Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 

“Што за справа мастаку да ляманту крытыкі?” Друк E-mail
16.05.2012 | 21:57 |
Наталля ЯКАВЕНКА : Амаль несур`ёзны доследНаталля ЯКАВЕНКА : Амаль несур'ёзны дослед

Аднойчы Марк Твэн, які на той час працаваў рэдактарам гарадской газеты, атрымаў ліст ад нейкага чалавека, абуранага надрукаваным матэрыялам. У допісе было толькі адно слова: "Свіння". На наступны дзень у газеце з'явіўся адказ рэдактара: "Мы нярэдка атрымоўваем лісты без подпісаў, але ўчора ўпершыню атрымалі адзін толькі подпіс, без ліста..."

Чым не дачыненні беларускіх крытыкаў, насуперак усяму ўпэўненых у патрэбнасці і правільнасці сваёй працы, з аўтарамі, якія цвёрда трымаюцца меркавання: крытыкаваць можа ўсякі дурань (альбо свіння), ды многія з іх менавіта гэтым і займаюцца?

"Што за справа мастаку да ляманту крытыкі? Чаму тыя, хто самі не здатныя ствараць, бяруць на сябе адвагу меркаваць аб творчасці? Што яны могуць пра гэта ведаць?", - пытанні, якія яшчэ ў 1890 годзе асвятляў Оскар Уайльд у п'есе-дыялогу "Крытык як мастак". І па сённяшні дзень тое ж час ад часу хвалюе беларускіх літаратараў - у залежнасці ад апошніх надрукаваных на іх творы рэцэнзіяў, і на тыя ж пытанні мусяць не раз адказваць крытыкі.

Таму, улічваючы нязгасную папулярнасць крытычнай тэмы, дазволю сабе яшчэ адну спробу прааналізаваць сітуацыю "з дапамогаю" вядомых беларускіх крытыкаў, чые зборнікі сталіся ў апошнія гады адметнымі з'явамі сучаснага літаратурнага працэсу:

  • Сяргей ДубавецВершы - Мінск: Медысонт, 2007. - (Бібліятэчка часопісу "Дзеяслоў");
  • Ганна КісліцынаЧалавек постмадэрну ў сучаснай беларускай літаратуры. - Мінск: Права і эканоміка, 2010;
  • Леанід ГалубовічСыс і кулуары: літаратурна-крытычныя эсэ - Мінск: Літаратура і Мастацтва, 2010;
  • Ірына ШаўляковаСапраўдныя хронікі Поўні: артыкулы і рэцэнзіі - Мінск: Літаратура і Мастацтва, 2011.

1

Крытыкаваць можа ўсякі...

"Я стаў літаратарам таму, што аўтар рэдка сустракаецца са сваімі кліентамі і не павінен прыстойна апранацца", - неяк жартам зазначыў Джордж Бернард Шоу. Беларускія пісьменнікі таксама даволі ахвотна адкрываюць свае матывы "ўзяцца за пяро". А вось чаму нашы крытыкі абралі менавіта такі род дзейнасці ні жартоўна, ні сур'ёзна ніхто з іх не прызнаваўся, прынамсі публічна. Але як яны разумеюць існасць і прызначэнне крытычнай працы даведацца не складана.

Адной з першых у свой час выказалася Ганна Кісліцына. Уласнае крытычнае крэда яна вызначыла назовам зборніка - "Blonde attack" (2002) і наступнымі радкамі:

"Літаратурны крытык - патолагаанатам: прэпарыруй, корпайся ў вантробах, аналізуй, але не спадзявайся на ўдзячнасць кліента (...) Увогуле крытык - той, хто любіць літаратуру, але не літаратараў".

Дзіва што ўдзячнасці не дачакаешся: "кліенты" патолагаанатама - нябожчыкі. І, напэўна, мала хто з пісьменнікаў дабравольна хоча стаць "кліентам" спадарыні Ганны пасля такога адыёзнага прызнання, няхай сабе і несур'ёзнага.

"Пераймаючы вызначэнне крытыкі ад Г. Кісліцынай, насмелюся параўнаць яе (крытыку, вядома) з барометрам духоўнай атмасферы ў грамадстве, калі залежна ад ціску (і ўціску) крытычнага верхняга слупка, творцы і іх прыхільнікі могуць вызначаць арыенціры дзеля будучых мастацкіх высілкаў..." ("Крытыка"),

- так далікатна, асабліва ў параўнанні з Г. Кісліцынай, і сур'ёзна выказаўся Леанід Галубовіч, чым даў амаль класічнае, ці, можна сказаць, акадэмічнае тлумачэнне.

"Айчынная літаратурная крытыка сёння нагадвае адмысловую партызаншчыну, - сцвярджае мая каляжанка Ірына Шаўлякова і тлумачыць: аблога - трайная (адсутнасць чытацкага піетэту, раздражненне пісьменнікаў плюс сумненні ва ўласнай жыццяздольнасці), "харчаванне" - больш чым сціплае (згадайма хоць бы пра планы выдання мастацкай літаратуры ацалелых пасля рэарганізацый ды ўзбуйненняў дзяржаўных выдавецтваў), перамога і тая мроіцца як надзвычай аддаленая перспектыва. Да ўсяго, калялітаратурная публіка ўпэўненая, што ў нас крытыкі НЯМА: маўляў, тое, што ёсць, - не крытыка, а так, сурагат, кампот з асабістай непрыязі і некранутай адукаванасцю інтуіцыі" ("Партызан - XXI: стратэгія і перспектывы прафесійнага выжывання").

