Реклама в Интернет     "Все Кулички"
  Мы – нацыя!
 
 

Геном роднай мовы Друк E-mail
16.05.2012 | 18:54 |
Васіль ЯКАВЕНКА, пісьменнікВасіль ЯКАВЕНКА, пісьменнік

У Мінску праходзіў міжнародным форум па ўстойлівым сацыяльна-экалагічным і эканамічным развіцці нашых беларускіх рэгіёнаў ды асобных гарадоў. На ім заўзята і часам патэтычна абмяркоўваліся праекты разнабаковага (з немцамі) партнёрства, і, слухаючы прамоўцаў, я знайшоў істотную, як мне здавалася, хібу ў праграме супрацоўніцтва. Тая "знаходка" падказвала мне звярнуцца да больш вопытных нямецкіх калег. 

І я паставіў пытанне: ці можна разлічваць на поспех ва ўстойлівым развіцці тэрыторый без уліку духоўных складнікаў, асабліва ў моладзі дый насельніцтва ўвогуле? А ў праграме ж партнёрства пакуль чыста матэрыяльныя клопаты... З гэтага моманту гаворка і мусіла ўжо павярнуць на веды і прапаганду нацыянальных каштоўнасцяў ў школьнай адукацыі - на гісторыю, мову, культуру - рэчы, якія не першы год партнёрамі старанна абмінаюцца.

Удакладняючы пытанне, я выкарыстаў тут прыём антытэзы і сказаў літаральна наступнае. Ну, вось, шаноўныя-любыя, калі б у вас канцлер А.Меркель па нейкіх там завуаляваных матывах стала гаварыць выключна на англійскай мове і пераводзіць нямецкія школы на лепшую, у яе ўяўленні, мову суседняй дзяржавы і калі б у вашых сярэдніх і вышэйшых навучальных установах дзяцей перасталі выхоўваць у духу нацыянальнай самасвядомасці, а гісторыю вялікай Германіі і мастацкую літаратуру, якая зазвычай бярэ самы непасрэдны ўдзел у стварэнні і развіцці нацыі - сталі выкладць таксама па-англійску... І таму маладыя і адукаваныя немцы, плюючы на зямлю, на якой нарадзіліся, сталі б пераўвасабляцца ў масе сваёй у "грамадзян свету". Урэшце, кінуліся б яны шукаць найлепшы прытулак, долю ды капітал не ў роднай краіне, а хто на амерыканскіх узбярэжжах, хто ў Афрыцы... А на месцы, на нямецкай зямлі, пайшло б яшчэ больш імклівае іх замяшчэнне мусульманамі... Уявіце сабе вось гэтакі зрух у сваім Фатэрландзе, як і ва ўсёй Еўропе... І тады ці была б у вас магчымасць у гэтакім хаосе гаварыць, як гэта сёння вы робіце ў нас тут, аб устойлівым сацыяльным, экалагічным і культурным развіцці сваіх зямель, тэрыторый, дый краіны ў цэлым? Не ж, мусіць! Патрыятызм, нацыянальная годнасць ­- аснова усялякай вялікай і малой работы на месцы! Хіба гэта не так?..

Здзіўленыя маёй эскападай, партнёры адмовіліся ўсур'ёз успрымаць верагоднасць намаляванай перад імі карціны на іхняй зямлі, хоць падставы ўжо пэўна былі, як што і ў іх пачыналі завязвацца вузельчыкам і ўзбуйняцца клопаты з маргіналамі ісламскага толку. Але, што праўда, немцы хутка здагадаліся: мой сказ быў не пра Германію...

На маё пытанне адказаў як бы ўскосна, у межах сваёй кампетэнцыі, Маціас Берэнс, прадстаўнік Еўрапейскага цэнтра агра- і экатурызму (ЕСЕАТ), а трэба зазначыць, што турызм у сацыяльным партнёрстве, пра якое ішла размова, - моцны канёк. То Маціас мусіў патлумачыць мне і не толькі мне: для замежных турыстаў, калі яны, да прыкладу, едуць у Беларусь, найбольшую цікавасць уяўляе акурат народ з яго культурай, звычаямі, менталітэтам, нацыянальнай самасвядомасцю - народ, а не пляжы, не рэчкі ці нават лясныя масівы. Безумоўна, і тое цікава, ды не ў такой меры. На зямлі, куды прыехаў турыст, добра калі ён знаходзіць увасабленне адзінства прыроды і духоўнае сферы, пэўны каларыт той ці іншай зямлі. Духоўнае альбо патрыятычнае ў чалавеку заўжды павінна быць, і яго варта выхоўваць! Так што вы, казаў мне Маціас, маеце рацыю.

