Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 

Шляхі да нацыянальнай дзяржавы Друк E-mail
25.03.2013 | 21:22 |
П. Мурзёнак выступае на святкаванні ў Атаве. 2006 г.Пётра Мурзёнак

І. Ці магчыма будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы?

У артыкуле разглядаюцца мадэлі будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы, суадносіны з суседнімі краінамі, умовы і мадэлі існаваньня Мовы і неабходнасьць асьветы насельніцтва для рэалізацыі беларускай ідэі.

Ключавыя словы: беларусы, нацыя, будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы

Тэарэтычным і гістарычным асьпектам узьнікненьня беларускага этнасу і нацыі прысьвечаны шматлікія дасьледаваньні, аднак тэма гэта ўсё яшчэ дыскутуецца. Некаторыя беларускія гісторыкі і этнографы хаця і спрачаюцца аб ступенi завершанасьцi працэса станаўленьня беларускай нацыi, усё ж лічаць, што беларусы сфармаваліся як маладая нацыя ў пачатку 20 стагоддзя, поруч з лiтоўцамi, украiнцамi, латышамi, другія ж сьцвярджаюць аб незакончанасьці гэтага працэса. У апошні час сярод беларускай эліты ўзнікаюць палемікі, часта пессымістычнага характару, адносна абмежаванага ўжываньня Мовы і ўмоў існаваньня беларусаў як нацыі ў будучыні (С. Законьнікаў; Я. Максімюк; В. Марціновіч; 2012).

Нацыя (ад лац. natio - племя, народ), у сучасным вызначэньні, гэта сацыяльна-эканамічная і духоўная супольнасьць людзей з пэўнай псіхалогіяй і самасьвядомасьцю, якая мае агульную мову, адметную культуру, побыт і тэрыторыю сталага пражываньня. Слова нацыя можа ўжывацца як у адносінах да самой дзяржавы, так і ў адносінах да культурнай супольнасьці людзей, інакш кажучы, як да супольнасьці грамадзян ці як да этнічнай супольнасьці, адпаведна. У першым выпадку нацыя адпавядае насельніцтву нацыянальнай дзяржавы, у другім - нацыя можа быць большай альбо меншай, чым насельніцтва, якое пражывае ў гэтай дзяржаве. Да прыкладу, у Рэспубліцы Беларусь (РБ) пражывае каля 9.5 мільёнаў грамадзян, з іх 8 мільёнаў беларусаў, і яшчэ каля 2 мільёнаў беларусаў жыве па-за межамі краіны. Калі прытрымлівацца тэорый і дэфініцый, то на першы погляд можна казаць, што людзі, якія жывуць на тэрыторыі сучаснай Беларусі, у цэлым, за выключэньнем Мовы, адпавядаюць вышэйапісаным характарыстыкам, менавіта тым, якія разам вызначаюць беларусаў як нацыю.

Розныя тэорыі ўзьнікненьня і станаўленьня нацый у дачыненьні да беларускай нацыі даюць як станоўчыя, так і адмоўныя адказы. Паводле тэорыі Сміта (A. Smith, 1986), у аснове якой ляжыць этнічны кампанент, нацыя вызначаецца як супольнасьць людзей, якія падзяляюць гістарычную тэрыторыю, агульныя гістарычныя міфы і памяць, культуру, эканоміку, агульныя правы і абавязкі для яе членаў. Здаецца, гэта падыходзіць і для характарыстыкі насельніцтва Беларусі. Часам, у дачыненьні да беларусаў як нацыі, выкарыстоўваюць тэорыю Андэрсана (B. Anderson, 1983) пра ўяўную нацыю, "аn imagined community". Гэта ўяўная нацыя, жывучы ва ўстаноўленых межах і маючы суверэнітэт, не адпавядае рэальнасьці і кожнадзённаму ўзаемадзеяньню паміж яе людзьмі - маецца на ўвазе ментальнае ўяўленьне людзей пра сваю лучнасьць і пра Айчыну ў выпадках, калі ўяўная супольнасьць ці нацыя саўдзельнічае ці суперажывае ў нейкай вялікай масавай падзеі, напрыклад, падчас Алімпійскіх гульняў.

Сапраўды, РБ існуе на карце, г.зн. ёсць тэрыторыя. Больш як 80%, а дакладней 83.7% насельніцтва (2009) вызначае сябе беларусамі і нейкая частка з іх ведае, што карані беларускага народу бяруць пачатак з канца 9-га стагоддзя ад Княства Полацкага, а крыху пазьней, з сярэдзіны 13-га стагоддзя, ад Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). Гэта значыць, ёсць гісторыя, якая не абмяжоўваецца толькі гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны ці Кастрычніцкай рэвалюцыі. Нарэшце, нават пры сёняшней уладзе гістарычная навука пачынае фрагментарна выкарыстоўваць гісторыю ВКЛ і іншыя падзеі са старажытнага перыяду, якіх яшчэ нядаўна прытрымліваліся толькі асобы ці арганізацыі нацыянальна-сьвядомага напрамку. Вось што напісана ва ўводзінах да першай кнігі фундаментальнага выданьня "Гісторыя беларускай дзяржаўнасьці ў канцы XVІІІ - пачатку ХХІ ст.": "Полацкая, Тураўская і Кіеўская Русь - гэта ў аднолькавай ступені першыя гістарычныя формы дзяржаўнасьці, якія былі ўтвораны на тэрыторыі беларускіх земляў. Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае, куды ўваходзілі і беларускія землі, - гэта другая гістарычная форма дзяржаўнасьці. Трэцяй гістарычнай формай была дзяржаўнасьць Рэчы Паспалітай. Расійская імперыя і яе дзяржаўнасьць не былі беларускімі, але яны існавалі на беларускіх землях" (Звязда, 22 сьнежня 2012, №247).

Аднак некаторыя прадстаўнікі з нацыянальна-сьвядомага асяроддзя кажуць толькі пра значную этнічную і гістарычную базу для развіцьця і станаўленьня нацыі і лічуць, што беларусы існуюць як патэнцыйная, але яшчэ не рэалізаваная нацыя. Відаць гэта дыктуецца сучаснай сітуацыяй і пагрозамі, якія перашкаджаюць хаця б адчуваць нацыю як рэальнасьць: страхі аб страце незалежнасьці і суверэнітэту, катастрафічнае моўнае пытаньне, уціск расійскай «масс-культуры», адсутнасьць сапраўднай, не дэкларатыўнай дзяржаўнай падтрымкі развіцьця беларускай ідэі. Ставіцца нават пытаньне аб магчымасьці існаваньня беларускай культуры ў рускамоўным асяроддзі?!

Вышэй прыводзіліся некалькі вызначэньняў, што такое нацыя. Але ёсць і іншыя. Напрыклад, «Два чалавекі належаць да адной нацыі толькі ў тым выпадку, калі іх аб'ядноўвае адна культура, якая ў сваю чаргу разумеецца як сістэма ідэй, умоўных знакаў, сувязяў, спосабаў паводзін і зносін» ці «Два чалавекі належаць да адной і той жа нацыі толькі ў тым выпадку, калі яны прызнаюць прыналежнасьць адзін аднаго да гэтай нацыі» (E. Gellner, 1983). Такое вызначэньне нацыі, якое пачынаецца са слоў «два чалавекі ...», падаецца вельмі важным. Менавіта прыведзеныя вышэй два вызначэньні характарызуюць ступень моцнасьці нацыі.

Калі па перапісу 2009 года 83.7% насельніцтва Беларусі лічыла сябе беларусамі, то ці значыць гэта, што сусед, які жыве з аднаго ці з другога боку, ведае пра тое, што побач з ім ёсьць такія ж людзі, якія падзяляюць агульныя, зразумелыя яму і ўсёй нацыі каштоўнасьці? Відавочна, што адказ будзе не зусім станоўчым. Станоўчы адказ мы маглі б атрымаць на вуліцах Мінска пасля развалу Савецкага Саюза, як гэта дэманстравалі літоўцы, якія браліся за рукі і стаялі гадзінамі ўздоўж дарог каб пацьвердзіць сваю еднасьць, каб паказаць, што яны ёсьць нацыя. Аднак у Беларусі мы падобнага не ўбачылі. Прыкладаў, з якіх вынікае, што наша нацыя ня ёсьць моцнай, можна прывесьці шмат ("нямыя" на мову, нежаданьне весьці дзяцей у беларускія класы, нізкая актыўнасьць у пратэстных акцыях, абыякавасьць да нацыянальных каштоўнасьцяў, зьнівеліраванае пачуцьцё нацыянальнага гонару). У сваёй манаграфіі П. Колсто (Р. Kolsto, 2000), у разделе 8, які называецца "Belarus: The Dog that Didn't Bark", напісаў так:

"In a comparative nation-building perspective, then, it is the contrast between Belarus and Ukraine that is the most interesting. Whereas the Belarusian dog has quietly lain down to sleep, his Ukrainian counterpart is standing nearby, barking away like mad." ("У параўнальнай перспектыве нацыянальнага будаўніцтва назіраецца кантраст паміж Беларусьсю і Украінай. У той час калі беларускі сабака ўлёгся спаць, яго украінскі сабрат стаіць побач і брэша як ашалелы", пераклад П.М.). У манаграфіі Т. Снайдера (T. Snyder, 2003) вы знойдзеце, што беларусы былі не зусім удачлівымі і прапусьцілі свой шанец ідэнтыфікаваць сябе як нацыю, як гэта зрабілі палякі і літоўцы, прычым, тыя зрабілі гэта упэўнена, нягледзячы на шматлікія перашкоды. І Польшча, і сучасная Літва паўсталі нацыянальнымі дзяржавамі, якія зараз жывуць у Еўропе, дзейнічаюць у Еўрапарламенце, і маюць агульную сістэму абароны. Гэта значыць яны ўпісаліся ў сучасны кантэкст развіцьця цывілізацыі. Хтосьці запярэчыць, што зараз ёсьць тэндэнцыя да мнагавектарнасьці, ці імкненьне да стварэньня/азначэньня некалькіх цэнтраў цывілізацыі, але гэтае апошняе яшчэ трэба даказаць. Маецца на ўвазе «ў кантэксьце развіцьця заходняй цывілізацыі», якая нам бліжэй і больш зразумелая, а яе існаваньне пацьверджана практыкай (хаця ўдасканаленьне мадэляў чалавечага існаваньня будзе і надалей працягвацца, і, відавочна, ініцыятыва і жаданьне рабіць гэта хутчэй будуць паходзіць зноў жа з захаду).

Калі сёньня мы яшчэ недастаткова моцныя, то павінны запытацца ў сябе, што трэба рабіць, каб стаць мацнейшымі? Здаецца на сёняшні дзень у нацыянальна-патрыятычных сіл няма агульнага падыходу і доўгатэрміновай стратэгіі для развіцьця беларускай нацыі і дзяржавы. У гэтым сэнсе разуменьне, абмеркаваньне і прыняцьце канцэпцыі магчымага будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы ў рэальных умовах і ў перспектыве з'яўляецца вельмі актуальным. Такая канцэпцыя павінна адказаць на пытаньне ці магчыма стварэньне беларускай нацыянальнай дзяржавы, калі гэта можа здарыцца, і якія існуюць шляхі для яе ўвасабленьня? У цэнтры абмяркоўваемай канцэпцыі стаіць сама беларуская нацыя. Якой бы слабай ці "патэнцыйнай" яна ні была, усё ж з практычнага пункту гледжаньня трэба прыняць, што беларуская нацыя існуе і ўсё яшчэ мае базавыя элементы (патэнцыйна ў адносінах да Мовы) для свайго развіцьця. Калі гэтых элементаў недастаткова, то трэба іх шукаць, ствараць і развіваць, і берагчы тое, што маем. Фактычна, гаворка ідзе не пра тое, як мы сталі нацыяй ці, што мы - ёсьць нацыя, а як вызначыць яе стан, у якіх умовах яна развіваецца цяпер, і зыходзячы з гэтага прагназаваць магчымыя мадэлі развіцьця нацыянальнай дзяржавы.

Зноў жа звернемся да дэфініцый. "Нацыянальная дзяржава - гэта суверэнная дзяржава, населенная адносна гамагеннай групай людзей, якія сьвядома падзяляюць пачуцьцё агульнай нацыянальнасьці"; "нацыянальная дзяржава - гэта незалежная дзяржава, у якой пражываюць людзі, што належаць да адной нацыі" (Collins Dictionary); "нацыянальная дзяржава - гэта незалежная краіна, людзі якой належаць да адной вялікай группы і падзяляюць тую ж мову, традыцыі і гісторыю" (Cambridge Advanced Dictionary). Нацыя і нацыянальная дзяржава блізкія па значэньню. У той час як дзяржава ці краіна ўяўляе сабой палітычную і геапалітычную адзінку, а нацыя з'яўляецца культурнай/этнічнай адзінкай, то тэрмін нацыянальная дзяржава ўключае іх абедзьве пры геаграфічным іх супадзеньні. Стварэньне нацыянальных дзяржаў адбывалася ў розныя часы ў розных частках сьвету і з пункту гледжаньня сёняшняга дня прынцыпова не мае значэньня, што ўтварылася напачатку - нацыя ці нацыянальная дзяржава.