На жаль, у многім Ірына мае рацыю. Але відаць не кожнаму крытыку захочацца хадзіць у "партызанах", асабліва калі ён адносіць сябе да творцаў... Вядома, як карабель назавеш, так ён і паплыве, таму сярод нашых крытыкаў ёсць і "партызаны", і "мастакі".

"Партызаны" схільныя да нечаканасцяў і нападак, калі абгрунтаваных і дакладна вывераных, а калі беспадстаўных - праз няўменне альбо нежаданне заглыбіцца ў існасць і вытокі нейкай літаратурнай з'явы ці аўтарскай задумы.

І. Шаўлякова - ці не самая прафесійная сярод "партызанаў". Яна ніколі не робіць адкрытых і непрадуманых "вылазак". Інтэлігентны, высока інтэлектуальны, не пазбаўлены вялікай долі іроніі стыль Ірыны не дазваляе ёй апускацца да брутальных выпадаў на адрас пісьменнікаў. Шаўлякова паглыбляецца не толькі ў існасць твора як мастацкай з'явы, але і вывучае літаратурна-гістарычныя перадумовы яго ўзнікнення, дзякуючы чаму крытычныя артыкулы набываюць панарамнасць. Яна любіць нечаканыя назовы, параўнанні ды аналогіі, і бездакорна цытуе, што не так часта сустракаецца ў "партызанаў". Разам з тым, бравіруе сваёй інтэлектуальнасцю. Зборнік "Сапраўдныя хронікі поўні" пакідае ўражанне перанасычанасці "інтэлектуальнымі практыкаваннямі" - адмысловай тэрміналогіяй, ускладненай структурай сказаў, што пры лёгкасці мыслення крытыка робіць грувасткім стыль яе выказванняў.

Яшчэ адна "партызанка" - ваяўнічая Ганна Кісліцына - увесь час імкнецца як мага ярчэй вылучыцца ў літаратурным асяродку, а раз не мае інтэлігентнасці, стрыманасці ды грунтоўнасці ў аналітыцы, уласцівых Шаўляковай, "партызаншчына" ў яе выкананні даўно набыла рысы экстрыму.

Некаторыя з ранейшых зборнікаў Кісліцынай - ужо названы "Blonde attack" (2002), "Новая літаратурная сітуацыя: змена культурнай парадыгмы" (2006) хоць і вызначаліся шырынёй ахопу літаратурных фактаў, цікавымі абагульненнямі, неардынарнымі высновамі, разам з тым адрозніваліся супярэчлівасцю, празмернай эмацыйнасцю ды павярхоўнасцю меркаванняў.

Не адзін пісьменнік патрапіў "пад раздачу" ў артыкулах эксцэнтрычнай бландзінкі, атрымаўшы на свой адрас пэўную дозу колкіх і безапеляцыйных выказванняў. Праўда, апошнім часам "партызанка" сцішылася. Яе апошняя кніга "Чалавек постмадэрну ў сучаснай беларускай літаратуры" - навуковае выданне, што ўжо само сабой не прадугледжвае "партызанскіх вылазак". Трэба аддаць належнае, кніга мае даволі салідны тэарэтычны грунт, выяўляе абазнанасць аўтаркі ў постмадэрновай эстэтыцы, якая да таго ж слушна гаворыць аб ролі літаратуры ў фармаванні нашай культурнай прасторы:

"Зразумела, што для беларускай культурнай прасторы пытанне аб ролі пісьменніка стаіць больш востра, чым на Захадзе ці ў суседняй Расіі, - літаратура тут нясе не столькі забаўляльную ці выхаваўчую функцыі, колькі функцыю духоўнага тэзаўруса, з'яўляючыся, па сутнасці, адзіным месцам паўнапраўнага бытавання нацыянальнай мовы".

Аднак не была б Ганна Кісліцына сабой, калі б дзе-нідзе не "перагнула палку" ў высновах:

"Сёння інтэрнэт стаў заўсёды і паўсюль дасяжны, таму ў ім паняцце "адлегласць" страчвае сваё былое значэнне, а паняцце "час" сціскаецца да секундаў, якія патрэбны кампутару, каб перапрацаваць інфармацыю. У выніку публікацыя мастацкага твора дае мажлівасць не толькі азнаёміць з ім вялікую колькасць чытачоў, але і абмеркаваць яго, прычым зрабіць гэта не толькі ў межах яго краіны, але і на другім краі зямнога шару. Гэта змяняе значэнне самога паняцця "сусветная літаратура". Незалежна ад таго, у якой частцы свету напісаны твор, ён становіцца "сусветным", больш таго, ён атрымлівае магчымасць мець мноства аўтараў і мноства варыянтаў".

