за варотамі, дзе і начуюць пад вазамі, аблога хоць і шчыльная, а ці ж прасочыш за кожным.

Збаражскі ў выніку загадзя дазнаўся: Іаан Чацверты на вечны мір не пагодзіцца, хоць бы і прызналі за ім тытул цара цароў, задума насамрэч у яго іншая - рознымі спосабамі аслабіць Вялікае Княства і Польшчу, задурыць, каб не рыхтавалася да ваеннага супрацьстаяння з Масковіяй. Вось настойліва прапануе заключыць дамову аб сумеснай вайне супраць Крымскага ханства. Справа сапраўды нібы і вельмі слушная. Крыважэрнага цмока, які ўжо ці не стагоддзе, з часу, калі яго не дабіў Вітаўт, бо разлічваў наадварот, на ўдзячнасць і дабразычлівасць, грабіць і знішчае ўсё жывое на паўднёвых землях Вялікага Княства. Але ж заключыць дамову, што першым у вайну ўступіць Жыгімонт-Аўгуст? А калі потым акажацца - масковец не толькі не паслаў і свае войскі на Крым, а дамовіўся з ханам аб сяброўстве? Паміж тым як крымчакоў абавязкова ж падтрымае турэцкі султан. Тады маскоўцам можна гуляючы дайсці да Вільні, а то і Кракава. Ці ж не было колькі разоў, калі маскоўцы адступаліся ад сваіх абяцанняў? Таму самае лепшае - проста заключыць сапраўды моцны доўгатэрміновы, а лепей бы вечны мір і па-хрысціянску захоўваць яго. Дзеля чаго, канешне, адмовіцца ад раней захопленых у Вялікага Княства валасцей з гарадамі, перш за ўсё - Смаленска.

У адказ пачулі раздражнёнае: "Паны, како і говоріть то, чего і во сне не прігрезітся? Как тому взойті, что гніло посеяно? Только понапрасну істому прінімать. Так будем ладіть перемірье на чем стоім."

Толькі зноў перамір'е? І ўсяго на шэсць гадоў? Што за лічба? Ды хоць бы ўжо на пятнаццаць.

Масковец як рогам упёрся: шэсць. А хочаце болей - аддайце "нашы" Белую Русь, Украйну левым берагам Дняпра.

Збаражскі рукамі развёў: "Баяры вялікія! Ды злітаваліся б, суседзі, па-хрысціянску! Гэта ж нібы жывое цела рассекчы."

На пасяджэнні тайнай рады вышэйшае панства займала месцы, нагрэтыя яшчэ бацькамі, а то і дзядамі, новыя людзі сюды траплялі рэдка. Дворны маршалак у асноўным хутчэй дзеля прыдання важкасці сваёй пасадзе назіраў, каб захоўвалася чыннасць. На пярэднія крэслы, па даўняй традыцыі так і завёмыя "лавіцай", садзіліся віленскія каталіцкі біскуп і ваявода з кашталянам, побач - троцкія ваявода з кашталянам і вялікакняскі намеснік, або староста Жэмайціі, канцлер дзяржаўны, гетманы земскі, або вялікі, і польны, які кіраваў памежнымі войскамі. Другую лавіцу займалі каталіцкія ж біскупы кіеўскі і луцкі(ён жа берасцейскі) і жэмайцкі. І ўжо за імі ваяводы земляў - полацкі, віцебскі, наваградскі, смаленскі, Падлесся, Валыншчыны, менскі, мсціслаўскі, брацлаўскі і дзяржаўны, або земскі скарбнік.

Ніжэй садзіліся запрошаныя князі і паны, за імі - прыдворныя чыны, у тым ліку вялікакняскі канюшы, крайчы, лоўчы, падкаморый, стольнік і падстолій, чашнік і падчашы, харужыя земскі з дворным, пісары дзяржаўныя, а таксама кухмістр.

Асобнай купкай тоўпіліся запрошаныя саветнікі ў даручаных ім справах. Звычайна ўсіх чалавек сорак пяць ці крыху болей. Аднак калі вырашаліся пытанні надзвычай важныя для дзяржавы, у палаце заставаліся разам з вялікім князем (зразумела - ён жа і кароль) паноў пятнаццаць, выбіраў іх канцлер. У асноўным з верхняй і другой лавіцы, а сачыў за парадкам дворны маршалак.  Гэта і была ўжо зусім тайная рада, альбо сенат.

Выдаляліся пад час пасяджэння сената нават дзяржаўныя пісары, пакідаўся толькі адзін з іх, асоба давераны, які лічыўся намеснікам дзяржаўнага сакратара-сенатара, і цяпер гэта быў Міхал Гарабурда.

Жыгімонт-Аўгуст у гарнастаевай мантыі і трымаючы ў правай руцэ адмыслова аздоблены жэзл - знак сваёй гасударскай годнасці, сядзеў перад панствам на невысокім узвышэнні на тронным крэсле, аздобленым адчаканеным з золата дзяржаўным гербам, на тры крокі ззаду стаялі дваране-целаахоўнікі, а бліжэй - дворны маршалак, які выслухоўваў гасударскія распараджэнні і запыты, наглядаў за парадкам і кіраваў усімі службоўцамі ад струцкасаў да пісараў з пісарчукамі. Апошнія цешылі Жыгімонта-Аўгуста сваімі маладымі тварамі і жыццярадаснасцю, якая не-не ды праяўлялася - усмешкамі, імклівасцю рухаў, нягледзячы на знешнюю стрыманасць і выявы вялікай пачцівасці да паноў-радных і дворных вяльмож. Затое сенатарскі гурт наводзіў на Жыгімонта-Аўгуста ціхую амаль што роспач: на каго ні зірні - старызна і старызна. Азызлыя твары, жываты выпіраюць з багата аздобленых кунтушоў піўнымі бачонкамі, ходзяць, неяк асядаючы азадкамі на прыгнутыя ў каленях ногі. Сівыя, аблезлыя, і выглядалі б канчаткова па нейкіх прычынах непахаванымі мерцвякамі, каб не гэта звычная пыха, не раздзьмутыя прагай ноздры, не хцівы бляск вачэй, уцягнутых у глыбіню чэрапа ў адных, а ў другіх наадварот - вырачаных, нібы іх нешта выціскала вонкі. Пераважнай бальшыні час даўно б сысці на спакой, даглядаць унукаў, але ж будуць трымацца за пасады пакуль і дух вон. А за сваё па сутнасці безсэнсоўнае, калі не шкоднае панаванне гатовыя плаціць чужымі лёсамі і жыццямі, іншым разам і ўласных дзяцей, як тая ж Беата Астрожская, празваная літвінскай Месалінай.

Старое, змярцвелае не толькі замаруджвала, а то і ўвогуле не давала ўзрасці і расквітнець маладзейшаму лепшаму, яно разбэшчвала, станавілася заразай для парасткаў новага. Жыгімонт-Аўгуст адчуваў гэта нават па сабе, таму разумеў Іаана Маскоўскага, які, па звестках, здабытых выведнікамі Валовіча, рыхтаваўся " прарэдзіць" замшэлае баярства, замяніць яго маладымі прызначэнцамі ў асноўным з бязродных дзяцей дваранскіх. Ды лепей бы Іаан гэтым і працягваў займацца, а не гуртаваў сваю згаладалую чэрнь дзеля грабежніцтва і забойства суседзяў.

Жыгімонт-Аўгуст дапытліва агледзеў панства. Так, пераважная бальшыня - мала таго, што старызна, гэта яшчэ і своекарыслівыя хітруны, багатыя пыхай і бедныя разважлівым розумам, каб вырашаць не толькі свае дробныя, а і агульнадзяржаўныя справы. Ды хутка, хутка, як не аднойчы ў запале патрабавала найяснейшая Бона, яго маці-нябожчыца.

Да чаго ж мала маладых і адухоўленых твараў! Такіх, як хаця б у гэтага Гарабурды. Аб нечым перашэптваецца з запрошаным на пасяджэнне віленскім купцом Дземянцеем, у таго таксама твар, асветлены розумам. І годнасцю. У Дземянцея сяброўскія, даверныя адносіны з купецтвам Ноўгарада, Масквы, казаў Валовіч. Само сабой, ёсць надзейныя сувязі з Рыгай і лівонцамі. Веры цвёрда трымаецца праваслаўнай. Аднак нездарма і католік, нябожчык біскуп Павел ухваліў прапанову Радзівіла Рудага іменна яго паслаць у Маскву да ўплывовага ў гасударскай думе князя Івана Шуйскага і мітрапаліта з лістом-просьбаю паўздзейнічаць на Іаана Чацвертага, каб прадоўжыў замірэнне дзеля гаспадарчай карысці абодвух дзяржаў. І ці то сапраўды клопаты Дземянцея паспрыялі, ці так абставіны склаліся, што Іаан, улезшы ў вайну са шведамі за балтыйскае ўзбярэжжа, такі даў апасную грамату на прыезд паўнамоцных дзяржаўных паслоў Вялікага Княства.

Побач туліцца, бачна, што адчувае сябе ніякавата ў шляхецкім асяродку, другі прасталюдзін - Кузьма Мамоніч, спраўны купец і старшыня рады віленскіх гараджан. Разам са сваім братам, Лукашом, валодаюць крамамі, млынамі, у тым ліку для вырабу пораху і паперы. Ладзяць яшчэ і друкарню, ужо атрымалі на гэта прывілей.

 Кузьма запомніўся з часу, калі пасля недароду ў краіне жыта пачаўся голад і хлеб мала таго, што неймаверна ўздаражаў, людзі душыліся ў чэргах, каб купіць, у Вільні гараджане з усіх канцоў і слабод натоўпамі пайшлі да ратушы. Яшчэ б крыху - і ўсчаўся б бунт з пагромамі ўсяго і ўся, лавак, імбараў, багатых сядзіб і манастырскіх падворкаў з напакаванымі розным харчам клецямі. Прапановы ўзяцца за сякеры і доўбні ўжо гучалі, таго-сяго з багацеяў, хто трапіў пад руку, ужо ссадзілі з коней і лупцавалі. Заставалася канчаткова вызначыцца атаману, каб раздзьмуты агонь нянавісці да багатых паноў палыхнуў крывавым пажарам паўстання накшталт таго, што адбылося ў Чэхіі.

Шал удалася запыніць дзякуючы ў першую чаргу братам Мамонічам і іхняму суродзічу, Івану Зарэцкаму, бо карысталіся вялікай павагай у асяродку гараджан. Тыя саставілі ад імя простых месцічаў, што запоўнілі ўсю плошчу перад ратушай, скаргавы ліст да вялікага князя і неяк у тлуме здолелі вылучыць надзейных людзей, хто панясе скаргу ў замак.Узначаліць дэлегацыю натоўп даручыў Кузьме Мамонічу, надта рызыкоўны гонар.