Тэма хвалявала мяне даўно. Родная мова - не толькі сродак інфармацыі. Родная мова - геном, сукупнасць разнастайных якасцяў і ўласцівасцяў. На жаль, аднак, іх выяўленне на месцы людзі найчасцей ігнаруюць, і ўжо губляецца тое, што пераплятаецца ды выступае як адно цэлае - гістарычная і генная памяць, яны яднаюць народ, ягоныя пакаленні. І яшчэ - у канкрэтных прыродных і гістарычных умовах пэўныя тэмбравыя альбо меладычныя ўласцівасці мовы як правіла бяруць удзел у выпрацоўцы менталітэту, характару; урэшце, сама мова служыць як сродак яскравага выяўлення якасцей чалавека.

На характэрным гучанні мовы, на розных сэнсавых і ментальных адценнях слоўнікавага скарбу, як вядома, ствараецца нацыянальная літаратура, якая ў сваю чаргу гуртуе і духоўна граніць людзей, фарміруе нацыю. Дадаткова ў гэтым працэсе, як вядома, удзельнічаюць і іншыя віды і сродкі мастацтва. Нацыя - вынік заканамернага аб'ектыўнага развіцця народу ў дзяржаве, гэта самы вялікі і захапляючы, яскравы і непаўторны твор, проста шэдэўр, які людам па-мастацку выраблены і выпеставаны, які, пры ўдачы, пры волі кожны народ, увасабляючы яго, ужо мае гонар прадэманстраваць чалавецтву!

Тры гады таму акалічнасці склаліся так, што я стаў каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы "Інстытут нацыянальнай памяці" (ІНП). А ў 2009 годзе сіламі жывых, энергічных, дасціпных людзей мы падрыхтавалі і правялі агульнанацыянальную акцыю ў абарону мовы як асновы менталітэту і культуры. Пад зваротам, разасланым у розныя дзяржаўныя ўстановы, стаялі подпісы 900 асоб, у тым ліку некалькіх дзесяткаў вядомых дзеячаў навукі, культуры, мастацтва...

Хіба толькі ўмоўна можна казаць пра поспех тых нашых намаганняў, бо нешта фатальна хацела-такі скрануцца, трымцела-трымцела, намагалася ўзняцца, прынамсі, узнялося над чыноўніцкімі кабінетамі і ўрэшце патрапіла на стол уладара ў выглядзе прапановы ад Савета Рэспублікі. Якой?.. Перагледзяць законы аб мовах... Пасля зацяжной паўзы прапанова было-такі адпрэчана. Бацюхны! На каго памарока?

І нельга было спыняцца. Таму ўжо ў канцы 2011 года мы разам з акадэмічнымі вучонымі і больш зварушлівымі пісьменнікамі, адмыслоўцамі ІНП, распрацавалі Дэкларацыю аб беларускай мове, нацыянальнай самаідэнтыфікацыі і самавызначэнні. Дакумент, на нашую думку, аказаўся даволі прыстойным, і мы разаслалі яго па розных паверхах улады для абмеркавання. Дарэчы, у пакет перасылкі ўваходзіў таксама зборнік публіцыстыкі "Прывіды Шанхая над Свіслаччу", выдадзеная летась мной, як што на ім пераважна і грунтавалася, ім жа і падмацоўвалася тая Дэкларацыя, - я дарыў кнігу чыноўнаму люду. Зразумела, нас цікавіла зваротная сувязь, афіцыйная рэакцыя на наш дакумент.