Многія тэорыі разглядаюць стварэньне новых нацый і дзяржаў у Еўропе, якія ўзніклі ў 18-19 стагоддзях, як вынік афіцыйнага нацыяналізму ў дзяржавах-імперыях ці як вынік нацыянальна-вызвольных рухаў, а ў Азіі і Афрыцы пасля 2-й сусветнай вайны - як вынік антыкаланіяльнага нацыяналізму. Выразнымі прыкладамі нацыянальных дзяржаў, дзе этнічныя групы складаюць больш за 95% насельніцтва, з'яўляюцца Арменія, Егіпет, Ісландыя, Манголія, Польшча, Партугалія, Японія. У той жа час, Вялікабрытанія, Канада, Расійская Федэрацыя (РФ) - яркія прыклады многанацыянальных дзяржаў. І хаця ў Расіі доля рускіх па перапісу 2010 года даволі высокая, 77.7%, аднак у РФ пражывае 193 народы, у яе склад уваходзяць 21 нацыянальная рэспубліка з колькасцю насельніцтва больш за 20 мільёнаў, і сярод больш чым сотні моў, на якой размаўляе насельніцтва Расіі, 27 нацыянальных моў нароўні з рускай з'яўляюцца афіцыйнамі мовамі.

Ці магчыма падобнае ўтварэньне новых дзяржаў і нацый у наш час? Думаецца, што адказ будзе станоўчым, калі разглядаць у якасьці прыкладу развал СССР і Югаславіі не як «буйнейшую геапалітычную катастрофу века» і «вынік зьнешняй агрэсіі», адпаведна, а як аналаг нацыянальна-вызвольных рэвалюцый, што адбыліся ў сярэдзіне 19-га стагоддзя і прывялі да стварэньня ўмоў для самаідэнтыфікацыі нацый і стварэньня новых дзяржаў у Еўропе. На сёняшні дзень такія краіны як Славенія (89% славенаў), Харватыя (88% харватаў), Сербія (83% сербаў), Літва (84% літоўцаў) класіфіцыруюцца як нацыянальныя дзяржавы. Калі браць пад увагу працэнты, то Беларусь адпавядае такому крытэрыю нацыянальнай дзяржавы (па перапісу 2009 года 83.7% насельніцтва лічаць сябе беларусамі). Ніяк не выпадае казаць, што Беларусь з'яўляецца многанацыянальнай краінай, дзе паводле афіцыйнай інфармацыі пражываюць прадстаўнікі 140 нацыянальнасьцяў. Відавочна, што гэта можа быць вынікам інтэнсіўнай сучаснай эміграцыі (падобны працэсс назіраецца ў краінах усяго сьвету). Калі ж звярнуцца да статыстыкі, то ў Беларусі жывуць апроч беларусаў расейцы - 8.3%, палякі - 3.1%, украінцы - 1.7%, якія адносяцца да нацыянальных меншасьцяў, доля ж кожнай з іншых нацыянальнасьцяў не перавышае 0.1%. Такім чынам, адносна вялікая гамагеннасьць беларусаў у краіне ёсьць добрым грунтам для нацыянальнага будаўніцтва.

З другога боку, зараз у дачыненьні да новых узаемаадносін паміж дзяржавамі (напрыклад, у рамках Еўрасаюза ці новыя адносіны паміж рэлігіямі, якія дзейнічаюць па-за межамі нацыянальных дзяржаў) распрацоўваюцца тэарэтычныя падыходы і мадэлі, каб зразумець новыя ўмовы існаваньня нацый і дзяржаў: уводзяцца паняцьці супер-дзяржаў, цывільных дзяржаў (S. Walby, 2003), альбо палітычных нацый (A. Ingram, 2000). Гэта таксама блізка і да першай мадэлі нацыянальнага будаўніцтва - мадэлі цывільнай дзяржавы, прапануемай Р. Брубакерам (R. Brubaker, 1996). Фактычна ідзе пераход ад этнічнай, культурнай нацыі да цывільнай, палітычнай нацыі. Магчыма, што для ўсталяваўшыхся нацыянальных дзяржаў гэта і дапушчальна, бо яны ўжо прайшлі ў сваім развіцьці перыяд нацый-дзяржаў, мелі свой нацыянальны твар і «накрасаваліся». Ці будзе Беларусь мець у сваім развіцьці перыяд нацыянальнай дзяржавы? З аднаго боку можна казаць аб тым, што Беларусь спазьнілася ўсталяваць сябе як нацыянальная дзяржава. З другога боку, падаецца, што яшчэ ёсьць падставы для ўвасабленьня гэтай ідэі. S. Walby (2003) лічыць, што ў эру глабалізацыі нацыянальная дзяржава ўяўляецца больш міфічнай, чым рэальнай; многія нацыянальныя дзяржавы існуюць кароткі час у гісторыі, перад тым як зноў могуць быць рэканструяваны. Усё ж аўтар канстатуе, што добрым прыкладам нацыянальнай дзяржавы з'яўляюцца ЗША (пачынаючы з канца 19-га стагоддзя), а таксама нацыянальныя дзяржавы, невялікія і этнічна гамагенныя, якія развіваюцца ў кароткім прамежку часу пасьля распаду імперый, уключаючы Савецкую імперыю.

Нацыянальнае пачуцьцё вытраўлівалася ў СССР дзесяцігоддзямі. Хаця яшчэ ў 1903 годзе Ленін дэкларыраваў права ўсіх нацый на самавызначэньне, пасля рэвалюцыі бальшавікі, у асноўным дзякуючы Сталіну, стварылі нацыянальныя рэспублікі, дзе пражывалі дамінантныя этнічныя групы і якім бальшавікі прыпісалі імя «тытульных нацый» (мы не абмяркоўваем сітуацыю, а што б было каб бальшавікі пакінулі губерні?!). Напачатку гэта дало моцны штуршок для развіцьця нацыянальных сілаў. Пазьней, каб прадухіліць пагрозу магчымага аддзяленьня рэспублік і зьберагчы адзінства ўсяго Саюза, бальшавікі схамянуліся і павынішчылі нацыянальныя эліты па ўсіх гэтых рэспубліках - хтосьці зьнік, хтосьці трапіў у ГУЛАГі, хтосьці зламаўся. На самай справе кожная з рэспублік СССР уяўляла дзіўны гібрыд адміністратыўнай і этнічнай адзінак і такім жа быў СССР, дзе рускія былі найбольшай і дамінуючай нацыяй. Фактычна гэтыя «нацыянальныя рэспублікі» былі дэкларатыўнымі і ніхто сур'ёзна не збіраўся займацца развіцьцём нацый. Існаваньне нацый было заўважна хіба што на канцэртах падчас чарговых з'ездаў КПСС, дзе праз дзесяцігоддзі выступалі адныя і тыя ж традыцыйныя клішэ-калектывы, каб дэманстраваць інтэрнацыянальную дружбу савецкіх народаў. У выніку, пры канцы праўленьня Брэжнева, нават дэкларыравалася стварэньне новай чалавечай супольнасьці - савецкай.

Пасля развалу СССР новыя краіны, распачаўшы будаўніцтва нацыянальных праектаў, апынуліся ў складаным становішчы, бо паняцьці нацый і этнічных груп на той час ураўноўваліся, а самі нацыі мэтанакіравана перамешваліся падчас такіх праектаў як асваеньне цаліны, Сібіры, будаўніцтва прамысловых гігантаў. Тым не менш, прадстаўнікі нацыянальных элітаў былых савецкіх рэспублік пры распрацоўцы мадэляў нацыянальнага будаўніцтва бралі ў аснову этнічны кампанент (С. Сабікенаў, Казахстан, 1994; Е. Vebers, Latvia, 1997; К. Hallik, Estonia, 1996; S. Smooha, Estonia, 2001). Нават тыя, што лічаць, што для нацыянальнага будаўніцтва важным з'яўляецца палітычны, а не этнічны кампанент (A. Matyl, 1993), разглядалі тытульную нацыю як аснову для дзяржаўнага будаўніцтва. Хоць новыя пост-савецкія дзяржавы былі этнічна неаднароднымі, асабліва такія як Казахстан (39.7% казахаў у 1989 годзе), Латвія (52% латышоў, 1989), але дамінуючыя ў іх эліты рашуча заявілі аб будаўніцтве нацыянальных дзяржаў. У Беларусі ж вырашэньне пытаньня аб нацыянальным будаўніцтве па сёняшні дзень застаецца амаль такім, як і ў былым СССР. Хаця, як адзначае Т. Снайдэр, суверэнітэт Беларусі ва ўмовах аўтарытарнага кіраўніцтва нават умацаваўся (T. Snyder, 2003, p. 284). Дзіўна, але ў асноўных прынцыпах развіцьця РБ гаворка нават ідзе пра тое, што «у краіне ажыцьцяўляецца паслядоўны курс па фарміраваньню ідэалогіі беларускай дзяржавы, крышталізацыі беларускай нацыянальнай ідэі» пад лозунгам "За моцную і квітнеючую Беларусь!" Незразумела толькі, што канкрэтна маецца на ўвазе пад "крышталізацыяй". Стаўшы незалежнай краінай развіцьцё беларускасьці на самай справе не з'яўляецца прыярытэтам у дзяржаўным будаўніцтве. Больш таго, за шырмай дэкларацый ажыцьцяўляецца палітыка дэнацыяналізацыі. Дзе беларускія школы, садочкі, навучальныя ўстановы? З другога боку, відавочна, што без удзелу дзяржавы збудаваць нацыянальную дзяржаву немагчыма. Краіна ідзе па нейкаму свайму, "асобнаму шляху" развіцьця, які не мае выразнага нацыянальнага азначэньня на будучыню. Добра было б каб апроч «крышталізацыі беларускай нацыянальнай ідэі» наша краіна мела яшчэ і нацыянальны твар. Сёньня ж у Беларусі фактычна будуецца рускамоўная цывільная дзяржава.

Ці падзяляюць беларусы пачуцьцё агульнай нацыянальнасьці, тую ж Мову, традыцыі і гісторыю? Не выпадае даць станоўчы адказ за ўсё насельніцтва, якое пражывае ў неспрыяльных умовах дэнацыяналізацыі і вырашае толькі кожнадзённыя жыцьцёвыя пытаньні. Калі хто і падзяляе, то толькі людзі, якія сьвядома ведаюць гісторыю, традыцыі, Мову (хаця на жаль нават яны не ўсе Мовай карыстаюцца). Для пашырэньня ведаў пра гісторыю, культуру і традыцыі сярод насельніцтва Беларусі патрэбен час, і гэты час будзе значна больш працяглым, калі народнай асьветай, для ўтрыманьня беларускасьці, будуць займацца толькі нацыянальна-патрыятычныя сілы, а дзяржава будзе ў лепшым выпадку стаяць збоку, ці, як цяпер, перашкаджаць «беларусізацыі беларусаў». Такі вось парадокс.

Усё ж, пры выкананьні шэрагу умоў будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы здаецца яшчэ верагодным. Па крайняй меры так хацелася б думаць. Але гэта можа здарыцца не пры цяперашняй уладзе і не заўтра. І гэта не пессымістычная, а рэальная ацэнка сітуацыі, якую трэба ўлічваць пры абмеркаваньні  прапануемай канцэпцыі магчымага будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы. Чаму магчыма і чаму не заўтра? Таму што цяперашні рэжым адчувае сябе даволі моцна і абапіраецца на падтрымку большасьці беларускага народа. Колькі гэты сон будзе працягвацца - невядома. Відаць на такую думку пакрыўдзяцца некаторыя прадстаўнікі нацыянальнай эліты, хаця многія і пагадзяцца з ёй. Трэба быць рэалістамі і ня трэба сябе падманываць. Гэты рэжым існуе дзякуючы не толькі рэпрэсіям, страху, але ён базуецца і на рэальных сацыяльных механізмах размеркаваньня нацыянальных багацьцяў (па крайняй меры так выглядае для насельніцтва звонку) (В. Давыдзік, 2012). Амаль такія ж механізмы існавалі і ў былым Саюзе. Беларусам гэта знаёма, яны церпяць і пакуль не выказваюць незадавальненьня. Азіраюцца навокал, а там што? Толькі адзін прыклад: па статыстыцы прыведзенай у «Нашай Ніве» (15 жніўня 2012 года) за месячную зарплату на Украіне можна купіць 214 літраў бензіну, у Латвіі - 357, Літве - 323, Балгарыі - 216, Румыніі - 267, Венгрыі - 356, Польшчы - 441. А ў Беларусі - 396 літраў. Так што калі параўноўваць з гэтымі еўрапейскімі краінамі па бензіну, то не так і кепска (для параўнаньня, падобныя разлікі для Расіі даюць 869 л, для ЗША - 2849 л). Беларусы не адчуваюць і не бачаць дэбеларусізацыі бо дзякуючы прапагандзе чуюць аб сабе "бацькоўскі клопат", калі ідзе ў Беларусь нафта з Венесуэлы і Азербайджана, будуюцца спартыўныя лядовыя палацы, аднаўляюцца малыя і сярэднія гарады і мястэчкі падчас «Дажынкаў» (хаця робіцца часам пасьпешна і з агрэхамі). Безумоўна, усё гэта робіцца рукамі працавітых беларусаў і ўсё імі створанае застанецца, на шчасьце, на зямлі Беларусі. Беларусы цярпліва перажылі ўжо некалькі дэвальвацый і дэнамінацый і ні разу ў абсалютнай большасьці не выказвалі сур'ёзных пратэстаў. Складана ўявіць у такой сітуацыі нейкія рэвалюцыйныя зьмены.