Азлобленыя і настрашаныя бунтам галоднай чэрні, ваявода Радзівіл Чорны і начальнік дворнай харугвы раілі: упусціўшы паслоў чэрні ў замчышча, усіх схапіць і павесіць на варотах. Але ён, Жыгімонт-Аўгуст, нездарма цікавіўся гісторыяй і тым, чым часцей за ўсё падбныя расправы заканчваліся. У той жа Чэхіі. "Вытрымка! - цвёрда загадаў харужаму і астатнім афіцэрам. - Паставіць ля зараджаных гармат бамбардзіраў з запальнымі факеламі, аднак справядлівасць патрабуе auditon et altera pars."[2]

Падначаленыя не надта цямілі ў лаціне, затое зразумелі пачатак распараджэння: гарматы зарадзілі, факелы запалілі і сталі чакаць наступных загадаў, на роднай мове.

Пасланцы ў асноўным аказаліся з членаў магістрата, вось ён, Жыгімонт-Аўгуст, і абрынуўся на іх з сустрэчным папрокам: як пасмелі дапусціць такое ў горадзе! Прышлі скардзіцца на адсутнасць хлеба, а хто перш-наперш вінаваты? Магістрат. Бо служба вялікакняскага намесніка Вільні даводзіць: зерне з правінцыі хоць і ў значна меншай колькасці за ранейшае, скупа, аднак жа паступае! Значыць, да такога дайсці не магло, каб месцічы паміралі з голаду. То дзе зерне? Бо магістрат жа, згодна Магдэбургскага германскага права, гораду дадзенага, самастойна мае права сачыць за парадкам і дабрабытам насельніцтва.

Кузьма Мамоніч, упарта нахіліўшы наперад вялікую аблыселую галаву, прамовіў: так, гораду дадзены прывілей на самакіраванне. Але ў той жа час гандлёвыя стасункі ў Вільні, у тым ліку такія важныя, як пастаўка і расход зерня, знаходзяцца па-ранейшаму па-за наглядам магістрата, у магнатаў і каталіцкага біскупа. А вялікіх паноў і, нажаль, святога патэра аднолькава спакусіў бес даволі лёгкай і хуткай спажывы - вытворчасць і продаж гэтага новага хмельнага зелля, не іначай як вынайдзенага па падказу нячысціка, хлебнага віна, званага гарэліцай. Такім чынам, хлеб, прызначаны богам і прыродай для падтрымання сілы і жыцця люду хрысціянскага, пераўтвораны ў шкодны напой, які гэтае дадзенае міласцю Усявышняга жыццё не толькі значна скарачае, а і робіць да таго ж мярзотным.

Ён, Жыгімонт-Аўгуст, аб такім раней амаль не думаў. Хіба што разы са два гутарылі з лекарам Фінкам, калі разважалі пра выпадкі белай гарачкі сярод панства. А вось давялося і ў зусім іншых абставінах, з просталюдзінамі размаўляючы, што хоць і сталі на калені, але хутчэй згодна звычаю, а насамрэч мелі за сабой нямалую цёмную сілу, і з ёю лепей лічыцца.

Прычым раіцца з імі аказалася не толькі карысна, але і прыемна, нягледзячы на іхняе перанятае ад натоўпу ўнутранае абурэнне калі не азлабленне. Аказалася, яны захоўвалі годнасць, гаварылі разважліва, і гэты іхні настрой перадаўся яму. Усё ж ён быў сынам надзвычай гаспадарлівых і абачлівых бацькоў. Што б там ні плявузгалі пра разбіванне посуду найяснейшай італійкай, а ўрэшце ж нават закон аб валочнай памеры і гаспадарчым упарадкаванні зямлі, які ён, Жыгімонт-Аўгуст, такі падпіша, нягледзячы на тайны і яўны супраціў панства, - гэта яе, руплівіцы Боны задума, распрацоўка і воля. Не кажучы пра наладжаны ёю гаспадарчы парадак у сваіх маёнтках. А яшчэ ж і асабісты нагляд за будаўніцтвам і ўдасканаленнем абарончых замкаў.

Гараджане яму спадабаліся. Дазволіў ім узняцца з каленяў і ледзьве ўстрымаўся, каб увогуле не прапанаваць сесці на лаву. Канешне, так гутарыць было б лепей, аднак звычай... Адказвалі няторапка, падумаўшы, атрымлівалася слушна, таму ўрэшце і свой указ ён дыктаваў пісарчуку амаль іхнімі словамі, сцісла і дакладна. І пра дар Божы людзям для жыцця хлеб, і пра шкоднасць гарэліцы. Адно не пагадзіўся з прапановай Мамоніча ўвогуле забараніць выраб зелля, а хто аслухаецца, таго секчы бізуном на плошчы, адабраўшы вінакурню. Пагадзіліся ж, што асобна пісьмова загадае гарадскому войту з бурмістрамі выбраць якога мужа надзейнага, стараннага і спасобнага, каб ён адзін меў права вырабляць у горадзе гарэліцу. І не з зерня, а толькі з фрузу, з адстояў вінных, піўных і мядовых. Гэты ж чалавек пры патрэбе і са згоды магістрата будзе мець права закупляць гарэліцу ў іншых месцах. Усім жа астатнім гаспадарам пітных шынкоў гарэліцу не вырабляць і ніадкуль не прывозіць, а толькі набываць у галоўнага адкупшчыка гарнцамі і квартамі. Магістрату ж сачыць таксама пільна як і з чаго выпякаецца хлеб, правяраючы штомесяц. Сачыць таксама, каб перакупшчыкі не набывалі зерне ды іншыя харчовыя прыпасы, перахопліваючы ў магістрата, а толькі перад гадзінаю, на тое ўстаноўленай.

Аднак каб суцішыць хцівасць свецкага і духоўнага магнацтва, ні стараннасці магітрата, ні нават вялікакняскага загада аказалася недастаткова. Загад худа-бедна выконваўся, пакуль ён, Жыгімонт-Аўгуст, знаходзіўся ў Вільні, а як з'ехаў у Кракаў, перакупшчыкі зерня і шынкары, якіх прыкрывалі магнаты, узяліся за ранейшае з яшчэ большай хцівасцю. Бы згаладнелыя клапы на пастаялым двары, казаў віленчук Юр Шыпук, адзін з тых, хто прывёз яму, гасудару, новую скаргу, ажно ў Вавель, бо зноў жа голад!

 Стаў дакараць за нядбайнасць магістратчыкаў, тыя з'явіліся не марудзячы з доказамі - не іхняя віна, ні магнаты, ні князі касцёла гарадской уладзе не падпарадкуюцца. І як можа тузін магістрацкіх прыставаў з даўбешкамі ды паўтузіна лаўнікаў войта з арэхавымі кійкамі  справіцца з процьмай панскіх гайдукоў з шаблямі і пістолямі!

Давялося пісаць яшчэ адзін указ, зноў дакараючы свецкіх і духоўных князёў за злоснае непадпарадкаванне ўраду і праву месцкаму. На гэты раз пагрозы неслухам узмацніў: усе перакупнікі, ці то падданыя вялікага князя, ці то замка, ці то мітрапаліта з біскупам каталіцкім, манастырскія ці ваяводы, аднолькава падлягаюць суду выключна магістрацкаму. Горад ні ў якім разе няхай не дазваляе нікому перакупліваць харчовыя прыпасы. Непаслухмяных лавіць і без усякіх перамоў з гаспадарамі саджаць у турму, забіраючы тавар, які спажываць на карысць шпіталяў і збяднелых людзей. А каб ніхто не ўздумаў працівіцца збройна, узброеным належна жаўнерам вялікакняскай дворнай харугвы загадваецца аказваць дапамогу гарадскім лаўнікам і прыставам.

Тым не меней нават і пасля такога ўказа біскуп Павел зрабіў выгляд: гэта не для яго, дазволіўшы юдзеям-майстрам  па-ранейшаму рабіць гарэліцу прама на сваім святым падворку! Ды не з якогасьці там фрузу, а выкарыстоўваючы высакаякаснае зерне, так што шынкары выстрайваліся ў чаргу, каб паспець набыць біскупскую гарэліцу, якая падавалася затым самым паважаным наведвальнікам - шляхце. На хуткую сустрэчу з апосталам Пятром збіраўся стары біскуп, а дзеля дадатковага пенязя не пазбягаў граху мірскому.

 Ох, магутная то спакуса - лёгкая і багатая спажыва! Нават для князёў касцёла, у чыіх руках, здавалася б, чаго толькі не апынулася з зямных багаццяў. Давялося святому патэру пасылаць асобны ліст. Папракаў і засцерагаў, што гэтак касцёл можа канчаткова адштурхнуць ад сябе вернікаў, скіраваўшы іх у зборы лютарскія ці кальвінскія. Вырашыў адмыслова пагутарыць пра залішнюю хцівасць святых каталіцкіх патэраў з прымасам. Хоць, па словах Станьчыка, той нешта ўжо ахвотней чытае кальвінісцкую паэму Мікалая Рэя, чымся занудныя энцыклікі свайго рымскага начальніка.

Хто запрасіў гараджан? Без Радзівілаў, зразумела, не абышлося, - вярнуўся Жыгімонт-Аўгуст да роздуму, як выступіць перад панамі-радай. Само сабой, галоўнае зараз - стасункі з Масковіяй, у суседняй зале чакалі адказу Іаанавы паслы.

- Твая найяснейшая міласць, - Радзівіл Чорны, канцлер, бы падслухаў яго думкі, - з твайго дазволу можам пачынаць, панства ў зборы.

- Тады, з богам! - Жыгімонт-Аўгуст выпрастаўся, абапёршы дзяржак вялікакняскага жэзла на шырокі падлакотнік, надаў твару выраз самавітай велічы.

Канцлер, адступіўшы на крок і крыху наперад ад троннага падножжа, пакланіўся гасудару, павярнуўся да панства, утаропліваючы позірк у самую глыбіню залы, і ўзняўшы булаву, гучна абвесціў пачатак пасяджэння рады.

Тады з пярэдняй лавіцы ўзняўся віленскі біскуп і, бліскаючы пярсцёнкам, тройчы асяніў панства крыжаваннем дабраславення, важка прамаўляючы на добрай лаціне:

- In nomine patris et filii![3]

Што Радзівілам не надта спадабалася. Аднак разам з усім панствам і яны ўрачыста адгукнуліся:

- Amen!

- Асвяцоныя et яснавяльможныя міласцівыя панове радныя, мае панове! - звярнуўся Жыгімонт-Аўгуст да сенатараў, калі па звычаю настала пара казаць яму, як гасудару. - Звяртаюся да вас, самых мудрых мужоў Вялікага Княства Літоўскага, каб пачуць вашы меркаванні адносна найважнейшых на сёння пытанняў бяспекі і годнага існавання дзяржавы нашай. Пытанняў некалькі, - Жыгімонт-Аўгуст прыпыніўся, каб глыбока ўздыхнуць, а разам засяродзіць увагу слухачоў, - але першае такое: у суседняй зале знаходзяцца паслы вялікага князя Маскоўскага Іаана, чакаюць вашага пацверджання на замірэнне. Згода?