Я падзяляю захапленне такім цудоўным дасягненнем цывілізацыі, як інтэрнэт, але наконт "сусветнасці" нашай літаратуры не магу пагадзіцца, хоць вельмі хацелася б, каб беларуская літаратура стала сапраўды сусветнаю. У дадзеным выпадку Кісліцына блытае катэгорыі даступнасці і сусветнасці, ды незразумела чаму радуецца мажлівасці літаратурных твораў "мець мноства аўтараў і мноства варыянтаў" - плагіят.

І вось яшчэ адзін прыклад, дзе я не магу не паспрачацца:

"Нягледзячы на тое, што беларускія пісьменнікі па-ранейшаму не пакідаюць спробы стварыць буйны, панарамны вобраз грамадства і чалавека ў ім, цяжка не заўважыць, што за апошнія дваццаць гадоў у айчыннай літаратуры цяжка назваць хоць бы адзін рэалістычны буйнамаштабны раман, не кажучы ўжо пра трылогіі і пенталогіі".

Мажліва, у гэтым выпадку недакладна выказана думка, але акрамя яе супярэчлівасці (пісьменнікі дваццаць гадоў спрабуюць стварыць буйны вобраз грамадства, але не пішуць буйных твораў) мушу адзначыць незаўважанае Кісліцынай існаванне буйнамаштабнай рэалістычнай прозы 1990 - 2010 гадоў: раман В. Адамчыка "Голас крыві брата твайго" (1990) - апошні ў тэтралогіі (пасля раманаў "Чужая бацькаўшчына", "Год нулявы", "І скажа той, хто народзіцца"); раман В. Карамазава "Бежанцы" (1990); раманы Л. Левановіча "Дзікая ружа" (1992), "Сіняе лета" (1998), "Бесядзь цячэ ў акіян" (1999 - 2002) і яго ж "Палыновы вецер" (2002 - 2004); Ул. Дамашэвіча "Не праспі сваю долю" (1993) і рэалістычна-бытавы раман "На мяжы цярпення" (2007); Г.Марчука "Без ангелаў" (1993); раман А.Асіпенкі "Лабірынты страху" (1991); А. Марціновіча "Цень крумкачовага крыла" (1991); раманы І. Чыгрынава "Вяртанне да віны" (1992) і "Не ўсе мы згінем" (1996), якія завяршылі пенталогію (сталіся працягам твораў "Плач перапёлкі", "Апраўданне крыві", "Свае і чужыя"); раман В. Гардзея "Бедна басота" (1995); Ул. Гніламёдава "Уліс з Прускі" (2000); дэтэктыўны раман В. Праўдзіна "Танцавальны марафон" (2001); раман М. Кусянкова "Хмель каля вольхі" (2002); раман-споведзь А. Савіцкага "Пісьмо ў Рай" (2003); "Рэвізія" А. Федарэнкі (2004); трылогія В. Якавенкі "Пакутны век" (2006); раман А. Бравы "Менада і яе сатыры" (2008) ды іншыя творы.

"Крытыка толькі тады атрымлівае права на высокую патрабавальнасць да літаратуры, калі яна патрабавальная да самой сябе. Імкнучыся адчувальна ўплываць на літаратурны працэс, яна павінна свядома і самакрытычна ставіцца да сваіх здабыткаў і магчымасцяў, павышаць майстэрства, павялічваць сваю грамадска-наступальную сілу. Сіла крытыкі - гэта глыбіня разгляду літаратурных з'яў. На жаль, сучасная беларуская крытыка, маючы значныя дасягненні, не заўсёды іх развівае і часта мірыцца з павярхоўным каментатарствам", - зазначыў Віктар Каваленка ў 60-я гады ("Крытыка... Якая яна?"). Паўстагоддзя мінула, але актуальна па сённяшні дзень. І разам з тым заканамерна, бо спрадвеку ў крытыцы, як і ў мастацкай літаратуры, ёсць таленты і графаманы, сумленныя і не вельмі, працавітыя і гультаяватыя аўтары.

А яшчэ ёсць у крытыцы "мастакі", якім уласціва прапускаць літаратурны твор "праз сябе", якія не могуць заставацца халоднымі назіральнікамі і становяцца ў пэўнай ступені сутворцамі. Для іх крытыка, паводле вызначэння Анатоля Франса, - "прыгоды ўласнай душы ў свеце кніг", а паводле Оскара Уайльда, - "хроніка жыцця ўласнай душы". Уайльду таксама належаць наступныя словы пра крытыку, якія можна назваць гімнам альбо статутам крытыка-"мастака": "Крытыка з'яўляецца творчасцю ў самым высокім значэнні слова. (...) У адносінах да твора мастацтва, які ён разглядае, крытык апынаецца ў той жа сітуацыі, што і мастак у дачыненнях да відочнага свету формаў і фарбаў або невідочнага свету жарсцяў і думак. (...) Крытыка таксама мае справу з матэрыялам, якому павінна надаць форму і новую, і захапляльную. (...) Больш таго, сапраўды высокая Крытыка становіць сабою найбольш чыстую форму асабістага ўражання (...) Літаратурную фантазію можна спраўджваць рэальнасцю. Тое, што выходзіць з душы, спраўджваць няма чым".