Характарызуючы працэсы нацыянальнага будаўніцтва на пост-савецкай прасторы, Р. Брубакер (R. Brubaker, 1996) абмяркоўвае тры магчымыя мадэлі: 1. Мадэль цывільнай дзяржавы - дзяржавы грамадзян і для грамадзян, незалежна ад іх нацыянальнай прыналежнасьці (этнічнасьці); 2. мадэль двух- ці многанацыянальнай дзяржавы - дзяржавы двух ці многіх этнакультурных нацый; 3. гібрыдная мадэль, дзе дзяржава разумеецца як нацыянальная, але ў той жа час, як дзяржава ў якой перавага не аддаецца дамінантнай этнічнай групе; грамадзянам меншасьцяў гарантуюцца не толькі роўныя правы як грамадзянам гэтай дзяржавы, але і абарона ад ассіміляцыі пры выкананьні іх нацыянальных праектаў. З большага, толькі першая мадэль, а не другая і ні трэцяя, магла б падыходзіць для характарыстыкі сёняшняй Беларусі. Аб якой нацыянальнай дзяржаве можна размаўляць у краіне ў якой «беларусы - гэта тыя ж самыя рускія, толькі са знакам якасьці», у якой прэзідэнт і чыноўнікі краіны не размаўляюць на роднай мове.

Што тычыцца абмяркоўваемай канцэпцыі магчымага рэальнага будаўніцтва беларускай нацыянальнай дзяржавы, то яна добра адпавядае трэцяй мадэлі. Гэта спалучае як правы нацыянальных меншасьцяў, так і будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы, і адпавядае Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (ААН), за якую ў 1948 годзе прагаласавалі 48 краін (але 8 краін устрымаліся, уключна з СССР, які быў прадстаўлены тады РСФСР, Беларускай ССР і Украінскай ССР).

Якія б тэарэтычныя мадэлі ні выкарыстоўваліся ў дачыненьні да будаўніцтва беларускай нацыянальнай дзяржавы, відавочна, што гэта будзе вызначацца рознымі фактарамі. У першую чаргу, многае будзе залежыць ад волі нацыянальных і патрыятычных сіл, ад іх трываласьці, выпрацоўкі тэорыі і шляхоў яе рэалізацыі. Да іншых фактараў можна аднесьці як знешнія фактары існаваньня дзяржавы (напрыклад, палітычныя, эканамічныя), так і ўнутраныя, у асноўным звязаныя з адносінамі насельніцтва РБ да разуменьня неабходнасьці будаўніцтва нацыі, і, нарэшце, гэта залежыць ад зьмен у кіраўніцтве дзяржавай. Гаворка ідзе пра тое ці яшчэ ёсьць шанец збудаваць нацыянальную дзяржаву, ці Беларусь застанецца дзяржавай цывільнай.

Можна канстатаваць, што, тэарэтычна, будаўніцтва беларускай нацыянальнай дзяржавы магчыма, але яно не можа быць рэалізавана ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі бо патрабуе сур'ёзнай кансалідацыі і асьветы насельніцтва РБ, якое на сёньня ўяўляе толькі патэнцыйную, не моцную нацыю. Для будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы патрэбен удзел самой дзяржавы. Нават калі уявіць, што раптам улада зьменіцца ці нават павернецца да вырашэньня пытаньняў рэальнага, не дэкларатыўнага нацыянальнага будаўніцтва (калі ласка, не блытайце з будаўніцтвам цывільнай дзяржавы), то гэта таксама патрабуе не менш часу і высілкаў. Варыянт палітычных зьмен зусім не выключаецца, але ён здаецца пакуль малаверагодным.

Гэта не значыць, што ў існуючых умовах трэба апусьціць рукі і нічога не рабіць. Гэта значыць, што трэба распрацоўваць як каротка-, так і доўгатэрміновыя праекты, скіраваныя на дасягненьне патрэбных для збудаваньня нацыянальнай дзяржавы зьмен. Нацыянальна-сьвядомым сілам застаецца зберажэньне тых каштоўнасцей, якія ўжо напрацаваны, іх узбагачэньне і ўкараненьне ў народную сьвядомасьць на працягу жыцьця хаця б аднаго пакаленьня.

Асноўныя спасылкі

  1. Давыдзік В. Беларуская нацыя на скрыжаваньні праектаў: праблемы, сэнсы і перспектывы. Міждысцыплінарная навукова-практычная канферэнцыя, 3 лістапада 2012. http://inbelhist.org
  2. Законьнікаў С. Падмурак нацыі. Свободные новости плюс, 12 кастрычніка 2012.
  3. Максімюк Я. Мова «старэйшага брата». Радыё «Свабода», 12 чэрвеня 2012.
  4. Марціновіч В. Нацыя білінгва (да спрэчкі Вячоркі з Максімюком). Радыё «Свабода», 2 ліпеня 2012.
  5. Сабикенов С. Национальный и народный суверенитет. В чем отличие? // Мысль.- 1994. № 4.- С.-9.
  6. Сакалова М. Пра разуменне паняццяў "нацыя" і "этнас" у сучаснай айчыннай гістарыяграфіі Гістарычны Альманах. 2002, том 6.
  7. Anderson B. Imagined Communities: Reflections on the Origin and Spread of Nationalism. London: Verso, 1983.
  8. Brubaker R. Nationalism Reframed: Nationhood and the National Question in the New Europe. Cambridge: Cambridge University Press, 1996.
  9. Gellner Е. Nations and Nationalism. Ithaca, New York: Cornell University Press, 1983.
  10. Hallik K. Ethnopolitical Conflict in Estonia." In Ethnic Conflict in the Post-Soviet World: Case Studies and Analysis. NY, 1996, pp. 87-108.
  11. Ingram А. The once and future european nation-state in: Questioning Ireland: Debates in Political Philosophy and Public Policy. Dublin, 2000, pp 51-72.
  12. Kolsto P. Political construction sites. Nation-building in Russia and the post-Soviet States. Chapter 8. Belarus: The Dog that Didn't Bark. Boulder, Colorado: Westview press, 2000.
  13. Motyl A. Dilemmas of Independence. Ukraine After Totalitarianism. New York: Council of Foreign Relations Press, 1993, 217 p.
  14. Smith А. The Ethnic Origins of Nations. Oxford: Blackwell, 1986.
  15. Smooha S. The model of ethnic democracy. European Centre for minority issues (ECMI). 2001, Paper #13, pp.1-95.
  16. Snyder T. The reconstruction of Nations: Poland, Ukraine, Lithuania, Belarus, 1569-1999. Yale University Press, 2003.
  17. Vebers E. Latvijas Valsts un etniskas minoritates. Riga: Latvijas Zinatnu akademijas, 1997, 158. (цыт. па P. Kolsto, chapter 2).
  18. Walby S. The Myth of the Nation-State: Theorizing Society and Polities in a Global Era. Sociology, 2003, Volume 37(3): 529-546.

ІІ. Адносіны з суседзямі

Ключавыя словы: суседзі, як прыклад нацыянальнага будаўніцтва; дыяспара; гарантыі бяспекі

Працэсы будаўніцтва новых дзяржаў на базе былых савецкіх рэспублік ідуць па рознаму. Прычыны таму ёсьць розныя: стартавая гатоўнасьць да самавызначэньня нацый на момант развала СССР, узаемная залежнасьць эканомік рэспублік ад былога размеркаваньня вытворчасьці і цэнтралізаванага упраўленьня, напрамак зьнешняй і ўнутранай палітыкі, палітычны, эканамічны і культурны ўплыў Расіі. У гэтых новых умовах людскія рэсурсы з'яўляюцца важнейшым элементам дзяржаўнага будаўніцтва. У Табліцы 1 прыведзены змены ў колькасьці насельніцтва за апошнія два дзесягоддзі ў Беларусі, дзяржавах-суседзях і Казахстане (апошні ўзяты для параўнаньня, як былая краіна азіяцкай часткі СССР з дастаткова вялікай колькасьцю насельніцтва).

Табліца 1. Змены ў колькасці насельніцтва за два дзесяцігоддзі *

Краіна
Колькасьць насельніцтва на 1989 год
Колькасьць насельніцтва паводле апошняга перапісу (год)
Змена ў колькасьці за гэты прамежак часу

Беларусь

10.151.806

9.503.807 (2009)

- 651 тыс. (-6.4%)

Латвія

2.666.672

2.070.371 (2011)

- 596 тыс. (-22.3%)

Літва

3.674.802

3.043.429 (2011)

- 631 тыс. (-17.2%)

Польшча

37.963.000

38.325.000 (2012)

+ 362 тыс. (+0.95%)

Украіна

51.452.034

45.559.235 (2012)

- 5.9 млн (-11.5%)

Расія

147.342.000

142.938.285 (2010)

- 4.4 млн (-3%)

Казахстан

16.464.464

16.009.597 (2009)

- 455 тыс. (-2.8%)

Тут і далей, прыведзеная статыстыка і разлікі зроблены на падставе вынікаў перапісаў насельніцтва

Трэба адзначыць, што ва ўсіх рэспубліках былога СССР адбылося зніжэньне колькасьці насельніцтва, але прычыны, структура і велічыня гэтых зьмен розная. Зніжэньне прыросту насельніцтва назіраецца ва ўсёй Еўропе, і адзначана таксама ў Латвіі (пачынаючы з 1991 года і да гэтага часу), Расіі (з 1992), Беларусі (з 1993), Літве (з 1994). З другога боку, аб'ектыўныя прычыны, указаныя вышэй, маглі прывесьці да істотнай міграцыі людзей паміж новымі дзяржавамі.

Напрыклад, за 20 год насельніцтва Літвы і Латвіі значна скарацілася за кошт рускіх, украінцаў і беларусаў, а Казахстана - яшчэ і за кошт германцаў (агулам прастаўнікоў гэтых нацый у Казахстане стала менш на 3.8 мільёнаў, але гэта зьмяншэньне кампенсавалася значным прыростам колькасьці казахаў, на 4.6 мільёны). Кантрастам у параўнаньні з Польшчай выглядае істотнае зьніжэньне насельніцтва ў Расіі (4.4 млн) і Украіне (5.9 млн). Колькасць рускіх зьнізілася на 8.8 мільёнаў, але гэтыя страты відаць былі кампенсаваныя за кошт натуральнага прыросту другіх народаў РФ. Найбольшую долю ў стратах насельніцтва ва Украіне склалі таксама рускія. Колькасьць жа саміх украінцаў значна не змянялася (па звестках на 2001 год), што відаць сведчыць аб вяртаньні часткі украінцаў на радзіму з іншых частак былога Саюза.

У Беларусі за 20 мінулых год скарацілася колькасць рускіх (на 557 тыс.), украінцаў (132 тыс.), палякаў (123 тыс.), яўрэяў (99 тыс.). Тым не менш, колькасць беларусаў за гэты час не зьменшылася, і нават крыху павялічылася. Відаць, адмоўны натуральны прырост кампенсаваўся міграцыяй беларусаў з краін-суседзяў і з Казахстана (Табліца 2). У гэтых краінах на 1989 год налічвалася крыху больш за два мільёны беларусаў, 2.05 млн, але за апошнія два дзесяцігоддзі лік беларусаў у гэтых краінах зменшыўся амаль напалову, да 1.07 млн. У астатніх былых савецкіх рэспубліках на 2009 год агулам пражывала ўсяго каля 20 тыс. беларусаў, з іх каля 15 тыс. у Эстоніі і 1.5 тыс. у Малдове. Такім чынам, у блізкім замежжы пражывае крыху больш за мільён беларусаў.

Табліца 2. Змены ў колькасці беларусаў у краінах-суседзях і Казахстане за два дзесяцігоддзі

Краіна
1989 год
Колькасьць беларусаў у краіне пражываньня паводле апошняга перапісу

Беларусь

7.904 тыс. (77.9%)

7.957 тыс. (83.7%) (2009)

Латвія

112 тыс. (4.5%)

68 тыс. (3.3%) (2011)

Літва

63 тыс. (1.7%)

36 тыс. (1.2%) (2011)

Польшча

49 тыс. (0.13%)

31 тыс. (46 тыс. разам з другой заяўленай этнічнасьцю) (0.13%) (2012)

Украіна

440 тыс. (0.9%)

296 тыс. (0.6%) (2012)

Расія

1.206 тыс. (0.8%)

521 тыс. (0.4%) (2010)

Казахстан

183 тыс. (1.1%)

66 тыс. (0.4%) (2009)

Дакладных звестак аб колькасці беларусаў ці нашчадкаў-імігрантаў беларускага паходжаньня ў далёкім замежжы няма. Лічыцца, што ў ЗША жыве каля 600 тыс. беларусаў, у Канадзе (на 2006) - 10.5 тыс. Беларусы ў значнай колькасьці выязджалі ў Аргентыну, Аўстралію, у Еўропу. Некаторыя з іх запісваліся ў палякі, расейцы, іншыя ассіміляваліся з жыхарамі краіны пражываньня і таму этнічнае паходжанньне іх нашчадкаў ў гэтых краінах вызначыць вельмі складана. Можна казаць, што ў далёкім замежжы жыве не больш мільёна беларусаў; разам з адным мільёнам беларусаў блізкага замежжа яны складаюць значную дыяспару (каля 20% ад усіх беларусаў на зямлі), якая можа браць удзел і ўплываць на працэсы будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы (агулам, можа быць 11.5 мільёнаў, 9.5 мільёнаў грамадзян, якія жывуць у РБ, і 2 мільёны беларусаў блізкага і далёкага замежжа).