- Няхай бы і навечна, - у выгуку зухаватага Рамана Сангушкі разам з іроніяй усё ж пачуваўся і малюсенькі спадзеў на цуд.

У шэрагах панства, перад тым маўкліва-заклапочнага, то там, то тут пачуўся смех.

- Ага, падстаў, дзеўка, падол, арэхі насыплюцца, - сказаў пан Давойна, яшчэ болей натхніўшы панства на іранічную весялосць.

- Адшукаў баран воўка, во будзе толку.

- Замірыцца ўсходні сусед пагадзіўся на шэсць гадоў, - Жыгімонт-Аўгуст пазіраў на сенатараў без цені ўсмешкі. - Згода?

- Нешта ж шчодра, мог бы зноў на два, - вузкі мужны твар Сангушкі крывіла з'едлівая ўсмешка.

Чымсьці падобны на яго ваявода Жэмайціі Ян Хадкевіч таксама адгукнуўся з насміхам:

- Альбо на пяць. Усё нам была б да маскоўскіх блінцоў і лыжка смятаны. У шахі з намі гуляе масковец, такое тут міралюбства. Першы заступ ў яго быў - два гады. Каб мы раптам не перашкодзілі ўпарадкаваць астраханцаў з лугавымі плямёнамі. Цяпер, падобна, заступ другі: чутна, дамаўляецца, ці ўжо дамовіўся, замірыцца на час са шведам, мы ж таксама не адмовімся,.. то па ўсім і выходзіць:наступная ахвяра маскоўца - Інфлянты, Лівонія. Здабыча даволі лёгкая. Я яе нават з аднымі сваімі жэмайтамі прыдбаў бы. Там вайсковай сілы і без таго мізэр, дык яшчэ ж і кожны барон як баран, толькі свой падворак сцеражэ. Іван Маскоўскі і падлічыў: чатыры рокі на вайну, а затым яшчэ два на канчатковае ўпарадкаванне і ўмацаванне крэпасцей. На гэта ён сваё цяперашняе войска і расцярушыць. А праз шэсць рокаў якраз новыя малойцы ў стэпах падрастуць. А каб тыя неўзнарок самім маскоўцам клопату ад прогаладзі не ўчынілі, Іван і штурхане гэтыя новыя орды на нас.

Панства слухала надзіва сцішана, угаманіліся нават тыя, хто з'явіўся на добрым падпітку, многім, асабліва з тых, чые маёнткі знаходзіліся бліз памежжа з Масковіяй, не цяжка было ўявіць, як усё можа адбыцца.

Агледзеўшы скамянела-зацятыя твары, Жыгімонт-Аўгуст спытаўся:

- То як вырашым, міласцівыя паны-радныя, зацвердзім дамову? Пан дзяржаўны канцлер?

- Куды ж падзецца, -сказаў Радзівіл Чорны.

- Пан вялікі гетман?

- Як сказаў пан Сангушка: не на два гады - і то добра, - Радзівіл Руды туды-сюды драпежна павёў дзюбатым носам.

- Пан ваявода жэмайцкі?

- Пацвярджаю, - рухі ў Яна Хадкевіча рашуча-імклівыя.

- Пан ваявода полацкі?

- А хай на яго немач і кары нябесныя! - Давойна грузна прыўзняўся нават. - Згода.

Жыгімонт-Аўгуст звяртаўся да сенатараў па звычаю згодна іх месцаў, але нарэшце проста звярнуўся ў залу:

- А можа, у каго з шаноўнага панства ёсць іншая якая думка? То auditon et altera pors. Няхай будуць выслуханыя ўсе.

Іншых меркаванняў і думак не аказалася.

- Тады прынята! - Жыгімонт-Аўгуст падаў знак Валовічу і зноў звярнуўся да залы: - Але! Паслы маскавіцкія тым часам дамагаюцца, каб у гэтай нашай грамаце іхні гасудар абавязкова быў пазначаны тытулам цар.

- Во! Я ж казаў: падымай вышэй, дзеўка, падол, - усклікнуў Давойна.

Панства дружна іранічна заўсміхалася, адзін-другі хіхікнуў. Кашталян брацлаўскі нахінуўся да суседа, маршалка валынскага: "І няхай бы. Абы звягу спыніць".

- Мы б і згодныя, - працягваў Жыгімонт-Аўгуст. - Але! Вось да нас дайшлі звесткі: гасудар маскоўскі пачаў ажно ўласнай рукой выпраўляць старажытныя пролагі ды летапісы... Спытацца б: як можна? Дзеля чаго? А вось, аказваецца, дзеля чаго. Каб, спадзяючыся, відаць, на кароткую памяць людскую, з паветра, гэтак бы мовіць, стварыць доказы, нібыта Масква па спадчыннасці мае права на ўсе воласці Старажытнай Русі. А гасудары маскавіцкія па радаводу - нібыта старэйшыя, ад самога вялікага князя Кіеўскага Рурыка.

Зала загула растрывожаным пчаліным роем. Хоць бальшыня слаба ўяўляла, што было за тым варагам-конунгам, які з дружынай аднекуль са Скандынавіі перабраўся на службу ў Кіеў. Рус яго назвалі, а дружыну - русінамі, дык яны ж у Вялікім Княстве цяперашнім многія ўвогуле - літы, ці літвіны. Адно - размаўляюць па-русінску, а хто прабаўляючыся яшчэ і лацінай, на якой нібыта размаўлялі іхнія далёкія ўжо продкі. І якая ім справа да Рурыка?

Жыгімонт-Аўгуст прычакаў цішыні і з іранічнай усмешкай дадаў:

- Дык пагодзімся ці скажам, няхай наш брат маскоўскі ў Хрысце дарэмна не напружваецца і не марнуе час гасударскі?

Панства развесялілася, загуло мацней і аціхла толькі, калі Жыгімонт-Аўгуст гучна і важка прамовіў:

- Так, няхай бы марна не напружваўся. Бо мы ў сябе, ён у сябе. І ў нас маюцца пісьмовыя доказы старэйшыя і больш нават важкія за тыя, якія гасудар Іаан высільваецца перайначыць сабе на карысць, сапраўдныя кідаючы ў агонь.- Жыгімонт-Аўгуст працягнуў не гледзячы правую руку ў бок, і стары пісар Гарнастай уклаў у яе тонкі фаліянт у рудай старанна адпрасаванай скураной вокладцы. Не разгортваючы, Жыгімонт-Аўгуст паказаў кнігу панству: - Тут доказы. Няхай наш дзяржаўны пісар Гарабурда ці сам пан Валовіч пакажуць гэта маскоўскім паслам ды паведамяць: спісы адсюль, пацверджаныя подпісамі і пячаткамі высокіх іерархаў абодвух цэркваў хрысціянскіх, мы перадаем у Канстанцінопаль, Рым і Вену дзеля азнаямлення і захавання. - Жыгімонт-Аўгуст вярнуў фаліант Гарнастаю. - Дзеі, пра якія гэтыя дакуманты сведчаць, запісаны ў манастырах розных княстваў - Ноўгарада Вялікага, Кіева, Цверы, кожны з уладароў якіх лічыў, што менавіта ён мае першаснае спадчыннае права называцца вялікім князем земляў Русі. - Жыгімонт-Аўгуст пахітаў галавой, жмурачыся, бы ўглядаючыся некуды ў далячынь паверх прыціхлага панства. Можа, і прымроіўшы зерцала варажбіта Твардоўскага. - Русі, якая ўжо знікла за гарою часу. Мяркую, не таму толькі, што з'явіліся орды Чынгізхана, гэтая саранча, кара боская.

Дык вось, - Жыгімонт-Аўгуст, бы адганяючы ад сябе прэч невясёлыя мроі, правёў далоняй па спацелым крутым ілбе і ўзвысіў голас: - То нам ці ж не ведаць, што насамрэч уяўляе сабой Масква і калі яна ўзнікла ўвогуле. Справа нават не ў тым, што паселішча называлася напачатку Куцкова, калі воласць захапіў, забіўшы законнага ўладальніка, княжыч Даніла, пляменнік князя Уладзімірска-Суздальскага Андрэя прозвішчам Багалюбскі. А ў тым, што Даніла быў усяго толькі малодшым сынам Аляксандра па прозвішчы Неўскі, выгнанага ноўгарадцамі за хцівасць і нядбайнасць, сярэдняга сына таго Багалюбскага. Па чарзе старшынства Данілу не было ніякага шанца заняць вялікакняскі стол, а толькі грабежніцтвам сваіх жа родзічаў, хітрыкамі і заляцаннем з ардынцамі. Сын жа ягоны, Юрый, дык той ужо ўвогуле здраднік. Бо стаў збройна служыць хану, грабячы, палонячы суседзяў, завёмых рускімі, ды дзелячыся здабычай з татарамі. А ўрэшце наплявузгаў на свайго ж стрыечнага брата, на Міхала Цвярскога, суседа і добрага сябра нашай дзяржавы. У выніку таго князя Міхала ардынцы замучылі, а ярлыком нібыта вялікага князя за подлую службу хан узнагародзіў Юрыя. То мяркуйце самі, панове, што за спадчыннасць у суседа нашага Іаана Маскоўскага атрымліваецца, якой ён уздумаў казыраць ды з намі мерацца.

- Мерацца? - Давойна ад абурэння ажно падскочыў. - Меранне такое, што як гаворыцца, чашыся, свіння, аб вугал.

Панства дружна грымнула здзеклівым рогатам.

Засмяяўся і Жыгімонт-Аўгуст. Стрымана, годна. Счакаўшы, узняў жэзл, патрабуючы ўвагі, і дадаў:

- То ў рэчышчы згаданага не толькі недарэчна, але і злонамерна нашаму суседу і брату ў Хрысце Іаану Маскоўскаму абвяшчаць сябе па праву ажно прамым спадчыннікам на ўсё і ўся хаця б і ў Кіеўскай Русі, не кажучы, што Полацк даўно ад яе аддзяліўся.

- Твая вялікасць, - падаў голас Валовіч. - А яшчэ ж князь той князь Адрэй прозвішчам Багалюбскі мала што не меў ніякага права на вялікі стол. Валадарачы на Растове і Суздалі, ён жа самахоць канчаткова адшчапіўся, выдаліўся з-пад рукі Кіева. Нават прызначыўшы сабе асобнага, аўтакефальнага япіскапа. Праўда, потым, калі прыпякло, таго свайго аўтакефала і здаў Кіеву ж, дзе святому айцу выракам мітрапаліта за аўтакефальнасць і адсеклі галаву. Мы кажам гэта нашым паслам на Маскву, каб там напаміналі праўду.