У 2007 годзе Сяргей Дубавец у серыі "Бібліятэчка часопісу "Дзеяслоў" выдаў кнігу крытычных артыкулаў пад назваю "Вершы" - прыватны дослед сучаснай беларускай паэзіі, які папярэдне "прайшоў апрабацыю" ў аўтарскай перадачы "Вострая Брама" на Радыё Свабода. Названы зборнік - яскравы прыклад творчай манеры "мастака":

"Неістотна, праз каго прамовіць стыхія-паэзія. Ці гэта будзе народны паэт Беларусі, ці пачатковец, які піша свой першы верш. Вялікія паэты часта ня маюць звычайнай чалавечай біяграфіі, і спробы адшукаць у фактах жыцця Івана Луцэвіча крыніцу паэтычнага генія Янкі Купалы - марныя. Часта старыя пішуць паэтычны тэкст ад імя маладых і наадварот. Рэальны чалавек і лірычны герой - не адно і тое ж. Метафарычна гэта ўсё заключана ў фразе: ня я пішу вершы, а вершы пішуцца мной. Хто іх піша? - пытаньне, на якое адказу няма.

Тым больш неістотна, мужчына паэт ці жанчына, бо стыхія-паэзія, як і душа або розум, ня мае плоці. Вершы Габрыэлы Містраль у перакладах Рыгора Барадуліна мы ацэньваем не паводле полу таго, праз каго гэта напісана, а паводле паэтычнае сілы, заключанай у вершаваных радках" ("Жаночая паэзія").

І нібы працягам гучаць радкі другога "мастака" - найбольш папулярнага беларускага крытыка Леаніда Галубовіча:

"Вялікія Паэты (прарокі) заўжды блізкія да Бога. І якімі б багахульнікамі перад людзьмі іх не выстаўляў непрадказальны лёс, усё адно, на паэтычнай споведзі, як на вышэйшым Судзе, ім выбачаюцца многія зямныя грахападзенні за ўзвышэнні духоўныя. Часовае ачышчаецца вечным...

Ды й наўрад ці хто яшчэ так адчувае ўласны вырак, як сапраўдны Паэт. І не толькі свой вырак. Таму кожная нацыя жыве чаканнем Паэта. Бо ў ім і праз яго яна бачыць самую сябе. Але як толькі ён з'яўляецца - нацыя жахаецца, бо тое, што яна бачыць у ім і чуе ад яго, страшыць. Яна не хоча даваць веры ўласнаму адлюстраванню...

І ўсё ж час ад часу Паэты нараджаюцца, спрабуючы ўсталяваць пахіснуты падмурак чалавечага духу ўвогуле і сваёй нацыі ў прыватнасці. Такім Паэтам, на мой погляд, быў (і ўсё больш будзе заставацца ім) Анатоль Сыс" ("Як шаравая маланка").

Мне заўжды здавалася, што для стварэння падобнага роду крытычных твораў трэба як мінімум мець мастацкія здольнасці, але пажадана сапраўды быць пісьменнікам, як С. Дубавец і Л. Галубовіч. Аднак, "ідэолаг" крытыкі як мастацтва Оскар Уайльд, як ні дзіўна, адмаўляе такі варыянт, бо, на яго думку, "сапраўды буйны майстар не здольны ўявіць сабе, што можна паказваць жыццё і ствараць хараство не тымі сродкамі, якія ён абраў для самога сябе".

Усё ж не пагаджуся з класікам, бо пераканая, што ўласны пісьменніцкі досвед дае мажлівасць крытыку глыбей адчуваць творы іншых літаратараў. Увогуле, пытанне прыналежнасці крытыкаў да пісьменнікаў заслугоўвае падрабязнейшага разгляду. У розныя часы над гэтым задумваліся выбітныя крытыкі і літаратуразнаўцы.

Так пачынальнік амерыканскай "новай крытыкі" Томас Стэрнз Эліот меркаваў, што нельга раўнаць творчае і крытычнае, выходзячы з аксіёмы, што "творчасць, стварэнне твора мастацтва ёсць працэсам самадастатковым; крытыка ж паводле сваёй існасці, мае сваім прадметам нешта старонняе ў дачыненні да сябе" ("Прызначэнне крытыкі").

Савецкі літаратуразнаўца Барыс Бурсаў у працы "Крытык як пісьменнік" сцвярджае, што "рэцэнзент павінен быць літаратарам, а гэта так рэдка сустракаецца". На яго думку, пісьменніцкая крытыка ў большай ступені, чым філалагічная, мае рысы літаратурнасці і "Вучыцца літаратурнасці крытыкі павінны перш за ўсё ў пісьменнікаў, якія і ў сваіх крытычных выступах застаюцца пісьменнікамі". Разам з тым, Б. Бурсаў заўважае, што часта пісьменнікам для стварэння крытычных артыкулаў не стае філалагічнай культуры і шырокага літаратурнага кругагляду, пры напісанні сваіх крытычных водгукаў яны забываюць, што "крытыка - прафесія строгая, па-свойму дысцыпліна навуковая". Такім парадкам, трэба спалучаць літаратурнасць з літаратуразнаўствам.