Латвія (насельніцтва - 2,070,371; 2011)

У параўнальным плане Латвія знаходзіцца ў значна больш выгадным становішчы, чым Беларусь, што тычыцца будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы. Латвія ўступіла ў Еўрапейскі Саюз і ў НАТА, што гарантуе ёй бясьпеку і падтрымку дэмакратычных пераўтварэньняў у краіне. З другога боку, Латвіі і складана, бо па этнічнаму складу краіна мае нязначную адносную большасьць людзей латышскай нацыянальнасьці ў параўнаньні з іншымі нацыянальнасцямі. Да таго ж, даволі значная рускамоўная частка насельніцтва, падтрымліваемая усходнім суседам, пастаянна разыгрывае рускую карту. Урад Латвіі знаходзіцца пад эканамічным і маральна-палітычным ціскам Расіі, які апошняя аказвае з-за парушэньня правоў рускіх. Адной з прычын такога ціску з'яўляецца моўнае пытаньне; латышы патрабуюць абавязковае веданьне мовы пры прыняцьці грамадзянства людзьмі нелатышскай нацыянальнасьці, г.зн. абараняюць сваю адзіную дзяржаўную мову ад усё яшчэ дамінуючай рускай мовы.

Калі б не моцная дзяржаўная, нацыянальная палітыка, то ўвогуле нацыянальнае будаўніцтва Латвіі калі б і было магчымым, то расцягнулася б на дзесяцігоддзі. У той жа час, рускамоўная частка насельніцтва (рускія, беларусы, украінцы) адаптавалася, калі можна так казаць, да жорскіх умоваў існаваньня ў адбудоўваемай нацыянальнай дзяржаве. З 1989 г. па 2011 г. доля латышоў павялічылася з 52.0% да 62.1% , і зьнізілася доля рускіх - з 34.0% да 26.9% , беларусаў - з 4.5% да 3.6%, украінцаў - з 3.5% да 2.5%; доля палякаў (2.3% і 2.4%) і літоўцаў (1.3% і 1.2%) практычна не зьмянілася. Фактычна, парушаліся правы чалавека, але відаць урады Латвіі не бачылі другога шляху, каб выратаваць існаваньне нацыі. Трэба адзначыць, што насельніцтва Латвіі за апошнія дваццаць гадоў скарацілася на 600 тысяч чалавек, у асноўным за кошт рускамоўнага насельніцтва (колькасьць латышоў зьменшылася на 103 тыс.).

Гістарычна, найбольш беларусаў выязджала ў Латвію з паўночна-заходніх раёнаў краіны. Колькасць беларусаў у Латвіі зменшылася са 112 тыс. у 1989 годзе (4.5%) да 68 тыс. у 2011 годзе (3.6%). Тым не менш, паводле Згуртаваньня беларусаў сьвету "Бацькаўшчына" (ЗБСБ) ў Латвіі дзейнічаюць некалькі беларускіх асяродкаў: "Сьвітанак", "Маю гонар", "Вясёлка", Беларуская школа, Таварыства беларускай мовы , "Прамень" (Рыга), "Уздым" (Дaўгаўпілс), "Мара" (Ліепая), "Спадчына" (Вентспілс). Магчыма, колькасьць сяброў у гэтых суполках і невялікая, іх палітычная і моўная арыентацыя не аднолькавая, але ўжо тое, што яны знайшлі магчымасьць стварыць гэтыя асяродкі, робіць гонар нашым суродзічам. Безумоўна, што трэба ўлічваць патэнцыйны ўдзел беларускай дыяспары ў Латвіі і ў другіх краінах замежжа ў аднаўленьні і адбудове нацыі. Ваеннай і эканамічнай пагрозы для Беларусі Латвія не стварае; дэмакратычная краіна, з невялікай арміяй. Афіцыйна падтрымлівае рух Беларусі да дэмакратыі.

Літва (насельніцтва - 3,043,429; 2011)

Доля тытульных нацый ў Літве і Беларусі (84.2% і 83.7%) амаль аднолькавая, як і іншых этнічных груп: палякі - 6.6% і 3.1%, рускія - 5.8% і 8.3%, украінцы - 0.5% і 1.7%; астатнія группы складалі не больш 0.1% паводле перапісаў насельніцтва 2011 і 2009 года, адпаведна. Аднак літоўцы, адрозна ад беларусаў, пасьля развалу Саюза вельмі хутка сталі рэальна ажыцьцяўляць нацыянальную палітыку, бо і ў часы СССР адносна актыўна ёю займаліся; літоўцы думалі, вучыліся і чыталі шыльды на ўстановах і шыльды з назвамі вуліц на роднай мове. Адразу пасьля атрыманьня свабоды Літва перажыла цяжкія эканамічныя часы, жыла ў холадзе, голадзе, не страціла свайго гонару. Сур'ёзных пытаньняў, што да прыгнёту нацыянальных меншасьцяў там амаль не ўзнікала. Так магло бы быць і ў нас, каб не злыя сілы, якія паднялі вэрхал (1993-1996) адносна прыгнёту рускамоўных на Беларусі.

Паводле статыстыкі, у Літве пражывае крыху больш за 36 тысяч беларусаў, 1.2% (2011) (для параўнаньня, у 1989 годзе іх было 63 тыс.). Гэта значна менш чым у Латвіі, але ў той жа час у Літве дзейнічае удвая больш беларускіх асяродкаў (звесткі ЗБСБ), што магчыма сьведчыць аб большай аседласьці беларусаў у Літве. У адной толькі Вільні існуе 10 асяродкаў, яны ёсьць таксама ў такіх месцах як Друскінінкай, Вісагінас, Тракай, Клайпеда, Шальчынінкай, Шаўляй, Швянчоніс, Вальчунай, Каўнас, Пабрадзе.

З Літвой нас аб'ядноўвае агульная, амаль 600-гадовая гісторыя сумеснага жыцьця ў ВКЛ, і гэтую гісторыю немагчыма нават дзяліць. Быў час (1991-1995) калі «Віціс» і «Пагоня», як гербы дзяржаў Літвы і Беларусі, красаваліся на будынках у гарадах і вёсках абедзьвюх краін. Будзем спадзявацца, што літоўцы ў недалёкім будучым не будуць спрачацца, калі мы будзем выкаростоўваць той жа самы ці амаль той самы герб "Віціса-Пагоні", які калісьці быў у адной нашай агульнай дзяржаве, ВКЛ, у якой выкарыстоўвалася страбеларуская пісьменная мова (не літоўская і не жмудзінская). Ды ёсць і многа другіх рэчаў, якімі літоўцы маглі бы падзяліцца. Прыкра, напрыклад, слухаць калі ў Наваградак прывозяць літоўскіх дзяцей, каб распавядаць, што Наваградак - гэта старажытная сталіца Літвы, дзе каранаваўся літоўскі кароль Міндоўг. Наваградак - горад беларускі.

Вельмі прыемна, што дыялог пачаўся. За апошні час праведзена многа навуковых канферэнцый, на якіх абмяркоўваюцца праблемы агульнай гісторыі, этнаграфіі, культуры. Сёньня ўжо мала знойдзеш беларусаў - прыхільнікаў вяртаньня Вільні і Віленскага краю. Але цяжка пагадзіцца, што Адам Міцкевіч гэта выдатны літоўскі паэт. Здаецца, у такім выпадку, у беларусаў ёсьць больш падстаў заяўляць, што ён наш, беларускі паэт, бо нарадзіўся на беларускай зямлі, на якой людзі, што жылі там у той час, зваліся ліцьвінамі.

У адным з раздзелаў сваёй манаграфіі Т. Снайдер напісаў, што нацыяналізм прыйдзе ў Беларусь тады, калі беларусы пачнуць змагацца за «свайго» Міцкевіча (T. Snyder, 2003, p. 283):

"Only when Mickiewicz is (falsely) presented in Minsk as a modern Belarusian, as he is today portrayed (falsely) in Warsaw or Vilnius as a modern Pole or Lithuanian, will we have a sign that Belarusian nationalism has arrived."

г. зн. што беларусы будуць мець шанс стаць нацыяй, калі ўсьвядомяць, што Адам Міцкевіч гэта "іх" паэт. Як бы каму гэтага і не хацелася, але беларусы ганарацца беларуска-ліцьвінскім паходжаньнем сусьветна вядомага паэта Адама Міцкевіча, які пісаў свае геніяльныя творы на польскай мове. Паэт, які нарадзіўся ў Наваградку праз тры гады пасьля падзелу Рэчы Паспалітай, вучыўся ў Вільні і ніколі не жыў у Варшаве і Кракаве, пісаў свае творы, абапіраючыся на беларускі фальклор, гісторыю і традыцыі не ў апошнюю чаргу належыць да Беларусі. Усе тры народы, беларускі, літоўскі і польскі, маюць роўнае права (пастаўлены па алфавіту) называць Адама Міцкевіча сваім нацыянальным паэтам, які належыць да сусьветнай культуры. Важна каб з гэтым пагадзіліся палякі і літоўцы.

Нацыянальная эліта Літвы, як і эліты Латвіі і Украіны, адбудоўвываючыя свае нацыянальныя дзяржавы, а таксама дзеячы палітыкі і культуры Польшчы, краіны, якая адыгрывае ўсё большую ролю у Еўрапейскім Саюзе, добра разумеюць праблемы нацыянальнага будаўніцтва, якія мае беларуская нацыя. Таму такія стрымана-афіцыйныя палітычныя і эканамічныя адносіны з сучасным урадам Беларусі, які эксплуатуючы усходні вектар зьнешняй палітыкі, заснаваны нават не на пан-славянскай, а на нео-савецкай ідэалогіі, пакідае ў загане развіцьцё сваёй нацыі, вынікам якой з'яўляецца ўсё большая ассіміляцыя насельніцтва РБ у расійскую палітыку і культуру.

Польшча (насельніцтва - 38.325.000; 2012)

Польшча паўстала зараз моцнай нацыяй, з якой усё больш лічуцца еўрапейцы. Колькасьць насельніцтва Польшчы за апошнія 20 год не скарацілася, а нават падрасло (Табліца 1), пры тым што доля саміх палякаў крыху зменшылася паміж 2002 і 2011 гадамі, з 96.7% да 93.9% (- 826 тыс.). Часткова гэтыя страты былі кампенсаваны прыехаўшымі людзьмі другіх нацыянальнасьцяў, што сведчыць аб адкрытасьці і прывабнасьці Польшчы для іміграцыі. Трэба адзначыць, што крыху больш мільёна палякаў пастаянна знаходзяцца ў ад'ездзе (выязджаюць на 6-7 месяцаў на заробкі за мяжу; у кастрычніку 2012г. безпрацоўе у Польшчы было 12.5%).

Нацыянальная эліта праз многія цяжкасьці і іспыты збудавала нацыянальную дзяржаву: адмовілася ад ідэі вяртаньня «усходніх крэсаў», балюча вырашыла спрэчныя пытаньні з украінцамі (фактычна праз грамадзянскую вайну), пазьней падтрымлівала ідэі незалежнасьці для Украіны і Беларусі, ствараючы магчымы буфер ад расійскай пагрозы. Многія з ідэяў будаўніцтва новай Польшчы нарадзіліся вакол часопіса «Культура», які запачаў Ежы Гедройц (E. Gedroyz) з прыхільнікамі. Ён абараняў і будаваў Польшчу, а не развальваў і не нападаў на Расію, як гэта спрабуюць паказаць нават цяпер, пасьля яго сьмерці, крытыкі ў Расіі (А. Сямёнаў, http://www.segodnia.ru/content/114119, кастрычнік 2012).

У Беларусі пражывае 294,549 палякаў (2009). Частка з іх зарганізавана ў Саюзы палякаў, якіх на Беларусі два, «чэсны саюз» і «нячэсны саюз». Зразумела - што ёсць што - калі не патрымліваеш дзейную уладу, то ты вораг (як і «нячэсны» саюз пісьменнікаў, апазіцыянеры, нацыяналісты, адмарозкі, пятая калона - наогул 37-мы год).