- Напамінайце таксама, - адказаў Жыгімонт-Аўгуст, - тады і тое, як Андрэй Багалюбскі, хітрыкамі падпарадкаваўшы сабе Владзімір ды саманазваўшыся вялікім князем, такім чынам стаў сепаратыстам, адшчапенцам ад Кіева. Што канчаткова і пацвердзіў, напаўшы на святы Кіеў ды бы злы чужынец, басурман разграбіўшы сталіцу Рурыкавічаў, абадраўшы яе храмы, а насельніцтва звёўшы ў палон, каб прадаць ардынцам. І даволі. Баста! - Усклікнуў Жыгімонт-Аўгуст, наліваючыся чырванню абуранасці. - Ergo, - прамовіў на лаціне спакайней, цвёрда. - Са згоды вашай, паны-рада, і маёй, гаспадарскай, пастанаўляем адказаць паслам маскоўскім: пацвярджаем замірэнне на шэсць гадоў, хоць і дзівімся маласці тэрміну. - Жыгімонт-Аўгуст прыпыніўся і зноў правёў далоняй па ілбе. - А назваць гасудара Масковіі царом... Царом няхай бы... - Заўважыўшы на тварах панства недаўменне, падсумаваў: - Але каб яшчэ і ўсёй Русі... Nunquam![4] Ніколі!

- Ніколі! - падхапіла панства. Многія ўскочылі з месцаў, грукаючы шаблямі аб дубовую падлогу. - Ніколі!

- Амэн! - сказаў Жыгімонт-Аўгуст. - Бо інакш азначала б пагадзіцца, што і землі Вялікага Княства таксама нібы спадчына маскоўца,  чаго ніколі не было. І не будзе. Nunquam!

- Nunquam! - пацвердзіла ў ярасным яднанні панства. - Ніколі! Ніколі! Амэн!

26. Будны супраць рэббі Ісаака, а Цяпінскі супраць Гарабурды

Міхал Гарабурда выйшаў з прахалоды храма Святога Спаса з адчуванем палёгкі ў грудзях і прасвятленнем у думках. Нарэшце паспавядаўся, шчыра прызнаўшыся ў грахах, якіх за апошнія тры месяцы такі набралася. Звычайна ён спавядаўся штотыдзень, але ж у другіх мясцінах, дзе давялося зноў пабываць, незнаёмым святарам, няхай гэта таксама ж служкі Усявышняга, адкрываць сваё патаемнае душа не ляжала. Там у храмы ён заходзіў памаліцца і запаліць свечкі перад абразамі Божай Маці і апостала Андрэя, якога папрасіў быць сабе заступнікам, лічачы, што занятак у яго даволі блізкі менавіта з гэтым святым. А спавядаўся моўчкі, гледзячы на абраз Божай Маці. Ён і свайму духоўніку, айцу Сіланцію, казаў далёка не ўсё, а проста: "Саграшыў, святы ойча. Не дзеля асабістай выгады, а вялікай добрай дзяржаўнай справы для". - "Усявышняму гэта вядома, - адказваў духоўнік. - То ці раскайваешся ў слабасці сваёй?" І задаволіцца адказам: "Каюся, святы ойча, каюся!" Грэх будзе адпушчаны, але не названы. Усявышні і так усё ведае і бачыць, дык навошта лішняе ўслых? Бо і святару чалавечыя ж слабасці ўласцівыя. Ты скажаш яму - ён свайму начальніку, япіскапу, той, магчыма, - мітрапаліту, і тайнае становіцца вядомым не толькі ў нябеснай канцылярыі.

З другога боку, Гарабурда любіў гутарыць з духоўнымі асобамі: абавязкова нешта пачуеш патрэбнае для справы. У кожнага са святых айцоў сваё кола суразмоўцаў у часе спавядання, а разам складваецца агульнае меркаванне ажно ці то шляхціцаў, ці то купцоў, ці то простага народа аб нейкай падзеі. Не толькі каб памаліцца, а і дзеля справы Гарабурда часцяком наведваў і храмы Масквы, яшчэ калі там бываў простым пісарчуком у складзе пасольстваў. Прыслухоўваўся да размоў вернікаў, прасіў дабраславення у тамтэйшых святароў, і з імі перамаўляўся словам-другім.

Валовіч раіў з асаблівай увагай прыглядацца да дворні Гедымінавічаў. А разам і тых, хто трапіў у Маскву з Ноўгарада Вялікага і Пскова. Бо многія ж зусім не па ўласнай ахвоце. А калі хто і па сваёй, усё адно памятаюць пра лёс суродзічаў, пабітых, задушаных ці ўтопленых у Волхаве стральцамі маскоўскімі яшчэ па загаду бацькі цяперашняга гасудара. Не ўсе ад лютага застрашвання займелі авечыя душы. У тых жа наўгародцаў многімі стагоддзямі ў змаганні за незалежнасць гартаваўся ваярскі дух. Значыць, будуць старацца хоць як ды адпомсціць захопнікам, калі не справай, то злым словам-праклёнам.

У царкве знаёмыя паны віталіся з асаблівым, як яму падалося, значэннем. Ужо даведаліся? Пра тое, аб чым пакуль вядома, здавалася, толькі пяці асобам уключна з каралём. А будзе агучана яшчэ праз тыдзень, на пасяджэнні сената. Там ён, Міхал Гарабурда, упершыню атрымае слова ў новым сваім званні - дзяржаўнага сакратара Вялікага Княства Літоўскага, міністра па справах замежных, як такая пасада завецца ў Францыі і Англіі, з якіх яго вялікасць Жыгімонт-Аўгуст заклікае браць прыклад.

Гарабурда павярнуўся тварам да ўваходу ў царкву і размашыста перахрысціўся на наддзверную ікону.

Гледзячы на яго, перахрысціўся і пляменнік. "Іш, хрысціцца", - з некаторай збянтэжанасцю зіркнуў на яго Гарабурда, бо ўсё яшчэ не мог прывыкнуць, што пляменнік адцураўся бацькоўскай веры, стаўшы нейкім кальвіністам.

Гарабурда адчуваў у сувязі з гэтым вінаватасць. Сястра ўжо дакарала яго за недагляд. Бо пад яго ж апеку аддала сыночка, выправіўшы з маёнтка ля Гародні ў такое распуслівае месца як Вільня. Уга, угледзіш, калі ці не палова сталічнай моладзі братаецца з пратэстантамі. Асабліва кальвіністамі.  Не дзіва: ажно магутныя князі Радзівілы - што  Чорны, што Руды, - у тым аказаліся завадатарамі. Што ж, вось і ён, Гарабурда, нарэшце адважыўся на грэшнае - паглядзець зблізу і паслухаць самых адпетых прапаведнікаў так званай паноўленай веры. Пляменнік паведаміў, што з імі пагадзіўся ўступіць у спрэчку, то ёсць па лаціне дыспут, самы слынны не толькі ў Вялікім Княстве, але і ў Польшчы знаўца Ветхага Запавета і юдзейскіх законаў рабін з Трокаў. Пляменнік думае: вось спакусіў дзядзьку, маладзёна чакае ўрок. Тым не меней і пра гэты грэх-не грэх духоўніку ў часе спавядання лепей будзе не казаць, а пакінуць на разгляд Суддзі нябеснага.

Прыемна парыпвалі новыя сёдлы,  але коні часта мянялі хаду на шматлікіх калдобінах, ажно паясніца пачынала ныць. Увогуле можна было б прайсціся па вуліцы і пешкі, але ж шляхецкая годнасць! Жартуюць, што добры шляхціц нават да ветру едзе на кані і з шабляй на баку. Гарабурда  таксама быў узброены, пояс адцягваў корд, са срэбнай рукаяткай і срэбрам жа акаванымі похвамі - падарунак цесця. Хоць на самай справе яго зброяй і прыладамі для здабывання сродкаў на хлеб, як і ў маладосці, заставаліся гусінае пяро і чарнільніца, амаль такая, што звычайна вісіць на поясе кручкатвораў, якія шкрэбаюць на рынкавай плошчы розныя пісулькі для паспалітага люду. Адно, рынкавыя пісарчукі атрымлівалі за свае паслугі некалькі зашмальцаваных потных пенязяў, а кожны радок, выведзены ім, Міхалам Гарабурдаю, можа звінець золатам. Ці стаць нейчым жыццёвым выракам. Ужо колькі разоў яму даводзілася занатоўваць указы і прывілеі, якія падпісваў амаль не чытаючы сам гасудар. Некаторыя вялікакняскія пісарчукі ўзбагачаліся, крышачку перайначыўшы радкі, прыкладам, прывілеяў ці завяшчанняў. Рызыкі амаль ніякай, шляхта спрэс непісьменная. Тут многае залежала, не кажучы ўсё ж пра боязь рызыкі, і ад наяўнасці хрысціянскага сумлення. А яшчэ - і ад усведамлення скіраванасці сваёй службы: стараешся толькі дзеля сябе, а далей хоць трава не расці, ці хоць бы няхай і крыху, адчуваеш, калі ўжыць высокія словы, адказнасць за лёс радзімы.

Гарабурда ўсміхнуўся сваім разважанням: самапачуванне, аказваецца, залежыць і ад таго, як ты ўладкаваўся ў жыцці, ці даўно пра такое ўвогуле не думаў. Клопат свідраваў адзін - як яму, сыну худароднага і небагатага шляхціца, утрымацца хоць бы на самай ніжняй прыступцы дзяржаўнай калясніцы. А вось жа бог даў трапіць на магнацкае застолле. Не прыслужваць, хоць і такое лічылася за ўдачы, а калі, лагодна паляпваючы па плячы, яму казалі: "Цяпер ты сапраўдны літвін, наш брат". Думаючы гэтым узвысіць і ўхваліць, а ў яго ўзнікала адчуванне - абразілі. І каб быў п'янейшым, магчыма, адказаў бы: я ведаю свой радавод з шостага калена, пра ранейшых продкаў, на вялікі жаль, толькі цьмяныя паданні. Дык вось бацькоўская радня называла сябе крывічамі. Калі ж адбылося паўсюднае хрышчэнне краю, то як і вялікі князь, назваліся русінамі, хаця і пасля ўспаміналі ранейшага бога, язычніцкага, старыя і зараз кажуць: Хрысту свечку, а Бялуну - другую. Пра літвінаў жа вядома: прышлі ад германцаў і папрасіліся служыць пану Полацку. А каб ім ды пераказаць паказаную ў Гамбургу тамтэйшым канонікам дарчую кляштару ад баронаў, месца, дзе гаворыцца пра сялян, якія перадаюцца! Вось гэта: "Ceteri liti, videlicet hoc est zmurdi", што на лаціне значыць - "астатнія літы, зразумела, тыя ж смерды".