У Дэкларацыі адзначалася, што "тытульная мова дзяржавы, з'яўляючыся крыніцай патрыятызму, духоўна ўзбройвае народ і выступае надзейнай захавальніцай і абаронцай суверэнітэту краіны"; што, калі толькі народ хоча захаваць і насіць сваё імя, захавацца сам, ён павінен абараняць родную мову, вывучаць і карыстацца ёю, а кіраўнікі краіны, як і кіраўнікі выканаўчай і заканадаўчай галін улады, якія, груба парушаючы Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, не забяспечваюць належных форм і сродкаў для выкладання і вывучэння тытульнай мовы дзяржавы (на ўсіх адпаведных стадыях) і не ўводзяць яе ў грамадскі ўжытак, здраджваюць інтарэсам свайго народу; яны маюць падставы быць прынятымі за дзяржаўных злачынцаў.

У адказ мы атрымалі лісты, якія пераконваюць: у цэлым Дэкларацыя ўспрынята станоўча, сёй-той нават выказаў нам за яе сваю шчырую ўдзячнасць. "Мы падзяляем Вашы неабыякавыя адносіны да пытання выкарыстання беларускай мовы ў грамадстве", - паведаміла А.П.Морава, старшыня камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. Яе ліст лагічна абгрунтаваны, бо Савет Рэспублікі ў 2009 годзе недвухсэнсоўна выступаў у нашу падтрымку.

"Як Вы і прасілі, мы накіравалі згаданы тэкст Дэкларацыі ва ўсе пастаянныя камісіі, з тым каб дэпутаты маглі пазнаёміцца з яго зместам", - паведаміў У.М.Здановіч, старшыня адпаведнай камісіі Палаты прадстаўнікоў.

"Бярэм пытанне выкарыстання беларускай мовы ў краіне пад асаблівую ўвагу. Прапановы будуць дадаткова прааналізаваныя і выкарыстаны з улікам дзеючага заканадаўства і паўнамоцтваў міністэрства", - паабяцаў Т.І.Стружэцкі, намеснік Міністра культуры.

Сваё стаўленне выказана і ў новым лісце. "Больш надзейным, чым адміністрацыйны рэсурс, нам уяўляецца шлях грамадскіх ініцыятыў, накіраваных на падтрымку і папулярызацыю нацыянальных каштоўнасцяў, у тым ліку і беларускай мовы, найперш сярод маладога пакалення, - піша К.А.Сумар, старшыня Брэсцкага аблвыканкама. - У 2011 годзе, - інфармуе ён, - у Баранавічах створана 11 беларускамоўных груп у сетцы дашкольных устаноў. Таксама ў Брэсце адкрыты першы беларускамоўны клас... Безумоўна, гэтыя крокі не даюць нам падстаў для задавальнення».

Вось і аўтарытэтнае пасланне К.М.Бандарэнкі, рэктара Магілёўскага дзяржуніверсітэта імя А.Куляшова, гісторыка. Ён таксама прызнае, што выказаная ў Дэкларацыі ІНП заклапочанасць станам беларускай мовы мае падставы: "Нельга не пагадзіцца з тым, што сфера выкарыстання беларускай мовы - гэтай асновы развіцця беларускай культуры і самаідэнтыфікацыі нацыі, - усё больш звужаецца. Слушна гаворыцца і аб неабходнасці прымаць захады да ўстанаўлення сапраўды раўнапраўнага становішча беларускай і рускай моў ва ўсіх сферах жыццядзейнасці грамадства. Не выклікае пярэчання тэзіс аб тым, - доўжыць ён, - што занядбанне роднай мовы і культуры перакінулася да нас з гістарычнай мінуўшчыны і пакуль не ўсведамляецца пэўнай часткай насельніцтва як агульнанацыянальная драма. Што і казаць, "агромністая грамада" гараджан у першым пакаленні ў свой час, наслухаўшыся кпінаў над сабой за "колхозную мову", стала з грэхам папалам гаварыць "па-людску" і зноў станавіцца, прабачце, "калхознікамі" яна не надта жадае і дзяцей сваіх рабіць такімі не хоча".

У адрозненне ж ад К.А.Сумара, рэктар Бандарэнка ў сваіх дасціпных разважаннях прапануе розныя меры: «На парадак дня стала пытанне аб дасягненні практычнай роўнасці ў выкарыстанні абедзвюх моў. Для гэтага трэба, па-першае, пашырыць навучанне ў сістэме адукацыі на беларускай мове і абавязкова дабіцца авалодання роднай мовай персаналам дзіцячых садкоў, настаўнікамі школ. А навучанне на беларускай мове ва ўніверсітэтах, апроч таго, будзе магчымым толькі пры ўмове распрацоўкі і ўнармавання беларускай навуковай тэрміналогіі ў слоўніках. Затым, - даводзіць ён напаследак, - не меншую ролю павінна адыгрываць у выпраўленні становішча з беларускай мовай самая шырокая грамадскасць, без падтрымкі якой любая ініцыятыва зверху асуджана на правал".