На 2011 год па ўсёй Польшчы налічвалася ўсяго 46 тыс. беларусаў (разам з 2-й заяўленай этнічнасьцю) і ў параўнаньні з 1989 годам іх колькасьць амаль не змянілася (49 тыс.). Большасьць беларусаў у Польшчы пражывае ў Беластоцкім ваяводстве. Для даведкі: паводле перапісу 1931 года там налічвалася 1.263.300 жыхароў, з іх 66.9% палякаў, 16.3% беларусаў і 12.1% яўрэяў (D. Bockowski, 2009). Такім чынам, у гэтым ваяводстве 80 год таму назад пражывала каля 206 тыс. беларусаў, але відаць працэсы ассіміляцыі непазбежныя. Беларускія суполкі зараз можна знайсьці як ў Беластоцкім рэгіёне (Беласток, Бельск-Падляскі, Гайнаўка, Крынкі), так і ў такіх гарадах як Познань, Люблін, Варшава, Кракаў. У Польшчы дзейнасьць беларускіх і іншых суполак рэгулюецца законам.

Польшча і зараз працягвае палітыку падрымкі ў дачыненьні як да Украіны, так і да Беларусі, і не таму, што ўсё яшчэ баіцца войск з Усходу, а таму што сама нядаўна была ў такім жа становішчы і, вызваліўшыся ад таталітарызму, хоча і можа дапамагчы, кіруючыся агульначалавечымі каштоўнасьцямі свабоды, брацтва і роўнасьці. Фінансавая і арганізацыйная падтрымка тэлевізійнай праграмы «Белсат», радыё «Рацыя», навучаньне беларускіх студэнтаў у польскіх вузах, арганізацыя навуковых форумаў палітычнага і культуралагічнага кірункаў, спрашчэньне візавага рэжыму - вось канкрэтныя пункты падрымкі нацыянальных сіл і развіцьця дэмакратыі ў Беларусі. Беларусы - народ міралюбівы, ім няма з кім ваяваць унутры дзяржавы і навонкі. Таму падтрымка, адкуль бы яна не ішла, працуе на будучыню Беларусі.

Украіна (насельніцтва - 45,559,235; 2012)

Украіна мае даволі моцную эканоміку, валодае значнымі прыроднымі і людскімі рэсурсамі, урадлівай зямлёй, і ў перспектыве можа прыстойна ўліцца ў эканоміку Еўропы. Украіна займае 1-е месца у Еўропе па тэрыторыі (603.700 кв.км.) і шостае па колькасьці насельніцтва (45.5 млн; пасьля Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Італіі і Іспаніі); для параўнаньня, Беларусь займае 13-е месца (207.600 кв.км.) і 16-е месца (9.5 млн), адпаведна.

Паводле апошняга перапісу (2001) на Украіне жыло 276 тыс. (0.6%) беларусаў, што у параўнаньні з 1989 годам (440 тыс., 0.9%) меней на 164 тыс. Беларускія суполкі дзейнічаюць амаль ва ўсіх абласных цэнтрах Украіны і ў некаторых невялікіх гарадах (Вінніца, Івана-Франкоўск, Ізяслаў, Кіеў, Кіраваград, Ковель, Луганск, Львоў, Палтава, Роўна, Севастопаль, Сімферопаль, Харкаў, Херсон, Чарнаўцы, Чарнігаў, Чэркасы, Ялта).

Што да будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы, то Украіна, як і Беларусь, знаходзіцца ў вельмі падобным стане: эканамічны і палітычны ўціск Расіі, моўнае пытаньне. Але ў адрозненьне ад Беларусі ўсе чатыры Прэзідэнты Украіны (Л. Краўчук, Л. Кучма, В. Юшчанка, В. Януковіч) не выступалі за палітычны саюз з Расіяй, не ставілі пад сумнеў, што украінская мова павінна быць адзінай дзяржаўнай мовай, паступова крок за крокам ідуць на еўраінтэграцыю. На Украіне пакуль ёсьць значны падзел паміж прамаскоўскім усходам і нацыянальна моцным захадам, з'ява, якой здаецца няма ў Беларусі. Прычым падзел гэты ідзе не толькі па моўнаму прызнаку, але і па менталітэту.

Прэм'ер-міністр Украіны М. Азараў у сьнежні 2012 г. паведаміў, што на долю краін Мытнага саюза (Расія, Беларусь, Казахстан) прыпадае 60 млрд. даляраў украінскага экспарту, а на краіны Еўрасаюза - 40 млрд. Пры тым ён заявіў, што ў краіны Мытнага саюза пастаўляецца тое, што не прадаецца на другіх рынках. У гэтым сэнсе Беларусь праяўляе адносна Расіі нават большую самастойнасць (у 2011 г. экспарт у Расію склаў толькі 34%).

Прадказаньні Т. Снайдера (T. Snyder, 2003, p. 291) былі такімі, што далучэньне Украіны, Беларусі і РФ да ЕС не можа адбыцца раней 2040. Аднак, гэта можа здарыцца і хутчэй, калі сачыць за нядаўнімі заявамі еўрапейскіх палітыкаў аб магчымай асацыяцыі Украіны ў ЕС у 2013 годзе. Калі Украіна вытрымае эканамічную і палітычную баталію з Расіяй, а значыць будзе мець умовы для будаўніцтва сапраўды незалежнай, нацыянальнай дзяржавы, тады для Беларусі таксама застаецца шанс на станоўчы сцэнарый.

Расія (насельніцтва - 142.938.285; 2010)

У Расіі пражывае 521 тыс. беларусаў (2010). У буйных гарадах і абласных цэнтрах Расіі дзейнічаюць каля 50 беларускіх суполак, з іх у Маскве налічваецца сем, у Навасібірску - чатыры, у Санкт-Пецярбургу - 2 (паводле ЗБСБ). У свой час, на пачатку 20-га стагоддзя, беларуская суполкі ў Санкт-Пецярбургу, "Круг беларускі", (1902-1904, Б. Эпімах-Шыпіла, В. Іваноўскі, А. Пашкевіч, Ф. Умястоўскі), "Загляне сонца і ў наша аконца" (1906-1914, В. Іваноўскі) адыгралі значную ролю ў аднаўленьні беларускай нацыі. Ці здарыцца падобнае зараз - пакажа час. Апошні скандал у Іркуцку, дзе мясцовыя ўлады пачалі прыціскаць актыўны беларускі асяродак, сведчыць аб тым, што аўтарытарны рэжым дзейнічае ў цесным кантакце з расійскімі ўладамі для кантроля нават культуралагічных беларускіх асяродкаў на тэрыторыі Расіі.

Развіцьцё нашай нацыі ў многіх аспектах залежыць ад адносін да Расіі, супердзяржавы, якая аказвае моцны ўплыў не толькі на рэспублікі былога СССР, якія набылі 21 год таму назад незалежны статус, але і на еўрапейскія дзяржавы. І хаця тэрыторыя і людскі патэнцыял Расійскай імперыі ў выглядзе СССР значна зменшыліся, але небяспека эканамічнага ціску з боку Расіі і падпарадкаваньня сваіх нядаўніх брацкіх рэспублік аж да страты іх незалежнасьці і суверэнітэта хвалюе нацыянальныя эліты не толькі Беларусі.

Для такой насцярожанасьці ёсць добравядомыя гістарычныя падставы. Пасьля заката Кіеўскай Русі ў канцы 12-га стагоддзя на паўночны ўсход ад яе, на тэрыторыі, дзе знаходзіліся Растова-Суздальская, Ўладзімірская, Мурамская землі, пачала фармавацца Маскоўская дзяржава. Стварэньне маскоўскай дзяржавы ў 13-15-м стагоддзях праходзіла пад значным уплывам Залатой Арды. Фактычна Залатая Арда дыктавала умовы існаваньня княстваў Паўночна-Усходняй Русі, даравала князям ярлык на кіраваньне, збірала даніну з земляў, вызначала палітыку. Да таго ж панаваньне Залатой Арды праходзіла на фоне пастаяннай міжусобіцы паміж княствамі Паўночна-Усходняй Русі; так, Цьвярское паўстаньне (1327) было жорстка падаўлена войскам, прыведзеным з Арды маскоўскім князем Іванам Калітам. І нават параза татараў 8 верасьня 1380 году падчас Кулікоўскай бітвы не скончыла іх панаваньне, якое яшчэ доўжылася каля 100 год. Толькі ў 1476 годзе Іван ІІІ перастаў плаціць Залатой Ардзе даніну, а 1480 год лічыцца датай падзеньня мангола-татарскага прыгнёту.

Узаемаадносіны паміж княствамі Паўночна-Усходняй Русі і Ардой на працягу амаль 240 гадоў (1241-1480) характарызаваліся не толькі прыгнётам. Знатныя сем'і з аднаго і другога боку радніліся. Напрыклад, Юры Далгарукі, князь суздальскі (1149-1157), быў жанаты на дочцы палавецкага хана; Юры Данілавіч, князь маскоўскі, дзякуючы жаніцьбе на сястры хана Узбека, атрымаў ярлык на вялікага князя ўладзімірскага (1319-1322). У апошні час дыскутуецца пытаньне аб татарскім паходжаньні Івана ІУ (Жахлівага), Барыса Гадунова і Пятра І (Г. Абдулаева, 2011; І. Гарыфуллін, 2012).

З другога боку, вяльможы з Арды ехалі на землі княстваў; паводле акадэміка А. Халікава, ад татар пайшлі такія знатныя расійскія фаміліі як Абдулавы, Алмазавы, Анічковы, Апраксіны, Аракчэевы, Балакіравы, Баскакавы, Батурыны, Блахіны, Булгакавы, Буніны, Бухарыны, Глінскія, Дзяржавіны, Жданавы, Злобіны, Зубавы, Карамзіны, Караулавы, Купрыны, Мініны, Мічурыны, Огаровы, Пажарскія, Рахманінавы, Растопчыны, Сабуравы, Скрабіны, Суворавы, Тацішчавы, Ціміразевы, Цютчавы, Тургеневы, Тухачэўскія, Уланавы, Ушаковы, Чаадаевы, Шадрыны, Шарамецевы, і іншыя. На землях Паўночна-Усходняй Русі на працягу амаль 250 гадоў існавала вассальнае Касымаўскае ханства (1452-1681, сучасная Разанская вобласьць). Апроч гэтага, землі Паўночна-Усходняй Русі засяляліся славянамі з Наўгародчыны і Дняпра, якія ассіміляваліся з угора-фінскімі плямёнамі (мардва, весь, меря, мокша, эрзя, мяшчэра, мурома, і іншыя). Так паступова нараджалася маскоўская дзяржава.

У канцы 15-га стагоддзя панаваньне Залатой Арды значна зменшылася. Пачынаючы ад Івана ІІІ (1462-1505), які пачаў называцца "великий князь всеа Руси", а пазьней ад Івана ІУ (Жахлівага), які атрымаў тытул «царя» (1547), маскоўская дзяржава ўсталявалася і пачала пашырацца на поўнач, усход, і поўдзень. Іван ІІІ пачаў з захопу і ліквідацыі Ноўгарадскай Рэспублікі (1478), вывезшы з Ноўгарада ў Маскву «вечевой колокол». Далей былі Цвер (1485), Разань (1521), Казанскае ханства (1552), Астрахань (1556), Вялікая Нагайская Арда (1557), Сібірскае ханства (1582), Пегая Арда (1619). Гэта самы кароткі пералік, бо гісторыя Расіі гэта пастаянная тэрытарыяльная экспансія падчас існаваньня Маскоўскага княства (1263-1547), Рускага царства (1547-1721), Расійскай імперыі (1721-1917), Савецкай Расіі (1917-1922), Савецкага Саюза (1922-1991), Расійскай Федэрацыі (з 1991).

І толькі заходні напрамак на канец 15-га стагоддзя быў яшчэ непасільны для Масквы. Бо там існавала моцная дзяржава, Вялікае Княства Літоўскае (ВКЛ). Са згоды Папы рымскага, Інакенція ІV, 6 ліпеня 1253 года ў Наваградку каранаваўся кароль літоўскі, Міндоўг. Фактычна, людзі, якія жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі і Літвы, утварылі моцнае Княства. У склад гэтай новай еўрапейскай дзяржавы ўвайшлі і землі Полацкага і Смаленскага княстваў, этнічна заселеныя беларусамі. Трэба адзначыць, што Полацкае княства, як і Ноўгарадская рэспубліка, заўжды праводзілі самастойную ад Кіеўскай Русі палітыку (9-12-е стагоддзі). Гэта дзяржава, ВКЛ, у адрозненьне ад Маскоўскай, ніколі не зьведала татара-мангольскага прыгнёту і разьвівалася ў зусім іншых умовах. Яна стала яшчэ больш магутнай, утварыўшы ў 1569 годзе разам з Каралеўствам польскім федэрацыю, якая называлася Рэч Паспалітая, што ў перакладзе на сучасную беларускую мову азначае - Садружнасьць, па ангельску - Commonwealth. У Садружнасьці, якая была адзінай дэмакратычнай дзяржавай свайго часу сярод усёй Еўропы, трэцяга траўня 1791 года была прынятая першая ў Еўропе канстытуцыя.