 Смерды! Відаць, веданне гэтай ісціны муляе нават каралятам Радзівілам, нездарма ж не пашкадавалі нямалых грошай, каб набыць годнасць рымскіх князёў. Смерды германскія, і нечага задзіраць асабліва нос перад русінамі, увогуле ж усе калісьці былі відаць мужыкамі, напачатку, калі Усявышні аддзяляў на Зямлі Цемру ад Святла, акрамя Адама і Евы Біблія згадвае толькі змія-спакусніка ды анёлаў. Але змоўчыў. І нават усміхнуўся. Яшчэ дзед паспеў навучыць вытрымцы.

На вуліцах было даволі людна, але ніхто не бадзяўся лайдаком, за парадкам сачылі прыставы гарадской ратушы. У кожнага меўся нейкі клопат, само паветра, здавалася, насычана імпэтам да дзейнасці, амаль як у ганзейскіх гарадах, парадаваўся Гарабурда. Дзякаваць Богу, знікла нарэшце млявасць пазамінулага года, калі горад яшчэ не акрыяў ад голада. Краіне толькі б працяглы трывалы мір з суседзямі. І крыху б паболей разважлівасці ў ачмурэлых ад п'янак сенатараў і дэпутатаў сейма.

То, можа, сапраўды патрэбна б цвярозасць і, кажуць, зацятая гаспадарлівасць пратэстантаў, усміхнуўся сабе ў вусы Гарабурда, аб'язджаючы мажары з будаўнічым прыпасам - круглым бярвеннем, пляскатым цёсам, свежаабпаленай, яшчэ цёплай плінфай, бочкамі з вапнай, вялізнымі мяхамі з кудзелістым мохам, ад якога патыхала хмельным водарам журавін і грыбамі. На яшчэ мінулай восенню пустых пляцах тут і там узвышаліся сцены будынкаў, у асноўным з цэглы - у Вільні зямля каштуе дорага, каб займаць нядоўгавечнымі драўлянымі халупамі, спажывай пажараў. Гандлёвыя імбары і тыя спраўныя гаспадары стараліся ўзводзіць з цэглы. Ужо гэтыя пажары! Страшней толькі вайна.

Самыя дыхтоўныя імбары ў таварыства купцоў-гасцей, тры вялізныя будыніны. Наверсе людское жытло і канторы, унізе, у падклетах склады з таварамі. Вароты крыж - накрыж акаваныя жалезам. Уваходныя дзверы таксама, ручкі і клямкі медныя.

Асабліва дыхтоўна выглядае імбар-гелда Лукаша Мамоніча, амаль што абарончае ўмацаванне. Яно так і ёсць, бо тавараў там, кажуць, на многія сотні талераў - ад індыйскіх прысмакаў і перлін і кітайскага шоўку, кітайкі, да англіцкага сукна і вырабаў з іспанскга золата, прывезенага на караблях аднекуль з Новага Свету. Размах! А не так і даўно бацька ягоны, Мамона, гандляваў у Магілёве ў суполцы з жыдовінам быдлячымі скурамі. Талент у чалавека і адмысловы розум на гаспадарчыя справы. Не спаў у шапку, своечасова ўцяміў як на прыбытак скарыстаць Магдэбургскае права. Вось яно, новае, да якога так варожа ставяцца ўладары дзяржавы, свецкае і царкоўнае магнацтва.

А Мамонічы ўжо і на гандлі кнігамі спрабуюць узяць прыбытак. Малодшы, Кузьма, займеў папяровы млын і майструе пры ім паперню. Да яго і накіроўваецца Гарабурда з пляменнікам. Само сабой, не з-за адной толькі нагоды паслухаць Сымона Буднага, якім пахваляўся ажно сам Радзівіл Чорны, прыкмеціўшы гаваркога кальвініста недзе ў Мазовіі. Падобных мазурыкаў у Вільню бог Удачы падкідвае пастаянна - ад астролагаў з алхімікамі да персідскіх магаў з маскавіцкімі ерэтыкамі, якіх у Вільні ніхто не чапае, калі не парушаюць законаў Вялікага Княства. У Заходняй Еўропе і то з гэтым людам абыходзяцца круцей. Асабліва апошнім часам, калі ў дадатак да Святой інквізіцыі з яе імпэтам да аўтадафэ, прылюдных спальванняў розных ведзьмаў з ерэтыкамі, чым займаліся "псы гасподнія", як называюць сябе дамініканцы, прыбавіўся яшчэ адзін падобны ордэн, святога Ісуса. У Польшчы езуіты ўжо дзейнічаюць, значыць, чакай у хуткім часе і ў Вялікім Княстве.

Кажуць, гэта адказ папы Рымскага на пашырэнне дзейнасці пратэстантаў - рэфарматараў хрысціянскай царквы. Сапраўды іх распладзілася нямала. Не паспеў вызначыцца Лютэр, як з'явіўся болей за яго небяспечны для каталікоў прарок - Кальвін. Ды следам яшчэ навеўшыя, з яшчэ болей рашучымі прапановамі - не толькі сілай распаўсюдзіць свабоду, роўнасць і братэрства, а і дзяржавы знішчыць, бо з-за іх жа ўсюды прымус да рабства простага люду і войны. Царкоўнікі ж, прыляпіўшыся да ўладароў, цішком адцураліся Хрыста, толькі выгляд робяць, што служаць яму, насамрэч жа - сатане.

Паспрабуй тут зразумець каму верыць і ў які бок хрысціцца, уздыхнуў Гарабурда, разглядаючы вялізны гадзіннік на вільчыку ратушы, дзе таксама была адмыслова выштукавана выява ўкрыжаванага Сына Божага. Ужо не на царкоўны, а на гадзіннікавы звон прызвычаіўся люд віленскі прымяркоўваць свой жыцёвы клопат - калі ўставаць раніцай, а калі тушыць агні ўвечары, з малітваю да нябёсаў кладучыся спачываць. Бо якога бога за самага правільнага ні прызнаваў, а нябёсы адны, сонца адно і родная зямля пад імі таксама. І што за справа простаму люду - сонца круціцца вакол Зямлі ці ўсё наадварот, як углдедзеў нядаўна на сваю галаву кракаўскі вучоны дзвівак Капернік.

Побач з будынкам ратушы - высачэзны чорны крыж. Напамін пра тых сямёра інакаў ордэна святога Францыса, якіх у час панавання вялікага князя Альгерда ваявода віленскі Гаштольд запрасіў у горад, каб распаўсюдзіць рымскую веру. А гараджане не захацелі мяняць ранейшую і францысканцаў за залішнюю ўпартасць забілі. Словам, і боскую справу робячы, не варта забывацца пра далікатнасць.

Бліз крыжа - чорны слуп ганьбы. З аднаго боку прымацаваны ланцуг, з другога - "рука" вісельні з прасмоленай вяровачнай пятлёй. Цяпер яна пустая, але часцяком тут хто-небудзь гойдаецца з пасінелым тварам і вываленым апухлым языком, забойцы, канакрады, грабежнікі. Побач жа, пасярод шэрага папялішча яшчэ адзін слуп - жалезны. Тут час ад часу такі гараць пад малітоўныя спевы святых айцоў розныя вядзьмакі. Не так часта, як у Кракаве, тым болей у Рыме ці Парыжы, але шугае, шугае і тут полымя святога ачышчэння, каб меней было працы чарцям у пекле.

Падалей ратушу абступаюць невялікія лаўкі - клеткі. У адных гандлююць соллю, у другіх маслам і сырам, у трэціх тканінай, у чацвертых - воскам і свечкамі, у пятых - розным рыззём і драбязой, хто з гандляроў на што купіў дазвол ад гарадской управы, сірэч магістрата. Яшчэ далей, на водшыбе змрочна шарэе турма-вязніца.

За ратушай на правым баку вуліцы Вялікай, адразу як мінуць Конную - бліз абнесенага дубовым высокімі тынам Гасцёўнага двара жалудамі ільсняцца два дамы Мамонічаў, у кожнага з братоў асобны, толькі сад агульны.

- Не, дзядзька, нам туды, - паказаў сынавец на іншы дом, бліжэй да Траецкай гары.

- Ты ж казаў - да Мамонічаў, а там жа, як мне помніцца, харомы Зарэцкага, - усумніўся Гарабурда.

- Але пакуль ты, дзядзька, кланяўся кіеўскай Сафіі і вандраваў за Гомлем, пан Зарэцкі паспеў прадаць гэты дом сваякам, Мамонічам, а сабе набыць лепшы, бліжэй да ратушы.

- Аднак разбагацелі купцы!

- Памяшканне тут надта для друкарні прыдатнае, - патлумачыў сынавец, які быў з Мамонічамі ў добрым знаёмстве на агульнай ніве захаплення кнігавыдавецкай справай. - Яшчэ ж бурмістр Якуб Бабіч тут пачаў яе абсталёўваць. Аднак да ладу давесці не асіліў, то і прадаў з домам Зарэцкаму, а той цяпер - Мамонічам.

- І Мамонічы, значыць, адцураліся бацькоўскай веры?

- Дакладна сказаць цяжка. Усё ж, мяркую, будуць там, дзе выгадней іхняму промыслу, - вырашыў урэшце сынавец.

Гарабурда засмяяўся:

- Во як. А ты, ты, мой любы пляменнік? Упэўнены, што табе выгадна менавіта з кальвіністамі?

- Гэ, дзядзька міласцівы, - Гарабурда-малодшы таксама гучна засмяяўся. - Ты куды лепей за мяне ведаеш князёў Радзівілаў. То няўжо лічыш, яны рабілі б нешта сабе ва ўбытак?

- Э, гэта як у каго атрымліваецца, як у каго, кажу. Асабліва ў справах веры.

Так размаўляючы, Гарабурды пад'ехалі да былога дома Івана Зарэцкага, а раней - Бабіча. Бліз самых варот іх сустрэў увішны казачок. Казачок прыняў коней, каб прывязаць і даць сена, у той час як сам гаспадар, старэйшы з братоў Мамонічаў, Лука, ужо здалёк прывітальна-радасна кланяўся, а наблізіўшыся, сардэчна запрасіў у дом.

На прывязі ля моцнага частакола ўжо знаходзілася некалькі коней пад сёдламі, але з адпушчанымі падпругамі, а падалей стаяла распрэжаная калымажка, добрых дзве траціны якой займаў скураны намёт, адкуль з цікаўнасцю, але насцярожана зіркаў зарослы чорнай кучаравай барадой дзяцюк, па знешнім выглядзе, шапцы і ўсёй вопратцы Гарабурда лёгка пазнаў юдзея. Гэта не здзівіла, маючы на ўвазе і гандлёва-прамысловую дзейнасць Мамонічаў, у якой, вядома ж, меней за ўсё адрозніваюць эліна ад юдзея, і паведамленне пляменніка пра мудраца-кніжніка з Трокаў, які на шалях здаровага сэнсу бы ліхвяр золата ўзважваў словы ажно біблейскага цара Саламона.