Пры разглядзе афіцыйных лістоў - водгукаў на Дэкларацыю ІНП -заўважана тэндэнцыя: чым ніжэй па службовай лесвіцы дакумент спускаўся, тым больш рашуча службовыя асобы прыкрываліся законамі, як металічнымі латамі, і сцвярджалі з пафасам: "Грамадзянам гарантавана даступнасць навучання як на беларускай, так і на рускай мовах!" (В.У.Рудзікава, Мінгарвыканкам, Д.А.Чумакоў, Гомельскі аблвыканкам, У.У.Цярэнцьеў, Віцебскі аблвыканкам). У лепшым выпадку яны больш ці менш адказна тлумачылі, што маюць рабіць для паляпшэння сітуацыі з выкарыстаннем беларускай мовы (Г.Б.Давыдзька, кіраўнік Нацыянальнай ДЗЯРЖТЭЛЕРАДЫЁКАМПАНІІ, П.К.Скрабко, Гродзенскі аблвыканкам і тая ж спадарыня В.У.Рудзікава, Мінск). Да іх варта далучыць таксама і спадара К.С.Фарыно, намесніка Міністра адукацыі; ён зазначыў, што мова сапраўды «выступае важнейшым элементам беларускай культуры, сімвалам нацыянальнай свядомасці, фактарам нацыянальнай адметнасці і індэнтыфікацыі». Выдзеленыя тут словы гэтага дзеяча мы прапанавалі б напісаць скрозь залатымі літарамі. І самі адукатары заўжды павінны памятаць пра іх ды працаваць, натхнёныя імі!

У адказе, аднак, канстатуецца нешта ўжо збуцвелае ад даўніны: «...у сучаснай моўнай сітуацыі сваю камунікатыўную функцыю беларуская мова рэалізуе не ў поўнай меры». Так, вядома. А ўласна - чаму? Сказаць шчыра, не ўсё ад адукацыйнай установы залежыць. Але ж... хто і што стварала такую моўную сітуацыю?.. Шаноўны падпісант ліста глыбей не капае. Тым не менш у падпісаным ім тэксце маланкай палыхнула прызнанне: "установы агульнай сярэдняй адукацыі сёння фактычна выступаюць у якасці адзінага дзяржаўнага інстытута, які падтрымлівае беларускамоўную кампетэнцыю нашага грамадства". Дык вось, вось мы і прыйшлі! Сказанае - жорсткая праўда. Ад шырока разлітага колісь народнага моўнага скарбу на беларускай зямлі застаўся лапік - лапік шчыгрынавай скуры!.. Як мала, пагібельна мала, чуеце, гэтага «адзінага (чытай - апошняга, В.Я.) дзяржаўнага інстытута», каб мова зусім не знікла. Асабліва, калі ўлічваць што ў большасці школ тытульную мову нацыі вывучаюць як замежную; вучні не чуюць роднай мовы ў абыходку ў школе, таму і не ведаюць яе. Красамоўны і паказальны факт!

І тут жа як на далоні міністэрскія высновы: «Назіраецца неадпаведнасць заканадаўчага статусу беларускай мовы як адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь і яе рэальнай запатрабаванасці ў грамадстве». Рэч вядомая ўсяму тутэйшаму люду наўкруг! Адсюль сам па сабе ўжо і напрошваецца верагодны чыноўніцкі крок: ліквідаваць гэтую неадпаведнасць і - справы з канцом! Адмяніць беларускую мову наогул. Маўляў, сама ж яна вінаватая! І народ вінаваты - не супрацьпаставіў сябе дзяржаўнай машыне, якая (з найлепшых камуністычных намераў! было) дыскрэдытавала і заўзята сцірала і сцірае мову цягам дзесяцігоддзяў.