Паводле высноў вядомага французскага літаратуразнаўцы Ралана Барта, крытык і ёсць пісьменнік. Бо "пісьменнік - гэта чалавек, для якога мова ёсць праблемаю і які адчувае глыбіню мовы, а зусім не яе інструментальнасць ці хараство. Вось чаму на свет з'явіліся крытычныя працы, якія патрабуюць тых самых спосабаў прачытання, што і ўласна літаратурныя творы, нягледзячы на тое, што іх аўтары ёсць крытыкамі, а зусім не пісьменнікамі. Калі новая крытыка і праўда існуе, то рэальнасць гэтага існавання - не ў адзінстве яе метадаў і тым больш не ў снабізме, на якім, як ахвотна сцвярджаюць, яна трымаецца, але ў самой адзіноце крытычнага акту, які - адкідваючы алібі, што даюць навука ці сацыяльныя інстытуты, - сцвярджае сябе менавіта як акт пісьма ва ўсёй яго паўнаце" ("Крытыка і ісціна").

Сучасны расейскі крытык і гісторык літаратуры Андрэй Немзер пільнуецца кардынальна супрацьлеглага меркавання: "Ніколі я не верыў у тэзіс: крытык - таксама пісьменнік. Цудоўна ведаю, чым адрозніваюся ад паэта ці празаіка... Яшчэ ведаю, чым адрозніваюся ад графаманаў. Хоць тых, што з піянерскіх юных гадоў узяліся за вершыкі і апавяданні, хоць тых, што спачатку стараліся (хто ўдала, а хто не вельмі) на нівах крытычнай, рэдактарскай ці навуковай. Тым адрозніваюся, што не прымаю свербу славалюбства і элементарных навыкаў працы са словамі за імператыў вышэйназванага Мусагета. Так, мая справа - другасная і службовая. Але службовае не значыць забеспячэнскае. Як не значыць - лакейскае" ("Дзённік чытача: Расейская літаратура ў 2006 годзе").

Напэўна, тут цяжка прыйсці да адзінага меркавання, ды й ці трэба гэта... "Кожны піша, як ён дыша", - любіць паўтараць Леанід Галубовіч, і мае рацыю. Чым большая рознасць існуе ў самавызначэннях крытыкаў (як і пісьменнікаў), тым цікавейшы літаратурны працэс.

Дарэчы, маючы на ўвазе рознасць эстэтычных каштоўнасцяў і адпаведных ім крытычных стыляў "партызанаў" і "мастакоў", цікава прасачыць іх дачыненні. Бясспрэчна, грунтуюцца яны на ўзаемнай павазе, што вядома добра, але не маюць прыкмет канкурэнцыі, а гэта ўжо не зусім добра, бо пазбывае аднаго з наймацнейшых стымулаў для актыўнай працы. Яны збоку назіраюць адзін за другім і час ад часу, не без асцярожнасці, абменьваюцца "ўражаннямі".

Верная сваёй інтэлектуальна-іранічнай манеры і пакручастаму стылю выказвання, Ірына Шаўлякова падрабязна аналізуе "эсэістычны метад" крытычнага аналізу" Л. Галубовіча на падставе кнігі "Сыс і кулуары", якая

"Не тое каб засведчыла "раптоўнае" адкрыццё новай літаратурнай інкарнацыі Л. Галубовіча (і без яе вядомага паэта, што так і не стаўся былым; непераўзыдзенага майстра гульні ў "зацемкі", etc.), але ж дае магчымасць наладзіць больш ці менш сістэмныя агледзіны творчага плёну ці не самага дзейснага сёння змагара з крытычнай самотай".

"Чалавек + пісьменнік = (вольны) эсэіст" - такі назоў мае прысвечаны Леаніду Галубовічу артыкул, у якім Ірыне сапраўды ўдалося наладзіць "больш ці менш сістэмныя агледзіны творчага плёну" з заглыбленнем у індывідуальна-творчы стыль крытыка, "Паколькі на самога аўтара кнігі "Сыс і кулуары" нельга абаперціся пры вызначэнні ягонай найгалоўнейшай функцыі ў літаратурным працэсе першага дзесяцігоддзя ХХІ стагоддзя".

Затое Л. Галубовічу не цяжка знайсці апірышча для вызначэння функцыі ў сучасным літаратурным працэсе сваіх каляжанак-"партызанак", якіх, на яго думку, "нельга з пэўнасцю залічыць да крытычных літаратурных "аўтарытэтаў у законе" з наступных прычынаў:

"Найперш таму, што час ад часу нават ім даводзіцца ўсё ж "абслугоўваць" сваё атачэнне. Таму яны, груба кажучы, "аўтарытэты зонныя". І. Шаўлякова хоць і намагаецца быць па-над усім (ад В. Шніпа з Л. Рублеўскай і Н. Гальпяровічам да С. Дубаўца з М. Гарэцкім), але ў вольным палёце доўга над полем бою не налётаеш - даводзіцца недзе садзіцца, каб перавесці дух... Аднак цяпер проста так дух не перавядзеш, за месца і кампанію "плаціць" трэба. Мілая Ірына, гавару гэта бяззлобна і бяскрыўдна і, як ты правільна цяміш сваім залатым розумам, агульна і "абшчо", амаль як пра самога сябе. (...) У Ганны ж Кісліцынай - свае танцы, свой рок і вырак. Яна схільная да наватарства і эпатажу, хоча быць і літаратурнай дамай і адначасна дагодлівай мамай: то А. Глобусам захопіцца, то да А. Сыса ці Л. Дранько-Майсюка прыхільнасць займее, то Вальжыне Морт надумае дыкцыю паставіць, то ў Вікі Трэнас свісток адбярэ... Аднак бывае і баявая. Адрозна ад пачуццяў, мае абсалютны нюх на талент і цвярозую аб'ектыўную думку. Мне падаецца, што ёй бракуе пастаянства ў вызначэнні свайго ўласнага я" ("Крытыка").