- Пан міласцівы Міхал Гарабурда і сынавец ягоны Васіль! - абвесціў гаспадар прысутным. Сам. Ці дзеля асаблівай пачцівасці, ці таму, што Мамонічы яшчэ не трымалі дварэцкага, эканомячы.

Гарабурда з пляменнікам, вітаючыся, пакланіліся на тры бакі. Старэйшыя з прысутных сядзелі за доўгім сталом, а маладзейшыя хто разглядаў кнігі на двух палічках блізка ля ўваходу ў залу, хто дзівіўся на камін, на якім таксама знайшлося што паглядзець. Гарабурдам  таксама ветліва кланяліся, а гаспадар называў імёны.

- Брат мой малодшы, але ўжо і сівы - Кузьма, бурмістр віленскі... А гэты дзяцюк - сын ягоны, Лявон, вершаскладальнік і кніжнік, замест таго каб добрай прамысловай справай займацца.

Дзядзька хоць нібыта і пасміхаўся з кніжных заняткаў пляменніка, але бачна было, што і ганарыўся. Гарабурда параўнаў маладога купца са сваім пляменнікам-шляхціцам і знайшоў падабенства: новае пакаленне расло больш адукаваным, а мабыць, і разумнейшым за бацькоў. Хоць і тыя для гэтага пастараліся. На кепска ўробленым полі буяюць хіба бур'ян з крапіваю.

- А гэта пан Васіль, з краю Полацкага рыцар, гаспадар Цяпіна і іншых маёнткаў.

Гарабурда Цяпінскага крыху ведаў, таму, вітаючыся, ледзь прыкметна ўсмешліва падміргнуў: маўляў, вось дзе цяпер добрыя шляхціцы могуць сустрэцца, у простых месцічаў.

- Вельмі вучоны муж, вядомы ў Кракаве і землях германскіх, італійскіх і англійскіх, пастыр і брат наш у Хрысце Сымон з Буды Мазурскай, - працягваў Лука Мамоніч прадстаўляць прысутных.

На Гарабурду прыязна, але дапытліва глядзеў невысокага росту, з жоўтай лысінай на ўсю галаву, так што пасівелыя валасы заставаліся толькі бліз вялікіх вушэй і на патыліцы, чалавек у простай цёмнай вопратцы, падобнай на тую, што звычайна носяць прыхадскія святары. Па знешнім абліччы не вызначыць, чым ён мог настолькі прывабіць Радзівілаў, што тыя не толькі слухаюць яго казанні, а пасялілі ў сваім Нясвіжы і нават даюць грошы на кніжныя патрэбы.

Аднак яшчэ цікавейшым паказаўся Гарабурдзе другі адмысловы прапаведнік, юдзейскі. Сівыя кучаравыя валасы на галаве ажно задзіраюцца на чорную аксамітавую шапачку на макушцы, гэткія ж пейсы, магутная шырокая барада, позірк запалых цёмных вачэй пранізліва-усмешлівы.

- Пачцівы рэббі Ісаак бен Абрам з Трокаў, - назваў старога Лукаш Мамоніч, і заўважна было, што гаспадар прамаўляў гэта ці не з большай нават і сапраўды пачцівасцю, чым калі прадстаўляў Буднага. - Надта вучоны кніжнік... - на імгненне перапыніўшыся: - і бацька добрага купца нашай гільдыі Сымона Троцкага.

- Якога вы такі спакусілі ўчыніць вялікі грэх, - з'едліва і надзіва гучным голасам азваўся на гэта рабін Ісаак. -Маё неразумнае дзіця! Стаў гоем! Такая ганьба на маю галаву!

- Пачцівы рабін, - азваўся Будны, - дарэмна гневішся на сына. Наадварот, гэта надта разумна - ахрысціцца, прыняць веру народа, з якім наканавана паяднацца ў братэрстве.

- Паяднацца? Прыдзе час, і мой народ такі вернецца на зямлю сваіх продкаў. - Голас Ісаака бен Абраама набыў асаблівую ўрачыстасць. - Але вернецца без майго сына, вось яна, ваша вера!

- Мушу сказаць, аднак, яна ж ці не ў вашым народзе выспела, - ускінуўся Будны. - А ці ж не ў Ерусаліме прапаведваў Хрыстос і там жа за святую ісціну жыццём ахвяраваў! А святыя першыя апосталы... Яны з якога племені?

- Якія апосталы?! - усклікнуў Ісаак бен Абраам. - Невукі і бадзягі. Ленаваліся працаваць, не падпарадкаваліся старэйшым, вось мянташылі языкамі, казкі выдумляючы для зману даверлівых.

- Выдумляючы?! - Будны ад абуранасці ажно прыўзняўся.

Ісаак бен Абраам таксама ўжо стаяў, абапіраючыся кулачкамі аб сталешніцу і ваяўніча пабліскваючы вачыма. Сівыя валасы над ілбом віліся німбам.

- Пане доктар Будны, - у яго голасе чулася ўжо не насмешлівая лагода, а з'едлівасць. - У мяне ёсць спісы многіх, калі не ўсіх тваіх казанняў і твораў. Я заўважыў, і мая навука табе на карысць.

- Пачцівы рабін, - Будны пакланіўся, - сведчу, іменна ты навучыў мяне чытанню манускрыптаў, напісаных мала цяпер каму вядомай мовай тваіх паважаных продкаў. Так мне адкрылася многае.

- Ага! - страпянуўся Ісаак бен Абраам. - Дык вось ніхто ў Еўропе, ні Лютэр, ні Кальвін, ні Мор, ні Эразм з Ратэрдама, ні нават няшчасны Сэрвэт больш пераканаўча не даказалі, чым змог ты, што бога, завёмага Ісус Хрыстос, не існавала. Яго...

- Высокашаноўны настаўнік! - перапыняючы, усклікнуў Будны, наліваючыся чырванню. - Я скажу іншае.

- Не, гэта я скажу, - упарта нагнуў галаву Ісаак бен Абраам. - Скажу, ты адзін з нямногіх, каму ўдалася так глыбока і дакладна прачытаць святыя тэксты. Дык сваімі вачыма бачыў, напісана, што сам Бог даў знак: вось жанчына зачне і народзіць сына і назаве яго імем Імануіл. Але ж грэцкія, а за імі іншыя не надта адукаваныя перакладчыкі, дакладна не разумеючы старой мовы нашай, слова альма пераклалі як дзева. Ну? Дык у выніку  ў гэтых разумнікаў увогуле ўзнік нейкі яшчэ і дух! Які, не маючы цела, тым не меней здолеў утачыцца ў лона альма, па-іхняму дзевы. Калі ў Святым пісанні адзначаны ўсяго толькі стан надвор'я: руах мэрахэфэт, што ты, чалавек дасведчаны, зразумела ж, перакладзеш па-вашаму, што веяў вецер. А хрысціянскія невукі пераклалі: над дзяўчынай рэяў дух святы! Ну? І дух той, бачыце, без належнай плоці альма такі зацяжарыў! Ну? Я кажу: падумайце цвяроза, ды навошта гэтыя нізкія хітрыкі занядбанага штукара з рынку ўсемагутнаму Богу! Ну?

- Тут я згодны з табою, пачцівы рабін, але ж паслухай, - паспрабаваў Будны перавесці размову на іншае. Дзе там!

- Чуеце? Ён такі згодны, - выкрывальным жэстам паказаў на яго Ісаак бен Абраам. - Не, толькі паслухайце, паважаныя. А я кажу: дык мала тым невукам выдумаць Усявышняму дзеля падмогі нейкага духа, яны яшчэ і Імануіла замянілі на Ісуса Хрыста! І абвесцілі ажно новым богам! Але ж Усявышні адзін. Адзін, і іншага быць не можа. Бо - вечны!

- Пачцівейшы Ісаак! - усклікнуў Будны. - Я адносна твайго Мануіла нічога не кажу. І Усявышні, так, адзін. Але Хрыстос ісцінна нарадзіўся.

- Такі нарадзіўся? - з'едліва перапытаў Ісаак бен Абрам і, бліснуўшы вачыма, адсунуў ад сябе падалей зэдлік.

- Ісцінна, - упарта нагнуў галаву Будны. - Ты, настаўнік, навучыў мяне дакладна чытаць старажытныя вашы тэксты. Дык і іх чытаючы, я знаходзіў доказы. Паслухай хаця б гэты.

- І слухаць не хачу! Нездарма сказана: не дапамагай гою разумець Святое пісьмо наша, бо цяжкі грэх і пакаранне за яго. Я - грэшны, я - грэшны! Пайду прэч ад цябе. - Стары строга пакланіўся гаспадарам.

- Пачцівы госць, - заступіў яму дарогу Лука Мамоніч, - Ты б не крыўдаваў. Размова, яна для таго і размова. Ты казаў - табе адказвалі, і толькі. Просім, паснедай у нас.

- Што крыўдаваць на таго, хто яшчэ не прачнуўся для ісціны, - адмахнуўся Ісаак бен Абраам. -  То спадзяюся, можа, яшчэ адумаецца.

І патупаў да дзвярэй, абапіраючыся на посах, але рашуча.

- А я кажу, - сказаў яму ў спіну Будны, -сам бы нарэшце ўцяміў праўду, хаця б і свайго сына. Ох, адчуваю, нацерпіцца ж яшчэ твой народ ліха з такімі пастырамі і старым кумірам!

Не адказваючы, толькі зноў годна пакланіўшыся ўжо аднаму Мамонічу, троцкі рабін знік за дзвярыма.

Цяпер ужо Будны стаяў, упёршы сціснутыя кулакі ў адглянцаваную дубовую сталешніцу. На вуснах яго блукала іранічная ўсмешка. Але ж упарты не меней за юдзея! - падзівіўся Гарабурда.

У зале ўзнікла сцішанасць, усе сядзелі апусціўшы вочы. Асэнсоўвалі пачутае, такое незвычайнае, што і Гарабурда паддаўся агульнаму настрою. Пакуль не загаварыў самы малодшы з Мамонічаў:

- Але ж ты, дзядзька, - пасміхаючыся, звярнуўся ён да Буднага, - і сам лічышся хутчэй жыдовінам, чым ісцінным хрысціянінам, а вось жа здолеў пакрыўдзіць самага ўплывовага юдзея ў нашым краі, а то і ў Польшчы.

- Праўда разумнаму не ў крыўду, браце Лявон. - Будны правёў далоняў па спацелым і ўсё яшчэ пачырванелым ілбе. - Што да троцкага рабіна, ён сапраўды розуму як быццам нямалага і ўважліва прачытаў не толькі юдэйскія старазапаветныя Талмуд і Тору. Але ж усё гэта яму аказалася, баюся, як пужліваму каню шоры. Бач, нават уласнага сына ганьбіць, а дарма.