Праўду казаць, намеснік міністра адукацыі пакуль не заклікае канчаткова вытруціць мову. З уласцівым яму аптымізмам, калі не сказаць бесклапотнасцю, спадар Фарыно дасылае нам чарговую афіцыйную справаздачу, складзеную яго падначаленымі, пра напружаны клопат адукатараў аб беларускай мове.

Ну, а што, шаноўныя, вынікае з маіх уласных назіранняў? У гэтай установе яшчэ з савецкіх часоў склалася ўкандаваная камуністычная сістэма адукацыі, яна не прызнае ні праўдзівай нацыянальнай гісторыі, ні мовы тытульнай нацыі, ні нацыянальнай ідэі ў выхаванні студэнтаў і школьнікаў. Адданасць роднай зямлі і краіне тут падмяняецца адданасцю ўладзе. І ці не таму ў лісце Мінадукацыі няма аналізу катастрафічнага становішча з тытульнай мовай у дзяржаве, няма стратэгічнага бачання яе развіцця, няма прапаноў, каб змяніць сітуацыю. А найперш няма і трывогі за найвялікшую нацыянальную каштоўнасць, за «фактар нацыянальнай адметнасці і індэнтыфікацыі».

Тытулаваны і паважаны дзеяч Мінадукацыі, між тым, зусім не згадвае пра такі цікавы факт. У 2009 годзе, пасля шырока разгорнутай акцыі ІНП ў абарону беларускай мовы, старшыня Савета Міністраў і кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пайшлі на высакародны, здавалася б, і адказны ўчынак, яны зацвердзілі план мерапрыемстваў дзеля папулярызацыі і пашырэння сферы выкарыстання беларускай мовы ў жыцці грамадства. Цяпер гэты іх крок, на жаль, ніхто і нідзе не згадвае, апроч хіба работнікаў Міністэрства культуры, якія шкадуюць, што той план мерапрыемстваў наогул не выконваецца. Лагічна ўсплывае ў памяці горкаўскае: «А был ли мальчик?»

Асобна працытую адказ на наш адрас У.У.Матусевіча, намесніка Міністра інфармацыі: "Міністэрства не можа пагадзіцца з аўтарамі дасланай Вамі дэкларацыі". А, уласна, чаму? Няма тлумачэнняў... Адно размова ідзе пра станоўчае, пра істотную міністэрскую падтрымку развіццю беларускіх друкаваных выданняў, газет і часопісаў, пра датацыі ў кнігавыдавецкія справы, паведамляецца аб падрыхтоўцы "Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы", называюцца лічбы выдаткаў... Стрымана і паважліва даводзіцца, чаму (з-за мізэрнай колькасці падпісчыкаў і дзеля эканоміі фінансаў, вядома) згорнуты выпуск газеты "Раніца" і часопіса "Бярозка". Дарэчы, як ужо паведамлялася ў друку, дзіцячая газета "Раніца", далучана да газеты "Переходный возраст", а "Бярозка" - да часопіса "Маладосць".

Калі нейк засяродзіцца на чыста бухгалтэрскіх клопатах установы, пазіцыю Міністэрства інфармацыі зразумець не цяжка, ашчаднасць тут нават выклікае павагу. У лісце, бадай, наіўна-шчыра даводзіцца, што тыражы далучаных «Раніцы» і «Бярозкі» - у такой камуналцы - павялічацца. Адно ці варта дбайным гаспадарам гэтай дзяржаўнай установы цурацца нацыянальнай палітыкі?

На справе ж, пры абагульненні выданняў, яны твару свайго перад чытачом мець не будуць. Мала таго, нам нельга абыходзіць увагай і зададзены зверху рух жыцця, які падказвае, што дакляраваныя тыражы ў камуналцы павялічацца ўсяго на кароткі тэрмін. Пры існуючых адносінах дзяржаўных устаноў да мовы і індэнтыфікацыі, тэндэнцыя да зніжэння падпісчыкаў на беларускія выданні не зменіцца. Так...І таму неўзабаве дойдзе чарга, каб знікнуць, і да часопіса "Маладосць" - яго далучаць да "Полымя", а потым ужо і да вячыстага "Полымя" - прысцябаюць да "Беларускае думкі", дзе, Божа літасцівы, не будзе ў нас ні маладосці, ні агню дый аніякае думкі. Затое будуць «C у х а р и ж ы т н е в ы я», як сцвярджаюць сёння ў беларускай сталіцы грамацеі з прамхарчгандлю (на выдрукаваных імі ўпакоўках).