Па разліках (I. C. Pogonowsky, 1987), у 1493 годзе ў Садружнасьці ВКЛ і Каралеўства Польскага жыло 7.5 мільёнаў жыхароў, з іх 3.25 млн палякаў, 3.75 млн рутенаў (г.зн. украінцаў і беларусаў), і 0.5 млн літоўцаў. У 1618 годзе, з пашырэньнем тэрыторыі Рэчы Паспалітай паводле Дэўінскай дамовы, у Садружнасьці было ўжо 12 млн жыхароў, з іх палякаў - 4.5 млн, украінцаў - 3.5 млн, беларусаў - 1.5 млн, літоўцаў - 0.75 млн, прусаў - 0.75 млн, яўрэяў - 0.5 млн, лівонцаў - 0.5 млн. У 1717 годзе, пасьля страты часткі тэрыторый, колькасьць насельніцтва Садружнасьці зьнізілася да 9 млн, прыблізна 4.5 млн складалі палякі, 1.5 млн - украінцы, 1.2 млн - беларусы, 0.8 млн - літоўцы, 0.5 млн - яурэі, 0.5 млн - іншыя. Такім чынам, у 1717 годзе каля трэці насельніцтва ВКЛ складалі украінцы, каля 30% беларусы, і каля 18% літоўцы.

Часы росквіту Садружнасьці (Двух Народаў) прыпалі на пачатак 17-га стагоддзя, бо далейшае яе развіццё было спынена з Усходу - Масква рушыла на захад. Што мы мелі з таго часу?

  1. Трынаццацігадовую вайну (1654-1667) з Маскоўскім царствам, пасля якой на нашых землях, землях ВКЛ, знікла адна трэцяя частка насельніцтва і пачаўся заняпад Садружнасьці.
  2. У канцы 18-га стагоддзя (1795 год) Садружнасьці зусім не стала, бо была захопленая і падзеленая паміж Аўстрыяй, Прусіяй і Расіяй. Прычым нашы землі адышлі пад руку расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ.
  3. Садружнасьць знікла, але беды на гэтым ня скончыліся: вынікам далейшых рэпрэсій ў Паўночна-Заходнім Краі ў 30-х гадах 18-га стагоддзя была страта прывілеяў беларускай шляхтай, зьнішчэньне уніяцкай царквы, да якой адносілася каля 70% беларускага насельніцтва, забарона дзеньня Статута ВКЛ і забарона беларускай мовы.
  4. Дзяржаўнасць на тэрыторыі Садружнасьці ВКЛ і Польскага каралеўства перастала існаваць аж да 1918 года.
  5. Далей было станаўленьне дзяржаўнасьці (БНР, 1918; БССР, 1919) і перыяд адраджэньня ў 30-х гадах 20-га стагоддзя, які скончыўся рэпрэсіямі ў дачыненьні да сьвядомай беларускай эліты, развал СССР, дэкларацыя незалежнасцьі Беларусі (1991), моцны перыяд адраджэньня беларускай нацыі ў 1991-1994, пасля якога да гэтага часу працягваюцца рэпрэсіі і негатыўныя адносіны нео-савецкай улады да ўсяго беларускага.
  6. Да таго ж дадаюцца - уступленьне Беларусі ў Арганізацыю дзяржаў калектыўнай бяспекі (АДКБ), спробы аднаўленьня саюза Расіі і Беларусі, эканамічны ціск з боку Расіі - усё гэта стварае нервовыя абставіны ў дачыненьні да ўсталяваньня і далейшага будаваньня сапраўды незалежнай і суверэннай беларускай нацыянальнай дзяржавы.

На сёньня, эканамічныя адносіны Беларусі з Расіяй і Еўрасаюзам пакуль што збалансаваныя. Так, па звестках Міністэрства замежных спраў беларускі экспарт у 2011 годзе у Расію склаў 13,7 млрд. даляраў (34% ад усяго беларускага экспарта), а ў краіны Еўрасаюза (ЕС) ў параўнаньні з 2010 годам практычна падвоіўся і склаў 15,7 млрд. долараў (прырост да ўзроўню 2010 года - 8,1 млрд.). Таваразварот Беларусі з Расіяй у 2011 годзе склаў 38.6 млрд. даляраў (44.9% ад усяго аб'ёма беларускага знешняга гандлю), а з краінамі ЕС за 10 гадоў - з 2001 да 2011 - павялічыўся ў дзесяць разоў, склаўшы ў 2011 годзе 24,4 млрд. даляраў. Такім чынам, доля Расіі ў эканоміцы Беларусі, калі ацэньваць па экспарту і агульнаму таваразвароту, не перавышае 45%.

Аднак ніхто не возмецца абсалютна адкінуць страхі і гарантаваць немагчымасьць расійскай інвазіі (ваеннай, эканамічнай) у Беларусь. Варта нагадаць, што Расійская імперыя прырастала і пасьля захопу Садружнасьці, у 19-м стагоддзі - Каўказам (1859-1878) і Сярэдняй Азіяй (1854-1885), у 20-м стагоддзі ў часы існаваньня СССР - тэрыторыяй Заходняй Беларусі і Украіны і краінамі Прыбалтыкі (1939-1940), пасля 2-й сусьветнай вайны краінамі Усходняй Еўропы, і нядаўна Абхазіяй і Паўднёвай Асеціяй (2008).

Добравядомы лідэр ЛДПР яшчэ нядаўна заклікаў, каб рускі салдат памыў ногі ў Індыйскім акіяне. Не дзіўна, што 70% палякаў нават у 1994 годзе, ужо пасьля развалу Берлінскай сьцяны, баяліся ваеннай пагрозы з боку Расіі, і толькі ўступленьне Польшчы ў НАТО ў сакавіку 1999 года крыху супакоіла польскую грамадскасьць. Тым не менш, супраць магчымага захопу Беларусі Расіяй сьведчаць наступныя факты, якія базуюцца на:

  1. статусе нашай краіны, як дзейнага сябра Арганізацыі Аб'яднаных Нацый;
  2. на непарушнасьці дзяржаўных граніц у Еўропе паводле Заключнага Акта аб Бяспецы і Супрацоўніцтву ў Еўропе (Хельсінкі, 1975);
  3. на гарантыях бяспекі, дадзеных Беларусі Расіяй, Вялікабрытаніяй і ЗША, ў сувязі з Дамовай аб нераспаўсюджваньні ядзернага ўзбраеньня. У дадатковым мемарандуме, падпісаным 5 сьнежня 1994 года, у прыватнасьці, гаворыцца, што:
  • Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Злучаныя Штаты Амерыкі і Расійская Федэрацыя пацьвярджаюць Рэспубліцы Беларусь сваё абавязацельства ў адпаведнасьці з прынцыпамі Заключнага акта АБСЕ паважаць незалежнасьць, суверэнітэт і існуючыя граніцы Рэспублікі Беларусь;
  • Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Злучаныя Штаты Амерыкі і Расійская Федэрацыя пацьвярджаюць сваё абавязацельства ўстрымлівацца ад пагрозы сілай або яе прымяненьня супраць тэрытарыяльнай цэласнасьці або палітычнай незалежнасьці Рэспублікі Беларусь і што ніякія іх узбраеньні ніколі не будуць выкарыстаны супраць Рэспублікі Беларусь, акрамя як у мэтах самаабароны або якім-небудзь іншым чынам у адпаведнасьці са Статутам Арганізацыі Аб'яднаных Нацый;
  • Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Злучаныя Штаты Амерыкі і Расійская Федэрацыя пацьвярджаюць Рэспубліцы Беларусь сваё абавязацельства ў адпаведнасці з прынцыпамі Заключнага акта Нарады па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе ўстрымлівацца ад эканамічнага прымушэньня, накіраванага на тое, каб падпарадкаваць сваім уласным інтарэсам ажыццяўленьне Рэспублікай Беларусь правоў, уласцівых яе суверэнітэту, і такім чынам забяспечыць сабе перавагі любога роду.

У сувязі з гэтым мемарандумам можна як жарт успрымаць прапанову Прэзідэнта Пуціна ў 2005 годзе аб далучэньні Беларусі да Расіі шасьцю губернямі. Дарэчы, урад Беларусі ніяк афіцыйна не адрэагаваў на гэта, значыць дзесьці, падысподам, такая небяспека не выключаецца (напрыклад, праз арганізацыю чарговага рэферэндума), г. зн. пагроза суверэнітэту краіны, як ні дзіўна, можа зыходзіць з самой Беларусі. Такія версіі (напрыклад, пра "шапку Манамаха") ужо абмяркоўваліся раней у сродках масавай інфармацыі. Ніхто і ніколі не даруе ўдушэньня свабоды, знішчэньня Мовы і гандлю незалежнасьцю і суверэнітэтам.

Але нават калі б уявіць, што гэта далучэньне губернямі магчыма, трэба каб была выканана яшчэ адну умова - каб у самой Расіі было адменена права нацый і народаў на самавызначэньне, і паўсюдна былі ўведзены губернатарствы. Апошняе ўвесь час прапануе лідэр ЛДПР, сп. Жырыноўскі. Здаецца ў Расіі ўжо скасаваны дзьве ці тры нацыянальныя вобласьці. Да таго ж уведзены 8 федэральных акругаў і 11 эканамічных раёнаў, якія нівеліруюць нацыянальную прыналежнасьць насельніцтва у гэтых адміністратыўных падзелах. Але ці пагодзяцца Татарстан і яшчэ 20 нацыянальных рэспублік Расійскай Федэрацыі, у якіх пражывае больш за 20 мільёнаў чалавек, ператварыцца ў губернатарствы? Калі ўзгадаць прыклад Чачні, і рэальную сітуацыю сёння на Каўказе, то гэта малаверагоднае рашэньне (хіба што зноў "па савецку" правядуць рэферэндумы).

Прэзідэнт Пуцін 20-га сьнежня 2012 г. падчас прэс-канферэнцыі на пытаньне журналісткі з Татарстана аб магчымасьці новага тэратэрыяльнага падзелу РФ прама не адказаў, а пачаў з таго, што раней у Расіі не было нацыянальна-тэрытарыяльных утварэньняў, што былі губерніі і што ўсё функцыянавала нядрэнна, што падзел на гаспадарчыя суб'екты мае сэнс, але вырашэньне нацыянальнага пытаньня заўжды адчувальная праблема і павінна вырашацца паводле законаў самімі суб'ектамі ці галасаваньнем на рэферэндуме, ці рашэньнем адпаведнага парламента. У той жа час ім 19 сьнежня 2012 года падпісаны Указ «О стратегии государственной национальной политики Российской Федерации на период до 2025 года», дзе, напрыклад, канстатуецца, што ў РФ выкарыстоўваецца 277 моў і дыялектаў, у дзяржаўнай сыстэме адукацыі выкарыстоўваецца 89 моў, з іх - 30 у якасьці моў навучаньня, 59 - у якасьці вучэбнага прадмета.

Асаблівасьці нацыянальнага складу Расійскай Федэрацыі сведчаць таксама супраць магчымасьці стварэньня панславянскай дзяржавы з удзелам Украіны, Беларусі. Але ў той жа час Вы не знойдзеце і ніякіх сігналаў падтрымкі ў будаўніцтве і ўмацаваньні новых нацыянальных дзяржаў, у прыватнасьці Беларусі і Украіны, як з боку дзейнай расійскай улады, так і з боку любых расійскіх лібералаў-дэмакратаў. Для іх могуць быць дрэннымі Лукашэнка ці Януковіч, але яны спяць і бачаць свае шавіністычныя сны аб зноў жа пашыранай расійскай імперыі, няхай сабе і за кошт cуседніх славянскіх народаў. Ім выгадней бачыць гэтыя краіны васаламі, але не свабоднымі, незалежнымі нацыянальнымі дзяржавамі.

Нягледзячы на істотную розьніцу ў развіцьці Беларусі і Расіі (на працягу шасьці вякоў, з сярэдзіны 13-га і да канца 18-га стагоддзяў, мы жылі у розных дзяржавах, як і да гэтага перыяду ня мелі нічога агульнага), гістарычна нам наканавана быць суседзямі. У эпоху глабалізацыі, і рэальна ацэньваючы эканамічныя стасункі паміж Расіяй і Беларусю, якія працягваюцца з часоў Савецкага Саюза, можна канстатаваць, што альтэрнатывы супрацоўніцтву з усходнім суседам, пры збалансаванай палітыцы на другіх напрамках, не праглядаецца. Адзінае, што гэта супрацоўніцтва мусіць быць раўнапраўным і ўзаемавыгадным.