- Значыць, ты, дзядзька Сымон, толькі задзіраў троцкага рабіна, каб спрэчку абвастрыць, а насамрэч прызнаеш, што Ісус Хрыстос - раўнавялікі са сваім бацькам нябесным?

Адказ быў кароткі, рашучы і ашаламляльны:

- Хрыстос - не бог.

Прысутныя ў гасцёўні дружна ахнулі, зіркаючы адзін на аднаго, нібы пытаючыся позіркамі: "Мы сапраўды чулі такое?" Юдзей казаў перад тым - няхай, сам абазначыўся чужынцам, хоць і жыў са сваім народам побач з тутэйшым людам ужо стагоддзі. Побач, але як аказваецца, не разам, не заадно, тутэйшыя нікуды сыходзіць не збіраліся, тады як суродзічы троцкага рабіна, па яго словах, нават маліліся ў бок нейкага заморскага краю, куды іхні бязлітасна-суровы бог загадваў вярнуцца. Зусім іншае ўражанне атрымалася, калі тое ж адносна Хрыста выказаў чалавек свой, паважаны ажно Радзівіламі суайчыннік і нібыта хрысціянін па веры.

- Божа, даруй, што я такое слухаю! - размашыста хрысцячыся, усклікнуў Кузьма Мамоніч.

Пачалі абмахвацца крыжаваннем, ачомаўшыся, і астатнія ў гасцёўні. Лука Мамоніч, хрысцячыся, так і спыніўся ў дзвярах, бы вагаючыся ўваходзіць. Хрысціліся і прыхільнікі Буднага. Аказалася, адна справа - пагадзіцца з нечым гэткім у душы і зусім іншая - прылюдна рашуча вызначыцца пратэстантам.

- Ён - так, Сын Божы, але ж і ўсе мы - дзеці Усявышняга. - Будны казаў ужо зусім спакойна і так упэўнена, быццам сведка таго, што адбылося болей за тысячу рокаў таму назад недзе за далёкім морам, у месцы амаль казачным.

- Ён-то сын, апосталы сведчаць, аднак людзі не раўня яму, бо рабы Гасподні, такая розніца, - рашуча заўважыў Лука Мамоніч. - Я Біблію тройчы чытаў.

- На якой мове? - у позірку Буднага цеплілася ласкавае шкадаванне блізкага яму па духу чалавека.

- І на старабалгарскай, і ў перакладзе доктара Скарыны полацкага.

- Ужо гэтыя перакладчыкі! - Будны ўздыхнуў. - Так, балгарскія браты для хрысціянскай сяўбы ў нашым краі многа зрабілі, ды і подзвіг Скарыны слаўны на векі вечныя, але ж пераклады іхнія адкуль? З ператалмачанага візантыйцамі. Самі чулі, так і троцкі рабін казаў. І ён жа заўважыў хіб, а мо і грэх перакладчыкаў: ці то не надта ведалі тонкасці старажытнаюдэйскай мовы, ці і з куды горшай прычыны, але ўчынілі перакрут. Калі першае - сляпцы. А сказана ў Святым пісанні: ашчэ ж сляпы сляпога вядзе, абое ў яму ўпадатася. Калі ж другое - грэшнікі, бо асмеліліся выканаць сатанінскае. Падумайце, - Будны працягнуў рукі да сцішана-збянтэжаных слухачоў, бы трымаючы перад імі нешта важкае і велізарнае. - Падумайце, - паўтарыў, - каму патрэбныя рабы. Усявышняму і ўсемагутнаму? Навошта? Ён дзяцей сабе стварыў, таму і падобнымі сабе, іначай былі б чалавекі валамі, свіннямі ці сабакамі. Стварыў, каб сусветнай сваёй шматвяковай адзіноты пазбавіцца.

- Для гэтага ў яго анёлы, - сказаў Гарабурда ў падтрымку Лукі Мамоніча.

- Брацці мае, - жвава адгукнуўся Будны, ласкава аглядаючы сваіх слухачоў, - упэўнены, усе вы ўважліва чыталі Святое пісанне. Няхай у нейкіх месцах не надта дакладна перакладзенае. То ўспомніце, ці згадваецца дзе, каб анёлы рабілі дарогі, касілі траву, даглядалі жывёлу ці секлі дрэвы. Нарэшце, яны бясполыя, не здольныя, значыць, размнажацца. Яны ўмеюць хораша спяваць псальмы-харалы і старанна выконваюць розныя даручэнні Усявышняга. Але ж, ствараючы Зямлю, той безумоўна разумеў, што ўрабляць яе анёлы не ў стане.

- Вось і вырашыў Усявышні насяліць яе рабамі, - вёў сваё Гарабурда. - У Бібліі ж пра гэта сказана. Асабліва ў Старым запавеце.

- Ага, падробленым кніжнікамі-халуямі дзеля патрэбы начальнікаў сваіх, а значыць - сатанінскай. Падумайце, іначай ці казаў бы Хрыстос у Новым запавеце: гора вам, законнікам, яка забралі сабе ключ да разумення праўды пра Бога і ўваходзячым у храм дазнацца яе ўзбраняеце!

Кажачы так, Будны па асабліваму, выкрывальна і пільна глядзеў на Гарабурду, адчуўшы менавіта ў ім супярэчніка сабе.

- Таму і заклікаюць мае аднадумцы-паплечнікі, - працягваў, ужо звяртаючыся да ўсіх, - сама лепш дзеля ратавання душы праўда, а не гібець у няпраўдзе, фарысеяў ілжывых слухаючы; самастойна лекаў шукаць. Заўважыўшы хлуслівасці цэсарскіх угоднікаў, Усявышні і дазволіў Хрысту вылучыць з чэсных і непадкупных сабе апосталаў. І Хрыстос ці не сказаў ім: вы, хто цэніць сумленне вышэй за багацце і нават жыццё, і ёсць соль зямлі. Соллю назваў настаўнікаў ісціннай веры, бо соль, самі ведаеце, захоўвае што ёю пасаліць, каб не загніло і не праваняла. Так жа і настаўнік нехлуслівы казаннем, павучаннем і напамінам захоўвае людзей ад гнюсі прагнасці і гнілі духоўнай. Але еслі таго не чыніць, -узвысіў голас Будны, - такога павелявае Госпад вон выкінуць. Так што адхініцеся, брація мае любыя, ад настаўнікаў-слепакоў ці хлусліўцаў! Бо ўпадзе ўсяк, хто ся сляпому вадзіці дазваляе, а хлусліўцу і таго небяспечней, паўтаруся.

Змілуйся ўрэшце кожны над сабой Бога для, - пранікнёна казаў Будны, аглядаючы слухачоў. - Досыць сна духоўнага! І так ужо Бог гневаецца за грахі продкаў нашых, якія за сны і старэчыя байкі хлуслівыя пра ісціны запавет Слова Боскае забыліся, ажно злое ў царкве запанавала. Дык Усявышні яшчэ міласцівы, папярэджваючы: адумайцеся, пакуль не настаў Апошні суд! І нам праз абранніка свайго годнага Ісуса Хрыста, нам грэшным праўдзівы Запавет Новы адкрыў, каб у ім жыць маглі, іншых да яго далучаючы. Як да лёгкадумных дзяцей сваіх Усявышні звяртаецца, а не да рабоў бязглуздых.

Буднага слухалі са сцішанай насцярожанасцю, нават сынавец Гарабурды, адкрыты прыхільнік няўрымслівага пратэстанта. Цяпер Гарабурда разумеў, чаму Буднага аднолькава ненавядзяць як каталікі-папісты, так і грэка-праваслаўныя царкоўнікі. Тым не менй вось жа, нягледзячы на рызыку займець нямалыя непрыемнсці з боку па-ранейшаму магутнай афіцыйнай царквы, прыцягвае людзей, асабліва моладзь, гэты няўрымслівы прарок з яго новай, ці дакладней, паноўленай верай. Паветрые прышло з Захаду, дзе ўжо некаторыя краіны апанавала цалкам - Англію, Галандыю, усю Скандынавію, у Францыі пакуль невядома хто возьма верх, а вось германскія курфюрствы, а цяпер і Прусія з Лівоніяй таксама адхіснуліся ад акасцянелага ў хцівасці рымскага каталіцтва. Ужо і палякі падхапілі заразу пратэстанцтва, дык не дзіва, што яна з'явілася ў Вялікім Княстве.

Умее Будны казаць пранікнёна, тым не меней захопленыя напачатку ягоным красамоўствам слухачы пачынаюць ачомвацца, і ўзнікаюць сумненні. Першым зноў звяртаецца да яго надта дапытлівы ж малодшы Мамоніч.

- Настаўнік, - кажа пачціва, але ўпэўнена, - ты кажаш, Хрыстос не асаблівы і адзіны сын Божы, а ўсім людзям па нараджэнні раўня, адно мудрасцю і дабрынёю іншых пераўзышоў, таму і набліжаны да нябеснага прастола.

- Сапраўды, - Будны зацікаўлена насцярожыўся.

- Дык па-твойму, ён проста слуга?

- А ці не гонар кожнаму добраму сыну ўслужыць бацьку? - пытаннем на пытанне адказаў Будны. - У Дзеях апостальскіх як пра Ісуса Хрыста сказана? Так, слуга Божы. Па-стараюдзейску - овэд. Праўда, блізкае гэтаму значэнне - раб. У Старым запавеце, ад Майсея, так і перакладзена - раб. Толькі ж які разумны бацька пажадае, каб уласны сын быў яму рабом! Таму зноў кажу: вольнымі Усявышні чалавекаў стварыў. Бо які Запавет даў? Вось вам свет, вось вам сіла і свой розум дасціпны, пра ўсё думайе самі. Мой запавет даведаецеся ад свайго брата, Ісуса Хрыста, мне і вам да смерці адданага. Запавет гэты - дабрыня, як сабе хочаце, так і людзям старайцеся. Іншае пажадаеце - патрапіце да сатаны. Выбірайце. Таму хто з уладароў заганяе людзей у рабства, то супраць каго паўстае і каму служыць? А чым такое ўрэшце канчаецца? У якіх краінах людзі жывуць багацей? Так, там, дзе рабства няма.

Зірнуўшы ўважліва на рухавы твар малодшага Мамоніча, Будны сказаў:

- Бачу, браце Лявон, яшчэ блукаюць у цябе сумненні. Нічога. Насамрэч недалёкі розумам той, хто сцвярджае: я спасцігнуў усе таямніцы жыцця. Вось твой бацька ўжо тройчы Святую кнігу прачытаў і, упэўнены, яшчэ не аднойчы яе разгорне.

- Абавязкова, - пацвердзіў стары Мамоніч.

- Ага, бачыш? - твар Буднага асвятліла лагодная ўсмешка. - Табе ж, браце мой любы, што хачу сказаць. Вось мы ўсе пачынаем сваю галоўную малітву словамі: "Ойча наш нябесны! Хай свеціцца імя тваё!" То калі Ён - наш бацька, хіба мо дурню няўцям хто яму чалавекі.