Мне прыгадваецца выказванне нашага адмысловага рупліўца - філосафа і культуролага М.І.Крукоўскага акурат па тэме: "У цяперашнія часы культура, кiнутая ў абставiны рыначнай стыхii, аказваецца вымушанай, каб неяк выжыць, адмовiцца ад любых iдэалаў увогуле i пераарыентавацца на банальныя, вульгарна спажывецкiя матэрыяльныя iнтарэсы". Усё так, браткі, і хіба не пацвярджэнне таму ліст з Міністэрства інфармацыі? Або яшчэ - свежыя факты: у Віцебскай абласной бібліятэцы ліквідавалі аддзел беларускай кнігі, а ў Магілёўскім універсітэце імя Аркадзя Кулешова з навейшых дзён перастануць рыхтаваць педагогаў беларускай мовы, тое ж у Мінскім педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, тут адмоўлена ў наборы студэнтаў адразу на чатыры спецыяльнасці беларускай філалогіі. Навідавоку скразны і несупынны д э м а н т а ж беларускасці!

Хіба варта дзівіцца? Акурат пры такіх прыярытэтах і парадку рэчаў у дзяржаве і адхіляюцца пэўнай часткай дзяржаўных службоўцаў не толькі Дэкларацыя аб мове, але і мова, самаідэнтыфікацыя, самавызначэнне - сам дух беларускай зямлі. Хіба гэта не нашы сумныя рэаліі?.. Адно, шаноўныя дзяржаўныя служкі, калі тут на нечым з'эканоміш, то страціш у адваротнай прапорцыі - усё: і народ, і нацыю!

Не-не, на вялікі жаль: пры такім-сякім разуменні ў нашай краіне ролі і вартасцей беларускай мовы і пры спробах грамадскасці тут штосьці змяніць, у свядомасць лёсавызначальнага і распарадчага кола асоб (зрэшты, як і выканаўцаў некаторых дзяржаўных структур) пакуль не ўвайшло: нацыянальная, альбо тытульная мова дзяржавы - прэрагатыва самой дзяржавы, яе клопат, яе сумленне і моц!

І апошняе тут, бадай што банальнае ўжо ад частых паўтораў.

У любым і кожным гарманічна развітым і здаровым грамадстве мова нацыі ёсць жывы і неад'емны ад гэтага грамадства арганізм. Свая, родная, яна ж спрыяе здароўю нацыі, спакваля нарошчвае творчы дух, сілу, моц дзяржавы і таму ў пашане ў палітыкаў. А беларуская мова?.. Да гонару тутэйшага люду яна - сапраўдны і пакуль яшчэ не ацэнены як след скарб. У ёй захаваныя ўсе патрэбныя мове ўласцівасці, яе патэнцыял яшчэ далёка не раскрыты, яна дасканала распрацаваная, гожая, годная, агульнапрызнаная ў свеце, і таму ёй не час, не пра нас будзь сказана, развітвацца са сваімі стваральнікамі і ўладальнікамі.

Беларускаму народу, як апратка душы, патрэбна свая родная мова, беларусам патрэбна нацыя! Але ж сяды-тады і там-сям у нас яшчэ чуецца дурата: як бы нам не стаць нацыяналістамі?.. На той міжнароднай канферэнцыі па ўстойлівым развіцці, з якой я пачаў, дэпутат Палаты прадстаўніткоў А.В.Шацько, які прадстаўляў на форуме Камісію па адукацыі, навуцы, культуры... паслухаўшы мяне, кінуў рэпліку: «Тут национализмом попахивает!». Ён ганарыўся адсутнасцю нармальных чалавечых пачуццяў у пазбаўленай «нацыяналізму» душы, і ў гэтым драма ўстойлівага цывілізаванага развіцця нашага грамадства, у гэтым трагедыя, якая неўзабаве можа спасцігнуць наш народ і нацыю.