***

Дачыненні крытыкаў, безумоўна, не так хвалююць пісьменнікаў, як адносіны "крытык - аўтар". І менавіта ў гэтых варунках нараджаюцца ўпіканні ў бок крытыкаў кшталту "самі не здатныя тварыць" і "што яны могуць пра гэта ведаць?".

Крытыкі маюць кожны сваю версію існавання ідэальнага літаратурнага свету і адпаведную сістэму каштоўнасцяў, што выяўляецца найперш у стылі і манеры крытыкаваць, а таксама ў разуменні прызначэння крытычнай працы. Адно кепска: версіі крытыкаў надзвычай рэдка супадаюць з пісьменніцкімі версіямі. Пра тое, да чаго гэта вядзе - крыху ніжэй.

2

"Што яны могуць пра гэта ведаць?"

"Польскія літаратары не чытаюць мяне - а я не чытаю іх. Іх прысуд адзінадушны? Мой таксама", - "прызнаўся" аднойчы вядомы польскі пісьменнік і крытык Караль Іжыкоўскі. А другі польскі літаратар патлумачыў: "Аўтар ніколі не можа прадугледзець, што вычытаюць з яго кнігі. (...) Самы сціплы чытач не ўтрымаецца, каб не ўпісаць уласнай душы ў тэкст чужой. Дакладна так адбываецца і з крытыкамі, хоць яны не любяць у гэтым прызнавацца" (Ян Парандоўскі, "Алхімія слова"). І менавіта гэта міжвольнае далучэнне душы дае падставы ўпікаць крытыкаў у суб'ектыўнасці меркаванняў, забываючы на тое, што ўвогуле ўсякая думка суб'ектыўная.

На пачатку мінулага стагоддзя амерыканскі крытык Малькольм Каўлі пісаў, што крытыка аніяк не можа быць абсалютна аб'ектыўнай і безэмацыйнай ужо таму, што меркаванне крытыка пра літаратурны твор складваецца перш-наперш на падставе чыста асабістага ўражання. "І як можна казаць пра літаратурную крытыку як пра дакладную навуку? - здзіўляўся Каўлі. - Даўно Поль Валеры пісаў: "Навука гаворыць пра дакладнае, мастацтва - аб прыблізным". Лепшая крытыка заўсёды суб'ектыўная і таму недакладная" ("Крытыка - дом са шматлікімі вокнамі").

У гэтым кантэксце супярэчлівым падаецца выказванне Леаніда Галубовіча:

"Што ні кажыце, а ёсць у нашых адметных сучасных крытыкаў (Г. Кісліцынай, І. Шаўляковай, Д. Жукоўскага - Н. Я.) спробы глянуць на сваю літаратуру, а значыць і на сябе саміх, смела і аб'ектыўна" ("Крытыка").

Адвагі ў крытыкаў насамрэч не бракуе, а што да аб'ектыўнасці... Хіба сапраўды толькі спробы, бо ў сваіх высновах яны час ад часу падсвядома прызнаюцца як раз у адваротным:

"Быкаўскую іранічную стылізацыю пад мову навуковых альбо чыноўніцкіх дакументаў немагчыма чытаць без усмешкі, нягледзячы на агульны трагічны пафас твораў", Г. Кісліцына.

"Я не здолела нават з адноснай пэўнасцю аддаць перавагу якойсьці з інтэрпрэтацый, сярод якіх здараюцца і, бадай, залішне "аўтарскія" (...)", - І. Шаўлякова.

Напэўна, таму яны і адметныя, што ў пэўнай ступені суб'ектыўныя, і не баяцца гэтага. Але ж як аўтары баяцца "ляманту" суб'ектыўнай крытыкі! Чаму? Іх крыўдзіць менавіта нястача аб'ектыўнасці (!) крытычнай ацэнкі.

"Падчас, выслухоўваючы крыўды на сваю крытыку з вуснаў тых ці іншых аўтараў, сам сабе думаю: даражылі б тым і радаваліся, хлопцы, што ў вас ёсць чытач, між іншым, не абы-які і магчыма, што адзіны..." ("Чытачы"), - піша Л. Галубовіч.

З уласнага досведу магу сказаць, што няма такога пісьменніка, якога б хоць трохі не ўсхвалявала больш-менш адмоўная крытыка, нават калі ён сцвярджае, што абыякавы, або кажа нешта кшталту "антырэклама - таксама рэклама". І гэта нармальна, бо напісаны твор, паводле даўно вядомага і вернага вызначэння, як уласнае дзіця. І зусім крыўдна, калі "дзіця" было вынашанае і народжанае ў пакутах, а крытык, пра тое нічога не ведаючы, распраўляецца з ім, як кажуць, адной левай.