Гарабурда зразумеў, чаму Будны зноў вяртаецца да ўжо раней ім сказанага, умелы настаўнік заўсёды так робіць, новае і самымі кемлівымі вучнямі далёка не адразу цалкам успрымаецца.

- Адносна ж Ісуса Хрыста, - працягваў Будны, - зноў паўтару: ён той жа плоці і крыві, што і ўсе мы. А чаму Усявышні менавіта яго сабе на святую паслугу выбраў, - і гэта вам, людзі добрыя, мною даведзена. Ды й самі чытайце Святое пісанне ўважліва. Звярніце ўвагу: ці адзінокі Хрыстос? Не. Меў братоў і сясцёр адзінакрэўных. А ці быў першаком па нараджэнні? Не. То як жа казаць пра маці яго, што дзева непарочная? Таму ў гэтым пытанні я з троцкім вучоным жыдовінам цалкам і згодны. Сапраўды выходзіць - пераклад недасканалы. Пачцівы Ісаак з Трокаў тлумачыць: на іхняй мове старых часоў бахор азначае - той сын у бацькі, які незалежна ці нарадзіўся першым кіруе сваімі братамі, бо аказаўся самым мудрэйшым у сям'і. Ого! Трэба было вельмі вызначыцца мудрасцю і духоўнай дасканаласцю, каб Усявышні даручыў менавіта гэтаму сыну чалавечаму данесці задураным хлусліўцамі сабраццям Запавет Ісціны.

- Настаўнік, - не сунімаўся малодшы Мамоніч, - кажаш - грэх маліцца Святой Тройцы...

- Грэх, - адрэзаў Будны. - Бо гэтым наносіцца абраза Усявышняму, адзінаму і непаўторнаму.

- А вось жа ў царкве...

- Па тым адразу і ўцяміш, каму хто пакланяецца - Богу ці ўладарам зямным, - прамовіў Будны ўзрушана. - Бо Тройцу калі абвесцілі і дзе? У Рыме, калі дзяржаваю ўзяліся кіраваць адразу тры цэсары, трыўмвірат так званы. Рымскаму мітрапаліту і загадалі: кажы вернікам, трыўмвірат - гэта святое, бо і на нябёсах трое ўладараць. Так Дух і з'явіўся. А чый ён, да гэтага часу іерархі царкоўныя на сабор з'ехаўшыся не перастаюць зло спрачацца. Не зважаючы, што тым самым Усявышняга абражаюць.

- Настаўнік, - звярнуўся да Буднага яшчэ адзін з маладзейшых, і гэта быў пляменнік Гарабурды. - А ці варта асяняцца крыжаваннем, калі Хрыстос, ты сцвярджаеш, толькі сын Божы і слуга?

Во да якіх небяспечных пытанняў могуць  сягнуць жоўтадзюбыя, калі іх своечасова не стрымліваць! У Гарабурды халодныя мурашкі па спіне пабеглі, і ён са значэннем дакрануўся да локця пляменніка.

Будны ж запытанню як быццам узрадаваўся.

- Разважаў я і пра гэта, - ён спагадліва зірнуў на Гарабурду-малодшага. - Вырашыў урэшце - воля кожнага. Адно варта памятаць: калі асяняецеся крыжаваннем, значыць, паказваеце не толькі веру ў Хрыста, але і гатоўнасць ахвярную быць распятым дзеля праўды Ягонай.

Будны ўрачыста перахрысціўся.

- Выходзіць, грэх пакланяцца і крыжу, як прыладзе для злых мук да смерці абранніка Усявышняга Ісуса Хрыста? - зноў падаў голас малодшы Гарабурда.

- Кланяцца прыладзе для мук чалавечых можа хіба кат, і то не ўсякі. Ці... самі ўявіце хто яшчэ, - Будны самотна ўсміхнуўся, у наступны момант узняўшы галаву з выразам рашучасці. - Але ж калі начапіў крыж на сябе... драўляны крыж, не залаты, вядома, той зноў жа сведчыць аб гатоўнасці ахвярнай. А хто носіць крыжык са срэбра-золата ды аздоблены каменнем каштоўным, - Хрысту вораг, служка д'ябла, якімі і былі ўладары візантыйскія, адкуль такое і пайшло, абчапіцца золатам, срэбрам, смарагдамі, перлінамі. Пакуль урэшце сілы сатанінскія і не звялі магутную дзяржаву да пагібелі, а народ у няволі басурманскай не апынуўся. Дык цяпер гэта залатое непатрэбства раскошы візантыйскай у Масковіі расквітнела. Бедныя, бедныя! Яшчэ нагаруюцца, яшчэ наплачуцца...

 

Гарабурда з пляменнікам пакінулі сядзібу Мамонічаў, калі стала цямнець. Насупраць праз вуліцу гараджане цягнуліся да праваслаўнай царквы Уваскрэсення на вячэрняе набажэнства. Калі бамкнулі званы, Міхал Гарабурда спыніў каня і, зняўшы шапку, перахрысціўся на купал. Пляменнік, зіркнуўшы на дзядзьку, зрабіў тое ж, але хаваючы іранічную ўсмешку.

Пад'ехаў Цяпінскі, таксама трымаючы шапку ў левай руцэ, па-вайсковаму рэзка-рашуча абмахнуўся крыжаваннем.

- Ты ж, пане Васіль, з Будным ці не ў адным хаўрусе, а на праваслаўны храм хрысцішся, - напаўжартам заўважыў Гарабурда.

- Ат, па старой завядзёнцы, на ўсякі выпадак, - гэтак жа лёгка азваўся Цяпінскі.

- Чаму з Будным не застаўся?

- Размова ў яго з Мамонічамі далікатная.

- Стаўлю дзесяць дукатаў супраць пенязя, не ўдасца яму перацягнуць купцоў на свой бок. - Гарабурда нахіліўся і ласкава паляпаў далоняй па шыі каня, супакойваючы, бо той уздрыгваў ад бамкання званоў.

- Слухалі ж і прытулак далі. - Цяпінскі стаў пагладжваць свайго цудоўнага аргамака, выдаляючы з грывы сянінкі. - У Буднага, мяркую, цяпер галоўны клопат - дамовіцца, каб супольна з купцамі абсталяваць добрую друкарню. Эх, друкарня! І мая ж мара. Будны знаёмы з умелымі друкарамі ды і сам добра ведае кніжную справу.

- Не адважацца Мамонічы з ім на хаўрус, - Гарабурда надзеў шапку, азірнуўся на двор купцоў, які пакідаў яшчэ нехта.

- Тарговыя людзі каб выгаду ўпусцілі? Будны - гэта ж яшчэ і сувязь з Радзівіламі.

- Так здаецца, - Гарабурда прыязна агледзеў імклівую постаць Цяпінскага, у якім было штосьці рысінае. - Хоць і пільнае ў цябе вока, паляўнічае...

- Го! Шляхціц жа памежны, не прыдворны п'янтос.

- Адно не заўважыў, - працягваў Гарабурда, падобна Цяпінскаму пасмейваючыся аднымі вачыма. - Таго, у якім баку Мамонічам галоўная выгада, калі будуць кнігі друкаваць. Масковія - во дзе гэта могуць купіць, не ляхі ж і не германцы з французамі, там сваіх друкарняў і выдаўцоў цяпер багата.

- Уга, разгоняцца маскоўцы, - Цяпінскі засмяяўся напоўніцу. - Мой зямляк майстар Скарына таксама ж на той рынак спадзяванне меў. А чым скончылася? Ладна, толькі кнігі адабралі ды спалілі, хоць сам ацалеў.

- У многіх навуках твой зямляк дасканаласць меў, але ж не купец, - Гарабурда зірнуў на пляменніка, той слухаў уважліва. - Што да Мамонічаў, то для сябе яны, можа, пратэстанты большыя, чым Будны, а знешне застануцца праваслаўнейшымі за маскавіцкага гасудара з тамтэйшым мітрапалітам, хоць, мяркую, тыя ў душы хутчэй юдзейскай веры, чым Хрыстовай.

- А ты, пане міласцівы? - з некаторым выклікам зірнуў на суразмоўцу Цяпінскі.

- Я? Мне па пасадзе дзяржаўнай, адчуваю, хутка зноў у Маскву, ды, магчыма, яшчэ не аднойчы, - усмешлівасць Гарабурды стала кволай, уявіў, як усё тое будзе.

- Мне здаецца, мы, народ Вялікага Княства, памылку робім, чапляючыся за грэцкае праваслаўе, - у голасе Цяпінскага чулася горыч, але і жорсткасць ваяра.

- Чаму?

- Ты, мой пане, лепей за мяне цяміш: яно даўно ператварылася ў чыста маскавіцкую веру. Увогуле незразумела які там насамрэч бог у маскавіцкіх святароў, калі крыжам і бібліяй натхняюць свае орды рабаваць ды забіваць нават нас, палачанаў з віцебцамі і мінчукамі, адзінаверцаў жа, здавалася б! Калі запавет Хрыста ўвогуле ж - не забі!

- Мяркуеш, нам лепей усім у каталікі падацца, тады б ахвотней палякі абараніцца дапамагалі?

- Яны дапамогуць! Не, на касцёл таксама спадзеву быць не можа. Ох, чуў я, што пра папу Рымскага пан Радзівіл Чорны казаў! Нам бы веру новую, сапраўды евангельскую. Вайскоўцы-пратэстанты не аднойчы даказалі - яны самыя мужныя і адважныя, калі сваю радзіму бароняць. І гаспадараць лепей. Вунь у той жа Лівоніі.

- Лівонцы? - Гарабурда з сумам пахітаў галавой. - Ты, пане Васіль, надта важнае сказаў па цяперашніх абставінах. Заможней-то заможней яны жывуць, можа, а вось еднасці, адчування сябе адзіным народам там пакуль няма. Лівы сабе, эсты сабе, германскія мызнікі з баронамі коўдру на сябе цягнуць. Не хочацца ўяўляць нават што адбудзецца, калі ў Лівонію хлыне ненажэрны маскавіцка-ардынскі патоп на чале з іхнімі нібыта хрысціянскімі бацюшкамі. Патоп крывавы! І каб так не атрымалася, што не будзе там каму пабудаваць хоць нейкі прыстойны каўчэг ратавання, каб не знік увогуле гэты працавіты і дружалюбны да нас лівонскі народ.

- Баюся і як памежнік прадбачу, і нам з-за нашага раз'яднання не паздаровіцца гады праз тры, - пахмурна азваўся Цяпінскі.


[1] "Ніколі!" (лац.)

[2] неабходна выслухаць процілеглы бок (лац.)

[3] У імя Айца і Сына! (лац.)

[4] Ніколі! (лац.)

 
« Папяр.   Наст. »
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 1245
mod_vvisit_counter Учора 2071
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 8436
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 30867