 
« Папяр.   Наст. »
БелСаЭс «Чарнобыль»

КОЛЬКІ СЛОЎ НА БРАМЕ САЙТА :

Народ і нацыя: Колькі слоў на Браме сайта
|


Шаноўныя, перад вамі спроба адкрытай і шчырай размовы пра найбольш важнае і надзённае, што даўно паўстала і востра стаіць перад нашым народам, цяпер — асабліва, — ратаваць сябе ў супольнасці, у суладдзі, берагчы і развіваць творчы дух народа і нацыі. Я ведаю, што гэтыя словы і тое, што за імі стаіць, дойдзе далёка не да кожнага розуму,...
Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП)
|


Памяць народа – перадумова для далейшага яго развіцця ў грамадзянскай супольнасці і выканання ім ролі крыніцы ўлады і крыніцы дзяржаўнасці. Інстытут Нацыянальнай Памяці (ІНП) ёсць грамадзянская ініцыятыва па выяўленні і раскрыцці найвыдатнейшых старонак беларускай гісторыі, абароне этнакультурных каштоўнасцей і выкрыцці злачынстваў супраць свайго народа, калі б яны ні былі ўчыненыя. Ніжэй прыводзяцца і іншыя вытрымкі з палажэння Аргкамітэта...
Joomla! Ukraine

НАВЕЙШЫЯ ПУБЛІКАЦЫІ :

Хатынь спаліў… былы савецкі афіцэр
Погляд | Гістарычны матыў


21 сакавіка 1943 году на шашы Лагойск-Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону. Адным з забітых быў капітан Ганс Вёльке чэмпіён Берлінскай Алімпіяды 1936 году, якому сімпатызаваў Гітлер.У адказ на наступны...
Выстава фоторабот «На мяжы тысячячагоддзя»
Брама сайта | Галоўнае


4-27.09.2018 г. у фотогалерэі кінатэатра "Цэнтральны" (горад Мінск) адбудзецца выстава фотаработ. Уваход вольны.    ...
ОБ ИСТОКАХ И ВРЕМЕНИ ФОРМИРОВАНИЯ БЕЛОРУССКОГО ЭТНОСА
Погляд | Даследаванні


Анатоль Астапенка В статье подвергается критике концепция «древнерусской народности». Наиболее приемлемой, исторически оправданной мыслью об этногенезе белорусов, является концепция балтского происхождения. Предлогается новая парадигма, согласно которой белорусский этнос имеет тысячелетнюю...
З высокім Сьвятам!
Брама сайта | Галоўнае


Сяргей Панізьнік. "Сьцяг"      Сьветлым полем я нясу агнявую паласу: як маланка, нада мной зіхаціць над галавой                    Сьцяг мой вольны,                    Сьцяг мой сьмелы,                    Сьцяг мой...
Не забаўка і не нажыва
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Ужо 60-т гадоў стала і плённа працуе на ніве беларускага прыгожага пісьменства празаік і публіцыст, інтэлектуал Эрнэст Ялугін. Нарадзіўся ён у 1956 г. на станцыі Асінаўка...
Стваральнік жывых твораў
Погляд | Асоба


Яўген Гучок, паэт, публіцыст Сёлета (19.11.2016 г.) выдатнаму майстру беларускага слова, гарачаму патрыёту Беларусі, пісьменніку, сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Эрнесту Васільевічу Ялугіну спаўняецца 80 гадоў. Яго творчы, як і жыццёвы, шлях не...
"Вялікае сэрца" (прысвечана В.Якавенку)
Погляд | Асоба


Яўген Гучок    2 сакавіка 2018 года споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы свет (няма сумневу, што ў лепшы - у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч...
Васіль Якавенка пасьпеў паставіць свой асабісты подпіс пад пэтыцыяй за гавязьнянку
Погляд | Асоба


Валер Дранчук. Слова на разьвітанне Апошні час мы стасаваліся мала. Сустракаліся выпадкова і амаль не тэлефанавалі адзін аднаму. Раней інакш. Наступальна актыўны Васіль Цімафеевіч сыпаў прапановамі, даволі часта запрашаў да сумеснай...
Увечары 22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка
Погляд | Асоба


Разьвітаньне адбудзецца 24 студзеня у рытуальнай зале мінскай Бальніцы хуткай дапамогі (Кіжаватава, 58б)  з 14:00 да 15:00. Пахаваны пісьменьнік будзе на Заходніх могілках.  ...
Выйшаў з друку новы раман вядомага пісьменніка і публіцыста В. Якавенкі «Абярэг»
КНІГІ | Навінкі