Неяк паэт-пачатковец прынёс Вальтэру сваю оду пад назовам "Да нашчадкаў". Класік прачытаў яе і выказаўся: "Нішто сабе. Толькі думаю, што на гэты адрас твор не дойдзе". Так і сутыкаюцца дзве суб'ектыўнасці: мастацкі твор заўсёды глыбока суб'ектыўны, крытычны - суб'ектыўны ў вялікай ступені.

Ці мажліва цалкам прымірыць крытыка з аўтарам? Напэўна, не. Але можна дамагчыся ў большай ці меншай ступені спакойнага стаўлення адно да аднаго і знайсці хоць якое паразуменне. "Добры пісьменнік, - казаў Конрад, - гэта пісьменнік, які без асаблівай радасці і без празмернага смутку глядзіць на прыгоды сваёй душы ў свеце крытыкі". Аднак, дзеля справядлівасці, мушу зазначыць, што "замірэнне" залежыць не толькі ад пісьменнікаў, а ў вялікай ступені ад крытыкаў, дакладней ад індывідуальнай крытычнай манеры кожнага.

Кароль Францыі Людовік XIV спрабаваў пісаць вершы. Пры гэтым у якасці крытыка ён прызнаваў толькі вядомага паэта Буало. Аднойчы пасля прачытання чарговага каралеўскага твора Буало заўважыў: "Для вашай вялікасці няма нічога немажлівага. Вось захацелі Вы пісаць кепскія вершы, і ў Вас гэта бліскуча атрымалася!".

Гэты "метад Буало" выкарыстоўвае Ірына Шаўлякова, на якую ніколі не пакрыўдзіўся бадай што ніводзін пісьменнік. Сваё суб'ектыўнае стаўленне да твора крытык умее так добра схаваць, што часам не адразу зразумееш, ці то хваліць яна, ці то ганіць, адмоўная інтанацыя гучыць вельмі мякка, што робіць яе амаль няўлоўнай:

"Другі зборнік вершаў і песень Алеся Бадака быў выдадзены "Мастацкай літаратурай" у 1995 годзе пад назвай "За ценем самотнага сонца". Калі меркаваць пра, так бы мовіць, "тэхнічны" бок вершавання сённяшняга "беніфіцыянта", дык за шэсць год, што прайшлі з часу з'яўлення ягонай першай кнігі, вектар фарматворчасці не змяніўся: не меў шанцу чытач (і сам аўтар) здзівіцца радыкальнай змене эстэтычнай арыентацыі. Таму план формы хоць і ўнік зманлівых перспектыў, звязаных з неадменным абавязкам творцы эвалюцыянаваць ад кнігі да кнігі, ад верша да верша і г.д., затое... і не пацярпеў. Непадробная ўвага да рэчаіснага свету спрыяла эпічнай дэталізацыі панарамы ў творах другога зборніка сп. Бадака. (...) Такім чынам, і ў змястоўным плане другая кніга сталася лагічным працягам першай, з лагічным жа заглыбленнем паэта далей і далей у нетры самоты." ("Маланкавыя будні самотнага сонца: Практычная (ілюстраваная) уфалогія").

А вось супрацьлеглая крытычная манера: малады паэт неяк паскардзіўся Оскару Уайльду, што выдавецтвы не хочуць друкаваць яго вершы: "Гэта сапраўдная змова супраць мяне - змова маўчання. Парайце, што рабіць?" - "Далучыцца да змовы", - адказаў Уайльд.

"Метад Уайльда" блізкі Леаніду Галубовічу, схільнаму да катэгарычнасці, а часам і рэзкасці выказванняў, як быццам ён "партызан", а не "мастак":

"Федарэнка - не "хітраван", як піша Л. Алейнік у лімаўскім аглядзе майскіх часопісаў, ён проста "ўбогі геній" сучаснай нацыянальнай прозы і самотны пакутнік уласнага няўдала скроенага жыцця..." ("Андрэй Федарэнка").

Невядома, што пачуў Уайльд пасля сваёй парады далучыцца да змовы, але Л. Галубовічу не давялося доўга чакаць рэакцыі пакрыўджанага пісьменніка:

"Крытык Леанід Галубовіч піша - не ў прыватным нататніку, не на сцяне грамадскай прыбіральні, не ў камп'ютарным Livejornal, а ў тоўстай афіцыйнай кнізе, "ничтоже сумняшеся":

"Федарэнка - убогі геній сучаснай нацыянальнай прозы і самотны пакутнік уласнага няўдала скроенага жыцця".

Аднаму Алаху вядома, што Лёня хацеў гэтым сказаць. Можа, ён сабраўся за мяне замуж і цяпер выбракоўвае за хібы? Ці наадварот, я - змучаны няўдалым асабістым жыццём, прэтэндую, як мінімум, на лішнія квадратныя метры яго жылплошчы?

Калі для Галубовіча я - "убогі геній у літаратуры", дык для пісьменніцы Паліны Качатковай - "Пільны Бібліятэкар у літаратуры". І вось гэта, як мне падаецца, найбольш адпавядае сапраўднасці. Калупаючыся ў розных каментарах, зносках, спасылках, разбіраючы ледзь не з лупаю драбнюткія шрыфты варыянтаў, я адчуваю проста фізічную насалоду, калі адшукваецца хоць маленечкая знаходка, доўга потым у адзіноце любуюся гэтай вымытай з тонаў шлаку залацінкай, не жадаючы з ёю развітвацца, не хочучы несці ў "скупны пункт", інакш - друкаваць" (А. Федарэнка, "Сечка -14").