Асноўныя спасылкі

  1. Адам Міцкевіч і нацыянальныя культуры. Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Мінск, 7-11 верасьня 1998 года). 200 год. "Беларускі кнігазбор", 1998, 448 стар.http://kamunikat.fontel.net/pdf/albaruthenica/11.pdf
  2. Абдулаева Г. Россией правили татары. BadNews, 2011, март 5.http://badnews.org.ru/news/rossiej_pravili_tatary/2011-03-05-6917
  3. Гарифуллин И. Русские фамилии тюркского происхождения. «Югра», март 2012.http://www.ugra-start.ru/ugra/mart-2012/772
  4. Халиков A. 500 русских фамилий булгаро-татарского происхождения. Казань, 1992 год. Электронная версия - Ш.Л.Таналин. При перепечатке не забудьте дать на нас ссылку.Екатеринбург, 2004 год. http://tatural.ru/500/500_rustat_family.htm
  5. Boсkowski D. Nazawszerazem. Białostocczyznai Łomżyńskiew polityce radzieckiej w czasie II wojny światowej (IX 1939 - VIII 1944). Neriton, Instytut Historii. 2PAN005. 2009, pp. 116-117.
  6. Memorandum on Security Assurances in Connection with the Republic of Belarus'Accession to the Non-Proliferation Treaty, signed in Budapest on 5 December 1994. http://www.bielarus.net/archives/2006/12/24/999
  7. PogonowskiI. Based on 1618 population map(p.92, p.115), 1618 languages map (p.119), 1657-1667 losses map (p.128) and 1717 map (p.141) Poland a Historical Atlas, Hippocrene Books, 1987.

ІІІ. Моўнае пытаньне

Ключавыя словы: стан мовы, мадэлі існаваньня мовы

Агульная мова, якой карыстаецца насельніцтва дзяржавы, з'яўляецца адной з галоўных характарыстык нацыі. У значнай ступені, менавіта ад вырашэньня гэтага пытаньня, ці загавораць беларусы па беларуску, залежыць не толькі канчатковае станаўленьне беларускай нацыі і магчымасць рэальнага будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы, але і суверэнітэт РБ. Сёньня гэтае пытаньне для многіх беларусаў вельмі балючае і крыўднае.

Старабеларуская пісьмовая мова ВКЛ трансфарміравалася ў сучасную літаратурную мову ў канцы 19-га пачатку 20-га стагоддзяў. Гэта магло б адбыцца крыху і раней, аднак у Садружнасьці беларуская шляхта карысталася польскай мовай, мовай дамінуючай культуры, і хіба што дазваляла сабе размаўляць на тутэйшай мове з сялянамі. А апошнія два стагоддзі на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў гарадах, а пазьней і ў мястэчках запанавала руская мова. Але нават двух кароткіх перыядаў беларускага адраджэньня (20-я - 30-я гады і 1991-1994 гады мінулага стагоддзя) было дастаткова, каб беларусы пачулі прыгажосьць і ўсьвядомілі адметнасьць нашай Мовы.

Аднак сёняшні стан беларускай мовы нават значна горшы, чым пасьля абвяшчэньня незалежнасьці ў 1991 годзе, і выклікае вялікую трывогу. Нашы суседзі і гістарычныя партнёры Польшча і Літва цвёрда ўсталяваліся як сучасныя нацыі; Беларусь, знаходзячыся пад ціскам Расіі (мова, культура, масс-культура), мае вельмі кепскую сітуацыю, што да самаідэнтыфікацыі як нацыі. Нацыі-імперыі ў мінулым выкарыстоўвалі палітыку «афіцыйнага нацыяналізму: мад'ярызацыю, япанізацыю, русіфікацыю», каб узаконіць свае прэтэнзіі на нацыянальнае права і ідэнтычнасьць, і прыхаваць разыходжаньні паміж нацыямі і каралеўскімі дынастыямі (B. Anderson). Нейкім чынам, русіфікацыя, якая пачалася 200 год таму назад, працягваецца на Беларусі да гэтага часу.

Ці адчувае сябе беларус беларусам мацней, чым гэта было 20 год таму назад? Калі не, то што за насельніцтва пражывае на тэрыторыі Беларусі? У чым можна назіраць праявы беларускай нацыі - у масавым выдавецтве беларускай літаратуры, у развіцьці беларускага кіно, у беларускім школьніцтве і студэнцтве? Якія вынікі ў станаўленьні і развіцьці сучаснай беларускай нацыі мы маем за апошнія 20 год?

  1. Развіцьцё беларускай мовы - мовы карэннай нацыі, праўдзівае паданьне старажытнай гісторыі і культуры не з'яўляюцца прыярытэтам дзяржавы.
  2. Дзяржаўныя чыноўнікі і абсалютная большасць гарадскіх жыхароў ужывае толькі рускую мову, што вядзе да вынішчэньня рэшткаў беларускасьці ў краіне.
  3. У 2009 г. асноўнай мовай зносінаў 70% беларусаў назвалі расейскую мову, беларускаю мову ўжывае дома ўсяго 23% насельніцтва. Доля беларусаў, якія Мову назвалі роднай значна знілізася, з 73.6% у 1999 г. да 53.2% у 2009 г.
  4. У Мінску толькі 2% школьнікаў навучаецца ў беларускіх класах, а па ўсёй краіне толькі 19%. Паводле Таварыства беларускай школыў Магілёве, у адзінай на ўвесь абласны цэнтар беларускай клясе, на роднай мове навучаецца толькі адна дзяўчынка (Радыё "Свабода", 27 сьнежня 2012). Тое ж самае прыблізна назіралася ў Гародні перад пачаткам 2012-2013 навучальнага году.
  5. Выкладаньне гісторыі ў школах і універсітэтах базуецца на кароткай гістарычнай памяці, звязанай з Вялікай Айчыннай вайной і акупацыяй Заходняй Беларусі Польшчай. Старажытная і сярэднявечная гісторыя краіны рэвізавана па савецкаму тыпу (а раней падавалася па расейскаму тыпу).
  6. У савецкія часы, у 1970 годзе, агульны тыраж беларускамоўных кніг складаў 9 мільёнаў асобнікаў альбо 40%, рускамоўных - 16 мільёнаў (60%) (Радыё «Свабода», 13 сьнежня 2007). У 2012 годзе, за 9 месяцаў, агульны наклад быў амаль такім жа, 25.3 мільёны, але на беларускай мове было надрукавана толькі 3.4 мільёны кніг, альбо 13.5%, і 81.5% - на рускай мове (В. Ругайн, ЕўраРадыё, 13.11.2012). Г.зн., што доля кніг на роднай мове знізілася за апошнія 40 год у тры разы?!
  7. Патрыятычныя сілы не маюць агульнай стратэгіі, скіраванай на супольную працу ў станаўленьні беларускай нацыі. Адсутнічае нават жаданьне крытычна ўспрымаць вынікі сацыялагічных апытаньняў праведзеных НДІСД праф. Манаева. Спробы сцвярджаць, што дзякуючы актыўнай дзейнасьці апазіцыі адбыўся байкот апошняй выбарчай кампаніі (хаця б у Мінску), ні чым іншым як самападманам не з'яўляюцца. Да таго ж, улада мае сёньня моцны рэпрэсіўны апарат і, пасьля 19 сьнежня 2010 года, патрыятычныя сілы апынуліся разгромленымі. Шмат хто быў вымушаны пакінуць Радзіму. Нацыянальна-патрыятычныя сілы адціснуты аўтакратамі неа-савецкага тыпу далёка на край будаўніцтва дзяржавы, і не нацыянальнай дзяржавы, а дзяржавы цывільнай.
  8. Інфармаванасьць насельніцтва Беларусі, за выключэньнем афіцыйнай прапаганды, вельмі нізкая:
  • У краіне пры насельніцтве ў 9.5 мільёнаў чалавек практычна адсутнічаюць незалежныя СМІ, а тыя што яшчэ выжываюць выдаюцца невялікімі накладамі (Народная Воля - 28.000, Новы час - 7.000, Наша Ніва - 6.000, часопіс "Дзеяслоў" - 1.000) і балансуюць паміж папярэджаньнямі быць зачыненымі і пажаданьнямі друкаваць дазволеную інфармацыю.
  • Электронныя медыя, Хартыя-97, Радыё "Свабода", і незалежнае тэлебачаньне "Белсат" вымушаны працаваць з-за мяжы.
  • Незалежныя сайты ў інтэрнэце наведваюць толькі 3% беларусаў, а чытаюць незалежныя газеты - не болей 1% беларусаў (В. Івашкевіч, Хартыя 97, 2 кастрычніка 2012).

Хто вінаваты ў такой сітуацыі - дзяржава ці адзін асобны чалавек? Безумоўна вінаваты. А самі беларусы? Вінаваты - і таксама безумоўна. Але пры належнай моўнай дзяржаўнай палітыцы гэтага пытаньня не ўзнікала б. Грамадзяне і чыноўнікі Беларусі станоўча прынялі Закон аб мовах (1990), але затым, з вяртаньнем кіраўнікоў нэа-савецкага тыпу, падняўся гвалт аб прыцясненьні правоў рускамоўнага насельніцтва. Праз рэферэндум праціснулі другую афіцыйную мову, рускую. Здаецца, у абоіх выпадках дзяржава павінна была браць на сябе адказнасьць за зьберажэньне Мовы, але ў апошнім выпадку "гэтыя клопаты" сталі проста знішчальнымі для Яе.

І справа не ў недахопе сродкаў для развіцьця Мовы, а ў нежаданьні кіруючых дэнацыяналізаваных сіл гэта рабіць. Добры пачатак у перыяд адраджэньня (1991-1994) не атрымаў развіцьця ў апошнія 20 год. Дзяржава не спрыяе развіцьцю беларускасьці, а калі якія прызнакі і ёсьць, то яны маюць дэкларатыўны характар. У сучаснай Беларусі няма нацыянальнага лідэра, няма прапаганды і падтрымкі грамадскага настрою, што да будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы. А без падрымкі дзяржавы гэта навогуле зрабіць ці магчыма. Тыя праграмы і сродкі, якімі карыстаюцца афіцыйныя улады, відавочна недастатковыя для утрыманьня неабходнага ўзроўню беларускасьці ў краіне. І гэта тычыцца не толькі Мовы. Прывядзём яшчэ адзін прыклад: не без падтрымкі ўлады (нават на ўзроўні Адміністрацыі Прэзідэнта) чатыры гады таму назад у раённым цэнтры Паставы «аднекуль з неба» з'явіліся казакі для патруляваньня вуліц і навядзеньня парадку. Заўважце, гэта адбылося нават значна раней, чым у Маскве, дзе гэта ініцыятыва распачалася ў мінулым 2012 годзе. У Беларусі былі эпізоды, зьвязаныя з дзейнасьцю прышлых казакаў, але каб тут завяліся аседлыя казакі, як гэта характэрна для Расіі ці Украіны, то гісторыя гэтага не адзначыла.

Што рабіць у такой сітуацыі? Аднымі заклікамі «Давайце размаўляць па беларуску» многа не даб'ешся. Гонар тым людзям, якія ў такой кепскай сітуацыі штосьці робяць для выратаваньня Мовы. Шмат робіць Таварыства Беларускай Мовы. Паводле сп. А. Трусава (Радыё "Свабода", 27 сьнежня 2012), да чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 года афармленьне чыгуначнага вакзалу ў Берасьці будзе зроблена на беларускай мове, і менавіта дзякуючы намаганьням Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ). Перад гэтым, вынікам дзейнасьці ТБМ было выданьне Правіл дарожнага руху, а таксама мытных дэкларацый па беларуску. Здавалася б, непрыкметныя праекты робіць ТБМ, выпускае каляндарыкі, маркі, змагаецца за выкарыстаньне Мовы ў дзяржаўных установах. Але гэтай працы проста няма цаны! На жаль гэта ўсё робіцца не высілкамі дзяржавы, што ў краіне з двумя афіцыйнамі мовамі было б натуральна, а высілкамі грамадскай арганізацыі. Як нядаўна на Радыё «Свабода» сказаў старшыня ТБМ Алег Трусаў, ён падзяляе кіруючае чынавенства пароўну, 50 на 50; у паловы прыхільнае стаўленьне да беларускай мовы, у паловы - абыякавае; «а сярод іх ёсьць і адкрытыя ворагі беларушчыны».

Адносіны да роднай мовы з боку дзяржавы ў Беларусі найгоршыя з краін-суседзяў. Пытаньне аб мове не стаіць у Літве, Польшчы і ў Расіі. У Латвіі латышскую мову абараняюць ад рускай, на Украіне за родную мову дэпутаты б'юцца ў Радзе; у Беларусі ж - актыўная дзяржаўная палітыка ў дачыненьні да зьберажэньня Мовы адсутнічае. Прэзідэнт Назарбаеў заявіў у сьнежні 2012 года (газета"Наша Ніва", 14 сьнежня 2012), што Казахстан да 2025 года пярэйдзе на лацініцу; паводле яго слоў, гэта «паслужыць не толькі развіцьцю казахскай мовы, але і ператворыць яе ў мову сучаснай інфармацыі». Пры гэтым, ён таксама заклікаў беражліва ставіцца да расійскай мовы і заявіў, што «валоданьне ёй з'яўляецца гістарычнай перавагай». І ў Казахстане ніякага ляманту з боку Расіі пакуль не назіраецца. Пры тым, трэба адзначыць, што за перыяд з 1989 г. да 2009 г. доля тытульнай нацыі ў Казахстане павялічылася з 39.7% да 63.1%, а доля іншых нацыянальнасьцяў зьменшылася: рускіх - з 37.8% да 23.7%, узбекаў - з 2.0% да 2.9%, украінцаў - з 5.4% да 2.1%, татараў - з 2.0% да 1.3%, беларусаў - з 1.1% да 0.4%.