Ён прысвечаны навейшай гісторыі Рэспублікі Беларусь і асвятляе надзённыя пытанні культуры і нацыянальнага жыцця. У аснову твора пакладзены гісторыі, нявыдуманыя і пераасэнсаваныя аўтарам, падзеі і з’явы апошніх гадоў. Персанажы...
2018
Брама сайта | Галоўнае


...
Васіль Якавенка. «Пакутны век». 2-е выданне.
КНІГІ | Нятленнае


Якавенка, В. Ц. Пакутны век : трылогія / Васіль Якавенка; 2-е выд., дапрац. - Мінск : Выд. ГА «БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.- 896 с. ISBN 978-985-6010-30-2. Падобнага твора ў беларускай...
Матей Радзивилл: «Беларусь – очень близкая для меня страна»
Погляд | Гістарычны матыў


Об истории и современности знаменитого польско-белорусского дворянского рода Радзивиллов «Историческая правда» беседует с князем Матеем Радзивиллом. - Пан Матей, расскажите, пожалуйста, к какой ветви Радзивиллов Вы относитесь? - Все, ныне...
Сяргей Панізьнік. Палуба Калюмба
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


  Згодна з легендай, якая ходзіць за акіянам, амерыканскі кантынент адкрыў 500 гадоў таму мораплавацель -- нехта народжаны на нашай зямлі у дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім. Наш зямляк, паэт Янка...
Васіль Якавенка: "Пакутны век". Да 10-годдзя выдання
КНІГІ | Нятленнае


Фільм, зняты Уладзімірам Каравацк ім ў 2007 годзе, аб чытацкай канферэнцыі ў Мінску па кнізе-трылогіі беларускага пісьменніка Васіля Якавенкі "Пакутны век", упершыню апублікаванай у 2006-м годзе. Мантаж відэа ў 2017...
Васіль Якавенка: Б’е набатам інерцыя чарнобыльскай безадказнасці!
ДЗЯРЖАВА І МЫ | ПостЧарнобыль


Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэння Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэння апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах. У 1991-96...
“Крывіцкія руны - ІІ”
КНІГІ | Нятленнае


Крывіцкія руны : вып. ІІ, беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад., прадм., камент. М. Казлоўскага, С. Панізьніка. - Мінск : Кнігазбор, 2017. - 452 с. ISBN 978-985-7180-05-9. У том выбраных твораў «Крывіцкія...
Глядзець вачыма будучыні
ТВОРЫ | Пісьменнік і час


Шмат гадоў назад у газеце "Голас Радзімы" (№ 50-52, 30 снежня 2004 года) была апублікавана гутарка сябра ГА "МАБ" Веранікі Панізьнік з прафесарам факультэта германістыкі і славістыкі ва ўніверсітэце канадскага горада...
БелАЭС: чаго баіцца МАГАТЭ?
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Беларуская АЭС


Астравецкая АЭС цалкам адпавядае стандартам МАГАТЭ, сцвярджае афіцыйны Менск. Са справаздачаў экспертных місіяў гэтай арганізацыі ў Беларусь, аднак, вынікае іншае. На думку агенцтва, Дзяржатамнагляд Беларусі - няздольны забяспечыць бяспеку...
Ярослав Романчук: Беларусь медленно, но верно избавляется от нефтяного проклятья
ДЗЯРЖАВА І МЫ | Экалогія


Конфликт с Россией вокруг цены на энергоресурсы избавит Беларусь от нефтяного проклятья и, если не помешает АЭС, вынудит инвестировать в зеленую экономику и в развитие возобновляемых источников энергии. Как заявил...
Joomla! Ukraine

Новыя каментары :

КОЛЬКАСЦЬ ПРАЧЫТАНЫХ СТАРОНАК 
з 1 снежня 2009 года

КОЛЬКАСЦЬ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ САЙТА 
mod_vvisit_counter Сёння 1831
mod_vvisit_counter Учора 1141
mod_vvisit_counter На гэтым тыдні 4535
mod_vvisit_counter У гэтым месяцы 40075