Можна доўга абмяркоўваць ды разважаць, хто мае рацыю, ці можа дапускаць крытык некарэктныя і абразлівыя выказванні, якія чапляюць асобу пісьменніка, ці трэба было Федарэнку адгукацца менавіта такім спосабам або варта было б "не заўважыць", быць вышэй, і гэтак далей. Усякія развагі не мяняюць высновы: адмоўнае спараджае сабе падобнае, і да гэтага крытыку трэба быць гатовым. Аўтар жа мусіць быць падрыхтаваным да спакойнага ўспрыняцця хоць якіх адмоўных каментароў, бо насамрэч антырэклама - таксама рэклама: лепш хай крытыкуюць, чым зусім не заўважаюць.

"Зазвычай крытыкі - (...) людзі куды больш адукаваныя за тых, каму яны павінны прысвячаць свае артыкулы. Іншага чакаць няма чаго, бо крытыка патрабуе куды больш культуры, чым творчасць. (...) Кожнаму пад сілу напісаць трохтомны раман. Проста трэба літаральна нічога не ведаць ні пра жыццё, ні пра мастацтва. А ў рэцэнзентаў, думаю, ёсць асаблівыя цяжкасці, і яны ў тым, што трэба падтрымліваць пэўны літаратурны ўзровень", - можа крыху эпатажна, але ў цэлым слушна пісаў О. Уайльд, якому, дарэчы, зусім не шанцавала на крытыкаў. Славу паэту прынеслі чытачы - акурат у той час, як бэсціла крытыка. І гэтая слава з цягам часу стала такой вялікай, што крытыка мусіла ўвогуле змоўкнуць, а толькі праз дзесяцігоддзі пасля яго смерці - адэкватна ацаніць і пачаць усхваляць. Чаму так адбылося? Бо надта неардынарным быў Уайльд для сваёй эпохі, але не пра тое зараз гаворка. Адмоўнае стаўленне да яго не перашкодзіла разуменню адметнасці працы крытыка як такой.

Не вазьму на сябе адвагі параўноўваць узровень адукаванасці крытыкаў і пісьменнікаў, але дакладна магу сказаць, што няма ў беларускай крытыцы выпадковых людзей, як няма іх у іншых літаратурах свету. Усякі крытычны артыкул патрабуе літаратуразнаўчага ці шырокага літаратурнага досведу, што дае змогу рабіць абагульненні, высновы, дапамагае інтэрпрэтаваць літаратурны твор, ды, увогуле, проста разумець яго. Толькі сярод крытыкаў, якія не раз успаміналіся ў гэтым артыкуле, ёсць літаратуразнаўцы з навуковымі ступенямі - Г. КісліцынаІ. Шаўлякова ды літаратары, даўно прызнаныя і чытачамі, і той жа крытыкай - Л. ГалубовічС. Дубавец.

***

Аднойчы ўзімку Вальтэр гасцяваў у знаёмага паэта, які, прымаючы славутага пісьменніка ў неабагрэтым пакоі, вельмі доўга і нудна чытаў свае творы. Па заканчэнні на пытанне "Ці спадабаліся вершы?" Вальтэр адказаў: "Мой дарагі, калі б у Вашых вершах было болей агню, а ў агні было б болей Вашых вершаў, мы, бясспрэчна, добра б сагрэліся".

Так вось цяжка і складваюцца дачыненні аўтараў з крытыкамі. І што рабіць? Напэўна, ёсць сэнс асабліва не праймацца і ставіцца да гэтага больш спакойна...

Дзеяслоў № 1(56)'12
 
« Папяр.   Наст. »

Каментар

Каб карыстацца гэтай формай Вы павінны мець наладжаны javascript...

Адной з першых у свой час выказалася не Ганна Кісліцына, а чэская пісьменьніца 60-х Марыя Пуйманава ў трылёгіі 'Гульня з агнём': 'Крытык - не настаўнік пачатковай школы, каб выстаўляць адзнакі. Ягоная задача асэнсаваць твор у праекцыі на каштоўнасьці жыцьця'. У нас наўрад ці многія чыталі, але практыка паказвае: хто прытрымліваецца такога прынцыпу, таго чытаюць, а астатнія ныюць пра заняпад кніжнага бізнэсу, пра засільле інтэрнэту. А інтэрнэту нэту, бо артыкулы дэбілаў проста вісяць у сеціве з рэйтынгам 2 (мо выпадковых) заходы ў тыдзень. Нармальныя тэксты відаць па дыскусіях вакол іх. Вось я, напрыклад, з захапленьнем чытаю Міхася Скоблу, а Леаніда Галубовіча неяк не цягне, хоць абодва былі ў колішнім таварыстве 'Тутэйшыя'.

Напісаў VM,
Дата 05/17/2012 Час 10:30

 1 
Старонка 1 з 1 ( 1 Каментар )

Каб пакінуць/прачытаць каментары - зарэгіструйцеся (залагіньцеся)
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 1398
mod_vvisit_counter Учора 1602
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 8230
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 51903