Цяжка ўявіць лёс беларускай мовы. Але відавочна, што ён будзе незайздросны без падтрымкі дзяржавы і будзе залежыць ад шэрагу ўмоў і часу. Якія варыянты можна мець?

  1. Калі сітуацыя з Мовай будзе існаваць у такім жа выглядзе пры той самай ўладзе на працягу хаця б аднаго пакаленьня, і калі яе не абараняць, то Мова фактычна зьнікне (што значна павялічыць пагрозу з'яднаньня з рускамоўнай тэрыторыяй у рамках нейкіх саюзаў). Балансаваньне ўрада паміж Усходам і Захадам прывяло да таго, што ў 2012 годзе Беларусь зноў павярнулася на ўсход, і ў гэтым зацікаўлена і спрыяе гэтаму ўсё тая ж расійская імперыя. І хоць мэты ўрада Беларусі і Расіі могуць быць розныя, але канчаткова, у доўгатэрміновым кантэксьце, абедзьве сілы працуюць на знішчэньне нацыі.
  2. Другая мадэль - на працягу якіх дваццаці год беларуская мова будзе зьберагацца толькі ў нацыянальна-сьвядомых асяродках і мець абмежаванае карыстаньне («ірланцкі варыянт»). Дамінуючай будзе, як і зараз, руская мова. Ці магчыма будзе ўтрымаць беларускую культуру пры такім варыянце - гэта вялікае пытаньне.
  3. Трэцяя мадэль - сітуацыя будзе такая ж кепская, але пры новай палітычнай волі з'явіцца магчымасьць аднаўленьня беларускай мовы («чэскі варыянт»).
  4. Чацьвёртая мадэль - праз выбары ці рэвалюцыю - у бліжэйшы час малаверагодная. Надзея на тое, што зьмена сітуацыі магла б адбыцца пры чарговых выбарах (2001, 2006, 2010), не спраўдзілася. Некалькі спробаў патрыятычных сіл падняць насельніцтва кожны раз за некалькі месяцаў да надыходзячых «справядлівых» выбараў не знайшлі падтрымку. Спадзявацца на наступныя выбары, гэта значыць чакаць чарговых закладнікаў, якім, да прыкладу, быў раней сп. А. Казулін, а цяпер сп. М. Статкевіч, і шмат іншых.

Для даведкі: ірланцкая нацыя сёньня ўяўляе сабой дзяржаву з насельніцтвам 4.6 млн (2011), ірланцамі сябе лічуць 86.9%, але ірланцкую, першую афіцыйную мову, назвалі роднай толькі 11% жыхароў, ды і то толькі дзякуючы аднаму раёну краіны. Большасьць жа насельніцтва (94%) карыстаецца другой афіцыйнай мовай, англійскай.

Чэская мова на канцы 18-га - пачатку 19-га стагоддзя была на грані выміраньня, аднак пасьля ўтварэньня новай дзяржавы, Чэхаславакіі, пасьля 1-й сусьветнай вайны, дзякуючы намаганьням нацыянальнай эліты, чэшская мова была адноўлена. У Чэхіі жыве 10.5 млн (2009), з іх 94% - чэхі, і 4% - славакі. Афіцыйная мова - чэская.

Урэшце, якой бы мадэлі не прытрымлівацца, нацыянальна-патрыятычным сілам застаецца рабіць максімальна магчымае, каб зберагчы Мову і ўтрымаць беларускасьць. Надзея на будучыню ёсьць, бо ўжо пайшло другое тысячагоддзе ад першых знакаў нашай дзяржаўнасьці - а мы існуем. І хаця апошнія два стагоддзі беларускі народ паспытаў моцны гуманітарны прэсс, яшчэ застаецца крытычна-мінімальная праслойка нацыянальных сіл, і гэта дазваляе спадзявацца, што зьмены калісьці адбудуцца.

На працягу апошніх двух стагоддзяў вядома незлічоная колькасць фактаў, якія сьведчаць аб спробах суседзяў, Польшчы (у міжваенны перыяд на тэрыторыі Заходняй Беларусі) і Расіі, ассіміляваць адну з самабытнейшых этнічных груп на Зямлі, беларускую (Л. Лыч, 1995; В. Швед, 2002; М. Крыжаноўскі, 2008). Спробы гэтыя працягваюцца да сёняшняга дня. Прывядзём пару вядомых фактаў:

«Зраўняць Заходні край ва ўсіх адносінах з унутранымі вялікарускімі губернямі» - такую задачу меў «Заходні Камітэт», утвораны імператарам Мікалаем І пасьля ўдушэньня паўстаньня 1830-1831 года;

«Что не доделал русский штык - доделает русская школа и церковь» - так казаў генерал-губернатар Паўночна-заходняга краю М. Мураўёў пасьля ўдушэньня паўстаньня 1863-1864 года;

«Ни черта не понятно!»«Чем быстрее все мы будем разговаривать по-русски, тем быстрее построим коммунизм» - так рэагаваў М. Хрушчоў на прамову К. Мазурава на беларускай мове у 1959 годзе падчас святкаваньня 40-годдзя БССР.

«Люди, которые говорят на белорусском языке, не могут ничего делать, кроме как разговаривать на нем, потому что по-белорусски нельзя выразить ничего великого. Белорусский язык - бедный язык. В мире существует только два великих языка - русский и английский» - з выступленьня А. Лукашэнкі на сесіі Гомельскага гарсавета, 1 сьнежня 1994 г. ("Народная газета", 1 лютага 1995 года). Вось такая эвалюцыя.

Зьберагчы тое, што маем - гэта задача мінімум для нацыянальных сіл, задача максімум - несьці веды пра гісторыю, традыцыі, Мову ў народ цяпер, толькі тады можна спадзявацца на посьпех, і, магчыма, нават выйсьці на «чэскі варыянт» у будучыні.

Асноўныя спасылкі

  1. Дакументы i матэрыялы па гiсторыi Беларусi. Т. 2.- Мн., 1940.
  2. Крыжаноўскі М. Жывая крыніца ты, родная мова. Народная Воля, 1 мая 2008, №65-66.
  3. Лыч Л. Русіфікацыя. Беларусь: Энцыклапедычны даведнік. 1995, с. 630.
  4. Швед В. Эвалюцыя расейскай урадавай палітыкі адносна земляў Беларусі (1772-1863 г.). Гістарычны Альманах. 2002, Т.7.

ІV. Высновы

Сёньня няма добрых падстаў сцьвярджаць, што існуе моцная беларуская нацыя. Хаця такія характарыстыкі нацыі як тэрыторыя i прыналежнасьць да этнічнай беларускай групы прысутнічаюць, але іншыя, як карыстаньне Мовай і усведамленьне сябе беларусамі - моцна аслаблены, ці нават адсутнічаюць. Нягледзячы на вялікую долю грамадзян, якія лічаць сябе беларусамі, што з'яўляецца добрым грунтам для нацыянальнага будаўніцтва, беларуская нацыя ў цэлым не выглядае моцнай, прыдушаная расійскай культурай, без значных праяў нацыянальнай волі і гонару. Доля нацыянальна-сьвядомых людзей у агульнай масе насельніцтва даволі тонкая і пакуль дастатковая толькі для таго, каб мінімальна падтрымліваць ідэі беларускасьці, але недастатковая каб зьмяніць сьвядомасьць усяго грамадства. Час ідзе, губляецца пакаленьне, якое яшчэ пачувае сябе беларусамі. Такім чынам, можна казаць пра тое, што для рэальнага будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы ў бліжэйшым часе няма асновы.

Таксама відавочна, што немагчыма збудаваць нацыянальную дзяржаву без удзелу дзяржаўных устаноў. Пакуль няма прыкметаў таго, што ў сёняшнім  урадзе Беларусі ёсьць нейкія праграмы па развіццю буларускасці. Нягледзячы на некаторыя дэкларатыўныя заявы, падтрымка і развіцьцё беларускасьці  не з'яўляецца рэальнай дзяржаўнай палітыкай. Калі зьмены не адбудуцца на працягу 10-20 год, то грамадства будзе ўяўляць сабой дэнацыяналізаваную цывільную дзяржаву. Русіфікацыя, якая пачалася 200 гадоў таму назад, працягваецца на Беларусі да гэтага часу. Сучасны ўрад Беларусі, эксплуатуючы усходні вектар зьнешняй палітыкі, які заснаваны на нео-савецкай ідэалогіі, пакідае ў загане развіцьцё сваёй нацыі, вынікам якой з'яўляецца ўсё большая ассіміляцыя беларусаў у расійскую палітыку і культуру. Фактычна, Беларусь ідзе па шляху пабудовы рускамоўнай цывільнай дзяржавы, што ў сваю чаргу можа скончыцца рэальнай стратай суверэнітэту праз далучэньне да іншых рускамоўных тэрыторый. Ці магчыма зьберажэньне і развіцьцё беларускай культуры ў рускамоўным асяроддзі - гэта пытаньне даволі рытарычнае і недарэчнае.

Нашы суседзі, Латвія і Літва, за 20 год незалежнасьці зрабілі вельмі шмат у нацыянальным будаўніцтве і ў многім могуць быць для нас прыкладам, як і Польшча, якая на сёняшні момант аказвае вельмі істотную падтрымку ў развіцьці дэмакратычных інстытутаў. Нацыянальнае будаўніцтва сталася магчымым нават у такіх краінах як Латвія і Казахстан, дзе доля этнічных тытульных нацый была крытычна малой. Украіна вырашае амаль тыя ж самыя праблемы, што і Беларусь у пытаньнях развіцьця дзяржаўнасьці і нацыі. Ад таго, які будзе вынік вырашэньня існуючых супярэчнасьцяў паміж Украінай і Расіяй будуць часткова залежаць і знешнія умовы існаваньня РБ. Амаль усе краіны-суседзі, за выключэньнем Расіі, спачуваюць і дапамагаюць у станаўленьні дэмакратыі ў Беларусі, спрыяючы такім чынам стварэньню новых магчымасьцяў для разьвіцьця нацыі. У Расіі, на жаль, ні ва ўрадзе, ні сярод ліберал-дэмакратаў, няма сіл, якія б шчыра падтрымалі самастойнасьць Беларусі. Дваццаць два гады таму назад беларусы нарэшце вырваліся з-пад 200-гадовай апекі Расійскай імперыі і атрымалі рэальны шанец вярнуцца да дзяржаўнасьці, якую яны мелі на працягу некалькіх стагоддзяў. Але, як і раней, з боку Расіі ўсё яшчэ зыходзіць небясьпека для беларускай незалежнасьці. І хоць ёсьць шэраг умоў і фактаў, якія не дазваляюць думаць пра сцэнарый захопу краіны, але абсалютна выключыць такую верагоднасьць ніхто не можа. Нягледзячы на адносную збалансаванасьць на гэты час беларускай эканомікі паміж Расіяй і астатнім сьветам, тое ж самае можна сказаць і пра эканамічную незалежнасьць і самастойнасьць.

Відаць, нацыянальныя лідэры вымушаны прызнаць, што магчымасьць рэальнай пабудовы нацыянальнай дзяржавы  застаецца пакуль што толькі тэарэтычнай нават у аддаленым часе. З пункту гледжаньня Мовы праз нейкі час нацыянальная дзяржава магла б усталявацца па «ірланцкаму тыпу» ці па «чэскаму тыпу». Але і тэарэтычная магчымасьць не можа быць рэалізавана ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі, бо патрабуе часу і сур'ёзнай кансалідацыі і асьветы насельніцтва РБ. І гэта не залежыць ад таго, хто ёсьць пры ўладзе, бо немагчыма гэтыя задачы ажыцьцявіць у кароткі тэрмін. Гэта значыць, што трэба распрацоўваць як каротка-, так і доўгатэрміновыя праекты, скіраваныя на дасягненьне патрэбных для збудаваньня нацыянальнай дзяржавы зьмен. І гэта не толькі Мова. Нацыю не збудаваць, калі беларусы не будуць ведаць даўнішнюю гісторыю свайго народа: што Адам Міцкевіч гэта  і беларускі нацыянальны паэт, якім яго лічуць таксама палякі і літоўцы; што беларусы могуць ганарыцца многімі выбітнымі землякамі як мінулага, так і сучаснасьці, якіх несправядліва прысвоілі суседзі, сарамліва пра гэта маўчаць і не хочуць падзяліцца; што мы адметная, старажытная нацыя, здольная самастойна вырашаць свае жыцьцёвыя праблемы, як роўная і вольная сярод другіх нацый.

Нацыянальнай эліце застаецца зберажэньне і ўзбагачэньне тых каштоўнасцей, якія ўжо напрацаваны, і іх доўгатэрміновае, на працягу хаця б аднаго пакаленьня, укараненьне ў народную сьвядомасьць. Тое што робіцца ў гэтым напрамку на сёняшні дзень - гэта вельмі добра, але недастаткова. Думаецца, што важную ролю ў стварэньні інфармацыйнай прасторы можа адыграць і беларуская дыяспара. Без асьветніцкай працы сярод большасьці беларускага насельніцтва тэарэтычная магчымасьць будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы рэалізавана быць ня можа.

 
« Папяр.   Наст. »
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 2031
mod_vvisit_counter Учора 2709
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 7444
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 42984